Электроніка і публіцыстыка: тэхналагічныя і псіхалагічныя стасункі.
Зразумела, большасць жанраў журналістыкі, якія ўсталяваліся і замацаваліся ў прафесійнай практыцы прэсжурналістыкі, затым на раннім этапе радыё- і тэлежурналістыкі (да 1980-х гг.) эвалюцыйна былі “перанесены” і ў электронную журналістыку сучаснасці. Аднак рэпартаж газетна-часопісны або нават рэпартаж для радыё ці тэлебачання ў 50-70-я гг. — гэта дастаткова адрозныя па форме і ўнутранаму псіхалагічнаму рытму і змесце творы. Магчымасці электроннай трансфармацыі гуку, адлюстравання, магчымасці электроннага мантажу (дакладнасць мантажных стыкаў, спецэфекты), калярова-графічная якасць і магчымасці візуальнага аздаблення і сэнсава-пачуццёвага падкрэслівання экраннага адбітку, нарэшце, стылістычныя асаблівасці тэксту сучаснай інфармацыйнай эпохі, натуральна, прыўнеслі свае непазбежныя патрабаванні да трансфармацыі жанраў электроннай журналістыкі. Прыклад-паралель: інтэрв’ю газетнае — радыёінтэрв’ю; інтэрв’ю на радыё — тэлеінтэрв’ю; інтэрв’ю на тэлебачанні — інтэрв’ю ў інтэрактыўнай форме ў Інтэрнэце.
Нам прыдзецца асэнсаваць агульныя якасці, рысы, фармальныя праявы, якія істотна адрозніваюць, у прыватнасці, публіцыстычныя жанры электроннай журналістыкі ад жанраў прэсжурналістыкі і жанраў радыё- і тэлежурналістыкі. На нашу думку, гэта павінны быць развагі-абагульненні ў некалькіх накірунках. Па-першае, неабходна высветліць ступень уздзеяння на трансфармацыю жанраў самой тэхніка-электроннай сістэмы, г. зн. абагульніць новыя навукова-тэхнічныя і сістэмна-тэхнічныя ўмовы і магчымасці апасродкаванай масавай камунікацыі.
Па-другое, у сувязі з гэтымі новымі тэхнічнымі магчымасцямі трэба абагульніць псіхалагічныя асаблівасці або якасці новых дынамічных стэрэатыпаў як журналістаў (якія асвойваюць новыя тэхнічныя магчымасці як інфармацыйную прапанову), так і новыя псіхалагічныя станы (дынамічныя стэрэатыпы) аўдыторыі (якая асвойвае новыя тэхнічна-сістэмныя апараты як інфармацыйны спажывец). Па-трэцяе, варта асэнсаваць агульна-камунікатыўную, сацыяльна-грамадскую тэндэнцыю ў фарміраванні сучасных і перспектыўных (прагнозных) форм і відаў зносін з улікам нацыянальнай і глабальнай ментальнасці. Іншымі словамі, пастарацца распазнаць сучасныя патрэбы публіцыстычных зносін у электронным асяроддзі і бліжэйшай іхняе перспектывы як дыялектычнай заканамернасці. (Згадаем заканамернасць дыялектычнага ўзаемаздзеяння ў сістэме “інтэлект—тэхніка”: патрэбы развіцця інфармацыйна-камунікатыўных зносін дыктуюць тэхнічнае іх забеспячэнне, новыя тэхнічныя ўмовы спараджаюць новыя формы зносін, яны зноў ставяць новыя задачы перад тэхнікай і etc.).