Культура і царква ВКЛ.

Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаны ў цэхі. Першы цэх на тэрыторыі Беларусі ўзнік у Менску. Цэхі з’яўляліся своеасаблівымі манапалізаванымі структурамі рамеснікаў пэўнай прафесіі, якія дапамагалі арганізаваць збыт прадукцыі, вызначыць цану, а таксама пазбегнуць канкурэнцыі з боку “партачоў”(нецэхавых майстроў). Цэх уяўляў сабой не толькі вытворчую кааперацыю, але і вайсковую адзінку. Падчас ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады, якія абаранялі горад і крэпасць, займаючы раней акрэсленае для кожнага цэха месца дыслакацыі.

На Беларусі было вядома больш за 100 рамесніцкіх спецыяльнасцей: кафтаннікі, сярмяжнікі, панчошнікі, капялюшнікі, саф’яннікі, замшавікі, збройнікі, печнікі, ліцейшчыкі, кафляры, разьбяры і г. д.

Цэхі ў першай палове XVI ст. паўстаюць пад мясцовымі назвамі: “сотні” ў Гародні, “староствы” ў Магілёве, “брацтвы” ў Полацку і Менску.

Цэх з’яўляўся арганізацыяй майстроў. Каб дабіцца гэтага высокага звання, трэба было на працягу некалькіх гадоў прайсці школу вучня, затым падмайстра. Толькі пасля гэтага здаваўся экзамен на майстра. Для праверкі ступені валодання сваім рамяством прэтэндэнт на майстра павінны быў зрабіць “штуку”. Каб стаць кавалём, трэба было за дзень адкаваць цясак, падкову і сякеру. Ад слесара патрабавалася вырабіць два замкі – адзін для лаўкі, другі для сундука. Якасць працы павінна была быць высокай. За ёю сачылі лепшыя прафесіяналы. Экзамен на майстра можна было здаваць тры разы. Няўдачнікам адмаўлялі ў прыёме ў цэх.

Адыход ад натуральнай гаспадаркі, развіццё таварна-грашовых адносін у Беларусі ў XV – першай палове XVI ст. садзейнічалі фарміраванню ўнутранага рынку, выводзілі беларускага селяніна, рамесніка, купца за межы воласці, прымушалі да асвойвання гандлёвых плошчаў як суседніх зямель, так і аддаленага замежжа. Рынкі гарадоў усё больш трывала звязвалі паміж сабою ўсе рэгіёны Вялікага княства Літоўскага. Гэтую сувязь забяспечвалі гарадскія гандляры, якіх у той час называлі “прасоламі”.

Ва ўсіх гарадах і мястэчках у вызначаныя дні, звычайна раз–два за тыдзень, адбываліся таргі. Для іх правядзення былі адведзены спецыяльныя месцы – рынкі. У буйных гарадах рынкі займалі даволі вялікую плошчу. Так, у Магілёве яна складала больш чым 2 гектары, на якіх размяшчалася 400 лавак гандляроў. У гэтых лаўках можна было набыць самыя розныя тавары: футры, жалеза, дрот, грабяні, прыправы, іголкі, ртуць, бялілы, акуляры, серу, гузікі, струны, воўну, паперу, хусткі, медзь, рукавіцы, розныя тканіны.

Часам гандлёвай дзейнасцю займаліся сяляне. Яны павінны былі на фурманках дастаўляць сабраны ў фальварку ўраджай да прыстані ці буйнога порта. Так, падданыя ўладання Спіравічы Менскага ваяводства ў 1646 г. павінны былі рабіць адну паездку ў год у Вільню, адну – у Менск. Фурманаў з беларускіх вёсак можна было сустрэць у Варшаве, Гданьску, Рызе. Аднак найчасцей земляроб збываў сваю прадукцыю на бліжэйшым рынку. Так, паступова паміж вёскамі, гарадамі і мястэчкамі пракладваліся шляхі-“гасцінцы”, якія звязвалі рынкі гарадоў усёй Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне XVI ст. тэрыторыю Беларусі з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень праразалі не менш чым два дзесяткі буйных сухапутных шляхоў, якія, быццам капілярамі, былі злучаны прасёлачнымі грунтоўкамі.

