Электроніка і новая псіхалогія электронна-жанравай творчасці
Спачатку яшчэ раз заўважым, што сучасная журналістыка ўжо набыла і вельмі дынамічна набывае якасці і функцыі дзейнасці, якія ўшчыльную звязаны не столькі з працэсам збору і перадачы ў інфармацыйную прастору фактаў пра стан і рух жыцця, колькі з працэсам псіхалогіі з усімі яе фундаментальнымі праблемнымі разгалінаваннямі. Так, журналісцкі твор, тым больш публіцыстычны, усё больш нагадвае псіхалагічны аналіз, увасоблены публіцыстычнымі (значыць, мастацкімі, а таму і псіхалагічнымі) сродкамі. Напрыклад, нарыс, у якім адлюстравана складанасць ўзаемадзеяння псіхікі героя і яе цялеснага субстрату, скажам, унутраная псіхічная барацьба за пошук да фізічнага аздараўлення — гэта галіна псіхафізіялагічнай псіхалогіі.
А сучасная большасць электроннай журналісцкай прадукцыі — гэта ж творы пра асэнсаванне залежнасці псіхікі асобнага грамадзяніна або сацыяльнай групы і грамадства ад сацыяльных працэсаў, псіхалагічна-публіцыстычныя захады па гарманізацыі псіхікі асобы і супольнасці псіхік з заканамернымі праблемамі агульнага сацыяльнага развіцця. А гэта галіна псіхасацыяльнай псіхалогіі.
А наша тэма — уздзеянне электронікі на прафесійную дзейнасць журналіста — гэта псіхапраксічная псіхалогія, якая вывучае фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць гэтай дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў, якімі з’яўляюцца вобразы, пэўныя прафесійныя і сацыяльныя аперацыі, матывы асабовай і сацыяльнай дзейнасці, фарміраванне асобасных уласцівасцей і etc. Скажам, сучасны завод і псіхічны стан рабочага або інжынера ва ўмовах перманентнай тэхнічнай мадэрнізацыі вытворчых працэсаў з выхадам у рэальнае сацыяльнае жыццё. А псіхічная адаптацыя спецыяліста (журналіста) да спецыфікі творчасці-вытворчасці з неад’емным элементам — камп’ютэрам і “сусветнай сеткай” — ці не галіна гэта інжынернай псіхалогіі або псіхалогіі кіравання, працы, якая увасабляецца ў публіцыстычна-псіхалагічнай форме падчас праблемных ток-шоў?
Нарэшце, калі публіцыст уздымае праблему адэкватнасці або неадэкватнасці вобразаў сучаснага рэальнага жыцця, якія фарміруюцца ў асобнага чалавека і ўвогуле ў свядомасці грамадства, калі журналіст спрабуе зразумець, што ўплывае на фарміраванне ў чалавека або сацыяльнай групы тых ці іншых пачуццяў, разумовых абагульненняў фактаў жыцця — гэта галіна ўжо псіхагнастычнай псіхалогіі.
Да таго ж, калі мы закранем метады збору інфармацыі (канстатацыя і фіксацыя фактаў жыцця), дык тут ужо наўпростая паралель з метадамі псіхалогіі: назіранне і саманазіранне (персаніфікаваная ацэнка журналістам факта, з’явы, напрыклад, у рэпартажы), эксперымент (ток-шоў як публіцыстычная “мазгавая атака”), метад экспертных ацэнак (каментары спецылістаў), апытанне (класічны метад журналісцкага і псіхалагічнага інтэрв’ю), тэставанне (адбор журналіста па пэўных прафесійных крытэрыях — тэстах) і etc.
Такім чынам, электронны этап у развіцці журналістыкі і масавых інфармацыйна-камунікатыўных зносін толькі завастрыў псіхалагічныя аспекты журналісцкай дзейнасці і зусім шчыльна наблізіў яе да адмысловай “публіцыстычнай” псіхалогіі.
