Электронная журналістыка як род прафесійнай дзейнасці.
Як сведчыць сучасны творча-вытворчы журналісцкі працэс, інтэлектуальныя высілкі былі і будуць непарыўна звязаны з адаптацыяй журналісцкага працэсу да менавіта электронна-тэхнічнай сістэмы апасродкаваных масавых зносін. І паняцце журналістыкі ў сістэме вяшчання таму найбольш змястоўна, семантычна адпавядае разуменню гэтай і такой прафесійнай журналісцкай дзейнасці, як дзейнасці хаця і інтэлектуальнай, але, перадусім, “электроннай”, бо найбольш дакладна вызначае сутнасць і ўнутраныя заканамернасці журналісцкага працэсу, які выкрышталізаваўся ў заканамернай сувязі і пад уздзеяннем сучаснага этапу навукова-тэхнічнага прагрэсу — электроннага. А ён, як вядома, уключае таксама і паняцце эфіру як фактара адносна статычнага, таму і другаснага, у той час, як паняцце электронікі — паняцце руху, змянення, эвалюцыі. Да таго ж і РВ, і ТБ, і Інтэрнет выкарыстоўваюць эфірную прастору, таму з такой жа падставай можна было б назваць сеткавую журналістыку, як і радыё- і тэлежурналістыку, таксама “эфірнай”, але гэта не адпавядала б пераважнай, намінальнай і дамінантнай якасці працэсу, які фарміраваўся і развіваецца дзякуючы не эфіру, але працэсу электроннаму, хаця і з неад’емным элементам — эфірам. Мы ж не называем акустычныя працэсы, якія адбываюцца ў эфіры і пазначаюць законы праяўлення гукавай вібрацыі ў эфірнай прасторы, працэсамі эфірнымі. З другога боку, напрыклад, паняцце космасу і касмічнай дзейнасці хаця і шчыльна звязана з законамі электронікі і без яе проста немагчыма, аднак у сістэме паняццяў “космас” з’яўляецца дамінуючым, вызначальным, калі гаворка ідзе пра дзейнасць, звязаную з космасам, таму і ўсталяваліся паняцці “касмічная медыцына”, “касмічная зброя”, “касмічная біялогія” і etc. У бліжэйшай будучыні нас чакае і касмічная журналістыка, якая, хаця і будзе таксама працэсам электронным, але ў ім дамінуючым, вызначальным элементам будзе паняцце космасу як пераважнай характарыстыкі зместу і асяродку.
У нашым выпадку, менавіта сістэма электроннай сувязі стварыла сваю ўласную субпрастору, якая ўключае натуральную прастору эфіру як неад’емны складнік прасторы электроннай. І электронная субпрастора цяпер праявіла свае спецыфічныя заканамернасці, якія трэба ўлічваць і выкарыстоўваць у фарміраванні алгарытмаў масавых зносін у рэчышчы менавіта электроннай журналістыкі, а не “эфірнай”, што семантычна недакладна і змястоўна расплывіста. Да заканамернасцей электроннай субпрасторы адносяцца, па-першае, згаданая вышэй электронна-тэхнічная сістэма, якая выконвае прасторавыя функцыі дзеля трансляцыі і кадзіравання-раскадзіравання прадуктаў журналістыкі. Электронная сістэма заканамерна “падмяніла” базавы носьбіт, у рэчышчы і межах якога раней натуральная прастора эфіру выконвала функцыі носьбіта інфармацыі без пасрэднікаў. Сёння і, тым больш, заўтра не эфір і не аналагавы спосаб перадачы інфармацыі, але электронная сістэма ажыццяўляе і будзе ажыццяўляць на бліжэйшую перспектыву такую перадачу з дапамогай лічбавай кадзіроўкі-раскадзіроўкі інфармацыі і з’яўляецца вызначальнай, функцыянальна базавай для стварэння паняцця сучаснай электроннай журналістыкі. Электронная сістэма ў працэсе татальнага яе распаўсюджвання з пасрэдніка пераўтварылася ў штучную субстанцыю, якая цяпер і ёсць электроннае асяроддзе, падобна прастораваму асяроддзю, яна і ёсць “эфір”.
Па-другое, новая тэхнагенная (электронная) прастора і апасродкаваныя масавыя зносіны заканамерна паўздзейнічалі на эвалюцыю псіхалогіі індывіда, які цяпер існуе яшчэ і ў электронным асяроддзі і свае камунікатыўныя кантакты з грамадствам ажыццяўляе, перадусім, праз і з дапамогай электроннай сістэмы зносін — электроннага асяроддзя. А татальнасць электронікі, у сваю чаргу, фарміруе прынцыпова іншыя, новыя дынамічныя стэрэаныпы масавых зносін і ўвогуле стэрэатыпы сацыяльнай псіхалогіі, якая складваецца пад уздзеяннем магутнага электра-магнітнага і электроннага поля — электроннага вяшчання.
Значыць, здаровая логіка ўсяго сучаснага працэсу масавых зносін, якія забяспечваюцца электроннай сістэмай і творчасцю журналістаў, няўмольна дыктуе выснову: журналістыка, якая ў працэсе сваёй эвалюцыі ў рэчышчы развіцця радыёвяшчання і тэлебачання, а таксама Інтэрнету, атрымала заканамерна адпаведныя адгалінаванні, набыла прыкметы родавага вызначэння. Віды журналістыкі — радыё-, тэле-, Web-(сеткавая) журналістыка стварылі род электроннай журналістыкі.
Сістэма сучаснай журналістыкі. Як вынікае з вышэйсказанага, журналістыка ў працэсе сваёй эвалюцыі атрымала заканамерныя прафесійныя адгалінаванні, якія набылі прыкметы родавага вызначэння. Віды журналістыкі — радыё-, тэле-, вэб-(сеткавая) журналістыка стварылі групу (род) электроннай журналістыкі.
