Такім чынам, Рэч Паспалітая фактычна губляла сваю самастойнасць, паколькі моцныя замежныя дзяржавы маглі ў любы час умешвацца ва ўнутраныя справы краіны.

У 1719 г. Аўстрыя і Прусія падрыхтавалі план падзелу Рэчы Паспалітай і звярнуліся з ім да Расіі. Але Пётр І не падтрымаў дадзены план, дамовіўшыся з еўрапейскімі краінамі аб сумеснай “ахове парадку” (дакладней сказаць – анархіі) у Рэчы Паспалітай.

Расійскі бок прапанаваў прымірыць шляхту і караля на сойме. У 1717 г. адбыўся “нямы” сойм, які доўжыўся толькі 6 гадзін. Тут князь Даўгарукі ад імя Расіі абвясціў патрабаванні: саксонская армія пакідала Рэч Паспалітую, магнатам забаранялася ствараць ваенныя саюзы, скарачалася колькасць войска Рэчы Паспалітай (для Польшчы – 24 тысячы, для ВКЛ – 6 тысяч).

Аляксей Міхайлавіч у адказ у кастрычніку 1656 г. заключыў Віленскае перамір’е з Янам Казімірам Вазам, каб падрыхтавацца да вайны са Швецыяй. Частка магнатаў выступіла супраць саюза са шведамі. Так, Павел Сапега абкружыў замак Я.Радзівіла, і той неўзабаве памёр. У выніку шведы доўга не ўтрымаліся ў ВКЛ і пакінулі межы дзяржавы. Саюз з Польшчай аднавіўся і ў 1660 г. паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай быў падпісаны Аліўскі мір. Ніякіх тэрытарыяльных змен не адбылося.

Палякі скарысталі цяжкае становішча ВКЛ у Лівонскай вайне, каб канчаткова падпарадкаваць сабе гэтую дзяржаву. Перагаворы адбываліся ў Любліне. Люблінскі сойм пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся шэсць драматычных месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы. Ніхто не саступаў. Больш таго, калі паслы Вялікага княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны пакінулі сойм. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Польская шляхта дабілася ад Жыгімонта Аўгуста выдання ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Тэрыторыя ВКЛ звузілася да тэрыторыі Беларусі і Літвы. ВКЛ не магла весці вайну адначасова з Масквой і Польшчай, таму вымушана была саступіць. Ліцвінскі бок прыняў усе ўмовы палякаў. Палітыку Польшчы напярэдадні заключэння Люблінскай уніі можна ахарактарызаваць як экспансіянісцкую, вялікадзяржаўную.

Пасля захопу Полацка пагроза навісла над Вільняй. Пачаліся мірныя перагаворы з Масквой, аднак Жыгімонт ІІ Аўгуст не мог змірыцца са стратай Полаччыны. У выніку ў студзені 1564 г. ваенныя дзеянні ўзнавіліся. Аднак, поспех быў ужо не на баку Івана Грознага. У 1564 г. пад Чашнікамі на р. Ула гетман Мікалай Радзівіл разбіў удвая большы 24-тысячны корпус Шуйскага. Пачалася пазіцыйная вайна. Маскоўскі князь пабудаваў на беларускіх землях крэпасці Туроўлю, Сокал, Чырвоная, Каз’яны, Улу.

Пасля далучэння Курляндыі і Земгаліі да ВКЛ Іван Грозны перанёс ваенныя дзеянні на землі Беларусі. У 1562 г. рускія войскі ўжо стаялі каля сцен Віцебска, Дуброўна, Оршы, Копыся і Шклова. У лютым 1563 г. была ўзята самая магутная крэпасць ВКЛ – Полацк. Пратрымаліся палачане 16 дзён. Можа, час аблогі яшчэ працягваўся б, каб не памылкі ваяводы Давойны. Ён выправіў з Полацка дзве тысячы сялян, якія ўмацоўвалі сцены абарончых збудаванняў. Тым самым Давойна хацеў зменшыць колькасць едакоў, а атрымалася наадварот – згубіў рабочую сілу.

У 1558 г. Расія пачала вайну з Лівонскім ордэнам за выхад да Балтыйскага мора. У 1559 г. магістр ордэна Кетлер звярнуўся за дапамогай да ВКЛ. Паміж ордэнам і княствам быў заключаны саюз, ордэн перайшоў пад патранат ВКЛ. Але захаваць у час вайны сваю тэрыторыю ордэн не здолеў. Частку зямель захапіла Данія, частку – Швецыя, а Курляндыя і Земгалія, стаўшы наследным герцагствам, з 1561 г. аказаліся ў залежнасці ад ВКЛ. Літоўскае княства не менш, чым Расія, было зацікаўлена ў выхадзе да Балтыйскага мора, таму што гэта быў лепшы шлях для гандлю збожжам з Еўропай.

У сярэдзіне XVI ст. склаліся зручныя ўмовы для аб’яднання дзяржаў. Па-першае, у ВКЛ склаўся пэўны пласт насельніцтва, які падтрымліваў унію. Гэта была дробная шляхта, якая хацела атрымаць залатыя шляхецкія вольнасці. Па-другое, да саюза імкнуліся польскія магнаты, якія жадалі атрымаць у Літве новыя землі і пасады. Па-трэцяе, да саюзу ВКЛ з Польшчай вымушалі знешнепалітычныя абставіны – катастрафічнае становішча Княства ў Лівонскай вайне.

Сістэма палітычнага кіравання ў ВКЛ складвалася пад уплывам польскага ўзору дзяржаўнага ладу. Часам ВКЛ і Польшча мелі аднаго гаспадара (Ягайла, Казімір, Аляксандр, Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст). Польскі сенат па сваіх функцыях адпавядаў літоўскай паны-радзе, а шляхецкі сойм быў важнейшым органам дзяржаўнага кіраўніцтва ў абедзвюх дзяржавах.

