Уплыў дзвюх канцэпцый на развіццё бібліятэчнай справы

У Францыі ў XIX ст. склалася наступная сітуацыя з агульнадаступнымі бібліятэкамі. З аднаго боку, у буйных гарадах краіны існавалі гарадскія бібліятэкі з багацейшымі фондамі, якія не былі арыентаваны на абслугоўванне шырокага кола чытачоў. У большасці з іх, як і ў Нацыянальнай бібліятэцы, былі назапашаны вялікія калекцыі нацыяналізаваных збораў, якія неабходна было разабраць і каталагізаваць. З другога боку, у краіне пачалі працаваць сціплыя па сваіх магчымасцях народныя бібліятэкі, фонды якіх не пераўзыходзілі ста кніг.

У некаторых краінах узнікненне народных бібліятэк было звязана з сацыяльнымі зменамі. Так, у Іспаніі гэта стала магчымым пасля Вераснёўскай рэвалюцыі 1868 г. Глава новага ураду Мануэль Руіс Зарыла выступіў ініцыятарам стварэння народных бібліятэк пры школах, што было сфармуявана ў загадзе ад 18 студзеня 1869 г. У 1869–1870 гг. было створана 93 народные бібліятэкі, у кожнай з якіх налічвалася ў сярэднім 150 кніг. У 1882 гг. колькасць народных бібліятэк дасягнула 746, а іх агульны фонд склаў 171 083 экз..

Асобае значэнне мелі бібліятэкі для народа ў краінах, дзе іх станаўленне праходзіла ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага руху. Найбольшую спецыфіку гэты працэс меў у Балгарыі (ва ўмовах унутранай бацьбы за самабытнасць нацыянальнай культуры і дзяржаўную незалежнасць ад Асманскай імперыі). У сярэдзіне XIX ст. тут з’явіліся бібліятэкі народных “чыталішч”, якія істотна адрозніваліся ад народных бібліятэк іншых краін Еўропы. Чыталішчы ўяўлялі з сябел грамадскія культурна-асветніцкія цэнтры балгарскай культуры і балгарскай мовы. Ядром чыталішча была бібліятэка, але пры гэтым пры іх працавалі аматарскія калектывы – драматычны тэатр і хор, тут чыталіся і лекцыі. Чыталішчы захаваліся і ў XX ст.

У большасці еўропейскіх краін народныя бібліятэкі як пэўны від агульнадаступнай бібліятэкі працягвалі больш або менш паспяхова развівацца ў рэчышчы канцэпцыі бібліятэкі гэтага віду з улікам нацыянальнай спецыфікі. Выключэннем сталі краіны Паўночнай Еўропы, у якіх яшчэ да першай сусветнай вайны народныя бібліятэкі сталі пераўтварацца ў публічныя бібліятэкі англа-амерыканскага тыпу.

Народным бібліятэкам у Фінляндыі папярэднічалі бібліятэкі чытацкіх таварыстваў. У 1794 г. у г.Вааса была адкрыта бібліятэка па падпісцы. Гэта і іншыя падобныя бібліятэкі сталі бібліятэкамі для сярэдняга класа. У Фінляндыі рух за стварэнне народных бібліятэк і за актывізацыю народнай адукацыі меў сваю спецыфіку. Па-першае, тут гэты рух першапачаткова ўзначаліла царква. У 1856 г. пачалося стварэнне валастных бібліятэк на народныя сродкі. Хаця бібліятэкі ствараліся і па-за царквой, гэту працу ў асобе архіепіскапа Эдварда Бергенхейма ўзначаліла царква. Па-другое, значны, а то і галоўны імпульс гэтаму працэсу даў рух фінаманаў – прыхільнікаў ліберально-буржуазнага руху за роўныя правы фінскай мовы са шведскай. Наступныя стымулы ў развіцці народных бібліятэк былі звязаны з прыняццем у 1865 г. “Загада аб абшчыне”, а таксама з дзейнасцю створанага ў 1874 г. Таварыства народнай асветы. У адпаведнасці з “Загадам аб абшчыне” было афіцыйна прызнана самакіраванне абшчын, а бібліятэкі ў значнай ступені перайшлі пад кіраўніцтва абшчынай. Таварыства народнай адукацыі выступіла ініцыятарам стварэння па ўсёй Фінляндыі сеткі абшчынных бібліятэк пры народных школах. Упершыню аб неабходнасці падтрымкі народных бібліятэк было сказана ў 1879 г. настаўнікам народной школы Каарле Верка. У пачатку XX ст., а менавіта ў 1912 г. у г.Турку гарадская бібліятэка стала публічнай бібліятэкай амерыканскага тыпу.

