КУКЕНОЙСКІ КНЯЗЬ ВЯЧКА, ГЕРЦЫКСКІ КНЯЗЬ УСЕВАЛАД, ПОЛАЦКІ КНЯЗЬ УЛАДЗІМІР — АРГАНІЗАТАРЫ ЗМАГАННЯ СУПРАЦЬ КРЫЖАКОЎ.

Першая адкрытая сутычка Полацка з крыжакамі адбылася ў 1203 г., калі Уладзімір узяў у аблогу замак Ікскуль непадалёк ад Рыгі, а потым крэпасць Гольм. Месца паходу было выбрана невыпадкова, бо менавіта замак Ікскуль разам з першай лацінскай царквою быў закладзены з дазволу Уладзіміра тым самым Мейнардам. У гэтым жа годзе дружына князя Герцыкі Усевалада разам з атрадамі літвы напала на Рыгу. Крыжацкія замкі захапіць не ўдалося. Беззваротна мінуў той час, калі перавага ў вайсковых сілах была на баку палачан. Усевалад з Літвой выпаліў рыжскія прыгарады, але горадам не авалодаў. Першая баявая сустрэча Уладзіміра з крыжакамі закончылася паражэннем для палачан, якія недаацанілі крыжацкай сілы і іх навейшай еўрапейскай зброі. Ікескола грашыма адкупілася ад палачан, Гольм абараняўся зброяй. Балісты – прыстасаванні, што кідалі з замкавых сцен вялізныя камяні, паранілі шмат полацкіх вояў. Уладзімір не рашыўся пад іхнім абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну, каб штурмаваць замак. Першы паход палачан на крыжакоў няўдала закончыўся.

Падзеі 1203 г. азначалі пачатак адкрытай вайны паміж Полацкам і Рыгай. Полацкая зямля першай з усіх усходнеславянскіх земляў уступіла ў барацьбу з крыжацкай агрэсіяй, якая найперш пагражала яе інтарэсам. Полацкія князі не адолелі ворага, загінулі ў няроўнай барацьбе, але зачын на будучую слаўную перамогу яны зрабілі. Грунвальд пачынаўся ў 1203 г. пад Рыгай, дзе дружыны беларускіх і балцкіх князёў упершыню ўступілі ў сечу з крыжакамі.

Абараняючы свае інтарэсы ў Прыбалтыцы, Полацк бараніў і інтарэсы балцкіх і фіна-угорскіх плямёнаў, якія супраціўляліся заваёўнікам і бачылі ў Полацку сваю надзейную апору.

1205 г. яшчэ больш ускладніў абстаноўку – Альберт прывёз з Заходняй Еўропы ў Рыгу новае папаўненне місіянераў. Прасоўваючыся ўверх па Заходняй Дзвіне, немцы разбуралі і палілі ліўскія паселішчы. У Полацк прыбылі паслы ад ліваў. Яны схілялі Уладзіміра да выгнання мечаносцаў. Адгукнуўшыся на іх просьбу аб дапамозе, ён, як сведчыць "Хроніка Лівоніі", "сабраў войска з усяго свайго каралеўства", а таксама ад суседніх каралёў, сваіх сяброў, і ў 1206 г. паўтарыў паход на Рыгу. З вялікай храбрасцю спусціўся ён на караблях уніз па Дзвіне. Гэты запіс "Хронікі" сведчыць аб адзінстве полацкіх князёў і рашуча адкідвае сцвярджэнне старой і новай гістарыяграфіі аб тым, што Полацкая зямля нібы пагразла ў міжусобіцах і канчаткова аслабела. Крыжацкая пагроза садзейнічала далейшаму працэсу яднання беларускіх земляў.

Нямецкія балісты спынілі полацкую дружыну пры высадцы з караблёў ля Ікесколы. Уладзімір не стаў штурмаваць замак, а нечакана падышоў да Гольма, які з’яўляўся ключом да Рыгі, і акружыў яго з усіх бакоў. Аблога працягвалася 11 дзён. Крыжакі адбіваліся з дапамогай балістаў. Вопытныя ў стральбе з лука палачане паранілі і забілі нямала абаронцаў Гольма. Яны таксама прыладзілі невялікую кідальную машыну, на ўзор крыжацкай, але, не валодаючы майстэрствам кідаць каменне, ранілі многіх у сябе, трапляючы ў тыл. "Калі б працягнуліся дні вайны, дык наўрад ці рыжане і жыхары Гольма пры сваёй малой колькасці змаглі абараніцца", – прызнаецца Генрых Латвійскі. Выратавала крыжакоў падмога, што прыбыла з Германіі, і кароль Даніі Вальдэмар, які прывёў сюды вялікае войска. Палачане знялі асаду. Пасля іх адыходу лівы вымушаны былі прасіць міру ў крыжакоў і згадзіцца на хрышчэнне.

