Устанаўленне фашысцкага акупацыйнага рэжыму.
Захоп Беларусі гітлераўскімі войскамі і ўсталяванне фашысцкага акупацыйнага рэжыму. У канцы жніўня 1941 г. пад націскам групы армій «Цэнтр» Заходні фронт адступіў за межы Беларусі. На працяглы час яе насельніцтва трапіла ва ўмовы нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму, які меў на мэце ўсталяванне так званага «новага парадку» праз сістэму палітычных, ваенных, эканамічных, ідэалагічных і культурных захадаў, скіраваных на ліквідацыю савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу, захоп і эксплуатацыю нацыянальных багаццяў, падаўленне народна-вызваленчай барацьбы, фізічнае знішчэнне камуністаў і яўрэяў, ідэй-на-прапагандысцкую апрацоўку насельніцтва і г. д.
Практычныя захады па «асваенні» новых зямель утрымліваліся ў адмысловай праграме «Ост» і выдадзенай 13 сакавіка 1941 г. «Інст- рукцыі аб асобных абласцях да дырэктывы № 21». 17 ліпеня 1941 г. Міністэрства акупаваных усходніх тэрыторый узначаліў А. Розен-берг. Апорай акупацыйнага рэжыму на Беларусі з’яўляліся 5 кадравых ахоўных дывізій. Для барацьбы з партызанамі і вынiшчэння яўрэйска-га насельніцтва прызначаліся айнзацгрупы. У зоне групы армій «Цэнтр» мясцовым камендатурам падпарадкоўваліся каманды жан-дармерыі, 8 груп тайнай палявой паліцыі. Агульная колькасць ваенна-паліцэйскіх сіл на Беларусі дасягала 160 тыс.
У першую чаргу акупанты прынялі захады па знішчэнні ачагоў супраціўлення. Захопленыя са зброяй у руках чырвонаармейцы, а так-сама палітработнікі, камуністы і яўрэі расстрэльваліся на месцы. Усе астатнія зганяліся ў лагеры для ваеннапалонных.
Пад страхам пакарання смерцю насельніцтву было загадана здаць зброю, боепрыпасы, ваенную маёмасць, а таксама радыёпрыёмнікі, фотаапараты, друкаваныя машынкі. У гарадах уводзілася сістэма пра-пускоў і «каменданцкая гадзіна». За замах на жыццё германскага сал-дата або афіцэра падлягалі расстрэлу 50–100 мірных жыхароў. Каб тэ-рарызаваць насельніцтва, асобных парушальнікаў рэжыму акупанты публічна каралі смерцю. Так, 25 кастрычніка ў Мінску былі павешаны М. Брускіна, К. Трус і В. Шчарбацэвіч за аказанне дапамогі савецкім раненым салдатам.
БССР як тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка СССР пераста-ла існаваць. Яе тэрыторыя была падзелена паміж Усходняй Прусіяй, генеральнымі акругамі «Літва», «Латвія», рэйхскамісарыятам «Украі-на». Вiцебская, Магілёўская, большая частка Гомельскай i ўсходнія раёны Мiнскай абласцей увайшлі ў падпарадкаванне камандаванню армейскага тылу групы «Цэнтр».
У генеральную акругу «Беларусь» была ўключана чацвёртая част-ка (68 раёнаў) былой БССР з насельніцтвам каля 3,2 млн. чал. Уся яе тэрыторыя падзялялася на 10 акруг (гебітаў). Вышэйшым акупацый-ным органам улады з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусі, які ўзначальваў гаўляйтэр В. фон Кубэ. Яму падпарадкоўваліся акруговыя,
гарадскія, раённыя камісарыяты. Пасля ліквідацыі Кубэ, з 23 верасня 1943 г. абавязкі гаўляйтэра выконваў генерал К. фон Готберг.