1 ліпеня 1569 г. акт Люблінскай уні паміж Польшчай і ВКЛ быў падпісаны. Згодна з умовамі, ВКЛ і Польшча злучаліся ў адзін народ і адну дзяржаву – Рэч Паспалітую на чале з адным выбраным гаспадаром. Абранне манарха павінна было адбывацца ў Варшаве, а каранацыя – у Кракаве. Абранне вялікага князя літоўскага спынялася. Асобны сейм ВКЛ скасоўваўся. Агульныя сеймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Унія абвясціла правядзенне адзінай знешняй палітыцы, дазвол палякам набываць землі і пасады ў Літве, а ліцвінам у Польшчы. Грошы ў дзвюх дзяржавах прызнаваліся раўнацэннымі і аднолькавымі, прадугледжвалася уніфікацыя заканадаўства (законы ВКЛ, накіраваныя супраць Польшчы скасоўваліся і наадварот). Разам з тым нельга сказаць, што Люблінская унія – гэта інкарпарацыя ВКЛ у склад Польшчы. Дзяржаўнай мовай княства заставалася старабеларуская, захоўваліся свой адміністрацыйны апарат, заканадаўства (праўда, скарэкціраванае), войска, судовая і фінансавая сістэмы, тытул і пячатка. Як бачна ў выніку Люблінскай уніі ўтварылася федэрацыя “абодвух народаў”.

Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста і нядоўгага праўлення Генрыха Валуа (1573-1574 гг.) каралём Рэчы Паспалітай стаў сын трансільванскага ваяводы Стэфан Баторый (1576-1586гг.). У 1579 г. кароль сабраў 40-тысячнае войска і рушыў на вызваленне Полацка. Рускія войскі 20 дзён стрымлівалі атакі польска-ліцвінскага бока, аднак вымушаны былі адступіць. У 1580 г. ліцвінскае войска замацавала свае поспехі і адваявала ўсе захопленыя Масквой падчас Лівонскай вайны землі, а таксама Вялікія Лукі. Найбольш вызначыўшыхся ў бітвах жаўнераў кароль адорваў шляхецтвам. Адным з такіх герояў быў Перавал, які распачаў славуты род Пржывальскіх. У 1580 г. Стэфан Баторый планаваў захапіць Пскоў, аднак яму гэта не ўдалося. У 1582 г. паміж ваюючымі бакамі было заключана Ям-Запольскае перамір’е. Мяжа была практычна нязменнай, Масква страціла толькі Веліж. Вынікі Лівонскай вайны для ВКЛ былі драматычныя. Па-першае, вайна прывяла да вымушанага саюзу з Польшчай. Па-другое, яна стала пачаткам зацяжнога ваеннага “ліхалецця”, якое падарвала эканоміку і палітычную стабільнасць беларуска-літоўскай дзяржавы.

 

2. Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўна-прадстаўнічай манархіяй на чале з выбраным каралём. Заканадаўчым органам быў двухпалатны парламент (Сойм), які складаўся з Сената (рады) і пасольскай ізбы. У Сенат уваходзілі найбольш знатныя свецкія і духоўныя феадалы (прыкладна 150 чалавек). Пасольская ізба складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых соймікаў. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы перавышала 200 чалавек. Вальныя соймы разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях Сената і пасольскай ізбы. На агульных пасяджэннях у выпадку супадзення пастаноў яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. Пастановы прымаліся адзінагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат маглі выкарыстаць ліберум вета (“не дазваляю”) і пастанова прыпынялася.

Улада манарха ў Рэчы Папспалітай была значна абмежавана “залатымі шляхецкімі вольнасцямі”. Побач з ліберум вета, якое дзейнічала пры абранні караля, шляхта заключала з прэтэндэнтамі на трон “Пакта канвента”. Упершыню гэтае пагадненне было падпісана ў 1573 г. пры абранні каралём Рэчы Паспалітай Генрыха Валуа. У дакуменце вызначаліся абавязкі манарха. Ён павінны быў аказваць фінансавую дапамогу дзяржаве, выплаціць даўгі папярэдніх манархаў, вярнуць страчаныя тэрыторыі, будаваць замкі на межах, не прызначаць іншаземцаў на дзяржаўныя пасады, не выкарыстоўваць войскі супраць шляхты. Таксама ў час абрання Генрыха Валуа, былі распрацаваны Генрыхаўскія артыкулы, згодна з якімі кароль траціў права без згоды сойма ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны, склікаць агульнае апалчэнне. Адначасова ён абавязваўся склікаць соймы два разы ў год тэрмінам на 6 тыдняў, мець пры сабе пастаянны Савет з 16 сенатараў. Пакта канвента і Генрыхаўскія артыкулы пацвярджаліся ўсімі каралямі Рэчы Паспалітай. Калі кароль дзейнічаў насуперак сваім абавязкам, шляхта мела права не падпарадкоўвацца яму. Гэта права шляхта ажыццяўляла шляхам склікання канфедэрацый (саюзаў узброенай шляхты) ці “рокашы” – узброенага паўстання супраць караля.

Рэч Паспалітая з’яўлялася федэрацыяй, аднак польскія кіруючыя колы мелі на мэце ўтварэнне унітарнай дзяржавы. Княству адводзілася роля правінцыі. Сапраўды, з моманта ўтварэння Рэчы Паспалітай палякі зрабілі шэраг парушэнняў і прынізілі ліцвінскі бок. Па-першае, трэць зямель ВКЛ напярэдадні ўтварэння Рэчы Паспалітай былі супрацьпраўна далучаны да Польшчы. Па-другое, вялікакняжацкі сойм юрыдычна перастаў існаваць, а на вальным сойме Рэчы Паспалітай са 180 дэпутатаў толькі 46 былі з ВКЛ. Па-трэцяе, па ўмовах Люблінскай уніі польская шляхта атрымала права набываць землі ў ВКЛ, што стварала для вялікакняскай шляхты небяспечнага канкурэнта.

