Гісторыя вывучэння беларускай палеаграфіі

 

 

Першапачатковыя прыёмы палеаграфічнага аналіза зарадзіліся ў чыста практычных мэтах, галоўным чынам, ў мэтах экспертызы дакументаў, якія фігуравалі ў судовых працэсах. Першыя звесткі аб палеаграфічнай экспертызе ў пісьмовых крыніцах адносяцца да XVI ст. У 1531-32 гг. віленскі ваявода і канцлер ВКЛ Альбрэхт Марцінавіч Гаштольд сумесна з іншымі суддзямі разглядалі цяжбу паміж гаспадарскім дваранінам Васькам Пятровічам Заройскім і святаром (“папом”) царквы Св. Спаса г. Мазыр Мялешкам аб Барысаўскай зямлі (Барысаўскім востраве) у Мазырскай воласці. У якасці падставы на валоданне Барысаўскім востравам Мялешка прыводзіў прывілей, які нібыта быў выдадзены вялікім князем Свідрыгайлам (1430-1432) і запісаны ў царкоўным Евангеллі. Другі судовы бок – Васка Зароўскі – даводзіў, што Евангелле было прывезена з “Масквы” і ўкладзена ў царкву пасля праходжання некалькі дзясяткаў год пасля смерці Свідрыгайлы. Канчатковае рашэнне было вынесена суддзямі пасля правядзення экспертызы дакумента. Аказалася, што пісьмо прывілея з'яўляецца “новым”, а яе тэкст напісаны не ў адпаведнасці з дзелавым стылем дакументаў.

Такім чынам, адным з экспертаў выступіў тут канцлер ВКЛ. Трэба думаць, што ў прыняцці канчатковага рашэння адыгралі і пэўныя довады (праўда, не зафіксаваныя ў крыніцы) і самога Ваські Заройскага, які незадоўга да гэтага (а быць можа, і на час разгляду цяжбы) служыў у канцылярыі ВКЛ дзякам, г. зн. пісарам ніжэйшага рангу. Ад прыватных асоб у канцылярыю паступала вялікая колькасць дакументаў, якія былі выдадзены яшчэ пры Вітаўце, Свідрыгайле, Жыгімонце Кейстутавічы з мэтай іх пацвярджэння. Гэтыя дакументы падлягалі экспертызе з пункту гледжання іх аўтэнтычнасці. І А. М. Гаштольд як глава канцылярыі, праз рукі якога праходзілі гэтыя дакументы, і Заройскі як былы дзяк, які непасрэдна адказваў і за іх экспертызу, і за падрыхтоўку пацвярджэнняў, мелі пэўныя спецыяльныя веды і вопыт, каб адрозніць “старае” пісьмо ад “новага”.

Менавіта пісары канцылярыі, а таксама пісары ваяводскіх судоў і прыватныя пісары з’явіліся першымі “практычнымі” палеографамі. Але ў далейшым такую экспертызу маглі праводзіць спецыяльна падрыхтаваныя юрысты. Наступны факт адносіцца ўжо не да Беларусі, а Літвы. Аднак ён пралівае святло на канкрэтныя і прыёмы палеаграфічнай экспертызы рукапісу. У 1596 г. разглядалася цяжба паміж сёстрамі Гальшкай і Беатай Кміцянкамі, з аднаго боку, і князем Рыгорам Сангушкам-Кашырскім, з іншага, аб маёнтку Панемунь Вількамірскага павета. Бок Кмяцянак прадстаўляла іх давераная асоба – умацаваны – Валенцій Сырвід. Апошні даследаваў знешнія прыкметы дакумента, які служыў Сангушку-Кашырскаму падставай для валодання маёнткам, і яго вынікі апавясціў на судзе. Сырвід звярнуў увагу на асаблівасці чарніл, якасць матэрыяла – пергаміна, з якога быў выраблены дакумент, і, нарэшце, на само пісьмо. Ён заўважыў, што тэкст быў сцёрты, а па сцёртым свежымі чарніламі напісаны новы. Пергамін, там, дзе было сцёрта старае пісьмо, “льснил”, г. зн. быў глянцавым, у адрозненні ад больш грубейшага ў тым месцы, дзе знаходзілася пячатка. Паміж новым пісьмом захавалася старое пісьмо, якім не пісалі па яго сцвярджэнню ўжо 55 год. Безумоўна, з дакладнасцю да года толькі па адных асаблівасцях графікі, Сырвід не мог вызначыць даўнасць пісьма. Падставай для вызначэння часу з'яўлення тэкста, які захаваўся, з'явілася, відаць, пастаўленая дата дакумента.