Адной з найважнейшых мэт усталявання акупацыйнай адміністрацыі з’яўлялася максімальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў захопленых краін інтарэсам рэйха. З гэтай нагоды яшчэ да вайны былі распрацаваны «Дырэктывы па кiраваннi эканомiкай у акупаваных усходнiх абласцях» і план «Ольдэнбург» і інш. З гэтай нагоды ўсе эканамічныя (прадпрыемствы, рэсурсы, сыравіна) і культурныя (музеі, галерэі, бібліятэкі) каштоўнасці абвяшчаліся дзяржаўнай уласнасцю і падлягалі адпраўцы ў Германію.
Пасля загаду А. Розенберга ад 5 лістапада 1941 г. аб рэгістрацыі працаздольнага насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў на адмысло-вых біржах сталі на ўлік каля 650 тыс. жыхароў Беларусі.
Падлягалі аднаўленню тыя прадпрыемствы, якія спрыялі ўмацаванню ваенна-эканамічнага патэнцыялу Германіі. Такім чынам, у гаражах СНК БССР быў наладжаны рамонт нямецкіх гармат і зенітак. На бабруйскім механічным заводзе – выраб печак і калёсных восей. На бырысаўскай фабрыцы піяніна – калёсы для падвод. На мінскай швейнай фабрыцы – выпуск парашутаў і г. д. Тыя, хто працаваў, мог разлічваць на прадуктовую картку і заработную плату ў акупацыйных марках. Спроба ўхілення ад працы або сабатажу пагражала зняволеннем у турме або канцлагерам.
У раёне ваенных дзеянняў акупанты зганялі мясцовае насельніцтва для будаўніцтва камунікацый, размініравання мясцовасці, высечкі лесу ўздоўж чыгунак. Жорсткай працоўнай эксплуатацыі падверглася яўрэйскае насельніцтва Беларусі да поўнага яго знішчэння ў гета і канцлагерах. З цягам часу пачаліся аблавы з мэтай вывазу людзей на працу ў Германію. Усяго за час вайны былі вывезены каля 380 000 чал., так званых «остарбайтэраў».
Каб наладзіць сялянскія сельскагаспадарчыя пастаўкі рэйху, аку-панты спрабавалі здзейсніць «Новы парадак землекарыстання» і ін-шыя рэформы, але яны не прынеслі плёну. Таму асноўным сродкам атрымання прадуктаў харчавання, сыравіны і фуражу з’яўляўся збор падаткаў, рэквізіцыі і звычайнае рабаўніцтва.
У выніку акупанты разрабавалi 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС, сотні прадпрыемстваў, вывезлi 90% cтанкоў, 96% энергетычных магутнасцей, больш за 9 тыс. трактараў i лакаматываў, 18,5 тыс. аўтамабіляў,
1100 камбайнаў, 2,8 млн. галоў буйнарагатай і 5,7 млн. іншай жывёлы,
1,6 млн. т збожжа, 3 млн. т бульбы i гародніны. Было высечана 104 тыс. га лесу, вывезена 7 млн. м3 драўнiны, 500 тыс. м3 пiламатэрыялаў.
У планах акупантаў па ўсталяванні і ўмацаванні свайго рэжыму пэўны разлік ставіўся на ідэйную апрацоўку мясцовага насельніцтва. Яе ідэалагічнай асновай з’яўляўся антыкамунізм і антысаветызм. Шырока абвясцiўшы мэтай свайго нападу на СССР знiшчэнне так званага «жыда-бальшавiзму», фашысты адразу ж cкiравалi свае намаганнi на лiквiдацыі панаваўшай ідэалогіі, савецкай дзяржаўнасцi, яе сімволікі і г. д. Пры гэтым сваіх расісцкіх планаў акупанты не афішавалі, а ў сваёй нацыянальнай палітыцы імкнуліся распаліць варожасць паміж беларусамі і прад-
стаўнікамі дыяспар. Па загаду В. фон Кубэ ад 10 верасня 1941 г. для ўсіх дзяцей, акрамя яўрэяў, ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў уводзiлася абавязковае школьнае навучанне на беларускай мове. З мэтай прыцягнення сімпатый хрысціянскага насельніцтва акупантамі быў дадзены дазвол на аднаўленне закрытых бальшавікамі храмаў.