Выяўляючы адзінства і рашучасць у барацьбе з нямецкімі рыцарамі, Полацк адначасова паказаў і свой слабы бок, што і дала сумныя вынікі ў змаганні з агрэсіяй.Праявілася яўная адсталасць баявой тэхнікі палачан у параўнанні з крыжакамі, у распараджэнні якіх было найноўшае для таго часу еўрапейскае ўзбраенне. Давала сябе знаць міжплемянная варожасць, якую выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах і нават штучна распальвалі крыжакі.

Далейшы ход падзей у Прыбалтыцы, дзе крыжакі назапашвалі свае сілы, становіцца ўсё больш неспрыяльным для Полацка. Да 1207 г. "уся Лівонія была ахрышчана", што азначала і яе палітычнае падначаленне Ордэну. На чарзе былі Кукенойс, Герцыке, Полацк.

Яшчэ ў 1205 г. атрад лацінскіх пілігрымаў пасяліўся ўсяго ў трох мілях ад Кукенойса. На адкрытую канфрантацыю з Рыгаю кукенойскі князь Вячка адважыўся не адразу, бо вайсковыя сілы былі яўна няроўнымі. У 1205 і 1207 гг. Вячка заключае з ордэнскім біскупам мірныя пагадненні, нетрываласць і часовасць якіх была зразумела абодвум. Згодна з гэтымі пагадненнямі, ён губляў частку падначаленай яму тэрыторыі і ўласную незалежнасць. Аднак мірыцца са станам біскупскага васала Вячка не жадаў. Адно яго імя наводзіла на рыцараў жах. Яго лічылі "галавой і мозгам" барацьбітоў з крыжакамі, "коранем усялякага зла ў Лівоніі".

Знешне мірныя адносіны паміж Ордэнам і Кукенойсам працягваліся зусім нядоўга. Адбываліся пастаянныя збройныя сутычкі паміж асобнымі атрадамі. Яны прывялі да таго, што ў Кукенойсе пасяліліся нямецкія рыцары. Сам Вячка аднойчы трапіў да іх у палон, але быў адпушчаны на загад біскупа. Вячка з’яўляўся нібы гаспадаром у сваім горадзе, а разам з тым і быццам ганаровым вязнем. Кожны яго крок быў пад увагай крыжакоў. У 1208 г., калі Альберт збіраўся адплыць з Рыгі разам з пілігрымамі, якія адслужылі свой гадавы тэрмін у Прыбалтыцы і мелі намер вярнуцца дамоў, кукенойская дружына расправілася з варожым гарнізонам у замку. Вячка паслаў полацкаму князю Уладзіміру свае лепшыя трафеі і папрасіў яго дапамогі, раючы скарыстаць ад’езд Альберта для паходу на немцаў. Але крыжацкія дзеянні апярэдзілі гэтую дапамогу.

Даведаўшыся, што ў Кукенойсе перабіты яго людзі, біскуп вяртае пілігрымаў у Рыгу, збірае рассеяных па ўсёй Лівоніі крыжакоў, ліўскіх старэйшын, каб адпомсціць непакорнаму васалу. Не атрымаўшы своечасовай дапамогі ад полацкага князя і не маючы магчымасці далей весці барацьбу з крыжакамі, Вячка адважыўся на рашучы крок – спаліў замак і з дружынай у 200 чалавек пайшоў ва ўсходнеславянскія землі непрымірымым ворагам "хрыстовых " рыцараў. Спачатку ён апыніўся ў Наўгародскай зямлі, а потым – у Юр’еве (сучасны Тарту), дзе ў 1224 г. загінуў у час аблогі горада тэўтонамі.

Так, у 1208 г.трагічна закончылася гісторыя Кукенойса як самай заходняй падзвінскай крэпасці Полацка. Гэта была выключна цяжкая страта для яго. На месцы спаленага горада – апоры Полацка ў барацьбе з Ордэнам – у 1209 г. на загад Альберта быў пабудаваны моцны замак, які стаў плацдармам крыжацкага "Drang nach Osten".

Авалодаўшы Кукенойсам, Ордэн накіраваў наступны ўдар на Герцыке. "Герцыкскі кароль заўжды быў ворагам рыжан, змагаючыся з імі і не жадаючы заключаць мір", – сведчыць Генрых Латвійскі.

