Щ ш ч ц х ф т с р п

Б в г д ж з к л м н

Верхнія літары замяняліся на ніжнія. Замене не падлягалі галосныя літары, Ъ, Ь, Зяло, Фита.

Мудрая літарэя адрозніваецца ад простай тым, што літары другога рада стаяць у нейкім умоўным парадку.

4) Лікавая сістэма ці лічбавы тайнапіс. Гэта сістэма мае тры галоўныя разрады:

а) лічбавы разрад. У ёй асобныя літары, словы разглядаюцца як лічбы, якія раскладваюцца на складаемыя. Напрыклад, літара М, якая мела лічбавае значэнне 40, раскладваецца на КК (два разы па дваццаць);

б) апісальны разрад, у якім лічбавае значэнне асобных літар (ці складаемых) апісваецца словамі;

в) значковы разрад. Тут лічбавае значэнне асобных літар абазначаецца значкамі: адзінкі – кропкамі, дзясяткі – рыскамі, сотні – кружкамі.

5) Сістэма зваротнага пісьма заключаецца ў тым, што літары пісаліся ў адваротным парадку.

6) Акраверш – верш, які захоўвае таемны сэнс у першых літарах кожнага радка.

Лiтаратура

 

 

Каманін I., Вітвіцька О. Водяні знаки на папері украінських документів XVI і XVII вв. (1566–1651). К., 1923.

Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография. Л., 1928.

Костюхина Л. М. Книжное письмо XVII в. М., 1974.

Куль-Сяльверстава С. Я. Беларуская палеаграфiя. Гродна, 1996.

Лавцявичюс Э. Бумага в Литве в XV–XVIII вв. Вильнюс, 1979.

Леонтьева Г. А. Палеография, хронология, археография, геральдика. М., 2000.

Леонтьева Г. А. Палеография. М., 1985.

Леонтьева Г. А., Шорин П. А., Кобрин В. Б. Ключи к тайнам Клио. Палеография, метрология, хронология, геральдика, нумизматика, генеология. М., 1994.

Мацюк О. Я. Папiр та фiлiгранi на украiнських землях (XVI-початок XX ст.). Киів, 1974.

Муравьёв А. В. Палеография. Учебно-методическое пособие со сборником снимков с русского письма XI-XVIII вв. Изд. 4-е. М., 1975.

Нiкалаеў М. Палата кнiгапiсная. Рукапiсная кнiга на Беларусi ў X-XVIII ст. Мн., 1993.

Николаева А. Т. Палеография. М., 1980.

Павленко Н. А. История письма. Изд. 2-е, перераб. и доп. Мн., 1987.

Пронштейн А. П., Овчинникова В. С. Развитие графики кирилловского письма. Ростов, 1987.

Тихомиров М. Н., Муравьёв А. В. Русская палеография. М., 1966.

Чаев Н. С., Черепнин Л. В. Русская палеография. М., 1947.

Черепнин Л. В. Русская палеография. М., 1956.

Щепкин Н. В. Русская палеография. М., 1967.

Laucevіcіus E. Popierius Lіetuvoje XV–XVIII a. Atlasas. Vіl., 1967.

Sіniarskа-Czaplicka J. Filigrany papierni połožonych na obszarze Rzeczypospolitej Polskiej od początku XVI do połowy XVIII wieku. Wroclaw – W–wa – Kr., 1959.

Szymański J. Nauki pomocnicze historii. Od schyłku IV do końca XVIII w. Warszawa, 1972

 

 

Стварэнне корпуса кнігі

 

 

З мэтай выявіць заканамернасці складвання папяровых аркушаў у сшытак памерам у чацьвёрку, былі вывучаны друкаваныя кнігі, колькасць аркушаў сшыткаў якіх складала 8/8 і 6/6. У такіх сшытках філігрань знаходзіцца на ўнутраным згіне і сістэматычна паўтараецца: у сшытку 6/6 - тры разы, у сшытку 8/8 - чатыры разы, што адпавядае тром ці чатыром вялікім аркушам, які выкарыстоўваліся для фарміравання аднаго сшытка. Вядома, што інкунабулы памерам у чацьвёрку друкаваліся "са спускам палос". Дапушчальна існаванне аналогіі і ў папяровых рукапісах. Калі ў сшытках з паперы памерам у чацьвёрку, сустракаецца такія ж суадносіны філіграней, то цалкам верагодна, што тэкст быў напісаны ў неразрэзаныя аркушы.

У папяровых рукапісах, якія вырабляліся па прынцыпу "спуска палос", як правіла, сустракаюцца пустыя аркушы паміж канцом аднаго твора і пачаткам іншага.

