Беларускія землі ў ІХ-пач. ХІІІ стст.

1. Узнікненне Русі. Беларускія землі ў ІХ-Х стст.

2. Полацкае княства ў канцы Х-ХІ стст. Княжацка-вечавы лад.

3. Тураўскае княства ў канцы Х-ХІ стст. Асаблівасці грамадска-палітычнага ладу.

4. Феадальная раздробленнасць. Землі Сярэдняга Пабужжа, Пасожжа і Верхняга Панямоння.

5. Знешнепалітычнае становішча ў канцы ХІІ –пач. ХІІІ стст.

6. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў ІХ-пач. ХІІІ стст.

7. Культура ІХ-пач. ХІІІ стст.

1. У сярэдзіне ІХ ст. ва Усходняй Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Гэта былі пераважна купцы і воіны, якія імнкнуліся авалодаць вялікім водным шляхам “з вараг у грэкі”. Варагі збіралі даніну з наўгародскіх славен, крывічоў і некаторых фіна-угорскіх плямён (чудзь, мера, весь). У “Аповесці мінулых часоў” расказваецца, што наўгародцы, крывічы, чудзь адмовіліся плаціць варагам даніну і ў 859 г. прагналі іх “за мора”. Аднак сярод саміх плямён не было згоды, часта ўспыхвалі міжусобныя войны. У выніку гэтыя плямёны ў 862 г. накіравалі сваіх паслоў да аднаго з варажскіх правадыроў Рурыка з запрашэннем на княжанне. У летапісу пра гэта гаворыцца так: “Пайшлі за мора да варагаў, да русі. Бо так звалі тых варагаў – “рус”. Адсюль быццам і назва дзяржавы ўзнікла – “Русь”.

Рурык стаў наўгародскім князем і стаў раздаваць гарады “сваім мужам”. Сярод гарадоў пад 862 г. названы і Полацк. Гэты факт даў падставу для летапісцаў сцвярджаць, што менавіта ад “запрашэння” варагаў бярэ пачатак дзяржаўнасць ва ўсходніх славян. Есць і супрацьлеглыя пазіцыі ў гісторыкаў. Некаторыя лічаць, што “запрашэнне” варагаў усяго толькі паскорыла дзяржаваўтваральны працэс на ўсходнеславянскіх землях, які і да гэтага часу ішоў, але даволі маруднымі тэмпамі.

Калі паўночныя землі ўсходнеславянскага рэгіёна ў другой палове ІХ ст. аказаліся ў залежнасці ад Рурыка, то землі палян, севяран, радзімічаў папалі пад уладу хазар. Як і калі гэта адбылося летапісы не гавораць. Вызваленне палян ад неабходнасці ўплаты даніны хазарам звязваецца з дзейнасцю “мужоў” Рурыка Аскольда і Дзіра. У летапісу гаворыцца, як яны “з родамі сваімі” адправіліся па Дняпры ў сталіцу Візантыі. Даплыўшы да Кіева, яны забілі нашчадкаў Кія, вызвалілі горад ад уплаты даніны хазарам і сталі правіць зямлёй палян.

Новы этап у гісторыі ўсходніх славян звязаны з фарміраваннем адзінай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Пераемнік Рурыка Алег у 882 г. забіў Аскольда і Дзіра і абвясціў Кіеў сталіцай Русі: “Няхай будзе маці гарадоў рускіх”. Князь даволі хутка падпарадкаваў сабе шэраг славянскіх зямель, у тым ліку радзімічаў (885 г.). У 907 г. Алег ажыццявіў удалы паход на Царград. У складзе яго войска знаходзілася дружына крывічоў-палачан. Гэта дае падставу сцвярджаць, што ў часы Алега беларускія землі былі падначалены Кіеву.

Выхад Полацкага княства з-пад улады Кіева трэба адносіць да часоў праўлення Ігара Рурыкавіча, Вольгі і Святаслава Ігаравіча. Доказам гэтага можа служыць той факт, што на Полаччыне не было пагостаў, а гэта значыць даніну на карысць Кіева крывічы не плацілі. Спрабавалі атрымаць незалежнасць ад Кіева і радзімічы. Яны ў 984 г. узнялі паўстанне. У выніку кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч рушыў супраць іх з войскам. На рацэ Пяшчані радзімічы былі разбіты атрадам, якім камандаваў ваявода Воўчы Хвост.

 

2. Прыкладна ў 970-я гады ў Полацку княжыў Рагвалод, які, як сказана ў летапісу, “прыйшоў з-за мора”. Каля 980 г. Рагвалод умяшаўся ў дынастычную барацьбу, якую вялі за кіеўскі прастол сыны Святаслава Ігаравіча – Яраполк (кіеўскі князь) і Уладзімір(наўгародскі князь). Як сведчыць летапіснае паданне, браты звярнуліся за дапамогай да Рагвалода і імкнуліся пацвердзіць дамоўленасць, ажаніўшыся з дачкой полацкага князя Рагнедай. Маладая князёўна, нібыта ведаючы аб пазашлюбным нараджэнні Уладзіміра, адмовілася выходзіць за яго замуж. У выніку Уладзімір сабраў вялікае войска і выступіў у паход на Полацк. Горад быў захоплены. Рагвалод і яго сыны былі забіты, а Рагнеда гвалтоўна была зроблена жонкай Уладзіміра. У замужастве Рагнеда атрымала імя Гарыслава. У гэтым жа годзе Уладзімір падманам забіў Яраполка і стаў кіеўскім князем.

Як факт страты незалежнасці, так і факт вяртання Полацкаму княству самастойнай дынастыі ў летапісу пададзены праз паданне. Згодна з ім Рагнеда, каб адпомсціць Уладзіміру за крыўду, нанесеную ёй у 980 г., зрабіла замах на яго жыццё. Князь цудам пазбег смерці і вырашыў забіць жонку, але за Рагнеду заступіўся іх сын Ізяслаў. Пасля рады з баярамі Уладзімір саслаў Рагнеду з сынам у крэпасць Замэчак, якая пазней стала вядома як Ізяслаўль. Рагнеда прыняла пострыг і пад імем Анастасія жыла ў манастыры да 1000 г., а Ізяслава запрасілі на полацкі сталец. Згодна з летапісам, гэта быў князь-кніжнік, які распаўсюджваў хрысціянства і асвету. Ізяслаў памёр у 1001 г. Ён пакінуў пасля сябе двух сыноў – Усяслава і Брачыслава. Першы з іх пражыў да 1003 г. Пасля гэтага князем стаў малодшы Брачыслаў.

Аб дзейнасці Брачыслава нам вядома мала. Летапіс паведамляе, што ў 1021 г. Брачыслаў напаў на васальны ад Кіева Ногарад і разрабаваў яго. Калі Брачыслаў вяртаўся ў Полацк, яго сустрэла войска кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Адбылася бітва на рацэ Судамір. У бітве Брачыслаў прайграў, аднак па мірнай дамоўленасці з Яраславам Полацк атрымаў гарады Віцебск і Усвят – важныя пункты на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”. Фактычна больш нічога не вядома пра час Брачыслава. Ускосна даказана, што Брачыслаў на славяна-балцкім памежжы заснаваў Браслаў і далучыў да княства Менскую воласць. У 1044 г. Брачыслаў памёр.

Пасля Брачыслава полацкім князем стаў яго сын Усяслаў Чарадзей. У летапісе гаворыцца, што маці нарадзіла яго ад чаравання пры ўдзеле язычаскіх святароў. Людзі верылі, што князь мог пераўтварацца ў ваўка ці тура з залатымі рагамі. На першым этапе свайго княжання Усяслаў займаўся каланізацыяй Падзвіння. Даннікамі Полацка сталі балцкія плямёны – латгалы, лівы, земгалы, куршы. Князем былі заснаваны фарпосты (крэпасці) Полаччыны ў Падзвінні – Кукенойс і Герцыке.

У першыя два дзесяцігоддзі свайго праўлення Усяслаў падтрымліваў мірныя адносіны з Кіевам, дзе княжылі спачатку Яраслаў Мудры, а затым яго сын Ізяслаў. У 1060 г. Чарадзей прыняў удзел у сумесным паходзе паўднёварускіх князёў супраць торкаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што за падтрымку Полацкам Кіева, Чарадзей атрымаў гарады Оршу і Копысь. 1065 год стаў паваротным у палітычнай гісторыі Полацкага княства. Выкарыстаўшы канфлікт, які ўзнік паміж паўднёварускімі князямі, Усяслаў Чарадзей ажыццявіў паход на Пскоў. Горад яму ўзяць не ўдалося, але адносіны з Кіевам сапсаваліся. Больш удалым для Усяслава быў паход 1066 г. на Ноўгарад: шмат людзей уведзена ў палон, зняты званы з Наўгародскай Сафіі. У адказ паўднёварускія князі Яраславічы ажыццявілі паход на Полаччыну, захапілі і спалілі Менск. Рашаючая бітва адбылася 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Нямізе. “І была сеча жорсткая, – запісаў летапісец, – і шмат людзей загінула, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад. Усяслаў жа кінуўся наўцёкі”. Мірныя перагаворы паміж князямі пачаліся пад Оршай 10 ліпеня 1067 г. Браты Яраславічы прапанавалі Чарадзею ўвайсці ў свой шацёр, а затым парушылі крыжацалаванне і захапілі полацкага князя з двума сынамі ў палон. У кіеўскім порубе Чарадзей сядзеў больш года.

