Фельетон на радыё, на тэлебачанні, у Інтэрнэце: параўнальная характарыстыка.

Фельетон. З гісторыі жанру.

Памфлет стаў старэйшым жанравым “братам” фельетона. Зорны час фельетона на радыё адносіцца да часоў Другой сусветнай вайны. Тады ў радыёэфіры штодзень можна было пачуць вясёлыя камічныя гісторыі з салдацкага побыту. Зразумела, радыёфельетоны “знішчальнага” кшталту – памфлеты высмейвалі фашыстаў, іхнюю “мову сабак” (фанетычная паралель нямецкай мовы з “гаўканнем”), побытавыя гратэскныя дэталі. Складаліся і “знішчальныя” частушкі.

Для паўнаты эвалюцыйнай карціны фарміравання жанра фельетону дамо кароткую гістарычную даведку.

Лічыцца, што радзімай фельетону з’яўляецца Францыя пачатку ХІХ стагоддзя, у прыватнасці, “падвальная плошча” газеты “Journal des Debats”. Газета тады была спрэс рэкламнай, а для разнастайнасці заснавальнікі прыдумалі так званыя газетныя “падвалы” – ніжнюю частку старонак, якую па жаданню падпісчыкаў або пакупнікоў можна было і адарваць. У гэтым выпадку ён пераўтвараўся ў самастойнае друкаванае выданне – не выкідваць жа тавар. Там друкавалася разнастайная інфармацыя кшталту “стракатай сумесі” – “весела пра ўсё”. Звычайна, гэта былі паведамленні пра тагачасную французскую моду, парфум, платныя абвесткі самага разнастайнага зместу, загадкі, рэбусы, шарады і інш. Сярод іх рэгулярна сталі з’яўляцца крытычныя артыкулы, прысвечаныя тэатральным, оперным прэм’ерам, справаздачы пра выставы, адрыўкі з раманаў (“серыялы”), паэтычныя творы. У гэтых “фельетонах” друкаваліся эсэ, лісты ў рэдакцыю, раманы “з працягам”. Цікавая акалічнасць: у “фельетонах” “Journal des Debats” былі надрукаваны адрыўкі твораў М.Гогаля, Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога.

Спакваля газетныя “падвалы” пераўтвараюцца ў публікацыі забаўляльнага кшталту. У нарысах і рэцэнзіях на спектаклі, выданні, выставы, свецкія прыёмы з’яўляецца іранічны стыль, часам, вострая крытыка ды “знішчальная” палеміка і “партрэты”. “Journal des Debats” нават сфарміравала свой “эскадрон” аўтараў, якія спецыяльна пісалі для гэтай “падвальнай” старонкі свае “фельетоны”.

Дарэчы, у жанравым пазначэнні ў некаторых мовах выкарыстоўваецца тэрмін “фельетон” зусім не для саркастычнага, крытычнага выступлення ў друку або ў эфіры. Так, у польскай мове “фельетонам” пазначаны аналітычныя артыкулы, публіцыстычныя тлумачэнні пэўнай праблемы, з’явы. У эфіры Польскага радыё дагэтуль гучаць зусім не сатырычныя “фельетоны”.

Фельетон на радыё з’явіўся, канечне, як агучаны фельетон, надрукаваны ў газеце або часопісе. Даволі хутка ідэалагічныя патрэбы радыёэфіру паскорылі працэс адаптцыі друкаванага фельетону на радыё. У канцы 60-х – у 70-я гады велізарнай папулярнасцю карысталіся гумарыстычна-сатырычныя праграмы Усесаюзнага радыё “С добрым утром!», а таксама “Радионяня”. Гэта былі аўдыяльныя сатырычныя часопісы, у якіх у пастановачнай форме разыгрываліся фельетонныя калізіі, сатырычныя вобразы і сітуацыі. Праграма аб’ядноўвалася тэкстам “гумарыстычных” вядучых, звычайна на два галасы.

На Беларускім радыё таксама былі спробы стварыць свае нацыянальныя гумарыстычныя праграмы. Але пэўных “гістарычных” прыкладаў больш-менш працяглага існавання ў радыёэфіры нейкага фельетонна-сатырычнага цыклу няма, за выключэннем асобных выпускаў “радыёвожыка”* галоўнай рэдакцыяй літаратурна-драматычнага радыёвяшчання. З’яўленне ў эфіры ўдачнага фельтону заўсёды было падзеяй у сцянах Дому радыё і абавязкова выклікала вялікую колькасць лістоў, водгукаў. Гэта і было стымулам для стварэння пісьменнікамі-сатырыкамі фельетонаў спецыяльна для радыё (якія потым, звычайна, друкаваліся)

На пачатку ХХІ стагоддзя ў дзяржаўным радыёэфіры жанр радыёфельетона знік “як з’ява”. Аднак на хвалях камерцыйнага ФМ-радыё з’явіліся яго сурагатныя радыёклоны. У прыватнасці, на хвалях другой праграмы рускамоўнага Радыё Бі-Эй “Мелодии века» загучалі запісы эстрадных выступленняў расійскіх гумарыстаў-сатырыкаў М.Жванецкага, М.Задорнава, В. Вінакура, Я. Петрасяна, К.Новікавай і інш. у рубрыцы “Класіка жанру”. Зрэдку гучаць архіўныя запісы А.Райкіна, Міронавай і Менакера, М. Еўдакімава і іншых “класікаў” гэтага суперзапатрабаванага жанру.

