Пытанні для самакантролю

Літаратура

1. Абрамов К.И. Истоки советской цензуры библиотечного дела // Библиотековедение. 1996. №6. С.66-77.

2. Абрамов К.И. История библиотечного дела в России. Ч.2. М., 2001. 160 с. [Пра К.І.Абрамава на с.4 вокладкі].

3. Абрамов К.И. История библиотечного дела в СССР. М., 1980. С.135-332.

4. Ванеев А.Н. Развитие библиотековедческой мысли в СССР. М., 1980. 232 с.

7. Володин Б.Ф. Всемирная история библиотек. СПб., 2002. С.244-289.

16. Талалакина О.И. История библиотечного дела за рубежом. М., 1982. С.157-249.

1. Які тып бібліятэк пасля першай сусветнай вайны адыгрываў важнейшую ролю ў абслугоўванні чытачоў?

2. Якая асноўная тэндэнцыя ў камплектаванні бібліятэк стала пераважаючай у першай палове ХХ ст.?

3. Што новага з’явілася ў прафесійнай дзейнасці спецыяльных бібліятэк?

4. На чым заснаваны ўзаемаадносіны паміж бібліятэкамі і якія формы ўзаемаадзеяння вы ведаеце?

5. Калі і з якой мэтай быў створаны Міжнародны бібліяграфічны інстытут?

6. Калі была створана Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый ІФЛА?

7. Якое развіццё атрымліваюць канцэпцыі народнай бібліятэкі і англа-амерыканская канцэпцыя публічных бібліятэк пасля першай сусветнай вайны?

8. Які прынцып быў пакладзены ў аснову арганізацыі бібліятэчнай справы ў СССР?

9. Што стала пачаткам маштабнай нацыяналізацыі бібліятэк?

10. Які прынцыпова іншы тып агульнадаступнай бібліятэкі склаўся ў СССР?

11. Дзе ўпершыню У.І.Ленін выкарыстаў паняцце “швейцарска-амерыканская” бібліятэчная сістэма?

12. Як развіваецца сістэма падрыхтоўкі кадраў для бібліятэк у СССР?

13. Якія бібліятэкі выконвалі функцыю нацыянальных бібліятэк?

14. Чым сталі навуковыя бібліятэкі Трэцяга Рэйха?

15. Якія страты былі нанесены бібліятэкам Другой сусветнай вайной і як паўплывала на дзейнасць бібліятэк “халодная вайна”?

16. Што агульнае вызначаецца ў бібліятэчнай справе сацыялістычных краін?

17. Чым вызначалася камплектаванне бібліятэчных фондаў у савецкі час?

18. Калі і якія дэмакратычныя змены пас\чаліся ў жыцці бібліятэк сацыялістычнага лагеру?

19. Каго з бібліятэказнаўцаў вы ведаеце, хто зрабіў значны ўклад у развіццё гісторыі бібліятэчнай справы і бібліятэказнаўчай думкі ў СССР?

20. Роля ЮНЕСКА ў міжнародным бібліятэчна-бібліяграфічным супрацоўніцтве?

21. Якія міжнародныя арганізацыі ў галіне бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці вы ведаеце?

22. Калі і ў якіх краінах быў прыняты першы міждзяржаўны план камплектавання замежнай літаратурай?

23. Якія карпаратыўныя праекты вы ведаеце?

24. Калі пачынаюць актыўна ўкараняцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў дзейнасць бібліятэк?

25. Дзе ўзнікае новы тып бібліятэкі – незалежная даследчая бібліятэка?

26. Што такое электронная бібліятэка?

27. Якія змены праявіліся ў дзейнасці нацыянальных бібліятэк у эпоху інфарматызацыі?

28. Роля цэнтральных рэгіянальных бібліятэк як краязнаўчых цэнтраў?

29. Як вы разумееце політыпалагічнасць бібліятэк?

30. Якія функцыі застаюцца нязменнымі, пастаяннымі?

 

ЛЕКЦЫЯ 14. Бібліятэчная справа ў БССР

У адпаведнасці з дэкрэтамі СНК РСФСР “Аб ахове бібліятэк і кнігасховішч” і “Аб парадку рэквізацыі бібліятэк, кніжных складаў і кніг наогул” (1918 г.) на тэрыторыі Беларусі ў 1919–1920-х гг. пачалася іх рэалізацыя Наркамасветы БССР. Нацыяналізаваныя кнігі перадаваліся і новым бібліятэкам. Было створана спецыяльнае кнігасховішча ў Мінску. Частка асабліва каштоўных кніг – рукапісы, інкунабулы, страдрукаваныя выданні – была адпраўлена ў бібліятэчны аддзел Наркамасветы РСФСР.

Сельскае насельцтва абслугоўвалі пераважна “хаты-чытальні” (“избы-читальни”), якія праводзілі ідэі партыі. На канец 1920 г. у Віцебскай губерні іх налічвалася 416, у Гомельскай – 772, у Мінскай – 1130.

Функцыянавалі навуковыя і спецыяльныя бібліятэкі (Горы-Горыцкая сельскагаспадарчага інстытута).

У студзені 1919 г. пачалі працаваць курсы па падрыхтоўцы кадраў для бібліятэк пра аддзелах народнай адукацыі.

У красавіку 1921 г. пры Галоўпалітасвеце БССР створана цэнтральная міжведамасная бібліятэчная камісія (ЦБК). 26–28 снежня 1921 г. прайшла Першая Усебеларуская канферэнцыя бібліятэчных работнікаў, на якой было зацверджана 7 цэнтралізаваных сістэм – Мінская гарадская і 6 павятовых, быў прыняты план цэнтралізацыі сеткі бібліятэк.

