Адукацыя, навука, культура ў 1990-2000-я гг.

Пасля набыцця дзяржаўнай незалежнасці Беларусі пачынаецца працэс станаўлення самастойнай сістэмы адукацыі, навукі, культуры. На дадзены працэс аказалі істотны ўплыў:

- дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця;

- актывізацыя адукацыйных, навуковых, культурных кантактаў з замежнымі краінамі;

- камерцыялізацыя духоўнай сферы жыцця грамадства.

3 мэтай стварэння спрыяльных умоў для далейшага развіцця адукацыі ў 1991 г. быў прыняты Закон аб адукацыі. Ён гарантаваў стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы, арыентаваў на агульначалавечыя каштоўнасці. 3 1998 г. пачалася рэформа агульнаадукацыйных школ: ажыццяўляўся пераход школ на 12-гадовае навучанне, у тым ліку абавязковае 10-гадовае. Узніклі новыя формы навучальных устаноў: гімназіі, ліцэі, каледжы.

У 1990-я гг. пашырылася сетка вышэйшых навучальных устаноў. Сістэма дзяржаўнай вышэйшай адукацыі Беларусі аб’яднала 44 універсітэты і акадэміі. Акрамя таго, узніклі 20 недзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў, з якіх захавалася з часам 12. Значна ўзрастае колькасць асоб, якія атрымалі вышэйшую адукацыю. Так, у 2004 г. студэнтам стаў амаль кожны другі выпускнік сярэдняй школы. Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 тыс. насельніцтва Беларусь выйшла на сярэднееўрапейскі ўзровень (300 чалавек), што з’яўляецца найвышэйшым паказчыкам у гісторыі нашай краіны.

Ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага крызісу 1991-1995 гг. тэмпы развіцця навуковага патэнцыялу знізіліся: колькасць супрацоўнікаў, занятых у навуцы, паменшылася ў 2 разы, а фінансаванне з дзяржбюджэту – у 4 разы. Разам з тым, у структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з’явіліся новыя навуковыя ўстановы: інстытуты праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, радыёбіялогіі, сацыялогіі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў і інш. У 1993 г. Інстытут ядзернай энергетыкі быў пераўтвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс “Сосны”, у склад якога ўвайшлі Інстытут праблем энергетыкі, Інстытут радыяцыйных фізіка-хімічных праблем і Інстытут радыёэкалагічных праблем. Роля вядучай навуковай установы нададзена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у якой сканцэнтравана каля 70% фундаментальных даследаванняў краіны. Навука вызваляецца з-пад дробязнай рэгламентацыі органаў дзяржаўнай улады.

Для развіцця беларускай мастацкай культуры характэрны адыход ад афіцыйнага стылю “сацыялістычнага рэалізму”; плюралізм жанраў і стыляў мастацкага адлюстравання з’яў рэчаіснасці, творчы пошук не толькі на аснове ўласных традыцый, але і сусветных тэндэнцый.

У беларускай літаратуры 1990-2000-х гг. ідзе адраджэнне стыляў мінулых літаратурных эпох, фарміруюца накірункі мадэрнізму і постмадэрнізму. Узнікае вялікая колькасць новых літаратурных аб’яднанняў. Найбольш распаўсюджанымі жанрамі мастацкай літаратуры з’яўляюцца:

- адлюстраванне сацыяльных з’яў рэчаіснасці;

- адлюстраванне гістарычнага мінулага;

- маральна-этычная праблематыка і г.д.

Найбольш значныя прадстаўнікі беларускай літаратуры на сучасным этапе: Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Святлана Алексіевіч, Ніл Гілевіч, Леанід Дайнека, Алесь Дудараў, Вольга Іпатава, Алесь Разанаў, Іван Пташнікаў і інш.

Аналагічныя працэсы адбываюцца ў сферы тэатральнага і музычнага мастацтва. Традыцыйным стала правядзенне музычных фестываляў. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца штогадовы міжнародны фестываль “Славянскі базар” у Віцебску.

У выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся плюралістычныя тэндэнцыі. Адкрыліся недзяржаўныя галерэі “Арт-творчасць”, “Віта-нова”, “Жыльбел”, “Верхні горад” і інш. З’явіліся неафіцыйныя творчыя аб'яднанні. Традыцыйна высокім прафесіяналізмам вызначаецца беларуская школа графікі, у тым ліку работы В. Шаранговіча, Ю. Герасіменкі-Жызнеўскага і інш. Шырокую вядомасць атрымалі мастакі М. Савіцкі,М.Селяшчук і А.Ксяндзоў. Традыцыі беларускай школы скульптуры працягваюць В. Борзды, В.Ковач, К. Селіханаў, У. Жбанаў.

Акрамя стварэння новых культурных каштоўнасцей перад грамадствам паўстала пытанне захавання гістарычнай спадчыны. У маі 1993 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Помнікі культурней спадчыны сканцэнтраваны ў 138 музеях і іх філіялах - гістарычных, краязнаўчых, гісторыка-археалагічных, літаратурна-мемарыяльных, мастацкіх.

Апошнім часам адраджаецца і актыўна развіваецца каля 40 відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзейнічае больш за 50 клубаў і дамоў рамёстваў, творчых майстэрняў народных майстроў.

Такім чынам, у перыяд пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі адбываецца працэс дэмакратызацыі ў галіне адукацыі, навукі, культуры; духоўная сфера жыцця беларускага грамадства ўключаецца ў сусветныя сацыяльна-культурныя працэсы.

 

Асноўныя паняцці:

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, Закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”, Рэспубліка Беларусь, дзяржаўныя сімвалы РБ, Закон аб грамадзянстве РБ, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Узброеныя Сілы РБ, парламенцкая рэспубліка, Вярхоўны Савет ХІІ склікання, Савет Міністраў, шматпартыйнасць, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прэзідэнт, Канстытуцыйны Суд РБ, прэзідэнцкая рэспубліка, рэферэндум 1995 г., Вярхоўны Савет ХІІІ склікання, рэферэндум 1996 г., новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дэкрэты, Нацыянальны сход РБ, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, стабілізацыя дзяржаўнай улады, рэферэндум 2004 г., бяз’ядзерная, нейтральная дзяржава, шматвектарная знешняя палітыка, глабалізацыя, Выканаўчы камітэт СНД, Саюз Беларусі з Расіяй, Адзіная эканамічная прастора, ЕўразЭС, “Усходняе партнёрства”, радзяржаўленне, прыватызацыя, лібералізацыя цэн, рыначная інфраструктура, Нацыянальны банк, беларускі рубель, эканамічны крызі 1991-1995 гг., эканамічны ўздым 2000-2008 гг., сумесныя прадпрыемствы, замежныя інвестыцыі, свабодныя эканамічныя зоны.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Калі была ўхвалена Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі? Дайце агульную характарыстыку дадзенага дакумента. Якія падзеі абумовілі яго з’яўленне?

2. Калі Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі набыла статус канстытуцыйнага закона? Якія падзеі гэта абумовілі?

3. Якія дзяржаўна-палітычныя пераўтварэнні былі праведзены ў Беларусі пасля правалу жнівеньскага путчу?

4. Калі афіцыйна спыніў сваё існаванне СССР? Які ўдзел у гэтым прыняла кіраўніцтва Беларусі?

5. Якім чынам адбываўся працэс фарміравання інстытутаў і органаў кіравання незалежнай беларускай дзяржавы?

6. Якую рэакцыю атрымала абвяшчэнне незалежнасці Беларусі на міжнароднай арэне?

7. Якія асноўныя перыяды можна вылучыць у грамадска-палітычным развіцці Рэспублікі Беларусь у 1990-2000-я гг.? У чым іх спецыфіка?

8. Вызначце асаблівасці функцыянавання органаў дзяржаўнай улады РБ у перыяд парламенцкай рэспублікі.

9. Якія працэсы характарызуюць грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў першай палове 1990-х гг.? Якія склаліся ў гэты перыяд асноўныя грамадска-палітычныя сілы?

10. Назавіце буйнейшыя палітычныя партыі Беларусі, якія склаліся ў першай палове 1990-х гг.

11. Калі была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь? Дайце агульную характарыстыку першай рэдакцыі Асноўнага закона.

12. Калі адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі? Якім чынам была пераўладкавана сістэма дзяржаўнай улады пасля 1994 г.?

13. Якія пытанні выносіліся на рэферэндумы 1995 і 1996 гг.? Якімі былі палітычныя наступствы гэтых рэферэндумаў?

