Літаратура

1. Библиотечное дело в БССР : документы и материалы. 1941-1958 / ГБЛ БССР и др. ; редкол. : К.С.Санько и др. – Мн. : Выш. шк., 1984. – 287 с.

2. Бібліятэчная справа на Беларусі : дакументы і матэрыялы. 1959-1975 / НББ ; рэдкал. : Л.Г.Кірухіна (адказ. рэд.) і інш. – Мн., 2000. – 533 с.

3. Бібліятэчная справа на Беларусі : дакументы і матэрыялы. 1976-1990 / НББ ; рэдкал. : Л.Г.Кірухіна (адказ. рэд.) і інш. – Мн., 2004. – 595 с.

4. Галузо А.Ф. Из истории восстановления Государственной библиотеки БССР им. В.И.Ленина (1944-1950 гг.) / А.Ф.Галузо ; Минск. гос. пед. ин-т // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. – Мн., 1975. – С. 85-96.

5. Герасімаў В.М. Да гісторыі стварэння Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і фарміравання яе кнігазбораў (1933-1945 гг.) // Здабыткі : дакум. помнікі на Беларусі. – Мн., 2005. – вып.7. – С. 79-90.

6. Любина Р.Г. Фундаментальная библиотека Белорусского государственного университета им. В.И. Ленина / Р.Г. Любина // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1969. – С. 37-50.

7. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 1922 – 1992: да 70-годдзя з дня заснавання і 100-годдзя з дня нараджэння першага дыр. І.Б.Сіманоўскага: Бібліягр. паказ. Навук.-бібліягр. аддз. ; склад. З.А.Сядая., рэд.Р.М.Чыгірова, А.В.Мураўёва. – Мн., 1992. – 232 с.

8. Ошерович С.О. К истории библиотечного дела в городе Минске / С.О. Ошерович // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1969. – С.23-36.

9. Ошерович С.О. Пройденный путь / С.О.Ошерович // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1968. – С. 71-93.

10. Покало М.И. История библиотечного дела в БССР / М.И. Покало. – Мн. : Выш. шк., 1986. – 200 с.

11. Раевская Т.В. Библиотека им.Л.Н.Толстого – одна из старейших библиотек города Минска / Т.В. Раевская // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1969. – С. 51-55.

12. Санкова И.А. Некоторые вопросы деятельности библиотек Белоруссии на современном этапе / И.А. Санкова // Библиотечное дело в БССР (Из истории библиотек республики) / ГБЛ БССР. – Мн., 1968. – С. 4-18.

 

Лекцыя 15. Сучасны стан развіцця бібліятэчнай справы ў Беларусі (пасля 1991 г.)

Адчувальныя дэмакратычныя пераўтварэнні ў бібліятэчнай сферы пачаліся з вызначэннем Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы. Важкім крокам на шляху дэмакратызацыі бібліятэчнай справы краіны і сталіцы стала перайменаванне Дзяржаўнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь імя У.І. Леніна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1992 г.), што адкрывала новыя магчымасці для ажыццяўлення асноўных фукцый бібліятэкі – “памяці нацыі” і “памяці свету”, і тым самым рэальнай інтэграцыі ў сусветныя бібліятэчныя працэсы, як міжнародныя праграмы па захаванню фондаў нацыянальных дакументаў (“Памяць свету”, якая ажыццяўляецца пад эгідай ЮНЕСКА).

У 1992 г. па ініцыятыве доктара педагагічных навук, прафесара БДУКМ Васіля Емельянавіча Лявончыкава была створана Беларуская бібліятэчная асацыяцыя (ББА) – першая і адзіная грамадская арганізацыя ў Белараусі, аб’яднаўшая спецыялістаў ў галіне бібліятэчнай справы. 16 чэрвеня – дзень стварэння ББА, які да афіцыйнага зацвярджэння лічыўся Днём бібліятэк Беларусі, а з прыняццем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2001 г № 483 свята “Дзень бібліятэк” было зацверджана на дзяржаўным узроўні (адзначаецца 15 верасня). Пасаду прэзідэнта ББА займалі В. Е. Лявончыкаў (1992–1994 г.), Г.М.Алейнік (1994–1997), У.М.Сарока (1997–2001), П.М.Лапо (2001–2005, з 2003 г. – старшыня рады ББА), Н.С. Чуева (з 2005 г.). 17 мая 1995 г. выйшаў эксперыментальны нумар першага грамадскага прафесійнага выдання бібліятэкараў Беларусі – “Веснік ББА” (выдаваўся ў друкаваным і электронным фармаце да 2001 г.). У красавіку 1996 г. бібліятэчная грамадскасць атрымала і прафесійны часопіс “Бібліятэчны свет” (гал. рэд. з 2006 г. – В.Е.Лявончыкаў), адным з заснавальнікаў якога выступіла ББА.

У 1997 г. НББ і ББА уступілі ў Міжнародную федэрацыю бібліятэчных асацыяцый (ІФЛА), было наладжана супрацоўніцтва з Дэпартаментам дакументацыі, бібліятэк і архіваў ЮНЕСКА.

Наступнай адметнай з’явай стала прыняцце ў 1995 г. Закона “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь” (новая рэдакцыя – у 2002 г.), дзякуючы якому быў пакладзены пачатак фарміраванню заканадаўчых асноваў па-сапраўднаму свабоднага доступу грамадзян да інфармацыі. Ён даў сілу такім нарматыўным дакументам, як “Палажэнне аб краязнаўчай рабоце бібліятэк Рэспублікі Беларусь”, “Палажэнне аб арганізацыі сукупнай сеткі бібліятэк Рэспублікі Беларусь”, “Часовае палажэнне аб адзінай сістэме міжбібліятэчнага абанемента ў Рэспубліцы Беларусь”, “Прыкладнае палажэнню аб дзяржаўнай бібліятэцы-клубе”, “Палажэнне аб цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме”, “Тыпавыя штаты цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”. У пачатку 1990-х гадоў пачаўся працэс пераўтварэння масавай бібліятэкі ў публічную бібліятэку.

У мэтах распрацоўкі праектаў заканадаўчых актаў і рашэнняў ураду па бібліятэчнай справе, праграм развіцця бібліятэк рэспублікі, а таксама для ўзаемадзеяння і каардынацыі дзейнасці бібліятэк розных сістэм і галін у 1999 г. быў створаны Рэспубліканскі бібліятэчны савет пры Міністэрстве культуры – цэнтральны орган кіравання ў галіне бібліятэчнай справы ў Беларусі, які павінен быў рэалізоўваць адзіную дзяржаўную культурную палітыку; разам з адпаведнымі міністэрствамі, арганізацыямі і Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй распрацоўваць нарматыўныя дакументы і ажыццяўляць кантроль за іх выкананнем; узначальваць распрацоўку рэспубліканскіх комплексных мэтавых праграм; вызначаць дзяржаўныя патрабаванні да ўзроўню бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Дзяржаўнае кіраванне бібліятэкамі ажыццяўляюць таксама міністэрствы і арганізацыі, якія валодаюць уласнымі сеткамі бібліятэк: адэдэмічныя, навукова-тэхнічныя, медыцынскія, бібліятэкі аграпрамысловага комплексу, бібліятэкі ВНУ, бібліятэкі школ і сярэдніх спецыяльных устаноў; прафсаюзныя бібліятэкі; бібліятэкі воінскіх частак.

Кардынальныя перамены ў выдавецкай структуры рэспублікі – узнікненне значнай колькасці недзяржаўных выдавецкіх прадпрыемстваў – выявілі недасканаласць у сістэме рассылкі абавязковых экземпляраў для бібліятэк Беларусі (у адпаведнасці з Пастановай Кабінета Міністраў РБ ад 24.06.1996 г. “Аб парадку рассылкі абавязковых бясплатных і платных экземпляраў друкаваных выданняў”), калі з-за ігнаравання абавязковай рассылкі пэўнымі выдаўцамі ў фондах бібліятэк пачалі стварацца лакуны. У сувязі з гэтым бібліятэчная супольнасць (прадстаўнікі Нацыянальнай кніжнай палаты, НББ, вядучых галіновых бібліятэк краіны) выступілі з ініцыятывай распрацоўкі і прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абавязковым экземпляры”. Аднак працэс абмеркавання зацягнуўся на доўгі час (не вырашана пытанне і да сёняшняга дня). У некаторай ступені выхаду з такой сітуацыі паспрыяла аднаўленне ў другой палове 1997 г. сістэмы платнага рэспубліканскага экземпляра. Важным кірункам стаў міжнародны кнігаабмен і дары (асабліва выданняў беларускай дыяспары).

Камерцыялізацыя значнай часткі выдавецкай прадукцыі Беларусі, рэзкае памяншэнне колькасці выпуску навуковай літаратуры, скарачэнне тыражоў, выданне кніг на сродкі аўтараў, перадрукоўка аднайменных назваў кніг замежных аўтараў рознымі выдавецтвамі і г.д. абвастрыла праблему якасці папаўнення бібліятэчных кнігазбораў. Таму бібліятэкі павінны былі перабудоўваць сваю працу і прымяняць прынцыпы новага арганізацыйна-тэхналагічнага рэжыму камплектавання, займацца сістэматычным маркетынгавым вывучэннем кніжнага рынку, працаваць напрамую з выдавецкімі установамі.

Аднак у фарміраванні сукупнага інфармацыйнага рэсурсу бібліятэк краіны памяншэння колькасных паказчыкаў па аб’ёму кніжных фондаў пазбегнуць не ўдалося. З 1996 г. штогод адпаведна спісу выданняў, плануемых для папаўнення фондаў публічных бібліятэк за кошт дзяржавы мэтавым прызначэннем, выдавалася пэўная колькасць кніг, якія бібліятэкі атрымлівалі бясплатна (усяго пастаўлена 349 назваў кніг агульным тыражом 831 тыс. экз.). У верасні 2005 г. на дзяржаўным узроўні прынята рашэнне аб паляпшэнні камплектавання бібліятэк сацыяльна значымымі выданнямі, якія выпускаюцца ў рамках дзяржзаказу за кошт сродкаў бібліятэк.