Ролю нацыянальнай бібліятэкі выконвала, адкрытая 1 кастрычніка 1921 г. бібліятэка Белдзяржуніверсітэта. Пастановай СНК БССР ад 15 верасня 1922 г. бібліятэка была пераўтворана ў Беларускую дзяржаўную і універсітэцкую бібліятэку. Пры бібліятэцы была створана Беларуская кніжная палата. З 1922 г. у бібліятэцы стаў працаваць беларускі аддзел. На 1925 г. фонд бібліятэкі – 220 тыс. экз. 10 жніўня 1932 г. бібліятэка была рэарганізавана ў Дзяржаўную бібліятэку і Бібліяграфічны інстытут імя У.І.Леніна. У 1930-я гг. першым дырэктарам Іосіфам Бенцыянавічам Сіманоўскім арганізаваны МБА. На 1941 г. у Дзяржаўнай бібліятэцы налічвалася звыш 2 млн. экз.

У 1925 г. створана бібліятэка Інбелкульта, якая пасля пераўтварэння Інбелкульта ў АН БССР, з 1929 г. – бібліятэка АН БССР. У бібліятэцы налічвалася 30 тыс. экз. літаратуры. У 1941 г. на аснове пастановы “Аб перадачы маёмасці і каштоўнасцей замка Радзівіла” бібліятэка атрымала бібліятэку і архіў Радзівілаў з Нясвіжа. На 1941 г. у бібліятэцы налічвалася 345 тыс. экз.

У 1938 г. філіял Дзяржаўнай бібліятэкі пры Доме ураду пераўтвораны ва Урадавую бібліятэку імя М.Горкага. Бібліятэкі існавалі пры 26 ВНУ. У 1940 г. пры Мінскім медінстытуце створана Рэспубліканская медыцынская бібліятэка.

З 1929 г. пачалася падрыхтоўка кадраў пры Магілёўскім палітасветтэхнікуме, дзе былі арганізаваны пастаянныя курсы і пашыраны набор на бібліятэчнае аддзяленне.

У 1929 г. пачаў працу бібліятэчны калектар у сістэме ЦС прафсаюзаў Беларусі. Пашрылася колькасць прафсаюзных бібліятэк, узрасла колькасць масавых бібліятэк. Аднак недахоп у літаратуры быў вельмі адчувальным, асабліва пасля “чыстак” бібліятэчных фондаў, калі заставалася толькі палова фондаў. У 1934 г. быў праведзены перапіс бібліятэк, па чкім у БССР налічвалася 4259 масавых, 1 – дзіцячая, 430 – навуковых і спецыяльных бібліятэк. Усяго – 9715 бібліятэк з фондам у 9 млн. 766 229 экз.

За гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэкі Беларусі, кніжныя фонды якіх не былі эвакуіраваны, панеслі вялікія і, у большасці сваёй, непапаўняльныя страты: знішчана і разрабавана каля 500 навуковых бібліятэк з кніжным фондам у 5 млн. тамоў, 4172 масавыя бібліятэкі, валодаўшыя 5027,9 тыс. тамоў. Пад разбурэнне трапіла больш за 90% будынкаў, дзе размяшчаліся бібліятэкі.

Значную ролю ў папаўненні беларускіх бібліятэк адыграў, створаны ў лютым 1943 г. па рашэнню СНК СССР Дзяржаўны фонд літаратуры. Літаратура для бібліятэк Беларусі перадавалася і з дублетных фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І. Леніна, Бібліятэкі АН СССР, Публічнай бібліятэкі імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына, бібліятэк гарадоў Тбілісі, Ерэвана, Ташкента, Баку, Рыгі, Вільнюса, Тарту, Казані, Саратава і іншых.

З даваеннага кніжнага фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (заснавана ў 1922 г.), які налічваў каля 2 млн. экземпляраў, засталася ўсяго 321,3 тыс. экземпляў. Літаратура для бібліятэкі стала паступаць у сталіцу адразу ж пасля вызвалення Мінска, у пачатку ліпеня 1944 г.: з Дзяржаўнага фонда літаратуры (35 тыс.), Усесаюзнай кніжнай палаты (55 тыс. экземпляраў). Усяго за 1944 – 1945 гг. з розных крыніц камплектавання было сабрана каля 600 тыс. экземпляў.

Значныя страты ў час вайны панесла і бібліятэка АН БССР (заснавана ў 1925 г.), памяшканне якой выкарыстоўвалася пад салдацкія казармы, а пасля з рэшткамі кніг і абсталявання было спалена. Даваенны фонд бібліятэкі налічваў толькі 345 тыс. друкаваных адзінак апрацаванай літаратуры, акрамя гэтага чакала адпаведнага афармлення 20-цітысячная кніжная калекцыя Радзівілаў, прывезеная ў 1940 г. з Нясвіжа. За час вайны каштоўнейшыя фонды бібліятэкі трапілі пад разрабаванне. Работу па аднаўленню фонда бібліятэкі пачалі праводзіць таксама яшчэ ў 1943-1944 гг. у Маскве, куды была эвакуіравана АН БССР. Акрамя адбору кніг з дзяржаўных кніжных фондаў маскоўскіх бібліятэк, значная частка літаратуры куплялася ў букіністычных магазінах, набываліся прыватныя бібліятэкі вучоных. У выніку для бібліятэкі было сабрана 25 тыс. экземпляраў кніг. Праводзіўся пошук і вяртанне ў бібліятэку літаратуры, вывезенай фашыстамі, а таксама той, якая захоўвалася пад час акупацыі ў мінчан. Дзякуючы гэтай працы ў бібліятэку было вернута больш 7 тыс. кніг.

