ЭТНІЧНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ.

 

Адным з галоўных вынiкаў аб’яднальных этнiчных працэсаў i асноўным паказчыкам ступенi кансалiдавання народа выступае этнiчная самасвядомасць – усведамленне людзьмi прына­лежнасцi да свайго народа, яго адметнасцi. Яна ўзнiкла найперш у асяроддзi прагрэсiўна настроеных слаёў гараджан, шляхты, духавенства i праяўлялася ў любовi да роднага краю, народа, культуры, у зацi­каўленасці iх мiнулым, сучасным i будучым, у клопаце аб развіцці нацыянальных форм духоўнай культуры. У XVI ст. (да 1596 г.) этнiчная свядомасць арыентавалася пераважна на свецкiя формы. Надзвычай яскрава патрыятызм выявiўся ў беларускiх летапiсах, лiтаратуры, навукова-філасофскіх творах. Думка аб нацыянальнай годнасцi, гонары за сваю радзiму, народ, культуру ўпершыню была абгрунтавана ў творах М. Гусоўскага, Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Ця­пiнскага. У прадмове да кнiгi “Юдзiф”, выдадзенай у Празе, Ф. Скарына заклiкаў, каб “... в добрых делах и в любви отчины не толико жены, но и мужи наследовали и всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея не лютовали, понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають”.

Рэфармацыя садзейнiчала абуджэнню нацыянальнай свядомасцi, цiкавасцi да нацыянальнай мовы.

Iстотныя зрухi ў сацыяльна-палiтычнай i культурна-рэлiгiйнай сiтуацыi на Беларусi на рубяжы XVI–XVII стст. спарадзiлi такую форму нацыянальнай свядомасцi, у якой дамiнуючую ролю адыгрываў рэлiгiйны кампанент. Яе носьбiтамi былi С. Зiзанiй, М. Сматрыцкi, А. Фiлiповiч i iншыя барацьбiты супраць ваяўнiчага каталiцызму i унii. У абарону нацыянальна-культурных каштоўнасцей беларускага народа (мову, абраднасць, святы) выступалі дзеячы уніі.Усё гэта паскорыла ўсведамленне беларусамi сваёй ад­метнасцi ва ўсходнеславянскiм свеце.

Знешняй формай праяўлення самасвядомасцi з’яўляецца назва народа – этнонiм.

У XIII–XVI стст. у дачыненнi да насельнiцтва Беларусi ўжы­валiся розныя этнонiмы.Да XVII ст. абагульняючай для праваслаўнага насельнiцтва Беларусi, Украiны, Масковii i часткова Лiтвы, Польшчы, Латгалii з’яўлялася назва “Русь”, “рускiя”, “русiны”. Хаця ў iх грамадскай свядомасцi захоўвалася ўяўленне аб асаблiвай блiзкасцi ўсходнеславянскiх народаў, якое замацоўвала праваслаўная царква, насельнiцтва Русi Лiтоўскай i Русi Маскоўскай лiчыла менавiта сябе “сапраўднай” руссю, а сваiх суседзяў называлi “масквой”, “маскавiтамi”, “маскалямi” цi, адпаведна, “лiтвой”, “лiт­вiнамi”, “ліцвінамі”, “лiтоўцамi”. Беларускiя “русiны” ўжо ў XV–XVI стст. адрознiвалi сябе ад “маскавiтаў” суседняй дзяржавы, iх мову называлі “маскоўскай”, а сваю – “рускай”. Этнонiм “рускiя людзi” меў больш стабiльную распаўсюджанасць сярод жыхароў Усходняй Беларусi i Смаленшчыны.

Украiнцы, рускiя, палякi i iншыя еўрапейскiя народы называлi беларусаў “лiтвiнамi”, гэта ж паняцце было саманазвай i беларускага насельнiцтва. Славянiзаванае вызначэнне “лiцвiны” адроз­нiвалася ад саманазвы ўласна летувiсаў, якая гучала як “lietuwis”, “lietuviai”, “lietuwininkas”. У XIV–XV стст. “лiцвiнамi” называлi сябе пераважна жыхары заходнiх зямель Беларусi i ўсходу Летувы. У XVI i асаблiва ў XVII–XVIII стст. назва распаўсюджваецца на ўвесь беларускi этнас.

Ф. Скарына ў Кракаве запiсаўся “лiтвiнам”. Беларускi гуманiст XVI ст. М. Цiшкевiч – аўтар трактата “Пра норавы татараў, лiт­вiнаў i маскавiтаў” – паўсюль падпiсваўся Мiхалонам Лiтвiнам. Простыя сяляне, гараджане, шляхцiчы, захопленыя ў палон цар­скiмi войскамi ў войнах XVI–XVII стст., называлi сваю радзiму Лiтвою. А. Фiлiповiч у 1667 г. месцазнаходжанне Купяцiцкага манастыра называў у Лiтве, а гэта ж — “мiля ад Пiнска”. Форма “нацыянальнага” самавызначэння насельнiцтва Беларусi (асаблiва шляхты) умацоўваецца пасля аб’яднання княства з каралеўствам у Рэч Паспалiтую, якое разглядалася як “аб’яднанне дзвюх нацый (палякаў i лiтвiнаў) у “адзiную нацыю”. Мясцовыя магнаты i шляхта доўгi час падкрэслiвалi, што яны менавiта “лiтвiны”, чым выказ­валi даволi высокi ўзровень дзяржаўна-нацыянальнай сама­свя­до­масцi. “Мы i палякi, хоць i брацьця, але зусiм адменных звычаяў”, – пiсаў у канцы XVI ст. канцлер Л. Сапега. Назвы “лiтвiны”, “Лiтва”, на думку даследчыкаў, былi найбольш абагульняючай формай этнiчнай самасвядомасцi i самавызначэння беларускага насельнiцтва ў XVII–XVIII стст. Яны ўжывалiся на нашых тэрыторыях больш за пяцьсот гадоў, а ў другой палове XIX ст. пера­мясцiлiся на паўночны захад i сталi найменнем суседняга балцкага народа i яго зямлi.