Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі.
1. Напад фашысцкай Германіі на СССР.Пасля капітуляцыі Францыі 18 снежня 1940 г. А. Гітлер падпісаў дырэктыву № 21, больш вядомую як план «Барбароса», якая дала пачатак перадыслакацыі сіл вермахта да за-ходніх меж СССР. Да ліку саюзнікаў Германіі далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, Балгарыя, Фінляндыя і Іспанія. Высакаразвіты германскі ваенны патэнцыял узмацніўся за кошт эканомік падпарадкаваных краін. Так, толькі заводы Чэхаславакіі паставілі А. Гітлеру пятую частку яго танкаў. Акрамя таго, на ўзбраенне вермахта пайшлі трафеі разгромленых французскіх і іншых дывізій.
Усяго супраць Савецкага Саюза Германія выставіла 80% сваіх войск – 190 дывізій у колькасці 5,5 млн. чал., 47 тыс. гармат і мінамётаў, 4,5 тыс. танкаў, 5 тыс. самалётаў. Напярэдадні наступлення гэтыя войскi былі сканцэнтраваны ў 3 армейскiх групоўках. Першая з іх – «Поўнач» (камандуючы фельдмаршал В. фон Лееб) мела задачай разгром Чырвонай Арміі ў Прыбалтыцы і захоп Ленінграда. Другая – група армій «Цэнтр» (камандуючы фельдмаршал Ф. фон Бок) павінна была нанесцi асноўны ўдар на поўнач ад Палескiх балот уздоўж дарогi Брэст – Мiнcк – Масква, знiшчыць часці Чырвонай Арміі i захапіць сталіцу СССР. Трэцяя – група армій «Поўдзень» (камандуючы фельдмаршал К. фон Рундштэдт») скіроўвалася на разгром Чырвонай Арміі на Украіне і захоп Кіева. Па плану «Барбароса» ўсе тры групы павінны былі выканаць пастаўленыя задачы і выйсці на лінію Архангельск – Волга – Астрахань. Маланкавая вайна («бліцкрыг») павінна была заняць не больш за 10 тыдняў.
22 чэрвеня 1941 г. у 3 з паловай – 4 гадз раніцы пасля артыле-
рыйскага абстрэлу і налёту авіяцыі нямецкія войскі на ўсім працягу мяжы з СССР уварваліся на яго тэрыторыю. Асноўнай прычынай вайны з’яўлялася імкненне А. Гітлера да знішчэння СССР з мэтай прысваення яго нацыянальных багаццяў і каланізацыі абшараў; ліквідацыі камуністаў, камісараў, савецкіх работнікаў, прадстаўнікоў «непаўнавартых рас»; ператварэння ў рабоў астатняга насельніцтва.
Група армій «Цэнтр» уварвалася на Беларусь сіламі 635 тыс. з баявым вопытам салдат і афіцэраў, 10 763 гармат і мінамётаў, звыш за 810 танкаў і самаходак, 1194 самалётаў. Ім процістаялі 3, 10, 4-я арміі Заходняй Асобай ваеннай акругі (ЗАВА) у складзе 673 тыс. салдат і афіцэраў, звыш за 14 тыс. гармат і мінамётаў, 2189 (у тым ліку 383 новых) танкаў, 1549 самалётаў, а таксама Пінская ваенная флатылія.
На «Беластоцкім выступе», які выгадна ўкліньваўся ў германскую тэрыторыю, былі размешчаны буйныя вайсковыя сілы. Нягледзячы на пэўную колькасную перавагу сіл ЗАВА над групай армій «Цэнтр», фельд-маршал Ф. фон Бок пачаў наступленне ў напрамках Сувалкі – Вільнюс – Мінск і Брэст – Баранавічы – Мінск з мэтай акружэння савецкіх войск.
