Электронная публіцыстыка і фактар асобы журналіста.
У чарговы раз падкрэслім: Ад Цыцэрона і Сакрата да князёў еўрапейскіх, беларускіх і рускіх, да Каліноўскага, Луначарскага і іншых рэвалюцыйных прамоўцаў-публіцыстаў; ад французскіх фельетаністаў-публіцыстыў да рыторыкі перад радыёмікрафонам і перад тэлекамерамі, а сёння ў Інтэрнэце перад клавіятурай і маніторам — уся публіцыстычная творчасць з’яўляецца асабовай. Бо гэта – творчасць чалавека неардынарнага, адрознага ад нейкага “усярэдненага” узроўню здольнасцей, звыклых традыцыйных інфармацыйных адносін і зносін. Іншымі словамі, асоба ў элекронным эфіры – гэта «не такі» чалавек, гэта чалавек-сюрпрыз, чалавек востра экстравертнага тыпажу, які «з парогу» як бы абвяшчае: «людзі, я вам дару гэту інфармацыю!».
Узыходзіць на публіцыстычны ўзровень звычайна той прафесіянал (у нашым кантэксце журналіст), які, па-першае, адчувае прызванне да такога роду інфармацыйна-камунікатыўнай дзейнасці. Па-другое, мае адмысловыя прыродныя публічна-авангардныя і прамоўніцкія здольнасці, якія абумоўліваюць шэраг прафесійных якасцей – уменне абагульняць бягучы гістарычны момант, вылучаць у ім максімальна агульныя, важныя для большасці, сучасныя праблемы і супярэчнасці. Не апошняе месца ў станаўленні эфектыўнага электроннага журналіста-публіцыста займаюць «прыкладныя» прыродныя якасці – прыемны (тэмбральна прывабны) голас, фотагенічнасць, спартыўная (здаровая, эстэтэчная) фігура і пластыка.
Па-трэцяе, публіцыст павінен мець талент вышэйпазначаныя якасці ўвасобіць у прыцягальнай эмацыянальна-мастацкай форме, якая вельмі блізка набліжаецца да акцёрскага майстэрства. А яно, у сваю чаргу, вымагае выпрацоўваць спецыфічныя прафесійныя якасці творцы-рытара. Г зн. электронны публіцыст – гэта майстар вобразнага вербальнага пераканання і пачуццёвага ўздзеяння, майстар абуджаць у аўдыторыі моцныя эмацыянальныя станы і псіхалагічную матывацыю на пазітыўныя сацыяльныя паводзіны.
Гэтыя якасці аўдыёвізуальнай публіцыстыкі максімальна выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах, што асабліва ўласціва савецка-славянскаму стылю масавых зносін.
Да таго публіцыст так ці інакш заўсёды быў і з’яўляецца палітыкам. А палітык — гэта асоба, прыкметная, прывабная, пераканаўчая і заўсёды непаўторная, бо ў іншым выпадку, калі публіцыст — не асоба, значыць не палітык, бо непрыцягальны, значыць і не публіцыст.
Такім чынам, мы выйшлі на абагульненне, што публіцыстыка — гэта асабовы від публічнай інфармацыйна-камунікатыўнай дзейнасці, што публіцыстыка — гэта форма і сродак вылучэння асобы-журналіста, што публіцыстыка — гэта найбольш важны і запатрабаваны інфармацыйны прадукт масавага спажывання і грамадскага ўдасканалення, эфектыўны інструмент фарміравання сацыльнай матывацыі («грамадскай думкі»).
Грамадская запатрабаванасць публіцыстыкі падвойваецца, калі яна адаптуецца, развіваецца, трансфармуецца ў электронным асяродку, у электроннай сістэме штодзённых масавых зносін. Таму што сам электронны прадукт і асяродак стаўся псіхалагічна і нфарамцыйна-інтэлектуальна запатрабаваным як прытулак, у якім мы жывем, існуем, якім інфармацыйна і псіхалагічна сілкуемся. І атрымліваецца, што электронная публіцыстыка набывае надзвычайную сацыяльную моц як “падвойны” асяроддзевы від электроннай дзейнасці: першы ўзровень – электронная публіцыстыка ў выглядзе публіцыстычных жанраў-твораў у якасці інфармацыйна-эмацыянальнага “напаўнення” нашага электроннага асяроддзя1 (так мовіць, славесна-эмацыянальная «шпалернасць»). І другі ўзровень – электронная публіцыстыка як «жывая» энергія інфармацыйна-эмацыянальнай электронна-публічнай дзейнасці журналіста-асобы або асобы-палітыка, асобы-псіхолага, асобы-мастака (мастака слова, артыста, рытара).