У 1068 г. паўднёварускія князі пацярпелі паражэнне ад полаўцаў. Калі вестка пра гэта дайшла да Кіева, то кіяўляне сталі патрабаваць ад свайго князя Ізяслава выдаць ім коней і зброю для барацьбы з качэўнікамі. Ізяслаў стаў вагацца, а натоўп тым часам вызваліў Усяслава Чарадзея з турмы. Даведаўшыся пра гэта, Ізяслаў уцёк. 15 верасня 1068 г. кіяўляне абвясцілі Усяслава вялікім князем. На гэтай пасадзе Чарадзей знаходзіўся толькі сем месяцаў, пасля чаго прыняў рашэнне вярнуцца на Полаччыну, саступіўшы прастол Ізяславу. Аднак у Полацку Чарадзей адразу замацавацца не змог, бо ў горадзе знаходзіўся кіеўскі намеснік, сын Ізяслава Мсціслаў. Пасля смерці Мсціслава тут правіў яшчэ адзін Ізяславіч – Святаполк. Усяслаў тым часам жыў у фінскім племені водзь, узначальваў паходы гэтага племені на Ноўгарад. Так, у 1069 г. Чарадзей прайграў наўгародскаму войску на рацэ Гзень, аднак быў адпушчаны “бога радзі”, як сказана ў летапісе. У 1071 г. Чарадзей выгнаў Святаполка Ізяславіча з Полацка, але ў бітве пад Галацічаскам у гэтым жа годзе ён зноў пацярпеў паражэнне ад Кіева. Тым не менш у Полацку Чарадзей утрымаўся. З гэтага часу сутычкі з Кіевам сталі вельмі частымі. У 1077 і 1078 гг. супраць Полацка было арганізавана два паходы паўднёварускіх князёў. Горад узяць ім не ўдалося, але наваколле яго, па словах Манамаха, было “выпалена”. Ёсць меркаванне, што прычынай паходаў былі агрэсіўныя дзеянні Усяслава супраць Ноўгарада і Смаленска (1078 г.). У 1084 г. Уладзімір Манамах раптоўна напаў на Менск, не пакінуўшы ў ім “ні чалядзіна, ні жывёлы”. Нічога невядома аб гісторыі Полаччыны з 1084 па 1092 г. Толькі пад 1092 г. у летапісе сустракаюцца звесткі пра нейкую страшную эпідэмію ў горадзе, калі “мерцвякі білі палачан”. Усяслаў Чарадзей памёр 14 красавіка 1101 г. Завяршылася сапраўды вялікая эпоха беларускай гісторыі.

Грамадска-палітычны лад Полацкага княства (“зямлі”) меў свае асаблівасці. Кіраўніком дзяржавы быў князь. Першым і важнейшым абавязкам полацкага князя была арганізацыя войска і камандаванне ім. Войска князя называлася дружынай. Яна служыла асабіста князю і знаходзілася на яго ўтрыманні. Дружына складалася з розных груп узброеных людзей. На першым месцы была “старэйшая” дружына. Гэта – “баяры” (“баляры”, “сільныя мужы”). Малодшыя дружыннікі называліся “дзецкія” (“отракі”). Акрамя дружыны князь мог утрымліваць наёмнікаў, якімі ў Х–ХІ стст. былі варагі. Значнай ваеннай сілай горада было народнае апалчэнне, якое складалася з гараджан і называлася “полк”. Князь таксама вяршыў суд, у гарады прызначаў цівуноў (суддзяў). Асноўным дакументам, адпаведна якому вяршыўся суд, была “Руская праўда”. Важным абавязкам князя быў збор даніны і іншых пабораў з насельніцтва. Працэс збору даніны называўся палюддзе. Месца збору даніны – пагост.

Важную ролю ў жыцці Полацка адыгрывала веча – сход дарослых мужчын для вырашэння важнейшых грамадскіх спраў. На вечы ажыццяўляўся вышэйшы суд, кантралявалася дзейнасць князя, вырашаліся пытанні вайны і міру. Ад імя полацкага веча заключаліся дагаворы з іншымі гарадамі. Калі веча не падтрымлівала князя, той вымушаны быў пакінуць горад. На месца выгнанага князя веча выбірала іншага прадстаўніка княжацкай дынастыі. Выбранне князя патрабавала выканання пэўнай працэдуры. Істотным момантам з’яўляўся дагавор, які замацоўваўся прысягай з двух бакоў – крыжацалаваннем.

 

3. На поўдзень ад Полацкага княства знаходзілася Тураўская зямля, якая ўтварылася на аснове княжання дрыгавічоў. Першае ўпамінанне пра Тураў адносіцца да 980 г., калі там княжыў Тур. Гісторыкі сумняваюцца ў дакладнасці гэтага сведчання і разглядаюць яго як легенду або як больш познюю прыпіску, якая “растлумачвала” паходжанне назвы горада.

Пад 988 г. летапіс паведамляе, што кіеўскі князь Уладзімір перадаў у кіраванне сваім сынам розныя воласці. Тураў атрымаў сын Уладзіміра Святаполк. Малады князь вырашыў дамагчыся поўнай незалежнасці ад Кіева. У 1009 ці 1010 г. Святаполк узяў шлюб з дачкой польскага князя Баляслава Храбрага. У 1013 г. тураўскі князь прымаў удзел у паходзе польскага князя на Русь. Гэты паход аказаўся няўдалым і тураўскі князь быў кінуты Уладзімірам у турму. Пазней па просьбе кіеўскага баярства Уладзімір вызваліў сына са зняволення, аднак пакінуў пад сваім наглядам у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015 г.) Святаполк стаў кіеўскім князем. У гонар гэтага ён загадаў адчаканіць сярэбраныя манеты з надпісам “Святаполк на стале”. Атрымаўшы вялікакняжацкі сталец, ён стаў паступова распраўляцца са сваімі братамі, якія маглі прэтэндаваць на прастол. Пад Пераяслаўлем па загаду Святаполка быў забіты Барыс, а пад Смаленскам – Глеб. Наўгародскі князь Яраслаў (Мудры) распачаў вайну супраць Святаполка Акаяннага (такая мянушка замацавалася за князем-забойцам). Рашаючая бітва паміж князямі адбылася ў 1019 г. на рацэ Альта. Перамогу атрымаў Яраслаў. Пасля паражэння Святаполк кінуўся ў Польшчу праз Берасце і загінуў за межамі Русі. Тураўскае княства было ўключана ў склад агульнай Кіеўскай дзяржавы Яраслава Мудрага.

Напярэдадні смерці Яраслава Мудрага тураўскім князем стаў яго сын Ізяслаў. Стаўшы пасля смерці бацькі (1054 г.) кіеўскім князем, Ізяслаў захаваў за сабой і Тураў. Кіеўскім князям вельмі важна было захаваць кантроль над рачным шляхам па Прыпяці. І ў далейшым, як толькі на кіеўскім прастоле аказваўся новы князь, Тураў перадаваўся яго сыну або заставаўся ў прамым падпарадкаванні самаго кіеўскага князя.

Пасля гібелі Ізяслава Яраславіча ў 1078 г. вялікім князем кіеўскім стаў яго малодшы брат Усевалад Вялікае Гняздо. Тураў атрымаў старэйшы сын Ізяслава Яраполк. Пасля смерці гэтага князя ў 1088 г. на княжанне ў Тураў быў прызначаны малодшы сын Ізяслава Святаполк. Ён пасля смерці Усевалада (1093 г.) па старшынству стаў кіеўскім князем. Святаполк быў чалавекам скупым і срэбралюбівым. Ён нажываўся на нястачы людзей, скупліваў соль і прадаваў яе па завышаных цэнах. Гэта выклікала абурэнне народа і прывяло да паўстання ў Кіеве, у пачатку якога ў 1113 г. Святаполк памёр. Вялікім князем кіеўскім стаў сын Усевалада Уладзімір Манамах. Манамах не дазволіў князям з дынастыі Ізяславічаў трымаць Тураў. Па яго загаду сын Святаполка Яраслаў быў забіты. Тураўская зямля засталася за кіеўскім вялікім князем. Пасля смерці Уладзіміра Манамаха кіеўскім і тураўскім князем быў яго сын Мсціслаў (1125-1132 гг.)