Замежным гандлем у беларускіх гарадах у XV–XVI стст. займаліся багатыя вярхі гарадскога купецтва. Іх называлі “гасцямі”. Яны складалі значную праслойку гарадскога насельніцтва.

Напрамкі гандлёвай актыўнасці “гасцей” былі скіраваны ва ўсе бакі свету. Беларускія гандляры куплялі ў Кракаве, Любліне, Гнезна, Познані вялікімі партыямі сукно, палотны, жалеза, свінец, волава і прадавалі іх у беларускіх гарадах. Асаблівым попытам у беларускіх землях карысталіся гатовыя вырабы, набытыя купцамі ў Польшчы: папера, цвікі, косы, сярпы, нажы, галантарэя.

Беларускія купцы падтрымлівалі актыўныя гандлёвыя сувязі з Масквой, Цвер’ю, Смаленскам, Псковам. У гэтых гарадах закупляліся абутак, рукавіцы, сярмягі, грабяні, ніткі, футры.

Па Заходняй Дзвіне і Балтыйскаму мору ажыццяўляўся гандаль з Даніяй, Швецыяй, Свяшчэннай Рымскай імперыяй і іншымі дзяржавамі. У адным з дакументаў таго часу занатавана: “прывозіць рака Дзвіна ў Літву соль, віно, цэльныя залатыя і сярэбраныя яхімкі (манеты XVII ст.)”.

На знешнім рынку беларускія купцы пераважна прадавалі вырабы мясцовага рамяства. Таксама ў Заходнюю Еўропу, Польшчу, Прыбалтыку і рускія гарады трапляла прадукцыя сельскай і лясной гаспадаркі: пшаніца, смала, каноплі, мёд, воск, сала, футры, сырыя і вырабленыя скуры, мыла, паташ (драўляны попел), драўніна.

 

5.Квітнеючыя беларускія гарады XVI – пачатку XVII ст. увайшлі ў другую палову XVII – XVIIIст. у стане страшэннага разбурэння. Сведчаннем таму сумныя лічбы. На 50—70 % былі разбураны гарадскія пасяленні Менскага, Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага ваяводстваў. Некаторыя населеныя пункты практычна былі зруйнаваны з зямлёй. Так, калі да пачатку ваенных дзеянняў другой Паўночнай вайны ў Крычаве мела жыхарства 500 сем’яў, то пасля засталося каля 20.

Пасля разбуральных навалаў жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак адбудоўвалі свае сядзібы. Але вярнуць былую веліч і прыгажосць людным і багатым гарадам Беларусі ім так і не ўдалося. У XVIII ст. чалавек няўтульна адчуваў сябе ў славутых раней Магілёве, Віцебску, Менску. Смецце з вуліц тут не прыбіралася. Вуліцы практычна не брукаваліся. Рыначныя плошчы зарасталі пустазеллем. Ноччу гарады не асвятляліся.

У пераважнай большасці гарадоў было ад 300 да 500 дамоў, гэта значыць, што насельніцтва складала прыкладна 2–3 тысячы чалавек. Звыш 10 тысяч налічвалі толькі Магілёў і Віцебск. А ў такіх павятовых цэнтрах, як Ліда і Мазыр, засталося 1,5 тысячы насельнікаў. У Браславе жыло ўсяго 500 чалавек. “Пустым” горадам здалася падарожніку ў XVIII ст. Орша. Нават Старажытная Гародня, якая стала ў XVIII ст. буйным дзяржаўным, прамысловым, культурным цэнтрам, асабліва не прываблівала вока яе наведвальнікаў.

Пасля ваенных спусташэнняў гарадскі люд пачаў інтэнсіўна папаўняцца яўрэйскім насельніцтвам. Прыток яўрэяў у асноўным з Польшчы і Украіны падтрымліваўся дзяржаўнай уладай і буйнымі землеўласнікамі. У гэтым яны бачылі крыніцу павелічэння прыбыткаў, бо яўрэі сваімі капіталамі і працай ажыўлялі гаспадарчую дзейнасць. У буйных гарадах Беларусі яўрэі складалі ў гэты час каля 30 – 40 % насельніцтва, а ў мястэчках – палову і болей.