Прыярытэтным напрамкам мадэрнізацыі бібліятэк акрамя камплектавання стала і камп’ютэрызацыя. Актывізацыя працы ў галіне аўтаматызацыі бібліятэчнай справы была скіравана на стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы шляхам аб’яднання бібліятэк у адзіную сетку. Так, у рамках рэалізацыі “Праграмы інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на 1991– 1995 гады і на перыяд да 2000 года” была створана міжбібліятэчная група па распрацоўцы машыначытаемых бібліяграфічных запісаў зводнага каталога бібліятэк Беларусі, а паміж Акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пачалося цеснае супрацоўніцтва на аснове дагавора аб выкананні работ па тэме “Распрацоўка зводнага электроннага каталога на базе НББ і ЦНБ з сеткавым інтэрфейсам аддаленага доступу”. З’явілася дакументы, рэгламентуючыя работу з электроннымі рэсурсамі ў Рэспублцы Беларусь: Закон Рэспублікі Беларусь “Аб электронным дакуменце” (1999), “Прыкладная інструкцыя па рабоце з машыначытаемымі дакументамі ў арганізацыях, на прадпрыемствах і ведамствах архівах Рэспублікі Беларусь” (1996), “Правілы ўліку і перадачы электронных (машыначытаемых) дакументаў на дзяржаўнае захоўване” (1997).

Ініцыятыўнай групай ББА напрыканцы 1990-х гадоў была распрацавана “Канцэпцыя інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк Беларусі”. Падтрыманая Фондам інфарматызацыі рэспублікі, “Канцэпцыя” садзейнічала стварэнню асновы інтэграцыі інфармацыйна-бібліятэчнай прасторы Беларусі, і лягла ў падмурак тых дакументаў і працэсаў, рэалізацыя якіх дазволіць стаць бібліятэчнай сетцы рэспублікі актыўным, паўнавартасным удзельнікам у вырашэнні задач інфарматызацыі грамадства Беларусі і забяспечыць іх паспяховае выкананне. Працэс інфарматызацыі бібліятэк краіны вылучаны як прыярытэтны і ажыццяўляецца ў рамках Галіновай праграмы па інфарматызацыі аб’ектаў культуры і Галіновай праграмы захавання і развіцця культуры ў Рэспубліцы Беларусь на 2006–2010 гг. Мэта Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на 2003–2005 гг. і на перспектыву да 2010 г. “Электронная Беларусь”, якая мае міжгаліновы характар, – фарміраванне ў рэспубліцы адзінай інфармацыйнай прасторы. У адпаведнасці з “Праграмай інфарматызацыі галіны культуры на 2005 і на перыяд да 2010 г.” прадугледжваецца паэтапнае завяршэнне аўтаматызацыі цэнтральных бібліятэк.

Сучасная бібліятэчная сістэма Беларусі, якая ўключае звыш 9,5 тыс. публічных і спецыяльных бібліятэк, валодае сукупным аб’ёмам фонду звыш 250 млн. экз. Нягледзячы на значнае скарачэнне колькасці публічных бібліятэк, падведамасных Міністэрству культуры, якое склала за апошнія 15 гадоў (з 1990 г. па 2006 г.) 2024 бібліятэкі, дадзеная бібліятэчная сетка застаецца найбольш шматлікай у Беларусі (4215). У гарадах адзначаны працэс быў звязаны ў першую чаргу з аб’яднаннем публічных гарадскіх і раённых бібліятэк, а таксама – аб’яднання ведамасных бібліятэк. У Мінску – гэта дзве буйнейшыя бібліятэкі рэспубліканскага значэння – Рэспубліканская навукова-метадычная бібліятэка па фізічнай культуры і спорту (рэарганізавана ў 2003 г.) і Рэспубліканская навукова-педагагічная бібліятэка (рэарганізавана ў 2002 г.). Мянялі сваё ведамаснае падпарадкаванне Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка, Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка, аднак ім удалося захаваць вядучую ролю ў інфармацыйна-бібліятэчным забеспячэнні сваіх галін і прадоўжыць развіваць усе кірункі сваёй дзейнасці.

Складаная сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне ў 1990-я гады негатыўна адлюстравалася на стане прафсаюзных бібліятэк. Іх колькасць сістэматычна скарачалася. Спынілі саё існаванне базавыя бібліятэкі ва ўсіх абласцях рэспублікі, якія выконвалі фукцыі метадычных цэнтраў для сеткі прафсаюзных бібліятэк сваёй вобласці. Толькі за перыяд з 1993 па 1998 г. колькасць прафсаюзных бібліятэк Беларусі скарацілася на 138 бібліятэк. З 2000 па 2005 гг. – на 67 (31,8%). Зменшыўся і кніжны фонд – на 2933,7 тыс. экз. На камплектаванне бібліятэк сродкі амаль не выдзяляліся, што з’явілася вынікам разбурэння сеткі прафсаюзных бібліятэк, сістэмы метадычнага кіраўніцтва, сістэмы камплектавання бібліятэк. У 1992 г. Рэспубліканская спецыялізаваная прафсаюзная бібліятэка была рэарганізована ў аддзел па бібліятэчна-бібліяграфічнаму абслугоўванню насельніцтва пры Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Аднак на пачатку 2000-х гг. і яна перастала існаваць.

У 2000–2005 гг. адбыліся змены і ў складзе бібліятэк сеткі Міністэрства аховы здароўя: іх колькасць скарацілася на 15 (7,6%), што было звязана з рэарганізацыяй устаноў, пры якіх яны функцыянавалі. Паменшылася колькасць школьных бібліятэк – на 173 (4,2%), бібліятэк воінскіх часцей – на 22 (18%).

Значнае памяншэнне колькасці публічных бібліятэк назіралася ў сельскай мясцовасці. З 1990 да 2006 гг. каля 80% сельскіх бібліятэк былі рэарганізаваны. Фонды публічных бібліятэк Беларусі набылі тэндэнцыю да зніжэння сваіх колькасных паказчыкаў. За дадзены перыяд кніжны фонд бібліятэк Беларусі зменшыўся на больш за 20,6 млн. экз. З іншага боку ўзрастала колькасць чытачоў у сярэднім на адну бібліятэку і асабліва ў гарадах (у горадзе з 2184 чытачоў да 3000); у сельскай мясцовасці сітуацыя заставалася адносна стабільнай (у сярэднім – 425 чытачоў на адну бібліятэку). У сельскай мясцовасці пачалі стварацца такія новыя арганізацыйныя структуры, як бібліятэкі-клубы, клубы-бібліятэкі, бібліятэкі-музеі, дамы сацыяльных паслуг з бібліятэкамі; практыкуецца аб’яднанне сельскіх бібліятэк са школьнымі. Дзяржаўнай праграмай “Адраджэнне і развіццё вёскі на 2005–2010 гг.” прадугледжана ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк аграгарадкоў і поўная іх кап’ютэрызацыя з выхадам у Інтэрнет.

Адной з важных агульнанацыянальных задач стала фарміраванне ў краіне адзінай інфармацыйна-прававой прасторы. З 2000 г. у Беларусі было пачата стварэнне публічных цэнтраў прававой інфармацыі (ПЦПІ) на базе бібліятэк Міністэрства культуры, якіх у 2006 г. ўжо налічвалася 193. Функцыі Рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра па маніторынгу і забеспячэнні дзейнасці ПЦПІ выконвае Нацыянальная бібліятэка.

На пачатак 2006 г. колькасць публічных бібліятэк, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь склала 42% ад агульнай колькасці бібліятэк краіны – гэта 6 абласных універсальных бібліятэк (адна з іх Мінская абласная бібліятэка імя А.А. Пушкіна) і НББ; 4208 публічных бібліятэк, якія аб’яднаны ў 143 (ці 134?) цэнтралізаваныя бібліятэчныя сістэмы (ЦБС). Асноўныя паказчыкі работы бібліятэк застаюцца адносна стабільнымі: працэнт ахопу насельніцтва абслугоўваннем публічных бібліятэк – у межах 37%; чытальнасць – 18,6; абарачальнасць – 1,1.У гарадах на адну бібліятэку ў сярэднім прыпадае 3 тыс. карыстальнікаў, а ў вёсцы – 400. Колькасць чытачоў у бібліятэках сістэмы Міністэрства культуры на пачатак 2006 г. склала каля 4 млн. чытачоў, з іх каля 1 млн. дзеці да 15 гадоў. Адмоўная дынаміка назіралася ў колькасці наведвальнікаў бібліятэк, асабліва ў сельскай мясовасці, дзе за апошняе пяцігоддзе колькасць чытачоў скарацілася на 14%. Абласныя публічныя бібліятэкі таксама страцілі 32,6 тыс. сваіх чытачоў. Адток чытачоў у многім выкліканы недастатковым фінансаваннем камплектавання бібліятэк, і адпаведна дэфіцытам неабходнай літаратуры, адсутнасцю прадастаўлення сучасных інфармацыйных паслуг.

На пачатак 2007 г. у Беларусі налічвалася 9631 бібліятэка: сетка бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (4152) – НББ, 6 абласных бібліятэк, 3886 публічных бібліятэк для дарослых, 259 дзіцячых бібліятэк; сетка іншых сістэм і ведамстваў (5479): навукова-тэхнічныя бібліятэкі – 469; бібліятэкі Міністэрства аховы здароўя – 160; прафсаюзныя бібліятэкі – 370; школьныя бібліятэкі – 3840; бібліятэкі воінскіх частак – 98; бібліятэкі аграпрамысловага комплексу – 60; бібліятэкі ВНУ – 51; царкоўныя бібліятэкі – 411.

