Новы бібліятэчны светапогляд

Асветніцтва – гэта эпоха развітання з феадальным мінулым. Прадстаўнікі Асветніцтва прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства, дзяржавы. Усталяванню Асветніцтва спрыялі навуковыя адкрыцці ў прыродазнаўстве і дасягненні гуманітарных навук. У кожнай краіне, у кожнага народа Асетніцтва мела свае асаблівасці і храналогію, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сацыяльна-эканамічных адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ўжо ў XVI ст. перамагла першая ў свеце буржуазная рэвалюця. У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза (XVII ст.) патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У XVII ст. адбываецца буржуазная рэвалюцыя ў Англіі, дзе Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар; у канцы XVIII ст. – у Францыі, дзе Асветніцтва дасягнула найвышэйшай ступені напярэдадні Вялікай Французскай буржуазнай рэвалюцыі. Вальтэр жа стаў сімвалам Асветніцтва (“эпоха Вальтэра”), які патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, ускладаў надзеі на асветнага манарха. У Германіі Асветніцтва ўзнікла ў 2-й палове XVIII ст. Г.Лесінг, Ф.Шылер, І.Гётэ выступалі абаронцамі адзінства Германіі. У ЗША Асветніцтва мела больш акрэслены буржуазны характар, стала ідэалогіяй барацьбы з англійскім абсалютызмам. У славянскіх краінах Асветніцтва праявілася найбольш яскрава ў Польшчы. На Беларусі ідэі Асветніцтва распаўсюдзіліся ў 2-й палове XVIII – пач. XIX ст. (І.Храптовіч, І.Яленскі, К.Лышчынскі, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч, Б.Дабашэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі і інш., філарэты і філаматы).

Прадстаўнікі Асветніцтва жылі з думкай аб іншых, аб сваім месцы ў грамадстве, яго зменах да лепшага, распаўсюджвалі ідэі роўнасці не толькі перад Богам, але і перад законам. У эпоху Асветніцтва ўпершыню пачынае сцвярджацца гістарычны погляд на жыццё грамадства.

Асветніцтва разглядаецца, у пешую чаргу, як эпоха далучэння ўсіх і кожнага да адукацыі, культура становіцца даступнай народу. Адукацыя ж стала панацэяй ад усіх сацыяльных бед, і развіццё гэтага працэса абумоўлена шырокім распаўсюджаннем друкаванага тэксту. Сапраўдным прадстаўніком Асветніцтва лічыўся чалавек, які чытае, і таму крытэрыем Асветніцтва становяцца яго адносіны да друкаванага тэксту. Адсюль і адносіны да бібліятэк, якія разглядаюцца як установы па распаўсюджанні ідэй Асветніцтва. Такім чынам, фарміруецца новы бібліятэчны светапогляд:

1. Бібліятэка мяняе свае арыенціры ў сферы абслугоўвання – становіцца агульнадаступнай.

2. Своеасаблівую ролю пачынае адыгрываць такі тып бібліятэкі як прыдворная.

3. Сімвалам эпохі Асветніцтва становіцца і пэўны тып кнігі – “Энцыклапедыя”.

4. З цягам часу і бібліятэку пачынаюць успрымаць як “энцклапедычную” бібліятэку, лічачы, што універсальная бібліятэка павінна быць энцыклапедычнай (камплектаванне фондаў разнастайнай літаратурай на розных мовах).

5. У распаўсюджванні ідэй Асветніцтва вялікую ролю адыгралі часопісы і кнігі кішэннага фармату.

6. Паступова бібліятэку сталі ўспрымаць як адну з важнейшых устаноў грамадства, як сацыяльны інстытут, ад арганізацыі і актыўнасці работы якога залежыць і ўзровень адукаванасці грамадзян.

