Радыёнарыс

Як пра-жанр, нарыс узнік у сувязі з развіццём газетна-часопісных жанраў. Жанравае фарміраванне нарыса ішло паралельна з фельетонам, і напачатку нарыс друкаваўся таксама ў “падвальных” лістках газеты. А з адкрыццём рэгулярнага радыёвяшчання літаратурна-публіцыстычны нарыс заканамерна прайшоў шлях адаптацыі ў адмысловых умовах радыёвяшчання. Авангардныя пазіцыі ў гэтым працэсе жанравай трансфармацыі трымалі маскоўскія публіцысты. У гісторыі савецкай радыёжурналістыкі пік папулярнасці і публічна-ідэалагічнай дзейснасці радыёнарыса прыпадае на 30-50-я гады і звязаны з імёнамі легендарных рускіх савецкіх пісьменнікаў і журналістаў І. Эрэнбурга, В. Гросмана, Б. Слуцкага, В. Вішнеўскага, К. Паўстоўскага, Б. Палявога, В. Аксёнава, В. Ліпатава і іншых.

У гісторыі беларускага радыё працэс фарміравання жанру радыёнарыса той жа: адаптацыя літаратурных форм нарыса для апасродкаванага ўспрыняцця яго на радыё. Напачатку ў эфіры Мінскай радыёстанцыі імя Саўнаркома БССР гучалі менавіта газетныя і часопісныя нарысы. Іх зачытвалі або дыктары, або аўтары, што ў 20—30-я гады было вельмі цікавым і прэстыжным працэсам. Як успамінаў вядомы беларускі паэт Алесь Звонак, у 30-я гады супрацоўнік літаратурна-драматычнага сектара Мінскай радыёстанцыі, большасць маладых і сталых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў “прагучалі” у радыёэфіры. Зразумела, сярод іх былі Я. Купала, Я. Колас, М. Чарот, Ц.Гартны, П.Галавач, многія члены аб’яднання “Маладняк”, у тым ліку М.Лужанін, В.Маракоў, К.Крапіва, сам А.Звонак, Т.Кляшторны, У.Галубок, П.Броўка і многія іншыя. У пасляваенны час свае нарысы па радыё чыталі М.Лынькоў, І.Дуброўскі, У.Дадзіёмаў, В.Мыслівец, У.Караткевіч, В.Вольскі, Я.Сіпакоў, А.Мальдзіс, Э.Ялугін. А спецыяльна для радыё стваралі нарысы В.Мыслівец, А.Якавенка, У.Караткевіч, Г.Пашкоў, У.Ліпскі і многія іншыя.

Традыцыйна многія пісьменнікі былі супрацоўнікамі літаратурна-драматычнай рэдакцыі радыё. Сярод іх у 70-80-я гады – М.Базарэвіч, У.Мехаў (Няхамкін), П.Сабіна. У фондах Беларускага радыё захоўваюцца многія іхнія радыёнарысы.

У якасці аўтараў нарысаў выступалі і мастацтвазнаўцы, перадусім, члены Саюза кампазітараў Беларусі. Прыгадайма знакамітых музыказнаўцаў Л.Мухарынскую, В.Сізко, Д.Жураўлёва, І.Зубрыч, З.Мажэйка, Т.Варфаламееву, з маладзейшых – Л.Мітаковіч, Т.Песнякевіч, І.Мільто.

Такім чынам, паступова, на пачатак новага стагоддзя акрэсліліся чатыры асноўныя тыпы радыёнарыса. Першы тып – традыцыйная эфірная адаптацыя літаратурнага нарыса, які, звычайна, зачытваўся ў эфіры дыктарам з газеты або з часопісу. Другі тып – аўтарскае чытанне ўласнага нарыса, які папярэдне быў надрукаваны ў газеце або ў часопісе. Трэці тып – спецыяльна напісаны нарыс для радыё, які, як правіла, гучаў у эфіры ў аўтарскім выкананні. Але ў тэксце, у стылістыцы пераважалі пакуль элементы і традыцыі літаратурных друкаваных нарысаў. Паступова сфарміраваўся і зусім адмысловы – чацвёрты тып нарыса, які ўжо можна назваць цалкам “радыёнарысам”. Гэта быў публіцыстычны твор, звычайна, у аўтарскім выкананні (апавядальны тэкст “ад аўтара”) з выкарыстаннем іншых гукадакументальных кампанентаў – галасоў герояў нарыса, іхніх сяброў, родных – усіх тых, хто, па задуме аўтара, меў дачыненне да тэмы радыёнарыса. У такім выглядзе жанр набыў сваю жанравую адмысловасць, якая складалася з кампазіцыйна “стракатых” гука-выразных сродкаў: самога тэксту нарыса “ад аўтара”, інтэрв’ю або каментараў-выступленняў саўдзельнікаў нарысавага апавядання, рэпартажныя запісы, шумы, зразумела, музыка, якая выкарыстоўвалася “з падбору” (вобразна-асацыятыўная) або стваралася спецыяльна. Да гэтых апавядальных сродкаў аўтары-стваральнікі маглі дадаць і архіўныя дакументы – “гукавыя сколкі гісторыі”, што надавала радыёнарысу гістарычную вартасць і дакументальную праўдзівасць.

