Гётэ і змены ўзаемаадносін бібліятэкі, грамадства і дзяржавы.

Развіццё навуковай бібліятэкі ў XVIII ст. у адпаведнасці з прадуманай дзяржаўнай палітыкай у галіне навукі, адукацыі і культуры стала магчымым дзякуючы дзейнасці Іагана Вольфгана фон Гётэ (1749-1832), які на працягу больш чым 30-ці год (пачынаючы з 1797 г.) выконваў функцыі міністра адной з невялікіх дзяржаў раздробленай Германіі герцагства Саксэн-Веймар-Эйзенах. Канцэпцыю развіцця навукі, культуры і адукацыі Веймарскай дзяржавы Гётэ ўпершыню выклаў у дакладзе “Аб розных аспектах мясцовай дзейнасці”, які быў падрыхтаваны ў 1795 г. Галоўны акцэнт быў зроблены на характарыстыку ролі бібліятэк і іншых устаноў, развіццё якіх забяспечвала, на думку Гётэ, паўнацэннае навуковае і культурнае жыццё грамадства, садзейнічала павышэнню адукаванасці, і ў канчатковым выніку вызначала ступень развіцця самой дзяржавы.

Што тычыцца бібліятэк. то Гётэ ў першую чаргу надаваў вялікае значэнне

– каардынацыі і кааперацыі ў іх дзейнасці;

– выказаў ідэю стварэння адзінага зводнага каталога бібліятэк герцагства (трох бібліятэк: Герцагскай у Веймары, Замкавай і Універсітэцкай у Йене);

– карыстанне фондамі бібліятэк герцагства праз міжбібліятэчны абанемент ліквідавала б дубліваранне ў камплектаванні.

Першым аб’ектам рэформ Гётэ-міністра стала прыдворная герцагская бібліятэка. Веймарская бібліятэка, заснаваная ў 1691 г. і да Гётэ была зарыентавана менавіта на чытача. Асаблівы клопат у адносінах да бібліятэкі выказвала дачка браўшвейгскага герцага Карла Ганна Амалія (1739-1807). Па яе загаду для Герцагскай бібліятэкі быў прадастаўлены будынак “Зялёнага замка” з вялікай авальнай залай (перабсталяваны пад бібліятэку ў 1761-1766 гг.). У 1787 г. Фрыдрых Шылер пісаў: “Тутэйшая бібліятэка значная і знаходзіцца ва ўзорным парадку. Тут ёсць і сістэматычны каталог, па якім можна знайсці кнігу на паліцы за некалькі хвілін”. Аднак толькі ў параўнанні з іншымі бібліятэкамі Германіі таго часу бібліятэка была такой.

Першачарговую ўвагу Гётэ надаваў пытанням забеспячэння захаванасці фондаў і арганізацыі паўнацэннага абслугоўвання чытачоў Бібліятэкі. Гётэ вызначыў кола звестак, неабходных для вызначэння рэальнага становішча спраў у бібліятэцы:

– склад фонду (колькасць непераплеценых, г.зн. непрыгодных да выкарыстання, і страчаных кніг, колькасць дублетаў);

– стан каталогаў бібліятэкі (ступень паўнаты адлюстравання фонда і ступень яго даступнасці чытачам);

– стан абслугоўвання чытачоў (колькасць выдадзеных кніг і дынаміка выдачы, час абслугоўвання);

– арганізацыя работы бібліятэкі (характар размеркавання бягучай работы сярод персанала, фінансавыя расходы).