Навукавая бібліятэка ў такіх краінах як Англія, Францыя, Германія у многім не адпавядала ідэалам новай эпохі. Таму зразумела прапаноўваліся ідэі па яе ўдасканаленні. Найбольшы ўплыў на бібліятэкі таго часу аказалі ідэі французскага вучонага Габрыэля Надэ і яго праца “Парады па ўстройстве бібліятэкі” (1627?), у якой ён разглядаў бібліятэку як універсальную, у фондах якой павінны быць адлюстраваны ўсе віды друкаванай прадукцыі. Асаблівую ролю надаваў сістэматычнай расстаноўцы фондаў, ролі самаго бібліятэкара, які павінен ацэньваць кнігі па іх карыснасці.

Самая большая ўвага прафесійнаму вырашэнню праблем арганізацыі работы бібліятэкі надавалася ў Германіі. Значную ўвагу пытанням арганізацыі ўнутранай работы бібліятэкі надаваў Готфрыд Вільгельм Лейбніц (1646-1716), філосаф і бібліятэкар:

– кнігі і бібліятэкі – інструмент для атрымання ведаў,

– бібліятэка – гэта адно са звёнаў інтаграванай сістэмы ведаў, у якую ўваходзяць архівы, выдавецтвы, друкарні, а таксама школы, установы навукі і культуры.

Лейбніц распрацаваў

– ідэальную для свайго часу канцэпцыю навуковай бібліятэкі. Адным з элементаў гэтай канцэпцыі быў план “Кніжнае ядро” (“Nucleus Libraris”): 1 раз у паўгода павінны рыхтавацца спісы новых выданняў. Аднак імператар Леапольд І яго не падтрымаў.

– Замест каталогаў кніжных кірмашаў (у Франкфурце і Лейпцыгу) прапаноўваў рыхтаваць агляды новых выданняў з падрабязнай характарыстыкай аўтара, зместу.

– Прапаноўваў стварыць “Цэнтральны камітэт па пытаннях кнігавыдання і кніжнага гандлю”, або нават цэлы комплекс інстытутаў, якія садзейнічалі б развіццю навукі.

– Сфармуляваў ідэю стварэння зводнага каталога бібліятэк краіны.

– Прапанаваў ідэю стварэння цэнтральнай навуковай бібліятэкі універсальнага профілю, фонды якой папаўняліся б на аснове навукова абгрунтаваных прынцыпаў камплектавання. Бібліятэчныя ідэі Лейбніца былі рэалізаваны ў Прыдворнай бібліятэцы ў Вольфенбютэлі – рэзідэнцыі браўншвейгскіх герцагаў. Лейбніц кіраваў Герцагскай бібліятэкай з 1690 г., 23 гады, сумяшчаючы з кіраўніцтвам Прыдворнай бібліятэкай у Гановеры.

АНГЛІЯ.

Буржуазная рэвалюцыя ў Англіі прывяла да развіцця бібліятэк універсітэтаў, каледжаў. У 1662 г. бібліятэкі Оксфардскага і Кембрыджскага універсітэтаў атрымалі права на абавязковы экземпляр. Пад канец XVIII ст. фонды бібліятэк названых універсітэтаў атрымалі адлюстраванне ў друкаваных каталогах.

Для бібліятэк пачынаюць будаваць спецыяльныя будынкі.

У 1684 г. у Лондане засноўваецца першая бібліятэка для грамадскага карыстання.

У 20-я гг. XVIII ст. кнігагандляры сталі адкрываць невялікія платныя бібліятэкі. Аднак прыватныя калекцыі былі па свім аб’ёме і колькасці значна большыя. Бібліятэка лічылася неад’емнай часткай кожнага добранадзейнага дома.

Пачынаючы з 1740 г. у Лондане і ў правінцыях адкрываліся падпісныя бібліятэкі, якія выдавалі кнігі на дом. Пазней некаторыя з іх пераўтварыліся ў бясплатныя публічныя бібліятэкі.

Ствараюцца першыя кніжныя клубы.