У сувязі з рэарганізацыяй структуры Беларускага радыё на пачатку 2000-х гг. літаратурна-драматычная рэдакцыя была ліквідавана. З таго часу радыёнарысы ў сваім адмысловым, радыйна-непаўторным жанравым “гукавыглядзе” амаль зніклі ў айчынным радыёэфіры. Ствараюцца выпадкова, літаратары амаль не запрашаюцца. Пэўным іранічным “вырадкам” радыёнарыса можна палічыць спробы рускамоўнай ФМ-радыёстанцыі “Мелодии века» (дачэрняя радыёстанцыя кампаніі «Бі-Эй»). У іранічнай рубрыцы «Назад, в СССР» у 2004 г. прагучала серыя сатырычна-гумарыстычных (нарысава-фельетонных) выпускаў. У іх агучваліся малавядомыя факты з жыцця партыйна-савецкай эліты. Для стварэння вобраза савецкага ладу жыцця выкарыстоўваліся дакументальныя архіўныя запісы – шумы дэманстрацый з тыпова савецкімі лозунгамі, мелодыі, песні як гукавыя сімвалы савецкай эпохі. Артысты ў сатырычнай манеры імітавалі галасы генеральных сакратароў, вядомых савецкіх людзей.

Запатарабаванасць жанру радыёнарыса застаецца, бо ён, як і ў прынцыпе ўсё радыёвяшчанне і радыёжурналістыка, канцэнтруе вельмі цікавыя і разнастайныя мастацка-публіцыстычныя вартасці з апрыёрнымі элементамі гукавай сюрпрызнасці. Яна складаецца, у тым ліку, і з абстрактна-вобразнай і мастацкай спецыфікі «гуку без карцінкі», гуку ў сваім непаўторным і абстрактна-нечаканым «гукавыглядзе». Кожны «саўдзельнік» радыёнарыса – радыёслухач мае ўнікальную, спецыфічную магчымасць сатворчасці (гл. главу І) без візуальнай экспансіі (што прысутнічае, напрыклад, на тэлебачанні або ў кіно, Інтэрнеце). Радыёслухач з гукава-вобразнай падачы аўтара-публіцыста сам стварае вобраз-адбітак героя або грамадскай з'явы так, як сам можа ў залежнасці ад уласных творчых і эўрыстычных магчымасцей уласнага таленту слухача-сатворцы. І атрымліваецца, што герой (героі) радыёнарыса маюць столькі вобразных варыянтаў, колькі ёсць радыёслухачоў на момант гучання радыёнарыса ў эфіры.

Зразумела, жанравая шматкампанентнасць радыёнарыса ў многім – фактар рэдкага выкарыстання жанра, бо патрабуе шматлікіх творчых і матэрыяльна-вытворчых выдаткаў. У тым ліку шмат часу на падрыхтоўку – асэнсаванне тэмы і праблематыкі нарыса, набыццё зыходнай публіцыстычнай інфармацыі, знаёмства з героямі, пошукі і стварэнне дадатковых гукавых дакументаў і вобразных сродкаў і інш. Але інфармацыйна-камунікатыўны вынік па праслухоўванні нарыса быў і застанецца выключна эфектыўным, адэкватным сродкам увасаблення тэмы-героя-праблемы, публіцыстычна шматзначным «на выхадзе», бо стымулюе глыбінныя пачуццёва-вобразныя станы аўдыторыі, як іх разнастайна стымулююць, напрыклад, музыка, драма, жывапіс і іншыя віды мастацтва. Да таго ж, радыёслухач заўсёды «для сябе» адзначаў, дзе выкарыстана шмат намаганняў, а дзе журналісты «эканомілі». Таму радыёнарыс, як і ўсе «сур'ёзныя» жанры публіцыстыкі і радыёмастацтва, мае пэўную перспектыву і будучыню. Яна, зразумела, можа быць толькі з улікам новых электронных магчымасцяў гукатворчасці, з улікам сучаснага стану псіхалогіі масавых зносін з дапамогай і праз сістэму Інтэрнету, з улікам адмысловага «кліпавага мыслення» (максімум інфармацыі ў мінімум часу), моўна-стылёвай спецыфікі «электронна-форумных» зносін, перадусім, моладзі і інш. Асабліва цікавай уяўляецца перспектыва радыйнага нарысаапавядання ў кантэксце сучасных гука-тэхнічных «абяцанняў», адкрытых у працэсе эксперыментаў з гукам (ізноў адсылаем да главы І). Да таго ж, нішто вынайдзенае і асвоенае не знікае ў гісторыі культуры. Нам засталося толькі пачакаць крыху таго часу, калі нашы суайчыннікі «форум-спажыўцы» зноў скажуць: «Давай, журналіст, раскажы што-небудзь цікавае, дай «мелодыю казкі», якой з'яўляецца наша жыццё, каб зразумеь яго сэнс!». І абавязкова знойдзецца публіцыст, які палічыць сваім прафесійным абавязкам задаволіць гэты попыт суайчыннікаў.