Бібліятэчная справа і еўрапейскі Рэнесанс

Эпоха Адраджэння ці еўрапейскі Рэнесанс – пераходны перыяд ад сярэднявечча да новага часу, эпоха фарміравання гуманістычнай культуры: гуманістычных ідэй і ідэй рэфармацыі. На першы план выходзіць ідэал свабоднага, усебакова развітага чалавека. Адступае феадальнае мінулае і прыходзіць час актыўнага дыялогу з антычнымі папярэднікамі. Чалавецтва перажывала найвялікшы пераварот у сваім развіцці, гэта была эпоха, якой патрэбны былі тытаны і якая стварыла тытанаў па сіле думкі, па шматграннасці і вучонасці. Гуманізм быў адлюстраваннем хуткага росту свецкай культуры. Павялічваецца колькасць кніг па розных галінах ведаў. Узнікаюць новыя прагрэсіўныя філасофскія школы. Адраджаецца філалогія. Наглядаюцца зрухі ў навуках аб грамадстве. З сярэдзіны XV ст. наступае эпоха вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Узнаўляецца інтарэс да астраноміі, механікі, фізікі, анатоміі, фізіялогіі. У 1543 г. надрукавана праца Мікалая Каперніка “Пра абарачэнне нябесных сфер”. Праўда, новыя ідэі сустракалі моцнае супраціўленне царквы. Гуманісты вялі ідэйную барацьбу з царкоўнай схаластыкай, кальвіністы, лютэране і іншыя рэфармісты – з каталіцызмам.

Найбольш характэрнымі зменамі ў бібліятэчным жыцці сталі:

1. Далейшая дыферэнцыяцыя літаратуры, павелічэнне колькасці прыродазнаўчай і грамадскай літаратуры;

2. З’яўленне новых чытачоў, якія адчуваюць большую патрэбу ў літаратуры, звязанай з практычнай дзейнасцю;

3. Змены ў характары запытаў чытачоў бібліятэкі – узрастае цікавасць да свецкай новай літаратуры;

4. Небывала хуткі рост кніжных фондаў у сувязі з вынаходніцтвам кнігадрукавання пры дапамозе рухомых літар (у 40-я гады XV ст.).

Радзіма Адраджэння – Італія, дзе гуманістычныя тэндэнцыі ў грамадскім жыцці праяўляюцца ўжо ў другой палове ХІІІ ст. Паступова на працягу XIV – першай паловы XVII ст. у сферу Адраджэння ўцягваюцца і іншыя краіны Еўропы. (Тэрмін “Адраджэнне” ўведзены ў 1550 г. італьянскім гісторыкам Дж. Вазары).

ІТАЛІЯ. Пасля падзення ў 1453 г. Візантыі, пачынаецца эпоха росквіту Адраджэння. Ідэалы Адраджэння, пачынаючы з Італіі (Фларэнцыі і Венецыі) засвойваюцца і распаўсюджваюцца ў Еўропе. Абуджаецца інтарэс да вывучэння грэчаскай і лацінскай моў, адраджаецца інтарэс да антычных аўтараў, антычнай спадчыны ў цэлым і да кнігі ў прыватнасці, ідэалаў свабоднай асобы, якія асабліва праяўляюцца ў імкненні да стварэння багатых прыватных бібліятэк, і гэты працэс паступова становіцца агульнаеўрапейскім.

У эпоху Адраджэння ў жыцці грамадства дамінуе менавіта прыватная бібліятэка як адзін з тыпаў бібліятэк. Дзякуючы прыватным бібліятэкам эпохі Адраджэння адбываецца фарміраванне новага тыпу бібліятэк, які быў арыентаваны на агульнадаступнасць, на абслугоўванне шырокага кола грамадзян, што вызначала тэматыку фондаў, палітыку камплектавання, адносіны бібліятэк да задачы захавання сусветнай духоўнай спадчыны.

Адной з такіх прыватных бібліятэк была бібліятэка італьянскага паэта Франчэска Петраркі (1304–1374). Дзякуючы шырокім асабістым сувязям, якія ён усталёўваў і будучы на дыпламатычнай службе, а таксама самастойна перапісваючы тую ці іншую кнігу, Петрарка сабраў значную калекцыю антычных аўтараў. Гэта былі як копіі, так і арыгіналы. Асабліва цаніў Вергілія, не раставаўся з яго творамі нават у дарозе. У 1337 г. Склаў каталог сваёй бібліятэкі “Мае кнігі”, які ўключаў больш за 1 тыс. назваў. Перадаў сваю бібліятэку ў дар ураду Венецыянскай рэспублікі. Яна ўвайшла ў склад бібліятэкі сабора св.Марка.