Усё гэта выклікала ў шырокага кола шляхты незалежніцкія памкненні. Яны праяўляліся ў рэзкім непрыняцці пераважнай большасцю шляхты, як буйной, так і дробнай, асобных палажэнняў уніі і наогул палітыкі каралёў Рэчы Паспалітай, рэзідэнцыяй якіх у другой палове XVI ст. быў Кракаў. Апазіцыйныя настроі і ўчынкі знаходзілі сваё праяўленне як у словах, так і ў справах пануючага саслоўя ВКЛ. У лісце аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага да трокскага кашталяна Астафія Валовіча, які быў напісаны ўсяго праз 5 гадоў пасля уніі, гаварылася: “Не дай бог ляху быць каралём, выража Літву і тым больш Русь”. Яшчэ больш рэзка супраць прапольскай палітыкі Жыгімонта Аўгуста было выказана ў сатырычным творы “Прамова Мялешкі”, што датуецца 1589 г.: “Прэч Жыгімонта караля! Таго і да людзей няма чаго прылічаць, бо Падляшша і Валынь нашыя згубіў, ляхам патураючы”. Значную ролю ў барацьбе з польскай і каталіцкай экспансіяй адыгралі праваслаўныя брацтвы. Гэта рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва, якія ўзнікалі ў адказ на прапольска-каталіцкую палітыку кіруючых колаў Рэчы Паспалітай. Напрамкамі іх дзейнасці з’яўляліся: пашырэнне асветы, кнігадрукаванне (з-пад варштатаў – друкарскіх станкоў – брацкіх друкарняў выйшла ў свет 127 выданняў), прапаганда беларускай мовы. Найбольш актыўную работу ў дадзеным накірунку праводзіла Віленскае брацтва (1592 г.).

Антыпольскія словы не разыходзіліся са справамі ліцвінскіх палітыкаў. Насуперак Люблінскай уніі на працягу 70-80-гг. XVI ст. у ВКЛ рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. Прычым у час бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай 1574-1576 гг. на сойме ў Вільні разглядалася пытанне аб выбары караля. У 1581 г. была створана асобная вышэйшая судовая інстанцыя для Вялікага княства – Галоўны трыбунал. Але самым важкім здабыткам у барацьбе за дзяржаўную самастойнасць нашай дзяржавы было прыняцце Статута ВКЛ 1588 г. Тут скасоўваліся многія пастановы Люблінскай уніі. Так, палякам як чужынцам было забаронена набываць землі і атрымоўваць пасады ў ВКЛ. Гэты закон не быў парушаны нават падчас барацьбы паміж каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587-1632 гг.) і канцлерам ВКЛ Л.Сапегам за пасаду віленскага біскупа. Справа ў тым, што Жыгімонт ІІІ прызначыў на гэтую пасаду паляка Бернарда Мацяеўскага, а канцлер да каралеўскага ўказа не прыціснуў вялікакняжацкую пячатку. У рэшце ў 1600 гг. пасада была аддадзена ліцвіну Бенядзікту Войне.

Пасля такіх выступленняў кіруючыя колы Рэчы Паспалітай вымушаны былі ісці на ўступкі. З 1655 г. польскім воінскім часцям было забаронена без дазволу перасякаць мяжу ВКЛ, а з 1673 г. кожны трэці Сойм пачаў збірацца ў Гародні. У 1696 г. шляхта ВКЛ поўнасцю ўраўноўвалася з польскай у адносінах узмацнення кантроля над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Як бачна, інкарпараваць ВКЛ у склад Польшчы не ўдалося. Княства заставалася паўнапраўнай адзінкай федэрацыі.

Разам з тым у межах Рэчы Паспалітай паступова адбываліся працэсы паланізацыі ліцвінскай шляхты. Праз далучэнне да “залатых вольнасцей” фарміравалася своеасаблівая супольнасць – “народ шляхецкі” (у процівагу бяспраўнаму “люду простаму”). Шляхта Рэчы Паспалітай аб’ядноўвалася адзінымі правамі і прывілеямі, у значнай ступені адзінай рэлігіяй (каталіцкай), а таксама польскай мовай. У 1696 г. пастановай сойма ўсё афіцыйнае справаводства ў дзяржаве было пераведзена на польскую мову. Між тым, поўнага этнічнага атаясамлення беларуска-літоўскай шляхты з польскай ніколі не існавала. Ліцвінская самасвядомасць ва ўсе часы прысутнічала ў шляхецкім асяроддзі. Апалячаныя ліцвіны і палякі – гэта не тое самае.

 

3. Вайна Рэчы Паспалітай і Швецыі 1600-1629 гг. Повадам да вайны стала дэтранізацыя ў 1599 г. Жыгімонта Вазы са шведскага прастолу. Шведскі сейм абвясціў каралём герцага Карла (з 1599 г. – Карл ІХ).

На пачатку вайны шведы даволі хутка замацаваліся ў Эстоніі і падышлі да Рыгі. Толькі пад Кірхгольмам у 1605 г. гетманы К.Радзівіл і Я.Хадкевіч атрымалі перамогу. Гэта выратавала Рыгу, аднак шведы ў Прыбалтыцы засталіся. У 1609 г. войскі Рэчы Паспалітай нанеслі яшчэ адзін удар па шведах пад Рыгай і занялі Пярну. Ваенныя дзеянні на 8 год прыпыніліся. Аднак ужо ў 1621 г. сын Карла ІХ Густаў ІІ Адольф, узмацніўшы армію, захапіў большую частку Лівоніі і Рыгу. Жыгімонт ІІІ Ваза вымушаны быў у 1629 г. у Альтмарку падпісаць мір. У выніку Рэч Паспалітая страціла Эстонію і Рыгу, захаваўшы за сабой толькі землі Курляндыі і Латгаліі.

Інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай у Маскву 1604-1618 гг.Упачатку XVII ст. дзяржаўныя колы Рэчы Паспалітай вырашылі скарыстаць крызісную сітуацыю ў Маскоўскім княстве. Справа ў тым, што ў 1591 г. пры загадкавых абставінах памёр васьмігадовы сын Івана Грознага, спадкаемца прастола царэвіч Дзмітрый. Новы рускі цар Барыс Гадуноў прыйшоўся недаспадобы простаму народу. У выніку пачалі распаўсюджвацца чуткі, быццам царэвіч Дзмітрый выратаваўся. Адпаведна знайшоўся і самазванец, які заявіў аб сваіх прэтэнзіях на царскі прастол. У ролі Ілжэдзмітрыя выступіў Грыгорый Атрэп’еў, беглы манах, які перабраўся ў Рэч Паспалітую. Менавіта праз яго кароль Жыгімонт ІІІ Ваза хацеў авалодаць Масквой.