 

Падрыхтоўка аркушаў і размяшчэнне тэксту

 

У статуце ордэна картэзіанцаў, у раздзеле аб рэчах і інструментах скрыпторыя, сказана, што для пісьма перапісчык павінен мець пяро, крэйду, дзве пемзы, дзве чарнільніцы, адзін скальпель - для выскрабання памылак, просты нож (novakula) - для падрыхтоўкі пергаміна ці два нажы - для скаблення, адну "наколку" (punktorium), адно шыла (subula), свінцовы аловак, лінейку (regula), дошку і грыфель - для разліноўкі.

Магчыма, перапісчыкі карысталіся агульнымі законамі гармоніі, якія выкарыстоўваліся ў архітэктуры. Пікардзійскім архітэктарам Віларам дэ Анекура (Villard de Honnecourt) у першай палове XIII ст. быў створаны гарманічны падзяляльны канон, з дапамогай якога любая прастора падзяляецца на любую колькасць роўных частак без усялякага маштаба.

 

Наколы для правядзення вертыкальных ліній у некаторых выпадках выяўлены толькі на ніжнім полі. Гэта можа азначаць, што наколы рабіліся ў складзеным, але не разрэзаным сшытку. На разгорнутым аркушы кропкі-наколы аказваліся у краёў, а лініі іх злучэння забяспечвалі аднолькавае адмежаванне прасторы для тэкставога поля ва ўсіх аркушах будучага сшытку. У гэтым выпадку можна меркаваць, што наколвалі адразу адразу некалькі аркушаў пергаміна аднолькавага памеру. Такім чынам паскараўся працэс працы. Неабходнасць паскарэння працы маглаўзнікнуць толькі тады, калт з'явілася рэальная патрэба павялічваць колькасць тых кніг, якія перапісваліся, што дыктавалася ў сваю чаргу павялічэннем попыту на аднатыповыя кнігі.

Адсутнасць наколаў уверсе ці ўнізе аркуша можа гаварыць аб тым, што яны зрэзаны пры пераплёце. У гэтым выпадку трэба параўнаць адлегласць паміж вертыкальнымі лініямі у верхняй частцы двух суседніх аркушаў і таўшчыню правадзімай лініі.

У некаторых сшытках наколы для вертыкальных адмежавальных ліній адстаяць ад самой адмежавальнай лініі, што сведчыць аб правядзенні іх на неразрэзаным, але папярэдне складзеным аркушы. Калі ж лінейкай злучалі дзве крайнія кропкі, то сярэднія (у развароце аркуша) не трапілі на прамую лінію, паколькі пры перагіне пергаміна адбывалася іх змяшчэнне.

Многія рукапісы (асабліва італьянскія) захавалі кропкі-наколы ўверсе і ўнізе кожнага аркуша; вертыкальныя лініі злучалі гэтыя кропкі, прычым лінія праводзілася не на разгнорнутым аркушы, а на кожным аркушы сшытка. Наколы рабіліся адначасова ва ўсім сшытку, што лёгка вызначаецца па ўвагнутых кропках на правых аркушах і выпуклых краях дзірачак - на адваротных.

Другая група наколаў прадназначалася для правядзення радковых ліній. Наколы рабіліся у бакавога края аркуша на аднолькавай адлегласці адзін ад другога (прыкладна ад 5 да 7 мм). Разліноўку рабілі на аркушы ў разварот. Калі наколваўся неразрэзаны аркуш, то пры развароце адначасова разліноўвалі некалькі аркушаў; калі разразалі аркушы сшытка, то разліноўвалі два аркушы.Часам радковыя лініі выходзілі за межы вертыкальных, што сведчаць аб разліноўцы аркуша ў разварот. Бакавыя наколы маюць звычайна дзве формы: круглую і прадаўгаватую. Прадаўгаватыя наносіліся вастрыём нажа, круглыя - калёсікам з раўнамерна размешчанымі на нім шыпамі.

Наколы трэцяй групы - "апорны" - маюць звычайна круглую форму, бо з'яўляюцца слядом цыркульнай ножкі.

Вывучэнне фігур, якія ўтвораны перасячэннем ліній, праведзенымі паміж сабой адмежавальнымі наколамі, прыводзіць да высновы, што яны з'явіліся не ў выніку выпадку ці адвольнага дзеяння, а ў выніку пошука і часам дакладнага разліку.

 

Разліноўка рабілася алоўкам, чарнілам і рэдка металічным стрыжням (нажом). У XIV ст. больш выкарыстоўваўся аловак (каля 60%), а ў XV ст. - чарніла (больш 70%). У XIV ст. у Італіі разліноўвалі алоўкам і чарнілам, у Францыі і на поўначы Еўропы пераважала разліноўка чарнілам, у Англіі аддавалі перавагу алоўку. У XV ст. ва ўсіх краінах зацвердзілася чарнільная разліноўка.