Буйнейшымі бібліятэкамі Беларусі застаюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі (8 млн. экз.); Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі (3 млн. экз.); Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі (1,5 млн. экз.); Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка (33 млн. уліковых адзінак); Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (860 тыс. экз.); Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка (500 тыс. экз.); Фундаментальная бібліятэка БДУ (2 млн. экз.); Мінская абластная бібліятэка імя А. Пушкіна (700 тыс. экз.). У Мінску дзейнічаюць таксама сетка ЦБС публічных бібліятэк (1,5 млн.); сетка ЦБС дзіцячых бібліятэк (880 тыс. экз.) і інш.

Публічныя бібліятэкі

Дзяржаўная установа “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (НББ,у 1990–2002 гг.дырэктар Галярыта Мікалаеўна Алейнік, з 2003 г. – Раман Сцяпанавіч Матульскі, доктар пед. навук). НББ, якая валодае найбольш поўнай у рэспубліцы універсальнай калекцыяй нацыянальных дакументаў, а таксама дакументаў, выдадзеных у замежных краінах, з’яўляецца галоўнай бібліятэкай рэспублікі, вядучай установай па прыкладных даследаваннях ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, інфарматыкі і каардынацыйным цэнтрам для бібліятэк усіх сістэм і ведамстваў.

Узросшая значымасць інфармацыі як глабальнага рэсурсу развіцця грамадства і роля НББ у аперыраванні гэтым рэсурсам, садзейнічалі прыняццю Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 7 сакавіка 2002 г. Загада № 153 «Аб будаўніцтве новага будынка дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”». Узвядзенне новаго будынка было аб’яўлена агульнанацыянальнай будоўляй, мэтай якой стала стварэнне унікальнага архітэктурна-будаўнічага і праграмна-тэхнічнага комплексу, накіраванага на задавальненне інфармацыйных і сацыякультурных патрэб грамадства (аўтары архітэктурнага праекта М.К.Вінаградаў і В.У.Крамарэнка). У 2005 г. будаўніцтва было завершана і бібліятэчныя фонды перамясцілася ў новае сучаснае памяшканне. 16 чэрвеня 2006 г. НББ адкрылася і для чытачоў, у распараджэнні якіх камфортныя чытальныя залы (19), дыферэнцыраваныя з улікам адукацыйнага ўзроўню карыстальнікаў, галін ведаў, відаў дакументаў і разлічаныя на 2000 месцаў з сучасным камп’ютэрным абсталяваннем; канферэнц-зала (на 490 месцаў), пункты доступу ў Інтэрнет, Музей кнігі (працуе з верасня 2006 г.), комплекс мастацкіх галерэй і службовыя памяшканні, кафэ і рэстаран, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзіцячы пакой для гульняў, аглядная пляцоўка і інш. НББ сёння – гэта не толькі асветніцкая ўстанова, але і культурна-дасугавы і рэкрэацыйны цэнтр, цэнтр сацыяльных, культурных і адукацыйных ініцыятыў.

У 2006 г. фонд НББ налічваў больш за 8 млн. 332 тыс. адзінкі захоўвання, сярод якіх звыш 70 тыс. рэдкіх, старадрукаваных кніг і рукапісаў; 2,8 млн. перыядычных выданняў; 81 тыс. нот; 31 тыс. аудыёвізуальных дакументаў; 109 тыс. выяўленчых выданняў; 15 тыс. карт; 700 тыс. аўтарэфератаў дысертацый; 122 тыс. мікраформ.

Выконваючы каардынацыйную функцыю, НББ штогод узгадняе навукова-даследчую і навукова-метадычную дзейнасць бібліятэк у выглядзе каардынацыйных планаў; ініцыіруе і ўзначальвае сумесныя распрацоўкі асноўных нарматыўна-рэгламентуючых дакументаў, навуковыя даследаванні ў галіне бібліятэчнай справы; удзельнічае ў сумеснай арганізацыі і правядзенні канферэнцый, семінараў, нарад і г.д. У НББ распрацаваны асноўныя дакументы, рэгламентуючыя збор і захоўванне бібліятэчных фондаў – “Інструкцыя па ўліку і захаванасці бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь” (2002), праект “Палажэння аб нацыянальным фондзе кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь” (2001), праект “Мэтавай праграмы па кансервацыі, рэстаўрацыі і захаванасці помнікаў кніжнай культуры”, якімі кіруецца створаная ў бібліятэцы фондавая камісія.

Найбольш каштоўная частка кнігазбору НББ захоўваецца ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства (створаны ў 2005 г. на аснове аддзела рукапісаў, старадрукаў і рэдкіх кніг). У рукапісным фондзе аддзела налічваецца каля 1700 адзінак захоўвання рукапісных кніг і архіўных матэрыялаў, якія з’яўляюцца часткай Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. Старэйшыя рукапісныя кнігі ў зборы датуюцца XIV ст., як “Тайная тайных, або Арыстоцелевы вароты” на старажытнабеларускай мове, помнікі славянскага і заходнееўрапейскага пісьменства, калекцыя ўсходніх рукапісаў XIV–XX стст. Вылучаюцца калекцыі рукапісных кніг старажытнай традыцыі, у тым ліку беларускага паходжання, калекцыя спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі. Фонд архіўных матэрыялаў уключае асабістыя фонды К. Каганца, І. Сіманоўскага, Я. Хлябцэвіча, Н. Ватацы, збор матэрыялаў дзеячаў навукі і культуры Беларусі, куды ўваходзяць творчыя рукапісы Ц. Гартнага, З. Бядулі, Я. Коласа і інш. У калекцыі старадрукаў (да 1830 г.) знаходзіцца больш за 30 тыс. асобнікаў: 43 асобнікі інкунабулаў (першадрукаў XV ст.); каля 200 – палеатыпаў (выданняў 1501–1550 гг.), сярод якіх адзіны збор ў Беларусі выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны (10 выпускаў у 6 пераплётах, якія выйшлі ў Празе ў 1517–1519 гг.). Калекцыя кірылічных друкаў уключае 1100 кніг, у склад якіх уваходзяць каля 200 асобнікаў (больш за 100 выданняў) з беларускіх друкарняў Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды, братоў Мамонічаў, друкарняў Еўя, Куцейна, Магілёва, Супрасля, Гродна; тры кнігі Івана Фёдарава; шэраг выданняў расійскага і украінскаша паходжання. У зборы беларускіх выданняў на лацініцы XVI–XVIII стст. Знаходзяцца унікальныя асобнікі з брэсцкай друкарні Мікалая радзівіла Чорнага, з друкарняў Ашмян, Слуцка, Нясвіжа, Полацка, Вільні і інш. Каля 2 тыс. асобнікаў налічвае калекцыя рускага грамадзянскага друкуXVIII ст. Беражліва захоўваюцца ў бібліятэцы рэдкія выданні, якія адлюстроўваюць эпохі і падзеі гістарычнай значнасці, нелегальныя і забароненя выданні, выданні з непаўторнымі адметнымі рысамі, як пераплёт, экслібрысы, пячаткі, уладальніцкія і чытацкія паметы і запісы; аўтографы (М. Багдановіча, М. Гогаля, І. Буніна, А. Франса, В. Гюго, М. Цвятаевай, М. Шагала).

Дадатным чынам на захаванасці дакументаў адбілася ўкараненне аўтаматызацыі. З 1993 г. НББ фарміруе электронныя інфармацыйныя рэсурсы: электронны каталог па ўсіх відах дакументаў; шэраг праблемна-арыентаваных, бібліяграфічных, графічных, фактаграфічных баз данных; перавод у лічбавую форму фонда грамзапісаў і інш. Агульны аб’ём баз даных, генерыруемых Нацыянальнай бібліятэкай, складае звыш 2 млн. запісаў. Іх тэматыка адпавядае асноўнай канцэптуальнай ідэі фарміравання інфармацыйных рэсурсаў профільным для НББ галінам ведаў і закрывае сегмент сацыягуманітарнага кірунку (БД “Культура і мастацтва”, “Radziviliana”, “Кнігазнаўства”, “Гісторыя кніжнай культуры Падляшша”, “Чарнобыль”, “Беларусь у асобах і падзеях”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадскія навукі”, “Геральдыка”, “Хроніка культурнага жыцця Беларусі” і інш.). У рамках Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі на 2002–2005 гг. створаны электронны “Імідж–каталог”, які з’яўляецца адлюстраваннем Генеральнага каталога НББ. Павышэнню эфектыўнасці абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў садзейнічае “Віртуальная даведачная служба” на сайце бібліятэкі і служба “Электронная дастаўка дакумента”. У 1998 г. быў распрацаваны сайт НББ.

З 2002 г. пачынаецца адлік выпуску электронных выданняў НББ.

У НББ распачаўся новы этап рэканструкцыі рэпертуару кнігі Беларусі. Сучасныя тэхналогіі дазволілі ствараць электронныя копіі дакументаў, што забяспечвае іх больш надзейную захаванасць. Так, НББ выступіла з ініцыятывай стварэння Праграмы “Памяць Беларусі”, распрацоўка якой пачалася ў 2005 г. сумесна з супрацоўнікамі музеяў і архіваў. Каардынуючай арганізацыяй Праграмы стала НББ. Рэалізацыі Праграмы “Памяць Беларусі” будзе спрыяць і яшчэ адна дзяржаўная праграма – “Электронная Беларусь”. У НББ распрацоўваюцца праекты бібліяграфічнай рэканструкцыі гістарычных кніжных збораў, аднымі з важнейшых з’яўляюцца бібліятэка Радзівілаў (усяго ў НББ захоўваецца звыш 2000 кніг) і бібліятэка Храптовічаў (захоўваецца ў Украіне).

Штогод у НББ выпускаецца звыш 30-ці розных матэрыялаў для бібліятэк рэспублікі: навукова-метадычных і практычных, гісторыка-дакументальных і аналітычных. Значную работу ў галіне бібліятэчнай справы рэспублікі праводзіць навукова-даследчы аддзел бібліятэказнаўства, які адным з галоўных аб’ектаў навукова-метадычнага ўздзеяння вызначыў сетку публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры. У 2002–2005 гг. галоўны рэдактар часопіса “Бібліятэчны свет” – Людміла Генадзьеўна Кірухіна, намеснік дырэктара па навуковай рабоце НББ.