Жылі яўрэі ў асобных кварталах сваёй грамадой – кагаламі. Рамеснікі-яўрэі большасцю не ўваходзілі ў цэхі і стваралі свае рамесніцкія “брацтвы”. Шматвяковая традыцыя верацярпімасці на беларускіх землях дазволіла прышламу яўрэйскаму насельніцтву арганічна ўліцца ў грамадства Беларусі. Больш таго, улады і гаспадары ўладанняў сачылі за прадухіленнем канфліктаў на рэлігійна-этнічнай глебе. Напрыклад, Радзівілы ў свой час выдалі прывілей гораду Нясвіжу, паводле якога падчас Вялікодных святаў яўрэі абавязаны былі замыкаць з абодвух бакоў сваю вуліцу, а ключы здаваць замкавай адміністрацыі, каб тая забяспечвала парадак.

Увогуле, як ні ў якія папярэднія вякі, насельніцтва беларускіх гарадоў у другой палове XVII – XVIII ст. было шматэтнічным, шматмоўным і шматверным. Іудзеі ў гарадах і мястэчках будавалі і наведвалі сінагогі, мусульмане – мячэці. Прадстаўнікі вышэйшых колаў гарадскога насельніцтва спавядалі часцей за ўсё каталіцтва. Прасталюдзіны былі ў асноўным уніятамі і, радзей, праваслаўнымі.

Гарады Беларусі па-ранейшаму карысталіся Магдэбургскім правам. Войтаў прызначаў кароль. Ва ўмовах суцэльнай прадажнасці ўлад Рэчы Паспалітай гэтыя пасады захоплівалі багатыя гарадскія вярхі. Праўдамі і няпраўдамі яны перакідвалі асноўныя падаткі на плечы простых гараджан, памнажаючы свае капіталы. 3 насельніцтва гарадоў спаганяліся на карысць дзяржавы падымнае, “гіберна”, паштовае і іншыя падаткі. За карыстанне ворнай зямлёй, сенажацямі і агародамі гарадское жыхарства сплачвала чынш. Цяжарам на плечы мяшчан клаліся грашовыя выплаты магістрату на гарадскія патрэбы. Да таго ж гараджане выходзілі на ахову сваіх паселішчаў, рамантавалі замкавыя ўмацаванні, прымалі на пастой дзяржаўных службовых асоб і прадстаўлялі кватэры для войска.

Павіннасны цяжар, умяшанне ў гарадскія справы дзяржаўнай адміністрацыі і феадалаў, самавольствы членаў гарадскога самакіравання выклікалі супрацьдзеянні з боку мяшчан. Часам яны адстойвалі свае правы і са зброяй у руках. Найбольш буйныя гарадскія паўстанні адбыліся ў Магілёве ў 1606-1608 гг. і 1610 г. Рамеснікі на чале са Стахорам Мітковічам, Пятром-кавалём, Мікітай-збройнікам, Харапонам-краўцом, Міхайлам-ганчаром і Хадком Багдановічам выступілі супраць злоўжыванняў гарадской рады і ліквідавалі яе. Больш за два гады горадам кіравала “рамесніцкая” рада, праводзячы палітыку ў інтарэсах гарадскіх нізоў. У 1608 г. подкупам і пагрозамі дзяржаўным уладам удалося “скінуць” раду рамеснага люду і перадаць паўнамоцтвы былому складу магістрата. Але праз два гады магілёўцы зноў падняліся на паўстанне. На гэты раз уладу ў горадзе захапіць не ўдалося. Расправа з завадатарамі была жорсткай. Пяцярых – Івана Харковіча, Міхайлу Чабатара, Лавору Міхайловіча, Мікіту Мільковіча, Гаўрылу Івановіча – пакаралі смерцю. Двух рамеснікаў – Максіма Тальбуша і Ісая Шчаснага – прысудзілі да 12-тыднёвага зняволення. Пасля чаго іх катавалі ля ганебнага слупа і выкінулі за сцены горада. Выступленні мяшчан адбываліся і ў іншых гарадах: у Полацку (1667 г.), Гародні (1670,1726 гг.), Менску (1700 г.), Магілёве (1733 г.).

Улады вымушаны былі ісці жыхарам горада на ўступкі. Так, за мяшчанамі Магілёва і Гародні было замацавана права выбіраць войта горада. На працягу 60-х гг. XVII ст. членам магістратаў Магілёва, Віцебска, Гародні былі прадстаўлены шляхецкія правы.