У 1798 г. Гётэ падрыхтаваў дакумент па арганізацыі работы бібліятэк. Асабліва важнае месца адводзілася кантролю за захаваннем фондаў і за тым як ім карыстаюцца. 24 студзеня выйшла спецыяльная інструкцыя, якая абавязвала весці рэгістрацыю ўсіх новых паступленняў і усіх кнігавыдач. Былі прыняты меры па ачыстцы фондаў Бібліятэкі ад дублетаў, якія распрадаваліся на аўкцыёнах, а за атрыманыя грошы набываліся новыя кнігі. Быў уведзены расклад па абслугоўванні чытачоў. 26 лютага ў Бібліятэцы былі ўведзены новыя правілы карыстання бібліятэкай: вызначаны час, калі бібліятэка адкрыта для чытачоў, вызначаны парадак выдачы кніг з абавязковым выпісваннем квітанцыі на кожную кнігу і распіскай пры яе вяртанні. Устаноўлены максімальны тэрмін, на які выдавалася кніга – 3 месяцы. Чытача папярэджвалі, што аб тых, хто не прытрымліваецца гэтых правіл, будуць публікаваць у газетах. Была ўведзена абавязковая рэгістрацыя чытачоў, нават і для герцагскай сям’і. Сам Гётэ прытрымліваўся ўсіх правіл. За 54 гады карыстання бібліятэкай яму было выдадзена, як зафіксавана, праз абанемент 2276 тамоў.

Згодна распараджэнню Гётэ ад 18 красавіка 1798 г. у абавязкі кожнага супрацоўніка ўваходзіла вядзенне дзённіка, дзе падрабязна распісвалася што было зроблена за працоўны дзень. Гётэ таксама патрабаваў месячныя, квартальныя і гадавыя справаздачы. Па меркаванні Гётэ, бібліятэкар і вучоны былі дзвюма рознымі прынцыпова прафесіямі. Бібліятэкар выконваў сваю місію пасрэдніка паміж ведамі і тымі, каму яны патрэбны.

Галоўным прадметам увагі Гётэ становіцца якасць камплектавання фонда. Бібліятэка атрымала абавязковы экземпляр, ролю якога іграў экземпляр, які прадастаўляў цэнзар. Для бібліятэкі імкнуліся атрымаць прыватныя зборы знакамітых асоб Веймара. Бібліятэка стала развівацца як навуковая гуманітарнага профілю. Паступова яна становіцца цэнтрам духоўнага жыцця Веймара.

Універсітэт для Гётэ быў аб’ектам не меншай увагі. Галоўнай жа мэтай універсітэцкай рэформы стала рэфармаванне універсітэцкай бібліятэкі ў Йене (з 1817 да 1824 гг.), у выніку якога бібліятэка стала цэнтрам універсітэта, які абслугоўваў усе накірункі яго дзейнасці.

Бібліятэка універсітэта ў Йене, створаная ў 1548 г., была адной са старэйшых універсітэцкіх бібліятэк Германіі. Аднак яна не ўяўляла сабой адзінага арганізма – гэта былі 9 разрозненых асобных збораў. І галоўным інструментам, які аб’яднаў асобныя часткі бібліятэкі ў Йене ў адзінае цэлае сталі яе каталогі. Гётэ быў упэўнены, што сістэматычны каталог – гэта фундамент бібліятэкі.

Нормай для універсітэцкіх бібліятэк таго часу было спалучэнне выкладчыцкіх і бібліятэчных абавязкаў. Гётэ ж у 1818 г. афіцыйна вызваліў дырэктара бібліятэкі ад выкладчыцкай дзейнасці, што фактычна стала першым крокам на шляху да бібліятэчнай прафесіяналізацыі, і Георг Готліб Гюльденапфель стаў першым у гісторыі нямецкіх бібліятэк прафесійным кіраўніком бібліятэкі.

Пасля завяршэння рэформ універсітэцкай бібліятэкі ў Йене ў герцагстве Саксэн-Веймар-Эйзенах склалася ідэальная ў параўнанні з іншымі дзяржавамі Германіі таго часу сістэма устаноў навукі, адукацыі і культуры, у якой бібліятэкі займалі асаблівае становішча. Менавіта тут пачала ажыццяўляцца бібліятэчная палітыка ў маштабах дзяржавы, якая ў сваю чаргу была складовай часткай навуковай, адукацыйнай і культурнай палітыкі.