Восенню 1209 г. на чале магутнага войска Альберт нападае на Герцыке, які быў разрабаваны і спалены. Нямецкі храніст паведаміў пра гэта: "У той дзень усё войска заставалася ў горадзе, збірала па ўсіх яго кутках вялікую здабычу, захапіла адзенне, срэбра і пурпур, шмат саціны, а з цэркваў – званы, абразы, іншае ўбранне, грошы і шмат дабра. …У наступны дзень, расцягнуўшы ўсё, падрыхтаваліся да вяртання, а горад падпалілі". Паспешліва пакідалі ахоплены пажарам горад крыжакі, "благаслаўляючы бога за тое, што так нечакана даў ім перамогу". Яны вялі з сабой закутых у кайданы нявольнікаў, гналі жывёлу, везлі на вазах багатую здабычу. Сярод палонных ішла ў няволю і герцыкская княгіня. А сам валадар Герцыке – Усевалад – ледзь выратаваўся ад палону. Яму было прапанавана прыйсці ў Рыгу, калі ён жадае заключыць мір і вярнуць палонных.

Усевалад быў вымушаны пайсці на паклон да Альберта. Непрыемнай была для яго сустрэча з біскупам. Прыйшлося прыніжацца перад святаром, казаць, што крыжакі "агнём і мячом… вельмі жорстка пакаралі яго", і прасіць "забыць мінулае зло". Князь прыняў усе ўмовы, прадыктаваныя яму біскупам: абяцаў пазбягаць зносін з язычнікамі, адкрываць біскупу ўсе злыя задумы русаў і літвы і стаць саюзнікам рыжан, "заўсёды быць верным царкве св. Марыі". Перадаўшы сваё княства гэтай царкве, ён атрымаў яго зноў з рук біскупа, але ўжо на правах васала Ордэна. Гэта мірнае пагадненне фактычна цалкам падначальвала князя-палачаніна і яго невялікае княства крыжакам.

Тым не менш Усевалад не збіраўся служыць Ордэну, хоць знешне і скарыўся. Ужо праз год літва нападае на Рыгу. У 1211 г. яна двойчы ваюе ордэнскія землі. Натхняў гэтыя паходы Усевалад, які помсціў за разрабаванне Герцыке. Не прымірыўся ён і са стратай Кукенойса і таму імкнуўся выгнаць адтуль крыжакоў з дапамогай літвы. Усё гэта сведчыць пра тое, што Усевалад разумеў агульныя полацкія інтарэсы і быў здольны змагацца за іх.

Авалодаўшы Кукенойсам і Герцыке, крыжакі сталі пагражаць Полацку, які тым не менш у пачатку XIII ст. заставаўся галоўнай сілай у барацьбе з Ордэнам. Гэта ўсведамлялі ў роўнай меры і балцкія ды фіна-угорскія народы, і самі крыжакі. Добра разумеючы вырашальнае значэнне пазіцыі Полацка ў поспехах сваёй дзейнасці па хрысціянізацыі і каланізацыі Усходняй Прыбалтыкі, Ордэн у1210 г. прапаноўвае яму заключыць мірную згоду. Паводле "вечнага міру" паміж Полацкам і Рыгай, Уладзімір санкцыяніраваў зробленыя крыжакамі тэрытарыяльныя набыткі ў яго літоўска-латгальскіх землях. Цэнтральным у справе заключэння міру было пытанне аб даніне з ліваў. Вядома, калі ўжо лівы фактычна былі пад ордэнскай уладай, Альберт мог наогул адмовіць Полацку ў даніне з іх. Але, улічваючы ўсеагульную нянавісць пакораных плямёнаў да каланізатараў , ён вымушаны быў пайсці на кампраміс і згадзіўся на штогадовую выплату даніны Полацку або непасрэдна самімі лівамі, або праз біскупа. Бясспрэчна, другое было больш выгадна для Ордэна, бо не дапускала непасрэднага кантакту Полацка з лівамі, давала магчымасць біскупу спаганяць з ліваў большую даніну, прысвойваючы частку, і нацкоўваць іх тым самым на Полацк. Часткова і часова гэтая ўмова задавальняла полацкага князя – даніна з ліваў, відаць, была важнай крыніцай папаўнення полацкай казны.

