Параўнальная характарыстыка радыё-, тэле-, вэбзамалёўкі

Радыёзамалёўка.“Замаляваць” на радыё — гэта значыць апісаць, адлюстраваць той малюнак словамі, а таксама гукамі, нават, паўзамі. “Замаляваць” на радыё нейкую не вельмі буйную падзею або проста пэўны стан прыроды, шум-грукат горада або цішыню нейкай прыгароднай вуліцы — гэта творчы мастацкі працэс, які ёсць працэс сінтэтычны: вобразнасць слоў і словазлучэнняў спалучаецца-зліваецца з інтанацыйнаю і гукаваю вобразнасцю. Значыць радыёзамалёўка — гэта сінкрэтычны мастацкі твор, у якім спалучаецца літаратурна-вобразнае (публіцыстычнае) мастацтва, музычнае (хаця музыка можа быць выкарыстана не заўсёды), шумы, якія ў гэтым мініяцюрным творы набываюць таксама рысы мастацкага элемента. А калі замалёўка выкарыстоўваецца як складнік больш буйнога твора, скажам, нарыса, рэпартажу, а тым больш формажанраў — радыёфільму або кампазіцыі, дык тыя шумы і гукі трывала набываюць якасці мастацкіх сродкаў. Словам, сінкрэтызм.

Добра, а дзе ж тут публіцыстыка, — можна запытаць? Збольшага, яна ў аўтарскай асобе, у яго эмацыянальнай і эстэтычна-публічнай скіраванасці яго “малявання”, маўляў, не магу ўстрымацца, каб гэту чароўную дробязь не расказаць-паказаць людзям. А значыць — стварыць у слухача-гледача (або хаця б паспрабаваць) станоўчую эмоцыю, стан нейкага замілавання, саўдзелу, суперажывання. А такое станоўчае суперажыванне і ёсць пэўная мэта, пэўная, хаця й невялікая, але “звышідэя” радыёзамалёўкі.

Падсумуем, якія выразныя, вобразна-мастацкія сродкі вызначаюць радыёзамалёўку? Пазначым асноўнае:

· літаратурна-мастацкая вобразнасць тэксту, яго метафарычнасць, асацыятыўнасць;

· літаратурнае і, адпаведна, маўленчае (акторскае) майстэрства аўтара ў выкарыстанні слоў, лексікі, асацыяцыяў — майстэрства славесна-вобразнага пошуку і творчага выкарыстання слоў-сімвалаў і словазлучэнняў, уменне “маляваць” словамі тое, што сам пабачыў і чым захацеў захапіць радыёслухача;

· інтанацыя журналіста (у аўтарскай замалёўцы), тэмбр і эмацыянальная выразнасць яго апавядання, уменне адэкватна перадаць інтанацыяй свае эмацыянальныя станы (сінонімы, антонімы, паўзы, дыяпазон маўлення ад нізкага да высокага тэмбру і да т.п.);

· тэхнічна і рэальна-выразны гуказапіс рэчаіснасці, які дазваляе слухачу дакладна ўявіць сабе менавіта гукі рэчкі або ручая, а не вады з-пад крану, гукі ветра, а не гукі...пыласосу і г.д.;

· адэкватнасць вобразаў музыкі, якая выкарыстоўваецца ў радыёзамалёўцы, музычнай інтанацыі і яе тэмпарытмічных асаблівасцяў — вербальнаму тэксту і інтанацыям аўтара-апавядальніка, агульнай тэме або настрою замалёўкі.

 

Такім чынам, радыёзамалёўка – мініяцюрны публіцыстычны аўдыяльна-мастацкі твор, інфармацыйна-камуніктыўнай мэтай якога з’яўляецца стварэнне эскізнага вобраза прыроды, пэўнай імпрэсіі аўтара паводле выпадковага або мэтанакіраванага сузірання прыродных станаў або паводзін якога-небудзь чалавека. Звычайна, герой радыёзамалёўкі – гэта асоба з прыкметнымі, неардынарнымі жыццёвымі паводзінамі, як правіла, асобы “лепшай з нас” (паводле Арыстоцеля), якая можа зацікавіць і даць падставу для роздуму, нават для прыкладу ў сацыяльных паводзінах.