Не мінулі рабаўнікі і фонд Урадавай бібліятэкі імя М. Горкага (заснавана ў 1933 г.), які таксама аказаўся не эвакуіраваным з Мінска і панёс значныя страты. У пачатку 1944 г. у прыгарадзе Гомеля Нова-Беліцы, дзе на той час часова размяшчаўся урад БССР, пачаўся шлях аднаўлення бібліятэкі. Ужо праз пяць дзён пасля вызвалення сталіцы, 8 ліпеня, СНК БССР вызначыў пастаянны штат Урадавай бібліятэкі імя М. Горкага (дырэктар Сямён Восіпавіч Ашаровіч), якая першай з навуковых бібліятэк рэспублікі пачала дзейнасць у горадзе.

У ліпені 1944 г. узнаўляецца Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка. Фонд бібліятэкі, створанай напярэдадні вайны, у 1940 г., быў поўнасцю знішчаны. Чатыры пасляваенныя гады былі накіраваны на фарміраванне фонда, стварэнне даведачнага аппарату бібліятэкі. І толькі ў 1948 г. у бібліятэцы пачала праводзіцца актыўная работа з чытачамі.

1 жніўня 1944 г. у Мінск з падмаскоўнай станцыі Сходня вярнулася бібліятэка Беларускага дзяржаўнага універсітэта (заснавана ў 1921 г.), якая налічвала каля 24 тыс. кніг і 1 тыс. часопісаў, перададзеных акрамя Дзяржфонда літаратуры з бібліятэк Маскоўскага універсітэта, Маскоўскага педагагічнага інстытута, набытых у букіністычных магазінах і ў прыватных асоб. Бібліятэка разгарнула сваю дзейнасць ужо ў пачатку 1944-45 навучальнага года.

Пасля вызвалення Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі і іншых краін у сталіцу стала паступаць і трафейная літаратура, у тым ліку вывезеная фашыстамі з навуковых бібліятэк Беларусі. Да канца 1945 г. было атрымана каля 60 вагонаў кніг колькасцю каля 1 млн. тамоў, значная частка якіх раней належала Дзяржаўнай бібліятэцы БССР. Сярод гэтых кніг былі старадрукі і рэдкія кнігі, у тым ліку і кнігі беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

Першыя дзяржаўныя мерапрыемствы ў галіне бібліятэчнай справы тычыліся як узнаўлення кніжнага фонду бібліятэк сталіцы і Беларусі (“Аб узнаўленні кніжнага фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І.Леніна, абласных, гарадскіх і раённых бібліятэк” (ліпень 1944 г.), так і падрыхтоўкі бібліятэчных кадраў. У кастрычніку 1944 г. адкрываецца бібліятэчны факультэт у Мінскім педагагічным інстытуце, а з 1946 г. у Мінску працуе яшчэ і бібліятэчны тэхнікум (у 1961 г. пераведзены ў Магілёў). У складзе Камітэта па справах культурна-асветніцкай работы СНК БССР у красавіку 1945 г. арганізавана бібліятэчнае ўпраўленне.

У верасні 1944 г., нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, у напалову разбураным і неацяпляльным будынку пачынае абслугоўванне чытачоў Дзяржаўная бібліятэка БССР. У гэтым жа будынку былі выдзелены тры стэлажы і адзін рабочы стол для бібліятэкі АН БССР. Кнігі назапашваліся ў калідорах і паграбах. На 1946 г. фонд бібліятэкі АН БССР дасягнуў 250 тыс. экземпляраў. Камплектаванне бібліятэкі каардынавалася Дзяржаўнай бібліятэкай БССР, тым больш, што дырэктарам па сумяшчальніцтву быў І.Б. Сіманоўскі (да пачатку 1950 г.). Бібліятэка АН БССР у камплектаванні аддавала перавагу прыродазнаўчым і дакладным навукам, а ДБЛ БССР – грамадскай і гуманітарнай літаратуры.

Ужо ў маі 1945 г. разглядаецца пытанне аб аднаўленні масавых бібліятэк і выдзяленні для іх памяшканняў. У 1946 г. было прынята рашэнне і аб аднаўленні і выдзяленні памяшкання для першай дзіцячай бібліятэкі Беларусі імя М. Астроўскага (дырэктар Ханум Ісакавіч Гаранок), якая існавала ў Мінску яшчэ да вайны (у 1924 г.). Кніжны фонд бібліятэкі быў знішчаны і часткова вывезены. Асноўнымі крыніцамі ж паступлення літаратуры для адноўленай дзіцячай бібліятэкі сталі Бібліятэчны калектар, кніжныя крамы, ДБЛ БССР. Кнігі для дзіцячай бібліятэкі закуплялі нават у Ленінградзе. У красавіку 1947 г. бібліятэка прыняла сваіх першых юных чытачоў.

Арамя таго, што кнігі з даваенных бібліятэчных фондаў вярталіся насельніцтвам, арганізацыямі і ўстановамі, якім удалося захаваць іх ад разрабавання ў час акупацыі, вялася барацьба і з продажам бібліятэчных кніг на рынках, рэквізоўвалася літаратура ў спекулянтаў і перадавалася ў бібліятэкі горада. Усяго да канца 1945 г. у БССР было адноўлена 60,8% бібліятэк і 28% кніжнага фонду (у параўнанні з 1940 г.). Асаблівая ўвага надавалася развіццю навуковых і спецыяльных бібліятэк рэспублікі, большасць з якіх размяшчалася ў сталіцы.