З мэтай камерцыйнага ўтрымання аўдыторыі на сваіх хвалях і далучыць новую была ўведзена гумарыстычная праграма на радыё “Юністар” (рускамоўная)– “Шоу шепелявых» з дапамогай гукавага рэверсу галасы артыстаў у гэтай праграме атрымліваюць дэбільна-даўнаўскае гучанне. Героі-“недамеркі” (быццам галасы ліліпутаў) “расказваюць” разнастайныя “сур’ёзныя” жіццёвыя гісторыі, побытавыя сітуацыі, чым ствараюць у публікі “эффект перавагі” праз апісанне дурнаватых і ірацянальных паводзін “маленькіх герояў”. Гумарыстычны эфект узмацняецца гукавым спецэфектам – паскораным рухам магнітнай ленты, які ўтрыруе дэфект маўлення – шэпелявенне. Праграма нарадзілася ў нетрах еўрапейскага радыёэфіру, а сваіх нацыянальных здабыткаў на ніве радыёфельетоннай творчасці пакуль няма.

На тэлебачанне фельетон прыйшоў з кіно. У прыватнасці, суперпапулярнымі былі (і зстаюцца сёння) выпускі кіначасопісу “Фіціль” пад патранатам знакамітага савецкага гумарыста С.Міхалкова. Такім ж суперпапулярнымі былі і выпускі тэлевізійнага кабачка “13 стульев” на Цэнтральным тэлебачанні. Фельетоны адаптаваліся для тэлебачання з друкаваных, пераважна, польскіх выданняў. Гэта былі сатырычна-гумарыстычныя сітуацыі цыклавога кшталту. Штотыдзень знаёмыя і любімыя героі адлюстроўвалі ў сцэнках тое, што звычайна не заўважаецца ў побытавым цячэнні штодзённых клопатаў, як і тыпажы наведваннікаў “кабачка” стваралі вобразы “недарэкаў”, смешных “няўдачнікаў”, дурнаватых “сур’ёзных” начальнікаў.

Напачатку ХХІ стагоддзя ў маскоўскім тэлеэфіры з’явіўся не менш папулярны сатырычны цыкл В. Шэндэровіча “Куклы», за ім “Тушите свет» і «Красная стрела» Л. Наважонава.

Два сезоны доўжыўся праект Першага нацыянальнага тэлеканала БТ «Абібок» на рускай мове. А ў перыяд перадвыбарнай кампаніі былі здзейснены фельетонныя праекты «Тайные пужины политики» и некалькі сатырычных «авторских программ». Сціплай спробай падтрымаць жанр тэлефельетону з'яўляецца тэлепраект «Дзяркач», які рыхтуецца адной з абласных студый тэлебачання (дарэчы, пад такой жа назвай была здзейснена і спроба стварыць сатырычную праграму на радыё ў канцы 70-х – пачатку 80-х гг.)

Вельмі папулярнымі сталіся тэлевізійныя варыянты адкрытых канцэртаў расійскіх майстроў сатыры і гумару, у прыватнасці, «Юморина» (запіс летніх гастроляў расійскіх гумарыстаў у латвійскай прыморскай Юрмале), «Умора» (гастролі тых жа гумарыстаў на Поўдні), інш. А як цыклавыя тэлевізійныя былі створаны праграмы-фельетоны «Смехопанорама», «Сам себе режиссёр», «Фитиль», як тэлевізійны дубль сатырычнага кіначасопіса, «Кривое зеркало» і інш.

Як завершаны электронны вызначаны жанр фельетон уІнтэрнэцеяк спецыяльна для яго створаны пакуль у стадыі зараджэння. Рэальна выкарыстоўваецца толькі фельетонная стылістыка ў некаторых вэб-публікацыях, аналітычных матэрыялах. Сатырычна-гумарыстычныя прыёмы ў “сусветнай павуціне” адаптуюцца ў кантэксце агульнай лёгкай скептычна-саркастычнай тэндэнцыі вэб-зносін. І гэта можна расцэньваць як пэўнае структурнае абяцанне на развіццё адмысловага вэб-фельетону, магчыма, з зусім нечаканымі сатырычнымі аспектамі адаптацыі класічных спосабаў, метадаў і прыёмаў, якія былі выпрацаваны ў рэчышчы літаратуры і публічна-трыбунных выступленняў.

Нам застлося зрабіць абагульненне ў выглядзе фармулёўкі жанру электроннага фельетона: публіцыстычна-гумарыстычны жанр, аснову якога складае сатырычны вербальны тэкст і гукава-экранныя вобразы, як правіла, гіпертрафіраваныя, гратэскныя, камічныя. Сатырычны эффект узмацняецца трансфармацыяй жыццёвых гукаў, тыповых “карцінак” паводзін, высмейваннем жыццёвай нерацыянальнасці людзей, глупства, недарэчнасць паступкаў, снабізм, фанабэрыя і ішыя адмоўныя грамадскія з’явы жыццядзейнасці. Асноўнымі сродкамі ўвасаблення ў жанры электроннага фельетону з’яўляюцца вобразныя інверсіі, парадаксальныя, нелагічныя, нерацыянальныя асацыяцыі, іншасказы, вобразныя паралелі, у тым ліку гукавыразныя і экранныя.