Збіраў кнігі Джавані Бакача, аднак яго калекцыя была ў параўнанні з бібліятэкай Петраркі значна сціплейшай (сродкі былі меншыя). Бакача таксама хацеў зрабіць сваю бібліятэку агульнадаступнай. Завяшчаў яе ў 1374 г. манастыру Санта Спірыта ў Фларэнцыі.

Самым знакамітым калекцыянерам кніг у Італіі таго часу быў Нікола Нікколі (1363–1437). У адрозненні ад Петраркі ён не займаў высокіх афіцйных пасад, але дзякуючы сваёй бібліятэцы стаў адным з самых вядомых людзей Фларэнцыі. Атрымаўшы пасля смерці бацькі вялікую спадчыну, ён патраціў усё на пакупку кніг. Яго бібліятэка налічвала 800 кніг. У яго бібліятэцы працавала некалькі пісцоў. Сам жа ўладальнік займаўся ў асноўным даследчай працай па выяўленні арыгіналаў, параўноўваў спіскі аднаго твора, вывяраў, пісаў каментарыі да іх. У камплектаванні бібліятэкі Ніколі дапамагаў сакратар Папы рымскага Поджа Брачаліні, у якога таксама была прыватная бібліятэка, для якой ён пабудаваў спецыяльны будынак. Перад смерцю Нікола Ніколі завяшчаў сваю бібліятэку Фларэнцыі з тым, каб на яе аснове была створана публічная бібліятэка. Бібліятэка Ніколі была змешчана ў манастыр Сан Марка. На стварэнне і папаўненне бібліятэкі ахвяраваў вялікую суму грошай Казіма Медзічы і атрымала назву Бібліятэка Медзічы Лаўрэнцыяна або Бібліятэка Лаўрэнцыяна. Пры ўнуку Казіма Медзічы – Ларэнца – для бібліятэкі было пабудавана новае памяшканне, а інтэр’еры былі створаны Мікеланджала Буанароцці. Казіма Медзічы наняў 45 пісцоў, якія за 2 месяцы перапісалі і ўпрыгожылі 200 кніг.

Прыватныя калекцыі бібліяфілаў адыгралі значную ролю ў фарміраванні агульнадаступных бібліятэк эпохі Адраджэння.

У эпоху Адраджэння ў еўрапейскіх дзяржавах, калі ішоў працэс фармавання нацый, нацыянальных моў і культур адбываюцца і значныя змены ў дзейнасці бібліятэк. Адкрываюцца новыя універсітэцкія, публічныя бібліятэкі. Перадаюцца ва ўласнасць гарадам шматлікія манастырскія бібліятэкі. У фондах бібліятэк асноўнае месца пачынаюць займаць кнігі на нацыянальных мовах, фарміруюцца новыя правілы складання каталогаў, расстаноўкі фондаў, абслугоўвання чытачоў.

Гарадскія бібліятэкі даступныя не толькі для духавенства (епіскапаў, манахаў) ці для вучоных і студэнтаў, але і для іншых грамадзян – інжынераў, настаўнікаў, юрыстаў, купцоў, майстроў розных галінах. З бібліятэчнай практыкай у гэты перыяд была звязана дзейнасць многіх знакамітых вучоных.

У канцы ХІІІ ст. такія італьянскія гарады як Фларэнцыя, Балонья, Падуя і іншыя становяцца калыскай, цэнтрамі гуманістычнай культуры. У Італіі найбольш захавалася антычная культурная спадчына – аснова гуманізма. Кнігі і бібліятэкі высока цаніліся гуманістамі. Вучоны, педагог, гуманіст Паола Верджэрыо абвінавачваў свой час і папярэднікаў мінулай эпохі ў гібелі вялікай колькасці багатых бібліятэк. Петрарка лічыў бібліятэкі распаўсюджвальніцамі гуманістычных ідэй і таму яны павінны былі быць у кожным горадзе. Гуманіст Салютаці таксама падкрэсліваў важнасць сістэматычнага папаўнення бібліятэчных фондаў, назначэння на пасады кіраўнікоў бібліятэкамі людзей, якія выдатна былі знаёмымі з кожнай кніжкай у фондзе.