Самай значнай падзеяй для гэтага часу становіцца ўсё ж стварэнне нацыянальнай бібліятэкі. У 1753 г. парламент прыняў закон аб стварэнні Брытанскага музея і яго бібліятэкі. Асновай фондаў паслужылі кнігазборы Х.Слоўна, Катонаў, графаў Харлеяў і інш. У 1757 г. кароль Генрых ІІ далучыў да бібліятэкі музея і каралеўскую бібліятэку. Бібліятэцы таксама перайшло права на абавязковы экземпляр усіх кніг, якія выходзілі ў Вялікабрытаніі і Ірландыі. Адкрылася бібліятэка для наведванняў у 1759 г.

Вопыт працы англійскіх бібліятэк па загаду Пятра І вывучаў Шумахер, акадэмік Пецярбургскай АН Г.Ф.Мілер.

ШАТЛАНДЫЯ. Падобна развівалася бібліятэчная справа ў Шатландыі. Бібліятэка юрыдычнага факультэта Эдынбургскага універсітэта (з 1682 г.) пачынае такса атрымліваць абавязковы экземпляр з 1710 г. і пераўтвараецца ў нацыянальную бібліятэку Шатландыі.

З’яўляюцца таксама падпісныя і публічныя бібліятэкі. Да сярэдзіны XVIII ст. тут, як і ў Англіі, манастырскія бібліятэкі паступова прыходзяць да ўпадку, распаўсюджваюцца свецкія бібліятэкі.

ЗША. Адкрыццё першых бібліятэк для насельніцтва адносіцца да перыяду каланіяльнай залежнасці Паўночнай Амерыкі ад Англіі. Першай была бібліятэка, адкрытая ў 1697 г. Томасам Брэем у Анопалісе ў Паўднёвай Караліне. Усяго ім было створана на яго сродкі, сабраныя па падпісцы ў Англіі, 39 бібліятэк, галоўнай мэтай якіх было распаўсюджанне рэлігіі.

Дзякуючы Бенджаміну Франкліну (1706-1790) ствараюцца першыя свецкія бібліятэкі. Так, пры “Філадэльфійскім бібліятэчным таварыстве”, члены якога ажыццўлялі пакупку кніг для сумеснага карыстання, была створана бібліятэка. Франклін арганізаваў карыстанне бібліятэкай па папярэдняй падпісцы. У бібліятэцы, тыя хто выплачваў штогадовыя ўзносы, карысталіся кнігамі бясплатна. Кнігі адзін раз на тыдзень выдаваліся і на дом. Строга каралася тыя, хто губляў кнігі. Кнігі ў амерыканскіх гарадах былі дарагімі, і ў асноўным гэта былі падручнікі і календары. Уся літаратура выпісваліся з Англіі. Бібліятэка ў Філадэльфіі, у якой налічвалася 5 тыс. тамоў, стала ўзорам для заснавання падпісных бібліятэк у іншых раёнах краіны.

У 1747 г. адкрылася агульнадаступная бібліятэка ў Род-Айлендзе. Дэкларацыя незалежнасці, прынятая ў 1776 г., абвясціла адказнасць грамадства за асвету грамадзян. Аб неабходнасці ўсеагульнага бясплатнага і абавязковага навучання, стварэння публічных бібліятэк настойваў Томас Джэферсан (1743-1826). Аднак гэта не было прынята.

Своеасаблівымі публічнымі бібліятэкамі былі платныя бібліятэкі для служачых, рабочых, бібліятэкі каледжаў, якія пазней сталі універсітэтамі. Плата за чытанне ў іх была невысокай.

Бібліятэкі вышэйшых навучальных устаноў – гэта бібліятэка Гарвардскага універсітэта (адкрыта ў 1636 г.), у 1701 г. – Йельскага універсітэта, у 1759 г. – бібліятэка каледжа ў Пенсільваніі (зараз універсітэт) і бібліятэка Каралеўскага каледжа ў Нью-Йорку (зараз Калумбійскі універсітэт) і інш.

У 1780 г. была створана амерыканская Акадэмія мастацтваў і навук.

ФРАНЦЫЯ.Бібліятэкі Францыі яшчэ даВялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі былі даступнымі для пэўных пластоў грамадства. Гэта бібліятэка французскіх каралёў, якая з 1737 г. адкрылася для дзяржаўных дзеячаў, вучоных. Але група гэта была невялікай, а бібліятэка магла абыходзіцца без каталогаў.