Паход Ілжэдзмітрыя І на Маскву адбыўся ў 1604 г. Войска самазванца пастаянна папаўнялася простым рускім людам. Пасля смерці Барыса Гадунова на бок Ілжэдзмітрыя пачалі пераходзіць дваране, што адкрыла яму шлях да Масквы. Летам 1605 г. самазванец атрымаў тытул цара усяе Русі. Але праз год маскоўскае баярства за супрацоўніцтва з палякамі звергла яго з прастола і царом быў абвешчаны Васіль Шуйскі.

У 1607 г. у Маскоўскую дзяржаву Жыгімонтам Вазам быў арганізаваны паход Ілжэдзмітрыя ІІ. Ён замацаваўся ў вёсцы Тушына пад Масквой, за што атрымаў мянушку “тушынскі злодзей”. Толькі вясной 1609 г. войска Васіля Шуйскага разам з народнымі апалчэнцамі нанесла паражэнне тушынцам.

Пасля двух няўдалых спроб у верасні 1609 г. Жыгімонт ІІІ Ваза распачаў адкрытую інтэрвенцыю супраць Расіі. Ён сам узначаліў армію і захапіў Смаленск. У ліпені 1610 г. у Маскве пачаўся арганізаваны палякамі мяцеж. Мяцежнікі захапілі цара В.Шуйскага і пад націскам польскіх войск маскоўскае баярства дало згоду на прызнанне сына Жыгімонта Вазы Уладзіслава царом.

Два гады сталіца Рускай была ў руках польска-ліцвінскіх войск. Аднак, у 1612 г. народнае апалчэнне на чале з Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім прымусіла воскі Рэчы Паспалітай пакінуць дзяржаву. Новым рускім царом у 1613 г. стаў Міхаіл Раманаў.

У 1617 г. Жыгімонт ІІІ зрабіў яшчэ адну спробу авалодаць Масквой, але безвынікова. У снежні 1618 г. быў заключаны Дэўлінскі мір, паводле якого да Рэчы Папалітай адышлі Ноўгарад-Северская, Чарнігаўская і Смаленская землі.

Смаленская вайна 1632-1634 гг. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ Вазы Расія зрабіла спробу вярнуць сабе Смаленск. Час быў выбраны адмыслова – шляхта Рэчы Паспалітай абірала новага караля. Спачатку канфлікт ішоў па маскоўскаму сцэнарыю. Рускія войскі даволі лёгка авалодалі памежнымі тэрыторыямі, а Смаленск трапіў у аблогу. З лістапада 1632 г. па верасень 1633 г. нешматлікі смаленскі гарнізон на чале з А.Гансеўскім адбіваў напады і цярпеў нястачы. Урэшце на падмогу да яго прыйшло войска Рэчы Паспалітай на чале з новым каралём, сынам Жыгімонта Вазы Уладзіславам IV (1632-1648 гг.). Маскоўскае войска трапіла ў акружэнне і вымушана было капітуляваць. Вясной 1634 г. быў падпісаны Палянаўскі дагавор (у в. Белая), які пакідаў межы некранутымі. Разам з тым Уладзіслаў адмовіўся ад прэтэнзій на маскоўскі прастол, а Міхаіл Раманаў атрымаў права ўключыць у свой тытул дадатак “усяе Русі”.

Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. на Беларусі. У сярэдзіне XVII ст. у Рэчы Паспалітай былі вельмі напружанымі адносіны з Рускай дзяржавай, Турцыяй і Швецыяй. Неспакойна было і ўнутры краіны. Увядзенне фальваркава-паншчыннай сістэмы ўзмацніла эксплуатацыю прыгонных сялян. Гэта прымушала іх шукаць лепшыя ўмовы жыцця. Беларускія сяляне пачалі шукаць вольніцу на Украіне – у Запарожскай Сечы. “Паказачванне” сялян стала масавай з’явай першай паловы XVII ст. Дадатковае напружанне ў адносіны паміж шляхтай і сялянамі ўносіла іх палярызацыя па этнічных прыкметах – мове і веравызнанню. Усё гэта прывяло да антыфеадальнай вайны, якая разгарнулася ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага на Украіне.

Б.Хмяльніцкі, імкнучыся стварыць незалежную казацкую дзяржаву, меў намер уключыць паўднёвыя беларускія землі ў яе склад. Ужо вясной 1648 г. на Беларусь былі накіраваны казацкія атрады (загоны) Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Галавацкага. Да восені 1648 г. у руках паўстанцаў апынуліся гарады Тураў, Пінск, Мазыр, Брагін, Бабруйск, Лоеў. Антыказацкую кампанію па загаду караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра Вазы (1648-1668 гг.) узначаліў гетман ВКЛ Я.Радзівіл. Маючы 10-тысячнае войска ён авалодаў паўднёвабеларускімі гарадамі. У адказ на гэта украінскі гетман накіраваў на Беларусь новыя загоны пад кіраўніцтвам Галоты, Пабадайлы і Крычэўскага. Рашаючая бітва адбылася 31 ліпеня 1649 г. пад Лоевам. Казацкія атрады былі разбіты. У 1651 г. паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і Рэччу Паспалітай быў падпісаны Белацаркоўскі мірны дагавор, паводле якога з Беларусі выведзены ўсе казацкія атрады. Вайна завяршылася паражэннем сялян і гарадскіх нізоў. Акрамя крыві, ні паўстанцам, ні дзяржаве яна нічога не прынесла.