Тэмпы развіцця народных бібліятэк у Фінляндыі істотна адрозніваліся ад аналагічных працэсаў у іншых скандынаўскіх краінах. Так, у Швецыі яшчэ ў 1842 г. у адпаведнасці з загадам аб народных школах праца па народнай адукацыі была ўскладзена на пастараў, якія павінны былі весці гэту працу з выкарыстаннем сабраных абшчынай друкаваных кніг. Каля 1870 г. практычна кожная абшчына мела сваю бібліятэку.

Сувязь народной бібліятэкі з народнай адукацыяй была надзвычай цеснай і ў Даніі, дзе бібліятэкі ствараліся пры школах, але самі бібліятэкі былі адкрыты для ўсіх жадаючых. Школьнымі бібліятэкарамі працавалі настаўнікі, і гэта вызначыла тыя асобыя, характэрныя менавіта для Даніі адносіны да кнігі і да чытання як да крыніцы жывога слова. У бюджэце на 1882–1883 гг. парламентам Даніі былі прадугледжаны сродкі на падтрымку народных бібліятэк, але гэта сума аказалася невялікай. У канце XIX ст. у краніе налічвалася 1100 публічных бібліятэк, але пры гэтым адчувалася адсутнасць прамежкавага звяна паміж вялікімі гарадскімі бібліятэкамі і маленькімі народнымі бібліятэкамі ў сельскай мясцовасці. У 1892 г. школьным настаўнікам Андрэасам Жакам Штэенбергам (1854–1929), старшынёй таварыства аматараў кнігі, было прапанавана стварыць у краіне сеткі публічных бібліятэк з цэнтральнымі і перасоўнымі бібліятэкамі (на амерыканскі ўзор). У 1909 г. галоўны бібліятэкар Каралеўскай бібліятэкі X.О.Ланге прапанаваў план стварэння ў кожнай камуне краніы бібліятэкі і абгрунтаваў іх задачы. У тым самым годзе была створана новая дзяржаўная установа – інспекцыя публічных бібліятэк (узначаліў А.Штэенберг), задачай якой было размеркаванне сродкаў для публічных бібліятэк і кантроль за іх выкарыстаннем. Для развіцця публічных бібліятэк мела значэнне тэндэнцыя дэцэнтралізацыі захоўвання дацскай нацыянальнай літаратуры і стварэння за межамі нацыянальнай бібліятэкі яшчэ аднаго буйнага кнігасховішча – Дзяржаўнай бібліятэкі ў Орхусе, у якой быў створаны фонд дублетаў, зарыентаваны на абслугоўванне чытачоў праз іншыя бібліятэкі па міжбібліятэчным абанеменце. Гэта бібліятэка была адкрыта ў 1902 г.

Найбольшы ўплыў амерыканскай бібліятэчнай справы праявіўся ў Нарвегіі, дзе народныя бібліятэкі былі рэарганізаваны ў канцы XIX – пачатку XX стст. па ўзоры амерыканскіх публічных бібліятэк. Быў уведзены адкрыты доступ, прычым асаблівая ўвага надавалася даведачнаму абслугоўванню.