Маштабнай часткай дзейнасці НББ з’яўляецца бібліяграфічная дзейнасць, акрэсленая такімі задачамі, як забеспячэнне бібліяграфічнага ўліку нацыянальнага дакумента; уліку і якаснага раскрыцця беларусазнаўчага дакумента; поўны ўлік нацыянальных крыніц бібліяграфічнай інфармацыі; забеспячэнне стварэння нацыянальнай сістэмы зводных каталогаў; стварэнне сістэмы навукова-дапаможных і рэкамендацыйных бібліяграфічных крыніц беларусазнаўчай і гуманітарнай тэматыкі; каардынацыя бібліяграфічнай дзейнасці ў краіне; вядзенне навукова-даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці ў галіне бібліяграфіі.

Вынікі навукова-даследчай дзейнасці ў галіне кніжнай культуры знаходзяць адлюстраванне ў правядзенні міжнародных “Кнігазнаўчых чытанняў” (з 1998 г.), выданні навуковых зборнікаў НББ “Здабыткі” (з 1995 г.) і “Матэрыялы Кнігазнаўчых чытанняў”, рэдагаванне якіх ажыццяўляе Таццяна Іванаўна Рошчына. Штогод НББ арганізуе і праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі па розных кірунках бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці, павышэнню кваліфікацыі; займаецца актыўнай кнігавыдавецкай дзейнасцю; наладжвае і падтрымлівае міжнародныя і міждзяржаўныя сувязі ў галіне кнігаабмену (больш за 300 арганізацый з 53 краін свету). Бібліятэкай праведзены такія значныя рэспубліканскія навуковыя даследаванні, як “Гісторыя бібліятэчнай справы ў Беларусі” (з 1974 г.), “Чытач навуковай бібліятэкі г.Мінска і праблемы ўдасканалення яго абслугоўвання” (1994), “Структура і дынаміка дзіцячага чытання” (1994–1997), “Публічныя бібліятэкі Беларусі ў сацыякультурным асяроддзі” (2001), “Праблемы бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў маланаселеных пунктаў”, “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў дакументах. 1921–2005 гг.” (з 2004г.) інш.

Спецыялісты бібліятэкі ўдзельнічаюць у рабоце прафесійных арганізацый: ІФЛА, Еўрапейскай камісіі па публічных бібліятэках пры Савеце Еўропе, Польска-беларускай камісіі па захаванню дакументальнай спадчыны, Рабочай групы бібліятэкараў і дакументазнаўцаў краін Усходняй, Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы і інш. НББ – адна з заснавальніц Бібліятэчнай Асамблеі Еўразіі. Бібліятэка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН, Савета Еўропы, АБСЕ, ЮНЕСКА. У партнёрстве з пасольствамі, культурнымі цэнтрамі, нацыянальнымі бібліятэкамі замежных краін НББ праводзіць шырокамаштабныя акцыі: прэзентацыі, кніжныя выставы, літаратурныя вечарыны. Вынікам многіх сумесных мерапрыемстваў становяцца дабрачынныя акцыі, дзякуючы якім фонды бібліятэкі папаўняюцца новымі выданнямі і калекцыямі.

Дзяржаўная установа“Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” (ЦСДБ), уключае на сучасны момант Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя М. Астроўскага (дырэктар у 1974–2006 гг. – Ліна Міхайлаўна Сачко, з 2006 г. – Таццяна Аляксееўна Швед), 17 дзіцячых бібліятэк і 6 філіялаў. Гэта адзінае ў рэспубліцы самастойнае аб’яднанне толькі дзіцячых бібліятэк.

Вядучым накірункам у першай палове 1990-х гадоў у працы дзіцячых бібліятэк было нацыянальнае адраджэнне, дзякуючы якому распаўсюджваліся краязнаўчыя веды, развівалася цікавасць да гісторыі і культуры Беларусі. З 1994 г. пачаў праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. У 1998 г. сярод лепшых за свой “Гістарычны нарыс” была прызнана Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя А. Астроўскага.

Пачынаючы з другой паловы 1990-х гадоў асноўным акцэнтам у дзейнасці дзіцячых бібліятэк становіцца задавальненне і развіццё інфармацыйных, культурных, адукацыйных, дасугавых патрэб і інтарэсаў чытачоў праз выкарыстанне сучасных тэхналогій. Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў у дзіцячых бібліятэках пачалася ў 1995 г., калі ЦСДБ г.Мінска выйграла грант Беларускага фонда Сораса на 5,2 тыс. долараў. Для аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў была выкарыстана АБІС, распрацаваная фірмай “ИНЕАК”, праграма “ALIS”. Для пачатку 2000-х гадоў характэрна інтэнсіфікацыя працэсу камп’ютэрызацыі дзіцячых бібліятэк Беларусі, насычэнне іх электронным, адуыёвізуальным абсталяваннем. Самым высокім узроўнем укаранення камп’ютэрных тэхналогій вылучаецца ЦСДБ г.Мінска, дзе на пачатак 2007 г. аўтаматызаванымі з’яўляюцца ўсе бібліятэкі. У Цэнтральнай бібліятэцы з 2003 г. працуе Інтэрнет. Ва ўсіх дзіцячых бібліятэках створаны лакальныя сеткі, аўтаматызаваны ўсе тэхналагічныя працэсы, уключаючы абслугоўванне. У ЦСДБ створаны і з 2005 года рэалізуецца праект па інфарматызацыі дзейнасці бібліятэк, дзе запланавана стварэнне мультымедыйных цэнтраў у 8 дзіцячых бібліятэках сталіцы з падключэннем да Інтэрнет.

Амаль усе дзіцячыя бібліятэкі працуюць па сваіх уласных праграмах, якія распрацоўваюцца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі, як “Чытаючыя дзеці – чытаючая нацыя”, “Праграма супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праслаўнай Царквы у галіне культурнай і творчай дзейнасці, аховы, адраджэння і развіцця гістарычнай і культурнай спадчыны”.

Старэйшай бібліятэкай у Цэнтралізаванай сістэме дзіцячых бібліятэк Мінска з’яўляецца Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (створана ў 1924 г.), якая і ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва ўсімі дзіцячымі бібліятэкамі горада. Бібліятэкай карыстаюцца 21 510 чытачоў (2006 г.). Фонд налічвае каля 116000 экз. дакументаў (на 01.01.07), а кнігавыдача – 334000 за 2006 г. Цэнтральная бібліятэка з’яўляецца не толькі інфармацыйным, але і культурным цэнтрам, месцам правядзення вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Штогод у бібліятэцы праводзіцца больш за 400 мерапрыемстваў для чытачоў усіх узростаў. Асноўным кірункам у дзейнасці застаецца прапаганда беларускай гісторыі і культуры.

Першыя 10 год ХХІ ст. абвешчаны ААН дзесяцігоддзем культур свету і ненасілля ў інтарэсах дзяцей планеты. У адпаведнасці з гэтым у Цэнтральнай бібліятэцы ажыццяўляецца комплексная праграма “Свет праз культуру”. Таму адным з прыярытэтаў у дзейнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з амбасадамі розных краін: ЗША, Турцыі, Літвы, Кітая, Германіі, Францыі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Швецыі, Чэхіі, Японіі, Польшчы і інш. На базе дзіцячай бібліятэкі № 5 г.Мінска створаны інфармацыйны цэнтр японскай культуры.

У 2001 г. у Цэнтральнай бібліятэцы адкрыты мультымедыйны цэнтр, які забяспечваецца CD-ROM, відэа- і аўдыёматэрыяламі з дапамогай амбасады ЗША, Інстытута імя Гётэ.

Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г.Мінска сумесна з Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй выступіла ў 1999 г. заснавальнікам часопіса “Бібліятэка прапануе”. Нулявы нумар часопіса выйшаў у лютым 1999 г. і быў прысвечаны дваццацігадоваму юбілею Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г.Мінска. Аднак толькі ў лютым 2000 г. выданне атрымала афіцыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі і стала выходзіць рэгулярна (4 нумары, а з 2003 г. – 6 нумароў у год).У 2005 г. была праведзена перарэгістрацыя часопіса ў сувязі з выхадам з ліку яе заснавальнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Галоўным рэдактарам часопіса зараз з’яўляецца Таццяна Аляксееўна Швед, дырэктар ЦСДБ.

Спецыяльныя бібліятэкі

На 01.01.2007 г. у Беларусі налічваецца каля 5,5 тыс. спецыяльных бібліятэк з сукупным аб’ёмам фонду каля 150 млн. экз. Дзейнасць большасці спецыяльных бібліятэк каардынуюць рэспубліканскія навуковыя бібліятэкі, якія размяшчаюцца ў сталіцы.

Дзяржаўная установа“ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі”(з 1995 г. абавязкі дырэктара выконвала Святлана Мікалаеўна Емельянава, з лістапада 1999 г. – дырэктар Наталля Юр’еўна Бярозкіна, канд. гіст. навук)з’яўляецца буйнейшай інфармацый установай, якая забяспечвае дзейнасць вучоных і спецыялістаў розных галін, навукова-даследчых арганізацый; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі, інфармацыйных тэхналогій. Знаходзіцца ў падпарадкаванні НАН Беларусі: упаўнаважаным органам, які ажыццяўляе навукова-метадычнае кіраўніцтва ЦНБ НАН Беларусі, з’яўляецца Нацыянальны цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій.. Універсальныя фонды бібліятэкі налічваюць звыш 3 млн. экз. дакументаў розных відаў. Сярод іх шырока прадстаўлена навуковая і навукова-папулярная літаратура універсальнай тэматыкі, даведачна-энцыклапедычныя, літаратурна-мастацкія выданні, матэрыялы на нетрадыцыйных носьбітах. Асаблівы гонар акадэмічнай бібліятэкі – кніжная калекцыя Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, а таксама – калекцыі рукапісных кніг (у тым ліку кнігі на беларускай мове арабскай графікай), помнікі славянскага кнігідрукавання XVI – XVIII стст., кнігі грамадзянскага друку, замежныя еўрапейскія кнігі, выданні на беларускай мове ХІХ – ХХ стст., архіўны збор выданняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кнігі з аўтографамі і даравальнымі надпісамі выдатных дзеячаў беларускай навукі і культуры, прыватныя зборы А. Багдановіча, М. Гарэцкага, П. Беркава. Усяго ў спецыялізаваным аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук захоўваецца звыш 65 тыс. друкаваных адзінак і 50 рукапісных архіўных фондаў беларускіх вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, дзяржаўных дзеячаў. У бібліятэцы створаны мемарыяльны пакой беларускага паэта Пятра Глебкі.