 

Дапаможны аппарат кнігі

 

Сігнатура, г. зн. абазначэнне паслядоўнасці сшыткаў і аркушаў у ім была запазычана з усходніх рукапісаў. У старажытных еўрапейскіх рукапісах яна адзначалася літарай q ці qu, што азначала quaternion, лічба каля літары адзначала паслядоўнасць сшыткаў: qIII, qIV, qV. К XIV ст. выкарыстанне сігнатур стала традыцыйным: паслядоўнасць сшыткаў адзначалася літарамі алфавіта, а лічба (рымская, радзей арабская) фіксавала паслядоўнасць аркушаў у кожным сшытку (aI, aII, aIII, bI, bII і г. д.). У кнігах, колькасць аркушаў якіх перавышала колькасць літар алфавіта, выкарыстоўваліся заглаўныя і падвойныя літары (ааІ, ааІІ і г. д.). У некаторых рукапісных кнігах захаваліся некалькі тыпаў сігнатур, напр.: 1) чарнільная літарна-лічбавая, якая зроблена пісарам на адвароце аркушаў (ад а1, 2, 3, 4 да z), 2) аловачная ў правым вуглу (таксама літарна-лічбавая) і 3) аловачная - лічбавая. Звычайна сігнатура размяшчалася на ніжнім полі у самага края аркуша.

Кустоды былі запазычаныў арабаў і адзначаюцца ў іспанскіх рукапісах X ст. Асабліва шырока выкарыстоўваліся кустоды ў еўрапейскіх рукапісах XIV - XV стст. У некаторых з іх кустоды і сігнатуры суіснуюць. Наяўнасць кустод пераважае ў італьянскіх рукапісах.

Папера (charta с papyri, bombycina), як лічыцца, была вынайдзена ў Кітае ў II ст. Паступова яна пранікла на Захад. У сярэдзіне VIII ст. арабы захапілі Самарканд і вывезлі адтуль тэхналогію вытворчасці паперы ў Месапатамію, Сірыю і Егіпет. У X ст. арабамі папера была завезена ў Іспанію. У XI ст. папера выкарыстоўвалася ў Сіцыліі. Праз Іспанію і Сіцылію яна трапіла ў Італію. З Італіі гатовую паперу вывозілі ў паўднёвую Францыю, Германію і далей у Польшчу і Чэхію, з Іспаніі - на поўнач Францыі, Англію і краіны Скандынавіі. У далейшым у названых краінах была наладжана ўласная вытворчасць паперы. Першыя папяровыя млыны з'явіліся: у Іспаніі - у XI ст., у Італіі - у XIII ст., Францыі, Германіі, Англіі, Галандыі, Нарвегіі і Даніі - у XIV ст., Польшчы і Чэхіі - у XV ст. З сярэдзіны XV ст. Францыя і Галандыя сталі экспарцёрамі паперы. Назва "папера" паходзіць ад назвы "папірус".

 

Дукт. Накірунак напісання вызначаецца па шырыні ліній літары. Тоўстыя лініі атрымліваліся, калі пяро рухалася ва ўсіх накірунках, за выключэнне yакірунка зверху ўніз па дыяганалі ўлева і знізу ўверх па дыяганалі ўправа. Праўда, для некаторых элементаў літар такія напісанні маглі ўтвараць тонкія лініі (пісар пісаў вуглом срэза пяра, г. зн. калі ён пераварочваў пяро). Праўда, усё гэта адносіцца да пісьма пяром з параўнальна шырокім (затупеўшым ці спецыяльна зрэзаным пяром). Для востага пяро спалучэнне тонкіх і шырокіх ліній не характэрны, усе лініі тонкія.