Акрамя таго, у электроннай публіцыстыцы натуральна пераплавіліся, сінтэзаваліся тыпова рытарычныя, а таксама тэатральныя і, нават, эстрадныя элементы — тыя формы і сродкі, з дапамогай якіх спрадвеку ажыццяўлялася прамая, непасрэдная камунікацыя “на людзях” — на сходзе, на вечы, на старажытнагрэчаскім форуме і ў тэатры, нарэшце, на кірмашовай “славеснай клаўнадзе”, а потым у жанры эстраднага канферансу і etc. А ўсе пералічаныя формы і жанры публічнага выступлення патрабуюць аднаго: востра асабовага і эмацыянальна захапляльнага (мастацкага) увасаблення славеснага, прамоўнага акту-дзеі, інфармацыйна-камунікатыўнага кантакту. У выніку яго і адбываецца наша інтэлектуальнае сілкаванне новай інфармацыяй (што азначае працэс, развіццё, рух, а не інтэлектуальную стагнацыю). Рытар-прамоўца становіцца камунікатыўным “выбраннікам”, стрыжнем, інфармацыйна-імпульсавым цэнтрам, напрыклад, універсітэцкай або парламентскай аўдыторыі, аўдыторыі тэатра, канцэрта, нарэшце, тамадой падчас урачыстай або сямейнай бяседы.
Аднак прапаную падумаць пра сацыяльную запатрабаванасць і генетычную прывабнасць публіцыстыкі і яе носьбітаў-выканаўцаў больш глыбінна і гістарычна — з боку такога спрадвечнага і сацыяльна-прагнага грамадскага ўтварэння, як “інстытут прарокаў”.
Наша зямная псіхалагічная і інтэлектуальная множнасць, генетычная асаблівасць зямной цывілізацыі — падзяленне чалавечай супольнасці на расы, на нацыі і народнасці, на дзяржавы і рэлігіі, адпаведна, падзяленне на разнастайныя канфесіі — вылучылі абсалютна непаўторны і своеасаблівы тып людзей і легендарных асобаў: лідэраў пэўнай чалавечай супольнасці, сацыяльнай групы, нацыі, дзяржавы, рэлігіі і канфесіі. Дадзеныя Стваральнікам такім людзям здольнасці абагульняць, прадбачыць, выпрацоўваць рацыянальныя і перспектыўныя алгарытмы сацыяльнага і духоўнага руху, дадзеныя здольнасці пераконваць людзей сталіся дынамічнай, жывой, пульсава-рэальнай формай духоўнага і матэрыяльнага асэнсавання перспектывы. Здольнасці прагназавання і выпрацоўкі найбольш рацыянальных сацыяльных захадаў на ўзроўні ідэі зямнога ўдасканальвання жыцця або, ў меньшым маштабе, удасканалення жыцця дзяржавы, рэгіёну, горада, канкрэтнай сям’і былі і, відаць, застануцца ўсеагульнай патрэбай, бо акумулююць, канцэнтруюць інтэлектуальную энергетыку выжывання і стварэння перспектывы ўсё новых умоў жыццёвага камфорту. Прарокі (або месіі) і іхнія прароцтвы, па сутнасці, былі канцэнтратам, найбольш абагульненай і рацыяналізаванай думкай пэўнага калектыву, сацыяльнай групы або групы паслядоўнікаў, а таму і гранічна востра запатрабаванымі. Прарокі як бы рассоўвалі перад аўдыторыяй племені, супольнасці або перад спадкаемцамі сэнсавую заслону будучыні і