У Індыі ў невялікім княстве Барода на ўсходзе краіны была створана ідэальная сетка бібліятэк, ўтрыманне якой на дзве трэці ўзяла на сябе дзяржава. Правіцель Бароды – магараджа – для арганазацыі бібліятэчнай сеткі па сваёй ініцыятыве запрасіў сюды ў пачатку XX ст. трох амерыканскіх бібліятэкараў. За два гада была створана цэнтральная бібліятэка, арганізавана бібліятэчнае абслугоўванне прыкладна ў 40 гарадскіх і 450 сельскіх бібліятэках. Акрамя таго, было заснавана бібліятэчнае таварыства, пачаў выдавацца прафесійны часопіс на англійскай і дзвух мясцовых мовах, арганізаваны паўгадовыя бібліятэчныя курсы. Аднак цалкам бібліятэчнае абслугоўванне дадзенага княства было, выключэннем, чым правілам у адносінах да іншых рэгіёнаў Індыі.

У Японіі адным з вынікаў буржуазнай рэвалюцыі Мэйдзі (1867–1869) стала свайго роду “адкрыццё” свету. У гэты час у Японіі атрымала развіццё канцэпцыя еўрапейскай бібліятэкі. На змену старому тэрміну “бунка”, г. зн. “склад кніг”, (японская “библиотека”), з’явіўся іншы тэрмін – “тосёкан”, – “інстытут (як установа) кніг і ілюстраваных матэрыялаў”. Упершыню быў выкарыстаны пры перайменаванні створанага ў 1870-я гг. Такійскага інстытута кнігі. З 1880 г. ён стаў называцца Такійская бібліятэка, якая з гэтага часу пачала працаваць пад кіраўнічтвам Міністэрства адукацыі і стала агульнадаступнай бібліятэкай. З 1897 г. называецца Імперскай. У 1892 г. была створана Японская бібліятэчная асацыяцыя, а ў 1899 г. быў выдадзены Загад, які дазваляў адкрываць бібліятэкі арганізацыям і прыватным асобам. Асаблівае значэнне для распаўсюджання заходняй мадэлі бібліятэкі мела арганізацыя прыватных бібліятэк. На муніцыпальным узроўні ствараюцца зарыентаваныя на заходнія народныч бібліятэкі “цуцоку тосёкан” (адна з першых – прэфектурная бібліятэка ў г.Осака, створана ў 1904 г.).

У канце XIX ст. рух за рэфармаванне сістэмы адукацыі і стварэнне бібліятэк, якія б ігралі важнейшую ролю ў гэтым працэсе, ахоплівае і Кітай, дзе як і ў Японіі, асобую ролю на першым этапе стварэння агульнадаступных бібліятэк ігралі прыватныя бібліятэкі, што перадаваліся ў грамадскае карыстанне. Сярод прыхільнікаў рэформ, перадаваўшых свае прыватныя бібліятэкі ў агульнае карыстанне, быў Сюй Шулан – уладальнік вялікай бібліятэкі ў 70 тыс. тамоў у г.Шаосінь, які перадаў свой збор у карыстанне жыхарам горада. Ініцыятарамі адкрыцця бібліятэк выступалі і грамадскія арганізацыі. Так, у 1895 г. Пекінскае таварыства за развіццё ведаў адкрыла бібліятэку паблізу завода глазураваных эмаляў. У 1909 г., у першы год праўлення апошняга кітайскага імператара Сюань-туна, былі прыняты “Правілы функцыянавання сталічных і правінцыйных бібліятэк”, якія мелі сілу дзяржаўнага закона: “Бібліятэкі будуюцца для захавання нацыянальнага духа, выхавання людзей з незаурядными здольнасцямі, падрыхтоўкі буйных вучоных, спецыялістаў, даследчыкаў, асоб, якія спасцігаюць рамяство. Імі карыстаюцца студэнты і адукаваныя асобы. Мэтай з’яўляецца шырокі збор матэрыяла, прадастаўленне яго жадаючым”. У 1915 г. былі апублікаваны “Рэгламент народнай бібліятэкі” і “Бібліятэчны рэгламент”. Згодна з гэтым дакументам, кожная правінцыя і кожны павет павінны былі пбудаваць народную бібліятэку, закліканую абслугоўваць чытачоў бясплатна. Першая такая бібліятэка (Сталічная піпулярная бібліятэка) была адкрыта ў 1915 г. у Пекіне. У 1916 г. яе штодзень наведвала ў сярэднім 895 чалавек, у той час як навуковую Пекінскую бібліятэку – у сярэднім 34 чалавекі ў дзень. Была адкрыта і спецыяльная зала для дзяцей. У кожным павеце былі створаны бібліятэкі і цэнтральны кніжны фонд, які дазволіў арганізаваць нестацыянарнае абслугоўванне на сяле з дапамогай перасоўных бібліятэк. Асаблівая ўвага надавалася абслугоўванню жанчын, якія раней не мелі права чытаць у адной чытальнай зале з мужчынамі, і дзяцей.