Вайна Расіі і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг.Повадам да гэтай вайны стала дамоўленасць Украіныз Расіяй 1654 г. – Пераяслаўская рада– адпаведна якой Украіна пераходзіла ў падданства да Расіі з захаваннем пэўнай аўтаноміі. Пасля гэтага кроку стала зразумелым, што канфлікту паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай не пазбегнуць. Рускі цар Аляксей Міхайлавіч Цішайшы распачаў вайну ў маі 1654 г. Рускія войскі дзейнічалі на смаленскім напрамку, а казакі аказвалі ім дапамогу на поўдні Беларусі. Ужо ў ліпені 1654 г. Полацк, Віцебск, Магілёў і Смаленск апынуліся “пад царскай рукой”. Поспех кампаніі 1654 г. тлумачыўся тым, што маскоўскі цар правёў добрую агітацыю сярод праваслаўнага насельніцтва, гарантаваў шляхце і каталіцкаму духавенству захаванне ўсіх зямель і прывілеяў, абяцаў купцам вольны гандаль з рускімі гарадамі і пацверджанне правоў. Што датычыцца сялянства і гарадскіх нізоў, то яны з пераходам у рускае падданства разлічвалі атрымаць палёгку ў павіннасцях і спакой у дзяржаве. Спробы наступлення войск Рэчы Паспалітай на Беларусі і Украіне ў 1654 – 1655 гг. не ўдаліся. Амаль уся Беларусь была занята рускімі вайскамі. У 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч заняў Вільню і абвясціў сябе князем літоўскім. Знешнепалітычны крызіс Рэчы Паспалітай выкарыстаў шведскі кароль Карл Х Густаў. Ужо летам 1655 г. шведскія войскі занялі Браслаў, Друю, Іказнь. Пачалася І Паўночная вайна. У такой сітуацыі гетман ВКЛ Я.Радзівіл вырашыў разарваць саюз з Польшчай і папісаць Кейданаўскую унію са Швецыяй (кастрычнік 1655 г.). Княству такі саюз мог забяспечыць перамогу над Масквой.

Тым часам маскоўскія войскі па-ранейшаму займалі тэрыторыю ВКЛ. Яны праводзілі грабежніцкую палітыку ў адносінах да мясцовага насельніцтва, таму не дзіва, што масава назіраліся выпадкі, калі сяляне толькі што прысягнуўшыя на вернасць маскоўскаму цару, стваралі атрады для самаабароны. Іх удзельнікі называліся шышамі. Сялянскія атрады рабілі напады на рускія гарнізоны, затрымлівалі ганцоў, якіх ваяводы накіроўвалі з данясеннямі да цара. У змаганні з маскоўскім войскам асабліва вызначыліся сялянскія фарміраванні, якія падначальваліся Дзянісу Мурашку. Акрамя сялян, “здрадніцтва” ахапіла духавенства, шляхту, мяшчан. Яны таксама стваралі ўзброеныя атрады і выступалі супраць царскай адміністрацыі.

Пасля смерці Б.Хмяльніцкага новы ўкраінскі гетман І.Выгоўскі ў 1658 г. падпісаў Гадзяцкі дагавор з Рэччу Паспалітай і распачаў ваенныя дзеянні супраць Масквы. Гэта прадвызначыла поспех польска-ліцвінскіх войскаў у першай палове 1660-х гадоў. У 1660 г. яны перамаглі ваяводу І.Хаванскага пад Ляхавічамі, а Ю.Даўгарукага на Басі. У 1661 г. войска Рэчы Паспалітай нанесла Маскве паражэнне пад Кушлікамі і адваявала Вільню.У 1667 г. быў падпісаны Андрусаўскі мір з Расіяй, па яму Расія далучыла да сябе Смаленскае ваяводства і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Дагавор прадугледжваў сумесныя дзеянні Расіі і Рэчы Паспалітай у сувязі з узмацненнем пагрозы татара-турэцкага нашэсця. У 1686 г. дэлегацыя Рэчы Паспалітай у Маскве падпісала “Вечны мір”.

ІІ Паўночная вайна 1700-1721 гг. на Беларусі.У канцы XVII ст. кароль Рэчы Паспалітай (па сумяшчальніцтву саксонскі курфюрст) Аўгуст ІІ Моцны (1697-1704гг., 1710-1733 гг.) далучыўся да Паўночнага саюза краін (Расія, Данія, Саксонія), якія выступілі супраць Швецыі. Аўгуст Моцны быў зацікаўлены далучыць да Рэчы Паспалітай тэрыторыю Ліфляндыі і Эстляндыі.

Першымі ваенныя дзеянні пачалі Саксонія і Данія. У лютым 1700 г. саксонскі корпус уварваўся ў Лівонію і пачалі аблогу Рыгі. У сакавіку гэтага ж года дацкія войскі разгарнулі наступленне на тэрыторыі Гальштыніі, саюзніка Швецыі. У значнай ступені ўдзельнікі антышведскай кааліцыі спадзяваліся скарыстаць фактар раптоўнасці.

Аднак разлікі саюзнікаў не апраўдаліся. Ужо летам 1700 г. пасля высадкі шведскага дэсанта пад Капенгагенам дацкі кароль падпісаў капітуляцыю. У лістападзе 1700 г. пад Нарвай шведы разграмілі расійскую армію, якой кіраваў Пётр І. Пасля гэтага Карл ХІІ выступіў супраць Аўгуста ІІ і ў бітве каля Рыгі 20 ліпеня 1701 г. разграміў яго. У канцы 1701 г. шведы ўвайшлі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, у маі 1702 г. занялі Варшаву. Аўгуст ІІ запрасіў міра, аднак Карл ХІІ нават адмовіўся яго прыняць. Ён меркаваў зрабіць каралём Рэчы Паспалітай свайго прыхільніка Станіслава Ляшчынскага.

Пакуль Карл ХІІ займаўся “польскімі справамі”, Пётр І аднавіў сваю армію, захапіў Нарву, Дэрпт, Нотэбург. У 1703 г. у падтрымку Расіі шляхта ВКЛ стварыла Віленскую канфедэрацыю, а ў 1704 г. частка польскай шляхты аб’ядналася ў Сандамірскую канфедэрацыю. Другая частка польскай шляхты ў 1704 г. у падтрымку Швецыі арганізавала Варшаўскуюканфедэрацыю. Яе прыхільнікі ў красавіку 1704 г. пазбавілі Аўгуста ІІ кароны. Пад націскам шведаў новым каралём Рэчы Паспалітай быў абраны С.Ляшчынскі(1704-1710гг.).

У кастрычніку 1704 г. Пётр І вырашыў увесці свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, каб аказаць дапамогу Аўгусту ІІ. Руская армія рухалася да Гародні, каб там аб’яднацца з саксонцамі. Аднак, гэтага не адбылося, бо саксонскія войскі былі разбіты Карлам ХІІ яшчэ на подступах да горада. У 1706 г. рускія войскі сталі адступаць на поўдзень да Кіева. Карл ХІІ, нягледзячы на фарсіраваны марш не змог дагнаць рускую армію.

