УЗМАЦНЕННЕ ПАЛІТЫЧНАГА ЎПЛЫВУ ВІТАЎТА ВА ЎСХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ. ЗНАЧЭННЕ ЯГО ДЗЕЙНАСЦІ.

Адразу пасля Грунвальдскай перамогі 1410 г. над крыжакамі, у якую ўнесла свой уклад і татарская конніца, Вітаўт паспрабаваў, абапіраючыся на Джэлаладзіна, рэалізаваць свае планы, распрацаваныя разам з Тахтамышам яшчэ ў 1397–1399 гг. Ён зрабіў рашучую спробу ўстанавіць поўны кантроль над палітычным жыццём Залатой Арды. Выкарыстанне татараў у сваіх мэтах стала папулярным прыёмам палітыкі вялікага князя. На гэты раз спроба мела плён. У 1411–1412 гг. сын Тахтамыша Джэлаладзін двойчы, па некалькі месяцаў, сядзеў на залатаардынскім троне, праводзячы ў гэты час пралітоўскую палітыку, відаць, цалкам узгодненую з урадам Вялікага княства Літоўскага. Гібель Джэлаладзіна і замена правіцеля ў Ардзе змяніла расстаноўку сіл.

Зімой 1413–1414 гг. Вітаўт саджае ў Ардзе свайго наступнага стаўленіка – Бетсабулу. І тут "Хроніка літоўская і жамойцкая" адкрывае перад намі найцікавейшы факт – у Вільні адбываецца каранацыя Вітаўтам новага правіцеля Залатой Арды.Магчыма, гэтым першым, каранаваным у сталіцы ВКЛ, і быў Бетсабула. Усклаўшы на яго знакі ханскай годнасці, Вітаўт сказаў, што гэта "цар заваложскі новы". Залатая Арда раскалолася: адна яе частка прыняла Бетсабулу, другая – не. Стаўленіку Вітаўта прыйшлося ўступіць. Выгнаны з Сарая больш моцным праціўнікам, Бетсабула са сваімі прыхільнікамі знайшоў прытулак у ВКЛ. Як толькі Вітаўт даведаўся пра гэта, то адразу "Еремфердека … знову короновал в Вилни на царство, убравши в золотоглав, и шапку перловую взложил на него, и дал ему в руки шаблю". Даў яму таксама сваё войска, якое разам з татарскімі мурзамі ды ўланамі пайшло садзіць новага хана ў Арду. Авалодаўшы ёй, Ярэмфердэк прынёс Вітаўту прысягу "завше на потребу его зо всеми татарами служити и послал ему дары великие". Але яго ў хуткім часе скінуў Эдыгей.

У 1414 г. з дапамогай Вітаўта на некалькі месяцаў на залатаардынскім троне зацвердзіўся хан Кепек. У 1419 г. на кантакты з Вітаўтам пайшоў сам Эдыгей, але збліжэнне паміж імі працягвалася нядоўга, хутка наступіў разрыў. У 1419 (1420) г. пры падтрымцы ВКЛ яшчэ адзін выпадкова ўцалеўшы сын Тахтамыша Кадыр – берды вёў барацьбу за трон Арды. Потым былі прыхільныя да княства Даўлет-берды і Улуг-Мухамед, з якімі Вітаўт узгадняў свае дзеянні на міжнароднай арэне і якія ў цяжкія моманты свайго праўлення знаходзілі прытулак у Вільні.

У 1433 г. на прычарнаморскіх землях паміж Дняпром і Донам узнік новы татарскі ўлус. На чале яго з дапамогай магутнага тады вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы стаў Сейід-Мухамед – адзін са шматлікіх унукаў Тахтамыша, якога лёс цесна звязаў з Вялікім княствам Літоўскім: тут (у Троках) ён нарадзіўся, вырас і жыццёвы шлях свой скончыў у Коўна ў якасці вязня.