Рэарганізацыя бібліятэк пачалася з прыняцця дэкрэтаў Устаноўчага сходу аб перадачы царкоўнай маёмасці ў распараджэнне нацыі.

1. 15 студзеня 1790 г. выйшла інструкцыя аб паскарэнні перадачы літаратуры муніцыпалітэтам, і яе захаванні, расстаноўцы. У выніку з’явіліся вялікія кнігасховішчы, запоўнены багацейшымі калекцыямі.

2. 30 сакавіка 1792 г. выйшаў наступны дэкрэт аб канфіскацыі маёмасці эміграваўшых прыхільнікаў караля. Дзяржава атрымала такім чынам яшчэ адну крыніцу папаўнення кніжных збораў, якія зберагаліся ў т.зв. “літаратурных дэпо”, якіх было 8.

3. 10 кастрычніка 1792 г. быў прыняты дэкрэт “Аб прыпыненні продажу бібліятэк..., карцін і навуковых дапаможнікаў, якія знаходзіліся ў дамах эмігрантаў”. Такім чынам было адабрана 250 тыс. кніг з 20 бібліятэк. З 24 пастаноў і законаў Канвента аб бібліятэках толькі 6 тычылася аховы кніг. Нават знішчэнне бібліятэчных каштоўнасцяў каралася 2-гадовых турэмным заключэннем.

4. Дэкрэт ад 2 студзеня 1792 г. уводзіў улік кніжных фондаў і іх справядлівае размеркаванне паміж дэпартаментамі. Цалкам жа было канфіскавана 10 млн. тамоў. Перш за ўсё кнігі паступалі ў Каралеўскую бібліятэку, якую ў 1795 г. абвясцілі нацыянальнай. Аднак быў адменены абавязковы экземпляр, узноўлены толькі ў 1810 г., а на выдаўцоў быў распаўсюджаны толькі ў 1925 г. Частка кніг трапіла ў бібліятэку Арсенала, якая стала публічнай; бібліятэку Нацыянальнага інстытута навук і мастацтваў, у іншыя бібліятэкі дэпартаментаў.

5. Дзякуючы Дэкрэту ад 25 лютага 1795 г. былі адкрыты бібліятэкі пры цэнтральных школах. Ствараліся грамадскія бібліятэкі пры дыскрыктах (да студзеня 1794 г. – 555 бібліятэк). Канфіскаваныя кнігі, ацэньваліся як карысныя, бескарысныя, шкодныя. Бібліятэкам адводзілася актыўная палітычная роля ў грамадстве. Была створана бібліятэчная секцыя Камітэта народнай адукацыі.

6. 15 мая 1791 г. зацверджана інструкцыя па інвентарызацыі і каталагізацыі, па якой прадугледжвалася стварэнне зводнага каталога. Быў таксама прыняты дэкрэт аб арганізацыі каталогаў у кожнай бібліятэцы. Пытаннямі класіфікацыі займаліся Гюбер Амейлон, Арман Гастон Камюс. Было ўзнята пытанне аб стварэнні нацыянальнай бібліяграфіі. Разглядалася пытанне аб неабходнасці спецыяльнай падрыхтоўкі бібліятэчных кадраў.

ГЕРМАНІЯ. Раздробленасць, міжусобныя войны неспрыяльна адбіліся і на бібліятэчнай справе Германіі.

Распаўсюджаныя ў гэты перыяд прыдворныя бібліятэкі ў большасці сваёй ўяўлялі выпадковыя зборы, і толькі лічыліся адкрытымі для ўсіх жадаючых. Цяжкае становішча было і ў Берлінскай каралеўскай бібліятэцы, адкрытай у 1661 г. Бібліятэкары не атрымлівалі жалаванне. Кнігі амаль не выдаваліся на дом, а ў чытальнай зале было 8 сталоў, 8 крэслаў і 8 чарнільніц.