У параўнанні з Полацкам грамадска-палітычны лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў мелі права перайсці на велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі для гэтага надыходзіда іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. Адначасова Тураўскае княства працягвала падпарадкоўвацца свайму князю, які станавіўся вялікім князем кіеўскім. У такім выпадку ў Тураў прызначаўся княжацкі намеснік – “пасаднік”. У Тураве склалася свая сістэма кіравання горадам і воласцю. Гараджане ў Тураве мелі права голасу нават тады, калі вырашалася пытанне пра назначэнне на пасаду епіскапа, у той час, калі ў Полацк і іншыя гарады епіскап прызначаўся кіеўскім мітрапалітам. У Тураве існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне. Тураўскі князь з дружынай часта знаходзіўся ў Кіеве. У такім выпадку апалчэнне з’яўлялася галоўнай сілай у горадзе.

4.Перыяд распаду дзяржаў у сярэднія вякі на больш дробныя ўтварэнні гісторыкі называюць часам феадальнай раздробленнасці. Усходнеславянскія землі ўступілі ў перыяд раздробленнасці пазней краін Заходняй Еўропы. Распаду Кіеўскай Русі ў значнай ступені паспрыяла рашэнне, якое было прынята на Любецкім з’ездзе князёў у 1097 г. З’езд абвясціў “няхай кожны князь трымае зямлю свайго бацькі”. Кожнае княства станавілася незалежным і цяпер мела права самастойна вызначаць свой унутраны парадак, весці самастойную знешнюю палітыку. Удзельныя княствы перыяду феадальнай раздробленнасці ў крыніцах ХІІ – ХІІІ стст. называюцца “валасцямі”. Разам з тым Уладзімір Манамах і яго сын Мсціслаў не пагадзіліся з рашэннем Любецкага з’езда, працягвалі кантраляваць развіццё ўдзельных княстваў. У выніку толькі ў 30-я гг. ХІІ ст. Русь канчаткова распалася. Летапісец з горыччу занатаваў: “Раздрася вся Русская земля”.

Прычынамі феадальнай раздробленасці на Русі былі наступныя: 1) паслабленне ролі цэнтра ў выніку развіцця феадальных адносін і ўмацавання гарадоў на перыферыі; 2) адсутнасць трывалых эканамічных сувязей паміж цэнтрам і месцамі ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі; 3) традыцыя перадачы зямлі ў спадчыну сынам; 4) сепаратызм буйных феадалаў-вотчыннікаў.

Феадальная раздробленнасць на Полаччыне пачалася пасля смерці Усяслава Чарадзея, які меў шэсць сыноў. Барыс правіў у Полацку, Глеб у Менску, Давыд у Лагойску,Святаслаў у Віцебску. Невядома, якія ўдзелы атрымалі Раман і Расціслаў. Барыс, як старэйшы, прызнаваўся вялікім князем Полацкай зямлі ў цэлым. Але, відаць, ён не кантраляваў усю зямлю. Адносіны паміж братамі былі напружаныя (перыяд “хатняй барацьбы”). Да прыкладу, ніхто не дапамог Барысу на пачатку яго праўлення змагацца з яцвягамі. Адзіным сумесным паходам братоў быў паход 1106 г. супраць земгалаў. Аднак, і ён быў няўдалым. Земгалы перасталі плаціць даніну Полацку.

Менскі князь Глеб імкнуўся пашырыць свае ўладанні перш за ўсё ў напрамку да Дняпра, дзе ім быў захоплены Копысь. Таксама Глеб ажыццяўляў паходы на землі Тураўскага княства. У выніку інтарэсы Глеба сутыкнуліся з інтарэсамі Кіева. У 1105 г. кіеўскі князь Святаполк Ізяславіч адправіў на Менск ваяводу Пуцяту, аднак Глеб адстаяў горад. Дарэчы, кіеўскага князя падтрымаў Давыд Усяславіч, які выступіў супраць брата. У 1116 г. пасля таго, як Глеб спаліў Слуцк, ужо Уладзімір Манамах направіў на Менск шматлікае войска. Пасля двухмясячнай аблогі горада Глеб папрасіў міру, паабяцаўшы ва ўсім слухацца кіеўскага князя. Аднак, пасля адыходу Уладзіміра ў Кіеў Глеб працягнуў захопніцкую палітыку ў Падняпроўі. Новы кіеўскі паход на Менск 1117 г. прынёс значныя страты Полаччыне. Менск быў захоплены і далучаны да Кіева. Глеб быў захоплены ў палон, дзе і памёр у 1119 г. Пахаваны менскі князь у Кіева-Пячэрскім манастыры.

У 1127 г. памёр полацкі князь Барыс. Па старажытнаму звычаю полацкі прастол перайшоў да яго брата Давыда. Новы князь меў нямала праціўнікаў. На Полаччыне пачаліся разлады, у якія ўмяшаўся кіеўскі князь Мсціслаў (сын Уладзіміра Манамаха). У гэтым паходзе на баку Кіева таксама выступаў гродзенскі князь Усеваладка. У выніку на полацкі сталец быў пастаўлены сын Барыса Рагвалод, а Давыд адхілены ад улады.

У 1128 г. Мсціслаў рыхтаваў паход супраць полаўцаў. Папярэдне ён паведаміў полацкім князям, што яму спатрэбіцца іх падтрымка. Аднак полацкія князі адмовілі дзёрзкім адказам: “Ты з Банякам Шалудзякам будзьце здаровыя абодва і ўпраўляйцеся самі, а мы маем дома што рабіць”. Здзейсніўшы паспяховы паход супраць качэўнікаў і без палачан, Мсціслаў адразу накіраваў свае войскі на Полаччыну. У 1129 г. князі Рагвалод, Давыд, Расціслаў, Святаслаў, два сыны Барыса разам з жонкамі і дзецьмі былі вывезены спачатку ў Кіеў, дзе ім было аб’яўлена аб пакаранні за непаслушэнства, а потым сасланы ў Канстанцінопаль. Візантыйскі імператар Іаан, зяць Мсціслава, прызначыў полацкіх князёў у войска, дзе яны змагаліся супраць арабаў (сарацынаў). Так пачаўся “візантыйскі палон” полацкіх князёў. На Полаччыне сталі правіць кіеўскія намеснікі.

Пасля смерці Мсціслава (1132 г.) яго месца ў Кіеве заняў брат Яраполк. У Кіеве пачалася барацьба за прастол. Гэтую сітуацыю выкарысталі палачане, якія выгналі кіеўскага намесніка і пасадзілі на полацкі сталец прадстаўніка полацкага княжацкага дому віцебскага князя Васільку Святаславіча. Полацк зноў атрымаў незалежнасць. Пасля смерці Яраполка (1139 г.) у Полацк вярнуліся “палонныя князі” з Візантыі. З гэтага часу пачалася вострая барацьба ў самой Полаччыне за сталец. Пасля смерці Васількі Святаславіча ў 1144 г. полацкі сталец вярнуў сабе Рагвалод Барысавіч. У Менскім удзеле пачаў правіць Расціслаў Глебавіч.

З летапісаў вядома, што ў сярэдзіне ХІІ ст. на Полаччыне пачалася дынастычная барацьба. У 1151 г. Рагвалод Барысавіч быў захоплены палачанамі і адпраўлены ў Менск, дзе яго ўтрымлівалі “ў вялікай беднасці”, а полацкім князем стаў Расціслаў Глебавіч. Разам з тым такая сітуацыя была нядоўгай. Ужо ў 1158 г. веча выгнала Расціслава і на полацкі пасад вярнуўся Рагвалод Барысавіч. Пазней веча запрасіла ў Полацк віцебскага князя Усяслава Васількавіча, які кіраваў да 1180 г. Усяслаў, каб умацаваць свае пазіцыі ў Полацку, уступіў у саюз са смаленскім князем Давыдам Расціславічам. Такім чынам, ХІІ ст. было запоўнена бесперапыннымі міжусобнымі войнамі, якія клаліся вялікім цяжарам на плечы сялян і гараджан.

Феадальная раздробленнасць закранула і Тураўскае княства. Аднак гэты працэс пачаўся не ў першай палове ХІІ ст., як на Полаччыне, а ў другой палове ХІІ ст. Гэта звязана з тым, што ў першай палове ХІІ ст. Тураў належаў Кіеўскаму княству.

Пераломным у гісторыі Турава стаў 1157 г. У гэтым годзе Тураў захапіў Юрый Яраславіч, сын забітага па загаду Манамаха Яраслава Святаполкавіча. Паходы на Тураў 1158 і 1160 гг. не завяршыліся поспехам Кіева. Тураў у саюзе з Пінскам (першае ўзгадванне – 1097 г.) выстаяў. Пасля смерці Юрыя Яраславіча ў 1162 г. княства было падзелена паміж яго сынамі – Святаполкам, Глебам і Яраполкам. Узніклі самастойныя Тураўская, Пінская, Дубровіцкая, Клецкая і Слуцкая воласці, якія паступова трапілі пад уплыў суседняга Галіцка-Валынскага княства.