У 1948 г. была наладжана работа усіх аддзелаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, агульны фонд якой па колькасці дасягнуў даваеннага ўзроўню. Бібліятэка атрымлівала ўсесаюзны бясплатны і платны экземпляры, тры камплекты абавязковага экземпляру беларускага друку, займалася ўнутрысаюзным кнігаабменам. Узрасла роля бібліятэкі як цэнтра метадычнай і бібліяграфічнай работы ў БССР. З 1947 г. пачаўся паквартальны выпуск “Летапісу друку БССР”, з 1955 г. – штомесячны. У 1948 г. упершыню былі выдадзены друкаваныя карткі на кніжную прадукцыю БССР, у 1955 г.– анатаваныя карткі для гарадскіх і раённых, сельскіх і калгасных, дзіцячых і школьных бібліятэк. Бібліятэка адна з першых узнавіла МБА. З 1946 па 1956 г. кніжны фонд ДБЛ БССР павялічыўся з 1500 тыс. да 2124 тыс. экземпляраў. Узрасла колькасць чытачоў з 9, 7 тыс. да 24, 7 тыс., колькасць кнігавыдач – з 230, 5 тыс. да 923, 3 тыс. экземпляраў.

Пасля пераезду ў адноўлены будынак АН БССР у студзені 1948 г. наладзілася інтэнсіўная праца Фундаментальнай бібліятэкі АН БССР, якая з лютага 1946 г. размяшчалася па вул. Маскоўскай. За адзін год удвая павялічылася колькасць чытачоў, у пяць раз – наведванні. Бібліятэка атрымлівала абавязковы экземпляр твораў друку СССР і беларускіх выданняў. Адным з першых, хто ахвяраваў свае кнігі ў бібліятэку быў народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас. У жніўні 1956 г. бібліятэцы прысвоена яго імя (з 25 мая 1948 г. бібліятэка насіла імя В.Г. Бялінскага). У пачатку 1950-х гг. бібліятэка прыступіла да навукова-бібліяграфічнай дзейнасці, першым вынікам якой стаў біябібліграфічны паказальнік, надруканавы ў 1952 г. на машынцы. Усталяваўся сістэматычны кнігаабмен з акадэмічнымі бібліятэкамі саюзных рэспублік, міжнародны кнігаабмен (у 1958 г. – 137 замежных партнёраў). Значнай падзеяй для бібліятэкі стала пакупка каштоўнага прыватнага збору кніг Адама Багдановіча (2, 5 тыс. экз.) у 1957 г. Рост фонда бібліятэкі (у 1958 г. – 690 тыс. экземпляраў кніг) і карыстальнікаў (3156 чытачоў, кнігавыдача – 108 тыс.) выклікалі прыняцце рашэння аб распрацоўцы праекта пабудовы спецыяльнага будынка для бібліятэкі.

У 1948 г. завяршыліся рамонтныя работы чытальнай залы і дамашняга абанемента Урадавай бібліятэкі. У 1950 г. абсталявана і адкрыта лекцыйная зала, кабінет савецкага будаўніцтва, які стаў выдаваць інфармацыйна-бібліяграфічны агляд “БССР па матэрыялах цэнтральнага друку”. З 1950 г. збіраюцца матэрыялы для хронікі г. Мінска, у шэрагу міністэрстваў створаны філіялы бібліятэкі. У 1956 г. адкрываецца кабінет новай тэхнікі. Найбольш інтэнсіўнымі гадамі камплектавання фонда былі 1944–1952 гг, калі яго колькасць узрасла больш за 234 тыс. экземпляраў. З 1944 г. бібліятэка атрымлівае абавязковы экземпляр літаратуры.

У снежні 1948 г. Рэспубліканская навукова-медыцынская бібліятэка размясцілася ў сваім даваенным памяшканні медыцынскага інстытута. Былі арганізаваны кнігасховішча і чытальная зала для навуковых работнікаў, пачалося стварэнне каталогаў і арганізацыя сеткі медыцынскіх бібліятэк. У абслугоўванні выкарыстоўваўся МБА і завочны абанемент. У 1950-я гады бібліятэка заняла вядучае становішча ў сістэме бібліятэк Міністэрства аховы здароўя БССР, у якой на 1955 г. налічвалася 184 бібліятэкі з кніжным фондам 779,1 тыс. экземпляраў. У 1954 г. медыцынская бібліятэка стала самостойнай установай, размясціўшыся пры абласной клінічнай бальніцы, і да 1960 г. была адзінай галіновай бібліятэкай Беларусі.

У 1946–1958 гг. аднаўляліся фонды і абслугоўванне чытачоў у бібліятэках ВНУ, ствараліся новыя бібліятэкі. Так, у 1948 г. адкрываецца бібліятэка пры Мінскім інстытуце замежных моў, у 1954 г. – пры інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Удасканальваецца дзейнасць бібліятэкі БДУ, у якой у 1948–1949 навучальным годзе адчыняе дзверы новая чытальная зала на 100 месцаў. Дзякуючы выдавецкай дзейнасці універсітэта (з 1947 г.), бібліятэка змагла аднавіць кнігаабмен з іншымі навуковымі ўстановамі. У 1948 г. бібліятэкай карысталіся 1563 чытачы, колькасць наведванняў дасягнула 37844, а фонд склаў 76767 тамоў.

З 1949 г. пачалося стварэнне буйнейшай гарадской публічнай бібліятэкі, якая спачатку размяшчалася ў летняй чытальні парка імя М.Горкага, а ў студзені 1952 г., калі бібліятэка атрымала новы будынак па вуліцы К.Маркса, 8 (першы загадчык М.А. Яўсейчык), ёй было надзена імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. На момант адкрыцця кніжны фонд бібліятэкі складаў 17139 экземпляраў.

У пачатку 1949 г. у БССР налічвалася 418 бібліятэк (акрамя бібліятэк пры хатах-чытальнях і сельскіх клубах), сярод якіх 12 – абласных, 27 – гарадскіх, 175 – раённых, 15 – дзіцячых. У Мінску дзейнічала шэсць самастойных бібліятэк.