Фонд аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў мае 5 інкунабулаў, звыш 2 тыс. заходнееўрапейскіх выданняў XVI – XVIII стст. (з друкарняў Альдаў, Эцьенаў, Плантэнаў, Эльзевіраў і інш., творы вядомых вучоных эпохі Адраджэння І. Кеплера, М. Каперніка, Р. Дэкарта). Калекцыю кірылічнага друку складаюць каля 500 асобнікаў. Сярод старадрукаў беларускага паходжання – выданні з друкарняў Вільні, Нясвіжа, Цяпіна, Куцейна, Магілёва, Брэста і інш. Ёсць у бібліятэцы і прыжыццёвыя публікацыі Сімяона Полацкага “Псалтырь в стихах” (1680), “Вечеря душевная” (1683). У бібліятэцы захоўваецца адзіны на беларусі экземпляр Брэсцкай, або радзівілаўскай Бібліі 1563 г.Звыш 500 асобнікаў расійскіх выданняў аб’яднаны ў калекцыю грамадзянскага друку. Выданні ХІХ – ХХ стст. прадстаўлены шэрагам гісторыка-этнаграфічных даследаванняў М. Нікіфароўскага, М. Доўнар-Запольскага, А. Сержпутоўскага, А. Харузіна, Е. Раманава; творамі пачынальнікаў беларускай літаратуры Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Плуга, М. Агінскага, А. Ельскага і інш. Значнае месца займаюць беларускамоўныя выданні першых беларускіх выдавецкіх таварыстваў пач. ХХ ст. у С.-Пецярбургу і Вільні.

У ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца найбольш значны ў краіне фонд замежнай літаратуры, у тым ліку перыядычных выданняў і выданняў, што прадаўжаюцца (каля 1 млн.). У бібліятэцы наладжаны шырокія кнігаабменныя сувязі з больш за 528 арганізацыямі з 55 краін. Бібліятэка атрымлівае больш за 700 назваў замежных часопісаў. Бібліятэка стала першай удзельніцай ад Беларусі ў міжнароднай праграме INTAS (Міжнародная сетка доступу да навуковых публікацый, Вялікабрытанія) па бясплатнаму забеспячэнню вучоных інфармацыяй з замежных часопісаў.

ЦНБ НАН Беларусі ўзначальвае Цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму (ЦБС) НАН Беларусі, структуру якой у 2007 г. склалі непасрэдна ЦНБ НАН Беларусі і 25 бібліятэк пры навуковых установах НАН Беларусі, 13 з якіх – філіялы ЦНБ НАН Беларусі (усе знаходзяцца ў Мінску), 12 – бібліятэкі інстытутаў і знаходзяцца: у Мінску (7), Віцебску (1), Гомелі (2), Гродна (1), і Магілёве (1). Такім чынам, у Мінску размяшчаецца 21 з 25 біліятэк ЦБС НАН Беларусі.

Штогод ЦБС НАН Беларусі абслугоўвае звыш 5 тыс. карыстальнікаў, якім выдаецца больш за 600 тыс. экз. дакументаў, выконваецца больш за 13 тыс. бібліяграфічных і фактаграфічных даведак.

У 1999 г. у ЦНБ НАН Беларусі была распрацавана “Канцэпцыя развіцця сістэмы інфармацыйнага забеспячэння НДУ НАН Беларусі”, пры рэалізацыі якой усе бібліятэкі сістэмы будуць абсталяваны сучаснымі камп’ютэрамі і аб’яднаны адзінай сеткай. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі адна з першых сярод бібліятэк краіны дала магчымасць сваім карыстальнікам выхаду ў Інтэрнет (з 1997 г.). З 1994 г. у бібліятэцы вядзецца электронны каталог новых паступленняў, ажыццяўляецца рэтраканверсія алфавітнага каталога. З 1998 г. бібліятэка адкрыла свой уласны WWW-сервер, і цяпер любы карыстальнік Інтэрнет мае доступ да інфармацыі пра ЦНБ НАН Беларусі, пра наяўнасць набываемых і ствараемых баз даных і г.д. У рэжыме online арганізаваны доступ да электроннага каталога бібліятэкі. У 1998 г. пачата і эксплуатацыя нацыянальнага зводнага электроннага каталога, створанага на базе НББ і ЦНБ НАН Беларусі. У 2000 г. у рамках Праграмы работ па развіццю навукова-інфармацыйнай камп’ютэрный сеткі Рэспублікі Беларусь у ЦНБ НАН Беларусі быў распрацаваны і праект па стварэнню Цэнтра Інтэрнет-доступу да электронных навуковых рэсурсаў. Дзякуючы ўступленню ў кансорцыум расійскіх бібліятэк і навуковых устаноў ЦНБ НАН Беларусі атрымала доступ да Навуковай электроннай бібліятэкі, створанай пры Расійскім фондзе фундаментальных даследаванняў (больш за 900 тыс. артыкулаў з больш 1,5 тыс. назваў часопісаў сусветна вядомых навуковых выдавецтваў. Адной з паслуг, што развіваюцца найбольш імкліва, з’яўляецца электронная дастаўка дакументаў.

Важным кірункам у навукова-бібліяграфічнай рабоце ЦНБ НАН Беларусі з’яўляецца стварэнне ўласных бібліяграфічных баз даных, якія бібліятэка вядзе з 1990 г. па актуальных напрамках развіцця навукі. Сёння створана 14 баз даных, сярод якіх “Прырода Беларусі”, “Нацыянальная акадэмія навук Беларусі”, “Навука і навукова-даследчая работа на Беларусі”, “Беларускае мовазнаўства” і інш., на аснове якіх ажыццяўляецца выданне бібліяграфічных паказальнікаў. Так, выйшла 10 рэтраспектыўных паказальнікаў рэтраспектыўнага характару і 11 бягучых бібліяграфічных дапаможнікаў, якія адлюстроўваюць выданні Акадэміі навук; 26 бягучых бібліяграфічных паказальнікаў бібліятэкі ахопліваюць звесткі пра навуку і навукова-даследчую работу ў Беларусі за перыяд з 1969–1994 гг. і інш. Сумесна з інстытутамі НАН Беларусі былі падрыхтаваны і выдадзены рэтраспектыўныя бібліяграфічныя дапаможнікі “Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць” (1990), “Археалогія Беларусі. 1976–1990” (1997); серыя “Бібліяграфія вучоных Беларусі”. Сумесна з НББ і рэспубліканскімі галіновымі бібліятэкамі генерыруецца база даных “Чарнобыль”.

ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавала і выдала каля 30 навуковых зборнікаў у галіне гісторыі кнігі і бібліятэчнай справы Беларусі, 5 манаграфій, вучэбны дапаможнік. На базе ЦНБ НАН Беларусі выходзіў электронны бюлетэнь “Веснік Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі”, дырэктар бібліятэкі Н.Ю. Бярозкіна з’яўлялася галоўным рэдактарам часопіса “Бібліятэчны свет” (1996–2001).

Дзяржаўная установа“Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь”(ПБ,у 1983 – 1996 гг. – дырэктар Эдуард Мікалаевіч Цыганкоў, з 1996 г. – Сафія Васільеўна Юдо). 9 кастрычніка 1991 г. з назвы бібліятэкі знята імя М. Горкага, а 26 верасня 1994 г. распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Урадавая бібліятэка была перайменавана ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь з падпарадкаваннем Адміністрацыі Прэзідэнта.

ПБ – буйнейшы ў Беларусі цэнтр інфармацыі па праву, эканоміцы, дзяржаўным кіраванні. Бібліятэка мае статус навуковай і валодае зборам айчынных і замежных дакументаў, колькасць якіх перавышае 1,5 млн. адзінак захоўвання на традыцыйных і электронных носьбітах. Штогод бібліятэка абслугоўвае больш за 10 тыс. чытачоў, кнігавыдача складае каля 1 млн. экз. Першачарговымі задачамі ў дзейнасці бібліятэкі з’яўляюцца аператыўнае і якаснае інфармацыйна-бібліяграфічнае абслугоўванне Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, Нацыянальнага Сходу, Савета Міністраў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага Судоў, Выканаўчага Сакратарыята СНД, міністэрстваў, ведамстваў і іншых. ПБ – своеасаблівае навукова-аналітычнае падраздзяленне Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Штодзённа кіраўніцтва рэспублікі атрымлівае дайджэст прэсы па трох кірунках: “Эканамічная рэформа РБ”, “Палітычная эліта”, “Прэзідэнт і яго акружэнне ў люстэрку прэсы”, а таксама бібліяграфічную інфармацыю па іншых тэмах. Для ажыццяўлення даведачна-інфармацыйных функцый аналітычна распісваецца звыш 1000 перыядычных выданняў розных краін.

У 1994 г. паміж Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (Сусветным Банкам) і Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь быў заключаны мемарандум аб наданні апошняй статуса дэпазітарыя дакументаў Сусветнага Банка, што паспрыяла назапашванню унікальнай у Беларусі калекцыі кніг, атласаў, лістовак, статыстычных справаздач, тэхнічных дакументаў і CDROM, якія ўтрымліваюць разнастайную інфармацыю аб пераходных эканоміках іншых краін.

