Этапы эвалюцыі жанру нарыса
Лекцыя VI. Нарыс
· Этапы эвалюцыі жанру нарыса
· Радыёнарыс.
· Тэленарыс.
· Складнікі і сродкі выразнасці ў тэленарысе
· Вэбнарыс
Класічны жанр літаратурнай і журналісцкай публіцыстыкі – нарыс ва ўмовах татальнага электроннага асяроддзя, як і ўсе жанры сучаснай электроннай журналістыкі, патрабуе паняційнага ўдакладнення, чарговых змяненняў ў жанравыя азначэнні, у жанравую класіфікацыю. І гэта заканамерна, бо навукова-тэхнічныя, электронныя і, адпаведна, псіхалагічныя, камунікатыўныя магчымасці пашыраюцца і ў працэсе сінтэзу тэхнікі і эўрыстыкі ствараюць іншыя – часам, прынцыпова іншыя ўмовы для фарматворчасці, для вызначэння новых канструкцый зносін, адлюстравання і пераймання рэчаіснасці.
Вось і самы “класічны” жанр — нарыс варты сучасных тлумачэнняў, бо радыёнарыс, прыкладам, 50-х гг. або тэленарыс 70-80-х і сучасны электронны нарыс – гэта, як вы разумееце, розныя па сродках творы.
Каб быць у стылістыцы гэтай кнігі, пачнем з некалькіх цытат розных аўтараў — тлумачэнняў і фармулёвак нарыса як жанру, каб у чарговы раз прасачыць эвалюцыю паняцця жанру нарыса.
А.Ф.Лысенка (Беларуская энцыклапедыя): “Нарыс — эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навуковага і мастацкага пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у нарысе як цэлае двухадзінства публіцыстычнага зместу і формы. Спецыфіка нарыса выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для нарыса характэрна свабода жанрава—кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (нарыс падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).” [3, с. 195 ].
Б.В.Стральцоў: « Очерк — это художественно-публицистический жанр, в котором путем сочетания логико-рационального и эмоционально-образного способов отражения действительности решается определённый аспект концепции человека или общественной жизни.
Сочетание логико-рационального и эмоционально-образного способов отражения действительности обусловлено двуединой природой очерка (публицистичность и художественность). Очерк интегрируется из мысли и образа, являясь одновременно формой политического осмысления действительности и эстетического освоения мира.» [29, с.191].
“Технология телерадиожурналистики” (М., МЭГУ, 1994): “Очерк в сегодняшнем его виде в печати, на радио и телевидении — явление, можно сказать, присущее сугубо российской журналистике На основе публицистического анализа и художественного обобщения в нем раскрываются типичные черты действительности и наших современников. [32, с.85].
Нарыс і ўвогуле публіцыстыка ў тым самым «нашым» – беларускім, украінскім, або казахскім — “СНД-шным” тлумачэнні і паняцця публіцыстыкі, і жанру нарыса адпавядае постсавецкаму і, збольшага, славянскаму менталітэту, псіхатыпу “нашага” чалавека, яго інфармацыйна-камунікатыўным звычкам і алгарытмам. Яны фарміраваліся, як ужо згадвалася раней, у адмысловых гістарычных, культурных, палітычных, нацыяальных умовах.