Не здолеўшы знішчыць рускую армію, шведскі кароль зноў стаў займацца “польскімі справамі”. У 1706 г. ён прымусіў Аўгуста ІІ падпісаць Альтранштацкі мір. Паводле гэтага міру Аўгуст ІІ афіцыйна адмаўляўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць С.Ляшчынскага і разрываў саюз з Расіяй.

У 1708 г. на тэрыторыі Беларусі зноў разгарнуліся актыўныя баявыя дзеянні. 14 ліпеня 1708 г. каля Галоўчына на Магілёўшчыне адбылася бітва, у якой шведы атрымалі апошнюю значную перамогу ў вайне з Расіяй. У верасні 1708 г. шведская армія выйшла да межаў Расіі, аднак для паспяховага наступлення ў Карла ХІІ не хапала сіл. Шведскі кароль заручыўся падтрымкай украінскага гетмана І.Мазепы і павярнуў на Украіну.

На дапамогу Карлу ХІІ з Прыбалтыкі выступіў 16-тысячны корпус Левенгаўпта з абозам зброі і харчу. Расійскае камандаванне вырашыла нанесці галоўны ўдар па гэтаму атраду, каб не дапусціць яго злучэння з асноўнымі сіламі шведаў. Рускі корпус узначальваў непасрэдна Пётр І. Бітва адбылася 9 кастрычніка 1708 г. каля вёскі Лясная. Левенгаўпт пацярпеў паражэнне, страціў абоз і артылерыю. Перамогай рускіх войск завяршылася і генеральная бітва ІІ Паўночнай вайны пад Палтавай (27 чэрвеня 1709 г.). Станілаў Ляшчынскі ўцёк у Памеранію, а Аўгуст ІІ абвясціў Альтранштацкі мір несапраўдным, аднавіў саюз з Расіяй і ў 1710 г. вярнуў сабе карону.

Другая Паўночная вайна закончылася ў 1721 г. перамогай кааліцыі. У адпаведнасці з мірным дагаворам паміж Швецыяй і Расіяй да апошняй далучыліся землі Латгаліі, Эстоніі і Курляндыі. Беларусь жа ў выніку вайны страціла 700 тысяч жыхароў, а многія паветы былі спустошаны.

 

4. У паслялюблінскі перыяд палітыка-дзяржаўнае развіццё Рэчы Паспалітай зведала эвалюцыю. Калі аб’ядноўвалася, па сутнасці, магнацкае Вялікае княства са шляхецкай Каронай, то ў выніку аб’яднання не Вялікае княства Літоўскае ўслед за Польшчай стала шляхецкім (хаця спачатку гэта назіралася), а Польшча і ўся Рэч Паспалітая эвалюцыяніравалі ад рэспублікі шляхецкай да магнацкай. Магнаты пачалі адыгрываць першую ролю ў кіраванні дзяржавай. Сойм станавіўся не месцам вялікай палітыкі шляхты, а месцам вядзення спрэчак паміж родавымі кланамі, у руках якіх зброяй станавілася магнацкая кліентэла. Кліентам уплывовы магнат называў прыслужлівага шляхціца, што жыў з яго ласкі і выконваў яго волю. Чым больш было прыхільнікаў у пэўнага магната, тым большым быў яго палітычны ўплыў. Так, пасля таго, як у 1652 г. пасол Упіцкага павета В.Сіцынскі на вальным сойме па жаданню Я.Радзівіла выкарыстаў ліберум вета, соймы пачалі масава зрывацца. Пастановы сойма (канстытуцыі), “дзякуючы” намаганням магнатэрыі не мелі сілу, а гэта ў сваю чаргу паралізоўвала грамадскае жыццё краіны.

Магнацкія групоўкі пастаянна вялі барацьбу за ўладу, пры гэтым ніводная з іх не магла дамагчыся перамогі. Сіл хапала толькі на тое, каб не дапусціць да ўлады праціўнікаў. Так, у 60-х – пачатку 70-х гг. XVIІ ст. разгарэлася барацьба паміж Радзівіламі, з аднаго боку, Сапегамі і Пацамі – з другога. Але ўжо ў другой палове 70-х гг. – пачатку 80-х гг. XVIІ ст. Пацы ўжо канфліктавалі з Сапегамі і Агінскімі. У другой палове 80-х гг. XVIІ ст. Сапегі ўмацавалі сваё становішча ў ВКЛ, і супраць іх выступілі Агінскія і Вішнявецкія. Гэтае супрацьстаянне перарасло ў сапраўдную грамадзянскую вайну. Замест таго, каб клапаціцца аб дзяржаве, магнаты збіралі шматтысячныя войскі і зводзілі свае рахункі на полі бітвы. Рабаваліся вёскі, разбураліся гарады. У 1700 г. на Віленшчыне каля Алькенікаў адбылася вялікая бітва паміж варожымі групоўкамі, падчас якой Сапегі пацярпелі паражэнне. Бойкі за першынства паміж магнатамі працягваліся і на працягу XVIІІ ст.

Свавольствы магнатаў, няздольнасць цэнтральных органаў улады знітаваць дзяржаву дапаўняліся нявырашаным рэлігійным пытаннем у Рэчы Паспалітай. У краіне назіраўся ўціск ўсіх некатолікаў (дысідэнтаў), а ў першую чаргу – праваслаўных (схізматыкаў). Так, калі каралі Уладзіслаў Ваза і Ян Казімір больш схіляліся да саступак праваслаўным, то Міхаіл Вішнявецкі (1669-1673 гг.) і асабліва Ян Сабескі (1674-1696 гг.) адкрыта праяўлялі да “схізматыкаў” сваю непрыхільнасць. У часы іх праўлення адступніцтва ад каталіцтва і уніі было абвешчана крымінальным злачынствам і каралася выгнаннем з дзяржавы. Праваслаўнаму духавенству было забаронена выязжаць за мяжу без папярэдняга ўрадавага дазволу. У 1732 г. некатолікам забаранялася збірацца на з’езды, займаць пасады ў ваяводствах, гарадах і землях Рэчы Паспалітай.

Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай быў таксама прадвызначаны знешнепалітычнымі абставінамі, звязанымі з баявымі дзеяннямі ў гады другой Паўночнай вайны. Рэч Паспалітая стала “заезным дваром і карчмой” для іншаземных войскаў. Такое становішча дазваляла суседнім дзяржавам умешвацца ва ўнутраныя справы нашай краіны.

Такім чынам, грамадска-палітычны лад Рэчы Паспалітай можна ахарактарызаваць як “бязладдзе”. Дзяржава XVIII ст. паўставала ўжо не федэрацыяй «абодвух народаў», а канфедэрацыяй асобных паветаў, дзе пастановы цэнтральных органаў маглі не прымацца, калі яны супярэчылі выпрацаванаму на мясцовым сойміку рашэнню.

Безумоўна, з боку манархаў рабіліся спробы па цэнтралізацыі ўлады ў краіне. Першым з каралей Рэчы Паспалітай, які хацеў пазбавіць шляхту “залатых вольнасцей” і ў першую чаргу абмежаваць “ліберум вета”, быў Аўгуст ІІ Моцны. Кароль увёў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай саксонскія войскі. Аднак гэта выклікала моцнае супраціўленне шляхты, якая не хацела губляць свае правы. Супраць Аўгуста ІІ пачалося паўстанне. Кароль вымушаны быў прасіць дапамогі ў свайго саюзніка Пятра І.

Пасля смерці Аўгуста ІІ Моцнага (1733 г.) у Рэчы Паспалітай разгарнулася жорсткая барацьба за ўладу паміж магнацкімі групоўкамі. У хуткім часе яна выйшла за межы краіны і вылілася ў так званую вайну за “польскую спадчыну” 1733-1735 гг. паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй – з другога. Каралём на сойме ў Варшаве быў абраны прыхільнік саюза з Францыяй С.Ляшчынскі. Гэта не задаволіла Расію і Аўстрыю і яны пад выглядам “абаронцаў польскіх свабод” увялі свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У выніку каралём быў абвешчаны прыхільнік саюза з Расіяй, сын Аўгуста ІІ Моцнага Аўгуст ІІІ (1733-1763 гг.). Пры Аўгусце ІІІ Рэч Паспалітая ўмяшалася ў “Сямігадовую вайну” (1756-1763 гг.).

У 1763 г. пасля смерці Аўгуста ІІІ за ўладу ў дзяржаве зноў распачалася барацьба паміж магнацкімі групоўкамі. Першую з іх складалі Браніцкія, Радзівілы і Патоцкія (прыхільнікі Паўднёвага саюза з Францыяй, Іспаніяй, Аўстрыяй), а другую – Чартарыйскія і Масальскія (прыхільнікі Паўночнага Саюза з Англіяй, Прусіяй і Расіяй). У 1764 г. Чартарыйскія звярнуліся за дапамогай да Расіі. Расія і Прусія падкупіўшы дэпутатаў сойма, садзейнічалі выбранню каралём Станіслава Панятоўскага (1764-1795 гг.).

У 1764-1766 гг. Станіслаў Панятоўскі пачаў рэформы, накіраваныя на ўмацаванне цэнтральнай ўлады ў Рэчы Паспалітай. У эканамічнай сферы праводзіліся рэформы Тызенгаўза, дзякуючы якім на паўночным захадзе Беларусі з’явілася даволі значнай колькасць мануфактур, прыбытак з якіх накіроўваўся ў дзяржаўны скарб. У 1773-1775 гг. была арганізавана “Адукацыйная камісія” дзейнасць якой стала пачаткам рэформы ў галіне асветы. Ажыццяўляліся некаторыя змены ў палітычнай сістэме. Так, сойм 1764 г. увёў абмежаванне на выкарыстанне права ліберум вета. Эканамічныя пытанні сталі вырашацца простай большасцю галасоў. Гэта былі першыя памкненні рэфарматараў, якія сведчаць аб тым, што Рэч Паспалітая магла пазбегнуць падзелаў яе суседнімі дзяржавамі.

Але Расіі, Аўстрыі і Прусіі моцная Рэч Паспалітая была не патрэбна. Гэтыя дзяржавы сталі шукаць “зачэпкі”, каб і далей умешвацца ва ўнутрыпалітычныя справы нашай краіны. Кароль Прусіі пачаў “клапаціцца” аб абароне правоў пратэстантаў ў Рэчы Паспалітай, а Расія аб роўнасці праваслаўных з католікамі. У 1767 г. пад эгідай Расіі і Прусіі былі створаны Слуцкая праваслаўная і Торуньская пратэстанцкая канфедэрацыі. У выніку Сойм 1768 г. задаволіў памкненні “дысідэнтаў”. Але міру гэта не прынесла. Цяпер узбунтавалі католікі. У 1768 г. у Бары ўтварылася каталіцкая канфедэрацыя, якая выступала супраць Расіі. Аднак супрацьстаяць царскаму войску канфедэраты не змаглі. Да 1771 г. барцы былі разбіты. Пасля гэтых падзей у 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай.

Расія заняла паўночна-ўсходнюю Беларусь з Полацкам, Віцебскам, Мсціславам і частку Інфлянтаў. Прусія атрымала тэрыторыю з гарадамі Холмам, Мальбаркам, Вармію. Аўстрыя набыла польска-ўкраінскія землі на поўдзень ад верхняй Віслы, Падолію, частку Валыні. Для прыдання законнасці сваім дзянням пад пагрозай сілы тры дзяржавы запатрабавалі склікання надзвычайнага сойма, які павінен быў ухваліць падзел. 29 верасня 1773 г. дэлегаты падпісалі трактаты, тым самым адмовіўшыся ад насільна адабраных земляў. 30 верасня 1773 г. іх зацвердзіў кароль.