Рамяство і гандаль заставаліся асновай гаспадарчай дзейнасці гараджан. Гандаль, як унутраны, так і знешні, вёўся ў традыцыйных формах. Буйныя гарады з’яўляліся таксама буйнымі гандлёвымі цэнтрамі. У малых гарадах і мястэчках перыядычна праводзіліся кірмашы. Найбуйнейшы адбываўся ў Зэльве. Значныя кірмашы збіраліся ў Шклове, Бешанковічах, Нясвіжы.

У XVIII ст. адбылася пэўная карэкціроўка арыентаванасці знешняга гандлю. Заходняя яго арыентацыя заставалася важнай па-ранейшаму. У гэтым кірунку ішлі, як і ў былыя часы, прадукты сельскагаспадарчай вытворчасці. Але з пачатку XVIII ст. узрасла роля Пецярбурга. Праз яго пайшлі тавары ў Заход-нюю Еўропу з паўночнага захаду Расіі, што раней рухаліся цераз Беларусь. Такім чынам, рэзка скарацілася пасрэдніцкая роля беларускага купецтва. Тады яго гандлёвыя сувязі пераарыентаваліся на гарады паўночна-заходняй Расіі і левабярэжнай Украіны.

Як і ў XVI – першай палове XVII ст., ад 25% да 50% гарадскога насельніцтва займалася рамяством. Зноў жа, як і раней, рамеснікі былі згрупаваны ў прафесійныяцэхі. Але цэхі XVIII ст. былі далёка не тымі моцнымі, зарганізаванымі аб’яднаннямі, што ў папярэдні перыяд. На гэты час яны ўжо вычарпалі рэсурсы для самаразвіцця. Разбагацеўшыя майстры і цэхмістры, падмяўшы пад сваю ўладу падмайстраў і вучняў, няшчадна іх эксплуатавалі. Абвастрыліся адносіны паміж цэхавымі і няцэхавымі рамеснікамі. Апошніх станавілася ўсё больш. Узнікалі канфлікты паміж блізкімі па прафесіі цэхамі.

У XVIII ст. цэхавая арганізацыя вытворчасці пачала саступаць месца мануфактурнай вытворчасці.Мануфактурамі называлі прадпрыемствы, заснаваныя на ручной працы і шырокім яе падзеле. Мануфактура з’яўлялася пераходнай формай вытворчасці ад рамяства да фабрыкі.

На мануфактурах выкарыстоўвалася наёмная праца (за пэўную аплату на працягу пэўнага рабочага часу). Мануфактуры ўзнікалі, перш за ўсё, у малых гарадах і мястэчках, таму што ў буйных гарадах значную канкурэнцыю ім складалі цэхі.

Першыя мануфактуры з’явіліся ў 10 – 30-х гг. XVIII ст. Гэта Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры, Свержаньская фаянсавая. Урэцкая мануфактура стала першым прадпрыемствам па вырабе люстэрак ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Створаная на ўзор Дрэздэнскай каралеўскай люстэрні (Германія), яна набыла еўрапейскую вядомасць. Ва Урэччы і Налібоках таксама выраблялі аконнае шкло, разнастайны шкляны посуд, які аздаблялі гравіроўкай, граненнем і размалёўвалі золатам, срэбрам. Шырокую вядомасць набылі Слуцкая і Нясвіжская мануфактуры шаўковых паясоў (персіярні), якія належалі Радзівілам. Ткацкая мануфактура ў Карэлічах (на тэрыторыі цяперашняй Гродзенскай вобласці) славілася сваімі вырабамі – шпалерамі (бязворсавымі дыванамі) з адлюстраваннямі на іх гістарычных падзей, абрусамі, палатном для абіўкі сцен.

У прадмесцях Гародні дзейнічалі створаныя А.Тызенгаўзам суконная, баваўняная, палатняная, карункавая, панчошная, капялюшная, карэтная, аружэйная і іншыя дзяржаўныя мануфактуры. Усяго на 53 мануфактурах было занята 2400 рабочых.