Рацыяналізм захадняй культуры паўздзейнічаў і на гэткага кшталту інфармацыйныя творы: у адзінку часу – найбольш інфармацыі, пажадана, “без вады”, г. зн. “аўтарскіх” заўваг, домыслоў, дагадак, каментараў, а тым больш эмацыянаьных. Асабовасць, дэмакратычнасць патрабаванняў да інфармацыйнага сэрвісу ў стылістыцы “дай мне чысты факт і, можа быць, лаканічнае тлумачэнне спецыяліста, а вывады я зраблю сам” – гэта і ёсць асноўнае адрозненне нашай і захадняй публіцыстыкі. Да стылістыкі і алгарытмаў нашага традыцыйнага нарыса набліжаецца своеасаблівае “наданне формы ” – “назапашванне” журналістам пэўных “рысаў твару” цікавай асобы – feature story*. Звычайна гэта адмысловая аўдыёвізуальная карэспандэнцыя з некаторымі элементамі рэпартажу і інтэрв'ю, часта з элементамі аналізу і, нават, шоў. У цэнтры гэтых «магазінаў асобы» — прырода чалавечай натуры, асабліва вядомых і папулярных людзей, грамадскіх дзеячаў. Нагадаем, што з feature story спакваля вырас жанр ток-шоў – гэты завостраны публіцыстычны спектакль «асабовага распранання» (Донах'ю, Рывера, Опра), які скіраваны на задавальненне спрадвечнай цікаўнасці чалавека да прыхаванага асабовага жыцця, перадусім, людзей «лепшых» (папулярных, вядомых, «пасадных», паспяховых) і «найгоршых» (знакамітых злачынцаў, эпатажных люмпенаў, «смецця грамадства»).
Электронна-публіцыстычны жанр нарыса ў нашай “постсавецкаславянскай” электронна-журналісцкай практыцы істотна адрозніваецца ад згаданай публіцыстыкі захадніх масмедыя. Зноў адзначым, што асноўнае адрозненне крыецца ў ментальных асаблівасцях аўдыторыі краін СНД і, канечне, аўдыторыі Беларусі. Яна, асаблівасць ментальнасці краін СНД, прадугледжвае гатоўнасць свядомасці аўдыторыі, яе камунікатыўную зацікаўленасць “пагаварыць”, абмеркаваць, гатоўнасць да пэўнага “праграміравання” паводле атрыманай аналітычнай інфармацыі ў завостранай публіцыстычнай форме. І “праграміраванне” гэта дваістае. З аднаго боку, натуральнае жаданне слухача-гледача змяніць сваё ўяўленне паводле прапанаванай праблемы, адметнай асобы, грамадскай сітуацыі і новай інфармацыі падчас іхняй аналітычна-эмацыянальнй публічнай прэзентацыі. З другога боку, айчынная аўдыторыя пакуль трывала захоўвае традыцыі падпардкоўвацца “рупару дзяржавы” (шматвекавыя традыцыі “вечавай”, “сходнай” публіцыстыкі і падпардкоўвання “рашэнням” сходу і, асабліва, савецкія традыцыі прапаганды і ідэалагічнага замбіравання людзей), і, адпаведна, да абавязковага каментавання рэчаіснасці (г. зн. да пэўнага вербальна—“гіпнатычнага” уздзеяння камунікатара на аўдыторыю). Гэта адно.
Другая асаблівасць, зноў нагадаем, – у спецыфіцы інфармацыйна-камунікатыўных інтарэсаў нашых форум-спажыўцоў, для якіх патрэбай з’яўляецца менавіта публіцыстычнае асэнсаванне фактаў жыцця і яго руху.
Менавіта ў гэтым накірунку — засваенні спецыфічных тэхнічна-вобразных магчымасцей экрана і, у паралель, радыёэфіру і ішлі працэсы ўдасканалення публіцыстычных магчымасцяў пераймання жыцця, яго руху ў гістарычнай прасторы, у прыватнасці, у жанры нарыса. Хаця асноўныя, істотныя, базавыя, глебавыя характарыстыкі, якія вызначаюць, стварэнне нарыса, змяніліся не вельмі істотна: апавяданне ж і ёсць апавяданне — гэта дакументальная драма, у якой дзеючыя асобы — нашы сучаснікі. Таму галоўнае — герой, вобраз, факт, праблема, сітуацыя, трагедыя або пераможны сюжэт — усё гэта было і застаецца дамінантным элементам тэленарыса і, адначасова, стварае бясконцасць творчых і фантазійных магчымасцей журналіста. Бо тым і заманлівае наша жыццё, што не ведаеш, чым і дзе тая бясконцасць...скончыцца?
