Тыпы і формы дзяржавы

Аналіз дзяржаўнасці непарыўна злучаны з вылучэннем асноўных тыпаў і форм дзяржаў. У рэальным жыцці дзяржавы розных сацыяльна-гістарычных тыпаў маюць вялікую колькасць канкрэтных мадыфікацый. Вылучаюцца і пераходныя тыпы дзяржаў. Неабходна адрозніваць ад тыпаў формы дзяржавы.

Форма дзяржавы – спосаб арганізацыі і ўвасаблення дзяржаўнай улады. Яна (форма) раскрывае як арганізавана ўлада ў дзяржаве, якімі органамі прадстаўлена, які парадак іх стварэння, якімі метадамі рэалізоўваецца ўлада.

Форма дзяржавы складаецца з трох элементаў:

формы дзяржаўнага кіравання;

формы дзяржаўнага ладу;

палітычнага рэжыму.

 

2.1 Дзяржавы згодна формы кіравання

Вядомы дзве асноўныя формы дзяржаўнага кіравання: манархія і рэспубліка.

Манархія – гэта форма кіравання, пры якой улада цалкам ці часткова сканцэнтравана ў руках аднаасобнага главы дзяржавы – манарха (караля, імператара, шаха, цара і г.д.); улада звычайна перадаецца ў спадчыну; глава дзяржавы займае пост на пэўны тэрмін і не нясе юрыдычнай адказнасці за свае дзеянні.

Існуюць неабмежаваныя (абсалютныя) і абмежаваныя (канстытуцыйныя) манархіі.

Абсалютная манархія характарызуецца ўсеўладдзем главы дзяржавы, манарх з'яўляецца адзіным носьбітам суверэнітэта, валодае вялікімі паўнамоцтвамі ў заканадаўчай, выканаўчай і судовых сферах (Саудаўская Аравія, Катар, Аман).

Канстытуцыйная манархія адрозніваецца наяўнасцю абмежавання ўлады манарха парламентам.

Пры дуалістычнай манархіі (Іарданія, Кувейт, Марока) паўнамоцтвы главы дзяржавы абмежаваны ў сферы заканадаўства, але вельмі шырокія ў сферы выканаўчай улады.

Пры парламенцкай манархіі (Вялікабрытанія, Швецыя, Данія, Іспанія, Бельгія, Японія і інш. краіны) улада главы дзяржавы практычна не распаўсюджваецца на сферу заканадаўства і значна абмежавана ў сферы выканаўчай улады. Урад фарміруецца парламентам і яму ж падсправаздачны.

Рэспубліка – гэта форма кіравання, пры якой глава дзяржавы з'яўляецца выбарным і яго магчыма змяніць, яго ўлада лічыцца вытворнай ад выбаршчыкаў ці прадстаўнічага органа. Вылучаюць тры асноўныя віды рэспублікі: прэзыдэнцкую, парламенцкую і змешаную (напаловупрэзыдэнцкую).

Прэзыдэнцкая рэспубліка характарызуецца значнай роллю прэзыдэнта ў сістэме дзяржаўных органаў. Ён адначасова і глава дзяржавы і глава выканаўчай улады. Ён выбіраецца незалежна ад парламента. Прэзыдэнт самастойна фарміруе ўрад, які адказны перад ім, а не перад парламентам. Абавязковай рысай прэзыдэнцкай рэспублікі павінен быць жорсткі падзел уладаў на заканадаўчую і выканаўчую. Парламент не можа вынесці вотум недаверу ўраду, але і прэзыдэнт не мае правоў распусціць парламент. Парламент можа абмежаваць дзеянні прэзыдэнта з дапамогай законаў і праз зацвярджэнне бюджэту, а прэзыдэнт валодае правам вета і заканадаўчай ініцыятывы (ЗША, Аргенціна, Бразілія, венесуэла, Балівія і інш.). Бываюць і "суперпрэзыдэнцкія" рэспублікі (шэраг краін Азіі і Афрыкі, Рэспубліка Беларусь).

Парламенцкая рэспубліка характарызуецца фарміраваннем урада на парламенцкай аснове і ўрад адказны перад парламентам. Парламент мае магчымасць выказаць вотум недаверу ўраду, што выкліча альбо змену ўрада, альбо роспуск парламента. Глава ўрада (прэм'ер-міністр, канцлер) – першая асоба ў палітычнай іерархіі, прэзыдэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі (Італія, ФРГ, Індыя, Турцыя, Ізраіль і інш.).