Вайсковая агрэсія Ордэна на Полацк суправаджалася гандлёва-эканамічнай экспансіяй. Альберт прапанаваў адчыніць рыжскім купцам доступ у полацкія ўладанні. Гандаль з Рыгай быў выгадным для Полацка. Гандлёвыя дамовы з Рыгай не раз пазней узнаўляліся і па ініцыятыве полацкіх купцоў. Дзвіна для Полацка была традыцыйным спрадвечным жыццёвым шляхам, адмова ад яго азначала бы эканамічную ізаляцыю. Полацкія купцы па дагавору мелі права гандлёвай дзейнасці ў Рызе, свабоднага праезду па Заходняй Дзвіне, вусце якой цяпер кантралявалі мечаносцы.

Дагавор 1210 г. быў узаемным кампрамісам. Полацку, які толькі знешне прымірыўся з Ордэнам, ён даў магчымасць больш умацавацца, каб пасля з новымі сіламі супрацьстаяць нямецкай агрэсіі. Часовы мір з Полацкам дазволіў Рызе перанесці агрэсію з Падзвіння ў зямлю эстаў, на якую і пачалося з гэтага часу ўзмоцненае крыжацкае наступленне. У сваёй палітыцы Ордэн шырока выкарыстоўваў раз’яднанасць князёў Усходняй Еўропы. Падпісваючы мір, полацкі князь не цікавіўся, якія вынікі ён можа мець для іншых земляў. А між тым крыжакам было важна атрымаць перадышку на Дзвіне з тым, каб умацаваць свае пазіцыі ў землях эстаў.

Умацаваўшы свае пазіцыі на тэрыторыі Латвіі і Эстоніі, Ордэн дамогся заключэння ў 1212 г. новага пагаднення з Полацкам. Занепакоены поспехамі крыжакоў, Уладзімір сам ініцыіраваў сустрэчу з Альбертам у Герцыке. Востра стаялі пытанні аб лівах – былых падданых полацкага князя – аб бяспецы плавання купцоў па Дзвіне і аб узнаўленні міру.

У час перамоваў князь прапанаваў рыжскаму біскупу адмовіцца ад хрышчэння ліваў, пагражаючы "спаліць усе замкі Лівоніі, а разам і саму Рыгу". Аднак Уладзімір вымушаны быў адмовіцца ад ніжняга Падзвіння і ад ліўскай даніны на карысць Ордэна. Адыграла сваю ролю хітрая палітыка Ордэна ў падбухторванні ліваў супраць Полацка. Паводле дагавора, полацкія купцы атрымалі магчымасць правозіць тавары па Дзвіне да мора. Змірыцца са стратай Лівоніі Уладзімір не збіраўся. Ён пачаў дзейнічаць супраць мечаносцаў праз Усевалада.

Першым з усходнеславянскіх князёў Усевалад Герцыкскі зразумеў, што змагацца з крыжакамі паасобку нельга: толькі сумеснымі сіламі ўсходніх славян і літвы можна разбіць Ордэн. Не без ведама Усевалада ў 1213 г. яго цесць Даўгерут – адзін з прадстаўнікоў літвы – з багатымі дарамі едзе ў Ноўгарад і заключае там саюз супраць Ордэна. На зваротным шляху Даўгерут быў схоплены крыжакамі і пакончыў з сабой, працяўшы сябе мячом.

Ордэн уведаў, што герцыкскі князь "увесь час дапамагае літве і парадаю і справаю". У 1214 г. крыжакі зноў напалі на Герцыке, захапілі замак і жорстка адпомсцілі Усеваладу за непакорнасць. Усевалад пасля гэтых падзей надоўга знікае са старонак "Хронікі". Паводле адных звестак, ён загінуў у тым баі. Другія лічаць, что Усевалад пайшоў на Русь. Пад 1225 г. Генрых Латвійскі называе яго сярод тых, хто прыехаў у Рыгу на сустрэчу з папскім легатам, хоць да гэтага амаль за 10 гадоў ён ні разу не нагадаў імя герцыкскага князя.

З 1214 г. Герцыке як фарпост Полацка ў ніжнім Падзвінні страчвае сваё значэнне. Гэта быў яшчэ адзін крок полацкага адступлення з Прыбалтыкі.

