Літаратура 6 страница

Аўтары гістарычных публікацый лічылі, што родная мова – самы кароткі шлях да культурнасці беларусаў, а ХІХ ст. і расійская ўлада не прынеслі ім нічога карыснага. Рэдактар-выдавец У.Уласаў выказаў у 1908 г. думку, якая стала ў наступным гістарыяграфічнай традыцыяй: «беларуская нацыя – зона перакрыжавання станоўчых рысаў памежных нацый». Негатыўныя іх якасці не знайшлі ўкаранення сярод беларусаў. Канцэпцыя атрымала распрацоўку ў працах Ігната Абдзіраловіча (1921 г.) і Уладзіміра Конана (1992 г.).

На старонках «Нашай нівы» публікавалася, а ў 1910 г. выйшла асобным выданнем «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага – важная веха ў станаўленні нацыянальнай гістарыяграфіі. Пры рэдакцыі «Нашай нівы» намаганнямі І.Луцкевіча быў арганізаваны Беларускі музей. Дзякуючы штотыднёвіку раскрыліся літаратурныя таленты Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна, З.Бядулі, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Буйло і інш. беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і крытыкаў.

У цэлым, у развіцці беларускай палітычна-гістарычнай публіцыстыкі пачатку ХХ ст. можна вызначыць чатыры тэндэнцыі: 1) аналіз гісторыі беларусаў з пазіцый самаабароны. Мінулае разглядалася не ў форме працэса гістарычнага развіцця, а як выпакутаная з’ява. Праблемы нацыянальнага руху разглядаліся праз развіццё асветы. Галоўную задачу газета «Наша ніва» бачыла ў барацьбе за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа. Шмат увагі яна аддавала тэарэтычнаму і гістарычнаму абгрунтаванню права беларусаў на захаванне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Газета паслядоўна выкрывала рэакцыйную палітыку царызму на Беларусі, пратэставала супраць падзелу яго па веравызнанні на «рускіх» і «палякаў». Яна настойліва патрабавала ўвядзення ў школу, царкву і касцёл на Беларусі беларускай мовы. 2) палітызацыя гісторыі Беларусі. Цікавасць да мінулага была выклікана не патрэбамі гістарычнай навукі, а палітычнай сітуацыяй. 3) адсутнасць у гістарычных даследаваннях агульнапрынятай тэрміналогіі, акрамя паняццяў «нацыя», «нацыяналізм», «патрыятызм». 4) гістарычна-філасофскай асновай гістарычнага працэса аўтары публікацый лічылі хрысціянскую тэалогію. Працэс развіцця беларускага народа параноўваўся з пакутніцкім шляхам Ісуса Хрыста.

 

6. Станаўленне дэмакратычнай плыні беларускай гістарыяграфіі.

Пачынальнікам дэмакратычнай тэндэнцыі ў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі лічыцца Мітрафан Доўнар-Запольскі.

У студэнцкія гады Доўнар-Запольскі пачаў актыўна займацца этнаграфічнай дзейнасцю і супрацоўнічаць з ліберальнай газетай «Минский листок». Па вынікам экспедыцый на тэрыторыю Беларусі з’явіўся шэраг артыкулаў пад агульнай назвай «Белорусское прошлое» (1888 г.). Аўтар у іх вызначыў контуры канцэпцыі нацыянальнай гісторыі Беларусі: «беларускае племя» мае ўласную гісторыю, «беларускае племя» мае этнаграфічныя асаблівасці, «беларускае племя» – самы «чысты» тып славянства, беларуская гаворка паходзіць ад гаворкі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.

У 1891 г. выходзіць з друку праца Доўнар-Запольскага «Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца ХII столетия», у якой даследчык раскрыў працэс утварэння дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі на аснове каланізацыйнай тэорыі. Спецыфіку палітычнага развіцця крывіцка-дрыгавіцкіх зямель гісторык убачыў у іх ускраінным геаграфічным становішчы, што прывяло да фарміравання асобнай ад Кіеўскай Русі дзяржаўнасці.

