Сродкі ўвасаблення на радыё, тэлебачанні, у Інтэрнэце
Праблемны рэпартаж– разгорнутае камнтаванае паведамленне журналіста або відавочцы (некалькіх відаводцаў) аб сацыяльна важнай праблеме, праблемнай з’яве, сітуацыі, якія з’яўляюцца следствам або прычынай дэструктыўных, супрацьлеглых дзеянняў аднаго або некалькіх асоб, арганізацый, структур, нават, цэлай дзяржавы.
Удакладнім, што праблема – гэта адно або некалькі супрацьлегласцяў, сацыяльных тэндэнцый, якія выклікаюць дэструктыўныя сітуацыі ў грамадскім або асабістым жыцці. Іншымі словамі, калі адна сацыяльная з’ява або сацыяльны рух, падзея становяцца супрацьлеглымі іншым з’явам, якія чакаюцца грамадствам або асобай. Прычына не “атрымлівае” следства, якое чакаецца, або следства “разбурае” прычыну, якая тое следства спарадзіла. І гэта ў жыцці таксама з’яўляецца дэсруктыўным, бо прагрэс і ўдасканальванне сацыяльнага камфорту заўсёды канструктыўныя, эвалюцыйныя, зусім не разбуральныя.
У праблемным рэпартажы журналісту трэба выканаць, па сутнасці, тры ўзаемазвязаныя ролі: 1) сведкі праблемы або праблемнай сітуацыі, падзеі (што? дзе? калі?); 2) іхняга каментатара (чаму? па якой прычыне? дзеля чаго?) і 3) сацыяльнага “ацэншчыка” (навошта? каму-чаму гэта трэба? што з гэтым рабіць? які сацыяльны сэнс?).
Менавіта апошняя роля і стварае праблемны рэпартаж публіцыстычным, таму што у ім журналіст закліканы адказаць на пытанні (акрамя папярэдніх) і такога кшталту: “якія прычыны выклікалі праблему, якая прэзентуецца?”, “што трэба зрабіць для яе ліквідацыі?” і, галоўнае, “як папярэдзіць праблему ў будучым?”. Па сутнасці, журналіст у сваім рэпартажным паведамленні сваімі адносінамі да праблемы, адносінамі да яе сведкаў-відавочцаў і спецыялістаў сацыяльна-эмацыянальна як бы праграмуюць аўдыторыю на асэнсаванне: якімі павінны быць людзі, сітуацыі, дзеянні, каб справіцца з праблемай паводле Станіслава Гаварухіна “Так жыць нельга!”. Праблему ў рэпартажы журналіст як бы “прымервае” на канкрэтнае грамадства, публічна яе прэзентуе з мэтай стварэння пэўнай грамадскай думкі паводле пэўнага праблемнага раздзелу сацыяльнага жыцця.
Праўда, адзначым, што праблема можа быць не заўсёды дэструктыўнай, не адлюстроўваць нейкія “разбуральныя” тэндэнцыі і сітуацыі. Праблемай можна назваць і тыя сітуацыі, якія ствараюцца з мэтай палепшыць, рацыяналізаваць паступальны рух жыцця і разнастайнасць яго праяў як на асабістым, так і на грамадскім узроўнях. Напрыклад, рэпарцёр даследуе і адлюстроўвае ў сваім праблемным рэпартажы сітуацыю ў аўтамабільным руху горада (замаруджаны рух, павелічэнне ДТЗ і інш.) або супрацьлегласць, якая ўзнікла ў дзяржаўнай бібліятэцы ў сувязі з велізарным павелічэннем аб’ёмаў разнастайнай інфармацыі і патрэбамі масавага яе ўкаранення ў грамадства і да т.п. І з таго, як “па-грамадску” разумее праблему журналіст, як ён “патрапіць” у сваіх каментарах і тлумачэннях, у тлумачэннях запрошаных ім відавочцаў паблемнай падзеі ў найбольш рацыянальнае грамадскае рашэнне праблемы – ад гэтага і залежыць публіцыстычны эффект праблемнага рэпартажу. Нарэшце, з гэтага і складаецца прафесійны талент журналіста-рэпарцёра-публіцыста. Значыць, публіцыстычнасць праблемнаму рэпартажу надае менавіта высокі прафесіяналізм журналіста, сутнасць якога ў тым, што журналіст, каб “рашыцца” на праблемны рэпартаж, павінен мець “сінтэзаваныя” камунікатыўныя якасці: быць і палітыкам-аналітыкам, і мастаком (максімальна дакладна ведаць магчымасці электронна-выразных сродкаў), і псіхолагам – як на ўзроўні індывіда, так і на ўзроўні сацыяльнага псіхолага, і, канечне, пераканальным артыстам.