Больш складана ўстанавіць паслядоўнасць напісанняў асобных элементаў літар, якія пісаліся ў некалькі прыёмаў. У гэтым плане карысную інфармацыю змяшчаюць тэксты не зусім уважлівых пісараў. Перапісваючы тэкст, некаторыя з іх пачыналі ўзнаўляць элементы памылковых літар. Узнавіўшы адзін з элементаў такой літары ці некалькі з іх, яны ў пэўны момант заўважалі памылку. Калі гэтыя элементы перашкаджалі напісанню правільнай літары, яны сціраліся, калі не перашкаджалі - пакідаліся. У апошнім выпадку, калі ў далейшым ўзнаўлялася правільная літара, ствараўся эфект падкрэслівання ці закрэслівання. У апошнім выпадку правільная літара крыху выходзіла за верхнюю лінію радка. Элементы недапісаных літар знаходзіліся і над корпусам правільнай літары. У некаторых выпадках напісаны элемент памылковай літары прыстасоўваўся пад напісання правільнай літары і служыў такім чынам яе элементам. Такія літары маюць незвычайнае напісанне, але літара тым не меньш чытаецца па агульных абрысах. Пры высвятленні паслядоўнасці напісання элементаў літар нас цікавяць такія выпадкі, калі ўзноўленыя элементы памылковай літары пакідаліся ці прыстасоўваліся для напісання правільнай літары. Так, напрыклад, у адным з дакументаў кнігі Метрыкі 228 літара "л" у слове "рублев" мае незвычайныя для яе памеры. Пры гэтым, левая перакладзіна "л" супадае па даўжыні, форме і таўшчыні з хвастом літары "р" гэтага ж слова. Верхнія і ніжнія пункты хваста "р" і левай перакладзіны "л" знаходзяцца на адным узроўні двух паралельных лінеяк. Відавочна, пісар замест "л" стаў пісаць "р". Гэта пацвярджаецца і тым, што ў двух месцах кнігі ён усё ж такі памыліўся і замест "рублев", напісаў "рубрев". Узнаўляючы "р" пісар узнавіў яе хвост. Калі заўважыў памылку ён не стаў сціраць напісанае, але з правага боку правёў яшчэ адну перакладзіну. Атрымаўся абрыс літары "л". Значыць напісанне "р" пачыналася з хваста. У іншым дакуменце гэтай жа кнігі Метрыкі над літарай "л" у словах "з белою" знаходзіцца гарызантальная рыска. Відавочна, у арыгінале пісар прачытаў гэта слова як "збеглою" (у рукапісу ў гэтым дакуменце вышэй сустракаюцца словы "побегли", "прибегла", "прибегли", "беглецы", "розбеглися") і пры перапісцы тэкста пасля "бе" пачаў пісаць "г", але потым заўважыў памылку, напісаў "л", а гарызантальную рыску сціраць не стаў (яна не перашкаджала напісанню "л"). Адсюль можна выказаць меркаванне, што напісанне "г" перапісчык кнігі Метрыкі 228 ва ўсякім выпадку ў дадзеным месцы пачынаў пісаць з верхняй гарызантальнай перакладзіны.

 

Пры гэтым трэба заўважыць, што паслядоўнасць напісання элементаў літар, якія ўзнаўляліся ў некалькі прыёмаў нават у аднаго пісара, магла быць рознай. Відавочна, пры напісанні літары "ш" спачатку ставіліся тры вертыкалі, а потым праводзілася ніжняя перакладзіна. У іншых выпадках спачатку праводзілася ніжняя перакладзіна, а потым ставіліся вертыкалі і г. д.

 

Для скорапісу першых двух дзсяцігоддзяў XVI ст. характэрны наступныя асаблівасці. Петлі "в" маюць вуглаватую форму, а сама літара нахілена ў левы бок. Літара "и" узнаўляецца з лёгкім нахілам улева. Літара "н" пішацца з выразным нахілам у правы бок. Пры гэтым "н" мае касую перакладзіну. Для "ь" і "ы" характэрны чатырохвугольныя петлі. Такую форму часта маюць і петлі літары "б". Літары "яць" і "ъ" пішуцца з трохвугольнымі ці чатырохвугольнымі петлямі. Літары "б", "г", "п", "т" маюць толькі ледзь прыкметныя навесы ў левы бок, але часцей за ўсё пішуцца без іх. У шэрагу выпадкаў верхнія перакладзіны (што ўтвараюць навес) не даводзяцца нават да левага краю левай мачты. Мачты "г", "п", "т" (у варыянце з трыма мачтамі-ножкамі), "ч", правыя мачты "и", "н", "ы", перакладзіны "а", "а ётаванага", правыя перакладзіны "л", "м" узнаўляюцца без адкрэсленняў у правы бок. Больш за тое ў літарах "а" і "и" можна назіраць выразныя адкрэсленні ў левы бок. Толькі ў асобных дакументах адкрэсленні ў правы бок з'ўляюцца на мачтах "г" і "ч", правай мачце "н", адной ці двух мачтах "п", на адной, двух, трох мачтах "т". Левая мачта і перакладзіна "и", унутраныя перакладзіны "м" злучаюцца пад вуглом. На фоне дробных корпусаў літар выразна вылучаюцца доўгія хвасты ў "а" (адным з варыянтаў), "д", "з", "р", "у", "ф", "х", "ц", "щ", "а ётаванае" (адзін з варыянтаў) і высокія мачты ў "ж", "т" (г-падобнага варыянта), "яць", "ъ". Вынасная "и" узнаўляецца ў выглядзе двух паралельных вертыкалей, часта крыху нахіленых ў левы бок.