У студэнцкія гады Доўнар-Запольскі надрукаваў больш за 40 артыкулаў, нататак, рэцэнзій, у асноўным па этнаграфіі беларусаў. Ён рэцэнзаваў навуковыя працы таікх вядомых даследчыкаў як М.Янчук, А.Семянтоўскі.

Ужо тады Доўнар-Запольскі робіць спробу стварэння «беларускага гуртка», выношвае ідэю выдання беларускага часопіса, арганізацыі навуковага таварыства, адкрыцця публічнай бібліятэкі ў Мінску і інш. У 1890 г. ён пазнаёміўся з Я.Ляцкім, у той час студэнтам Маскоўскага універсітэта, у будучым вядомым беларускім гісторыкам і этнографам, які пачаў весці агітацыю за стварэнне гуртка сярод студэнтаў-беларусаў у Маскве. Аднак справа практычна не зрушылася з месца. 26 студзеня 1894 г. Ляцкі пісаў М.В.Доўнар-Запольскаму з Масквы: «Да нашай мілай Беларусі тут нікому і справы няма. Навуковыя таварыствы робяць сваю кар’еру, часопісы і газеты ўяўляюць сабой па большай частцы акцыянерныя таварыствы на паях... Для грамадства Беларусь нейкая яўрэйска-польская краіна...».

У 1894 г. Доўнар-Запольскі заканчвае Кіеўскі універсітэт. Старшыня экзаменацыйнай камісіі прафесар Ф.Зялінскі адзначыў, што выпускнік «валодае рэдкасным для яго ўзросту аб’ёмам ведаў, выключнай працаздольнасцю і выключнымі прыроднымі здольнасцямі».

Пасля заканчэння універсітэта навуковы кіраўнік, загадчык кафедры рускай гісторыі, прафесар У.Б.Антановіч садзейнічаў накіраванню юнака для далейшай навуковай падрыхтоўкі ў Маскву са стыпендыяй 600 рублёў. У 1895 г. Доўнар-Запольскі пачынае працаваць пазаштатным памочнікам архіварыўса Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі, а з 1898 г. – штатным памочнікам. Асноўную ўвагу ён канцэнтруе на вывучэнні дакументаў Літоўскай Метрыкі. Адначасова, каб здабыць сродкі для жыцця, ён працуе ў прыватнай жаночай гімназіі Ржэўскай, дае прыватныя ўрокі.

З гэтага часу пачынаецца дзейнасць Доўнар-Запольскага ў галіне археаграфіі і крыніцазнаўства. У 1897 г. выходзяць два тамы «Документов Московского архива Министерства юстиции», затым працы «Литовские упоминки татарским ордам: Скарбовая книга Метрики Литовской 1502-1509 гг.» (1898 г.), «Акты Литовско-Русского государства (ХІV – ХVІ ст.)» (1899 г.). У 1898 г. ён упершыню надрукаваў поўны тэкст Баркулабаўскай хронікі.

У Маскве даследчык садзейнічаў арганізацыі Археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім археалагічным таварыстве, якім кіраваў пяць гадоў. Ён таксама працуе прыват-дацэнтам кафедры рускай гісторыі Маскоўскага універсітэта, якую ўзначальваў знакаміты гісторык В.В.Ключэўскі: чытае спецкурсы пра рэформы Аляксандра І, лекцыі па гісторыі дзекабрыстаў, вядзе практычныя заняткі па гісторыі Расіі ХVІІ ст.

Менавіта маскоўскі перыяд творчасці Доўнар-Запольскага прадвызначыў галоўны накірунак навуковых даследаванняў вучонага – эканамічную гісторыю. У 1901 г. ён абараніў у Кіеве магістэрскую дысертацыю «Государственное хозяйство ВКЛ при Ягеллонах». Яна пазней была выдадзена асобнай кнігай і атрымала прэмію імя П.Бацюшкава. Прафесарамі Кіеўскага універсітэта Антановічам і Галубоўскім праца была ацэнена як «вельмі каштоўны ўклад у навуку». Даследаванне сведчыла пра схільнасць гісторыка да эканамічнага матэрыялізму і пазітывісцкай канцэпцыі Антановіча.