Колькі слоў трэба прысвяціць структуры формастварэння жанру нарыса. У прыватнасці, якія элементы, якія сродкі, якія формы і дэталі павінен ствараць аўтар падчас “надання формы” нарыса? Калі коратка сказаць, дык: чым іх (складнікаў-элементаў) больш, тым лепш, тым у большай ступені ёмістасці, шматграннасці аўтар зможа “абНАРЫСаваць” прапанаваную тэму, героя, праблему. А ў якасці складнікаў-элементаў у нарысе могуць быць самыя разнастайныя сродкі і элементы, у тым ліку і іншыя жанры: замалёўка, інтэрв’ю, рэпартаж, каментар, эсэ, нават фельетон, кампазіцыя. Усё залежыць ад ступені творчага імкнення публіцыста ў раскрыцці тэмы-праблемы-вобраза, а таксама ў наяўнасці і магчымасці выкарыстання разнастайных сродкаў нарысавага ўвасаблення. Дзе першае (творчае імкненне) – дэфініцыя, якая акрэслівае творчыя здольнасці і ступень крэатыўнай здольнасці (ступень публіцыстычнага таленту) журналіста, а другая – ступень матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння працэсу стварэння нарыса. Невыпадкова, нарыс заўсёды быў адным з самых дарагіх жанраў па грашовых і матэрыяльна-тэхнічных выдатках. Падкрэслім галоўнае пры вызначэнні жанру нарыса (як і любога іншага жанру): журналіст-публіцыст павінен максімальна дакладна вызначыцца з канцовай мэтай свайго журналісцкага выступлення і адказаць сабе на простыя пытанні:
· спачатку вызначыць канкрэтную вяшчальную мэту і задачу: што трэба – ці канстатаваць тэму (група факталагічных жанраў), ці аналізаваць-каменціраваць яе (група аналітычных жанраў) або эмацыянальна-пачуццёва “раскрыць” пэўную праблему або вобраз героя, а затым “заразіць” аўдыторыю паводле вызначанай праблематыкі (група публіцыстыных жанраў)?;
· вызначыць уласныя аўтарскія творчыя і крэатыўна-публіцыстычныя схільнасці і магчымасці нарысавага раскрыцця тэмы і, адпаведна, максімальна дакладна прафесійна самавызначыцца: ці адэкватныя яны (мае журналісцкія прафесійныя здольнасці-магчымасці) складанасці электронна-жанравай (сацыяльна-інфармацыйнай) прэзентацыі тэмы (прасцей, ці зможаш ты, журналіст, творчы адолець сацыяльна-публіцыстычнае абагульненне тэмы ў жанры нарыса?),
· затым вызначыць адэкватнасць глыбіні і маштабу, сацыяльнай значнасці героя, падзеі, праблемы, грамадскай сітуацыі – вобразным (структурна-сродкавым) магчымасцям жанру нарыса (можа спатрэбіцца выкарыстанне іншага жанру?).
Не апошняя задача – высвятленне матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей у стварэнні высоказатратнага (ці не самага затратнага) жанру нарыса. І калі гэтыя асноўныя задачы вырашаны, ствараецца агульная сцэнарная кампазіцыя, у адпаведнасці з якой аўтары павінны вызначыць і творчы ўвасобіць адносна лакальныя, адносна другасныя ці дапаможныя задачы-праблемы: якія іншыя жанры і формы павінны быць задзейснены ў стварэнні нарыса.
У трох нашых асноўных сферах – радыё, тэлебачанне, Інтэрнет – творча-тэхнічныя задачы рашаюцца па-свойму, адмыслова. Гэта патрабуе невялікага каментару. А пакуль абагульненая фармулёўка нарыса як жанру электроннай публіцстыкі: радыё-, тэле-, вэбнарыс — вяршынны па складанасці і сінтэзаванасці сродкаў увасаблення твор электроннай публіцыстыкі, у якім спалучаюцца асноўныя прынцыпы літаратурна-мастацкага адлюстравання і пераймання жыцця (вербальна-мастацкія сродкі), ілюзійныя гукавізуальныя сродкі і эфекты тэхнагеннай драматургіі (магчымасці мантажна-“кліпавага” спалучэння элементаў у стварэнні вобраза ў нарысе), сучасныя сюрэалістычна-вобразныяыя (віртуальныя) магчымасці электронікі.