Ужо ў 20-х гг. XVI ст. пры захаванні старых форм спінка і петлі "в" акругляецца (верхняя пятля можа быць вострай), а сама літара паступова выпрамляецца ў адносінах да радка. Літара "н" хаця і ўзнаўляецца нахіленай у правы бок, але існую тэндэнцыя ставіць перакладзіну прама. У "ъ" пятля набывае форму авала. У "б", "ы", "ь" пачынаюць панаваць трохвугольныя петлі. У "г", "п", "т" навесы ў левы бок становяцца больш выразнымі. Сустракаецца, хаця яшчэ і даволі рэдка, навес у левы бок і ў "б". Становяцца больш частымі і павялічваюцца адкрэсленні ў правы бок на мачтах "г" і "ч", адной ці двух мачтах "п", адной, двух, трох мачтах "т", "ч". З'яўляецца адкрэсленне ў правы бок на правай мачце "н". Паступова змяншаюцца адносна корпусаў хвасты "а" (адным з варыянтаў), "д", "з", "р", "у", "ф", "х", "ц", "щ", "а ётаванае" (адзін з варыянтаў), мачты "ж", "т" (г-падобнага варыянта), "яць", "ъ". Літара "т" пачынае пісацца як спалучэнне "п" і "т". Форма "и" вынасной у выглядзе двух вертыкалей замяняецца на варыянт у выглядзе сучаснай рукапіснай "и".

Значныя перамены ў графіку літар прынеслі 30-40 гг. XVI ст. Літара "н" пішацца часцей за ўсё з прамой перакладзінай. Пануе толькі акруглая "в" (праўда, часта з вострай верхняй пятлёй). Наяўнасць навесаў у левы бок ў "б", "г", "п", "т", адкрэсленняў у правы бок на мачце "г" і "ч", правай мачце "н", мачтах "п" і "т" становяцца пануючай з'явай. Літара "б" часта пішацца без верхняй перакладзіны, толькі з навесам ці хвосцікам у левы бок. У 1540-х гадах навес у "г", "п", "т" накіраваны не толькі ўлева, але і ўлева і ўніз. У шэрагу выпадкаў ён апускаецца на ніжнюю лінію радка. Адкрэсленні ў правы бок пачалі рабіцца на правых мачтах "и", "ы", перакладзінах "а" і "а ётаванага", правых перакладзінах "л" і "м". Уласна гэта ўжо не акрэсленні, а ніжнія часткі выгнутых мачт і перакладзін. Літара "г" нярэдка ўзнаўляецца толькі з адным навесам, пры гэтым месца злучэння мачты і навеса акругляецца, а сама літара набывае выгляд сучаснай рукапіснай "г". Акругляецца месца злучэння левай мачты і перакладзіны "и" (такі эфект дасягащся за кошт выгіну мачты ці перакладзіны ці дзякуючы безадрыўнаму напісанню ўсіх элементаў літары), месца злучэння ўнутраных перакладзін "м" (за кошт выгіну левай унутранай перакладзіны).

Для скарапісных помнікаў першай паловы XVI ст. характэрна наяўнасць над радкамі дыякрытычных знакаў у выглядзе дужкі, канцы якіх накіраваны ўніз.

 

Для абазначэння ўстаўленных і размешчанных над радком літар і слоў выкарыстоўваліся наступныя знакі: 1) на месцы ўстаўкі літар - кропка на верхняй лініі радка, перад устаўленымі літарамі - кропка на верхняй умоўнай лініі радка; 2) на месцы ўстаўкі літар - кропка ў верхняй трэці радка, перад устаўленымі літарамі - кропка ў верхняй трэці ўмоўнага радка; 3) на месцы ўстаўкі слова ці літар - двукроп'е, перад ўстаўленымі словам ці літарамі - двукроп'е; 4) на месцы ўстаўкі слова - "/" меньш ці больш за памер корпуса літар, перад ўстаўленым словам - такіж знак такога ж памеру; 5) на месцы устаўкі слова - размешчанныя адзін над іншым знакі "/" (відавочна, разнавіднасць двукроп'я ці кропкі з коскай), кожны з якіх быў меньш за памер корпуса літар; перад устаўленым словам - знак, які складаўся з кропкі вышэй за верхнюю лінію ўмоўнага радка, і коскі, якая стаяла тут жа пад ёй на верхнім умоўным лініі радка (відавочна, разнавіднасць кропкі з коскай); 6) на месцы ўстаўкі слова - знак, які складаўся з кропкі, што размяшчалася пасярэдзіне радка, і знака "/", які стаяў ніжэй за ніжнюю лінію радка (відавочна, разнавіднасць двукроп'я кропкі з коскай), перад устаўленым словам - двукроп'е; 7) на месцы ўстаўкі некалькіх слоў - знак, які складаўся з кропкі вышэй за верхнюю лініі радка і знака "/", які размяшчаўся тут жа пад ёй на ніжняй лініі радка (відавочна, разнавіднасць двукроп'я ці кропкі з коскай), перад устаўленным словам - знак "/" больш за памер корпуса літар.