У 1901 г. ён вяртаецца ў Кіеў. Сам даследчык пачаў працаваць прыват-дацэнтам, затым ардынарным прафесарам і загадчыкам кафедры рускай гісторыі Кіеўскага універсітэта.

Доўнар-Запольскі надаваў вялікую ўвагу вывучэнню гісторыі Беларусі. У 1905 г. у Санкт-Пецярбургу пад рэдакцыяй В.П.Сямёнава выходзіць дзевяты том працы «Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Настольная и дорожная книга для русских людей». Тут змешчаны два вялікія артыкулы Доўнар-Запольскага і Шэндрыка «Исторические судьбы Верхнего Поднепровья и Белоруссии и культурные их успехи» і «Распределение населения Верхнего Поднепровья и Белоруссии по территории, его этнический состав, быт и культура». У тым жа годзе ў Маскве выходзяць два тамы «Русской истории в очерках и статьях» пад рэдакцыяй Доўнар-Запольскага, а ў Кіеве зборнік артыкулаў «Из истории общественных течений в России», дзе змешчаны шэраг яго прац.

У 1905 г. Доўнар-Запольскі абараніў доктарскую дысертацыю «Очерки по истории западнорусского крестьянства в ХVI в.», у якой галоўную ўвагу прысвяціў аграрнай рэформе Жыгімонта ІІ Аўгуста. Яна выходзіць асобным выданнем. Прафесар М.К.Любаўскі ў сваёй рэцэнзіі даў працы Доўнар-Запольскага высокую ацэнку.

У 1908 г. даследчык арганізуе ў Кіеве Камерцыйны інстытут. У ім было два аддзяленні: камерцыйнае і эканамічнае, з чатырохгадовым тэрмінам навучання і Музей таваразнаўства. Доўнар-Запольскі выкарыстаў вопыт работы камерцыйных навучальных устаноў Германіі, вышэйшых камерцыйных курсаў у Маскве.

У 1907 г. інстытут займаў невялікі будынак, а ў 1917 г. з’яўляўся ўласнікам некалькіх шматпавярховых будынкаў з вялікімі заламі і аўдыторыямі. Былі створаны багатая бібліятэка, кабінеты: фізічны, геалагічны і горназаводскай справы, статыстычны, чыгуначнай, страхавой справы, кабінет гігіены, працавалі лабараторыі сельскагаспадарчага таваразнаўства, хіміі і інш.

Вялікая ўвага ў інстытуце надавалася фундаментальнай падрыхтоўцы. Вывучэнне асноўных тэндэнцый развіцця Расійскай імперыі вялося ў кантэксце даследавання гісторыі еўрапейскай і сусветных цывілізацый. Вывучаліся англійская, нямецкая, французская мовы, мовы народаў Расійскай імперыі, а таксама сербская, турэцкая, кітайская, японская і інш. Студэнты разам з выкладчыкамі ажыццяўлялі экскурсіі ў прамысловыя цэнтры імперыі.

Наступныя работы Доўнар-Запольскага «Очерк экономического строя Древней Руси» (1909 г.), «История русского народного хозяйства» (1919 г.) заклалі аснову эканамічнай гісторыі ў рускай, беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі. Можна сцвярджаць, што даследчык з’яўляецца адным з пачынальнікаў выкладання эканамічнай гісторыі ў ВНУ Расійскай імперыі.

У 1910 г. выйшла першая сінтэтычная праца па айчыннай гісторыі, напісаная з пазіцый беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

У прадмове да кнігі Ластоўскі растлумачыў, чаму ён узяўся за гэтую працу. На яго думку, «гісторыя – гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу». Праца адметна тым, што ўпершыню наша гісторыя падаецца не як гісторыя «усходніх крэсаў» Рэчы Паспалітай або Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, а як гісторыя адметнай і самадастатковай Беларусі.