Наогул ва ўсіх сродках масавай інфармацыі (радыё, кінематограф, прэса) пастаянна праводзіліся думкі аб вызваленчай місіі германскай арміі і злачыннасці сталінскага рэжыму, ганаровай працы на карысць Германіі і неабходнасці барацьбы супраць партызанаў.
Для тых, хто не скарыўся акупантам, існаваў багаты арсенал гвал-тоўных сродкаў, якія не саступалі сярэднявечнай інквізіцыі. У іх ліку – 260 канцэнтрацыйных лагераў. У буйнейшым з іх – «Трасцянцы», што размяшчаўся каля Мінска, загінулі 205 600 чал. Лагер на станцыі «Бронная Гара» ў Брэсцкай вобласці стаў месцам пагібелі каля 50 тыс. вязняў. Практычна не засталося жывых ад соцень тысяч савец-кіх салдат, якія трапілі у палон летам 1941 г. Помнікам усім ім заста- ецца мемарыял у Масюкоўшчыне.
Характэрнай рысай фашысцкага акупацыйнага рэжыму ў СССР, асабліва на Беларусі, стала яго скіраванасць на поўнае эканамічнае абрабаванне, маральна-псіхалагічнае прыніжэнне і фізічнае знішчэнне яўрэяў. Ужо летам 1941 г. адбыліся іх масавыя растрэлы ў мястэчках і невялікіх гарадах. У абласных і некаторых раённых цэнтрах яўрэі зганяліся нацыстамі ў ізаляваныя ад іншага насельніцтва месцы пражывання – гета з мэтай іх паступовага знішчэння. Першыя масавыя забойствы ў Мінскім гета пачаліся 7 лістапада 1941 г. У 1943 г. усе гета на Беларусі былі знішчаны разам з жыхарамі.
Не пазбегла генацыду і славянскае насельніцтва. Ужо ў лiпенi – жнiўнi 1941 г. фашысцкія ахоўныя часцi здзейснiлi карныя экспедыцыi супраць партызан у раёне Белавежскай пушчы, на Лепельшчыне i ў раёне Iвацэвiч. З лістапада 1942 па сакавік 1943 г. было праведзена
11 буйных экспедыцый як супраць партызан, так і мірнага насельніц-тва. Асаблівай жорсткасцю вызначаўся карніцкі атрад на чале з маёрам О. Дырлевангерам, на сумленні якога спаленая 22 сакавіка 1943 г. разам з жыхарамі вёска Хатынь. Карнікі экспедыцыі «Котбус», здзейсненай у раёне Лепеля – Бягомля – Плешчаніц, забілі 3616 партызан, членаў іх сем’яў і аднавяскоўцаў, а таксама захапілі ў палон для адпраўкі ў Германію 2812 чал. У 1943–1944 гг. напярэдадні свайго адступлення з Беларусі акупанты праводзілі тактыку «выпаленай зямлі». Так, на Беларусі 628 вёсак былі знішчаны з жыхарамі. Былі вёскі, якія спальваліся па некалькі разоў. А за ўвесь час вайны на Беларусі былі знішчаны каля 1400 тыс. мірных жыхароў.
Дзейнасць калабарацыяністаў. Спрадвек бывала, што ў краіне, акупаванай іншаземнымі заваёўнікамі, з’яўляліся людзі, якія свядома і добраахвотна ішлі да іх на слу-жбу. У юрыдычнай і гістарычнай літаратуры за імі замацавалася назва «калабарацыяністы» (або «калабаранты»).