Пачынаючы з 1993 г. бібліятэка змагла аўтаматызаваць усе асноўныя бібліятэчныя працэсы. З 1994 г. вядзецца электронны каталог, які налічвае звыш 250 тыс. запісаў; у электроннай картатэцы артыкулаў (вядзецца з 1995 г.) – 500 тыс. запісаў; электронны каталог серыяльных выданняў (з 1996 г.); электронны каталог выданняў Сусветнага банку (з 1996 г.). Поўнасцю ў электронную форму пераведзены генеральны алфавітны каталог кніг на беларускай мове. Аўтаматызаванае абслугоўванне вядзецца на аснове разнастайных баз даных, у тым ліку і ўласнай генерацыі: “История фабрик и заводов Республики Беларусь”, “Грамадскія і палітычныя дзеячы Беларусі”, “Дары” (выданні, падораныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь; выданні, падораныя бібліятэцы). Бібліятэка мае сваю старонку ў Інтэрнеце і прадастаўляе Інтэрнет-доступ да баз даных для карыстальнікаў з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў. У межах Дзяржаўнай праграмы па развіццю навукова-інфармацыйнай сеткі ПБ удзельнічае ў арганізацыі зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.

У ПБ укаранёны: аўтаматызаваны заказ выданняў, электронная дастаўка дакументаў, сістэма штрыхавога кадзіравання новых паступленняў і чытацкіх білетаў, ксеракапіраванне і інш. Усе інфармацыйныя рэсурсы з’яўляюцца агульнадаступнымі.

Бібліятэка налічвае каля 20 тыс. рэдкіх кніг XVIІ – сярэдзіны XX ст. на беларускай, рускай, украінскай (усяго – каля 19 тыс. выданняў на гэтых трох усходнеславянскіх мовах), польскай, англійскай, нямецкай, французскай, лацінскай і іншых мовах (усяго – каля 1000 выданняў на 15 замежных мовах). Сярод самых старых выданняў – 12 кірылічных старадрукаў XVII – XVIII стст.: “Служэбнік” (Масква, 1602), “Анфалагіён” (Кіеў, 1618), “Трыадзіён” (Львоў, 1664); звыш 200 выданняў грамадзянскага друку (1725–1825). У фондах бібліятэкі знаходзяцца каштоўныя частакі кнігазбораў і асобных рарытэтаў з гістарычна вядомых бібліятэк Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, Супрасльскага, Баркулабаўскага, Талачынскага і іншых беларускіх кляштараў; Беларускага музея імя І. Луцкевіча і Беларускага навуковага таварыства ў Вільні; культурна-асветніцкіх таварыстваў “Бацькаўшчына”, “Беларуская Хата” (Рыга), Інбелкульта; А. Сапунова, Б. Эпімах-Шыпілы, Е. Раманава, К. Езавітава, М. Доўнар-Запольскага, В. Ластоўскага, М. Мялешкі, Я. Варонкі, З. Верас, А. Станкевіча; Сымона Пятлюры і Рускай Тургенеўскай ў Парыжы, расійскіх імператараў ў Пецярбургу і інш.

Бібліятэка ўдзельнічае ў такіх міжнародных праектах, як праграма ЮНЕСКА “Памяць свету”, глабальны праект “Сусветная электронная бібліятэка” (Бібліятэка Кангрэса ЗША і кампанія Гугл), “Еўрапейская электронная бібліятэка “ (TEL) (Канфедэрацыя дырэктараў еўрапейскіх нацыянальных бібліятэк), “Нацыянальная электронная бібліятэка Расіі” (РДБ і РНБ), “Liber juris Albaruthanie”; праектах дзяржаўных праграм – “Спадчына”, “Мэтавай праграмы па захаванні, кансервацыі і рэстаўрацыі дакументальных помнікаў”, “Палажэння аб Нацыянальным фондзе кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь”, якія рыхтаваліся пад эгідай НББ і Міністэрства культуры, а таксама раздзела па захаванні і папулярызацыі помнікаў кірылічна-духоўнага пісьменства у “Пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой” (заключана ў 2003 г.).

Сёння ПБ з’яўляецца спецыяльнай навуковай бібліятэкай з універсальным фондам, нацыянальным даведачна-інфармацыйным і цэнтрам МБА па пытаннях дзяржавы, права і эканомікі. Штомесяц выдае бібліяграфічныя спісы новых паступленняў, “Эканоміка”, “Літаратура па пытаннях мясцовага самакіравання”; штогод – паказальнік “Эканоміка Рэспублікі Беларусь”.

Дзяржаўная установа“Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка”(РНТБ,у 1988–1998 гг. дырэктар – Галіна Іванаўна Пяхота, з 1999 г. – Раіса Нікандраўна Сухарукава). РНТБ з’яўляецца галаўной бібліятэкай у Беларусі па фарміраванню найбольш поўнага фонду навукова–тэхнічнай літаратуры і дакументаў, якія ўляўляюць з сябе шматвідавы і шматгаліновы комплекс: патэнтныя, нарматыўна–тэхнічныя дакументы па стандартызацыі, прамысловыя каталогі. Бібліятэка – нацыянальны дэпазітарый айчыннай і замежнай літаратуры па тэхніцы, тэхналогіі, эканоміцы, прамысловасці і сумежных галінах. Сучасны фонд РНТБ налічвае звыш 33 млн. экз., 75% навукова–тэхнічнай літаратуры і дакументаў бібліятэкі – на замежных мовах. РНТБ находзіцца ў падпарадкаванні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.

Фонд бібліятэкі ўключае больш за 330 тыс. экз. і каля 70 катэгорый разнастайных нарматыўна–тэхнічных дакументаў па стандартызацыі. РНТБ з’яўляецца ўтрымальнікам рэспубліканскага фонду прамысловых каталогаў, якія налічваюць каля 500 тыс. экз. дакументаў: галіновых і наменклатурных каталогаў, бізнес–даведнікаў, праспектаў замежных фірм, прыстэндавых матэрыялаў міжнародных выстаў і інш.

РНТБ з’яўляецца рэспубліканскім і міжнародным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, рэспубліканскім цэнтрам міжнароднага абмена выданнямі і дакументамі, а таксама цэнтрам інфармацыі па тэхніцы і прамысловай тэхналогіі.

Бібліятэка служыць рэспубліканскім навукова–метадычным цэнтрам для сеткі навукова–тэхнічных бібліятэк, служб стандартызацыі, інфармацыйных і патэнтных служб прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад іх ведасманай падпарадкаванасці па пытаннях арганізацыі работы з фондамі навукова–тэхнічнай літаратуры і інфармацыйна–бібліятэчнага абслугоўвання. Паспяхова развіваецца і рэгіянальная структура бібліятэкі. У 1994 г. па рашэнню урада ў кожным абласным цэнтры краіны створаны абласныя навукова–тэхнічныя бібліятэкі на правах філіялаў РНТБ у гарадах Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве і Віцебску. Сёння больш за 160 тыс. чытачоў і звыш 2 тыс. прадпрыемстваў і ўстаноў рэспублікі карыстаюцца фондамі і паслугамі буйнейшага цэнтра навукова–тэхнічнай інфармацыі, якім з’яўляецца РНТБ, атрымліваючы каля 3 млн. дакументаў і іх копій. Прыярытэтная задача бібліятэкі – забеспячэнне аператыўнага доступу карыстальнікаў як да інфармацыйных рэсурсаў Беларусі, так і да сусветных. Асноўным інструментом вырашэння гэтай задачы з’яўляецца прымяненне новых камп’ютэрных тэхналогій, у тым ліку Інтэрнет. Для сваіх чытачоў РНТБ прадастаўляе бясплатны доступ да Інтэрнета ў многіх чытальных залах, праводзіць семінары і трэнігі для работнікаў бібліятэк, інфармацыйных служб у Інтэрнет-цэнтры.

Фарміраванне фонду электронных дакументаў ажыццяўляецца бібліятэкай з 1996 г. У 1999 г. быў створаны Інтэрнет-цэнтр. У РНТБ і яе абласных філіялах да паслуг карыстальнікаў прадастаўлена 8,4 млн. поўных тэкстаў электронных дакументаў. РНТБ удзельнічае ў стварэнні Зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі, а замежныя перыядычныя выданні з фондаў бібліятэкі прадстаўлены і ў Расійскім Зводным каталогу па навукова–тэхнічнай літаратуры. Электронныя рэсурсы РНТБ налічаюць больш 90 разнастайных баз данных: паўнатэкставых, рэфератыўных, бібліяграфчных і фактаграфічных. Бібліятэка генерыруе бібліяграфічныя БД, якія ўключаюць больш 75 тыс. запісаў. Сярод іх такія праблемна–арыентаваныя БД, як “Инновационная деятельность”, “Энергосбережение”, “Экономика производства”, “История развития изобретательсвта в Беларуси”, “Экологически чистые и безопасные технологии в промышленности”, “Переработка и использование промышленных и бытовых отходов”, “Машины и оборудование для санитарной очистки города”, “Устойчивое развитие” і інш.

Акрамя традыцыйных інструктыўна-метадычных пісем (рэкамендацый), з 1996 г. бібліятэка выдае свой інфармацыйны бюлетэнь для навукова-тэхнічных бібліятэк рэспублікі.

Бібліятэка стаяла ў вытокаў стварэння ББА, першага прафесійнага часопіса “Бібліятэчны свет”, не адзін раз выступала арганізатарам міжнародных бібліятэчных каняерэнцый. Яе спецыялісты ўваходзяць у скад Міжведамасных рэспубліканскага і гарадскога бібліятэчных сваетаў, рэдкалегіі беларускага часопіса “Вынаходнік” (Изобретатель), Рэспубліканскага савета беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў.

РНТБ сёння служыць сучаснай інфармацыйнай базай для інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі.