 

Вызначэнне такіх почыркаў патрабуе спецыяльных метадаў даследавання. Адным з іх з'яўляецца комплекснае вывучэнне рукапісу, г. зн. кадыкалагічны аналіз, у якім даследуюцца не толькі характэрныя прыкметы пісьма, але размяшчэнне тэксту на старонцы, сістэма загалоўкаў, рубрык, арнаментацыя; улічваецца фармат, матэрыял пісьма, а таксама паметы, маргіналіі, г. зн. раскрываецца аўтарская праца з тэкстам. Аснова такога шматграннага падыхода была закладзена Леапольдам Дзелілям, штуршок да канкрэтнага даследавання у канцы 1950-х гг. быў дадзены Жыльберам Уі. З тых пор ім, а таксама яго паслядоўнікамі, якія працавалі ў гэтым накірунку, былі знойдзены многія аўтографы і прыжыццёвыя спісы твораў французскіх аўтараў XIV - XV ст. (с. 117)

Палеограф жа даследуе перад усім почырк у гістарычным аспекце: яго цікавяць прычыны з'яўлення почырка, уплыў сацыяльнага асяроддзя на фарміраванне і змены почырка, месца індывідульных почыркаў ў шэрагу тыпаў пісьма, якія выкарыстоўваліся ў розных па прызначэнню манускрыптах, і, разумеееца, не меньш важным з'яўляецца устанаўленне прыналежнасці рукапісу той ці іншай асобе. (с. 120)

Аналіз агульных прыкмет выяўляе групу почыркаў ці тып пісьма. Да такіх прыкмет адносяцца форма, дукт, вага, модуль пісьма, якія дазваляюць групіраваць тыпы і стылі пісьма і вывучаць іх эвалюцыю. Толькі ўсе прыкметы, якія ўзяты разам, даюць поўнае ўяўленне аб пісьме, а кожны асобна характаразуе яго з аднаго боку. Асобна ўзятая прыкмета можа выявіцца і ў іншыі, зусім супрацьлеглым тыпе пісьма...

Інакш абстаіць справа з формай і дуктам, яны знаходзяцца ў цеснай сувязі адзін з другім. Дукт кіруе формай і з'яўляецца выражэннем дынамічнага стэрэатыпа. Аднак адным і тым жа дуктам можна стварыць розныя формы літар... Сутнасць заключаецца не ў магчымасці стварэння розных варыянтаў, а ў тым, які дукт і якія атрымліваюцца абрысы літар ў канкрэтным почырку, які даследуецца (ці почырках). І паколькі дукт фарміруе літару, то неабходна прааналізаваць складовыя яе элементы і ахарактарызаваць будову літары ў цэлым.

Да канца XVIII ст. сыравізной для паперы амаль выключна служыла льняное і баваўнянае рыззё. Прычым, чым больш лядашчым было рыззё, тым больш лепшай якасці атрымлівалася папера. Рыззё сарціравалася, рвалася і кідаліся ў катлы, у якіх яно варылася з вапнай для таго, каб удаліць фарбы, тлуст і гразь. Потым яно падвяргалася бражэнню да той пары, пакуль яно не пачынала раслойвацца на валокны. Валакністая маса размолвалася. У выніку атрымлівалася белая вадкая кашыца, якая пагружалася ў драўляныя чаны. З чана яна чарпалася формай і пасля таго, як сцякала вада, адносілася да прэса, пракладвалася сукном і прэсавалася вінтавым прэсам. З-пад прэсу даставалі ўжо аднародны лёгкі аркуш, які зноў прэсаваўся для выраўнівання, прасушваўся, пагружаўся ў клей, папярэдне замочаны ў моцнай гарачай шчэлачы з мыльнай рошчынай. Апошнім этапам у вырабе паперы было глянцаванне. Першапачаткова паперу глянцавалі шліфавальным камней, з XVII ст. - таксама і цяжкім жалезным молатам.