Землі Сярэдняга Пабужжа на працягу многіх стагоддзяў уключалі гарады Берасце, Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск. Галоўным горадам у рэгіёне з’яўлялася Берасце (першае ўзгадванне – 1019 г.). З пачатку ХІ ст. горад уваходзіў у склад Тураўскага княства. Пасля разгрому Святаполка Акаяннага на Альце Берасце было занята палякамі. Толькі дзякуючы паходу Яраслава Мудрага на горад ў 1022 г., Берасце было вернута Тураўскаму княству. У другой палове ХІІ ст. Берасце ўвайшло ў склад Галіцка-Валынскага княства.

Землі Беларускага Пасожжа ўваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Да Смаленскага княства адносілася паўночная частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прапойск (сучасны Слаўгарад). У 1116 г. да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэрыторыя ніжняга цячэння Сажа з Гомелем (першае ўзгадванне – 1142 г.), Чачэрскам і Рэчыцай уваходзілі ў склад Чарнігаўскага княства. Беларускія землі ў Папрыпяцці з гарадамі Мазыр і Брагін уваходзілі ў склад Кіеўскага княства.

У Беларускім Панямонні (“Чорная Русь”) у ХІІ ст. узніклі цэнтры самастойных княстваў: Гродна (першае ўзгадванне – 1127 г), Наваградак, Ваўкавыск і Слонім. Побач са славянскімі гарадамі ў Панямонні жылі балцкія плямёны (да прыкладу, яцвягі, літва).

Такім чынам, у выніку драблення Полацкай, Тураўскай і іншых зямель на тэрыторыі Беларусі ў ХІІ-ХІІІ стст. узнікла амаль 20 княстваў.

Феадальная раздробленасць – гэта заканамерны працэс, які меў станоўчыя і адмоўныя бакі. Станоўчыя рысы: адбываўся рост гарадоў, якія сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў, развівалася культура. Адмоўныя рысы: рост знешняй небяспекі, пачатак міжусобных войн.

 

5. Нямецкія рыцары (крыжакі) у канцы ХІІ ст. пад выглядам распаўсюджання каталіцкай веры сярод мясцовага насельніцтва высадзіліся ў вусці Заходняй Дзвіны. Яны захапілі зручную земгальскую гавань і на яе месцы ў 1201 г. была пабудавана крэпасць Рыга. Сумеснымі намаганнямі каталіцкай царквы і рыцарства ў 1202 г. была створана дзяржава крыжакаў – ордэн Мечаносцаў. Паступова рыцары прасоўваліся ўверх па Заходняй Дзвіне на тэрыторыю латгалаў, пагражаючы Полацку. З даўніх часоў лівы і латгалы плацілі даніну полацкім князям і пастаўлялі ім войскі. Уся тэрыторыя ўздоўж Заходняй Дзвіны была падначалена Полацку. Таму дружыны полацкага князя Уладзіміра летам 1203 г. асадзілі дзве нямецкія крэпасці Гольм і Ікскюль, але значнага поспеху не мелі. У 1206 г. Уладзімір паспрабаваў яшчэ раз асадзіць Гольм, але на дапамогу палачанам прыйшла толькі частка ліваў. Аблога працягвалася 11 дзён. Узяць крэпасць дружыны так і не змаглі. Тым часам рыцары паступова наблізіліся да васальнага ад Полацка Кукейноса. Тут княжыў Вячка. З невялікай дружынай ён мужна адбіваўся ад захопнікаў, але не атрымаў своечасовай дапамогі ад полацкага князя. У 1208 г. Вячка вымушаны быў спаліць Кукейнос і пакінуць княства. Ён працягваў барацьбу з крыжакамі да канца жыцця і загінуў у 1223 г. пры абароне Юр’ева. У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі Герцыке. Князь Усевалад не змог адстаяць горад.

Мірныя перагаворы паміж полацкім князем Уладзімірам і рыжскім епіскапам Альбертам адбыліся ў 1210 і 1212 гг. Полацк прызнаваў страту Ніжняга Падзвіння, а немцы гарантавалі полацкім гандлярам свабодны шлях па Дзвіне. У 1216 г. палачане сумесна з балцкімі плямёнамі рыхтаваліся да новага выступлення супраць рыцараў, аднак Уладзімір памёр і паход не адбыўся. Нягледзячы на супярэчнасці паміж дзяржавамі гандлёвыя адносіны паміж Полацкам і крыжакамі працягваліся. У 1229 годзе была падпісана гандлёвая грамата Смаленска, Полацка і Віцебска з Ордэнам.

Націск крыжакаў на ўсходнеславянскія землі ўзмацніўся пасля таго, як у 1237 г. ордэны Мечаносцаў і Тэўтонскі аб’ядналіся ў Лівонскі ордэн. І ў гэтых умовах вялікае значэнне для абароны Беларусі меў саюз Полацка, Віцебска і Ноўгарада. Аб гэтым сведчыць шлюб князя Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага князя Брачыслава. У сумесных бітвах усходнія славяне змаглі прыпыніць пранікненне крыжакаў. У бітве з рыцарамі на Няве (1240 г.) вызначыўся адвагай Якаў Палачанін, пра якога ў летапісу гаворыцца: “Наехаў на полк з мячом і мужна біўся і пахваліў яго князь”. Другая перамога Аляксандра Неўскага адбылася на Чудскім возеры ў 1242 г. Гэтая бітва ў гісторыю ўвайшла як Лядовае пабоішча.

Разам з крыжацкай агрэсіяй беларускім землям у ХІІІ ст. сталі пагражаць мангола-татары. Заснавальнікам дзяржавы (Залатой Арды)стаў Чынгісхан. Яго ўнук Батый у 1237 г. пачаў паход на Русь. На працягу зімы 1238 г. мангола-татары разрабавалі Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір. У сакавіку гэтага года ў бітве на р. Сіці пацярпелі паражэнне галоўныя сілы старажытнарускіх князёў. У 1239 – пачатку 1240 г. было захоплена Чарнігаўскае княства. Верагодна тады быў разбураны і спалены Гомель. У 1240 г. мангола-татары разрабавалі Кіеў. Вясной 1241 г. мангола-татары спалілі Берасце. У Іпацьеўскім летапісе ўказваецца, што ў 1241 г., каля Берасця адбыўся бой з мангола-татарамі, у якім загінула шмат воінаў. У выніку ў ваколіцах горада “нельга было выйсці на поле, бо быў смурод ад вялікай колькасці забітых”. Разам з тым большая частка Беларусі не зведала мангола-татарскага іга, тут не было ардынскіх баскакаў. Гісторыкі тлумачаць гэта рознымі прычынамі. Адны кажуць, што войска Батыя было моцна аслаблена барацьбой з паўночна-ўсходнімі княствамі. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не мелі жадання праходзіць праз беларускія лясы і балоты. Нягледзячы на гэта пагроза з боку мангола-татар існавала яшчэ доўга.

 

6. У ІХ-Х стст. у краінах Заходняй Еўропы ўсталяваўся феадальны лад. Феадалізм – уклад, які заснаваны на ўмоўнай прыватнай уласнасці на зямлю разам з сялянамі. Для яго характэрна прысваенне феадаламі працы сялян у выглядзе зямельнай рэнты. Феадалізму ўласцівы тры яе формы: 1) адпрацовачная рэнта, ці паншчына; 2) рэнта прадуктамі, ці аброк; 3) грашовая рэнта, ці чынш.

Утварэнне буйнога феадальнага землеўладання, з’яўленне залежных сялян у розных краінах мелі свае асаблівасці. У шэрагу абласцей Заходняй Еўропы феадалізм развіваўся ў выніку сінтэзу германскіх родаплемянных і познарымскіх рабаўладальніцкіх адносін. Гэта так званы сінтэзны шлях развіцця феадалізму. Ён быў характэрны для франкскага, вестгоцкага і іншых каралеўстваў. Германцы запазычвалі некаторыя дасягненні рымскай тэхнікі і агракультуры: двухполле і трохполле, добрае ўгнаенне глебы, стойлавае ўтрыманне жывёлы. Пры сінтэзным шляху развіцця феадалізма даволі хутка склалася іерархічная структура зямельнай уласнасці і класа феадалаў. Ад сінтэзнага шляху развіцця феадальных адносін адрозніваўся працэс феадалізацыі, які гісторыкі называюць бяссінтэзным. Працэс феадалізацыі ў дадзеным выпадку ішоў марудна. Ён праходзіў у краінах, дзе ўзаемадзеянне з рымскім грамадствам было менш значным ці адсутнічала наогул (англасаксонскія каралеўствы, скандынаўскія краіны, славянскі рэгіён). Тут феадалізм канчаткова ўсталяваўся прыкладна на тры стагоддзі пазней – да ХІІІ ст.