Тэлезамалёўка.Калі аналізаваць складнікі тэлезамалёўкі, дык сінкрэтызм тут яшчэ большы, бо плюсуецца відэакарцінка і магчымасці электроннага мантажу. У тэлезамалёўцы менавіта жывапіснасць выступае на першы план, толькі “пэнзлем” тут з’яўляецца тэлекамера, а мастаком — трыяда: аўтар-журналіст, тэлеаператар і рэжысёр. Здараецца (і апошнім часам усё часцей), што тэлезамалёўку можа стварыць адзін — журналіст, які авалодаў майстэрствам і тэлеаператара, і рэжысёра. Вось тады ў яго сапраўды ўнікальныя мастацкія магчымасці “малявання” для тэлеэкрана. І тэлезамалёўка тут — багатая мажлівасць для аўтарскай відэаімпрэсіі (эмацыянальнага ўражання), якое накіравана на публічны водгук, на адэкватнае ўспрыняцце аўдыторыяй.

У якасці замалёўкі могуць быць самыя разнастайныя і трывалыя, самавыразныя жанры: рэпартаж, нарыс, эсэ, кампазіцыя, фільм. Толькі з адной прыстаўкаю: міні. Міні-рэпартаж, міні-нарыс, міні-фільм і г.д. Такім чынам, асноўнай вонкавай характарыстыкай замалёўкі з’яўляецца яе маштаб, аб’ём, а яны ўжо дэтэрмінуюць і вобразна-мастацкія сродкі — ёмістасць слова-вобраза, летуценнасць эмоцыяў, пэўны камерны агульны настрой пачуццяў.

Цікава, што многія міні-фільмы, якімі карыстаецца БТ для “накрыцця” маскоўскай рэкламы на каналах ОРТ, РТР, НТВ і інш. — гэта творы так званай сацыяльнай рэкламы: “Чырвоная кніга Беларусі”, курортныя мясціны беларускага паазер’я на Віцебшчыне і да т.п. А гэта — тыповыя відэазамалёўкі па аб’ёме, па публіцыстычнай накіраванасці (праблема экалогіі, патрыятызм паводле прыгажосці беларускае прыроды і інш.).

Дарэчы, станаўленне Сталічнага тэлебачання Мінска (пачатак яго вяшчання як даважак праграмы “Ren—TV” у 2000 г.) ішло як стварэнне бясконцых тэлезамалёвак разнастайных куточкаў беларускай сталіцы, міні-нарысаў пра вядомых і невядомых мінчукоў (праграма тэлезаставак СТБ так і называецца “Минск и минчане»), якія таксама амаль не адрозніваліся ад відэаэскізаў, тэленакідаў, “тэлезаўваг паводле...”.

Тут напрошваецца параўнанне з эсэ, якое амаль прымушае пазначыць эсэістычнасць замалёўкі, яе сінтэзаванасць з бессюжэтнасцю і тэматычнаю выпадковасцю эсэ. Звычайна, у аўтара замалёўкі можа не быць пазначана яе тэма, яна часцей з’яўляецца як вынік аўтарскай імпрэсіі, вострага эмацыянальнага пачуцця, якое ўзнікла, скажам, падчас стварэння праблемнага рэпартажу або нарыса. Такім чынам, вызначаецца два асноўных тыпы замалёўкі: аўтарская і безасабовая. Першая — гэта амаль літаральна “замалёўка” аўтарам-журналістам нейкай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі, і аўтар тут з’яўляецца ініцыятарам стварэння замалёўкі і, як правіла, выканаўцам яе ў эфіры або ў кадры. Другі тып — гэта замалёўка з аўтарствам, так мовіць, у знятым выглядзе, дзе аўтар, канечне, ёсць, але ён як бы абагульнены, за кадрам, як той пісьменнік, твор якога экранізуецца або пераўтвараецца ў радыёпастаноўку або відэафільм.