Чарпальная форма складалася з дзвюх частак: рамы і драцянога дна. Рама адпавядала памерам папяровага аркуша. Дрот для сеткі быў медным, спецыяльнага валачэння. Перад адлівам папяровай масы ў форму ўстаўляўся дэкель - драўляную раму, якая надавала папяровай масе форму аркуша і не давала ёй расцякацца. Сетка формы складалася з падоўжанага (гарызантальнага) і папярочнага (вертыкальнага) дроту. Для абазначэння дроту прынята французская тэрміналогія: падоўжаны дрот называецца "вяржэры" (ад фр. vergeures - палоскі) (па-нямецкі - rippen, па-англійскі - chain lines, па-польску - żeberka), папярочны - "панцюзо" (pontouseux) (па-нямецкі - bindendraht, па-англійскі - laid lines, па-польску - kresy). Вяржэры размяшчаліся часта, панцюзо, якія выкарыстоўваліся для падрымкі вяржэраў - рэдка. У сетку ўпляталі драцяную фігурку. Рыззёвы слой клаўся на дрот і фігурку больш тонкім слоем, таму на аркушы атрымліваліся бачныя на святло выявы гарызантальных і вертыкальных ліній, а таксама малюнак унутры сеткі. Бачныя на святло лініі гарызантальныя і вертыкальныя так і называюцца: "вяржэры" і "панцюзо". Для абазначэння малюнка ў розных мовах існуюць розныя найменні: у асноўным - гэта "вадзяны знак" (water mark, wasserzeichen, wodny znak), але, напрыклад, у французскай, італьянскай - "філігрань" (больш дакладна - "філігран") (ад лацінскага “filum” - нітка і “granum” - зерне). Два гэтых тэрміна - "вадзяны знак" і "філігрань" - выкарыстоўваюцца як сінонімы. Але больш мэтазгодна называць драцяную фігуру, якая ўпляталася ў сетку чарпальнай формы - філігранню, а знак, які бачны на святло - вадзяным знакам.

Вадзяны знак - уласцівасць толькі еўрапейскай паперы. Папера з краін Усходу такіх знакаў не мела. Першая ў Еўропе філігрань (у выглядзе крыжа) датуецца 1282 г. і належыла майстэрне горада Фабрыяна (Італія). У кожнага вытворцы былі свае вадзяныя знакі. Яны служылі маркай паперы, знакам вытворцы. Шэраг вадзяных знакаў вызначалі фармат і гатунак паперы. Пакупнік, жадаючы набыць паперу таго ці іншага гатунку, называў яе вадзяны знак.

Акрамя асноўнага вадзянога знака маглі ставіць другі вадзяны знак - кантрамарку. Першапачаткова яны былі вельмі маленькага памеру. Часам кантрамаркі адзначалі фармат і гатунак паперы. У пачатку XVII ст. многія вытворцы пачалі ставіць на аркушы паперы два вадзяныя знакі. Пры згіне такога аркуша ў адзін раз на кожным паўаркушы знаходзілася па вадзяным знаку. Напрыклад, два вадзяныя знакі мае папера з мястэчка Гальшаны, якая была выраблена ў 1612 г. Часам ставіўся і трэці вадзяны знак. Ён быў вельмі малым і размяшчаўся ў сярэдзіне аркуша на згіне.

Спачатку пэўнага месца для вадзянога знака на аркушы паперы не існавала. Напрыклад, у XVI ст. на паперы з Генуі вадзяны знак знаходзіўся ў ніжнім вуглу аркуша, на паперы з Венецыі - у сярэдзіне паўаркуша. У Жэневе ў 1562 г. было прынята распараджэнне, у адпаведнасці з якім вадзяны знак павінен быў знаходзіцца ў цэнтры разгорнутага аркуша. На паперы, якая выраблялася ў ВКЛ, вадзяны знак размяшчаўся на адной палове аркуша, часам - на абодвух. Вадзяныя знакі маглі арыентавацца як уздоўж панцюзо, так і ўздоўж вяржэраў.

Вадзяныя знакі змяшчалі ў асноўным гербы ўладальнікаў папяровых млыноў, а таксама тых гарадоў, рэгіёнаў і дзяржаў, дзе знаходзіліся гэтыя млыны. Вадзяныя знакі паперы, якая выраблялася на тэрыторыі ВКЛ, прадстаўлялі пераважна гербы ўладальнікаў млыноў.

Сыравізна і выраб паперы былі намнога больш таннейшыя, чым скуры жывёл і выраб з іх пергаміна. Аднак папера не адразу заваявала рынкі. Панавала думка, што папера - матэрыял меньш трывалы і не можа доўга захоўвацца. Напрыклад, Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрых ІІ у 1231 г. забараніў выкарыстоўваць паперу для афіцыйных дакументаў. У канцылярыі Італіі і Францыі першапачаткова выкарыстоўвалі паперу толькі для чарнавікоў і кніг-рэгістраў.

У ВКЛ у... папера з некаторых сфер так і не выцесніла пергамін. Напрыклад, прывілеі (даравальныя лісты на розныя крыніцы даходаў: маёнткі, пасады і г. д.) у асноўным вырабляліся з пергаміну.