У ХІІІ – XIV стст. у Італіі ствараюцца першыя свецкія бібліятэкі вучэбнага характара. Адной з буйнешых становіцца бібліятэка універсітэта ў Балоньі.

Манастырскія бібліятэкі перажываюць у гэты перыяд упадак. (Монтэ Касіно).

Пазітыўна адбілася на памнажэнні каштоўнасцей бібліятэчных фондаў эміграцыя грэкаў пасля падзення Візантыі і захопу яе туркамі, які прывозілі ў Італію рукапісы антычных аўтараў. Рукапісная традыцыя захоўвалася ў Італіі і нават пасля вынаходніцтва кнігадрукавання (да XVIII ст.).

Тым не менш развіццё кнігадрукавання пашыралася. Так, з 1448 г. па 1500 г. у 246 гарадах Еўропы з’явілася 1099 друкарняў, якімі было выдадзена 40 тыс. назваў кніг, што прынесла нямала клопатаў царкве. І ў 1471 г. папа Сікст IV аб’явіў аб увядзенні папярэдняй цэнзуры друкаваных твораў. Пры папе Льве Х (1513–1521) цэнзура распаўсюдзілася на ўвесь хрысціянскі свет.

У XVI ст. бібліятэкары Італіі значную ўвагу ўдзяляюць тэорыі стварэння каталогаў. Першапраходцам у гэтай справе стаў манах бенедыкціянец Фларыян Трэфлер (выд. 1560 г.). Абавязковымі для бібліятэкі Трэфлер лічыў такія каталогі, як алфавітны, сістэматычны, у якім апісваліся кнігі ў той паслядоўнасці ў якой яны стаялі на паліцах; прадметны – пералік зместу кніг, якія былі ў фондзе з алфавітным паказальнікам да яго і пералік кніг, якія захоўваліся на запасных паліцах. Лічыў, што толькі для бібліятэкара павінен існаваць пералік кніг з запасных паліц; а таксама, што бібліятэка – установа, якая праводзіць ідэі дзяржавы. Сістэма Трэфлера вынікала з рэальна прымяняўшыхся ў той час у практыцы бібліятэк розных краін каталогаў. Вучоны абагуліў гэту разнастайную практыку, даўшы пералік каталогаў у стройнай сістэме

ДАЛМАЦІЯ, ВЕНГРА-ХАРВАЦКАЯ ДЗЯРЖАВА.

Уплыў італьянскага гуманізма дасягнуў і такіх краін як Далмація, Венгра-Харвація, Чэхія, Польшча. Высокім культурным узроўнем адзначаюцца гарады Далмаціі. Сталіцай краіны адрыятычных славян і цэнтрам сербахарвацкага гуманізму і Адраджэння быў горад Дуброўнік. Неабходна адзначыць багатыя бібліятэкі абацтва Дуброўніка, у якіх былі працы антычных аўтараў, творы неапалітанскіх паэтаў, працы гуманістаў. Найбольш значныя фігуры Адраджэння ў Далмаціі, з якімі звязана і стварэнне бібліятэк былі Вук Бабальевіч, Задра Мафео Валарэса, Марка Маруліч. Так, Вук Бабальевіч, які быў дыпламатам у Канстанцінопалі і Будзе, меў шырокую магчымасць прывозіць адтуль рукапісы. Задра Мафео Валарэса арганізаваў гурток гуманістаў, які карыстаўся бібліятэкай абацтва. Марка Маруліч – заснавальнік харвацкай літаратуры, меў багатую прыватную бібліятэку, якая была даступнай і многім.

Для бібліятэк эпохі Адраджэння ў Далмаціі асноўнымі ворагамі сталі эпідэмія чумы XV – XVI стcn., а таксама Напалеонаўскае нашэсце ў пачатку ХІХ ст., калі было знішчана шмат бібліятэчнай рукапіснай спадчыны.

У 1417 г. на службу да венгерскага караля прыехаў Паола Верджэрыо, вядомы італьянскі гуманіст. У Венгрыі была таксама значная італьянская калонія ў сталіцы.