У якасці вывадаў па гэтым раздзеле першай главы дадзім схему сістэмы журналістыкі як камунікатыўнага інстытута і інструмента масавых інтэлектуальна-інфармацыйных зносін на сучасным этапе сацыяльнага і навукова-тэхнічнага развіцця:
Прэсжурналістыка
Фотажурналістыка род прэсжурналістыкі
віды
Кінажурналістыка
журналістыкі
Радыёжурналістыка
Тэлежурналістыка род электроннай журналістыкі
Вэбжурналістыка
Кінажурналістыка у нашай схеме не ўваходзіць ні ў адзін з асноўных сучасных родаў журналістыкі, таму што як самастойны і вызначальны від прафесійнай дзейнасці кінажурналістыка функцыянавала абмежаваны гістарычны перыяд ад свайго ўзнікнення да часу трывалага праяўлення спецыфічных якасцей тэлежурналістыкі і прынцыповага інструмента зносін — тэлеэкрана. Спецыфіку кінажурналістыкі вызначалі яе галоўныя элементы — кінастужка, экран і сістэма “стварэнне—спажыванне” прадукту кінажурналістыкі. Развіццё відэа і тэлебачання няўмольна зменшылі сферу вызначальных праяў кінажурналістыкі і пераўтварылі яго ў відэапрацэс і відэапубліцыстыку, прадукты якіх ствараліся і ствараюцца хаця і на кінастужцы, але тэхналогія здымкаў, мантажу сёння ўжо амаль не абыходзіцца без відэаэлектроннай тэхналогіі, а прадукты кінажурналістыкі пераводзяцца на відэаносьбіты і тыражуюцца, у асноўным, праз сістэму тэлебачання. Такім чынам, прадукты кінажурналістыкі становяцца тэлепрадуктумі з усімі неабходнымі і неад’емнымі спецыфічнымі электроннымі якасцямі, канчатковай спажывецкай мэтай якіх з’яўляееца ўжо сістэма тэлебачання. Тут паўстае лагічнае пытанне: знікненне кінажурналістыкі і яе зліццё-пераўтварэнне ў тэлежурналістыку заканамернае? Адказ: гісторыя цывілізацыі сведчыць, што ўсё прыдуманае чалавецтвам, хаця і саступае новаму, але канчаткова не адмірае. У нашым канкрэтным выпадку кінажурналістыка заканамерна выкарыстоўвае электронныя тэхналогіі, аднак мае свае вобразна-псіхалагічныя і мэтава-функцыянальныя вызначальныя якасці і адзнакі. Перш за ўсё псіхолага-эстэтычны фактар — калектыўныя “сны на сцяне”. Наўрад ці адмовіцца чалавецтва ад непаўторнага калектыўнага псіхалагічнага і энергетычнага стану, які нараджаецца ў чалавека падчас калектыўнага суперажывання нейкай інфармацыйна-камунікатыўнай, інтэлектуальнай дзеі ў адной абмежаванай прасторы — зале, форуме, плошчы “тут і ў гэты час”. І вызначальная адметнасць спецыфікі кінажурналістыкі пакуль такімі складнікамі і характарызуецца — кіназалай, у якой чалавек калектыўна стварае пэўную інтэлектуальна-эмацыянальную энергетыку, “справакаваную” прадуктумі кінажурналістыкі. Прыкладам падобнай трансфармацыі з’яўляецца Realiti TV.
Што тычыцца нашай класіфікацыі ў рэчышчы электронікі, дык па сучаснай тэхналогіі кінажурналістыку й можна было б аднесці да роду электроннай журналістыкі, але па такой логіцы ці не ўся наша грамадска-тэхнічная рэчаіснасць можа быць названа электроннай, бо няма сучасных сфер прамысловасці, некаторых відаў мастацтва — усяго нашага жыцця без прымянення электронікі. Таму мы вымушаны ісці на чарговую ўмоўнасць і класіфікаваць кінажурналістыку як адзіны і эксклюзіўны прэцэдэнт у гісторыі журналістыкі, які пакуль не можа быць пэўна аднесены да роду электроннай журналістыкі, бо пакуль вызначальнымі якасцямі кінажурналістыкі з’яўляецца не электроніка, а традыцыйныя функцыянальна-псіхалагічныя элементы — кіназала, калектыўны прагляд і, адпаведна, спецыфіка псіхалогіі калектыўнага ўспрыняцця прадуктаў кінажурналістыкі. Як толькі гэты прадукт адаптуецца для сістэмы тэлебачання, ён непазбежна і заканамерна набывае вызначальныя рысы тэлепрадукту. Як, у сваю чаргу, і тэлепрадукт, які выкарыстоўваецца ў глядзельнай зале, набывае псіхолага-функцыянальныя якасці кіно.
У працэсе электроннай адаптацыі апынулася, натуральна, і прэсжурналістыка. У многім гэты працэс ідзе паралельна, а лепш сказаць, насустрач развіццю вэбжурналістыкі, аснову якой стварае, перш за ўсё, вербальны тэкст. І тут зноў ўзнікае ці не сакраментальнае пытанне: калі так агрэсіўна наступае электроніка, дык “архаічная” прэсжурналістыка павінна знікнуць? У адказ зноў пацвердзім, што ўвесь вядомы нам сёння працэс навукова-тэхнічнага прагрэсу і ўвогуле развіццё цывілізацыі, да таго нават наша сціплае даследаванне генезісу журналістыкі і яе электроннага этапу даказвае чарговую заканамернасць: нішто вынайдзенае і створанае чалавекам не знікае, а набывае толькі новыя якасці ў бясконцым руху нашых чалавечых зносін.