Аўтарам былі выкарыстаны даследаванні этнаграфічнага, гістарычнага і статыстычнага характару расійскіх, польскіх і беларускіх навукоўцаў, у тым ліку М.В.Каяловіча, Я.Ф.Карскага і М.В.Доўнар-Запольскага, апублікаваныя зборнікі дакументаў. За ўзор даследчык узяў невялікія па аб’ёму нацыянальныя гісторыі Польшчы і Украіны. Ластоўскі стварыў нацыянальную кампіляцыю гісторыі, змест якой вынікаў з палітычных патрэб і грунтаваўся на даследаваных гістарычных фактах.

Праца падзелена на пяць перыядаў: 1) ад старажытных часоў да ўцёкаў полацкіх князёў у Літву (1129 г.); 2) ад вяртання полацкіх князёў да смерці Вітаўта (1132 – 1430 гг.); 3) ад смерці Вітаўта да Люблінскай уніі (1430 – 1569 гг.); 4) ад Люблінскай уніі да падзелаў Польшчы; 5) Беларусь пад расійскім панаваннем.

Даследчыкі лічаць «Кароткую гісторыю Беларусі» «рамантызаванай» гісторыяй. Ластоўскі зыходзіў з пазіцыі бяскласавасці гістарычнага працэсу і спрадвечнай дэмакратычнасці беларускага грамадства. Гісторыя Беларусі ім ўспрымалася як гісторыя самаразвіцця грамадскай самасвядомасці, а гэта было звязана з рэлігійнасцю. Даследчык ідэалізаваў грамадскія структуры ХV – ХVІ ст., перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў фарміраванні нацыі. Відавочна і пэўная мадэрнізацыя гістарычнага працэсу – пошук беларускай дзяржаўнасці ў старажытнарускі перыяд.

Для пачатковага перыяду беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў цэлым характэрны шэраг памылковых гістарычных палажэнняў. Нельга пагадзіцца з тэзісам Доўнар-Запольскага і Ластоўскага, што Полацкае княства ў ІХ – ХІІ ст. – было «зыходным пунктам беларускай дзяржаўнасці». Аўтары адмаўлялі прызванне нарманаў-варагаў на тэрыторыю Беларусі. Таксама Доўнар-Запольскі выказаў думку аб этнічнай «чысціні» крывічоў, якія не спазналі фінскага ўплыву.

Спрэчным з’яўляеццам тэзіс аб «дэмакратычным ладзе» Полацкага княства: быццам бы крывічы, дрыгавічы, радзімічы жылі ва ўзаемнай згодзе са сваімі князямі. У якасці доказу Ластоўскі прыводзіць прыклад шанавання Усяслава Брачыславіча мясцовым насельніцтвам, але не раскрывае летапіснае паведамленне аб «пралітай ім крыві».

Першыя нацыянальныя гісторыкі з сімпатыяй ставіліся да Міндоўга. Ластоўскі лічыў, што Рынгольт разам с сынам Міндоўгам былі выхадцамі з «Літоўска-Крывічанскага» княства са сталіцай у Навагародку. Гэта вызначалася этнічным складам мясцовых жыхароў – «ліцвінамі-крывічамі». ВКЛ успрымалася як «Руска-Літоўскае», дзе беларускі этнас меў спрыяльныя ўмовы для развіцця. Але беларуская самастойная гісторыя скончылася са смерцю Вітаўта. Асновай гістарычнай канцэпцыі Літвы стала тэорыя «залатога веку культуры»: 1517 – 1569 гг. (ад выдання ў Празе кніг Бібліі Ф.Скарынай да Люблінскай уніі).

Можна канстатаваць той факт, што беларуская нацыянальная гістарыяграфіі зарадзілася як гістарычная канцэпцыя заняпаду беларускага этнасу. Пачынаючы з ХVІІ ст., мінулае Беларусі падавалася як нацыянальная дэзінтэграцыя, спыненне паступовага развіцця і умацаванне чужародных для беларусаў элементаў грамадскага развіцця. Быў створаны вобраз народа-пакутніка.

Войны на тэрыторыі Беларусі ў ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст. разглядаліся з негатыўных пазіцый, бо пасягалі на самастойнасць беларускага этнаса. Паланізацыя і русіфікацыя прывялі да стварэння вобраза ворага (Польшча, Расія), а гэта сведчыла аб моцнай палітызацыі айчыннай гісторыі.