Нельга не абыйсці і наступны факт. У 1605 г. кіеўскі мітрапаліт Іпацей Пацей прадставіў на экспертызу магістрата г. Вільні старую кнігу, якая была зноўдзена ў крэўскай царкве. Гэта кніга была напісана устаўным славянскім пісьмом і змяшчала ў сабе апісанне Фларэнційскага сабора, а таксама грамату кіеўскага мітрапаліта Місаіла да папы Сікста IV ад 14 сакавіка 1476 г., у якой прадстаўнікі духавенства і знаці ВКЛ выказвалі сваё прызнанне Фларэнційскай уніі і прасілі заступніцтва перад католікамі. Пацей меў намер надрукаваць грамату, а для таго, каб у праціўнікаў уніі не ўзніклі сумненні ў аўтэнтычнасці самой кнігі, прасіў членаў магістрата засведчыць кнігу з граматай сваімі подпісамі. Кніга была даследавана і засведчана, адносна чаго быў зроблены запіс у магістрацкіх кнігах. Цяжка сказаць, ці праводзілася сапраўдная экспертыза кнігі і граматы, а калі і праводзілася, то наколькі аб’ектыўна. У любым выпадку, мы маем справу са спробай экспертызы ўжо не толькі актавага матэрыялу, але і рукапіснай кнігі.

Навуковае вывучэнне беларускай і украінскай палеаграфіі, у прыватнасці, беларускага і ўкраінскага пісьма было звязана з дзейнасцю Кіеўская і Віленскай археаграфічнымі камісіямі. Першая была ўтворана ў 1843 г., другая – у 1864 г. У сувязі з падрыхтоўкай да друку гэтымі камісіямі гістарычных крыніц былі выдадзены палеаграфічныя альбомы . У 1884 г. выйшаў у свет “Зборнік палеаграфічных здымкаў са старажытных грамат і актаў, якія захоўваюцца ў Віленскім Цэнтральным архіве і Віленскай Публічнай бібліятэцы” (Вып. 1: 1432-1548), а ў 1899 г. – “Палеаграфічны зборнік. Матэрыялы па гісторыі паўднёва-рускага пісьма ў XV – XVIII стст.” У прадмове да апошняга І. М. Каманін зрабіў спробу выявіць характар графічных змен у развіцці украінскага скорапісу. Высновы, якія былі зроблены І. М. Каманіным ў выніку вывучэння ўкраінскага скорапісу у пэўнай ступені могуць быць пашыраны і на гісторыю развіцця беларускага скорапісу. І. М. Каманіну і О. Вітвіцкай належыць альбом філіграней украінскіх рукапісаў XVI – XVII стст. (“Вадзяныя знакі на паперы ўкраінскіх дакументаў XVI і XVII стст. (1566–1651)”, 1923).

Неабходна сказаць, што і да сённяшняга дня адсутнічаюць буйныя абагульняючыя даследаванні па беларускай палеаграфіі. У працах расійскіх і савецкіх палеографаў знешнія прыкметы беларускіх рукапісаў разглядалася толькі мімаходам.

Агульную характарыстыку украінска-беларускага паўустава і скорапісу даў А. І. Сабалеўскі ў працы “Славяна-руская палеаграфія”, 1901; выд. 2-е, 1908). Ён адзначыў, што паўустаўныя почыркі як паўднёвай, так і заходняй Русі XVI ст. больш блізкія да почыркаў маскоўскай Русі, і адрозніваюцца ад апошніх галоўным чынам своеасаблівым патаўшчэннем ў многіх літарах, напрыклад, у З, С, О. Асаблівыя формы літар ў “паўднёва-заходня-рускіх” (г. зн. украінска-беларускіх) почырках адносна рэдкія. Па назіраннях А. І. Сабалеўскага некаторыя дробныя ўкраінска-беларускія почыркі XV і XVI стст. маюць нахіленае к канцу радка пісьмо і блізкі да скорапісу. Сярод скарапісных почыркаў XV i XVI стст. вучоны вылучыў два тыпы: паўночна-рускі (маскоўскі) і паўднёва-заходне-рускі, якія рэзка адрозніваліся адны ад другіх. А. І. Сабалеўскі даў сціслую характарыстыку паўднёва-заходня-рускага скорапісу. Згодна з А. І. Сабалеўскім украінска-беларускі скорапіс другой паловы XVI – XVII ст. пераўтвараецца пераважна ў паўднёва-рускі скорапіс, паколькі ён выкарыстоўваецца галоўным чынам у помніках паўднёва-рускага паходжання. Апошняе палажэнне А. І. Сабалеўскага даволі штучнае. Адчуваецца, што свае высновы А. І. Сабалеўскі рабіў на падставе ўкраінскіх матэрыялаў І. М. Каманіна. У 1903 г. разам з С. Пташыцкім А. І. Сабалеўскі выдаў “Палеаграфічныя здымкі з рускіх грамат, пераважна XIV ст.”, дзе, у прыватнасці, змешчаны граматы з беларускіх зямель.

