Паняцце электроннай публіцыстыкі і публіцыстычных жанраў электроннай журналістыкі.

Такім чынам, электронная публіцыстыка фарміравалася пад уплывам некалькіх разнастайных фактараў.

Па-першае, грамадскай патрэбы масавага тыражавання авангардных думак і актуальных сацыяльных абагульненняў асоб-лідэраў як носьбітаў сучасных “перспектыўных” ідэалаў і адказаў на “вечныя” штодзённыя пытанні.

Па-другое, электронна-тэхнічныя магчымасці інфармацыйнай фіксацыі, кадзіравання-раскадзіравання інфармацыйных фактаў, трансфармацыі і сінтэзавання гуку, колераў, “карцінкі” і інш. стварылі новыя ўмовы мастацка-псіхалагічнага ўздзеяння на індывідуальную і масавую псіхіку і псіхалогію інфармацыйных спажыўцоў. Уздзеянне электронікі ўзмацняецца тым, што яна ў сістэмным салучэнні з электроннай журналіыстыкай уздзейнічае як асяроддзевы абіятычны фактар (упоравень з натуральнымі фактарамі асяроддзя – прыродай і штучнымі фактарамі ўрбанізацыі).

Па-трэцяе, сучасная электронная публіцыстыка на постсавецкай інфармацыйнай прасторы эвалюцыйна працягвае адмысловыя традыцыі славянскага, у прыватнасці, менталітэту, які скіраваны на “вечавае”, “калектывісцкае”, эмацыянальна-завостранае публічнае абмеркаванне і асэнсаванне актуальных сацыяльных праблем.

Па-чацвёртае, электронная публіцыстыка выконвае адмысловыя функцыі сацыяльнай тэрапіі, у прыватнасці, забяспечвае вечна “галодную” грамадскаую думку адмысловым “харчаваннем” — прапановай сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-псіхалагічнай стабілізацыі “хоць на момант” дадзенай публіцыстычнай праграмы.

Па-пятае, электронная публіцыстыка, як сучаснае мастацтва электронна-публічных масавых зносін, напаўняе наша індывідуальнахатняе жыццё электроннай ілюзіяй “моўнага спектакля”, удзелу ў справах “вялікай сям’і”, стварае камфортна-хатняе электронна-мастацкае шоў.

У якасці абагульнення сказанага дадзім фармулёўку: электронная публіцыстыка — гэта трансфармаваная сучасная форма масавых сацыяльна-праблемных апасродкаваных зносін, якая сфарміравалася пад уплывам дваістай генетычнай патрэбы чалавека, з аднаго боку, мець аператыўны і перспектыўны ідэал і ідэю жыццядзейнасці і ўвогуле існавання, з другога, — дэлегіраваць уласныя думкі і несфарміраваныя або адносна сфарміраваныя перакананні лідэру-публіцысту з мэтай дынамічнай і актуальнай “інтэлектуальнай гульні” паводле сучаснай праблематыкі. Электронная публіцыстыка сталася пераемніцай прэспубліцыстыкі на ўзроўні вобразна-эмацыянальнага адлюстравання абагульненых сацыяльных станаў і пачуццяў паводле жыццёвых праблем і набыла новыя, адмысловыя сродкі і рэсурсы для віртуальна-апасродкаванай камунікацыі. Як інтэлектуальная частка электроннага асяроддзя, электронная публіцыстыка забяспечвае штодзённую патрэбу чалавека ў актыўнай інфармацыйна-праблемнай і інфармацыйна-камунікатыўнай (псіхалагічнай) стабілізацыі, фарміруе актуальныя дынамічныя стэрэатыпы пазітыўных сацыяльных паводзін. Як складаная сучасная форма сінтэзаванага адлюстравання і электронна-ілюзійнага адбітку разнастайных жыццёвых праблем, як спецыфічная форма электронна-апасродкаваных зносін, у якіх спалучаны ўсе авангардныя магчымасці і патрабаванні чалавечых зносін у стылістыцы “мастацтва моўна-інтэлектуальнай гульні”, электронная публіцыстыка з’яўляецца вяршынным узроўнем прафесійнай кваліфікацыі журналістаў. Гэта адмысловасць і складанасць электроннай публіцыстыкі з пэўнай доляй умоўнасці (і гэта заканамерна) увасабляецца ў і праз сучасныя публіцыстычныя жанры, формы і тэхналогіі электроннай журналістыкі.

Публіцыстычныя жанры электроннай журналістыкі – форма і сродак задавальнення інфармацыйна-камуніктыўных патрэб, перадусім, адмысловай сацыяльнай групы форум-спажыўцоў сацыяльнай інфармацыі. Канкрэтна – публіцыстычныя жанры электроннай журналістыкі — форма праблемнай кампазіцыі і арганізацыі спецыфічнага сінтэзаванага тэксту (аўдыёвізуальнага, графічнага, электронна-віртуальнага) як спосабу і сродку арганізацыі і забеспячэння публічна-эмацыянальнай камунікацыі паводле актуальных грамадскіх праблем. Такім чынам, трэці, найвышэйшы від журналісцкай дзейнасці і, адпаведна, жанравы блок мы называем коратка і рацыянальна “публіцыстыка” і “публіцыстычныя жанры”, а таксама — “электронная публіцыстыка”, “электронная журналістыка”, “жанры электроннай публіцыстыкі.