У ІХ-ХІІІ стст., калі на беларускіх землях феадалізм толькі зараджаўся, яшчэ моцнымі былі перажыткі родаплемяннога ладу. Так, у “Рускай Праўдзе” гаворыцца аб існаванні славянскай абшчыны – верві, дзе працавалі свабодныя сяляне. У гэты ж час працягвала фарміравацца патрыярхальнае рабства. У “Рускай Праўдзе” рабы ўзгадваюцца пад назвамі “чэлядзь”, “халопы”. Рабамі на Русі станавіліся толькі палонныя. Такім чынам, у грамадстве ўсходніх славян суіснавалі тры эканамічныя ўклады: родаплемянны (першабытнаабшчынны), рабаўладальніцкі і феадальны. У такім выпадку гісторыкі гавораць аб шматукладнасці.

На Русі існавалі розныя віды феадальнага землеўладання. Валоданне зямлёй з правам продажу і перадачай у спадчыну складала вотчыннае землеўладанне. У ХІІ ст. пачынае пашырацца сістэма перадачы зямлі ў часовае ўладанне за службу без права атрымання ў спадчыну (памеснае землеўладанне).

Багацце і радавітасць феадалаў вызначалі характар іх узаемаадносін і супадпарадкаванасць. На вяршыні феадальнай лесвіцы знаходзіўся вялікі князь, ніжэй – князі-правіцелі асобных валасцей. За імі ішлі баяры (уладальнікі асобных памесцяў “баярскіх сёл”). Баярскія двары ўяўлялі сабой своеасаблівыя сталіцы маленькіх дзяржаў. Феадал меў асабістае войска, з дапамогай якога ажыццяўляў уладу над сваім “мірам” (сельскай акругай). Вельмі часта баяры прызначалі ў свае вотчыны намеснікаў – ключнікаў.

Найбольш масавай сацыяльнай структурай феадальнага грамадства заставалася абшчына. Яна ўключала ў сябе сялян, якія яшчэ не трапілі ў прыватнаўласніцкую залежнасць і былі падпарадкаваны толькі дзяржаве. Гэтая катэгорыя сялян называлася “людзі”. Абшчына несла адказнасць перад князем за выкананне дзяржаўных павіннасцей і падаткаў. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за ўчыненае на яе тэрыторыі злачынства, пакрывалі страты, нанесеныя ўласнікам. Асноўнай вытворчай адзінкай абшчыны была гаспадарка адной сялянскай сям’і – “дым” (“рала”).

Паступова сельская абшчына трапляла ў залежнасць ад феадалаў-вотчыннікаў і тут стала фарміравацца залежнае сялянства – “чэлядзь”. Спачатку чалядзінамі называлі рабоў. Затым чэляддзю сталі лічыць усіх людзей, якія былі залежныя ад свайго гаспадара. Чэлядзь уключала ў сябе некалькі катэгорый. Былі людзі, якія поўнасцю страцілі асабістую свабоду і называліся халопамі. Па свайму стану яны былі рабамі. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся смердамі. Сярод смердаў вылучаліся закупы і радовічы. Закупы – часова несвабодныя людзі, якія трапілі ў даўгавую залежнасць за ўзятую пазыку (купу). Радовічы – сяляне, звязаныя з феадалам якім-небудзь абавязацельствамі (радам).

Важнейшым заняткам жыхароў беларускай вёскі было земляробства. Асноўнай сістэмай земляробства была папаравая сістэма – двухполле, зрэдку трохполле. Сяляне ўдасканальвалі прылады апрацоўкі зямлі. З ІХ ст. атрымала распаўсюджанне двухрогая саха з жалезным нарогам. Зрэдку для апрацоўцы агародаў выкарыстоўваліся матыка і рыдлёўка. Асноўнай збожжавай культурай было жыта. Вырошчвалі таксама пшаніцу, ячмень, проса, авёс, грэчку. Ураджай збіралі металічнымі сярпамі, зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі. На муку зерне малолі пры дапамозе каменных жорнаў. Разам са збожжавымі вырошчвалі гарох, бабы, лён, каноплі, а таксама гародніну: цыбулю, рэпу, капусту, буракі, агуркі. Акрамя земляробства развіваліся садоўніцтва і жывёлагадоўля.

Для гаспадаркі і быту сельскага насельніцтва ІХ-ХІІІ стст. быў характэрны натуральны ўклад. Гэта значыць, што сяляне самі выраблялі ўсё неабходнае ім для жыцця: шылі адзенне і абутак, будавалі дамы, рабілі простую мэблю, посуд. Разам з тым пастаянная патрэба ў асобных відах вырабаў абумовіла з’яўленне ў вёсцы сваіх рамеснікаў. Самымі распаўсюджанымі хатнімі промысламі былі ганчарства (з выкарыстаннем ганчарнага кола), прадзенне, пляценне і ткацтва. Жыхары беларускай вёскі займаліся чорнай металургіяй, дастаўляючы ў горад жалеза ў выглядзе таварных крыц. У жыцці вёскі па-ранейшаму вялікая роля належала дапаможным заняткам: паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву і бортніцтву.

Старажытныя гарады на тэрыторыі Беларусі (як і ў Заходняй Еўропе!) ўзнікалі на берагах рэк, каля перапраў, на скрыжаванні дарог, вакол княскіх замкаў і парубежных крэпасцяў. Гарады Кіеўскай Русі, як і заходнееўрапейскія выконвалі аднолькавыя функцыі, з’яўляючыся абарончымі, культурнымі, гандлёва-рамеснымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі. Аднолькавым быў і час утварэння гарадоў у Заходняй Еўропе і на Русі. Разам з тым беларускія гарады мелі шэраг асаблівасцей у параўнанні з заходнееўрапейскімі: па-першае, пабудовы тут вырабляліся толькі з дрэва; па-другое, у нашых гарадах не было рамесных цэхаў і гарадскога самакіравання.

Шэраг беларускіх гарадоў атрымалі назву ад рэк, на якіх яны былі заснаваны – Полацк, Віцебск, Пінск, Слуцк, Друцк. Іншыя гарады атрымалі назву ад імені князя-заснавальніка – Заслаўе, Барысаў, Браслаў. Пісьмовыя помнікі называюць больш 30 гарадоў ранняга сярэднявечча. Самымі старажытнымі з’яўляюцца Полацк (862), Віцебск (974, 1021), Тураў (980), Друцк (1001), Берасце (1019), Копысь (1059), Браслаў (каля 1065), Менск (1067).

Адной са знешніх прыкмет горада была наяўнасць у ім умацаванняў – землянога вала, па грэбню якога ўзводзілася драўляная сцяна з абарончымі вежамі. Гарады абкружаліся глыбокімі равамі, якія запаўняліся вадой.

Цэнтральная ўмацаваная частка гарадоў называлася дзядзінцам. За ім ішлі гандлёва-рамесныя пасады. Самыя буйныя гарады мелі вакольны горад, які знаходзіўся паміж дзядзінцам і пасадамі. Большасць гарадоў, мяркуючы па іх памерах, налічвала ад 1 да 3 тысяч чалавек. Важным грамадскім месцам горада быў рынак (“торг”), які размяшчаўся недалёка ад дзядзінца.

Сядзіба гараджан адгароджвалася ад вуліц плотам з варотамі. Пабудовы ўяўлялі сабой драўляныя аднапавярховыя зрубы. Сістэма вузкіх вуліц, якія сыходзіліся да гарадскіх варот, вызначала радыяльную пабудову плана горада.

Асноўным заняткам гараджан было рамяство. Вядучая роля ў гарадскім рамястве належала кавальству. Старажытныя кавалі ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі зварваць яго з жалезам, ужывалі загартоўку вырабаў, выкарыстоўвалі пайку, коўку, рэзку зубілам, абточку і паліроўку. Адсутнасць сваіх радовішчаў каляровых металаў не замінала нашым продкам наладзіць вытворчасць ювелірных вырабаў. Да ювелірнай вытворчасці па сваім значэнні блізка стаяла апрацоўка бурштыну, з якога выраблялі ўпрыгожанні і прадметы культу. Гарадскія ганчары акрамя посуду выраблялі плінфу, плітку для падлогі мураваных храмаў. З дрэва рабіўся бандарны і сталовы посуд, транспартныя сродкі. Майстры ўжывалі ў апрацоўцы драўніны разьбу, дзяўбанне, такарную апрацоўку. Да апрацоўкі дрэва блізкімі па тэхналогіі былі вырабы з косці. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі рог і трубчастыя косці дзікіх жывёл. З косці выраблялі грабяні, тронкі нажоў, шашкі і шахматы, маленькія нагрудныя абразкі. У шырокім ужытку была апрацоўка каменю. З валуноў ці каменных блокаў – квадратаў – узводзіліся храмы. З камня высякалі мукамольныя жорны і тачыльныя кругі. Сляды гарбарнай і шавецкай вытворчасці маюцца ва ўсіх гарадскіх пасяленнях. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі скуру буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней. З мяккай, добра апрацаванай скуры шылі абутак (боты, чаравікі, пасталы), похвы для нажоў, кашалькі для крэсіва, мячы для гульні ў лапту.

