Памфлет. З гісторыі жанру. Паняцце памфлета. Радыё-, тэле-, вэбпамфлет: параўнальная характарыстыка.
Лекцыя VII. Сатырычныя жанры і формы электроннай публіцыстыкі
· Памфлет. З гісторыі жанру. Паняцце памфлета. Радыё-, тэле-,
вэбпамфлет: параўнальная характарыстыка
· Фельетон. З гісторыі жанру
· Фельетон на радыё, на тэлебачанні, у Інтэрнэце: параўнальная
характарыстыка
Лац. satira ад больш ранняга satura сумесь.
Адным з самых складаных відаў публіцыстычнай творчасці лічыцца сатыра і гумар. Невыпадкова, у гісторыі радыёвяшчання і тэлебачання і гісторыі журналістыкі гэты від публіцыстычнай дзейнасці традыцыйна лічыўся адным з самых цяжкіх для ўвасаблення ў эфіры. Але й самых запатрабаваных аўдыторыяй.
У розныя часы і ў творчасці розных думцаў жанру сатыры адводзілася рознае па прэстыжы месца. Так, Гегель “ад парогу” адмаўляў мастацка-публіцыстычную вартасць сатырычнай творчасці. У наш час сатыра лічыцца найвышэйшай формай грамадскі актыўнай праявы камічнага.
Сатыра ад старажытнасці сфарміравалася як галіна літаратурнай творчасці і заўсёды вабіла як запатрабаваная і востра актуальная сфера публіцыстычна-літаратурнай дзейнасці. Лічыцца, што спачатку з’явіліся традыцыйныя грэчаскія сатырычныя дыялогі (па-сучаснаму памфлеты) недзе ў ІІ ст. н.э. у творчасці старажытнагрэчскага пісьменніка-сатырыка Лукіяна. Ён развіў традыцыі антычнай камедыі і т. зв. меніпавай сатыры (ад назвы яго сатырычнай камедыі “Меніп”) .
У гісторыі беларускай айчыннай літаратуры элементы сатыры адзначаюцца ў творчасці аўтараў XVI-XVII стст., сярод якіх “Ліст да Абуховіча”, “Прамова Мялешкі”, некаторыя творы С.Зізанія, Л.Карповіча, Х.Філалета. ХІХ ст. адзначана знакамітымі сатырычнымі творамі В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, пазней Я.Купалы, Я.Коласа, К.Каганца, У.Галубка, А.Мрыя, М.Танка, К.Крапівы, А.Макаёнка, а ў наш час Н.Гілевіча і Р.Барадуліна.
Сатыра сёння, як значыцца ў энцыклапедычным артыкуле, – “гэта вострае, знішчальнае асмяянне грамадскіх з’яў, выкрыццё заган; эмацыянальна-эстэтычная форма крытыкі; від камічнага. Сатыра адрозніваецца ад гумару асуджальным пафасам, рэзка негатыўнай ацэнкай аб’екта асмяяння. Сатыра характарызуецца палітычнай злабадзённасцю, тэндэнцыйнасцю, публіцыстычнай накіраванасцю”.
У маскоўскіх і, услед за імі, у беларускіх публікацыях паводле сатырычных жанраў радыё і тэлежурналістыкі ўсталявалася “гістарычная недакладнасць”. У прыватнасці, спачатку даецца характарыстыка фельетона, а затым – памфлета. Гістарычна ўсё было наадварот. Некаторыя даследчыкі гісторыі жанраў лічаць, што памфлетамі (ад англ. рamphlet – лісток, які трымаюць у руцэ) і былі творы старажытнагрэчаскага філосафа і пісьменніка Лукіяна (адзначым з 84-х, якія захаваліся, “Настаўнік красамоўства”, “Размовы багоў”, “Размовы ў царстве мёртвых”, “Харон”, “Меніп”, “Нігрын”, “Аматар хлусні, ці Нявер” і інш.).
Больш сучасныя рысы жанр памфлету атрымаў у эпоху Позняга Адраджэння. Затым – эпоха Рэфармацыі і, асабліва, Асветніцтва. Памфлеты пісалі Э.Заля, В.Гюго, Г.Ман, а з рускіх пісьменнікаў – А.Герцэн, В.Бялінскі, Д.Пісараў, Л.Талстой (напрыклад, яго саркастычны памфлет “Не магу маўчаць”, назоў-покліч якога быў паўтораны ў гады гарбачоўскай “перестройки”).
У савецкі час на радыё гадамі росквіту жанру памфлету лічацца гады Другой сусветнай вайны, калі амаль штодня ў эфіры радыёстацыі “Савецкая Беларусь” гучалі агучаныя аўтарамі памфлеты К.Крапівы, М.Лынькова. Асаблівую сатырычную вастрыню іхнія памфлеты атрымлівалі, калі тэксты “афармляліся” адпаведнай музыкай сатырычнага кшталту, “знішчальнымі” частушкамі.