Публічныя і народныя бібліятэкі ў Расіі.У пачатку XIX ст. у Расіі ізноў вяртаюцца да прапаноў арганізацыі агульнадаступных бібліятэк. Адным з ініцыятараў стварэння такіх бібліятэк у губернскіх гарадах быў Аляксандр Філіпавіч Смірдзін (1795–1857), вядомы кнігавыдавец, ініцыятар выпуску папулярнага часопіса “Библиотека для чтения”, уладальнік знакамітай кніжнай лаўкі на Неўскім праспекце ў Пецярбургу (с 1832 г.). Смірдзін падбіраў для кожнай бібліятэкі камплект, які ўключаў звыш 1000 кніг, які можна было набыць з вялікай скідкай. У адносінах да гэтага камплекта можна ўжыць тэрмін “ядро агульнадаступнай бібліятэкі”: (творы А.С.Пушкіна, А.С.Грыбаедава, І.А.Крылова, Д.І.Фанвізіна, Дж.Г.Байрана, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і іншых выдатных пісьменнікаў.

У 1830-я гг. у розных рэгіёнах Расіі пачынаюцьстварацца губернскія і павятовыя бібліятэкі. Іх стварэнню садзейнічалі ініцыятывы прэзідэнта Вольнага эканамічнага таварыства адмірала Мікалая Сямёнавіча Мардвінава (1754–1845). У 1830 г. ён выступіў з прапановай адкрыцця губернскіх і павятовых бібліятэк у Расіі: “Публичные библиотеки для чтения учреждаются по губерниям с той целью, дабы по возможности распространять повсеместно общее просвещение и, в особенности, полезные сведения до местности каждого края относящиеся”. 5 ліпеня 1830 г. з’явіўся цыркуляр, па якому “...предписано было, циркулярно, губернаторам пригласить к совещанию губернских и уездных представителей дворянства, директоров гимназий и вообще ревнителей просвещения, как из среды дворянства, так и купечества, чтобы совокупно с ними приискать средства для учреждения библиотек”.

У XIX ст. у Расіі паняцце “публічная бібліятэка” ўжывалася ў адносінах да буйных губернскіх і павятовых бібліятэк. Як і ў адносінах да Імператарскай публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу, што характарызавала абслугоўванне шырокай публікі. Пры гэтым яго выкарыстанне не было звязана з тым тэрмінам, які стаў ужывацца ў англійскай мове і паступова набываў характарыстыку пэўнага віду агульнадаступнай бібліятэкі. У першай палове XIX ст. была адкрыта 31 губернская публічная бібліятэка і 7 павятовых бібліятэк. Бібліятэкі адкрываліся перш за ўсё там, дзе ідэя іх стварэння была падтрымана губернатарам і мясцовым дваранствам. Аднак у некаторых гарадах губернскія бібліятэкі не змаглі працягваць сваю дзейнасць з-за фінансавых праблем і былі закрыты.

У другой палове XIX ст. назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці бібліятэк у Расіі. У “Указателе библиотек России”, падрыхтаваным Грыгорыем Мікалаевічам Генадзі (1826–1880) у 1864 г., было адзначана, што ў краіне налічвалася 275 бібліятэк, уключаючы грамадскія, прыватныя і важнейшыя асабістыя зборы (праца Г.М.Генадзі была першай падобнай зводнай працай у Расіі). У 1884 г. іх колькасць павялічваецца да 509, а ў 1894 – да 772.