Венгерскі кароль Маціяш Хуньядзі І Корвін (1458–1490 гг.) заснаваў каралеўскую бібліятэку, якая стала месцам сустрэч гуманістаў з розных краін, якую часта параўноўваюць з Александрыйскай бібліятэкай. Бібліятэка налічвала ад 2 да 2,5 тыс тамоў. Пазней бібліятэка была названа “Карвінай”. 2/3 фонда бібліятэкі мела свецкі характар. У бібліятэцы працавала 30 пастаянных перапісчыкаў, якія ведалі старажытныя мовы. Менавіта каралеўская бібліятэка Венгрыі аказала значны ўплыў на развіццё гуманістычнай культуры ў іншых краінах Еўропы. Каштоўныя рукапісы “Карвіны” перапісваліся для бібліятэк Чэхіі, Польшчы, Германіі. Найбольшы росквіт для бібліятэкі – 1480-1490 гг. У каралеўскім палацы знаходзілася таксама і майстэрня кнігадрукавання. Была разбурана туркамі. Часткова яе фонды трапілі ў прыватныя бібліятэкі.

ГЕРМАНІЯ. У XV ст. шырыцца гуманістычны рух у Германіі. Нямецкі гуманізм меў антыфеадальную накіраванасць, нямецкія гуманісты рэзка выступалі супраць каталіцкай царквы.

Рудольф Агрыкола, Конрад Цэльціс, галадндзец Эразм Ратэрдамскі арганізоўвалі гурткі пры германскіх універсітэтах для вывучэння антычных аўтараў, а таксама стваралі бібліятэкі.

Вынаходніцтва кнігадрукавання традыцыйна ў Еўропе звязана з імем Іагана Гутэнберга. На змену вялікафарматным рукапісным кодэксам прыйшла кніга ў той форме, у якой яна дайшла да канца ХХ ст. і бібліятэка перастала выконваць функцыю скрыпторыя. Функцыя збора і захоўвання дакументаў з гэтага часу канчаткова аддзяляецца ад фукнцыі кнігавытворчасці. Друкарні і выдавецтвы становяцца самастойнымі установамі.

Біблятэка перастае быць архівам. Бібліятэка і архіў – самастойныя ўстановы.

Вынаходніцтва кнігадрукавання стала пераломным у разрыве сувязей бібліятэкі з рэлігійна-культавымі ўстановамі. Манастырская бібліятэка перастае быць вядучым тыпам бібліятэк. Дзякуючы кнігадрукаванню адбываюцца змены ў асноўных функцыях бібліятэкі – функцыі захоўвання і абслугоўвання, што асабліва праявілася ў перыяд Рэфармацыі.

У першай чвэрці XVI ст. у Германіі найвышэйшага развіцця атрымала Рэфармацыя, якую ўзначальваў прафесар-багаслоў Вітэнбергскага універсітэта Мацін Лютэр (1483–1546 гг.). пачаткам Рэфармацыі лічыцца 31 кастрычніка 1517 г., калі Марцін Лютэр прыбіў на дзверы сабора ў Вітэнбергу свае 95 рэфарматарскіх тэзісаў. Лічыў, што і гуманізм, і Рэфармацыя павінны вывесці бібліятэку з манастыроў і зрабіць яе свецкай. Асновай развіцця гарадоў лічыў адукаваных, добрасумленных, выхаваных грамадзян. Толькі ім было пад сілу збіраць, захоўваць і з розумам выкарыстоўваць інтэлектуальныя багацці. Стаяў на пазіцыях распаўсюджання літаратуры на розных мовах. Гарады павінны былі не шкадаваць грошай на стварэнне кнігасховішч. Так, у XV–XVI стст. у Германіі ствараюцца першыя публічныя бібліятэкі: у Нюрнбергу (1429 г.), у Аўгсбургу (1532 г.). Асновай іх фондаў былі бібліятэкі манастыроў. Такім чынам складваецца своеасаблівы тып бібліятэк – гарадская бібліятэка, якая была сукупнасцю разнастайных па месцы стварэння бібліятэк: бібліятэка ратушы, гарадская бібліятэка і бібліятэка гімназіі, бібліятэка пры царкве.

ФРАНЦЫЯ. Галоўным цэнтрам французскага Адраджэння сталі Парыж, Ліён, некаторыя гарады Навары. У 1530 г. у Парыжы ствараецца новы свецкі універсітэт (насуперак Сарбоне) Каледж дэ Франс. У 1635 г. – французская Акадэмія навук; збіраюцца прыватныя бібліятэкі літаратуразнаўцамі, гісторыкамі. Асабліва вызначаюцца стваральнікі нацыянальнай бібліяграфіі Францыі Франсуа Дэлакруа і дзю Вердзье. Іх працы і да нашага часу маюць значную каштоўнасць і з’яўляюцца важнейшымі крыніцамі старой французскай літаратуры XVI ст.