Напаловупрэзыдэнцкая (змешаная) рэспубліка – у ёй спалучаюцца моцная прэзыдэнцкая ўлада з эфектыўным кантролем парламента за дзейнасцю ўрада. У наяўнасці падвойная адказнасць урада перад парламентам і прэзыдэнтам (Аўстрыя, Фінляндыя, Францыя, Балгарыя, Польша і інш.).

 

2.2 Дзяржавы згодна форм дзяржаўнага ладу

Форма дзяржаўнага ладу раскрывае тэрытарыяльна-арганізацыйную структуру дзяржавы, характар узаемаадносін цэнтральных, рэгіянальных і мясцовых улад. Асноўныя формы гэтага тыпу дзяржаў – унітарная, федэрацыя, канфедэрацыя.

Унітарная дзяржава – гэта адзіная, простая дзяржава, якая складаецца з адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак, якія не валодаюць уласнай дзяржаўнасцю і маюць аднолькавы статус (Францыя, Швецыя, Данія, Турцыя, Эстонія, Беларусь, Іспанія, Кітай, В'етнам, Італія і інш.). У межах унітарных дзяржаў магчыма адміністратыўная і нацыянальная аўтаномія для некаторых структурных адзінак (Італія, Іспанія, Вялікабрытанія).

Федэрацыя – гэта складаная, саюзная дзяржава, якая складаецца з дзяржаўных утварэнняў, якія валодаюць пэўнай палітычнай самастойнасцю (штаты, кантоны, рэспублікі, землі і г.д.). Іх паўнамоцтвы размежаваны з цэнтрам па дамоўленасці – пры вярхоўнасці агульнадзяржаўнай (федэральнай) улады і агульнадзяржаўнага (федэральнага) права дзяржаўныя ўтварэнні маюць уласныя канстытуцыі, грамадзянства, органы ўлады (ЗША, ФРГ, Канада, Мексіка, Бразілія, Бельгія, Расійская Федэрацыя і інш.).

Канфедэрацыя – саюз юрыдычна і палітычна самастойных дзяржаў для рэалізацыі сумесных мэтаў. Дзяржавы-члены канфедэрацыі захоўваюць дзяржаўны суверэнітэт, самастойнае грамадзянства, незалежную сістэму органаў улады, уласная заканадаўства, а ў кампэтэнцыю саюза перадаюць, часцей за ўсё, пытанні абароны, знешняй палітыкі, транспарта і сувязі. Канфедэрацыя няўстойлівая форма дзяржаўнасці і звычайна пераўтвараецца ў федэрацыю, альбо развальваецца. Канфедэрацыі мелі месца ў ЗША (1776-1787 гг.), Германіі (1815-1867 гг.), Сенегамбіі (аб'яднанне Сенегала і Гамбіі ў 1982 – 1989 гг.).

Акрамя трох асноўных форм дзяржаўнага ладу, у гісторыі мелі месца і іншыя спецыфічныя формы – пратэктараты (апякунства слабай дзяржавы больш моцнай), вуніі (шчыльны саюз некалькіх дзяржаў), імперыі (вялізная тэрыторыя, моцная цэнтралізаваная ўлада, прымус і г.д.).

 

3. Прававая дзяржава і грамадзянская супольнасць

Згодна Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Прававая дзяржава – гэта дзяржава, абмежаваная ў сваіх дзеяннях правам, якое абараняе свабоду асобы і падпарадкоўвае ўладу воле суверэннага народа.

Прыкметы прававой дзяржавы: суверэнітэт народа; вярхоўнасць закона (Канстытуцыі); усеагульнасць права; узаемная адказнасць дзяржавы і асобы; падзел уладаў; нерухомасць свабоды асобы і яе праў, гонару; наяўнасць эфектыўных форм кантроля і нагляда за выкананнем праў і свабод грамадзян.

У прававой дзяржаве функцыяніруе рэжым канстытуцыйнага кіравання, існуе распрацаваная і несупярэчлівая прававая сістэма з эфектыўным кантролем палітыкі і ўлады. Рэалізацыя ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы, дзейнасць яе органаў, службовых асоб з'яднаны прававымі нормамі і падпарадкаваны ім. Канцэпцыя прававой дзяржавы абгрунтоўвае прававую роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт праў чалавека над законамі дзяржавы, неўмяшальніцтва дзяржавы ў справы грамадзянскай супольнасці.