У невялікіх гарадах людзі адначасова займаліся і рамяством, і сельскай гаспадаркай. З гэтай прычыны пра ўсходнеславянскія гарады гаварылася, што яны “напалову забудаваныя, напалову засеяныя”. З гэтага вынікае, што ўнутраны гандль(паміж горадам і вёскай)развіваўся дрэнна – спецыялізацыя паміж імі была слабай.

Беларускія гарады былі цэнтрамі ў першую чаргу знешняга гандлю. На Беларусь з Кіева прывозілі прыналежнасці рэлігійнага культу, з Оўруча – каменныя прасліцы, з Паўночнага Прычарнамор’я даходзілі амфары з віном і алеем, з Каўказа прывозілі самшыт для вырабу грабянёў. З Сярэдняй Азіі дастаўляўся шкляны посуд, распісаны эмаллю і золатам. З Індыйскага акіяна на Беларусь траплялі ракавіны кауры, якія ішлі на аздабленне маністаў. У замежныя краіны беларускія гарады пастаўлялі дарагія футры, мёд, воск, смалу, лён. Гандляры ў беларускіх гарадах мелі свае аб’яднанні (братчыны), у той час, як рамесных цэхаў яшчэ не было.

У ІХ-Х стст. у грашовым абарачэнні на Беларусі былі арабскія манеты – дырхемы. У ХІ ст. распаўсюдзіліся заходнееўрапейскія срэбраныя дынарыі. У ХІІ-ХІІІ стст. на Беларусі быў “безманетны перыяд” – у абарачэнні хадзілі залатыя і срэбныя зліткі (грыўні).

 

7.Культурабеларускіх зямель з’яўляецца састаўной часткай старажытнарускай культуры. Агульныя карані маюць рэлігійныя ўяўленні, фальклор, літаратура, архітэктура і мастацтва.

Язычніцтва(паганства) – умоўны тэрмін, які абазначае старажытныя вераванні і культы, што існавалі да пашырэння трох сусветных рэлігій. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага слова “языцы” (народы, чужаземцы). Язычніцтва – надзвычай шматслойная і разгалінаваная рэлігія, якая ўключае ў сябе першабытныя рэлігійныя ўяўленні – анімізм, фетышызм, татэмізм, магію, політэістычныя ўяўленні. Язычніцтва пачалося ад культу продкаў і закончылася складаным і разгорнутым пантэонам багоў:

 

Пярун вярхоўны бог, апякун грому і маланкі, вайсковай справы
Сварог бог неба
Дажбог бог сонечнага святла, сын Сварога
Хорс бог сонца
Вялес бог жывёлагадоўлі і багацця
Стрыбог бог вятроў
Жыжаль бог падземнага агню і кавальства
Цёця багіня восеньскага ўраджаю, дабрабыту і сямейнага жыцця
Лада багіня вясны, апякунка шлюбу і сям’і
Лёля багіня дзявочай прыгажосці і кахання
Мокаш жаночае бажаство ўрадлівасці і хатняга ачага
Мара багіня страшных сноў
Яга багіня смерці
Зюзя бог холаду

 

Былі яшчэ багі, ад якіх на думку старажытных славян, залежалі будучы ўраджай, жыццё і побыт людзей: Ярыла (вясна), Купала (лета), Аўсень (восень), Каляда (зіма). Як бачна, для ўсходніх славян-язычнікаў было характэрна шматбожжа.

Месцы, дзе язычнікі пакланяліся сваім багам і прыносілі ім ахвяры называюцца капішчамі(свяцілішчамі). Размяшчаліся яны на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Культавыя абрады выконвалі язычаскія святары – вяшчуны.

Святы і абрады нашы продкі здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У студзені ў дзень зімовага сонцастаяння святкаваліся Каляды. На гэтае свята прыпадаў абрад ваджэння “казы”. Калядоўшчыкі збіралі пачастункі ў гаспадароў, тым самым як бы прымалі даніну на карысць сонца: “Дзе каза рогам, там жыта стогам”. Як бачна, ужо зімой сяляне-земляробы чакалі вясны, спадзяваліся на добры ўраджай.

У сакавіку спраўлялася Масленіца – свята заканчэння зімы. Людзі пяклі бліны, наладжвалі гульні на санях. Апошні дзень масленічнага тыдня – гуканне вясны. Дзяўчаты спявалі песні, кідалі ўгору “жаўранкаў”. У красавіку адзначалі старажытнае свята Камаедзіца, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён выходзіў з бярлогі. Вытокі свята звязаны з татэмізмам. Каб задобрыць мядзведзя, людзі гатавалі і елі гарохавую кашу – камы. Лічылася, што гэта самая любімая страва татэмнай жывёлы. Вялікдзень (у хрысціян – Пасха) некалі адкрываў новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім “рухомым” календары. На гэтае свята ў гонар руплівых гаспадароў спяваліся валачобныя песні, якія захаваліся толькі ў фальклоры беларусаў. У пачатку мая адзначалася старажытнае свята выгану кароў – Ярылаў (у хрысціян – Юр’еў) дзень. Праводзіўся абрад выезду ў поле Ярылы: вакол маладога хлопца ў белай вопратцы дзяўчаты вадзілі карагоды і спявалі абрадавыя песні. У маі таксама адзначалася Радаўніца, калі на могілках паміналі памерлых.

Дзень летняга сонцастаяння адзначаўся святам Купалля. Яно праходзіла ў ноч на 22 чэрвеня (па старым стылі). У паданнях расказваецца, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Вельмі пашыранай на купальскім свяце была варажба, моладзь шукала папараць-кветку. У жніўні людзі спраўлілі адно са свят хлеба – Трэці Спас. У старажытнай Беларусі шмат дзе спраўлялі Дажынкі – свята канца жніва.

У дзень асенняга раўнадзенства (22 верасня) наставала так званае бабіна лета – пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ. У верасні адзначалася Узвіжанне – свята закрыванне зямлі на зіму. У гэты дзень нашы продкі нават не хадзілі ў лес – лічылася, што ўсе змеі выпаўзалі апошні раз пагрэцца, каб схавацца ў норы на зіму. Асноўнае свята ў кастрычніку – Пакровы. Да гэтага дня трэба было закончыць усе сельскагаспадарчыя работы, падрыхтавацца да зімы. З гэтага часу наступала пара восеньскіх вяселляў. У лістападзе і снежні моладзь збіралася на вячоркі, куды запрашаліся музыкі.

Вельмі багатай была вусная народная творчасць (фальклор) нашых продкаў. Сярод апавядальных жанраў трэба назваць казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, пацешкі, замовы. Даволі цікавым з’яўляецца былінны эпас Беларусі. Тут расказваецца пра асілкаў Іванку Прастачка, Івана Падвея, Івашку Мядзвежае Вушка, Кацігарошка. Асілкі выратоўвалі людзей, змагаючыся з рознымі міфічнымі істотамі – Змеем Гарынычам, Кашчэем Бессмяротным. У быліне пра Волха Усяславіча паказаны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Тут ухваляецца спрытнасць і мудрасць князя-ваўкалака.

Паэтычная творчасць прадстаўлена абрадавай паэзіяй, якая падзяляецца на дзве вялікія групы – каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая творчасць. Каляндарна-абрадавая творчасць цесна звязана з працай земляроба.

У зімовым цыкле найбольш цікавымі з’яўляюцца калядныя песні. Яны захавалі амаль да нашага часу сляды магічнай функцыі: садзейнічаць ураджаю і дабрабыту ў сялянскай гаспадарцы. Віншавальна-велічальнымі творамі веснавога цыклу з’яўляліся валачобныя песні, якія выконваліся на Пасху. Большасць гэтых песень была звернута да селяніна-ратая – галоўнай постаці ў земляробстве. Найбольш пашыранымі песнямі летняга цыклу з’яўляліся купальскія. Тут адлюстроўвалася радасць чалавека – сведкі найвышэйшага росквіту прыроды. Песнямі восеньскага цыклу з’яўляліся: спасаўскія, кірмашовыя, ільняныя, канапляныя.

Сямейная абраднасць развівалася вакол трох галоўных момантаў чалавечага жыцця: нараджэння, уступлення ў шлюб і смерці.

На змену язычніцтву на Беларусі ў Х ст. прыйшло хрысціянства. Яно зарадзілася ў Палестыне ў асяроддзі беднага яўрэйскага насельніцтва. Сімвалам гэтай веры была святая Троіца – Бог-айцец, Бог-сын, Бог-святы Дух. Паступова хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй ва ўсёй Еўропе. Сфарміраваліся два хрысціянскія цэнтры – Рым і Канстанцінопаль.