Толькі асобныя бібліятэкі Германіі ўяўлялі з сябе ўзорныя ўстановы. Гэта прыдворная бібліятэка герцага Вольфенбютэльскага, у якой працаваў Лейбніц. Аснову гэтай бібліятэкі складаў збор асабістай бібліятэкі браўншвейгскага і люнебургскага герцага Аўгуста (1579-1666). У 1661 г. у бібліятэцы налічвалася больш за 116351 друкаваную адзінку, якія былі пераплецены ў 28415 тамаў, і 2003 рукапісы. Бібліятэка стала буйнейшай бібліятэкай паўднёвай Еўропы, а да канца 17 ст. – стала буйнейшай бібліятэкай Еўропы і свету. Па колькасці яе фонд у 6 раз быў большы за фонд Каралеўскай бібліятэкі ў Парыжы. Прыкладна ў 1620 г. у бібліятэцы было створана спецыяльнае прыстасаванне для чытання кніг – “кніжнае кола”. У 1706-1710 гг. для бібліятэкі быў узведзены спецыяльна спраектаваны будынак, які стаў першым у Еўропе свецкім будынкам навуковай бібліятэкі, якая была зарыентавана на актыўнае служэнне навуцы. На даху быў устаноўлены глобус. Унутры будынка размяшчалася вялікая ратонда, якая ўяўляла сабой чытальную залу, акружаную паліцамі з кнігамі, якія размяшчаліся ўздоўж сцен на двух ярусах. У бібліятэцы прымянялася сістэма растаноўкі фонду, распрацаваная Лейбніцам.

З 1771 г. да 1781 г. кіраваў бібліятэкай нямецкі драматург Готхальд Лесінг. У адным з пісем 1770 г. ён пісаў: “Я лічу сябе захавальнікам бібліятэчных скарбаў, і не хацеў бы быць сабакам на сене, але мне не хацелася б быць і слугой у хляве, які кідае ў кармушку сена кожнаму галоднаму каню”.

Выдзяляецца таксама Каралеўская бібліятэка ў Дрэздэне. Дзякуючы рэформам, праведзеным яе кіраўніком Іаганам Міхаэлем Франке (1717-1775), яна пераўтварылася ў адну з перадавых бібліятэк Германіі. Рэформы былі накіраваны перш за ўсё на арганізацыю абслугоўвання шырокай публікі, і іх мэтай было стварэнне большь камфортных умоў для работы чытачоў.

Лепшай жа навуковай бібліятэкай Еўропы ў XVIII ст. стала бібліятэка Гётынгенскага універсітэта. Аўтарам унікальнай канцэпцыі фарміравання і развіцця бібліятэкі з’яўляецца першы куратар Гётынгенскага універсітэта барон Герлах Адольф фон Мюнхаўзен. У Гётынгене быў створаны такі універсітэт, дзе роля галоўнага інструмента развіцця ўпершыню адводзілася бібліятэцы, якая арыентавалася на абслугоўванне навукі цалкам. Значны ўклад у развіццё бібліятэкі ў гэтым кірунку зрабіў яе першы дырэктар Хрыстыян Готлаб Хейнэ (з 1764 па 1812 гг.). Асноўны элемент канцэпцыі Гётынгенскай бібліятэкі – непрарыўнае, планамернае і навукова абгрунтаванае набыццё айчыннай і замежнай літартуры. Было таксама вызначана, што доступ да фонду павінен ажыццяўляцца праз алфавітны і сістэматычны каталогі, наладжваліся цесныя сувязі з галандскімі кнігагандлярамі, бо Галандыя на той час была цэнтрам сусветнага кніжнага гандлю. У бібліятэцы вялі каталог новых кніг, якія рэкамендаваліся для набыцця, у якім адзначаліся ўсе паступіўшыя з цягам часу кнігі. Гётынгенская бібліятэка стала такім чынам свайго роду эталонам і яе вопыт аказаўся асабліва карысны там, дзе спрабавалі прывесці ў адпаведнасць дзейнасць той ці іншай навуковай бібліятэкі з новымі ідэаламі і патрабаваннямі новай эпохі.