У якасці прыклада ўзгадаю ўласны вопыт стварэння тэлезамалёўкі, якая, на маю думку, з’яўляецца аўтарскім яе тыпам і тыповаю сітуацыяй, якая спарадзіла сварэнне гэткага тэлетвора.

Яшчэ камсамольцам (1970-я гг.) аўтару давялося разам з маладымі радыё- і тэлежурналістамі будаваць мемарыял “Дальва” (у прэсе пра гэта расказвалася пад загалоўкам “Дальва — сястра Хатыні”). Тагачасны галоўны інжынер Беларускага радыё Мікалай Гірыловіч хлопчыкам адзіны выратаваўся з таго пекла — са сваёй спаленай фашыстамі вёскі Дальвы. Ён і быў ініцыятарам стварэння мемарыялу на яе месцы.

Прайшло два дзесяткі гадоў, і вось па запрашэнні Мікалая Пятровіча аўтар з тэлебрыгадаю прыехаў на чарговую ўрачыстую гадавіну трагічных падзей чэрвеня 1944 года. Быў зняты рэпартаж з падзеі. Але позірк прыцягнула далёкая бела-ружовая пляма квітнеючай яблыні, а за ёй цемнавата-зялёныя постаці векавых ялін навакольнага леса. І аўтар адыйшоў на сотню—другую метраў убок і быццам перакрочыў па другі бок казачнага люстэрка. Перад вачамі паўстала карцінка, якую можна і трэба было б пасылаць з касманаўтамі ў далёкія міжсветныя вандроўкі як сімвал зямной прыгажосці. То была чароўная, маладая (бо была вясна) прырода каля алеі ўжо дарослых бярозак на месцы былой галоўнай вуліцы Дальвы. На валуне, мабыць ледніковага перыяду, аўтар з гадзіну перажываў трапяткое зіхценне ружова-снежных кветачак рэдкіх яблынь (як бы рэшткі тых спаленых садоў?). Узгоркамі ўніз хвалістым дываном, бы запрашала, трава, якая даходзіла да крынічнае рачулкі там, унізе. І рачулка, як жывая русалка, са спакуслівым шэптам вады, яе пругкім маладым напорам прабівала сабе звонкі шлях па той вясновой траве, праз рэдкі хмызняк. Там, на месцы мемарыялу — гукі сучаснікаў, якія толькі што ўрачыстым сумам узгадалі вогненныя падзеі “сястры Хатыні”. А тут, як за нягучнаю гукаваю заслонаю (мелодыі песень здалёк з гучнагаварыцеляў, агульны чалавечы гоман) прырода як бы адорывала сузіральніка сваёю вечнай і спрадвечнаю гармоніяй, ізумруднай свежасцю вясновых фарбаў, светлымі акордамі яблынёва-кветачнага, блакітнага, зямно-карычневага колеру, дакладней, нейкім летуценным іхнім спалучэннем — музычнаю сугучнасцю. А вянцом ўсё гэта завяршыў жаўрук, які сапраўды ў той момант падаўся божаскаю птушкаю.

У тую гадзіну ўзнікла амаль таемнае абяцанне: прырода таго куточка Лагойшчыны як бы праектавала стан, маўляў, можаш сабе ўявіць, як тут ціха-прыгожа, як тут утульна-духмяна тады, калі сціхне сумнаватая ўрачыстасць, калі тут ты можаш сам-на-сам пабыць з гэтым зямным—незямным куточкам Радзімы...