І усё ж, нягледзячы на гэта, Полацк па-ранейшаму заставаўся ў вачах балцкіх і фіна-угорскіх плямёнаў Прыбалтыкі іх надзейным абаронцам. У 1216 г. эсты, якія вялі ў гэты час упартую барацьбу з крыжакамі, звярнуліся да Уладзіміра з прапановай сабраць вялікае войска і аб’яднанымі сіламі выступіць супраць лацінян. Нетрываласць міру з крыжакамі абумовіла яго згоду. Заключаецца саюз з эстамі, літвой і лівамі, рыхтуецца сумесны паход на Рыгу. Уладзімір разаслаў ганцоў у "Русію" і "Летонію" збіраць войска. Але ў той момант, калі ўсё было гатова да паходу, князь раптоўна загінуў. У дзень выступлення ён збіраўся ўзыйсці на карабель, каб плыць разам з войскам, але раптам паваліўся беспрытомна і памёр адразу. Лічаць, што ён быў атручаны крыжакамі. Паход, які меў рэальную магчымасць змяніць расстаноўку сіл на сумежных з Полацкім княствам землях, сарваўся.

Такім чынам, барацьба з крыжакамі, якая разгарнулася на пачатку ХІІІ ст., аказалася не на карысць Полацка. Сказалася недаацэнка Полацкам, як і іншымі суседнімі славянскімі землямі, выключнай небяспекі крыжацкай агрэсіі, што дала магчымасць апошнім з самага пачатку заняць моцныя плацдармы для далейшага прасоўвання на ўсход. Ордэн умела выкарыстоўваў міжплемянныя супярэчнасці і, распальваючы іх, яшчэ больш схіляў на свой бок частку мясцовых сіл. Усё гэта не дазволіла Полацку арганізаваць адзіны фронт барацьбы з крыжакамі і вымушала яго да адступлення. Да таго ж не было і саюза ў барацьбе з Ордэнам суседніх усходнеславянскіх земляў. Фактычна Полацк адзін доўгі час супрацьстаяў Ордэну. Толькі па меры прасоўвання крыжакоў у эсцкія землі ўцягваюцца ў барацьбу Пскоў і Ноўгарад, паколькі тут непасрэдна закраналіся іх інтарэсы. "Хроніка Лівоніі" адзначыла, што пасля смерці вялікага караля Вальдэмара Полацкага з’явіўся новы праціўнік лівонскай царквы – Вальдэмар Пскоўскі. Вядома ж, Полацк, гісторыя якога ўвесь час праходзіла ў барацьбе за права на існаванне, не ўпершыню меў выключна небяспечных праціўнікаў. Але крыжакі былі ворагамі з вытанчанай хітрасцю, гнуткай палітыкай, з метадычнай паслядоўнасцю ў яе правядзенні. Палітыка ж Полацка, хоць і была бескампраміснай, але выглядала не зусім прадуманай. Не надта зразумелая роля полацкага князя ў падзеях 1207–1214 гг., калі ён не падтрымаў кукенойскага і герцыкскага князёў, сваіх васалаў. І, нарэшце, полацкаму войску з яго састарэлай зброяй цяжка было супрацьстаяць рыцарам, якія мелі найноўшае еўрапейскае ўзбраенне.

У 20-я гады XIII ст. крыжацкая пагроза навісла непасрэдна над землямі эстаў, за якімі былі Пскоў і Ноўгарад. На наступны год пасля бітвы на Калцы, скарыстаўшы выгадную палітычную сітуацыю, біскуп Альберт нападае на горад Юр’еў. У Юр’еве тым часам правіў ужо знаёмы нам князь Вячка з Кукенойса. Ён атрымаў гэты горад ва ўладанне ад Ноўгарада. Пасля доўгай аблогі, з выкарыстаннем падкопаў, драўляных асадных вежаў і падпалаў, Юр’еў быў узяты. Вячка, які больш дваццаці гадоў самаахвярна змагаўся з ворагам, а разам з ім эсцкі князь Мяэлс загінулі пры абароне горада. У сучасным Тарту – былым Юр’еве – пастаўлены прыгожы сімвалічны помнік у гонар гэтых князёў.

У 1223 г. Смаленск і Полацк, якія, будучы суседзямі, ўзгаднялі свае палітычныя справы, падпісалі мірны дагавор з Рыгай. А ў 1229 г. Смаленск, Полацк і Віцебск заключылі гандлёвы дагавор з Рыгай і Готландам. Тэкст дагавора 1229 г. "Смаленскай гандлёвай праўды" поўнасцю дайшоў да нас. Рускія вучоныя XIX ст. Пыпін і Сабалеўскі лічылі, што ў гэтым дакуменце ўжо выразна чуюцца гукавыя асаблівасці беларускай мовы. Гандлёвыя дагаворы Полацка з Рыгаю неаднаразова паўтараліся (пацвярджаліся) у XIII, XIV і пачатку XV ст.