4 верасня 1958 г. у Мінску адкрыта першая сярод бібліятэк саюзных рэспублік нотна-музычная бібліятэка (заг. І.С. Васюкевіч). Музычная літаратура закуплялася ў букіністычных магазінах, паступала з замежных краін – Польшчы, Венгрыі, Германіі. Яе фонд у пачатку 1959 г. склаў 10 тыс. адзінак, а карысталася бібліятэкай 1588 чытачоў. У культурна-асветніцкіх мэтах з 1960 г. бібліятэка адкрывае універсітэты культуры на розных прадпрыемствах горада, папулярызуючы тым самым музычнае мастацтва. За 10 год дзейнасці бібліятэкі яе фонд склаў звыш 82 тыс. адзінак. Бібліятэкай карысталіся 6 тыс. чытачоў. У 1990 г. фонд бібліятэкі – 20770 адзінак, карыстальнікаў – 9 тыс.

У 1958 г. новыя памяшканні атрымліваюць старэйшыя публічныя бібліятэкі – гэта бібліятэка імя Л.М. Талстога, якая ўзнавіла сваю дзейнасць у снежні 1946 г. (заг. Л.І. Кавалеўская), і дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (у Мінску). У 1959 г. у Мінску адбылася першая агульнагарадская канферэнцыя бібліятэчных работнікаў, на якой былі падведзены вынікі аднаўлення бібліятэчнай справы пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адзначаны страты каштоўнейшых кніжных калекцый па гісторыі Беларусі. Для рэалізацыі функцыі дзяржаўнага кантролю і каардынацыі работы бібліятэк усіх ведамстваў у студзені 1960 г. ствараецца Бібліятэчная інспекцыя Міністэрства культуры БССР (7 ліпеня 1987 г. пераўтворана ў аддзел бібліятэк), і міжведамасныя бібліятэчныя саветы, арганізаваныя пры Міністэрстве культуры, абласных упраўленнях, гарадскіх і раённых аддзелах культуры.

У пачатку 1960-х гадоў атрымліваюць распаўсюджанне грамадскія бібліятэкі пры домаўпраўленнях. У сталіцы размяшчалася 16 грамадскіх бібліятэк.

Па перапісу бібліятэк Беларусі, праведзенаму ў 1960 г., у Мінску дзейнічала 468 бібліятэк розных тыпаў: 127 – масавых, 74 – школьныя, 29 – навуковых, 35 – бібліятэк ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 69 – тэхнічных. Былі таксама ўлічаны бібліятэкі навукова-даследчых інстытутаў, органаў кіравання, медыцынскіх устаноў.

У пачатку 1960-х гадоў складваюцца і арганізацыйна афармляюцца сістэмы універсальных і галіновых навуковых бібліятэк, адкрываюцца новыя бібліятэкі, у кожнай сістэме вызначаецца галоўная бібліятэка – цэнтр метадычнага і бібліяграфічнага кіраўніцтва бібліятэкамі сваёй сістэмы, каардынацыі іх работы. Так, у сакавіку 1960 г. на базе бібліятэкі Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР была арганізавана Беларуская рэспубліканская навуковая сельскагаспадарчая бібліятэка, у верасні 1965 г. – Беларуская рэспубліканская навукова-педагагічная бібліятэка, у 1967 г. – Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная бібліятэка па фізічнай культуры (дырэктар К.М. Паневіна). Рэспубліканскія і абласныя універсальныя бібліятэкі былі вызначаны як вядучыя ў рэгіянальнай інфармацыйнай сістэме. Прадугледжвалася ўзаемадзеянне бібліятэк рэгіёна і органаў навукова-тэхнічнай інфармацыі.

Да 40-годдзя з часу заснавання новы корупс атрымала ДБЛ БССР. У спецыяльна ўзведзеныя будынакі пераязджаюць ФБАН БССР (снежнь 1967 г.), Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна (лістапад 1971 г.), Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Я. Купалы (1976 г.), РНМБ (1977 г.).

У гэты перыяд актывізуецца і працэс арганізацыі абласных, раённых дзіцячых бібліятэк. У 1978–1988 гг. у ДБЛ БССР працаваў спецыялізаваны аддзел, які выконваў функцыі навукова-метадычнага і навукова-даследчага цэнтра па рабоце з дзецьмі.

Па рашэнню Мінгарвыканкама 28 лютага 1968 г. буйнейшая гарадская бібліятэка імя Я. Купалы стала цэнтральнай бібліятэкай. Пачала ажыццяўляць метадычнае кіраўніцтва масавымі бібліятэкамі горада. У 1972 г. абслугоўвала каля 10 тыс. чытачоў, 60% з якіх складала моладзь. Праўда, біблітэчная інспекцыя адзначала недастатковы працэнт у складзе чытачоў рабочай моладзі (6, 5%), а таксама адсутнасць адпаведных кантактаў з камсамольскімі арганізацыямі. Дарэчы, цалкам па Мінску ў гэты час з 220 тыс. камсамольцаў, чытачамі бібліятэк з’яўляліся 132 тыс., г.зн. 60%. На базе адной з масавых бібліятэк сталіцы была створана першая ў рэспубліцы спецыяльная гарадская маладзёжная бібліятэка “Юнацтва” (1967 г.), якая ў 1976 г. размясцілася ў новым памяшканні па вуліцы Прытыцкага, 42. Хаця сетка масавых бібліятэк Мінска ў канцы 1960-х гг. прадаўжала папаўняцца, напрыклад бібліятэкай № 15 па вул. Талбухіна, у новы будынак пераехала бібліятэка № 10, аднак у новых мікрараёнах бібліятэк не хапала. Таму большы попыт мелі бібліятэкі па месцы працы. Так, у Мінску дзейнічалі 113 бібліятэк прафсаюзных арганізацый, некаторыя з якіх, напрыклад бібліятэкі трактарнага, аўтамабільнага і шарыкападшыпнікавага заводаў, мелі спецыяльныя добра абсталяваныя памяшканні.