У сярэдзіне ІХ ст. хрысціянства стала распаўсюджвацца на Русі. Аднак афіцыйна яно было ўведзена толькі ў 988 г. Уладзімірам Святаславічам. Старажытнаруская дзяржава прыняла новую веру па візантыйскаму ўзору. Услед за гэтым хрысціянства прыняло насельніцтва Полацкага княства. Полацк стаяў на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”, яго жыхары ўжо даўно былі знаёмы з хрысціянскай верай, таму не аказвалі супраціўлення прымусоваму хрышчэнню. А вось у Тураве хрысціянізацыя суправаджалася крывавымі падзеямі. Пра гэта метафарычна гаворыцца ў паданні пра каменныя крыжы, якія прыплылі ў горад па Прыпяці, калі вада ў рацэ стала чырвонай ад крыві. Зразумела, што крыж у дадзеным выпадку – гэта сімвал хрысціянства.

Хрысціянства на працягу некалькіх стагоддзяў распаўсюджвалася ў саперніцтве з язычніцтвам. Язычніцкія святары былі ў пашане ў Полацку нават сярод прадстаўнікоў княжацкай дынастыі. Так, летапіс прыпісвае Усяславу Чарадзею нараджэнне ад вяшчунства. Разам з тым хрысціянская царква не столькі выдаляла язычніцтва са святаў і абрадаў нашых продкаў, колькі прыстасоўвала яго да новага рытуалу. Так фарміравалася дваяверства.

Царква ў перыяд сярэднявечча – гэта арганізацыя духавенства і вернікаў, якая дзейнічала на аснове хрысціянскага веравучэння і культу. На чале царквы на Русі стаяў кіеўскімітрапаліт, які прызначаўся канстанцінопальскім патрыярхам. Першыя мітрапаліты былі грэкамі ці балгарамі. Мітрапаліт у сваю чаргу прызначаў епіскапаў у найбольш буйныя ўсходнеславянскія гарады. Так, у 992 г. была створана Полацкая епархія, а 1005 г. – Тураўская. Першым вядомым полацкім епіскапам быў Міна (1105 г.), першым тураўскім – Фама. Пра Фаму мы сустракаеі звесткі ў Кіеўскім Пацерыку. Таксама летапісы прыгадваюць полацкіх епіскапаў – Казьму, Дыянісія, Мікалая, Алексія, Сімяона, Якава і тураўскіх – Ігнація, Іаакіма, Кірылу, Лаўрэнція. Епіскап быў у сваёй епархіі вышэйшым прадстаўніком царквы. Яму належала права пропаведзі, ён рыхтаваў усе богаслужэбныя акты, прызначаў святароў. Ніжняй ячэйкай царквы быў прыход, цэнтрам якога з’яўлялася царкоўная пабудова. Цэрквы будаваліся на сродкі епіскапаў, князёў ці іншых багатых людзей.

Важнейшае значэнне для ўнутранай арганізацыі царквы меў статут князя Уладзіміра. Ён утрымліваў найбольш істотныя пастановы: аб устанаўленні дзесяціны на карысць царквы (адліку дзесятай часткі ад княжацкіх даней з насельніцтва), аб стварэнні царкоўнага суда па справах злачынстваў супраць веры, аб парушэннях царкоўнай дысцыпліны і абрадаў, аб мнагажонстве.

Важнейшым атрыбутам хрысціянства былі манастыры. Першай манахіняй на Беларусі была Рагнеда, пра якую звесткі падае Цвярскі летапіс. Манастыры напачатку ўзніклі на Тураўшчыне. Так, яшчэ князь Уладзімір Святаславіч падчас хрышчэння Русі пад Пінскам заснаваў Лешчанскі манастыр, пазней у Тураве быў заснаваны Варварынскі манастыр. На Полаччыне манастыры ўзніклі ў ХІІ ст. Гэта – Барысаглебскі манастыр (на беразе р. Бельчыца), а таксама мужчынскі і жаночы манастыры ў Полацку, заснаваныя Ефрасінняй Полацкай.

Прыняцце хрысціянства супала па часе з усталяваннем дзяржаўнасці ў беларускіх землях і станоўча паўплывала на ход гэтага працэсу. Вера ў адзінага бога адпавядала адзінаўладдзю князя ў дзяржаве, а значыць, духоўна асвячала гэтую ўладу. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, асабліва з Візантыяй, садзейнічалі развіццю знешняга гандлю і рамяства. Знаёмства з візантыйскай культурай з’явілася стымулам для развіцця мастацтва, адукацыі, літаратуры і архітэктуры ўсходніх славян. У выніку прыняцця хрысціянства значна ўзрос аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў на міжнароднай арэне. З імі як з роўнымі пачалі лічыцца іншыя хрысціянскія дзяржавы. Разам з тым пасля афіцыйнага расколу хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм (1054 г.) значна ўскладніліся адносіны з краінамі Заходняй Еўропы.

Разам з хрысціянствам на землях старажытнарускай дзяржавы з’явілася пісьменнасць. Заслуга стварэння славянскай азбукі (“кірыліцы”) належыць братам Кірылу і Мефодыю Салунскім.

Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі з’яўляецца віслая пячатка князя Ізяслава канца Х ст., знойдзеная ў Ноўгарадзе. На пячатцы зроблены надпіс – імя князя (Изяславос), змешчаны княжацкі знак – трызубец. У Ноўгарадзе таксама знойдзена свінцовая пячатка Ефрасінні Полацкай з надпісам “Господи помози рабе своей Ефросиньей нарецаемой”. У Менску знойдзена віслая пячатка святога Глеба. У Тураве, Берасці і Ваўкавыску знойдзены пячаткі тураўскага і кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Навука, якая вывучае пячаткі і гісторыю іх існавання – гэта сфрагістыка.

На Беларусі выяўлена шмат помнікаў эпіграфікі. Гэта навука вывучае надпісы на камянях, сценах пабудоў і бытавых прадметах. Надпіс ХІ ст. выяўлены ў Полацкай Сафіі, дзе на вялікім камяні ў падмурку выразаны імёны будаўнікоў: Давыд, Тоума, Микола, Пётр, Вориш. Надпісы ХІІ ст. ёсць на прасліцах (“бабино пряслице” з Віцебска, “Настассино пряслице” з Пінска), амфарах (“Ярополче вино” з Пінска). Добра вядомы помнікі эпіграфікі ХІІ ст. – Барысавы камяні каля Полоцка і Рагвалодаў камень пад Оршай. У Берасце знойдзены грэбень-алфавіт. Выключным помнікам эпіграфікі з’яўляецца надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай. У першай частцы надпісу гаворыцца, што ў 6669 (1161) г. Ефрасіння навечна падаравала крыж царкве Спаса. У другой частцы надпісу напісаны праклён таму, хто выкрадзе крыж. На ніжняй пласціне адваротнага боку – дробны надпіс з імем Лазара Богшы.

Важнейшымі помнікамі пісьменнасці з’яўляюцца берасцяныя граматы. З тэрыторыяй нашай краіны звязана грамата ХІ ст., якая была выяўлена ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка ці Віцебска. На Беларусі знайшлі дзве берасцяныя граматы: першую ў Віцебску, а другую ў Мсціслаўлі. У віцебскай грамаце канца ХІІІ ст. гаворыцца аб тым, што Сцяпан просіць Няжылу купіць жыта за 6 грыўняў. У фрагменце мсціслаўскай граматы пачатку ХІІІ ст. гаворыцца аб пакупцы пшаніцы за 4,5 грыўні. Інструмент для пісьма называўся пісала.

Самай ранняй рукапіснай кнігай на Беларусі было Тураўскае евангелле (ХІ ст.), напісанае на царкоўнаславянскай мове. Матэрыялам для кніг у той час служыў пергамент – спецыяльна вырабленая скура цялят. Вокладкай служылі дзве дошкі, абцягнутыя скурай, а зачынялася кніга з дапамогай спражкі.

У першай палове ХІ ст. пачалося летапісанне. У пачатку ХІІ ст. манахам Нестарам была створана “Аповесць мінулых гадоў”. Ёсць звесткі аб існаванні Полацкага летапісу, які верагодна захоўваўся ў бібліятэцы Сафійскага Сабору.

Важнейшымі жанрамі літаратуры Х-ХІІІ ст. былі слова (твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання – “Слова пра паход Ігаравы”, канец ХІІ ст.), жыціе (аповяд пры жыццё і дзейнасць служыцеля царквы – “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, “Жыціе Кірылы Тураўскага” – ХІІ ст., “Жыціе Аўраамія Смаленскага” – ХІІІ ст.), прытча (твор павучальнага характару – “Прытча пра сляпога і кульгавага” Кірылы Тураўскага).

Пашырэнню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветніцкія дзеячы: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смяляціч і Аўраам Смаленскі.