14. Якім чынам арганізавана сістэма дзяржаўнай улады ў РБ паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1996 г.?

15. Дайце агульную характарыстыку грамадска-палітычнага жыцця ў РБ у 1996-2010 гг. назавіце буйнейшыя палітычныя падзеі гэтага перыяду.

16. Вызначце асноўныя накірункі знешняй палітыкі РБ у 1990-2000-я гг.

17. У склад якіх міжнародных арганізацый увайшла Беларусь пасля абвяшчэння незалежнасці? Якія гэта мела знешнепалітычныя вынікі?

18. Якое месца займае Беларусь у сусветным працэсе глабалізацыі? Падумайце, якія могуць быць перспектывы міжнароднай дзейнасці РБ у дадзеным кантэксце?

19. Якую ролю адыграла Беларусь у фарміраванні і дзейнасці СНД? Якія органы СНД знаходзяцца на тэрыторыі РБ?

20. Дайце агульную характарыстыку адносін Беларусі з Расіяй у 1990-2000-я гг. Вызначце дасягненні і няўдачы ў працэсе дзяржаўнай інтэграцыі Беларусі і Расіі?

21. У склад якіх інтэграцыйных структур, утвораных на тэрыторыі былога СССР, уваходзіць РБ?

22. Які характар маюць адносіны Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза? Што такое “Усходняе партнёрства”?

23. Назавіце краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, з якімі наладжана цеснае сцпрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь.

24. Вызначце асноўныя накірункі рэфармавання сацыяльна-эканамічнай сістэмы Беларусі пасля набыцця незалежнасці РБ?

25. Укажыце асноўныя праявы сацыяльна-эканамічнага крызісу 1991-1995 гг. Вызначце прычыны крызісу.

26. Якія змены ў структуры ўласнасці адбыліся ў эканоміцы РБ у першай палове 1990-х гг.?

27. Дайце характарыстыку сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў РБ у другой палове 1990х гг. Якія меліся пазітыўныя і негатыўныя рысы ў эканамічным развіцці дадзенага перыяду?

28. Вызначце асноўныя прыярытэты дзяржаўнай эканамічнай палітыкі ў 2000-я гг.

29. Прааналізуйце дынаміку эканамічнага росту ў 2000-2008 гг. Вызначце сектары эканомікі, якія найбольш паспяхова развіваліся ў гэты перыяд?

30. Укажыце асноўныя прычыны эканамічнага ўздыму 2000-2008 гг.

31. Вызначце асаблівасці сацыяльна-эканамічнай сістэмы Беларусі на сцчасным этапе.

32. Які характар мае структура прамысловасці Беларусі ў сучасны перыяд? Якія галіны прамысловасці найбольш эфектыўна развіваюцца ў 2000-я гг.?

33. Дайце агульную характарыстыку знешнеэканамічнай дзейнасці РБ у 2000-я гг.

34. Якія дзяржавы з’яўляюцца асноўнымі знешнеэканамічнымі партнёрамі Беларусі на сучасным этапе?

35. Вызначце асноўныя асаблівасці развіцця духоўнай сферы грамадства ў Беларусі ў 1990-2000-я гг.

36. Якія змены адбываюцца ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі ў 1990-2000-я гг.?

37. Ахарактарызуйце становішча беларускай навукі ў 1990-2000-я гг.

38. Якія асноўныя тэндэнцыі можна вылучыць у развіцці мастацкай культуры Беларусі ў 1990-2000-я гг.

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Фарміраванне інстытутаў і атрыбутаў незалежнай дзяржавы ў Беларусі.

2. Палітычныя партыі ў Беларусі ў 1990-2000-я гг.

3. Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных інстытутаў у незалежнай РБ.

4. Нацыянальныя меншасці ў РБ у 1990-2000-я гг.

5. Роля Беларусі ў стварэнні дзейнасці Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

6. Палітычныя і эканамічныя ўзаемаадносіны Беларусі з краінамі Еўрапейскага Саюза ў 1990-2000-я гг.

7. Развіццё фінансава-крэдытнай сістэмы ў незалежнай Беларусі.

8. Дзейнасць свабодных эканамічных зон у Беларусі ў 1990-2000-я гг.

9. Эвалюцыя адукацыйнай сістэмы Беларусі ў 1990-2000-я гг.

10. Беларуская навука на сучасным этапе: дасягненні, цяжкасці, перспектывы.