Другая палова XIX – пач. XX стст. – гэта эпоха інтэнсіўнага развіцця рускай нацыянальнай культуры, росквіту літаратуры і мастацтва. У кола буйных і каштоўных па складу фондаў уваходзілі бібліятэкі розных грамадскіх арганізацый, у тым ліку дваранскіх клубаў, літаратурна-мастацкіх гурткоў, розных таварыстваў і саюзаў, а таксама адкрытыя для агульнага карыстання абанементныя бібліятэкі.

У больш складаных умовах развіваліся народныя бібліятэкі на так званых “нацыянальных ускраінах” Расійскай імперыі, дзе да 1900 г. в спісках міністэрства народнай асветы, па якім можна было набываць кнігі для народных бібліятэк, не з’явілася ніводнай кнігі на мясцовых мовах (напрыклад, эстонскай). Таму і роля народных бібліятэк аказалася вельмі нязначнай, што ў сваю чаргу замацавала і нават узмацніла цікавасць да фармавання асабістых бібліятэк.

Цалкам стварэнне народных бібліятэк як масавай і абавязковай з’явы з’яўляецца заслугай земстваў – мясцовых органаў самакіравання. Калі ў 1892 г. налічвалася толькі 33 народныя бібліятэкі, то ўжо ў 1898 г. – 3002, у 1904 – 4,5 тыс., у 1911 – 10 тыс., у 1914 – 12 627, у 1916 – каля 15 тыс.

Пры актыўнай падтрымцы земстваў была ажыццёўлена адна з самых маштабных акцый па стварэнні сеткі бясплатных народных бібліятэк на сродкі мецэната і кнігавыдаўца Фларенція Фёдаравіча Паўленкава (1839–1900), згодна завяшчанню якога ў Расіі было створана 2 тыс. народных бібліятэк (да 1909 г.).

Разам з тым існавалі і іншыя віды народных бібліятэк. Так, з 1895 г. сталі ўзнікаць бібліятэкі “попечительств о народной трезвости”, якіх да 1908 г. стала каля 4 тыс. З 1894 г. адкрываюцца народныя бібліятэкі духоўнага ведамства, (да 1900 г. – каля 1 тыс.). Значную групу складалі народныя бібліятэкі асветніцкіх таварыстваў. Агульная колькасць народных бібліятэк дасягнула ў 1916 г. да 21–24 тыс. Большасць “паўленкаўскіх” і іншых агульнадаступных бібліятэк размяшчілася ў прыстасаваных для бібліятэкі памяшканнях.

Кадры для земскіх бібліятэк рыхтаваліся на кароткачасовых курсах. Найбольш істотную ролю ў іх падрыхтоўцы адыгралі адкрытыя ў 1913 г. пры Народным універсітэце імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве па ініцыятыве Любові Барысаўны Хаўкінай (1871–1949) Маскоўскія бібліятэчныя курсы, якія былі разлічаны на 3, а затым на 4 тыдні. К 1917 г. да іх дабавіўся двухтыднёвы практыкум. З імем Л.Б.Хаўкінай звязаны і іншыя важнейшыя ініцыятывы ў бібліятэчнай справе Расіі. За свой кошт яна выдала работы, якія сталі настольнымі кнігамі бібліятэкараў – “Библиотеки, их организация и техника” (СПб., 1904), “Руководство для небольших библиотек” (першае выданне выйшла ў С.-Пецярбургу ў 1911 г.) і інш. У пач. XX ст. была выдадзена адна з галоўных прац выдатнага вучонага Мікалая Аляксандравіча Рубакіна (1862–1946) – “Среди книг. Опыт обзора русских книжных богатств в связи с историей научно-философских и литературно-общественных идей. Справочное пособие для самообразования и для систематизации и комплектования общеобразовательных библиотек и книжных магазинов” (Т. 1–3. М., 1911–1915).

