Інтэрв’ю-каментарый: аналітычнасць як падмурак публіцыстычнасці

Калі журналіст ставіць за мэту стварыць інтэрв’ю-каментар, значыць, на выхадзе ў адказах на яго пытанні павінна быць сфармулявана інфармацыя тлумачальнага кшталту, але, нагадаем, з вострым публіцыстычным ухілам, г. зн. адметна вылучаным асабова-сацыяльным стаўленнем да тэмы інтэрв’ю і самога журналіста, і яго рэспандэнта. І неабавязкова рэспандэнт павінен сам быць “публічна эмацыяналным”, “сацыяльна ўзбуджаным”, але яго адказы на пытанні публіцыста павінны востра, “сацыяльна эмацыянальна” кранаць і каменціраваць супрацьлегласці і сацыяльныя “нестыкоўкі” дня, гістарычнага моманту. У адказах публіцыстычнага інтэрв’ю і журналіст, і, тым больш абраны ім рэспандэнт павінны ў каментарах адлюстоўваць і увасабляць пэўную грамадскую думку або прапанаваць нейкія шляхі да яе фарміравання. Галоўнае, весці размову і, адпаведна, увагу-свядомасць аўдыторыі да разумення прычын і следстваў супрацьлегласцей, што склаліся зараз. І размова павінна быць эмацыянальна “усхваляванай”, “афарбаванай” сацыяльнай турботай усіх удзельнікаў інтэрв’ю-каментара.

Значыць, публіцыстычнае інтэрв’ю-каментар – жанр, у якім у форме пытанняў і адказаў тлумачацца, каменціруюцца прычыны і следствы падзеі, сацыяльнай супрацьлегласці ці “проста” сітуацыі з абавязковым выкарыстаннем тыпова публіцыстычнага кампанента – “трыбуннай” эмоцыі, апеляцыі да сацыяльных грамадскіх пачуццяў, што паскарае працэс сацыялізацыі і масавага ўкаранення ў грамадскую свядомасць факта сацыяльнай процілегласці або грамадскай напружанасці. Галоўнае, праз “сцыяльны неспакой” рэспандэнта, які тлумачыць падзейную інфармацыю, у публіцыстычным інтэрв’ю-каментары камбінавана спалучаюцца, сінтэзуюцца два тыпы жанравага ўтварэння: аналітычны і публіцыстычны. Іншымі словамі, на падставе факта і аналізу яго журналіст і за ім рэспадэнт (рэспандэнты) драматургічна разгортваюць інфармацыю ад умоўна простага і спакойнага (аналізу) да ўмоўна больш складанага і сацыяльна неспакойнага віду інфармацыйнага саўдзелу і камунікатыўнага кантакту з “трэцяй асобай”, г. зн. слухачом-гледачом, што і стварае публіцыстычны тып інтэрв’ю-каментара.