Першымі ўдар агрэсара ўзялі на сябе 11 беларускіх пагранатрадаў у складзе 19 519 пагранічнікаў і абаронцаў нешматлікіх агнявых кропак «лініі Молатава». Так, у раёне Гродна 3-я пагранзастава пад камандаваннем лейтэнанта В. Усава 8 гадз стрымлівала ворага. Пагранічнікі 1-й заставы на чале з малодшым лейтэнантам А. Сівачовым за 11 гадз баёў нанеслі адчувальны ўрон гітлераўцам каля в. Галавенчыцы. Пагранічнікі 4-й заставы на чале з лейтэнантам Ф. Кірычэнка адбілі 5 варожых атак пад в. Драгунь. Амаль усе яны загінулі, але прысягі не парушылі і не адступілі.
Гераічнае супраціўленне ворагу аказаў 4-тысячны гарнізон Брэсцкай крэпасці на чале з капітанам І. Зубачовым і палкавым камісарам Я. Фаміным. Абаронай Усходняга форту камандаваў маёр П. Гаўрылаў. Заходнюю частку крэпасці абаранялі пагранічнікі на чале з лейтэнантам А. Кіжаватавым, Цярэспальскую вежу – лейтэнант А. Наганаў з групай байцоў. Помнікам мужнасці і гераізму абаронцаў застаўся надпіс «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VІІ.41 г.».
Вялікі ўрон злучэнням ЗАВА, перайменаванай у Заходні фронт, быў нанесены сіламі 2-га паветранага флоту на чале з фельдмаршалам А. Кесельрынгам. Толькі 22 чэрвеня фашыстамі было знішчана 738 нашых самалётаў, з якіх 528 – на зямлі. Савецкія лётчыкі, якім удалося падняць свае самалёты ў паветра, у першы дзень вайны збілі 143 варожых бамбар-дзіроўшчыкаў і знішчальнікаў, у тым ліку 15 – метадам тарана. Не шкадуючы жыцця, такія подзвігі здзейснілі Дз. Кокараў, А. Данілаў, С. Гудзімаў, П. Рабцаў і інш. З адзіным жаданнем нанесці як мага большы ўрон фашыстам дзейнічаў 26 чэрвеня пад Радашковічамі лётны экіпаж на чале з капітанам М. Гастэла, які накіраваў падбіты бамбардзіроўшчык на калону немецкай тэхнікі.
Толькі 25 чэр-веня Стаўка загадала генералу Дз. Паўлаву тэрмінова адвесці войскі з беластоцкага выступу на «лінію Сталіна», але ўжо было позна, бо яны трапілі ў акружэнне танкавых армій генералаў Гота і Гудэрыяна.
25 чэрвеня на подступах да Мінска, пад Астрашыцкім гарадком, чырвонаармейцы 100-й дывізіі генерала І. Русіянава з дапамогай бранебойных ружжаў і бутэлек з гаручай сумессю («кактэйль Молатава») здолелі спа-ліць да 100 варожых танкаў. Тым не менш 28 чэрвеня фашыстам удалося захапіць Мінск і тым адрэзаць шляхі да адступлення 11 савецкім дывізіям. Захоп Мінска 28 чэрвеня каштаваў праціўніку стратамі ў 50 тыс. жывой сілы, каля 300 танкаў, звыш 50 самалётаў.
30 чэрвеня генерал Дз. Паўлаў быў вызвалены ад пасады камандуючага фронтам і адкліканы ў Маскву. І. Сталін абвінаваціў яго і групу іншых генералаў фронту ў «баязліўстве», «развале кіравання войскамі» і г. д., пасля чаго яны былі аддадзены пад суд і расстраляны.
У новы склад Заходняга фронту былі ўключаны 7 армій пад агульным камандаваннем генерала А. Яроменкі, але і яму не ўдалося палепшыць стано-вішча. З 2 ліпеня камандуючым фронту быў прызначаны маршал С. Цімашэнка. Пры ім быў завершаны першы этап стратэгічнай абарончай аперацыі на Беларусі (22 чэрвеня – 9 ліпеня 1941 г.). За гэты час фронт страціў (толькі забітымі, трапіўшымі ў палон і прапаўшымі без весткі) 341 073 салдат і афіцэраў, 9427 гармат і мінамётаў, не менш за 4799 танкаў і 1797 самалётаў.