Так, да работы Дэлакруа па бібліяграфіі прыкладалася праца па арганізацыі каралеўскай бібліятэкі. У 1583 г. была паказана каралю Генрыху ІІІ. Кнігі прапаноўвалася размясціць па 100 шафах, па 100 кніг на 10 паліцах у кожным, што складала 10 тыс. тамоў (праект– аддалены продак дзесяцічных класіфікацый ХІХ–ХХ стст.). У кожнай шафе – пэўная тэматыка, якая павінна была быць адлюстравана у надпісе на шафе. Склаў пералік усіх загалоўкаў для 100 шафаў, якія забяспечыў лічбавым індэксам. 100 шафаў падзялялася на сем вялікіх тэматычных комплексаў або разрадаў: першы разрад, “які адносіўся да ўсіх свяшчэнных прадметаў і да ўсяго, што залежала ад іх” (шафы 1-17); другі – “тычыўся навук і мастацтва” (шафы 18–41); трэці разрад, які “змяшчаў апісанне Сусвету, як цалкам, так і ў прыватнасцях” (шафы 42–62); чацвёрты разрад – “прадметаў, якія адносіліся да чалавечага роду” (шафы 63–72); пяты – “людзей, якія праславіліся на вайне” (шафы 73–81); шосты – “тычыўся тварэнняў бога” (шафы 82–96); сёмы – “тычыўся сумесі з розных мемуараў (шафы 97–107). Кожны з разрадаў меў свае рубрыкі. У класіфікацыі знайшлі адлюстраванне новыя адкрыцці і вынаходніцтвы. Падрабязная дэталізацыя класіфікацыі, арыгіальнае дэцымальнае дзяленне матэрыяла, хоць і не да канца выражанае, робяць праект цікавейшым дакументам XVI ст.

Першая публічная бібліятэка Францыі – бібліятэка кардынала Джуліо Мазарыні (1634 г.). Пэўны час у біблятэцы працаваў кнігазнаўца, публіцыст, прафесар медыцыны, прыдворны ўрач Людовіка ХІІІ Габрыэль Надэ (1600–1653). Быў знаёмы з буйнейшымі бібліятэкамі Еўропы. Пасля смерці Мазарыні бібліятэка стала ўласнасцю каралеўскай сям’і. Надэ ж пераехаў у Стакгольм, дзе стаў бібліятэкарам каралеўскай бібліятэкі Швецыі. Надэ – аўтар дапаможніка “Парады для наладжвання бібліятэкі” (1627). У выданні даваліся рэкамендацыі па паўнаце кніжных збораў, гаварылася аб разнастайнасці ў падборы літаратуры пры камплектаванні фондаў, уважлівых адносінах да “маленькіх” аўтараў і кніг. Надэ надае вялікае значэнне мэтазгоднай растаноўцы фондаў (па факультэтах): Багаслоўе, Медыцына, Юрыспрудэнцыя, Гісторыя, Філасофія, Матэматыка, Гуманітарныя навукі і іншыя, якія неабходна падраздзяляць кожную ў адпаведнасці з іх асаблівасцямі. Унутры павінны быць рубрыкі. Упачатку неабходна ставіць кнігі найбольш старажытных аўтараў і на больш агульныя тэмы. Падкрэслівае неабходнасць двух каталогаў: сістэматычнага і аўтарскага алфавітнага.

У Францыі ідэі гуманізма і Рэфармацыі распаўсюджваліся ў жорсткай барацьбе з царквой. Нялёгкім было супрацьстаянне інквізіцыі. Спецыяльныя манаскія ордэны вялі барацьбу з ерассю (езуіты таксама). У спецыяльных навучальных установах рыхтавалі барацьбітоў за чысціню царквы: каралеўская калегія Каледж Руайяль, заснаваная езуітамі са згоды Генрыха IV. Фамільны каралеўскі замак Шатанеф. Бібліятэка дадзенай установы багата фінансавалася. Выдзяляліся асобна зборы ерытычнай літаратуры.