У пач. XX ст. у Расіі ствараюцца разнастайныя аб’яднанні бібліятэчных работнікаў (усяго іх было 24), і найбольш буйным з іх было Таварыства бібліятэказнаўства, арганізаванае ў 1908 г. у Пецярбургу. З 1910 да 1915 г. выдавала першы ў Расіі прафесійны бібліятэчны часопіс “Бібліятэкар”. Найбольш значным мерапрыемствам таварыства стаў I Усерасійскі бібліятэчны з’езд, праведзены ў С.-Пецярбургу ў 1911 г. На гэтым з’езде была пастаўлена задача стварэння сеткі бібліятэк на розных тэрытарыяльных узроўнях. Асаблівая ўвага была ўдзелена губернскім бібліятэкам як цэнтрам бібліятэчнай сеткі, стварэнню асновы для каардынацыі работы бібліятэк, рэалізацыі агульнадзяржаўнага праекта па стварэнні зводных каталогаў і сістэмы міжбібліятэчнага абанемента. У якасці галоўнай умовы развіцця бібліятэк на з’ездзе ставілася неабходнасць падрыхтоўкі бібліятэкараў для навуковых бібліятэк шляхам арганізацыі вышэйшых бібліятэчных курсаў, а таксама ўвядзення конкурснай сістэмы для прыёму на працу і распрацоўка прафесійных патрабаванняў да бібліятэкараў. На з’ездзе крытыкавалася палітыка дзяржавы ў адносінах да бібліятэк, якая была вызначана ўдзельнікамі з’езду як нездавальняючая (недастатковае фінансаванне бібліятэк і нездавальняючая іх матэрыяльная база). Адсутнасць зацікаўленасці ўлады прыводзіла да супрацьпастаўлення падыходаў у стварэнні агульнадаступных бібліятэк у краінах Захаду і ў Расіі. Аўтары шматлікіх публікацый свядома паказвалі карціну бібліятэчнай справы ў Расіі з негатыўнага боку і, ідэалізавалі замежны вопыт.

Вынікі:У грамадстве ўзнікла патрэбнасць у павышэнні адукацыйнага ўзроўню ўсяго насельніцтва, што прывяло да перагляду ўяўленняў аб характары бібліятэчнага абслугоўвання.

Павелічэнне маштабаў камплектавання прывяло да неабходнасці перагляду падыходаў у арганізацыі захоўвання фондаў і арганізацыі бібліятэчнага абслугоўвання. Найбольш удалыя рашэнні з’явіліся ў выніку дзейнасці буйнейшых нацыянальных бібліятэк.

Інтэнсіўнае развіццё навукі прывяло да павелічэння маштабаў выдавецкай дзейнасці. У канцы XIX ст. бібліятэкі канчаткова адмаўляюцца ад ідэй вычарпальнага камплектавання ўсёй навуковай літаратуры. Бібліятэкі арыентуюцца на спецыялзацыю і на пошук шляхоў узаемадзеяння.

Агульнадаступныя бібліятэкі развіваюцца па двух кірунках, першы з якіх быў абумоўлены ініцыятывамі, звернутымі да ўлады. Гэта лінія звязана з закладзенымі ў эпоху Адраджэння традыцыямі стварэння гарадскіх агульнадаступных бібліятэк, з падтрымкай адкрытых у эпоху Рэфармацыі гарадскіх бібліятэк у пратэстанцкіх краінах і рэгіёнах Еўропы, са стварэннем гарадскіх бібліятэк у Францыі ў выніку рэвалюцыйных падзей канца XVIII ст. У гэтым кантэксце неабходна расзглядаць і стварэнне ў Расіі публічных губернскіх і паавятовых бібліятэк.

Развіццё другога кірунку было абумоўлена выключна грамадскімі ініцыятывамі. Іх мэтай была арганізацыя бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў краіны незалежна ад месца пражывання на самым нізавым узроўні. Характар рэалізацыі гэтых ініцыятываў быў вызначаны ў першую чаргу асаблівасцямі сістэмы мяцовага самакіравання краіны.

У ХІХ – пач. ХХ ст. у Еўропе, краінах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі з’яўляецца патрэбнасць, накіраваная на спецыялізацыю бібліятэк, пошук шляхоў узаемадзеяння. Асноўныя тыпы бібліятэк:нацыянальныя, навуковыя (універсітэцкія і інш.), агульнадаступныя – гарадскія (у Расіі – губернскія і павятовыя), народныя і публічныя (у англа-амерыканскім разуменні).