Беларускі калабарацыянізм быў сацыяльна і ідэйна неаднародным. Большасць яго прадстаўнікоў паходзілі з дзеячаў БНР, якія апынуліся ў эміграцыі з 1920-х гг. і ўслед за нямецкімі акупантамі вярнуліся на радзіму. Другую групу склалі людзі, якія былі зацятымі ворагамі бальшавізму, пацярпелі ад калектывізацыі або трапілі пад рэпрэсіі і г. д. Нарэшце, да супрацоўніцтва з акупантамі схіліліся асобы, якія паддаліся ўздзеянню іх прапаганды і свядома спрыялі ўмацаванню акупацыйнага рэжыму. У іх ліку створаная ў кастрычніку 1941 г. з санкцыі гаўляйтэра В. фон Кубэ ў Мінску Беларуская народная самапомач (БНС), якая ставіла на мэце дапамогу беларусам, пацярпелым ад вайны, бальша-
віцкага і польскага праследавання, а таксама развіццё беларускай культуры. Цэнтральны савет («цэнтраль») гэтай арганізацыі складаўся з 10 чал. на чале з І. Ермачэнкам – буйнейшым дзеячам эміграцыйнага ўрада БНР. З цягам часу ва ўсіх 10 акругах Беларусі ўзніклі аддзелы БНС, падкантрольныя акупантам.
29 чэрвеня 1942 г. В. фон Кубэ выказаў зацікаўленасць у просьбе «цэнтралі» аб фармаванні нацыянальных узброеных сіл, у тым ліку для барацьбы з партызанамі, і даў згоду на заснаванне Беларускага корпуса самааховы. Ён пагадзіўся і з тым, каб камандныя пасады ў БСА займалi беларусы, падрыхтоўка вялася на беларускай мове, каманды аддавалiся па-беларуску і г. д. Але начальнік паліцыі, СС і
СД Цэнер настаяў, каб акрамя камандзiра-беларуса ў падраздзяленні меўся яшчэ i шэф-немец. Надалей немцам здаліся больш надзейнымі беларускія паліцэйскія батальёны. Таму ў жніўні 1942 г. у іх стан былі пераведзены ўсе «стральцы», а штаб БСА быў распушчаны.
Большую самастойнасць мела рэарганізаваная Галоўная Рада БНС у пытаннях, звязаных з адукацыяй і сацыяльнай сферай. 13 яе аддзелаў – палітычны, адміністрацыйны, вайсковы, школьны і іншыя – складалі аснову будучага дзяржаўнага апарату Беларусі. Удзельнікі з’езда акруговых кіраўнікоў БНС, які адбыўся ў сакавіку 1943 г., звярнуліся да В. фон Кубэ з мемарандумам з просьбай аб прадстаўленні Беларусі аўтаноміі, беларускага ўрада і беларускага войска. Але патрабавальны тон дакумента не задаволіў гаўляйтэра Беларусі, таму лідэр БНС І. Ер-мачэнка быў адхілены ад пасады, а яго месца заняў больш памяркоў-ны дзеяч – прафесар В. Іваноўскі.
Неўзабаве БНС была перайменавана ў Беларускую самапомач. Яе дзейнасць была абмежавана 2 накiрункамi – аховай здароўя i матэры-яльнай дапамогай насельніцтву. 27 чэрвеня 1943 г. на з’ездзе прад-стаўнiкоў «беларускай грамадскасцi» з удзелам нямецкага каманда-вання на чале з В. фон Кубэ было абвешчана аб стварэннi пастаяннага дарадчага органа – Рады даверу з 16 чал. на чале з бургамістрам
Мінска В. Іваноўскім. Акрамя акруговых прадстаўнікоў, у яе ўвайшлі: Ю. Сабалеўскі – ад Беларускай самапомачы, К. Рабушка – ад прафса-юзаў, а таксама М. Ганько і Н. Абрамава – ад створанай 22 чэрвеня 1943 г. арганізацыі Саюза беларускай моладзі (СБМ).
Пераемнiк забiтага Кубэ – генерал палiцыi і войск СС К. фон Готберг 21 снежня 1943 г. санкцыянаваў стварэнне Беларускай Цэнтральнай Рады з 15 чал. як дапаможнага дарадчага органа пры камісарыяце на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім. Новая крэатура пазіцыянавала сябе прадстаўнiцтвам беларускага народа, а яе асноўнай задачай абвя-
шчалася барацьба з бальшавізмам.