У наш час сатырычныя прыёмы і формы выкарыстоўваліся ў стварэнні многіх тэлевізійных праграм палітычнага накірунку. Так, М.Лявонцьеў у сваёй аўтарскай праграме “Однако» з дапамогай інверсійных хадоў і ўражанняў памфлетна ўводзіў кінацытаты гумарыстычнага кшталту, якія “спрацоўвалі” як парадокс і маральны здзек з “герояў” яго памфлетных паведамленняў.
На Беларусім тэлебачанні гэты ж рэжысёрскі прыём (цытаты з камічных фільмаў) быў выкарыстаны ў памфлетна-палітычнай праграме “Тайные пружины политики” для «знішчальнай» характарыстыкі нацыянальнай апазіцыі.
На Беларускім радыё ў апошняе дзесяцігоддзе памфлет практычна адсутнічаў як жанр, хаця менавіта там ён нарадзіўся як аўдыяльная адаптаця жанру літаратурнага памфлету.
Апошнім часам у маскоўскім тэлеэфіры з’явіўся шэраг памфлетна-фельетонных праграм “Куклы”, “Красная звезда”, памфлетно-фельетонныя ўстаўкі-фрагменты ў партрэтна-нарысавых перадачах. Але, у прынцыпе, памфлет як публіцыстычны жанр застаецца рэдкай “птушкай”, што “залятае” у праграмы электронных СМІК, асабліва айчынных.
Тым не менш, зробім абагульненне: электронна-публіцыстычны жанр памфлету сфарміраваўся гістарычна ў межах крытычна-літаратурнай творчасці і ўяўляе сабой вострасатырычны твор, скіраваны на стварэнне ў аўдыторыі вобраза “палітычнага непаразумення”, “сацыяльнага ізгоя" або “сацыяльна-жыццёвага парадоксу”, якія трэба “знішчыць”, ліквідаваць у грамадстве.
На радыё аснову памфлета стварае сатырычны тэкст, які часта чытаецца артыстам у адпаведнай сатырычнай манеры (падобна на манеру камедыйнага жанру). Сам жа тэкст аўдыёпамфлета ствараецца з дапамогай сатырычнага слоўна-вобразнага жывапісу, у якім шмат гіпербалічных параўнанняў (карыктурнае перабольшванне), гратэскных інверсій, метафар, парадаксальных эпітэтаў і іншых тропаў – метаніміі, сінекдахаў, сімвалаў, алегорый, гіпербалаў, літотаў, перыфразаў. “Знішчальны” вобраз “узмацняецца” незвычайнымі словазлучэннямі, камічнай афарыстыкай, “дабіваецца” вобразнай дэфармацыяй і вонкавай алагічнасцю, інверсійнай маніпуляцыяй (анастрафа, гіпербатон). Вобраз “чалавечага недамерку”, створаны вербальна, сатырычна ўзмацняецца адпаведнай гукавай характарыстыкай – “непрыстойнай” музыкай, “недарэчнымі” гукамі, цытатамі з іншых аўдыяльных твораў.
На тэлебачанніжанр памфлета, у параўнанні з радыё, часцей ужываецца. Уяўляе сабой нарысавы твор вострасатырычнага зместу, які ствараецца з дапамогай вобразаў людзей або жыццёвых (побытавых, палітычных, сацыяльных) сітуацый, часцей, гратэскнага або карыкатурнага ўвасаблення . “Знішчальны камізм” гэтых сітуацый склладаецца з таго, што вобразы або сітуацыі, якія паказваюцца аўтарамі ў памфлеце, прэтэндуюць на грамадскую паўнацэннасць, сацыяльную значнасць, “сур’ёзнасць”, а на самай справе, на думку памфлетыстаў, не адпавядаюць сапраўднасці і “сур’ёзнасці” памкненняў героеў памфлета. Памфлетная сатыра на тэлеэкране ствараецца з дапамогай славесна-вобразнай і кіна-вобразнай гульні на ўтрыроўцы “велічы” прадметаў або героеў (карыкатура), на фантастычных, гіпербалічных спалучэннях (гратэск), праз збліжэнне далёкіх па сэнсе паняццяў (досціп). Гэтыя прыёмы ўвасабляюцца вербальна, музычна, з дапамогай відэацытатаў з мастацкіх камічных і некамічных фільмаў.
У вэбпрасторыпамфлет пакуль малазапатрабаваны жанр як самастойны твор. Але памфлетна-фельетонна-сатырычны стыль у сучаснай іранічнай стылістыцы электронных масавых зносін запатрабаваны. І камічна-сатырычна-іранічная манера інфармацыйнага абмену ўсё больш выразна перарастае ў пэўную стылістычную тэндэнцыю на электронных подыюм-форумах.