У XVIII ст. з’явіліся невялікія заводы па выплаўцы жалеза і чыгуну. Вядомыя яны ў Высокім на Аршаншчыне, Кляцішчах пад Стоўбцамі. Найбуйнейшым прадпрыемствам такога тыпу быў чыгуналіцейны завод графа Храптовіча ў Вішневе, што на Валожыншчыне.

Такім чынам, у другой палове XVII – першай палове XVIII ст. беларускі горад перажываў заняпад у сваім развіцці. Звязаны ён быў з разбурэннямі і нястачамі ваеннага ліхалецця. Але ў другой палове XVIII ст. гаспадарчае жыццё горада аднавілася.

 

6. Станамі ў ВКЛ называліся саслоўі – сацыяльныя супольнасці, прадстаўнікі якіх валодалі аднолькавымі правамі і абавязкамі. Вылучаліся прывілеяваныя станы-саслоўі: шляхта і духавенства, і непрывілеяваныя – мяшчане і сяляне.

Прывілеяваны статус шляхты быў абумоўлены яе выключным правам на валоданне зямлёй. Прывілеямі 1387 г., 1432 г., 1434 г. прадстаўнікам як каталіцкай, так і праваслаўнай шляхты было гарантавана права ўласнасці на свае маёнткі. Прывілей Казіміра 1447 г. надзяліў шляхту судовым імунітэтам – правам вяршыць суд над падданымі ў сваіх маёнтках. Статуты ВКЛ аформілі шляхецтва ў замкнёнае саслоўе. Характэрнай прыметай прыналежнасці да яго з’яўлялася абавязковае выкананне ваеннай службы. Занятак рамяством ці гандлем лічыўся для шляхціца ганьбай і меў для яго вынікам згубу шляхецтва.

Юрыдычна ўсе прадстаўнікі шляхецкага саслоўя лічыліся роўнымі паміж сабой, але ў маёмасных адносінах розніліся. Самыя багатыя называліся магнатамі, а беззямельныя – галотай. У XVI-XVIIІ стст. шляхецкае саслоўе налічвала 8-10% насельніцтва ВКЛ.

Да шляхты па юрыдычнаму становішчу прымыкала духавенства. Аднак прадстаўнікі духавенства розных цэркваў (праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, уніяцкай) у розныя часы мелі неаднолькавае становішча. Так, калі да канца XІV ст. у ВКЛ дамінавала праваслаўе, то з XV ст. прывілеяванай рэлігіяй з’яўлялася каталіцтва.

У маёмасных адносінах духавенства, таксама як і шляхта, было неаднародным. Да вышэйшых колаў палітычнай эліты дзяржавы адносіліся мітрапаліты, епіскапы і архімандрыты буйных манастыроў. Святары, манахі і псаломшчыкі па маёмаснаму становішчу прымыкалі да людзей “простага стану” – сялян і мяшчан.

Жыхары гарадоў з другой паловы XV ст. называліся мяшчанамі. Іх юрыдычнае становішча было аформлена ў Статутах ВКЛ. Вялікакняжацкія прывілеі дазвалялі мяшчанам арганізоўваць судовыя і адміністрацыйныя органы ўлады ў гарадах, вызначаць парадак выбараў службовых асоб, арганізоўваць рамесныя цэхі, кантраляваць гандаль і збор падаткаў.

У маёмасных адносінах мяшчанства падзялялася на тры асноўныя пласты. Вышэйшы пласт складалі вярхі гарадской адміністрацыі, буйныя гандляры, сярэдні – рамесныя майстры, служачыя магістрата. На ніжэйшай ступені ў гарадах знаходзіліся “каморнікі”, “лёзныя”, “гультаі”, “парабкі” – гарадскія нізы.

Афармленне сялянства ў асобнае саслоўе ў ВКЛ адбылося да сярэдзіны XVI ст., калі асноўная маса сялян была запрыгонена і ліквідаваны юрыдычныя адрозненні ў становішчы розных груп сялян. Сялянства ў XVI-XVIIІ стст. складала 70 % насельніцтва.

Пэўным інтэгратарам сялянскага саслоўя ВКЛ выступала сялянская абшчына (грамада). У яе агульным карыстанні меліся сенакосы, дадатковыя ворыўныя землі. За іх выкарыстанне сяляне супольна сплачвалі павіннасці.