перспектывы, а, рассунуўшы, яны першымі бачылі і бачаць штосьці такое, чаго пакуль не могуць бачыць і, адпаведна, зразумець і рацыянальна патлумачыць тыя, што стаяць за лідэрам. Аднак прарокі-месіі пупавінай “патрэбных думак” спалучаны з публікай, з народам, з калектывам, з шэрагаў якога яны выйшлі. І публіка-форум чакала і будзе чакаць, што прарок выканае сваё наканаванне і скажа спадарству менавіта тое, што і чаго (і як) чакае форум ад прарока-месіі-рытара. Часам, больш дальнабачны прарок не адразу становіцца зразумелым большасці слухачоў. У гісторыі частка атрымлівалася, што прарокі — думкавыя, разумовыя “дальнабойшчыкі” з іхнімі прароцтвамі не прымаліся, лічыліся нават ворагамі і злачынцамі. Бо “простыя” сучаснікі не бачылі гістарычнай повязі часоў, не разумелі пакуль прычынна-выніковую перспектыву, нарэшце, звычайную экалагічную і жыццёвую выгаду. Таму мы маем сёння “сойм” прарокаў-мучанікаў, але ад гэтага “мучаніцтва” іхнія вобразы і ідэі становяцца больш востра выразнымі і рацыянальнымі, часам, адзіна мэтазгоднымі на перспектыву. Легенда Хрыста і Хрысціянства таму прыклад. Лёсы ўсіх, па сутнасці, прарокаў таму прыклад.
Прарокі й былі першымі “публіцыстамі”, якія імкнуліся перадаць сучаснікам тое, што ім было дадзена бачычь наперадзе і, галоўнае, яны лічылі сваім жыццёвым абавязкам пераканаць сучаснікаў у рацыянальнасці і мэтазгоднасці таго, што, на іх думку, трэба было ўвасобіць у сучаснае і будучае жыццё. Вобразы і легенды тых гістарычных прарокаў спраецыраваліся на генетычную памяць нашчадкаў, гэта значыць — на нас...
…Форуму-публіцы, часам, важна не столькі сама рацыянальная перспектыва ў прагнозе прарока, колькі тая інфармацыя-водгук на ўласныя думкі, перакананні, на сумненні, якія ўзнікаюць у вечна неспакойнай чалавечай свядомасці. Прыклады такой “прарокавай публіцыстыкі” мы маем у кожнай вядомай сёння зямной рэлігіі або рэлігійнай філасофіі: Хрысціянства (Хрыстос і дванаццаць прарокаў-апосталаў), Іслам (Магамет), Іўдаізм (Маісей), Лаосізм (Лао-цзы), Канфуцыянтсва (Кан-Фу-цзы) і etc. За ўсімі імі стаіць сімвал адмысловай духоўнай улады, якой не патрэбны краты ды зброя. Моц гэтага сімвала — моц канцэнтраванай перспектыўнай думкі або моц канцэнтраванай калектыўнай ідэі, якая з разрозненых думак розных людзей набывае акрэслены абрыс абагульненай ідэі-праграмы, ідэі-закліка і пераканання, па сутнасці, водгуку на ўласныя сумненні асобнага індывіда і, галоўнае, большасці індывідаў — соцыюму. І атрымліваецца, што падпарадкаванне ідэям лідэра-прамоўцы-прарока ёсць генетычная патрэба любога чалавека, які не давярае сам сабе ў нейкім абагульненні і прагнозе і, каб упэўніцца ва ўласнай рацыянальнасці, даручае частку ўласных думах-сумненняў „прарокам“ нашых будняў.