Другі этап звязаны з разгортваннем і ўвядзеннем у дзеянне другога эшалона абароны. Менавіта тут, на Беларусі, бліцкрыг пачаў даваць
збоі. У раёне Лепель – Сянно адбылася буйнейшая танкавая бітва 1941 г. з удзелам 1500 машын. 14 ліпеня ў раёне Оршы ўступіла ў бой першая батарэя рэактыўных мінамётаў – БМ-13 пад камандаваннем капітана
І. Флёрава. У выніку прасоўванне праціўніка на ўсход было запаволена.
Неўміручай славай пакрылі сябе абаронцы Магілёва – чырвонаармейцы 172-й стралковай дывізіі на чале з генералам М. Раманавым і 12-тысячны атрад апалчэнцаў на чале з сакратарамі гаркама партыі А. Марозавым і І. Хаўкіным. Кожны дом быў ператвораны ў абарончы рубеж. Акружыўшы горад 17 ліпеня, гітлераўцы захапілі яго толькі на дзесяты дзень, пры гэтым страцілі каля 30 тыс. салдат і афіцэраў, шмат танкаў і іншай тэхнікі.
Узор гераізму і ваеннага майстэрства прадэманстравала камандаванне 21-й арміі на чале з генераламі М. Яфрэмавым і В. Гордавым, якая з 12 па 19 жніўня абараняла Гомель ад наступу 25 нямецкіх дывізій, у тым ліку 2-й танкавай брыгады Г. Гудэрыяна. Поруч з кадравымі байцамі абарону горада трымалі 6700 апалчэнцаў. Толькі коштам 80 тыс. забітых салдат, стратай больш за 200 танкаў і 100 самалётаў вораг здолеў захапіць горад. Да верасня 1941 г. група «Цэнтр» акупавала тэрыторыю БССР, разбіла Чырвоную Армію пад Смаленскам і працягвала рухацца на Маскву. У выніку баявых дзеянняў з 22 чэрвеня і па снежань 1941 г. Чырвоная Армія страціла каля 4470 тыс. салдат і афі-цэраў, пры гэтым толькі палоннымі 3725 тыс.
Прычыны катастрафічных для Чырвонай Арміі наступстваў летне-асенняй кампаніі 1941 г. заключаліся, галоўным чынам, у маніякальнай самаўпэў-ненасці І. Сталіна, яго залішняй даверлівасці А. Гітлеру і спадзяванні на непарушнасць пакту аб ненападзе, ігнараванні разведдадзеных адносна часу нападу гітлераўцаў на СССР і стратэгічнага напрамку іх наступлення. Па-другое, па прычыне інспіраваных І. Сталіным рэпрэсій каманднага саставу ў Чырвонай Арміі адчуваўся недахоп вопытных кадраў. У астатнім перамогі вермахта былі забяспечаны ўсім папярэднім ходам яго мабілізацыйнай, ідэалагічнай, тэхнічнай падрыхтоўкі да вайны. Гітлераўцам удалося дэзінфармаваць сталінскі ўрад адносна мэт перакідкі сваіх войск да савецкай мяжы, а затым здзейсніць раптоўны напад на сухапутныя, марскія і паветра-ныя сілы Чырвонай Арміі. Адным з першых вынікаў іх нападу стала страта савецкім камандаваннем рычагоў кіравання сваімі войскамі. Да таго ж, ва ўмовах існавання наступальнай ваеннай дактрыны не кожны ваеннаначальнік мог узяць на сябе адказнасць даць загад да адступлення, таму шмат іх падначаленых або загінулі, або трапілі ў палон.
Мужнасць і гераізм савецкіх байцоў, іх стойкасць у барацьбе за кожную пазіцыю ці населены пункт давалі магчымасць Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання прыступіцца да пераводу краіны на ваенныя рэйкі, адпраўкі папаўненняў на фронт.
Нарэшце самым галоўным вынікам летне-асенняй кампаніі 1941 г. стаў зрыў плана «Барбароса». Пэўную станоўчую ролю ў тым адыгралі абаронцы Беларусі. Група армій «Цэнтр» страціла тут забітымі і па-раненымі каля 150 тыс. салдат і афіцэраў. Тое, што Чырвоная Армія вытрымала ўдар агрэсара і працягвала баявыя дзеянні, умацоўвала ў савецкіх людзях веру ў непазбежную яе перамогу.