Палітычная партыя: паняцце, тыпы і роля ў механізме палітычнай улады

Лекцыя 8. Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі

1. Палітычная партыя: паняцце, тыпы і роля ў механізме палітычнай улады.

2. Сутнасць і тыпы партыйных сістэм. Асаблівасці станаўлення партыйнай сістэмы ў Рэспубліке Беларусь.

3. Грамадскія арганізацыі і грамадскія рухі.

4. Дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў нацыянальных супольнасцей Беларусі

 

Тэрмін "партыя" (ад лац. partio – падзяляю) у перакладзе з лацінскай мовы абазначае частку якой-небудзь буйнай супольнасці. У палітычнай літаратуры сустракаюцца розныя пункты гледжання на пытанне ўзнікнення палітычных партый. Палітычныя партыі і палітычныя сістэмы ўяўляюць з сябе прадукт працяглага гістарычнага развіцця. Можна вылучыць тры этапы ў гісторыі развіцця палітычных партый: арыстакратычная групоўка, палітычны клуб, масавыя партыі. Першая масавая партыя ўзнікла ў 1861 г. – Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі. У 1902 г. была створана першая партыя Беларусі – Беларуская рэвалюцыйная партыя, пазней БСГ (Беларуская сацыялістычная грамада). Да яе ўтварэння спрычыніліся: В.Іваноўскі, І.Луцкевіч, А.Луцкевіч, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі, В.Ластоўскі і інш.

Даследчык Т.Салавей адзначае, што склаліся розныя падыходы да разумення сутнасці палітычных партый. Сярод асноўных вылучае:

- ідэалагічны накірунак, калі партыя разглядаецца як ідэйная супольнасць, саюз ідэйных аднадумцаў, якіх аб'ядноўваюць агульныя погляды, інтарэсы і перакананні;

- арганізацыйны падыход, які падкрэслівае перадусім арганізацыйна-структурны аспект дзейнасці партыі, вылучаюцца наступныя прыкметы партыі: наяўнасць структуры, працяглы тэрмін існавання і г.д.;

- функцыянальны падыход, які прадугледжвае даследаванне палітычных дзеянняў, ролі і задач партый у палітычным механізме, іх удзелу ў падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

Усе гэтыя падыходы да вызначэння партыі адлюстроўваюць значныя для яе жыццядзейнасці моманты. На падставе гэтага найбольш шырока распаўсюджана наступнае паняцце партыі.

Палітычная партыя – гэта арганізаваная група аднадумцаў, якая прадстаўляе інтарэсы часткі народа і ставіць перад сабою мэту іх рэалізацыі шляхам заваёвы дзяржаўнай улады ці ўдзелу ў яе рэалізацыі.

Асноўнымі прыкметамі палітычных партый з'яўляюцца:

а) сувязь з пэўным класам, супольнасцю, групай – наяўнасць сацыяльнай базы;

б) валоданне пэўнай праграмай дзейнасці;

в) наяўнасць арганізацыйнай структуры (сяброўства, субардынацыя органаў, партыйны аппарат і г.д.);

г) устаноўка на дасягненне палітычнай улады і дзеянні па яе практычнаму ўвасабленню.

Спецыфіка партыі як палітычнага інстытута – гэта яўная барацьба за палітычную, дзяржаўную ўладу. Менавіта гэтым палітычная партыя і адрозніваецца ад іншых грамадскіх аб'яднанняў (грамадскіх арганізацый і рухаў), якія таксама актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці, але не дамагаюцца прамога кантролю над урадавай уладаю.

Меца і роля партыі ў палітычнай сістэме шмат у чым вызначаецца яе функцыямі. Функцыі адлюстроўваюць асноўныя задачы і накірункі дзейнасці палітычнай партыі, яе прызначэнне ў грамадстве.

Функцыі палітычных партый:

а) прадстаўніцтва сацыяльных інтарэсаў;

б) выпрацоўка праграмных мэтаў;

в) фарміраванне грамадскай думкі, палітычная адукацыя і палітычная сацыялізацыя грамадзян;

г) удзел у барацьбе за ўладу і яе рэалізацыя;

д) падрыхтоўка і вылучэнне кадраў.

У межах гэтых функцый магчыма вылучэнне больш прыватных, канкрэтных задач. Змест, формы і метады ажыццяўлення адных і тых жа функцый могуць адрознівацца ў партый розных тыпаў.

Тып партыі – гэта паняцце, якое адлюстроўвае найбольш істотныя прыкметы пэўнай групы палітычных партый. Палітолаг Т.Салавей называе розныя крытэрыі, якія могуць быць пакладзены ў аснову тыпалогіі: сацыяльная база, ідэалагічны воблік, прынцыпы арганізацыі, метады дзейнасці і інш.

Тыпы палітычных партый:

а) У адносінах да існуючага парадку, зместу мэтаў і задач – рэвалюцыйныя партыі (радыкальныя якасныя пераўтварэнні грамадства), рэфармісцкія (паляпшэнне грамадскага жыцця шляхам рэформ), кансерватыўныя (захаванне ўстойлівых форм грамадскага жыцця), рэакцыйныя партыі (аднаўленне папярэдніх парадкаў і структур).

б) У адпаведнасці з характарам членства, прынцыпамі арганізацыі партыі – кадравыя, масавыя, партыі выбаршчыкаў.

в) Згодна ідэалагічнай накіраванасці – кансерватыўныя, ліберальныя, камуністычныя партыі, якія абапіраюцца на розныя рэлігійныя і нацыянальныя дактрыны.

г) Згодна месца ў сістэме дзяржаўнай улады – правячыя і апазіцыйныя; па ўмовах дзейнасці – легальныя, напаловулегальныя і нелегальныя.

д) Згодна прыярытэту каштоўнасцей – левыя, правыя, цэнтрысцкія, ультралевыя, ультраправыя, экстрэмісцкія.

У левых партый прыярытэты: абшчынны спосаб жыццядзейнасці людзей, грамадская ўласнасць, сацыяльная роўнасць, сацыяльная справядлівасць.

У правых: індывідуалізм, свабода, правы чалавека, бізнес, канкурэнцыя, прыватная ўласнасць.