Ефрасіння Полацкая (1104-1167 гг.) – унучка Усяслава Чарадзея. У раннім узросце, каб не выходзіць замуж, яна пайшла ў манастыр. З цягам часу Ефрасіння заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, пры якіх працавалі скрыпторыі (школы па перапісванню кніг). Па загаду Ефрасінні Лазарам Богшам быў зроблены крыж, дойлідам Іаанам пабудавана Спаская царква. Ефрасіння спрыяла будаўніцтву царквы Святой Багародзіцы. Мужчынскаму манастыру асветніца падаравала ікону Божай Маці Эфескай, прывезеную з Візантыі. Напрыканцы жыцця Ефрасіння ажыццявіла падарожжа ў святую зямлю. Ефрасіння Полацкая была кананізавана, г.зн. далучана да ліку святых.

Кірыла Тураўскі (1130-1182 гг.) – асветнік, пісьменнік, знакаміты прамоўца. Ён нарадзіўся ў Тураве ў сям’і багатых бацькоў, але “не ўзлюбіў багацця і марнай славы гэтага свету і пайшоў у манастыр”. На пэўны час замураваўся ў невялікай вежы, адкуль чытаў людзям пропаведзі. Ён быў першым стоўпнікам на Беларусі. З творчай спадчыны Кірылы Тураўскага захаваліся “Слова на Вялікдзень”, “Прытча пра сляпога і кульгавага”, “Сказанне аб мніху Марціне”. За красамоўства яшчэ пры жыцці Кірылу празвалі Златавустам. У 1158 г. тураўскае веча абрала Кірылу епіскапам.

Кніжнікамі і філосафамі былі ўраджэнцы Смаленска Клімент Смаляціч і Аўраамій Смаленскі. Ад творчай спадчыны Клімента застаўся адзіны твор – “Пасланне Фаме прасвітару”. Клімент Смаляціч быў кіеўскім мітрапалітам. Аўраамій Смаленскі – манах Селішчанскага манастыра, ён усё жыццё правёў у келлі (пакой для манаха), перапісваў кнігі. Аўраамій з’яўляўся вучнем Клімента Смаляціча.

З усталяваннем хрысціянства на землях Старажытнай Русі пачалася гісторыя манументальнага дойлідства. Найбольш старажытнымі помнікамі архітэктуры з’яўляюцца храм Прачыстай Багародзіцы (Дзесяцінная царква) у Кіеве (Х ст.), а таксама Сафійскія Саборы ў Кіеве (13 купалоў) і Ноўгарадзе (5 купалоў), пабудаваныя ў першай палове ХІ ст.

Першым мураваным храмам на тэрыторыі Беларусі быў Сафійскі сабор у Полацку, які быў пабудаваны ў візантыйскім крыжова-купальным стылі. Храм па розных крыніцах меў 5 ці 7 купалоў, меў тры ўваходы (парталы) з заходняга, паўночнага і паўднёвага бакоў. Да паўночна-заходняга кута Сафійскага сабора прымыкала квадратная вежа-званіца. Полацкая Сафія была пабудавана ў тэхніцы муроўкі са схаваным радам, калі адзін рад цэглы (“плінфы”) быў “утоплены”, а прастора паміж верхнім і ніжнім радамі запаўнялася вапнавай рошчынай. У выніку храм набываў паласатыя чырвона-белыя фасады. Унутраная прастора сабора была распісана фрэскамі (манументальны жывапіс вадзянымі фарбамі па сырой тынкоўцы) і ўпрыгожана мазаікай.

Пасля заканчэння будаўніцтва ў сярэдзіне ХІ ст. Сафійскага сабора манументальнае будаўніцтва на Беларусі ўзнаўляецца ў ХІІ ст. У гэты час пачалі фарміравацца дзве мясцовыя архітэктурныя школы – полацкая і гродзенская.

Заснавальнікам полацкай школы з’яўляецца дойлід Іаан, які па загаду Ефрасінні Полацкай пабудаваў Спаскую царкву.Асаблівасцямі полацкага стылю былі наступныя: наяўнасць аднаго купала, какошнікаў, вежападобны выгляд, муроўка са “схаваным радам” (паласатая кладка). Да таго ж тыпу пабудоў належаць Пятніцкая царква Бельчыцкага манастыра пад Полацкам. Рысы полацкай архітэктуры ўвасоблены і ў Дабравешчанскай царкве Віцебска. Праўда, крыху незвычайнай тут з’яўляецца будаўнічая тэхніка: сцены храма змураваны з квадратаў часанага каменю, якія чаргуюцца з двума-трыма радамі плінфы.

Самым раннім помнікам гродзенскай архітэктурнай школы з’яўляецца Барысаглебская (Каложская) царква. Асаблівасцямі гродзенскага стылю з’яўляліся: дэкараванне сцен храма адшліфаванымі валунамі і арнаментам у выглядзе крыжоў, зробленых з маёлікавай пліткі, а таксама наяўнасць гаршкоў галаснікоў.

ХІІІ ст. пакінула вельмі мала помнікаў абарончай архітэктуры. Найбольш вядомы і добра захаваны – 30-метровая, круглая ў плане Белая вежа ў Камянцы. Яе пабудаваў Алекса паміж 1276 і 1288 гг. па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча. Вышыня 5-яруснай вежы складае 30 м., вонкавы дыяметр – звыш 13 м. У вежы мог размясціцца вялікі ваенны гарнізон. Сцены праразаліся байніцамі – вузкімі шчылінамі, праз якія вёўся абстрэл варожага войска. У верхняй частцы слупа размяшчалася баявая пляцоўка з 14 мураванымі зубцамі. У Наваградку ў канцы ХІІІ ст. была ўзведзена абарончая вежа, якая пазней уключана ў сістэму ўмацаванняў наваградскага замка. Есць звесткі пра тое, што падобныя вежы былі ў Гродна, Тураве і Полацку. Будаўнічыя матэрыялы і тэхніка архітэктурных форм сведчаць аб рамана-гатычным вобліку помнікаў. Падобныя вежы ў Заходняй Еўропе атрымалі назву “данжон”.

У Х-ХІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася прафесійнае мастацтва: манументальны жывапіс, іконапіс, кніжная графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дробная пластыка.

Роспісы храмаў рабіліся ў візантыйскай манеры. У фрэскавым жывапісе выкарыстоўваліся карычнева-чырвоныя, блакітна-сінія, жоўта-зялёныя фарбы. Іконапіс таксама знаходзіўся пад уплывам візантыйскай школы. Мастакі строга прытрымліваліся царкоўнага канону: выявы лікаў святых былі плоскімі, твары – падоўжанымі, міндалепадобныя вочы – вялікімі, рот – малым.

Жывапіснае аздабленне старажытных рукапісаў выяўлялася ў афармленні ініцыялаў (загаловачных літар), заставак і канцовак, у мініяцюрах (ілюстрацыях). Пра адмысловае ілюстраванне гавораць ініцыялы ў “Тураўскім евангеллі”, мініяцюры з адлюстраваннем евангелістаў Лукі і Мацфея ў “Аршанскім евангеллі” ХІІІ ст.

Шэдэўрам старажытнага мастацтва Беларусі з’яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены па загаду Ефрасінні Полацкай у 1161 г. Лазарам Богшам. Драўляная аснова крыжа была пакрыта асобнымі срэбранымі і залатымі пласцінкамі. У сяродкрыжжах прымацаваны два невялікія крыжы з праразным арнаментам: вышэй чатырохканцовы, ніжэй – шасціканцовы. Галоўнае месца ў дэкарацыі адведзена каляровым эмалям. Выявы прадстаўляюць фігуры святых. Увенчвае кампазіцыю Ісус Хрыстос. У крыжы знаходзіліся святыя для кожнага верніка хрысціянскія рэліквіі: кавалачак гасподняй труны, кроў Хрыста, мошчы святых. Гісторыя крыжа трагічная. Некалькі разоў яго хавалі і перазахоўвалі ў сувязі з варожымі нашэсцямі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік і дагэтуль невядома, дзе ён знаходзіцца. Аднавіў святыню ўжо ў наш час мастак-ювелір Мікалай Кузьміч. Зараз крыж захоўваецца ў Спаскай царкве Ефрасіннеўскага манастыра.

Надзвычай цікавымі ўзорамі дробнай пластыкі ХІ-ХІІІ стст. з’яўляюцца вылепленая з гліны галава лася з Наваградка, абразок з выявамі святых Канстанціна і Алены з Полацка. Да дробнай пластыкі можна аднесці вырабы з косці: ігральныя косці, лыжачкі для прычасця, шахматныя фігуркі. Так, у Слуцку знойдзена шахматная фігурка караля на троне, у Гродна і Ваўкавыску – баявыя ладдзі, у Ваўкавыску – пешка-барабаншчык. У Наваградку знойдзены касцяны выраб-капавушка з выявай музыканта.