 

 

Тэма

Гістарычная навука БССР у 1919 – 1941 гг.

План

 

1. Фарміраванне арганізацыйных асноў гістарычнай навукі ў БССР.

2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў у даваенны перыяд.

3. Укараненне марксісцка-ленінскай метадалогіі. Ідэйна-палітычная барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі ў 20 – пач. 30-х гг.

4. Ідэйна-палітычная барацьба з беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі ў 20 – пач. 30-х гг.

 

Літаратура

 

1. Брыгадзін П.І., Мацяс І.Д. Усевалад Ігнатоўскі: Палітычны дзеяч, вучоны. – Мн.: Полымя, 1998. – 96 с.

2. Достижения исторической науки в БССР за 50 лет (1919 – 1969 гг.). Краткий очерк. Под ред. И.С.Кравченко и З.Ю.Копысского. – Мн.: Наука и техника, 1970. – С. 21 – 22.

3. Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі / Пад рэд. В.Ф.Кушнера. – Мн., 1995.

4. Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. – Мн., 1991.

5. Советская историография. – М.: Российск. гуманит. ун-т, 1996. – 592 с.

6. Інстытут беларускай культуры. – Мн., 1993.

7. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: (Да 70-годдзя ўтварэння) / М.П.Касцюк, М.К.Кошалеў, Л.М.Лыч і інш. – Мн: Экаперспектыва, 1999. – 107 с.

8. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХIХ – ХХ ст. – Спб.: Неўскі прасцяг, 2003. – С. 147 – 236.

9. Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919 – 1941 гг.) / Под ред. П.Т.Петрикова. – Мн.: Наука и техника, 1985. – С. 3 – 201.

 

1. Фарміраванне арганізацыйных асноў гістарычнай навукі ў БССР.

Утварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці ў 1919 г. прадвызначыла новы этап у развіцці гістарычнай навукі, што праявілася ў арганізацыі навуковых цэнтраў па вывучэнню айчыннай гісторыі.

Вядучай навуковай установай акадэмічнага профілю ў 20-я гг. ХХ ст. з’яўляўся Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), створаны 30 студзеня 1922 г. на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі. Яго першым старшынёй быў выбраны С.М.Некрашэвіч, а затым У.М.Ігнатоўскі.

Спачатку ў Інбелкульте было две секцыі: гуманітарная і прыроды. Але асноўныя даследаванні з-за недахопу матэрыяльных сродкаў вяліся па гуманітарным навукам. Працавалі секцыі і камісіі па складанні слоўніка жывой беларускай мовы, дыялекталагічная, бібліяграфічная, літаратурна-мастацкая, культурна-гістарычная і інш.

У сакавіку 1924 г. былі арганізаваны новыя секцыі па этнаграфіі і геаграфіі, мастацтву, праву, педагогіке, медыка-ветэрынарная, сацыяльна-эканамічная. Ужо ў пачатку 1926 г. у Інбелкульте секцый стала 8, у тым ліку сацыяльна-гістарычная пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты.

На хвалі беларусізацыі ў Інбелкульте з 1924 г. пачалі дзейнічаць польскі і яўрэйскі нацыянальныя аддзелы, а пазней літоўская і латышская кафедры. Аддзелы складаліся з сектараў, сярод якіх абавязкова быў гістарычны.

Таксама ў Інбелкульте з кастрычніка 1925 г. як навуковае таварыства дзейнічала гісторыка-археалагічная камісія на чале з М.В.Доўнар-Запольскім. Яна займалася вывучэннем гістарычных крыніц. У прыватнасці, быў падрыхтаваны другі том «Беларускага архіва», выдаваліся «Працы і матэрыялы па гісторыі і археалогіі Беларусі», «Запіскі аддзела гуманітарных навук». Буйным мерапрыемствам стала правядзенне ў Мінску ў студзені 1926 г. Першага з’езда даследчыкаў археалогіі і археаграфіі Беларусі.