Дзяржаўная установа “Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка”(РНМБ, у 1982–2001 гг. дырэктар – Яўгенія Філімонаўна Гарэлава; у 2001–2003 гг. – Валерый Ягоравіч Крацёнак; з 2003 г. – Уладзімір Мікалаевіч Сарока). Дзяржаўная ўстанова “Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка” (ДУ РНМБ) з’яўляецца галаўным цэнтрам бібліятэчнага і інфармацыйнага абслугоўвання вучоных і спецыялістаў у галіе медыцыны, выконвае функцыі нацыянальнага кнігасховішча і рэспубліканскага дэпазітарыя літаратуры па ахове здароўя, галіновага міжбібіятэчнага абанемента, навукова-метадычнага і каардынацыйнага цэнтра для медыцынскіх бібліятэк Беларусі, якіх налічваецца больш за 160 – навукова-даследчыя інстытуты, навукова-практычныя цэнтры, лячэбна-прафілактычныя установы, ВНУ і каледжы, для якіх РНМБ з’яўляецца галіновым кааардынацыйным і метадычным цэнтрам.

Сярод разнастайных дакументаў, прадстаўленых у 860-тысячным фондзе РНМБ, важнае месца займаюць рэдкія медыцынскія выданні ХІХ – пач. ХХ ст., у якіх утрымліваецца цікавая навуковая інфармацыя на медыцынскую тэматыку. У фондзе бібліятэкі захоўваюцца старадрукаваныя выданні Гіппакрата і Авіцэнны. У дар бібліятэка атрымала прыватныя кнігазборы беларускіх вучоных акадэміка Д.А. Макарава, прафесара Ю.В. Гулькевіча, прафесара М.М. Аляксандрава. Пэўную частку калекцыі рэдкіх кніг складаюць беларускія дакументы.

РНМБ атрымлівае абавязковы экземпляр усіх беларускіх выданняў, набывае літаратуру з Расіі, Украіны і іншых рэгіёнаў. У бібліятэку выпісваецца каля 300 часопісаў з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Англіі, Германіі, Францыі, Швейцарыі.

Укараненне камп’ютэрных тэхналогій у РНМБ было пачата ў 1991 г. У 1998 г. бібліятэка ўстанавіла АБІС “ИРБИС”. На 2005 г. электронны каталог новых паступленняў утрымліваў больш за 188 тыс. запісаў на кнігі, аўтарэфераты і дысертацыі, аналітычныя апісанні, перыядычныя выданні. У бібліятэцы налічваецца больш за 300 дакументаў на электронных носьбітах. Чытачы маюць магчымасць працаваць з разнастайнымі базамі данных РНМБ: “Национальная библиография по медицине и здравохранению Беларуси”, “Здравохранение в Республике Беларусь: официальный статистический сборник”, “Сводный каталог иностранных периодических изданий по медицине и смежным областям”, “Современные методы диагностики, лечения и профилактики заболеваний”, “Здравохранение Беларуси. Учреждения. Услуги и товары. Кто есть кто” і інш.

Паслугамі РНМБ карыстаюцца каля 20 тыс. чытачоў, асноўную частку якіх складаюць урачы і навуковыя супрацоўнікі медыцынскіх устаноў і арганізацый, а таксама выкладчыкі і студэнты медыцынскіх вучэбных устаноў. У рамках Праекта з Міжнародным аб’яднаннем “Сафія” пры пасрэдніцтве Медыцынскай бібліятэкі універсітэта штата Юта (ЗША) ў бібліятэцы ажыццяўляецца электронная дастаўка дакумента.

Адным з вядучых кірункаў у дзейнасці РНМБ з’яўляецца інфармацыйнае забеспячэнне карыстальнікаў з прымяненнем тэлекамунікацыйных тэхналогій. Бясплатны доступ да інфармацыйных рэсурсаў тэлекамунікацыйнага вузла РНМБ і сусветных рэсурсаў Інтэрнет атрымліваюць больш за 250 абанентаў, якія прадстаўляюць каля 50 арганізацый і устаноў Міністэрства аховы здароўя.

Важкім кірункам у працы РНМБ з’яўляецца выдавецкая і паліграфічная дзейнасць. Штогод бібліятэка выдае ў сярэднім 20 кніг і брашур; ажыццяўляе пераплёт і рэстаўрацыю кніжнай прадукцыі і інш.

РНМБ прымае актыўны ўдзел у бібліятэчным жыцці краіны. У 1992 г. бібліятэка стала адной з заснавальніц ББА, у 1995 г. – дакументальным цэнтрам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на тэрыторыі Беларусі, супрацоўнічае з Нацыянальнай медыцынскай бібліятэкай ЗША і бібліятэкай Медыцынскага цэнтра Масачусэтскага універсітэта і універсітэта штата Юта і інш. З 2005 г. РНМБ – удзельніца Кансорцыума расійскіх медыцынскіх бібліятэк па карпарытыўным аналітычным апісанні дакументаў. Бібліятэка працягвае выконваць сваю місію і прадастаўляе магчымасць эфектыўнага выкарыстання сусветных інфармацыйных рэсурсаў, што дазваляе вырашаць шырокае кола задач у медыцыне новымі метадамі з эканоміяй матэрыяльных сродкаў.

Дзяржаўная установа“Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка” (БелСГБ,у 1974–2006 гг. дырэктар – Уладзімір Аляксандравіч Голубеў, з лютага 2006 г. – Валянціна Васільеўна Юрчанка). БелСГБ з’яўляецца нацыянальным інфармацыйным цэнтрам па праблемах аграпрамысловага комплекса. Створаная па распараджэнні Савета Міністраў БССР у 1960 г., бібліятэка з 2003 г. увайшла ў склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На пачатку 1990-х гг. на аснове распрацаванага ў бібліятэцы праекта, адбылася трансфармацыя і перабудова яе дзейнасці, накіраваная на прадастаўленне свабоднага доступу да міжнародных і нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў па праблемах аграпрамысловага комплексу. Бібліятэка прыняла новыя арыенціры развіцця, практычна поўнасцю змяніла тэхналогіі, перайшоўшы спачатку да выкарыстання персанальных камп’ютэраў, затым да сеткавай тэхналогіі, і да Інтэрнет.

У БелСГБ сабрана самая прадстаўнічая ў Беларусі калекцыя літаратуры па сельскай і лясной гаспадарцы, харчовай прамысловасці, прыродных рэсурсах, ахове навакольнага асяроддзя. У фондах бібліятэкі – звыш 0,5 млн. дакументаў: манаграфій і зборнікаў, аўтарэфератаў дысертацый, перыядычных і выданняў, што прадаўжаюцца, інфармацыйных матэрыялаў на рускай, беларускай, англійскай і іншых мовах. Сёння ў бібліятэцы дзейнічае лакальная сетка на аснове Інтэрнет тэхналогіі. Доступ да інфармацыі і яе тэхналогія рэалізаваны пры дапамозе аўтаматызаванай сістэмы бібліятэкі ІРБІС. Камунікатыўным фарматам з’яўляецца UNIMARC. БелСГБ у сваёй дзейнасці цесна звязана з усімі буйнейшымі бібліятэкамі Беларусі па ўзаемакарыстанні нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, у т.л. па МБА і па выкарыстанню баз даных. Бібліятэка з’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Развівае прамыя сувязі з нацыянальнымі сельскагаспадарчымі бібліятэкамі і інфармацыйнымі цэнтрамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы і Амерыкі, купляючы і абменьваючы літаратуру і базы даных. Найбольш плённыя сувязі усталяваны з Нацыянальнай сельскагаспадарчай бібліятэкай ЗША і Цэнтральнай сельскагаспадарчай бібліятэкай Расіі, куды перадаецца кантрольны экземпляр сельскагаспадарчай літаратуры, што выдадзена ў Беларусі. З 1992 г. БелСГБ уваходзіць у Аб’яднанне цэнтральных сельскагаспадарчых бібліятэк краін СНД і эфектыўна выкарыстоўвае магчымасці Аб’яднання для пошуку і дастаўкі літаратуры карыстальнікам. Больш за 200 замежных арганізацый абменьваюцца літаратурай з БелСГБ.

На 1999 г. у бібліятэцы былі аўтаматызаваны ўсе працэсы. У камп’ютэрах бібліятэкі сёння 40 баз даных (каля 15 млн. запісаў) і сотні тысяч старонак поўных тэкстаў. Бібліятэка прапаноўвае карыстальнікам больш за 30 інфармацыйных, тэхнічных і адукацыйных паслуг. БелСГБ з’яўляецца членам 10 міжнародных арганізацый і асацыяцый.

БелСГБ ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва бібліятэкамі сваёй галіны. Па Беларусі – гэта 5 навукова-вытворчых цэнтраў, 18 інстытутаў НАН Беларусі, 10 вопытных станцый, 5 ВНУ, 28 тэхнікумаў.

Дзяржаўная установа“Фундаментальная бібліятэка БДУ”(ФБ БДУ; у 1970–1999 гг. дырэктар бібліятэкі – Ірына Уладзіміраўна Арэхоўская; з кастрычніка 1999 г. дырэктар – Пётр Міхайлавіч Лапо).

Сучасны універсальны фонд бібліятэкі – багацейшы збор навуковай, вучэбнай, даведачнай, літаратурна-мастацкай літаратуры, які налічвае звыш 2 млн. экз. дакументаў на беларускай, рускай і іншых мовах. Штогод бібліятэкай набываецца каля 40 тыс. экз. новых кніг, выпісваецца звыш 600 назваў айчынных і звыш 130 назваў замежных перыядычных выданняў; ажыццяўляецца кнігабмен з 136 навуковымі і вучэбнымі установамі з 21 краіны свету. 40% фонду бібліятэкі займаюць вучэбныя выданні.

