Эвалюцыйныя працэсы ў інфармацыйным абмене грамадства.
Навукова-тэхнічны прагрэс паступова “падвёў” чалавецтва да новага паняцця і катэгорыі: “электронная журналістыка” і “электронныя сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі” (або “электронныя масмедыя”). І перад намі паўстала чарговая актуальная неабходнасць тэарэтычнага разгляду і характарыстыкі паняцця электроннай журналістыкі. Новая колькасць радыё-, тэле-, электронных прыстасаванняў, прыбораў, тэхнічных сістэм для забеспячэння інфармацыйных зносін надала гэтаму працэсу новую электронную якасць і, адпаведна, неабходнасць новага якаснага асэнсавання гэтай новай колькасці навукова-тэхнічных удасканаленняў на тэарэтычным (свядомасным) і практычным узроўнях. Таму трэба асэнсаваць, па-першае, рэальныя новыя інтэлектуальныя магчымасці новай тэхнічнай якасці інфармацыйна-журналісцкага працэсу і, па-другое, асэнсаваць перспектыву, г.зн. паставіць новыя інтэлектуальна-тэхнічныя задачы ўсё ў тым жа навукова-тэхнічным накірунку. Словам, неабходна рашыць чарговую тэарэтычную задачу — апісаць і стварыць новыя, адэкватныя новай якасці сучаснага інфармацыйнага працэсу, паняцці.
Неабходнасць тэарэтычнага асэнсавання і характарыстыкі паняццяў і тэрмінаў сучаснай журналістыкі спарадзіла практыка — эвалюцыя журналістыкі пад уздзеяннем навукова-тэхнічнага прагрэсу і, асабліва, татальнага укаранення электронікі. Рэальная практыка радыёвяшчання і тэлебачання, Інтэрнет стварыла ўмовы, прыёмы, метады, формы і тэхналогіі, істотна адрозныя ад усяго, што было раней уласціва толькі “друкаванай”журналістыцы. Разгалінаванне журналістыкі на віды, а затым згуртаванне разнастайных відаў у родавыя групы журналістыкі вылучыла шэраг сэнсавых і лінгвістычных недакладнасцей, паняційных праблем. Нарэшце, паўсталі праблемы практычнага ўжывання прафесійных тэрмінаў разнастайных відаў журналістыкі, якія сталі стыхійна нараджацца і не заўсёды дакладна ўжывацца ў тым ці іншым прафесійным кантэксце. Напрыклад, з мэтай адрозніць спецыфічную і звыклую радыё- і тэлежурналістыку ад не менш спецыфічнай электроннай працэдуры “сеткавых зносін” у Інтэрнэце ў апошні час сталі ужывацца тэрміны “эфірная журналістыка”, “аўдыёвізуальная журналістыка”, якія, маўляў, адлюстроўваюць прафесійную дзейнасць менавіта радыё- і тэлежурналістаў, а тэрмін “электронная журналістыка” быццам бы больш адпавядае дзейнасці, якая звязана з Інтэрнетам. Да таго ж сталі распаўсюджвацца тэрміны “web-“, “кібер-”, “сеткавая”, “онлайнавая журналістыка”.
Як вядома, напачатку тэрмін “журналістыка” пазначаў адзіны від журналісцкай дзейнасці — тэкставую творчасць дзеля забеспячэння сістэмы перыядычнага друку, прэсы. Аднак практычнае ужыванне не толькі вышэйзгаданых тэрмінаў, але і самога базавага тэрміну і паняцця “журналістыка”, увайшло ў супярэчнасць з рэальнай практыкай — разгалінаваннем і суіснаваннем разнастайных відаў журналістыкі. І цяпер мы можам гіпатэтычна сцвярджаць, што масавыя інфармацыйна-камунікатыўныя зносіны і інфармацыйны абмен у грамадстве забяспечваюць не асобныя адрозныя віды журналістыкі, але іхняя сукупнасць – рэальная пэўная сістэма відаў журналістыкі. Больш таго, мы можам сцвярджаць, што гэтыя разнастайныя віды даволі выразна ўтварылі родавыя групы відаў журналістыкі па тэхнічна-тэхналагічных прыкметах фіксацыі, кадзіравання, распаўсюджвання, раскадзіравання і ўспрыняцця інфармацыі — віды (род) журналістыкі ў сістэме перыядычнага друку і віды (род) журналістыкі ў сістэме электронных аўдыёвізуальных сродкаў. Таму, калі мы бярэмся за асэнсаванне і ўдакладненне сучаснага паняцця “электронная журналістыка”, гэта непазбежна цягне за сабой і ўвесь стос — неабходнасць сучаснага тэарэтычнага пераасэнсавання сістэмы паняццяў і тэрмінаў усёй журналістыкі.