Спецыяльная камісія інстытута (Я.Л.Дыла, З.Ф.Жылуновіч, М.А.Ляўкоў, В.Ф.Шаранговіч і інш.) вывучала праблемы гісторыі рэвалюцыйнай барацьбы. Яна выдала зборнік «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 года» (1927 г.). Таксама яе члены прымалі ўдзел у стварэнні кінафільма «Кастусь Каліноўскі». А вось сацыяльна-гістарычная секцыя выпусціла ў 1925 г. зборнік артыкулаў «Чатырохсотлецце беларускага друку».

У 1928 г. секцыі Інбелкульта былі пераўтвораны ў кафедры. Да гістарычных адносіліся кафедры: гісторыі Беларусі, гісторыі беларускага права, археалогіі і этнаграфіі, усеагульнай гісторыі. Таксама дзейнічалі археаграфічная камісія, камісіі па гісторыі гарадоў, гісторыі народнай адукацыі, па вывучэнню Заходняй Беларусі і інш.

Тым самым Інбелкульт паклаў пачатак планаваму вывучэнню гісторыі Беларусі як самастойнага накірунку гістарычнай навукі.

15 кастрычніка 1929 г. Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР (БАН). Праўда, не ўсе даследчыкі згодны з ўжываннем тэрміна «рэарганізацыя». Па сутнасці гэта была новая навуковая ўстанова, якая структурна адпавядала сістэме навуковых устаноў СССР. Акадэмік М.М.Пакроўскі вітаў утварэнне АН БССР. Ён лічыў, што гэтай падзеяй «можна прадэманстраваць пыхліваму польскаму ўраду, што яму не варта даручаць пісаць кнігі па гісторыі Беларусі польскім аўтарам, і што тут маецца высокага ўзроўню навука».

Гістарычныя даследаванні праводзіліся ў Інстытуце гістарычных навук БАН, які складаўся з пяці камісій: гісторыі Беларусі, археаграфічнай, археалагічнай, гісторыі беларускага мастацтва і ўсеагульнай гісторыі. Штат супрацоўнікаў інстытута першапачаткова складаў 9 чалавек.

У сакавіку 1931 г. Інстытут гістарычных навук быў рэарганізаваны ў Інстытут гісторыі АН БССР. Спачатку ў ім дзейнічала чатыры секцыі: гісторыі Беларусі, гісторыі Захада, археалогіі, этнаграфіі, а вось у 1940 г. толькі тры: гісторыі Беларусі і народаў СССР, археалогіі, этнаграфіі і фальклору. У даваенны перыяд гэтую навукова-даследчую ўстанову ўзначальвалі Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1929 – 1931 гг.), Павел Восіпавіч Горын (1931 – 1936 гг.), Васіль Карпавіч Шчарбакоў (1936 – 1937 гг.), Мікалай Міхайлавіч Нікольскі (1937 – 1953 гг.).

Супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР у даваенны перыяд займаліся падрыхтоўкай абагульняючых прац па гісторыі Беларусі. Напрыклад, акадэмік В.К.Шчарбакоў у 1934 г. выдаў першую частку «Нарысаў па гісторыі Беларусі», напісаных з пазіцый марксісцкай метадалогіі. Калектыў аўтараў пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты падрыхтаваў і выдаў «Нарысы па гісторыі Беларусі. Ч. 1» (1941 г.). Рыхтаваліся падручнікі па гісторыі Беларусі для сярэдняй школы і ВНУ. Але да Вялікай Айчыннай вайны здолелі асвяціць айчынную гісторыю да 1900 года (для школ) і да 30-х гг. ХІХ ст. (для ВНУ).

У Інстытуте гісторыі даследаваліся тэмы руска-амерыканскіх адносін у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., Мінскага Савета ў 1917 г., матываў класавай барацьбы ў фальклоры, рэвалюцыі 1905 г. у Польшчы, рэформы 1861 г. у Беларусі, прамысловага крызіса пачатку ХХ ст. і інш. У Беларускую Савецкую Энцыклапедыю супрацоўнікі Інстытута напісалі 486 артыкулаў.