Напачатку электроніка пачала ўздзейнічаць, натуральна, на творча-псіхічны аппарат журналістаў, якія, як прафесіяналы, першымі засвойваюць новыя тэхнічныя магчымасці прафесіі зносін. Менавіта журналісты, дзякуючы новым электронна-тэхнічным магчымасцям, першымі раскрываюць і новыя псіхічныя і псіхалагічныя магчымасці чалавека-камунікатара, асэнсоўваюць новыя інфармацыйна-камунікатыўныя патрэбы ў новых тэхнічных варунках, фарміруюць алгарытмы стварэння новых форм электронных зносін. Зразумела, новыя формы — гэта адаптаваныя, трансфармаваныя ў новых тэхнічных умовах і старыя формы і жанры.
Але, думаецца, трэба зрабіць пэўную дамінанту на псіхіцы менавіта журналіста, які з дапамогай электронікі раскрывае і свае творчыя магчымасці масавай камунікацыі, і як бы падштурхоўвае грамадскую свядомасць да асэнсавання новых масавых інфармацыйна-камунікатыўных патрэб грамадства — аўдыторыі электронных СМІК.
Сёння журналіст, падобна старажытнагрэчаскаму рытару, атрымлівае непараўнальна большы, велізарны форум-тэатр — электроннае асяроддзе, сістэму электроннай камунікацыі. Аўдыторыя журналіста-рытара — электронная зала і трыбуны электроннага форуму — гэта ці не кожная кватэра з экранам, ці не кожнае аўто — з радыёэфірам, па сутнасці, — як мінімум вялікі горад і як максімум кантынент і свет. Таму і псіхіка, і псіхалогія (комплекс прафесійных дынамічных стэрэатыпаў) журналіста непазбежна прыстасоўваюцца да гэтай цыклапічнай сёння прафесійнай дзейнасці. І маштабы сістэмы СМІК і інфармацыйна-камунікатыўных запатрабаванняў патрабуюць адпаведнай колькасці журналістаў, сярод якіх сапраўдных публіцыстаў-рытараў, як заканамерна канстатуе гісторыя, як была, так і застанецца абмежаваная колькасць. Бо гэта “штучны тавар”, сучасны электронны журналіст, як і старажытнагрэчаскі рыторык, як і лідар грамадскай думкі сёння — гэта асоба. Яе прафесійны ўзровень інтэлектуальнай і тэхнічна-псіхалагічнай падрыхтоўкі патрабуе шматкроць большай колькасці спалучаных, сінтэзаваных псіхічна, псіхалагічна, функцыянальна-сенсорна якасцей, чым гэта патрабавалася ў журналістыцы “яшчэ ўчора”. Сучасны электронны журналіст усё больш вылучаецца ў прафесіянала-псіхолага, у задачу якога ўваходзіць не столькі перадача пэўнай колькасці інфармацыі, колькі эмацыянальнае забеспячэнне асяроддзевага існавання аўдыторыі, напаўненне яе “электроннага дому” максімальна прывабнымі інфармацыйна-псіхалагічнымі імпульсамі, творамі псіхалагічнай рэкрэацыі, нарэшце, натуральнае імкненне сучаснага электроннага журналіста — стацца пажаданым жыццёвым “мадэратарам” або “дзіджэем”.