Папера выкарыстоўвалася ў канцылярыі Вітаўта. У канцы XIV - пачатку XV ст. - гэта была тоўстая, шарпатая папера, часта без вадзяных знакаў. З 1409 г. з'яўляецца папера лепшага гатунку італьянскай і французскай вытворчасці з вадзянымі знакамі. Папера нямецкага паходжання выкарыстоўвалася мала. Відавочна, італьянская і французская папера ў канцы XIV ст. пранікала ў ВКЛ праз Рыгу, а ў пачатку XV ст. - праз Гданьск і землі Ордэна.

 

Арабы выкарыстоўвалі памеры ад 0,61 х 0,91 м да 0,733 х 1, 099 м. Кожны фармат у арабаў меў сваю назву. Напрыклад, самы маленькі фармат (0,61 х 0,91 м) меў назву "птушынай паперы" (яна выкарыстоўвалася для карэспандэнцыі, якая дасылалася голубамі). Папера на Захадзе адрознівалася сваімі памерамі. У XIV - XV стст. у Італіі былі пашыраны памеры realle - 0,615 х 0,455 м і recute - 0,450 х 0,315 м. Гэтыя (і некаторыя іншыя) памеры былі блізкія памерам пергамінных аркушаў (па якіх, відавочна, былі устаноўлены памеры паперы) і выкарыстоўваліся да канца XVI ст. у Італіі, Францыі і Галандыі, а такасма, відавочна, і ў Польшы. У XVI ст. з'явіліся памеры 0,440 х 0,305 і 0,430 х 0,290 м. У Венецыі ў канцы XV - пачатку XVI ст. сустракаецца памер 0,440 х 0,320 м. Аднак устойлівых стандартаў паперы яшчэ не існавала. Да канца XV ст. асноўным памерам з'яўляўся 46 х 32 см, у канцы XV ст. з'явіўся 43 х 30,5; з XVI ст. - мелі месца памеры 40,5 х 28,5; 39 х 28; 37 х 27,5; 33 х 25 см. У Германіі ў канцы XIV - XV ст. асноўным памерам паперы былі 42 х 30; 46 х 34,5 м, а ў XVI ст. - 44 х 33,5 см.

 

Шырока выкарыстоўвалася папера вучоныя і студэнты для перапіскі навуковых прац і запісаў лекцый.

 

Датаванне з дапамогай філіграней складаецца з трох этапаў: 1) выяўленне; 2) апісанне; 3) ідэнтыфікацыя; 4) уласна датаванне.

Спачатку трэба выявіць вадзяны знак. Выявіць філігрань на асобным дакуменце з двух парных аркушаў in folio няцяжка: яна размяшчалася альбо на першым, альбо на другім аркушах. Дакумент мог складацца з двух, чатырох і нават болей парных аркушаў in folio. Сагнутыя аркушы ўкладваліся адзін у другі і, такім чынам, складалі сшытак. Калі ў сшытку ў два парныя аркушы in folio філігрань знаходзіцца на першым і другім аркушах, то спадарожныя ёй кантрамаркі змяшчаюцца адпаведна на чацьвёртым і трэцім аркушах. Для сшытка ў чатыры парныя аркушы in folio парай першаму аркушу будзе складаць восьмы, другому - сёмы, трэцяму - шосты, чацьвёртаму - пяты аркушы і г. д.

Перад тым як прыступіць да выяўлення вадзяных знакаў кнігі трэба вызначыць яе асобныя сшыткі. Калі кніга мае фармат in folio то пры выяўленні вадзяных знакаў трэба кіравацца адзначанымі вышэй назіраннямі. Пэўную цяжкасць выклікае выяўленне філіграней у кнігах з 8-аркушавымі сшыткамі in quarto. У гэтых кнігах філігрань аднаго аркуша падзялялася лініяй згіну на дзве палавінкі. Кантрамарка ў кнігах названага фармату таксама трапляе пад згін і часам бывае не бачная. Цяжка кожны раз вылічваць, які аркуш (з бліжэйшых 15) адпавядае дадзенаму аркушу. Часта аказвацца, што кніга не мае поўных 8-аркушавых сшыткаў, аркушы ў кнізе пераблытаны, страчаны, недакладна пранумараваны, аркушы дапоўнены дадатковымі аркушамі і г.д. Сярэдняя частка філіграні бывае моцна зашыта ў карэньчыку кнігі і запісана тэкстам. Для вызначэння адпаведных пар аркушаў для 8-аркушавых сшыткаў мэтазгодна выкарыстоўваць наступныя табліцы (склала Л. П. Жукоўская):