Развіццё сельскай гаспадаркі і феадальных адносін.
Саслоўная структура гармадства.
Развіццё гарадоў, рамяства і гандлю. Магдэбургскае права.
Аграрная рэформа 1557 г. Станаўленне фальваркавай сістэмы.
Развіццё сельскай гаспадаркі і феадальных адносін.
Тэма 4: Сацыяльна-эканамічнае развіцце ВКЛ 14 - 16 стст.
Асноўнымі заняткамі насельніцтва ў 14 – 16 стст. застаюцца земляробства, жывёлагадоўля і хатняе рамяство. Асноўная сельскагаспадарчая культура – жыта. Таксама вырошчваліся ячмень, пшаніца, авёс, лён, проса, каноплі, гародніна. Асноўныя прылады земляробчай працы – драўляная двурогая саха, плуг, барана. Асноўная цяглая жывёла – коні (на ўсходзе), валы (на захадзе). Пераважныя віды агратэхнікі – трохполле і двухполле. У паўднёвых і лясістых раёнах працягвала месцамі існаваць падсечна-агнявое земляробства.
Вярхоўным уласнікам усіх зямель ВКЛ намінальна лічыўся вялікі князь.
Паводле спосабу ўладання землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя.
Дзяржаўныя землі падзяляліся на дзве катэгорыі:
– воласці (ворныя землі былі ў асабістым карыстанні сялян, астатнія выкарыстоўваліся калектыўна);
– гаспадарскія двары (належалі непасрэдна князю, кіраваліся яго адміністрацыяй і забяспечвалі княжацкі двор і казну ўсім неабходным).
Шляхі пашырэння прыватнага землекарыстання:
- падараванні з боку вялікага князя або буйных феадалаў сваім васалам ці царкве (каталіцкай або праваслаўнай);
- купля-продаж;
- залога (застава) з наступным адчужэннем.
Удзельная вага прыватнага землекарыстання павялічваецца з 30% у 14 ст. да 65% у 16 ст.
Формы прыватнага феадальнага землеўладання:
1) на пэўны час;
2) пажыццёва або на працягу некалькіх пакаленняў;
3) на вечнасць.
Прыватнае землеўладанне пераважае на захадзе ВКЛ; дзяржаўнае - на ўсходзе.
На працягу 14-16 стст. умацоўвалася прывілеяванае становішча феадальнага землекарыстання. Агульнадзяржаўныя прывілеі 1387, 1413, 1434, 1447 гг., Статуты ВКЛ гарантавалі недатыкальнасць прыватных маёнткаў, вызваленне ад натуральных і грашовых падаткаў, мытных збораў і г.д. Утвараюцца вялікія латыфундыі буйных феадалаў (Радзівілы, Гаштольды, Кішкі, Глябовічы, Валовічы, Друцкія, Астрожскія і г.д.).
Асноўнай адзінкай сялянскай гаспадаркі і адначасова адзінкай падаткаабкладання з’яўляўся сялянскі двор – “дым”. З некалькіх дымоў утваралася сельская абшчына (грамада). Яна арганізоўвала размеркаванне ворыва і сенакосаў паміж дымамі, выплату падаткаў і выкананне павіннасцяў. Абшчыне належылі выганы, сенажаці, рыбныя ловы, лясныя ўваходы. На агульных сходах абшчыны выбіраліся старцы, дзесяцкія, соцкія, якія арганізоўвалі абшчынае жыццё: унутранае размеркаванне зямлі, расклад павіннасцяў пры захаванні кругавой парукі, копны (абшчынны) суд. Сялянская гаспадарка мела амаль выключна натуральны характар.
Паступова к 16 ст. феадалы прысвойвалі сабе права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян, выконвалі іншыя функцыі абшчыны (суд, раскладка павіннасцей, выбар старцаў і г.д.). За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці, якія змяняліся па меры развіцця феадальных адносін.
Да асноўных відаў сялянскіх павіннасцей належылі:
- Даніна (натуральны аброк) – асноўны да 16 ст. від павіннасцей на карысць дзяржавы або феадала. Мела дзве формы:
– “дзякло” – даніна жытам, пшаніцай, аўсом, сенам;
– “мезлева” – даніна мясам, яйкамі, прадуктамі бортніцтва і палявання.
- Паншчына – адпрацоўкі ў гаспадарскіх і панскіх дварах з дапамогай уласных прылад працы і працоўнай жывёлы (распаўсюдзілася з 15-16 стст.).
- Чынш – грашовы аброк (распаўсюдзіўся з 15-16 стст).
- Дадатковыя павіннасці: будаўніцтва і рамонт замкаў, дарог, мастоў, удзел у зборах грошай на ваенныя патрэбы і г.д.
Паводле юрыдычных прынцыпаў сялянскае насельніцтва падзялялася на наступныя катэгорыі:
- людзі пахожыя – сяляне, якія з’яўляліся асабіста свабоднымі і выконвалі павіннасці на карысць уладальніка зямлі; мелі права змены месца жыхарства;
- людзі непахожыя – сяляне, якія выконвалі павіннасці на карысць уладальніка і былі асабіста залежнымі ад землеўладальніка; без яго дазволу яны не мелі права змяняць месца жыхарства;
- закупы, радовічы – сяляне, якія знаходзіліся ў часовай поўнай залежнасці ад уладальніка за атрыманую пазыку або паводле заключанага дагавору;
- халопы, чэлядзь нявольная – рабы, якія лічыліся асабістай уласнасцю ўладальніка.
Паводле спецыфікі выконваемых павіннасцей сяляне падзяляліся на наступныя групы:
- даннікі – сяляне, што выплочвалі ўладальніку даніну прадукцыяй асабістай гаспадаркі – збожжам, медам, футрам і інш.;
- асадныя сяляне або чыншавікі – сяляне, якія выплочвалі грашовы падатак на карысць уладальніка;
- людзі цяглыя – сяляне, якія выконвалі на карысць уладальніка паншчыну;
- сяляне-слугі – прывілеяваная частка сялянства: конюхі, сельскія рамеснікі і прамыславікі, ваенна-служылыя сяляне (баяры панцырныя, путныя, слугі-баяры), сельскі адміністрацыйны апарат (соцкія, старцы і г.д.);
- агароднікі – збяднелыя сяляне ці былыя хатнія рабы, ад якіх уладальнік імкнуўся атрымаць большы даход і саджаў на невялікі кавалак зямлі за невялікія адпрацоўкі;
- людзі лёзныя, кутнікі, халупнікі – беззямельныя сяляне, якія жылі за кошт часовых заробкаў.
У цэлым да 16 ст. у агульнай масе сялянства пераважалі асабіста свабодныя “людзі пахожыя”. Землі, якія знаходзіліся ў непасрэдным карыстанні дзяржавы або феадалаў пры двары, былі невялікімі; для іх апрацоўкі выкарыстоўвалася пераважна праца халопаў, закупаў, радовічаў. Пераважная частка зямлі знаходзілася ў карыстанні сялянскіх абшчын, якія выплочвалі ўладальніку даніну.
Такім чынам, да сярэдзіны 16 ст. сельская гаспадарка ВКЛ мела пераважна натуральны характар. У яе межах адбывалася паступова еразвіццё феадальных адносін.