АНГЛІЯ. Распаўсюджанне гуманізма ў Англіі наспупіла тады, калі ў большасці краін Еўропы адбываўся іх крызіс, у пачатку XVI ст. Цэнтармі становяцца Оксфардскі і Кембрыджскі універсітэты. Асабліва Оксфардскі універсітэт.

У Англіі напачатку Адраджэння вядучае месца працягвалі займаць манастырскія бібліятэкі. Нават бібліятэкі названых універсітэтаў не мелі значных кніжных збораў. Толькі пры Генрыху 8, калі адбылася секулярызацыя манастыроў, адбыліся пэўныя змены і ў кніжных зборах. Праўда, яшчэ да аб’яўлення аб секулярызацыі ў 1533 г. захавальніку асабістай каралеўскай бібліятэкі Джону Леленду было даручана адабраць рукапісы з усіх бібліятэк абацтваў, сабораў, каледжаў для караля. Аднак у большасці выпадкаў апусцеўшыя манастырскія бібліятэкі былі разрабаваны яшчэ да прыезду Леленда. Яму ўдалося сабраць усяго некалькі соцен кніг. Напрацягу 1536–1539 гг. было секулярызавана 800 манастыроў. Аднак большая частка іх фондаў была спалена або парвана. Захаваліся фонды толькі Оксфардскага і Кембрыджскага універсітэтаў.

У 1549 г. універсітэцкія бібліятэкі ўсё ж не мінула “чыстка”. І бібліятэка оксфардскага універсітэта перастала існаваць Каля 50 гадоў унівесітэт не меў сваёй бібліятэкі. Толькі ў канцы XVI ст. Томас Бадлей, англійскі дыпламат і вучоны, на свае сродкі ўзнавіў кнігасховішча, падарыў шмат кніг. У 1602 г. бібліятэка была ізноў адкрыта. У яе фондах захоўваліся рукапісы III–II стст. да н.ч. на грэчаскай і лацінскай мовах, калекцыя першых друкаваных выданняў Англіі, першыя п’есы В.Шэкспіра.

Універсітэцкія бібліятэкі Англіі ў XV–XVI стст. мелі прадуманую сістэматызацыю літаратуры: кнігі расстаўляліся ў парадку, які быў блізкі да класіфікацыі ведаў Арыстоцеля.

У царкоўных бібліятэках кнігі, як і ў Германіі, якія былі адобраны царквой, перапляталіся ў светлыя пераплёты і размяшчаліся направа ад уваходу, а ерытычныя наадварот – у цёмныя, размяшчаліся злева.

У 1595 г. выйшаў “Каталога англійскіх друкаваных кніг” (Т.1–2) Эндру Маўнсэла, бібліёграфа, кнігапрадаўца. У прадмове – новыя тэндэнцыі правіл складання каталогаў: непасрэднае дасканалае знаёмства з кнігай, шматаспектнае адлюстраванне кнігі, пры групіроўцы – вынясенне на першы план найбольш неабходных чытачам, а імі, як ён лічыў, былі кнігі па прыродазнаўстве і толькі потым гуманітарныя. Пры жыцці Маўнсела выйшлі 1 і 2 тамы яго працы: у першым – выдзелена багаслоўская літаратура і кнігі па пытаннях рэлігіі; у другім – арыфметыка, геаметрыя, астраномія, астралогія, музыка, ваенна мастацтва, а таксама – фізічныя навукі і хірургія. Трэці том павінен быў змяшчаць “кнігі на нашай уласнай мове па грматыцы, логіцы, рыторыцы, праву, гісторыі, паэзіі, палітыцы і інш., якія ў большай ступені заключалі матэрыял для асалоды і задавальнення...”. Нягледзячы на некаторае пашырэнне тэматыкі літаратуры і рост ўдзельнай вагі свецкай кнігі, у манастырскіх і саборных бібліятэках XV–XVI стст. па-ранейшаму вядучае месца займае багаслоўская кніга. У каталогах яна (як і папярэдні час) – на першым месцы.