У гэтай якасці журналіст і выкарыстоўвае, дакладней, прыстасоўвае для электроннай камунікацыі старыя і стварае новыя жанры, формы і тэхналогіі. Яны, па сутнасці, з’яўляюцца формай кантактаў псіхік разнастайных людзей, у цэнтры — журналіст і журналістыка як шматгранныя люстэркі, у якіх адбіваецца жыццё людзей і падзеі, звязаныя з імі, і перадаецца тым жа людзям дзеля самаасэнсавання і дзеля стварэння новых сацыяльных мэтаў. Эвалюцыя жанраў, форм і тэхналогій журналістыкі і ўвасабляе, з аднаго боку, агульную эвалюцыю псіхалогіі зносін, якая спакваля акумулюецца і фарміруецца (нараджаецца) ў творчым уяўленні журналіста, з другога, — новыя жанры, формы і тэхналогіі з’яўляюцца і новым інфармацыйна-камунікатыўным рэчышчам, па якім рухаецца да свядомасці аўдыторыі новая форма інфармацыйных зносін, а яны, у сваю чаргу, фарміруюць у аўдыторыі і новыя дынамічныя стэрэатыпы масавай камунікацыі. Электроннай, зразумела. Журналістыка, такім чынам, прыняла на сябе і такую важную функцыю, як функцыя праграмавання ў свядомасці масавай аўдыторыі вонкава-сацыяльных правілаў і форм сацыяльных паводзін на інфармацыйна-камунікатыўным узроўні. У прыватнасці, правілаў засваення электроннага асяроддзя і яго сучаснай эстэтыкі.
Аднак тут узнікаюць вонкава сціплыя пытанні: у імя чаго і каго яшчэ ў Эладзе (і раней) нарадзілася форма вербальнага, красамоўнага пераканання (кадзіравання) форуму дэмакрараў? Дзеля чаго сёння мы развіваем мастацтва публіцыстычнага красамоўства ў эфіры? Што дае нам гэта форма нашага псіхічнага і духоўнага існавання?
На наш погляд, на гэтыя тры амаль рытарычныя пытанні можа быць і тры асноўныя адказы. Па-першае, старажытная і сучасная электронная формы публічнага пераканання ўзніклі і існуюць дзеля забеспячэння палітычных мэтаў дзяржавы або асобных уплывовых сацыяльных груп. І вельмі часта ў цэнтры стаяць элементарныя карысныя мэты — атрымаць і утрымаць уладу і багацце ў рознай яго форме і праяве. Што датычыцца дзяржаўных мэтаў публіцыстыкі і журналістыкі ў цэлым, дык у яе найбольш шчырыя, маральна чыстыя мэты — захаваць і павялічыць сацыяльна-эканамічную трываласць і яе ўсведамленне на ўзроўні масавай грамадскай думкі, падтрымаць нацыянальную сацыяльна-псіхалагічную бяспеку нацыі і дзяржавы. Больш канкрэтна — электронная журналістыка стварае вобразы рацыянальных эканамічных і духоўных мэтаў нацыі і дзяржавы.
Па-другое, электронна-публіцыстычнае красамоўства паводле актуальнай інфармацыі падтрымліваецца аўдыторыяй у якасці попыту дзеля стабілізацыі яе ж сацыяльна-псіхалагічнага стану па схеме:”атрымліваю інфармацыю — ведаю, што здараецца “там, за гарой” — адчуваю жыццё сям’і (племені, нацыі, дзяржавы, свету) — магу быць на час (да наступнага інфарамацыйнага кантакту) спакойны”. Журналіст перадае не толькі факты “з-за гары”, але й падказвае формы адносін да іх (напрыклад, да новага пакалення электронікі, аўдыёвізуальнай тэхнікі), пэўныя правілы і метады карыстання выгодамі натуральнага і штучна-натуральнага асяроддзя (электроннага). Г. зн. журналістыка і яе авангардная псіхалагічная форма — публіцыстыка — інструмент псіхалагічнай стабілізацыі грамадства, у працэсе якой адбываецца абагульненне і асэнсаванне дэструктыўных напружанняў у соцыюме і выпрацоўка агульных грамадскіх захадаў для іх ліквідацыі. Іншымі словамі, гэта частка журналістыкі забяспечвае рух, перспектыву існавання грамадска-нацыянальнага духу і грамадскай свядомасці.