Беларуская палеаграфія разглядалася В. М. Шчэпкіным (у працы “Вучэбнік рускай палеаграфіі”, 1918; перавыдадзены ў 1967 г. пад назвай “Руская палеаграфія”). Як і А. І. Сабалеўскі, В. М. Шчэпкін пры разглядзе беларускай палеаграфіі абапіраўся ў асноўным на працу І. М. Каманіна. Аднак некаторыя яго палажэнні з'яўляюцца арыгінальнымі. З’яўленне беларускага скорапісу В. М. Шчэпкін звязвае з другім паўднёваславянскім уплывам і ўзнікненем двух дзяржаў: ВКЛ і Рускай дзяржавы. Другі паўднёваславянскі ўплыў па часе супадае з падзелам Рускай зямлі на два дзяржаўныя саюзы: на Літоўскі і Маскоўскі. Гэтыя саюзы перапрацоўвалі паўднёваславянскі ўплыў асобна адзін ад другога і па гэтай прычыне неаднолькава. Менавіта з часу гэтага ўплыву, як лічыць В. М. Шчэпкін, графіка ВКЛ і Рускай дзяржавы пачынае разыходзіцца. Беларускі скорапіс ён адносіць да разнавіднасці рускага скорапісу і называе яго Віленскім, а беларускі скорапіс XV – XVI стст. таксама – і скорапісам літоўскай вялікакняжацкай канцылярыі. Па сцвярджэнню В. М. Шчэпкіна скорапіс літоўскай вялікакняжацкай канцылярыі грунтаваўся на паўуставе XIV – XV стст. пры ўдзеле паўднёваславянскіх уплываў, што, у прыватнасці, адбілася ў доўгіх і манерных хвастах, якія ў большасці накіраваны ўніз. Тая агульная характарыстыка, якую ён даў кіеўскаму скорапісу XVII ст., у пэўнай ступені можа адносіцца і да беларускага скорапісу.

Асаблівасці беларускага пісьма знайшлі адлюстраванне ў працы Я. Ф. Карскага “Славянская кірылаўская палеаграфія” (1928; факсімільнае выданне 1979). У раздзеле “Пісцы кніг” ён змясціў пералік пісцоў кніг, які былі напісаны кірыліцай, сярод якіх знаходзім і пісцоў з беларускіх зямель. Каштоўнымі з’яўляюцца заўвагі Я. Ф. Карскага аб розных беларускіх рукапісах у яго іншым капітальным даследаванні “Беларусы”. Тут у главе “Асаблівасці пісьма заходнерускіх твораў, пачынаючы са старажытнейшых часоў (Палеаграфічны нарыс)” ёсць значны матэрыял для будучай беларускай палеаграфіі (Карский Е. Ф. Белоруссы. Язык белорусского народа. Вып. 1. М., 1955. С. 49-89).

І. Ф. Калеснікаў у артыкуле “Палеаграфія дакументальнай (архіўнай) пісьменнасці” даў сціслы аналіз заходняга (беларускага) скорапісу (Архивное дело. М., 1939. № 4. С. 15-35). Беларускі скорапіс разгледзіў, праўда, у духу І. М. Каманіна, А. І. Сразнеўскага і В. М. Шчэпкіна Л. У. Чарапнін (“Руская палеаграфія”, 1956). Падрабязны палеаграфічны аналіз спісаў Статута 1529 г. змешчаны ў працы С. Лазуткі і Э. Гудавічуса, якая прысвечана Статуту ВКЛ 1928 г. (“Першы Літоўскі Статут 1529 г.” Т. 1. Ч. 1-2, 1983-1985). Назірані гэтых вучоных за графікай пісьма асобных спісаў Статута маюць вялікую каштоўнасць пры вывучэнні скорапісу XVI – XVII стст. Беларускае пісьмо разглядалася польскім вучоным Т. Рот-Жаброўскім (“Гісторыя рускага пісьма”, 1987). Сціслы нарыс развіцця беларускага пісьма даў М. А. Паўленка (“Гісторыя пісьма”, 1987). Арфаграфію старабеларускай мовы даследаваў А. М. Булыка (“Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы”, 1970). Эвалюцыя беларускага пісьма ў сувязі з развіццём беларускай літаратурнай мовы вывучалася А. І. Жураўскім (“Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”, Т. 1, 1967). Палеаграфічнае апісанне Баркулабаўскага летапісу зрабіла Н. Т. Вайтовіч. На прыкладзе судовай кнігі Ковенскага земскага суда 1566-1567 літоўскі даследчык А. К. Антановіч выявіў асаблівасці беларускага скорапісу другой паловы XVI ст. Кнігазнавец М. В. Нікалаеў у кнізе “Палата кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў X – XVIII стагоддзях” апісаў асаблівасці пераплёту, арнаменту і мініяцюр старажытных беларускіх рукапісаў. У 1996 г. выйшаў першы ў Беларусі навучальны дапаможнік па беларускай палеаграфіі, аўтарам якой з’яўляецца С. Я. Куль-Сяльверстава (“Беларуская палеаграфія”).

Вялікім уклад у вывучэнне паперы ВКЛ належыць Э. Лауцявічусу (“Папера ў Літве ў XV–XVIII стст.”, 1979). Ім жа падрыхтаваны альбом філіграней (“Popierius Lіetuvoje XV–XVIII a. Atlasas”, 1967). Альбом філіграней, якім можна карыстацца беларускаму палеографу, быў выдадзены польскай даследчыцай Сінярскай-Чапліцкай (Filigrany papierni połožonych na obszarze Rzeczypospolitej Polskiej od poczatku XVI do polowy XVIII wieku”, 1959).