Паляпшэнню бібліятэчна-бібліяграфічнага і інфармацыйнага абслугоўвання спецыялістаў садзейнічала адзіная сістэма МБА, якая была сфарміравана ў пачатку 1970-х. Дзейнічала 9 рэспубліканскіх галіновых цэнтраў МБА: ДБЛ БССР і ФБАН БССР – па грамадскіх навуках, літаратуразнаўству, мастацтву і мовазнаўству; РНПБ – па педагагічных навуках і народнай адукацыі; ФБАН БССР і ФБ БДУ – па грамадскіх і дакладных навуках; Урадавая бібліятэка – па тэхнічных навуках, Дарожная навукова-тэхнічная бібліятэка Беларускай чыгункі – па чыгуначным транспарце; РНСГБ – па сельскай гаспадарцы; РНМБ – па медыцыне; РНМБФК – па фізічнай культуры і спорту. У абласцях выдзялялася 25 універсальных і галіновых цэнтраў МБА.

На 1 сакавіка 1971 г. у рэспубліцы налічвалася 20358 бібліятэк з кніжным фондам 116473 тыс. экземпляраў. Бібліятэчным абслугоўваннем было ахоплена 80% насельніцтва. Кніжны фонд толькі мінскіх бібліятэк склаў каля 20 млн. экземпляраў. Найбольшай папулярнасцю карысталіся бібліятэкі на прадпрыемствах і ўстановах, а таксама ўласныя бібліятэкі. Беднасць фондаў масавых бібліятэк і іх ідэалагічная накіраванасць параджалі дэфіцыт пэўнай літаратуры, якую можна было адшукаць, у большасці, у прыватных фондах хатніх бібліятэк. Тым не менш, 1972 год у БССР быў абвешчаны Міжнародным годам кнігі, бібліятэкі і навыкаў чытання. У гэты год адзначалася 50 год з часу заснавання ДБЛ БССР. У дар ад ДБЛ СССР бібліятэка атрымала “Астрожскую Біблію” Івана Фёдарава 1581 году выдання.

У пачатку 1970-х гг. вырашаліся і задачы падрыхтоўкі кадраў і павышэння кваліфікацыі. Так, у 1971 г. быў створаны Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, а ў 1975 г. на базе бібліятэчнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута – Мінскі інстытут культуры. З 1970 г. пачынаюць адлік спецыяльныя выданні, прысвечаныя бібліятэчнай справы рэспублікі – “Вопросы библиотековедения и библиографии”. Выдаваліся спачатку Мінскім педінстытутам, з 19.... г. – Мінскім інстытутам культуры. Да ........ г. выйшла 16 выпускаў. Апошні выпуск меў назву “Пытанні ............................................................. У 1986 г. для студэнтаў бібліятэчнага факультэта быў выдадзены першы спецыяльны вучэбны дапаможнік “История библиотечного дела в БССР” М.І. Пакала. З кастрычніка 1975 г. адкрылася і бібліятэка інстытута культуры (заг. З.В. Супрун), на якую ўскладваліся задачы стварэння ўзорнай бібліятэкі і асноўнай вытворчай базы па падрыхтоўцы бібліятэчных спецыялістаў.

З пачатку 1976 г пры Міністэрстве культуры БССР пачала дзейнасць Рэспубліканская міжведамасная бібліятэчная камісія, якая і фарміравала бібліятэчную палітыку ў 1970–1980-я гады. Гэты перыяд характарызуецца актыўнай дзейнасцю калегіі Міністэрства культуры БССР і бібліятэчнага савета пры Міністэрстве культуры БССР (з кастрычніка 1976 г.).

Галоўным кірункам дзейнасці бібліятэк у 1974–1980 гг. стала цэнтралізацыя сеткі бібліятэк, у выніку якой завяршылася цэнтралізацыя сеткі масавых бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры рэспублікі, у тым ліку дзіцячых; сеткі прафсаюзных бібліятэк. Так, у 1979 г. у БССР функцыянавала 141 ЦБС – 117 раённых, 24 гарадскія, у тым ліку 2 дзіцячыя (Магілёўская і Мінская). Адзіныя фонды ЦБС БССР фарміраваліся як універсальныя.

У пачатку 1980-х гадоў арганізоўвалася праца і перасоўных пунктаў выдачы літаратуры. Так, у Мінску кніганошы ЦБС абслугоўвалі 36 прадпрыемстваў гандлю і бытавога абслугоўвання. Для нестацыянарнага абслугоўвання выкарыстоўваліся бібліёбусы. Пры бібліятэках ствараліся народныя універсітэты культуры, лекторыі, музеі, клубы па інтарэсах і інш.

У ліпені 1978 г. было прынята рашэнне аб стварэнні на базе Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М. Астроўскага цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска, у якую ўвайшлі 10 дзіцячых бібліятэк горада. Значную ролю ў абслугоўванні ў 1970–80-я гг. адыгралі такія нестацыянарныя формы абслугоўвання дзіцячага чытача, як пункты выдачы, бібліёбус, перасоўкі ў школах і піянерскіх лагерах, дзіцячых садках, а таксама філіялы.

Абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна ўзначаліла дзейнасць па цэнтралізацыі і развіццю сеткі масавых бібліятэк Мінскай вобласці, у якую ўвайшлі 28 цэнтралізаваных сістэм вобласці, аб’ядноўваючыя 944 бібліятэкі. У студзені 1989 г. адбываецца аб’яднанне абласных бібліятэк імя А.С. Пушкіна і дзіцячай імя Я. Маўра на базе абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. У 1990 г. іх аб’яднаны фонд склаў 789988 экземпляраў дакументаў, а колькасць чытачоў – 36215.