Такім чынам, у канцы ХІV – першай палове ХV стст. вялікаму літоўскаму князю Вітаўту ўдавалася аказваць значны ўплыў на палітычнае жыццё Залатой Арды. Ён прымяняў тактыку супрацьпастаўлення адных ханаў другім. Яго намаганні мелі пераменны поспех. У другім і трэцім дзесяцігоддзях ХV ст. уплыў вялікіх літоўскіхкнязёў ў Ардзенастолькі ўзмацняецца, што пастаўленне імі сваіх кандыдатаў на ханскі трон стала традыцыяй. Аднак утрымліваць іх там доўгі час не хапала сіл. Тым не менш, знаходжанне на прастоле ў Ардзе ханаў правітаўтавай арыентацыі сказвалася на ўсім ходзе міжнароднага жыцця Усходняй Еўропы на карысць княства. Тады нездарма гаварылі: "Той, хто кіруе Ардой, той гаспадарыць на Русі".

Пры Вітаўце ВКЛ дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасці, пераўтварылася ў вялікую і моцную еўрапейскую дзяржаву. У 20-я гады XV ст. Вітаўт фактычна стаў палітычным лідэрам усёй Усходняй Еўропы. Пад яго ўплывам знаходзіліся Заволжская Арда і Крым. Лічыліся з сілай Вітаўта і польскія феадалы, яны далі абяцанне не выбіраць сабе без яго згоды караля, калі ў Ягайлы не будзе прамых нашчадкаў.

Калі ў 1423 г. маскоўскі князь Васіль Дзмітрыевіч пісаў духоўную грамату (свой запавет), то яе змест узгадняўся з Вітаўтам і пацвярджаўся яго пячаткаю з пагоняй. І менавіта пад апеку Вітаўта аддаваў князь свайго малалетняга сына і жонку. Пры Васілю Масква, захоўваючы лідэрства ў паўночна-ўсходняй Русі, даволі паслядоўна прызнавала вядучую ролю Вільні ў справах "усяе Русі". Прысягу на вернасць беларуска-літоўскаму гаспадару складалі тады цвярскі, разанскі і іншыя рускія князі, называючы яго сваім "господином… и многих русских земель господарём". У 1426 г. ён робіць трыумфальнае падарожжа па ўсходняй ускраіне сваёй дзяржавы. Насустрач яму выходзілі князі з Разані, Пераяслаўля, Пронска, Варатынска, Адоева і "били ему челом", уручаючы багатыя дары. "Летапіс вялікіх князёў літоўскіх" сведчыць: "Няма земляў ні на ўсходзе, ні на захадзе, адкуль не прыходзілі б пакланіцца гэтаму слаўнаму гаспадару": "турэцкі цар вялікую пашану выказваў" яму; " у вялікай любові жыў з ім …цар царградскі"; Чэшскае каралеўства, дацкі кароль "з вялікаю пашанаю" ставіліся да Вітаўта; маскоўскі цар " у вялікай любові жыў з ім". "Служылі яму і іншыя,-працягвае летапіс,-вялікія князі нямецкія з усімі сваімі гарадамі і землямі…; гаспадар зямлі Малдаўскай і Бесарабскай…; таксама і гаспадар зямлі Балгарскай…." Усё гэта сведчыць пра высокі аўтарытэт, трывалае палітычнае становішча ВКЛ у тагачасным свеце.

Хоць Вітаўт у цэлым у сваёй унутранай і знешняй палітыцы арыентаваўся на саюз з Польшчай, аднак, адчуваючы незадаволенасць шырокіх колаў грамадства з прычыны ўсё большай падначаленасці інтарэсам Польшчы, не мог не імкнуцца да самастойнасці. А гэта перш за ўсё магло падкрэсліць атрыманне ім каралеўскага тытула і каралеўскай кароны, захады аб атрыманні якіх Вітаўт рабіў двойчы – у 1429 і 1430 гг. Польскія вярхі былі вельмі ўстрывожаны. Яны зрабілі ўсё, каб карона не дайшла да Вітаўта.

У Германіі былі заказаны дзве кароны – для Вітаўта і яго жонкі, рыхтаваўся адпаведны дзяржаўны дакумент, выпрацоўваўся спецыяльны рытуал. Аднак польскія феадалы, баючыся, што з наданнем літвінскай дзяржаве статусу каралеўства яна стане цалкам суверэннай, палітычна незалежнай ад Польшчы, сарвалі гэтую гістарычную акцыю. "Князь вялікі Вітаўт хацеў ускласці на сябе карону, – расказвае "Летапіс вялікіх князёў літоўскіх", – але яго непрыяцелі ляхі не прапусцілі яе … І расхварэўся вялікі князь Вітаўт". 27 кастрычніка 1430 г. ён памёр.