У XVI ст. з’яўляецца праца швейцарца Конрада Геснера (1516–1565), прафесара грэчаскай мовы і філасофіі ў Лазане і Цюрыху, аднасасова, урача, заолага, батаніка, юрыста, гісторыка і бібліёграфа, за якім замацавалася слава “бацькі заходнееўрапейскай бібліяграфіі” – “Усеагульная бібліятэка” (1545). Выданне ўяўляе з сябе бібліяграфічнае апісанне вядомых у часы Геснера кніг, напісаных на грэчаскай, лацінскай і яўрэйскай мовах. Першы том – у алфавіце аўтараў, другі – змяшчае тую самую літаратуру, размешчаную ў сістэматычным парадку па 21 раздзелу. Для другога тома Геснерам была складзена класіфікацыя, каштоўнасць якой заключаецца ў тым, што ён паспрабаваў злучыць у ёй патрабаванні тагачаснай навукі з патрэбнасцямі бібліяграфічнай практыкі. Традыцыйна ён вылучыў тры асноўныя комплексы: сем свабодных навук (кнігі І–ХІІІ), механічныя мастацтвы (кніга ХІІІ), філасофія (кнігі XIV–ХХІ). Навукі размясціў у паслядоўнасці іх вывучэння ў еўрапейскіх школе і універсітэце. Кожны аддзел пачынаўся з падраздзялення “агульнае”, прызначанага для кніг комплекснай тэматыкі, якія ахопліваюць навуку цалкам. Геснер прадугледзеў у сваёй класіфікацыі падраздзяленні для новых тэорый і адкрыццяў таго часу. Шырока выкарыстоўваў сістэму спасылак і адсылак. Галоўныя вартасці працы – гэта новае для таго часу навуковае вырашэнне асноўных пытанняў класіфікацыі, адлюстраванне навуковых праблем сучаснасці, дакладная сістэматызацыя матэрыялу, небывалая да таго дробнасць бібліятэчнай класіфікацыі, прыстасаванасць яе да практычных патрэб чытачоў і інш. Геснер арыентаваў сваю класіфікацыю на патрэбнасці вучоных.

Значны ўклад у развіццё бібліятэчнай класіфікацыі зрабіў англічанін Фрэнсіс Бэкан (1561–1636), які ў 1623 г. надрукаваў сваю працу “Аб вартасцях і удасканаленні навук”. Асноўныя ідэі Фрэнсіса Бэкана тычыліся агульнай структуры класіфікацыі навук. У аснову сваёй класіфікацыі ведаў ён паклаў разнастайныя духоўныя здольнасці чалавека, якія з’яўляюцца крыніцай пазнання. Ён лічыў, што існуюць тры асноўныя здольнасці: Памяць, Уяўленне і Рассудак. Адпаведна гэтаму ўсе веды падзяляюцца на тры групы: Гісторыя, Паэзія і Філасофія або Навука. Галоўнай Бэкан лічыў Навуку. Бэкан дапускаў дваістасць ісціны – адна, пазнаваемы вопыт і назіранне; другая – боскае, спасцігаемае адкравеннем або натхненнем. Адной з асаблівасцяў класіфікацыі Бэкана з’яўлялася ўвядзенне ў агульны класіфікацыйны рад некаторых навук, у яго час не існаваўшых, але якія ў будучым павінны быць створаны. Бэкан стаў першым, хто так падрабязна распрацаваў класіфікацыю ведаў, кіруючыся тым, што ў аснове ўсялякага пазнання ляжыць практычны вопыт.

Што тычыцца прафесіі бібліятэкара, бібліятэкара як прафесіянала, то ў эпоху Адраджэння гэта пытанне паўстае прынцыпова ў іншым ракурсе. Так, урбінскі герцаг Федэрыга да Монтэфельтра (1422–1482), які сабраў бібліятэку ў 1120 тамоў, распрацаваў інструкцыю, у якой сфармуляваў патрабаванні да бібліятэкара. У адпаведнасці з інструкцыяй у абавязкі бібліятэкара ўваходзілі нагляд за парадкам, вядзенне каталога, ахова фонда ад пашкоджанняў, забеспячэнне доступу да фондаў і прастаўленне ў спецыяльным журнале адзнак аб выданых манускрыптах. Монтэльфельтра падае таксама і якасці, якімі павінен валодаць бібліятэкар: вучонасцю, прыемным характарам, прадстаўнічаў знешнасцю, прыгожым словам. Найбольш жа ў сапраўднасці цанілася адукаванасць. Своеасаблівым сімвалам бібліятэкара італьянскага Адраджэння стаў захавальнік Лаўрэнцыяны Антоніо Мальябекі (1633-1715). Ён не надаваў ніякага значэння адзенню, і яго знешні выгляд быў далёкі ад “прыемнага”, бо ён насіў адзенне да тых пор, пакуль яно на ім не згнівала. Эканоміў час на мыцці, адзяванні, ядзе, але напамяць ведаў каталогі ўсіх еўрапейскіх бібліятэк – нават да таго, што мог указаць месцазнаходжанне той ці іншай кнігі на паліцы.