У 1980 г. у БССР была завершана і рэарганізацыя прафсаюзных бібліятэк. З 685 прафсаюзных бібліятэк рэспублікі было цэнтралізавана 449, а 50 бібліятэк прадоўжылі дзейнасць як самастойныя ўстановы. Прафсаюзныя бібліятэкі развіваліся па галіноваму прынцыпу. Большасць з іх – гэта бібліятэкі на буйнешых прадпрыемствах тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці, трактарнага і аўтамабільнага сельскагаспадарчага машынабудавання, Беларускай чыгункі. якіх стала 307

У 1977 г. на базе навукова-тэхнічнай бібліятэкі Беларускага інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і тэхніка-эканамічных даследаванняў Дзяржплана БССР, а таксама фондаў ДБЛ БССР, дублетных фондаў навукова-тэхнічнай літаратуры Урадавай бібліятэкі імя М. Горкага, ФБАН БССР створана Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка, якая стала адной з буйнейшых навуковых бібліятэк Беларусі, дэпазітарыем літаратуры па тэхніцы, эканоміцы, прамысловасці і сумежных галінах, нацыянальным цэнтрам патэнтнай дакументацыі, рэгіянальным цэнтрам па МБА, метадычным цэнтрам для сеткі навукова-тэхнічных бібліятэк прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў рэспублікі. У 1977 г. фонд бібліятэкі – 9,1 млн. экземпляраў, наведванняў – 18 тыс.

Пад канец 1970-х гадоў складваецца сістэма навукова-тэхнічнай інфармацыі ў галіне культуры і мастацтва. Выдаюцца “Хроніка культурнага жыцця рэспублікі”, паказальнік “Новая літаратура па культуры і мастацтву БССР”. Сумесна з БелДДІНТІ было вырашана пытанне аб выкарыстанні з 1985 г. у абслугоўванні абанентаў аўтаматызаванай сістэмы НТІ “Саюзкультура”. Пачалі функцыянаваць нізавыя службы ва ўстановах і арганізацыях. І ўжо ў канцы 1980-х гг. у ДБЛ БССР пачынаюць прымяняцца элементы аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў. Загадам Міністэрства культуры БССР № 184 ад 1.12.1989 г. “О создании республиканской автоматизированной информационно-библиотечной системы (АБИС)” бібліятэка вызначана ў якасці галоўнай у сістэме дзяржаўных бібліятэк. У 1986 г. выходзіць зводны каталог “Кніга Беларусі, 1517-1917” і завяршаецца работа па стварэнню каталога беларускіх перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца.

Працэсы рэарганізацыі закранулі і Кніжную палату, якая з 15 верасня 1922 г. з’ўлялася структурным падраздзяленнем ДБЛ БССР. У 1977 г. Дзяржаўная кніжная палата БССР стала самастойнай установай пры Дзяржкамітэце Савета Міністраў БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю.

Канец 1960–1980-я гады – перыяд актывізацыі навукова-даследчай работы ў вядучых бібліятэках Беларусі. Так, з 1968 г. ДБЛ БССР прыступіла да выдання зборнікаў аб развіцці бібліятэчнай справы ў рэспубліцы. У 1974 г. у пачынае працу навукова-даследчы аддзел, на які ўскладаецца функцыя рэспубліканскага навуковага цэнтра. У 1979 г. сектар рэдкай і старадрукаванай кнігі пераўтвораны ў аддзел (загадчык Таццяна Іванаўна Рошчына). ДБЛ БССР і навуковыя бібліятэкі Мінска ў гэты час правялі шэраг даследаванняў бібліятэчных фондаў, чытання моладзі, абслугоўвання студэнтаў. Адной з буйнейшых навуковых бібліятэк Беларусі, якія ажццяўлялі інфармацыйнае забеспячэнне навукова-даследчыцкай работы, па-ранейшаму заставалася і ФБАН БССР (7 мая 1981 г. перайменавана ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа АН БССР, дырэктар у 1961–1995 Міхаіл Пятровіч Стрыжонак). У сярэдзіне 1960-х гадоў створаны аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў, дзякуючы дзейнасці якога вялася праца ў галіне навуковых даследаванняў па кнігазнаўству і бібліятэчнай справе (загадчык Лідзія Іванаўна Збралевіч). У пачатку 1970-х гадоў пачалі выдавацца такія навуковыя зборнікі, як “Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии” (Вып.1-2. 1970-1972), “Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии” (1974). Бібліятэка мела 26 бібліятэк філіялаў і існавала як цэнтралізаваная сістэма, якая вызначалася самой структурай інстытутаў АН, у кожным з якіх была свая профільная бібліятэка. У 1980 г. было распрацавана “Палажэнне аб каардынацыі камплектавання кніжных фондаў буйнейшых навуковых бібліятэк г.Мінска”.

У 1980-я гг. удасканальваецца дзейнасць бібіліятэк вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у якіх значная ўвага надаецца адкрытаму доступу, паляпшэнню фарміравання фондаў. Загадам Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР “Аб зацвярджэнні бібліятэкі БДУ Рэспубліканскім метадычным цэнтрам бібліятэк вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў БССР”, прянятым у 1986 г., Фундаментальная бібліятэка БДУ зацвярджалася Рэспубліканскім метадычным цэнтрам для бібліятэк вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў БССР. Хаця неабходна адзначыць, што функцыя метадычнай і кансультацыйнай дапамогі іншым бібліятэкам ВНУ рэспублікі выконвалася ёю яшчэ з пачатку 1960-х гадоў. У 1980-я гг. палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база шэрагу бібліятэк ВНУ. У новыя памяшканні пераехалі бібліятэкі Беларускага інстытута фізічнай культуры, Мінскага медінстытута, пашырыліся плошчы бібліятэкі політэхнічнага інстытута і Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Сетка бібліятэк ВНУ у Беларусі ўключала 31 бібліятэку, 13 з якіх размяшчаліся ў Мінску.