...І засталося толькі патлумачыць рэжысёру і тэлеаператару, што журналіст-аўтар тут адчуў, што можна – трэба зняць, перадаць і г.д. І тэлеаператар таксама адчуў штосьці падобнае, калі яго камера павольна-павольна — адпаведна прыроднаму стану, рухалася па ўзгорках да яблыневых кветак, да спакуслівага шэпту рачулкі...І закадравы голас вядучага рэдкімі словамі і адпаведна-дакладнымі інтанацыямі толькі замацоўваў той спрадвечны “гіпноз” маці-прыроды...

Гэта тэлезамалёўка доўжылася толькі дзве хвіліны, і слоў тут спатрэбілася няшмат. Яны — дакладныя, інтанацыйна-вобразныя, “духмяныя” як бы самі знайшліся...

Канечне, гэта была замалёўка-эсэ, замалёўка-імпрэсія. А ці была тут тэма, ці можна такую замалёўку назваць тэматычнаю? Думаецца, што гэтая замалёўка нейкім чынам спалучыла тэматычнасць і эсэістычнасць. Чаму? Таму, што тэма, хаця й спантанна, як бы бессюжэтна з’явілася як вынік аўтарскага ўражання. Але тэма ж усё ж такі ёсць: прыгажосць, непаўторнасць беларускае прыроды і месца ў ёй чалавека — сапраўднае месца стваральніка, а не варварскага спажыўца, разбуральніка, знішчальніка.

Такім чынам, пазначым яшчэ два тыпы замалёўкі: тэматычная і эсэістычная. Тэматычнай замалёўку назавем у выпадку, калі тэма або ўзнікае спантанна, або загадзя плануецца (міні-нарысы, міні-рэпартажы з вуліц гарадоў, вядомых-невядомых месцаў прыроды і да т.п.). Але вельмі часта замалёўкі нараджаюца як эсэ з даволі расплывістым сюжэтам або ўвогуле без яго. Аднак гэта — гука- або відэаэцюды накшталт жывапісных эцюдаў мастака, замаляваных на плэнэры. Значыць, замалёўка можа ўзнікнуць эсэістычна, як вольны рух аўтарскай эмоцыі, пачуцця, уражання, думкі. Аднак падкрэслім, што такая замалёўка яшчэ не паўнавартаснае эсэ, якім можа быць разгорнутае радыё— або тэлеапавяданне як уражанне “паводле”, як дастаткова аб’ёмнае тлумачэнне нейкай з’явы, стану прыроды, архітэктуры, твору мастацтва.

Калі спрошчана сказаць, дык тэлезамалёўка ёсць радыёзамалёўка плюс відэакарцінка. Аднак гэта – спрошчана, значыць несучасна, не па-мастацку, не адпаведна магчымасцям сінтэзу гуку і відэа, не адпаведна мастацкаму і эўрыстычнаму патэнцыялу менавіта тэлезамалёўкі як мастацкай мініяцюры тэлебачання — віду мастацтва. Таму пазначым асноўныя выразныя і вобразна-мастацкія сродкі і элементы тэлезамалёўкі, якія адрозніваюцца ад сродкаў радыёзамалёўкі:

· публіцыстычна актульаная тэма (гістарычная, экалагічная, мастацкая, падзейная, інш.);

· блок літаратурна-мастацкай выразнасці (гл. “радыёзамалёўку”), аднак вобразнасць тэксту тэлезамалёўкі без тлумачэння відэаадлюстравання (мы ж і без таго бачым карцінку), асацыятыўная, інфармацыйная (факталагічны або эмацыянальны дадатак да інфармацыі карцінкі);

· адэкватнасць тэмпарытму відэаадлюстравання (запісу, мантажу, выкарыстання спецэфектаў) — тэмпарытму славесна-музычнага тэксту, які, як правіла, не хуткі, адносна павольны, “пейзажны”;

· выкарыстанне відэаспецэфектаў у якасці ўвасаблення і ўзмацнення асацыятыўных і вобразна-эмацыянальных сродкаў “відэамалявання”;

· працягласць 1—2 хвіліны ў выпадку тэлезамалёўкі як структурнага элементу больш буйнога жанру (рэпартажу, нарыса, фільма і да т.п.) і 3—5, калі тэлезамалёўка ствараецца як самастойны публіцыстычны жанр.