Пасля першага падзелу С.Панятоўскі звярнуўся да некаторых манархаў Еўропы з просьбай аб гарантыях незалежнасці той часткі Рэчы Паспалітай, якая яшчэ заставалася пад яго ўладай. Аднак, Англія і Францыя адмовіліся ад разгляду дадзенага пытання. З гэтай прычыны ўлады Рэчы Паспалітай дзеля вырашэння сваіх унутраных праблем па-ранейшаму звярталіся за дапамогай да Расіі. Пасол Расіі ў Варшаве Штакельберг быў самай важнай фігурай.

У 1787 г. Францыя падштурхнула Турцыю да вайны з Расіяй. Апошняя была вымушана вывесці з Рэчы Паспалітай частку войскаў на ўсход. Гэтым неадкладна скарысталася Прусія, якая жадала перахапіць ініцыятыву ў справах Рэчы Паспалітай. У 1790 г. С.Панятоўскі абвясціў аб саюзе з Прусіяй, абедзве дзяржавы абавязваліся весці, калі спатрэбіцца, сумесныя баявыя дзеянні.

Абвастрэнне расійска-прускіх адносін дазволіла кіруючым колам Рэчы Паспалітай пачаць рэформы. Чатырохгадовы сойм, які працаваў з 1788 г. прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791 г. Яна ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на Польшчу і ВКЛ (цяпер гэта унітарная дзяржава!). Для агульнай дзяржавы ствараліся адзіныя ўрад, адміністрацыйны апарат, судовая сістэма, войска. Канстытуцыя забараняла выкарыстанне шляхтай права “ліберум вета”, рабіла каралеўскую ўладу спадчыннай. Як бачна, Канстытуцыя 3 мая закладвала аснову вывядзення Рэчы Паспалітай з палітычнага крызісу і ставіла яе на шлях буржуазнага развіцця.

Разам з тым ініцыятары прагрэсіўных рашэнняў перабольшылі свае сілы. Унутры краіны Канстытуцыя 1791 г. мела шмат праціўнікаў у магнацкім асяроддзі і сярод шляхты. Далёка не ўсе правамоцныя жыхары ВКЛ былі згодны з фактычным скасаваннем самастойнасці Княства. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай выклікала вострае незадавальненне Расіі.

У 1792 г. Расія ўвяла свае войскі ў Рэч Паспалітую. Праціўнікі рэформаў, якія абапіраліся на Расію аб’ядналіся ў Таргавіцкую канфедэрацыю. Войска Рэчы Паспалітай не змагло супрацьстаяць аб’яднаным сілам Расіі і таргавічан. У выніку рашэнні чатырохгадовага Сейма і Канстытуцыя 1791 г. былі ліквідаваны.

У 1793 г. пачаліся расійска-прускія перагаворы, у ходзе якіх быў абвешчаны другі падзел Рэчы Паспалітай. Прусія атрымала Гданьск і Торунь разам з часткай Вялікапольшчы, да Расіі адышлі беларускія землі з гарадамі Менскам, Нясвіжам, Слуцкам, Пінскам, Мазыром. У верасні 1793 г. у Гродна па патрабаванні Прусіі і Расіі быў скліканы сойм, які павінны быў зацвердзіць другі падзел. Але дэпутаты, якія прыйшлі на пасяджэнне, адказалі поўным маўчаннем. Тады дэпутат Анковіч прамовіў: “Маўчанне – знак згоды”. Вось такім чынам быў “зацверджаны” дадзены дагавор. Другі падзел Рэчы Паспалітай паставіў яе на край гібелі. Гэта добра ўсведамлялі палітычныя сілы краіны.

Адзіным выхадам з дадзенага становішча магло стаць паўстанне. Роля яго кіраўніка выпала ўраджэнцу Беларусі Тадэвушу Касцюшку, які абвясціў 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве акт паўстання. Мэтамі паўстання з’яўлялася аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. і працяг рэформаў.

Кіраўніком паўстання ў ВКЛ стаў Якуб Ясінскі. Ім быў утвараны асобны ад Польшчы ўрад – “Найвышэйшая Літоўская рада”.

У ноч з 23 на 24 красавіка ў руках паўстанцаў аказалася Вільня, пасля чаго ўзброеная барацьба распаўсюдзіла па ўсёй Літве і Заходняй Беларусі.

Найбольш значныя перамогі паўстанцы атрымалі пад Рацлавіцамі (4 красавіка) і Варшавай (18 красавіка). Разам з узброенай барацьбой паўстанцы ўжывалі партызанска-дыверсійныя формы. 1 чэрвеня Я.Ясінскі аддаў загад аб стварэнні атрадаў, якія павінны былі распачаць партызанскія дзеянні ў тылу рускага войска. Найбольш буйнымі рэйдамі ўглыб тэрыторыі Беларусі былі паходы Міхала Клеафаса Агінскага на Дынабург і Стэфана Грабоўскага на Міншчыну. У выніку такіх дзеянняў царскае войска адступала.

Адным з галоўных пытанняў, ад вырашэння якога залежаў поспех паўстання, было стаўлення да яго сялянства. 7 мая 1794 г. Т.Касцюшка абвясціў “Паланецкі універсал”. Згодна з ім сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, але без зямлі. Безумоўна, частка сялян у выніку падтрымала паўстанцаў. Гэта былі касінеры (сяляне, узброеныя косамі).

Разам з тым спробы распаўсюдзіць паўстанцкі рух на тэрыторыі, якія раней увайшлі ў склад Расіі, поспеху не мелі. Да таго ж к канцу лета атрады Касцюшкі ўжо не вытрымлівалі ўдараў царскіх войск Суворава. У верасні 1794 г. каля вёскі Крупчыцы пад Кобрынам пацярпелі паражэнне атрады К.Серакоўскага. Рашаючая бітва адбылася 10 кастрычніка пад Мацяёвіцамі. 4 лістпада Сувораў авалодаў Прагай – прадмесцем Варшавы. Пры яе абароне загінуў Якуб Ясінскі. 6 лістапада капітулявала Варшава.

У кастрычніку 1795 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай. Прусія атрымала Кракаў, Аўстрыя – Сандамір, Хелм і Люблін. Да Расіі адыходзілі Літва, Курляндыя, заходняя частка Беларусі. 25 лістапада 1795 г. С.Панятоўскі адрокся адпрастола. Так завяршылася больш чым 200-гадовая гісторыя Рэчы Паспалітай.