У 1981 г. унесены змены ў пералік бібліятэк, якія выконвалі функцыі рэспубліканскіх дэпазітарыяў. Зыходзячы з профілю кніжных фондаў, былі вылучаны 5 бібліятэк-дэпазітарыеў: ДБЛ БССР, ЦНБ АН БССР, РНТБ, РНМБ, РНСГБ. Абласныя універсальныя бібліятэкі выконвалі функцыі дэпазітарыеў краязнаўчай літаратуры.

У пачатку 1980-х гг. у Мінску налічвалася 511 бібліятэк. Буйнешымі фондамі ў 1980 г. валодалі РНТБ – 12234,9 тыс., ДБЛ БССР – 5007,1 тыс., ЦНБ АН БССР – 1716,4 тыс., ФБ БДУ – 1640,6 тыс., Урадавая бібліятэка – 1110,7 тыс., РНМБ – 649,7 тыс., РНСГБ – 517,2 тыс., РНМБФК – 485,3 тыс., РНПБ – 410,0 тыс. экземпляраў.

Сацыяльна-эканамічныя і сацыяльна-культурныя змены, дэмакратызацыяграмадства, што пачаліся ў краіне з другой паловы 1980-х гг, паставілі новыя патрабаванні да зместу дзейнасці бібліятэк. У сувязі з цікавасцю да “забароненых” аўтараў і твораў, узрастае колькасць чытачоў, адначасова адчуваецца недахоп літаратуры з-за абмежаванага фінансавання бібліятэк. Асаблівай папулярнасцю ў масавых бібліятэках карыстаюцца Дні інфармацыі. Наглядаецца рост творчай ініцыятывы бібліятэкараў. У 1988 г. былі зняты абмежаванні ў падпісцы бібліятэк на перыядычны друк, пачаўся продаж насельніцтву кніг з абменных фондаў бібліятэк. Сталі выкарыстоўвацца платныя паслугі (начны абанемент, ксеракапіраванне). Знакавай падзеяй была ліквідацыя спецфондаў бібліятэк і перавод літаратуры, якая захоўвалася ў іх, у агульныя кніжныя фонды. Далейшае развіццё бібліятэк звязвалася з укараненнем новых інфармацыйных тэхналогій, паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк, узвядзеннем новага будынка для ДБЛ БССР. З ліпеня 1990 г. ДБЛ БССР і ЦНБ АН БССР аднесены да ліку навукова-даследчых устаноў. У 1990–1991-х гадах буйнейшыя навуковыя бібліятэкі Мінска прыступілі да аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў. Якасна новы этап у развіцці бібліятэчнай справы Беларусі быў звязаны і з адраджэннем нацыянальнай свядомасці, культуры, мовы.

З канца 1980 – пач. 1990-х гг. ствараюцца бібліятэкі шэрагу грамадскіх арганізацый і таварыстваў, аднаўляюцца царкоўныя бібліятэкі. Так, 1 сакавіка 1988 г. рашэннем Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку створаны культурна-асветніцкі цэнтр “Выспа” (існаваў да 2002 г.). У яго структуру ўваходзіла і ЦБС, якая ўключала Цэнтральную бібліятэку (зараз Спецыяльная гарадская бібліятэка для сляпых г. Мінска) і 17 філіялаў у ва ўсіх буйнейшых гарадах Беларусі. Кніжныя фонды гэтых бібліятэк акрамя звычайнай друкаванай прадукцыі змяшчалі спецыяльную літаратуру для інвалідаў па зроку: агучаную і рэльефна-кропкавую літаратуру шрыфтам Брайля. ЦБС забяспечвала 7 спецшкол і мела 8 бібліятэк-перасовак.

Адначасова, у пачатку 1990-х гг. адбываецца працэс рэарганізацыі і скарачэння дзяржаўных бібліятэк: прафсаюзных, школьных, спецыяльных і навуковых. На 1990 г. у Беларусі налічвалася больш за 12 тысяч бібліятэк розных ведамстваў, з іх 6239 – публічныя бібліятэкі, у тым ліку ў гарадах 1248, у сельскай мясцовасці – 4991, кніжны фонд якіх складаў 93, 3 млн. экземпляраў. Аднак на працягу толькі гэтага года было зачынена больш за 750 бібліятэк (13%). Самай складанай праблемай стала камплектаванне бібліятэчных фондаў. Абазначылася тэндэнцыя да скарачэння сукупнага фонду бібліятэк Беларусі (амаль на 15%). Перагляд агульнай сеткі бібліятэк Мінска прывёў таксама да памяншэння іх колькасці да 463. Іх агульны фонд складаў 52598,0 тыс. экземпляраў. Пераадоленню крызіса ў гэтай галіне садзейнічалі працэсы пераасэнсавання бібліятэкай свайго месца і ролі ў хутка зменлівым грамадстве, пошуку шляхоў павышэння сацыяльнай эфектыўнасці сваёй дзейнасці. Першай спробай вызначэння новага кірунку развіцця бібліятэк стала распрацоўка “Канцэпцыі развіцця бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь”, якая была падрыхтавана міжведамасным творчым калектывам яшчэ ў 1990-1991 гг. Грамадства нанова асэнсоўвала ролю і магчымасці бібліятэк як фактара свайго адраджэння.