Наша выніковая фармулёўка замалёўкі як жанру электроннай публіцыстыкі: жанр публіцыстычна-мастацкай мініяцюры эцюднага характару, невялікі па аб’ёме, але па-мастацку вобразны эмацыянальны твор, тэмамі якога выступаюць пераважна тэмы-паралелі, што ўзнікаюць паводле (у паралель) асноўным — сацыяльна і экалагічна актуальным тэмам публіцыстычнага адлюстравання руху прыроды і грамадства. Замалёўка, як самастойны публіцыстычны жанр з’яўляецца тэматычным або эсэістычным творам электроннай публіцыстыкі, які можа пераўтварацца ў твор электроннага мастацтва з дастаткова трывалымі якасцямі і прыкметамі сінкрэтычнасці (спалучэння і сінтэзавання некалькіх відаў мастацтва). Разгалінаванне тэматычнай і эсэістычнай замалёўкі адбываецца на падставе творчай задумы аўтара (аўтараў). Менавіта задума аўтара і спараджае тып замалёўкі як твора або электроннай публіцыстыкі, або як твора электроннага віда мастацтва з адпаведнымі вобразна-выразнымі сродкамі.

Нам засталося яшчэ патлумачыць жанравыя віды (разнавіднасці) замалёвак. Як падказвае практыка электроннай журналістыкі апошняга дзесяцігоддзя, замалёўкі могуць быць рэпартажнымі, пейзажнымі, партрэтнымі, музычнымі, “вольна—эўрыстычнымі” (эсэістычнымі), літаратурна- (паэтычна-) музычнымі, “паводле” (рэпартажу, падзеі, пачуцця і г.д.), сацыяльна-рэкламнымі ... Чытачу прапаную працягнуць, бо менавіта жанр замалёўкі дазваляе аўтару самую разнастайную творчую фантазію ў накірунку тыпаў, відаў замалёвак.

Што тычыцца вэбжурналістыкі, дык замалёўка як адмысловы “паралельны” жанр пакуль трымаецца ў рэзерве творча-інфармацыйных памкненняў вэбжурналістаў. Ды й спажыўцоў, дзеля якіх вэбжурналсіт працуе. Тлумачыць гэты рэзервны стан жанру замалёўкі можна тым, што “сусветная павуціна”, як пакуль што ўмоўна дарагі сродак зносін, дыктуе максімальную інфармацыйную рэнтабельнасць, эфірную рацыянальнасць, якая пакуль не спалучаецца з мастацка-“расплывістым” зместам замалёўкі. У гэтым фінансава-рацыяналісцкім аспекце замалёўка сёння займае нішу “пачуццёвай раскошы”, бо сучасны інфармацыйны спажывец у “сетцы” – “кліпавы”, “сквабны” на вялікую – як мага большую колькасць інфармацыйных адзінак у адзінку часу. А замалёўка сёння – гэта пакуль “адхіленне” ад “галоўнай” інфармацыйнай плыні, як бы “другасная”, неасноўная інфармацыя, таму і не запатрабаваная. Аднак па сваіх менавіта мастацкіх вартасцях і па невялікіх па творча-вытворчых выдатках замалёўка стаіць у шэрагу высокапатэнцыяльных жанраў у асабовай, “прыватнай” інфармацыйнай творчасці нежурналістаў, пагэтаму і будзе запарабавана прафесіяналамі-журналістамі ў бліжэйшы час. Бо “нішто знойдзенае і адкрытае чалавекам не знікае, а атрымлівае толькі новае аблічча і рух”.