Тэленарыс

На пачатак ХХІ стагоддзя элементы, мастацка-псіхалагічныя падыходы, тэматыка, іншыя характэрныя для тэленарыса складнікі змяніліся неаднолькава. З аднаго боку, складанасць і аб’ёмы, адпаведна, кошт падрыхтоўкі тэленарыса змяніліся ў бок павелічэння, і сёння нарыс на выхадзе каштуе як дакументальны фільм*.

З другога боку, адкрыццё і ўдасканаленне магчымасцей электроннай тэлетэхнікі не вельмі паўздзейнічала на асноўныя фармаўтваральныя структурныя элементы нарыса у, так мовіць, “славянскім” яго выглядзе і публічнай яго накіраванасці. Канфлікт, раскладанне на часткі-элементы (аналіз) і асэнсаванне праблем сацыяльнага і прыватнага жыцця, стваральны пафас, драматургічнае завастрэнне, канфлікт і мастацкая скіраванасць на выхадзе — усё гэта застаецца і сёння асаблівасцямі тэленарыса. Аднак уздзеянне глабальнага эфіру і глабальнага менталітэту адчувальныя і ў адносінах гэтага нашага “класічнага” жанра: ён, натуральна, наблізіўся да дакументальнай драмы, фільма-драмы, а гэта ўжо кантэкст фільма- і кінадраматургіі (г. зн. тэхнагеннага мастацтва).

Да таго ж, адкрыліся новыя мастацка-выразныя якасці гуку-карцінкі, відэаграфікі, “віртуальнай” абстракцыі ў сувязі з асваеннем электронна-камп’ютарнай тэхналогіі. А гэта значыць, што ў разы павялічылася магчымасць мінімальна дробнага мантажу, што стварае эфект спецыфічных, часам, сюрэалістыных паралеляў. Эксперыменты з раскладаннем і наступным сінтэзаваннем гуку даюць магчымасць паралельнага аўдыёвізуальнага партрэтавання, але з праявамі незнаёмай гукувай экспрэсіі (нізкія або высокія частоты, спалучэнне частотаў, тэмбральнае змешванне і да т.п.). А бясконцая магчымасць тэхнічна-экранных спецэфектаў надала, па сутнасці, такую ж бясконцую стракатасць тэхнічна-мастацкіх магчымасцяў і графічнага афармлення тэленарыса. Нарэшце, тэлебачанне надае нарысу яшчэ колькі новых спецыфічных якасцей і робіць яго “сінтэтычным жанрам” . Так, група тэарэтыкаў і практыкаў радыё- і тэлежурналістыкі пазначае, што ў два асноўныя віды (а можа, нарэшце, усё ж тыпы?!) нарысаў на тэлебачанні — дакументальны і мастацкі — уваходзяць праблемны, пазнавальны, партрэтны, гістарычны, музычны, літаратурны нарысы [27, с. 84, 92]. Думаю, да месца тут і скепсіс, бо змяшаны ў гэтым радзе змест і праблема з формаю і відам мастацтва (творчасці). Музычны ж нарыс можа быць і партрэтнымм (партрэт музыканта) і праблемным, а літаратурны (адаптацыя літаратурнага героя) — партрэтным і пазнавальным і г.д. Аднак канстатуем, што эвалюцыя жанра нарыса спачатку ў сістэме радыёвяшчання, а затым тэлебачання ішла па шляху ўскладнення тыпаў нарысавай публіцыстыкі ў адпаведнасці з асваеннем новых тэхнічных і тэхнічна-мастацкіх магчымасцей электронных сродкаў.

Да характарыстыкі тэленарыса далучым меркаванне вядомага пецярбургскага тэарэтыка Ул.Г. Асінскага: “В основе телевизионного очерка, так же, как и газетно-журнального и киноочерка, лежит документальный материал. В идеале в компоновке телеочерка должны сочетаться словесно-изобразительная культура литературного очерка, появляющаяся в написании дикторского или авторского текста, и культура видеоряда, включающая в себя традиции, сложившиеся в кинематографе, с изобразительной репортажной манерой прямого показа, заимствованной из информационного телевещания.

Место и задачи телевизионного очерка в жанровой системе экранной публицистики определяют богатство выразительных средств, синтез художественного и документального и активное введение элементов именно художественного в документальный контекст: имеется в виду метафоричный монтаж, контрапункт звука и изображения, манипулирование планами и ракурсами, оптикой, электронными спецэффектами, включение актерских игровых кусков, музыка, художественное оформление, различные формы телеграфики и пр. [21, с.12]. Аўтар прыгадвае партрэтны тэленарыс, а таксама сацыяльна-псіхалагичны (напрыклад, маральны клімат маленькага мястэчка), праблемны (эканоміка и культура, скажам, пасёлка), дарожны (знаёмства тэлегрупы з паўночнымі краямі і інш.).

Падкрэслім галоўнае: метафарычны мантаж, кантрапункт гуку і карцінкі, маніпуляцыя планамі і ракурсамі, акцёрскія ігравыя фрагменты, прамы тэлерэпартаж і фільмаванне кінахронікі, а таксама “вобразная публіцыстыка” — усё гэта неабходныя элементы тэленарыса, у прыватнасці, часоў другой паловы 80-х – першай паловы 1990-х гг.

Дарэчы, гэта быў апошні плённы перыяд на БТ, калі тэленарыс быў вяршыняй тэлевізійнай публіцыстыкі, калі тэленарыс як шматкампанентны, кампазіцыйна складаны тып экраннага ўвасаблення “партрэта сучаснасці” быў максімальна запатрабаваны і часам (публікай), і, адпаведна, прафесіяналамі. Перадусім, менеджэрамі айчыннага тэлебачання – партыйна-савецкімі органамі, кіраўніцтвам БТ і яго галіновых рэдакцый. У гэты перыяд айчынны тэленарыс наблізіўся ўшчыльную да мяжы тэлемастацтва, бо ствараліся тэленарысы па ўсіх законах тэледраматургіі. Можна нават сказаць, што гэта быў перыяд пікавага сацыяльна-камунікатыўнага запатрабавання менавіта глыбіннага, шматаспектнага, шматвобразнага адлюстравання і пераймання рэчаіснасці, што даваў менавіта жанр тэленарыса. Бо гэта быў час гарбачоўскай “перестройки” і час апошняй хвалі нацыянальна-гістарычнага самаўсведамлення айчыннай тэлеаўдыторыі. У гісторыі тэлепубліцыстыкі прафесійную вяршыню па мастацкай вобразнасці, па мастацкай “выпісанасці” вобразаў герояў і сацыяльных сітуацый, па глібіні і эмацыянальнай сіле займала творчае аб’яднанне БТ “Тэлефільм”.