Па-трэцяе, электронная публіцыстыка, як від рытарычнага мастацтва, забяспечвае і чыста эстэтычную патрэбу — жаданне асалоды ад красамоўнай гульні, што значыць забеспячэнне той сферы нашага эмацыянальна-пачуццёвага апарату, які спрацоўвае на “залатое сячэнне” у выяўленчым мастацтве як закон “прыпыненага” руху рэчаў, або на гармонію і меладызм у музыцы, у якой мы адшукваем найбольш узрушальныя або суцяшальныя спалучэнні тонаў і рытмаў, тэмбраў і музычных форм. І нават у вядучага інфармацыйных выпускаў мы адшукваем менавіта гэтыя прыкметы рытарычнай эстэтыкі, у цэнтры якой – гарманізацыя (арфаэпічная, фанетычная, інтанацыйная, граматычная завершанасць, “залатое сячэнне” філалогіі) “моўнай гульні”, “моўнага спектаклю”, нарэшце, прададчуванні спрадвечнага катарсісу, якім ахрысцілі старажытныя грэкі той адмысловы псіхічны стан чалавека пасля перажытай ілюзійнай дзеі-драмы.
Такім чынам, электроніка на новым вітку спіралі развіцця інфармацыйна-камунікатыўных сродкаў масавых зносін пераўтварыла электроннага журналіста ў “глабальнага рытара-камунікатара-публіцыста” з адмысловымі якасцямі псіхолага (а калі-некалі і псіхіятра), а аўдыторыю — у “глабальны форум-тэатр”, што патрабавала істотнай псіхічнай і псіхалагічнай карэкцыі маштабу творчых захадаў журналіста і камунікатыўна-псіхічных намаганняў сучаснай аўдыторыі.
Жанры электроннай журналістыкі пераўтварыліся ў жанры-формы псіхалагічных масавых кантактаў, у якіх інфармацыйна-камунікатыўныя зносіны з’яўляюцца толькі часткай усяго спектру зносін. Значную частку іх сёння складаюць невербальныя элементы — электронныя імпульсы, якія сталіся як бы імпульсамі-лістамі журналістаў-камунікатараў, якія яны ў форме жанраў дасылаюць на адрас асабова-калектыўнай свядомасці аўдыторыі. Жывая думка-абагульненне журналіста ў электроннай сістэме ў выглядзе электронных жанраў, форм і тэхналогій набыла адмысловы, прынцыпова іншы выгляд і характарыстыку масавых зносін. Электроніка сінтэзавалася з псіхікай і набыла якасці напалову натуральнага, напалову штучнага феномена масавых зносін. Па сутнасці, мы маем прэцэдэнт віртуальнага або штучна-натуральнага стварэння працэсу камунікацыі, якая заканамерна набывае якасці перспектыўнай формы нашага інфармацыйнага існавання. Таму і можам мы назваць штучна-натуральную з’яву — стварэнне і спажыванне электроннай інфармацыйна-камунікатыўнай прадукцыі — проста натуральнай як натуральным з’яўляецца і наша электроннае асяроддзе. Пакуль асцярожна, але можам сказаць, што сучасная сістэма масавых электронных зносін і жывы, “натуральны” чалавек у цэнтры — гэта пэўны правобраз “інфармацыйнага кібера” (або “інфармацыйнага гуманоіда”), у якім прыродна-натуральная свядомасць і інтэлект чалавека сінтэзаваны з электронікай у адно інфармацыйна-камунікатыўнае ўтварэнне. Электронная сістэма сталася неад’емным прыдаткам свядомасці і псіхікі чалавека. Мы ўвайшлі у новае стагоддзе і тысячагоддзе не толькі фізічна і гістарычна — каляндарна-этапна, але і з прынцыпова новай, іншай праблемай і умовай — этапам і эпохай жыцця як, перадусім, інфармацыйна-псіхалагічнага працэсу, у якім электронная журналістыка заклікана выконваць траістую функцыю: сацыяльна-эканамічнай і культурнай псіхааналітыкі, псіхааналізу (на ўзроўні індывіда, сацыяльных груп, нацыянальнай дзяржавы) і псіхатэрапіі паводле сучаснасці і, галоўнае, перспектывы.