У выніку інтарэсы дзеячаў БЦР сыходзіліся: перад імі ўзнікала перспектыва ўтварэння беларускай дзяржаўнасці пад германскім пратэктаратам, а іх гаспадары маглі разлічваць на актывізацыю беларускага насельніцтва ў барацьбе з партызанамі і задавальненні эканамічнах інтарэсаў рэйха. Так, у сувязі з узрастаннем партызанскай вайны акупанты
адчувалі патрэбу ў фармаванні дадатковых сіл, прымусова мабілізаваных імі ў канцы 1943 г. – пачатку 1944 г. 5 тыс. беларускіх жаўнераў, яўна не хапала. Такім чынам, інтарэсы калабарантаў, якія марылі аб нацыянальным войску, і мэты немцаў ізноў сыходзіліся. У выніку 6 сакавіка 1944 г. з дазволу К. фон Готберга прэзідэнт Р. Астроўскi падпiсаў загад аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны «для канчатковай ліквідацыі бальшавіцкіх бандытаў» і «абароны Бацькаўшчыны».
З гэтай нагоды з 7 сакавіка абвяшчалася мабілізацыя былых афіцэраў, падафіцэраў, а таксама ўсіх мужчын 1908–1917 і 1921–1924 гг. нараджэння. Таму ўсім, хто мусіў ухіліцца ад яе, пагражаў надзвычайны суд і пакаранне смерцю. Правядзенне мабілізацыі ўскладалася на
Галоўнае ўпраўленне БКА на чале з маёрам Ф. Кушалем. У выніку на прызыўныя пункты з’явіліся каля 40 тыс. чал. Па прычыне недахопу зброі і абмундзіравання ў БКА здолелі прыняць каля 25 тыс., з якіх было сфармавана 39 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. Большасць іх, атрымаўшы зброю, пераходзілі да народных мсціўцаў.
У час, калі поўным ходам ішло наступленне Чырвонай Арміі, 27 чэрвеня ў Мінску пад старшынствам Р. Астроўскага распачаў пра-цу II Усебеларускі кангрэс з удзелам 1039 дэлегатаў ад беларускіх згуртаванняў і акупацыйнай адміністрацыі. Яго ўдзельнікі ў сваёй рэ-залюцыі, па-першае, пацвердзілі дзейснасць ІІІ Устаўной граматы ад 25 сакавіка 1918 г.; па-другое, выказаліся супраць БССР як формы бе-ларускай дзяржаўнасці; па-трэцяе, абавязаліся абвясціць усім народам свету аб тым, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы»; па-чацвёртае, назвалі БЦР на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народа і ягонага краю». Але для таго, каб рэалізаваць пастанову кангрэса, ні ў яго арганізатараў, ні ў ідэйных натхніцеляў не было сіл. Ужо 30 чэрве-ня лiдэры БКА збеглi ў Польшчу, затым у Германiю. Фашысты выка-залі зацікаўленасць у БЦР як арганізацыі, здольнай стварыць прагерманскія ўзброеныя фармаванні, павесці агітацыю і прапаганду сярод беларусаў. З гэтай нагоды ў кастрычніку 1944 г. вайсковы аддзел БЦР быў рэарганiзаваны ў Галоўнае ўпраўленне вайсковых спраў (ГУВС) на чале з генералам К. Езавiтавым. У адпаведнасці з загадам Г. Гімлера, 25 студзеня 1945 г. ГУВС стварыў I грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь». Але напрыканцы вайны, пакінуўшы акопы, яна здалася ў палон амерыканцам.
Такім чынам, калабаранты не дасягнулі сваіх мэт. Тыя з іх, хто спрабаваў з дапамогай акупантаў дамагчыся беларускай дзяржаўнасці, не знайшлі трывалай народнай падтрымкі. Наадварот, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя выступілі ў падтрымку савецкага ладу, ідэй Леніна і Сталіна, дапамагалі партызанам, падпольшчыкам і Чырвонай Арміі ў вызваленні БССР.