Тэарэтычна і, галоўнае, практычна вызначылася некалькі тыпаў электроннага нарыса: праблемны, партрэтны, падарожны і дакументальна-ігравы.
Праблемны – гэта нарыс, у якім публіцыст апісвае і раскрывае пэўную адну або некалькі праблем сацыяльнага ці асабовага ўзроўню. У апошнім праблема аднаго чалавека, якая публіцыстычна раскрываецца як сацыяльна значная, можа быць паказана сродкамі партрэтнага нарыса, што, зразумела, ілюструе факт жанравага спалучэння, змяшання. Гэта значыць, што аўтар індуктыўна, праз партрэтны нарыс асобы стварае публіцыстычнае абагульненне сацыяльнага ўзроўню – нарыс праблемны.
Нарыс падарожны – журналісцкае апавяданне паводле ўражанняў і інфармацыі, якую журналіст атрымаў падчас выпадковай або адмысловай вандроўкі. Падарожны нарыс вельмі блізкі па форме арганізацыі матэрыялу з вандроўным рэпартажам (пра яго ніжэй), бо ў абодвух тэмы – паводле таго, што ўбачыў, адчуў, здабыў “вандроўны” журналіст. Адно, што ў рэпартажы павінен бць у эфіры сам журналіст, а ў падарожным нарысе журналіст па розных прычынах (тэмбр голасу, аблічча і інш.) можа аддаць апавядальную ролю прафесійнаму артысту. Перш за ўсё гэта адбываецца менавіта па эстэтычных, па мстацкіх прычынах, бо прафесійны акцёр можа з найбольшай мастацка-эмацыянальнай і, адпаведна, публіцыстычнай эфектыўнасцю раскрыць тэму, вобраз, вандроўную панараму, наблізіць дакументальную апавядальнасць да мастацка-вобразнай. У гэтым і крыецца публіцыстычная мэта падарожнага нарыса – “падзяліцца” з публікай не толькі “проста” інфармацыйнымі звесткамі, але і эмацыянальна, па-мастацку іх “апісаць”-“нарысаваць” – “падзяліцца” і сваімі ўражаннямі, пачуццямі, перажываннямі, эмацыянальна-псіхічнымі станамі, што і з’яўляецца драматургічным і мастацка-публіцыстычным сэнсам жанру нарыса, у прыватнасці, і публіцыстыкі, у цэлым.
Дакументальна-ігравы нарыс – разыграная артыстамі дакументальна рэальная дзея: лёс (электронна партрэт) асобы, драматычны жыццёвы канфлікт, вытворчая або нацыянальна-культурная праблема і інш. Артысты ў гэтым тыпе электроннага нарыса па-мастацку, драматургічна больш выразна раскрываюць характары, асаблівасці праблемна, канфліктнай сітуацыі, грамадскай тэндэнцыі. У гэтым тыпе нарыса артыстычныя ролі могуць спалучацца з дакументальнымі (інтэрв’ю, рэпртажы, замалёўкі і інш.) запісамі, архіўнымі матэрыяламі. Акцёрская ігра тут і стварае менавіта патрэбны мастацка-публіцыстычны эффект – эмацыянальнае “запальванне”, суперажыванне аўдыторыі, што й найбольш блізіць гэты жанр з мастацтвам.
Гэта абагульненая фармулёўка жанру “электроннага нарыса”, як мы разумеем, патрабуе дэталізацыі, калі мы гаворым пра спецыфіку сродкаў увасаблення на радыё, тэлебачанні і, тым больш, у і для “сусветнай павуціны”. Тут мы адсылаем да тэксту, які быў даведзены ў Першай главе пра творча-вытворчую і псіхалагічную адмысловасць творчага працэсу ў радыёжурналістыцы. Там, паўторым, націскалася на вытворча-псіхалагічных асаблівасцях творчага працэсу радыёжурналіста. Коратка спынімся менавіта на нарысавых дамінантах.