Прававая дзяржава з'явілася важным этапам у пашырэнні свабоды асобы і грамадства. У той жа час у сваім класічным, ліберальным разуменні канцэпцыя прававой дзяржавы робіць акцэнт на фармальнай, прававой роўнасці, не закранаючы праблемы дасягнення фактычнай, сацыяльна-эканамічнай роўнасці грамадзян. Таму ідэя прававой дзяржавы была дапоўнена тэорыяй і практыкай сацыяльнай дзяржавы.

Сацыяльная дзяржава –дзяржава, якая імкнецца да забеспячэння належных умоў існавання грамадзян, задавальнення іх матэрыяльных і духоўных запатрабаванняў, сацыяльнай абароненасці, саўдзелу ў кіраванні вытворчасцю. Шлях – пераразмеркаванне нацыянальнага прыбытку.

Неабходна ведаць, што ад канстытуцыйнага замацавання ідэі прававой, сацыяльнай дзяржавы да яе практычнай рэалізацыі ляжыць доўгі і цяжкі шлях. Для гэтага неабходны і палітычная воля, правядзенне адпаведных палітычных рэформ, стварэнне неабходнай сацыяльна-эканамічнай базы, развіццё культуры і іншае.

Фарміраванне прававой дзяржавы магчыма толькі на аснове грамадзянскай супольнасці.

Грамадзянская супольнасць (толькі на базе яе магчыма прававая дзяржава) – сістэма самастойных і незалежных ад дзяржавы грамадзянскіх інстытутаў і адносін, якія прызваны забяспечыць умовы для самарэалізацыі асоб і калектываў, рэалізацыі прыватных інтарэсаў і запатрабаванняў.

Грамадзянская супольнасць складаецца з эканамічных, духоўных, маральных, рэлігійных, этнічных, сямейных і іншых адносін і інстытутаў, якія не апасродкаваны дзяржавай. Яна ахоплівае вытворчае і прыватнае жыццё людзей, іх традыцыі, норавы, звычаі, сферы адукацыі, навукі, культуры, якія знаходзяцца па-за непасрэднай дзейнасцю дзяржавы.

Інтарэсы і запатрабаванні розных груп і асоб выказваюцца і рэалізуюцца праз наступныя інстытуты грамадзянскай супольнасці: сям'я, царква, палітычныя партыі, прафесійныя, творчыя аб'яднанні, кааператывы, сацыяльныя рухі, органы грамадскага самакіравання і інш. У грамадзянскай супольнасці пераважаюць адносіны канкурэнцыі і салідарнасці паміж вольнымі і раўнапраўнымі партнёрамі.

Базісам грамадзянскай супольнасці з'яўляецца шматукладная рыначная эканоміка, плюралізм форм уласнасці, самастойнасць суб'ектаў гаспадарання, шырокая дзелавая ініцыятыва грамадзян. Сацыяльная аснова – сярэдні клас, які складае найбольш актыўная і мабільная частка насельніцтва. Духоўная сфера грамадзянскай супольнасці прадугледжвае плюралізм у вобласці ідэалогіі, рэальную свабоду слова, друку, сумлення, дастаткова высокі ўзровень сацыяльнага, інтэлектуальнага, псіхалагічнага развіцця асобы.

Грамадзянская супольнасць і дзяржава непарыўна злучаны паміж сабою і немагчымы адзін без аднаго. Узаемаадносіны паміж імі маюць складаны, часам канфліктны характар.

Пры дэмакратычным рэжыме дзяржава і грамадзянская супольнасць выступаюць як раўнапраўныя партнёры, як самастойныя суб'екты грамадскага жыцця.

 

Лекцыя 7. Інстытуты дзяржаўнай улады

Заканадаўчая ўлада: паняцце і сутнасць. Парламент і яго структура.

Глава дзяржавы і яго паўнамоцтвы. Інстытут прэзыдэнцтва.

Паняцце, віды, склад і структура ўраду. Мясцовая ўлада.

Судовая ўлада.

 

Законы – аснова жыцця грамадства. У дзяржаве ў асноўным заканатворчасцю займаюцца прадстаўнічыя органы. Нормы і правілы жыцця грамадства забяспечвае заканадаўчая ўлада.