Што датычыцца складнікаў праблемнага рэпартажу, дык яны, у сваю чаргу, уяўляюць сабой інфармацыйна-эмацыянальны сімбіёз трох блокаў-складнікаў гэтага публіцыстычнага твору: 1) славесная і аўдыёвізуальная канстатацыя праблемы; 2) яе “раскладанне” на састаўныя часткі (аналіз) і апісанне асноўных праблемных супрацьлегласцей і 3) на падставе двух першых інфармацыйных блокаў стварэнне электроннага твора ў мастацка-эмацыянальнай форме з мэтай абуджэння ў аўдыторыі “сацыяльных эмоцый” і матываў канструктыўных сацыяльных паводзін як “аўтараў” праблемы, так і ўсяго грамадства, у межах якога праблема ўзнікла. Праз жанр праблемнага рэпартажу фарміруюцца, у тым ліку, калі й не рэальныяі “сацыяльныя паводзіны”, дык хаця б пэўная грамадская думка “паводле праблемы”. Такім чынам, у праблемным рэпартажы журналісту трэба стварыць тры тыпы інфармацыі, увасабленне якіх у рэпартажы ствараецца “крэшчэнда” – павелічэнне, нарастанне эмацыянальнага ўздзеяння ад аднаго тыпу інфармацыі да другога: факталогія праблемы, яе аналіз і “сацыяльнае суаднясенне” праблемы журналістам і яго рэспандэнтамі праз сацыяльныя ж эмоцыі аўдыторыі.
Першы структурны блок праблемнага рэпартажу – амаль “безэмацыяальная” канстатацыя праблемы, якая прапануецца ў гэтым творы ў якасці тэмы. Аднак, у адпаведнасці з творчай задумай, пачатак, наадварот, можа быць востразахапляльны і таму эмацыянальны, бо “ад парогу” аўдыторыі прапануецца “драма жыцця” – праблемная інтрыга, якая затым разгортваецца ў рэпартажы і напрыканцы атрымлівае свой завершаны выгляд. Але першы блок умоўна так і застаецца “адпраўной кропкай” драматургічнага разгортвання рэпартажнай дзеі. Рэпарцёр тут ці сам расказае, што бачыў або бачыць, ці для канстатацыі праблемы дае слова відавочцам.
Другі ўмоўны блок – разгорнутае аналітычнае разуменне і асэнсаванне праблемы ці праблемнай сітуацыі, з’явы. У гэтай частцы праблемнага рэпартажу журналіст арганізуе акт агляду-каментару і тлумачэння прычын, што спарадзілі ўзнікненне праблемы. Гэта іфармацыя і павінна стаць пэўным эмацыянальным каталізатарам узнікнення першай хвалі “сацыяльных эмоцыяў” – пачуццёвай рэакцыі на праблему. На падставе атрыманай аналітычнай інфармацыі аўдыторыя як бы “прымервае” на сябе праблемную “карцінку”, унікае ў яе, суадносіць праблему з станам сваёй сям’і, сябе самога, вялікай “сям’і” – соцыюму, сацыяльнай групы, дзяржавы, нацыі. У аналітычным рэпартажы на гэтым рэпарцёрская праца прыпыняецца. У публіцыстычным – менавіта трэці ўмоўны блок рэпартажнага твору пераўтварае аналітычна-праблемны рэпартаж у публіцыстычны, бо рэпарцёрская эмацыянальная “правакацыя” тут пашыраецца, ідзе надалей на фарміраванні востра-эмацыянальнага стаўлення аўдыторыі да паблемы. У гэтым блоку праблемнага рэпартажу журналіст і яго “памочнікі”-відавочцы і каментатары падводзяць рэакцыю аўдыторыі-публікі да параўнальнай эмацыянальнай “працы” ужо на ўзроўні грамадства, да вострага сацыяльнага рэагавання на інфармацыю праз “адносіны” сведкаў або прафесійных каментатарў да праблемы і, канечне, праз адносіны да праблемы самога журналіста-рэпарцёра. Эмоцыі адносна “спакойнага аналізу” пад уздзеяннем публіцыстычных (г. зн. вобразных, мастацкіх, асацыятыўных і нш.) сродкаў перарастаюць у эмоцыі сацыяльныя, публічныя, паводзінныя – матывацыйныя .
З паступальнага разгортвання і паглыблення разнастайнай інфармацыі паводле праблемнай з’явы і прэзентацыі адносін да яго відавочцаў і спецыялістаў і складваецца драматургія праблемнага рэпартажу. Яе разгортванне адбываецца ад канстатацыі праблемы (“сухія”, “малаэмацыянальныя” адносіны) да ўсё больш складанай драматургічнай інтэрпрэтаці праблемнай з’явы або факта з пазіцыяў сацыяльнай рацыянальнасці і канструктыўнасці. Гэта, натуральна, абуджае ў аўдыторыі “публіцыстычную” рэакцыю на рэпартажны твор і на сам факт праблемы ў грамадстве. У выніку слухач-глядач павінен не толькі макісмальна поўна ўявіць сабе праблемную сітуацыю, але і адчуць важнасць яе сацыяльна-дзяржаўнага рашэння, яе ліквідацыі. Гэта і ёсць публіцыстычная сутнасць праблемнага рэпартажу.