Значную ўвагу ў эпоху Адраджэння надаюць як будове, так і абсталяванню бібліятэк. Ідэальная мадэль бібліятэкі Барока была распрацавана французскім вучоным-езуітам Клодам Клеманам (1596–1642). Клеман абгрунтаваў падыходы да камплектавання бібліятэк, сістэматызацыі літаратуры, абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання ў бібліятэцы помнікаў матэрыяльнай культуры, раскрыў асноўныя элементы візуальнага афармлення бібліятэкі і яе назначэння. Бібліятэка павінна садзейнічаць навуковым заняткам, адукацыйным мэтам. Вучоных-бібліятэкараў Клеман параўноўваў з капітанамі караблёў.

Вынікі:

1. У Еўропе бібліятэка перастае выконваць функцыю скрыпторыя. Накіравана на захоўванне экземпляра тыражыраванага дакумента. Бібліятэка і архіў – самастойныя ўстановы.

2. Функцыя збору і захоўвання дакументаў з гэтага часу канчаткова аддзяляецца ад фукнцыі кнігавытворчасці. Друкарні і выдавецтвы становяцца самастойнымі установамі.

3. Вынаходніцтва кнігадрукавання стала пераломным у разрыве сувязей бібліятэкі з рэлігійна-культавымі ўстановамі.

4. Павелічэнне колькасці копій робіць магчымым пашырэнне кола адукаваных людзей, якія навучаюцца. Бібліятэка працягвае служыць навуцы ў межах ідэалаў, вызначаных антычным светапоглядам.

5. У эпоху Адраджэння ў жыцці грамадства дамінуе прыватная бібліятэка.

6. Дзякуючы прыватным бібліятэкам эпохі Адраджэння адбываецца фарміраванне новага тыпу бібліятэк, які быў арыентаваны на агульнадаступнасць, на абслугоўванне шырокага кола грамадзян, што вызначала тэматыку фондаў, палітыку камплектавання, адносіны бібліятэк да задачы захавання сусветнай духоўнай спадчыны.

7. Эпоха Адраджэння залажыла прынцыпова новыя адносіны ўладальнікаў прыватных бібліятэк з грамадствам, зарыентаваўшы бібліяфілаў на фармаванне калекцый, якія могуць стаць грамадскімі.

8. Узнікаюць першыя свецкія бібліятэкі вучэбнага характару (бібліятэкі універсітэтаў, ратуш, гімназій), якія прыцягнуты да працэса перадачы ведаў шырокаму колу грамадзян.

9. Бібліятэкі цэркваў, сабораў, манастыроў адступаюць на другі план.

10. У фондах бібліятэк асноўнае месца пачынаюць займаць кнігі на нацыянальных мовах, фарміруюцца новыя правілы складання каталогаў, расстаноўкі фондаў, абслугоўвання чытачоў.

11. Чытачамі бібліятэк акрамя знаці і духавенства, вучоных, студэнтаў становяцца і іншыя грамадзяне – інжынеры, настаўнікі, юрысты, купцы, майстры розных галін.

12. Значная ўвага ўдзяляецца тэорыі стварэння каталогаў (Трэфлер), узнікаюць новыя работы па класіфікацыі (Дэлакруа, Маўнсэла, Геснера, Бэкана), арганізацыі бібліятэкі і камплектавання фондаў (Надэ).

13. Распрацоўваюцца новыя спісы забароненых кніг, якія з XVI ст. носяць абавязковы і жорскі характар.

14. Грамадства прад’яўляе да бібліятэкара патрабаванні высокага прафесіяналізму і адукаванасці.

15. Зачная ўвага пачынае надавацца пабудове, абсталяванню бібліятэк. Распрацоўваецца ідэальная мадэль бібліятэкі.

16. Асноўныя тыпы бібліятэк – агульнадаступныя бібліятэкі эпохі Адраджэння (публічныя), гарадскія бібліятэкі эпохі Рэфармацыі, універсітэцкія бібліятэкі, манастырскія бібліятэкі эпохі Барока (конртрэфармацыі).