Гонарам ФБ БДУ з’яўляецца фонд рэдкіх і каштоўных выданняў, у склад якога ўваходзяць звыш 14 тыс. экз. кніг XVI – пач. ХХ ст. кірылічным, гатычным, лацінскім, рускім грамадзянскім шрыфтамі; і каля 10 тыс. экз. дарэвалюцыйных часопісаў. Вызначаюцца такія выданні, як “Арифметика” Магніцкага (1703), “Древняя Российская история” М.В. Ламаносава (1766), “Письма Петра Великого” (1774). Асаблівае месца займае калекцыя нацыянальных дакументаў і беларусікі: “Белорусский архив древних гармот” (1824), працы Я. Карскага, П. Шэйна, Д. Булгакаўскага, А. Грушэўскага, І. Сербава, І. Насовіча, М. Любаўскага, У. Пічэты, прыжыццёвыя выданні класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі і інш. Значную цікавасць уяўляюць выданні прыватных друкарняў Беларусі ХІХ – пач. ХХ ст., а таксама калекцыя даваенных выпускаў перыядычных выданняў БДУ.

Рукапісны фонд ФБ БДУ налічвае каля 5 тыс. доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, абароненых у БДУ, і каля 2,6 тыс. справаздач аб навуковых даследаваннях, выкананых кафедрамі універсітэта. Вялікую каштоўнасць маюць малатыражныя выданні буйнейшых акадэмій і ВНУ Расіі, Украіны, краін Балтыі.

Наведвальнікамі бібліятэкі з’яўляюцца каля 21 тыс. чытачоў, у тым ліку 16 тыс. студэнтаў, якім прадастаўляецца 14 галіновых і спецыялізаваных залаў на 700 месц і 8 абанементаў. Штодня бібліятэку наведваюць больш за 3 тыс. чытачоў. ФБ БДУ абслугоўвае 20 факультэтаў, 5 навукова-даследчых інстытутаў, 4 нацыянальныя навуковыя цэнтры, 20 навуковых цэнтраў, 150 кафедр, 114 навукова-даследчых лабараторый, 11 вучэбных устаноў, 9 вытворчых прадпрыемстваў.

Традыцыйна бібліятэка займаецца навукова-бібліяграфічнай работай, вынікам якой сталі каля 20 паказальнікаў, сярод якіх “В.И. Пичета” (1978), “Белорусский государственный университет”, “Издания Фундаментальнай библиотеки Белгосуниверситета” (1996), “Диссертации, которые защищены в Белорусском государственном университете (1982–1994)” (1997), “Кастусь Каліноўскі” (2000), «“Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта”: сістэматычны паказальнік артыкулаў (1969–1999) “Сацыяльныя і гуманітарныя навукі”» (2003) і інш.

З 1990–1992 гг. пачата ўкараненне ў працу бібліятэкі аўтаматызацыі. З 1994 г. вядзецца даступны ў лакальнай сетцы універсітэта электронны каталог бібліятэкі, а з 1999 г. – арганізаваны яго доступ у сетцы Інтэрнет на сайце бібліятэкі (каля 50 тыс. бібліяграфічных запісаў). З сярэдзіны 2000 г. супрацоўнікі бібліятэкі ствараюць базы даных з аналітычнаым роспісам артыкулаў з перыядычных выданняў. У 2001 г. створана электронная база даных “Статьи из журналов ХІХ века”. У 2002 г. створана служба электроннай дастаўкі дакументаў і пачата работа па стварэнню размеркаванай віртуальнай бібліятэкі ў межах міжнароднага міжвузаўскага праекта “Віртуальная бібліятэка” (удзельнічаюць БДУ, БДЭУ, БДУІР). Бібліятэка прымае ўдзел у кансорцыуме BelLibNet, які створаны пад эгідай ББА (уваходзіць 14 навуковых бібліятэк і бібліятэк ВНУ). З 2004 г. у ФБ БДУ вядзецца аўтаматызаваны ўлік ўсіх паступленняў у бібліятэку, пачата таксама алічбоўка дакументаў у межах рэалізацыі праекта па стварэнню страхавога фонда рэдкіх і каштоўных выданняў. Бібліятэка БДУ адна з 5 бібліятэк ВНУ Беларусі, якія ўдзельнічаюць у праекце стварэння зводнай анатаванай бібліяграфічнай базы даных бягучых перыядычных выданняў МАРС.

У 1998 г. ФБ БДУ атрымала статус дэпазітарнай бібліятэкі ААН і стала 365-й бібліятэкай у сусветнай сістэме дэпазітарыеў ААН і другой дэпазітарнай бібліятэкай у рэспубліцы. З 2001 г. бібліятэка з’яўляецца таксама дэпазітарнай бібліятэкай бібліятэкі Міжнароднага валютнага фонда ў Беларусі. Удзельнічае бібліятэка і ў шэрагу міжнародных праектаў: “Электронная информация для библиотек” (з 2000 г.), “Виртуальная библиотека”, мегапраект “Пушкинская библиотека” (з 1999 г.).

Бібліятэка падтрымлівае шырокія міжнародныя сувязязі і супрацоўнічае з вучэбнымі і навуковымі установамі з Францыі, ЗША, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Японіі. З 2000 г. ФБ БДУ – член Асацыяцыі служб электроннай дастаўкі дакументаў, якая аб’ядноўвае буйнейшыя навуковыя і універсітэцкія бібліятэкі Расіі.

Больш за 30 гадоў ФБ БДУ з’яўляецца Рэспубліканскім метадычным цэнтрам сеткі бібліятэк ВНУ рэспублікі, якая ўключае звыш 50 бібліятэк дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ. Разгляду дзейнасці бібліятэкі прысвечаны кніга І.У. Арэхоўскай “Библиотечные тайны” (2001) і выданне да 85-годдзя універсітэцкай бібліятэкі “Фундаментальная библиотека: история и современость, 1921–2006” (2006).

Навукова-педагагічная бібліятэка Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (НПБ).Да 2002 г. Навукова-педагагічная бібліятэка мела назву (РНПБ) і статус самастойнай рэспубліканскай бібліятэкі (у 1980–1986 гг. – дырэктар Ірына Аляксандраўна Прылішч,з 1989 г. – Алена Васільеўна Шамелава). Сённня НПБ застаецца навуковай галіновай бібліятэкай, інфармацыйна-бібліяграфічным, навукова-метадычным і каардынацыйным цэнтрам, які абслугоўвае педагагічных работнікаў і сетку школьных бібліятэк сістэмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Фонд бібліятэкі налічвае больш за 500 тыс. экз. кніг і перыядычных выданняў на беларускай, рускай і іншых мовах. Асноўную частку фонда (75%) складае профільная літаратура. Шырока прадстаўлена таксама літаратура па гісторыі, філасофіі,праву, мастацтву, даведачна-бібліяграфічныя выданні, мастацкія творы. РНПБ выпісывае ўсе педагагічныя газеты і часопісы, якія выходзяць у Рэспубліцы Беларусь, а таксама 107 найменняў расійскіх перыядычных выданняў. Вялікую каштоўнасць бібліятэкі ўяўляе фонд дарэвалюцыйных выданняў, які налічвае 2 769 экз. кніг і 27 назваў часопісаў па педагогіцы, псіхалогіі, сямейнаму выхаванню, выдадзеныя ў ХIХ – пач. ХХ стст.

Асаблівасцю НПБ з’яўляецца наяўнасць рэзеровага фонда, які быў створаны ў 1990 г. з мэтай аказання дапамогі беларусам замежжа ў вывучэнні роднай мовы, літаратуры, гісторыі і культуры свайго народа і забеспячэння іх падручнікамі і метадычнай літаратурай да іх.

Сёння НПБ абслугоўвае ўсе асноўныя катэгорыі спецыялістаў у сферы адукацыі (навуковыя работнікі, выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў, работнікі школ, дашкольных устаноў, студэнты, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і г.д.). Да іх паслуг – дамашні абанемент, чытальная зала, завочны бібліятэчны абанемент, міжбібліятэчны абанемент, зала каталогаў і картотек.

У сістэме разнастайных форм абслугоўвання значнае месца займае інфармацыйная і даведачна-бібліяграфічная дзейнасць. Бягучае бібліяграфічнае забеспячэнне з 1991 па 1994 год ажыццяўлялася шляхам выдання штоквартальнага інфармацыйнага бюлетэня новых паступленняў, з 1995 г. публікуюцца ў рэспубліканскім перыядычным друку: “Настаўнiцкай газеце”, часопісах “Пачатковая школа”, “Пралеска”, “Адукацыя i выхаванне” і 16-ці метадычных часопісах серыі “У дапамогу педагогу”. Бібліятэка вядзе мэтанакіраваную работу ў галіне падрыхтоўкі рэтраспектыўных бібліяграфічных выданняў у адпаведнасці са сваімі задачамі і функцыямі.

З 1990 г. бібліятэка займаецца аўтаматызацыяй бібліятэчных працэсаў, з 1993 г. ствараецца электроны каталог і бібліяграфічная база даных па педагогіцы. Сістэма баз даных уключае наступныя базы даных: “Педагогіка. Псіхалогія”, “Мастацкая літаратура”, “Шматгаліновая літаратура”, “Аўтарэфераты”, “Падручнікі і вучэбныя дапаможнікі”, “Дырэктыўныя дакументы”.

Да 2002 г. бібліятэка з’яўлялася метадычным цэнтрам для бібліятэк усіх тыпаў вучэбных устаноў, акрамя ВНУ (усяго больш за 4 тыс. бібліятэк). Сёння асноўная ўвага НПБ ўдзяляецца такім кірункам работы, як павышэнне кваліфікацыі работнікаў падведамасных бібліятэк, аказанне практычнай дапамогі на месцах, распрацоўка і забеспячэнне інструктыўна-нарматыўнымі і методыка-бібліяграфічнымі матэрыяламі, выяўленне і ўкараненне перадавога вопыту ў практыку работы бібліятэк. Дзейнасць НПБ накіравана на супрацоўніцтва з іншымі бібліятэкамі і арганізацыямі. Галоўнай задачай застаецца найбольш поўнае і аператыўнае забеспячэнне інфармацыяй у галіне педагогікі і адукацыі.

Рэспубліканская навукова-метадычная бібліятэка па фізічнай культуры і спорту(РНМБФК,у 1986–