Іншымі словамі, гэта асаблівая форма „перагорнутай“ інтэлектуальна-пачуццёвай улады чалавека над уласнымі перакананнямі, гэта у нейкім інверсійным, перагорнутым аспекце падпарадкаванне як бы самому сабе „праз асобу лідэра“: прарок жа „мой“ або „наш“, ён жа гэта — „я“. Ці не ў гэтым прыхаваны сэнс і змест паняцця ўлады, якая ў гэтым плане з’яўляецца калектыўнай формай стабілізацыі сацыяльнай няўпэўненасці індывіда? Ці не вылучаем мы лідэра-прарока, каб даручыць яму план (або пугу!) ліквідацыі нашай унутранай уласнай жыццёвай разгубленасці і няўпэўненасці, нашу ўласную ўладу над самімі сабой — яму, „прароку“? Ці не прагнем мы бачыць у нашых экранных „прароках“ і напамін пра схаваных у нашай памяці гістарычных прароках; і пэўны адбітак або сублімацыю таемнага жадання кожнай зямной істоты на гэту адмысловую форму ўлады над людзьмі — уладу слова і думкі (каб слухалі і падпарадкаваліся хаця б на момант прамовы); і адбітак, „прымерку“ экраннага „прарока“ у якасці ўласнага ідэалу на самога сябе?
Генетычная памяць пра гістарычных і духоўных лідэраў — той гістарычна-псіхалагічны кантэкст, на фоне якога складаліся характары, вобразы, тыпы гістарычных лідэраў-публіцыстаў. Зразумела, гэта таксама і кантэкст фарміравання сучаснай электроннай публіцыстыкі, якая зместам сваёй прадукцыі зрабіла вострую праблематыку бягучага моманту канкрэтнага сучаснага соцыюму (што значыць востра тычыцца большасці аўдыторыі і што заўсёды прысутнічала ў ідэях гістарычных прарокаў-“публіцыстаў”), а форму запазычыла ў трыбуннай рыторыцы, тэатральным катарсісу і ў кірмашовага “славесна-клаўнаднага кантрдансу”.
Электронная публіцыстыка пераплавіла найбольш прывабныя змястоўныя і фармальныя якасці ўсяго лепшага, што назапасіла чалавецтва за сваю гісторыю ў формах масавых зносін, у формах перманентнай індывідуальна-калектыўнай стабілізацыі сацыяльнай “няўпэўненасці” і ў стварэнні дынамічнай матывацыі стваральных сацыяльных паводзін. Электронная публіцыстыка (як і ўся электронная журналістыка) у сваім развіцці адаптавала, прыстасавала спрадвечны чалавечы праблемны дыялог — “бойку” думак пра сэнс і перспектыву — да электронікі, да штучна-асяродкавай формы нашага інфармацыйнага развіцця. Электронную публіцыстыку, па сутнасці, можна класіфікаваць як электронную форму эвалюцыі псіхалогіі масавых зносін паводле жыццёвай перспектывы і рацыянальнасці. Любое новае прыстасаванне, вынаходніцтва, тым больш закон патрабуе, перш-наперш, псіхалагічнай адаптацыі, патрабуе фарміравання адпаведных новых дынамічных стэрэатыпаў зносін. Вось чаму, на нашу думку, электронную публіцыстыку і ўвогуле электронную журналістыку можна разглядаць як дваісты псіхалагічны працэс: псіхалагічная адаптацыя і засваенне магчымасцей электронікі ў зносінах дэтэрмінуе новы ўзровень агульна-псіхалагічных абагульненняў паводле жыццёвага развіцця і асэнсавання перспектывы.
І такую новую перспектыву жыццёвага зместу і новай формы яго праяўлення бачаць і разумеюць інтэлектуальныя лідэры — “прарокі сучаснасці”, у творчасці якіх адпрацоўваюцца новыя алгарытмы зносін, узоры штодзённай і будучай рацыянальнай дзейнасці ў імя ўсё таго ж развіцця.
Такім чынам, электронная публіцыстыка фарміравалася пад уплывам, з аднаго боку, патрэбы масавага тыражавання думак-лідэраў, асоб-лідэраў як носьбітаў сучасных “прарокавых” ідэалаў і адказаў на “вечныя” штодзённыя пытанні. З другога, — электронная публіцыстыка забяспечвае сёння вечна “галодную” грамадскаую думку адмысловым “харчаваннем” — прапановай сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-псіхалагічнай стабілізацыі “хоць на момант”. Да таго ж, напаўняе наша індывідуальнахатняе жыццё электроннай ілюзіяй “моўнага мастацтва” — электроннай рыторыкай (як мастацтвам інтэлектуальнай гульні, ток-шоў).