Аднак пачнём з галоўнага: эвалюцыя сістэмы журналістыкі, уся яе гісторыя, яе сучасныя разгалінаванні з’яўляюцца вынікам дыялектычнай узаемазалежнасці тэхнікі і форм інфармацыйных зносін. Па сутнасці, гэта дыялектычная ўзаемазалежнасць у эвалюцыі журналістыкі і ўвогуле сістэмы масавых зносін ёсць адлюстраванне закона філасофіі — перахода пэўнай колькасці ў новую якасць. Гэта ўтвараецца ў выглядзе сістэмы своеасаблівага “вечнага рухавіка” – перманентнага ўзаемастымулявання асобных яго частак. З аднаго боку, гэта патрэбы інфармацыйна-камунікатыўнага абмену ў грамадстве, з другога, — бесперапынны працэс развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу ў выглядзе спецыфічных “інструментаў” масавых зносін — матэрыяльна-тэхнічных прыстасаванняў дзеля фіксацыі, перадачы і прыёму разнастайнай інфармацыі, у прыватнасці, у выглядзе прадуктаў журналістыкі. З цягам часу назапашваецца пэўная колькасць новых навукова-тэхнічных прыстасаванняў, якая дае пэўную новую якасць інфармацыйнага абмену. У інфармацыйным абмене таксама адбываецца працэс намнажэння пэўнай колькасці інфармацыйна-камунікатыўных (інтэлектуальных) патрэб. Узнікаюць новыя віды, формы і тэхналогіі інтэлектуальных зносін і, адпаведна, новыя інфармацыйныя патрэбы, якія падштурхоўваюць чарговыя творчыя захады, мастацка-эўрыстычныя адкрыцці — формы, жанры, тэхналогіі журналісцкай і грамадска-камунікатыўнай творчасці. Гэты рух форматворчасці ў журналістыцы і сістэме масавай камунікацыі ставіць новыя задачы ў галіне тэхнічнага забеспячэння тых новых творча-камунікатыўных задач і etc. да бясконцасці.
Іншымі словамі, розум, інтэлект (“спачатку было слова”) “дыктуе” развіццё тэхнікі і стварэнне новых тэхнічных прыстасаванняў дзеля зносін; новыя тэхнічныя магчымасці “стымулююць” пошукі інтэлекта ў стварэнні новых форм зносін (жанраў, форм, тэхналогій), што “прапануюць” новыя тэхнічныя магчымасці і etc.
Такім чынам, уся гісторыя журналістыкі, яе эвалюцыя, яе сучасныя разгалінаванні з’яўляюцца вынікам заканамернага дыялектычнага ўзаемаўздзеяння дзвюх сістэм: сістэмы інфармацыйна-камунікатыўных (інтэлектыальных) патрэб і сістэмы навукова-тэхнічнага прагрэсу. У гэтай дыялектычнай узаемасувязі, тым не менш, трэба паставіць акцэнт на першынстве інтэлектуальнага пачатку, бо менавіта інтэлектуальныя патрэбы зносін спарадзілі і спараджаюць вынаходніцтвы тэхнічнага забеспячэння перадачы інфармацыі на адлегласць і магчымасці яе тыражавання. Матэрыяльна-тэхнічныя прыстасаванні ўсё ж другасныя і з’яўляюцца вынікамі інтэлектуальнай волі, якая ўвасабляецца ў тых тэхнічных прыстасаваннях. У згаданым намі працэсе ўзаемаўздзеяння тэхнічныя сродкі масавай камунікацыі выконваюць ролю адно толькі “тэхнічнага факта”, яны індыферэнтныя, як усё, вытворнае творчай воляй, “жалеза” (тэхнічныя сістэмы радыё, тэлебачання, электронікі). Сапраўдным рухавіком таго дыялектычнага працэсу была і застанецца менавіта ітэлектуальная воля, дух, розум, інтэлектуальная патрэба, якія на падставе магчымасцей тэхнічна-электронных прыстасаванняў паступова фарміруюць новыя інфармацыйна-інтэлектуальныя патрэбы (або інтэлектуальна-валявы імпульс) у сістэме “свядомасць—тэхніка”і etc.
Менавіта гэты дыялектычны працэс таксама заканамерна паспрыяў дыферэнцыяцыі відаў і родаў журналістыкі, на якія яна разгалінавалася. Сёння мы маем трывалую сістэму відаў журналістыкі, дастаткова адрозных адна ад адной.
Цяпер мы можам адзначыць, што ў эвалюцыйным працэсе журналістыкі даволі трывала вызначаюцца два асноўныя перыяды: прэсавы і тэхнагенны. Прэсавы або “газетна-часопісны” перыяд доўжыўся тры стагоддзі — ад пачатку XVII да пачатку ХХ ст. Тэхнагенны перыяд пачынаецца ад пачатку ХХ ст., калі ўзнікла, спачатку радыё-, а затым кіна- і тэлежурналістыкі, дыферэнцыяцыя якіх адбывалася пад уздзеяннем тэхнічных вынахоніцтваў і радыёэлектронных прыстасаванняў.