У 30-я гг. актуальнай праблемай становіцца гісторыя пралетарыята Беларусі. Пастанова ЦК ВКП(б) патрабавала вывучэння гісторыі фабрык і заводаў. Таму пры Інстытуте гісторыі быў створаны сакратарыят гісторыі фабрык і заводаў БССР. Цэнтральнае бюро краязнаўства рыхтавала кнігу «История фабрик и заводов». А часопіс «Савецкая краіна» нават апублікаваў артыкул метадычнага характару аб зборы матэрыялаў па гісторыі фабрык і заводаў.

Шмат увагі надавалася публікацыі архіўных матэрыялаў. Разам з Цэнтральным архівам БССР быў распрацаваны план серыйнага выдання крыніц па гісторыі Беларусі. Супрацоўнікі інстытута падрыхтавалі і выпусцілі два тома дакументаў: «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах, т. 1» (1936 г.), «Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі, т. 2» (1940 г.).

У даваенны перыяд Інстытут гісторыі пачаў праводзіць гістарычныя навуковыя канферэнцыі. У студзені 1935 г. больш за 200 выкладчыкаў і навуковых работнікаў рэспублікі прынялі ўдзел у навуковай канферэнцыі, падрыхтаванай Інстытутам гісторыі і Наркаматам асветы БССР. На ёй разглядалася рэалізацыя пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў школах СССР», былі заслуханы справаздачы акадэміка В.К.Шчарбакова аб стане навукова-даследчай працы і гістарычнай адукацыі, акадэміка У.М.Перцава аб выкладанні гісторыі ў школах БССР.

У сакавіку 1939 г. адбылася навукова-тэарэтычная канферэнцыя, падрыхтаваная Інстытутам гісторыі АН БССР. Была абмеркавана справаздача акадэміка М.М.Нікольскага аб плане даследаванняў Інстытута, заслуханы паведамленні аб падрыхтоўцы падручнікаў па гісторыі БССР для ВНУ і школ, разгледжана пытанне аховы помнікаў гісторыі і рэвалюцыйнага руху і інш.

Наступная навуковая канферэнцыя прайшла ў студзені 1941 г. Яна насіла праблемны характар у сэнсе разглядаемых пытанняў. Яе ўдзельнікі абмеркавалі даклады аб паходжанні беларускага народа, аб паўстанні 1863 г., аб аднаўленні народнай гаспадаркі і культуры пасля грамадзянскай вайны, індустрыялізацыі ў БССР.

Нельга абмінуць негатыўны ўплыў камандна-адміністрацыйнай сістэмы на дзейнасць Інстытута гісторыі. Хваля рэпрэсій закранула яго супрацоўнікаў. У лістападзе 1932 г. вучоны сакратар Інстытута гісторыі Карніенка на запыт ЦК КП(б)Б падрыхтаваў даклад у форме даносу аб навуковай і палітычнай дзейнасці Інстытута гісторыі. На яго думку, яшчэ ў Інбелкульте з 1925 г. пачалася прапаганда «нацыянал-дэмакратызму». Прычыну «небяспечнай сітуацыі на гістарычным фронце» В. Карніенка бачыў у дзейнасці кіраўніцтва Прэзідыума АН БССР. Было ўказана, што толькі 27,3 % супрацоўнікаў Інстытута гісторыі з’яўляліся членамі ВКП(б).

Да найбольш «каштоўных» кадраў В.Карніенка аднёс П.В.Горына, В.К.Шчарбакова, М.М.Нікольскага, В.Д.Дружчыца. Іншыя супрацоўнікі атрымалі абмежавана станоўчую ацэнку (Рыўлін, Засценкер, Поташ). Беспартыйны гісторык У.Гесэн быў названы «сапраўдным ворагам», а яго кватэра - «штаб-кватэрай трацкісцка-бундаўскіх элементаў».

Ужо ў 1936 г. у Інстытуце гісторыі адбылася чыстка ад «шкодных трацкісцкіх і нацдэмаўскіх элементаў». А з наступнага года наркам НКУС БССР Наседкін пачаў рэгулярны пошук «злосных ворагаў савецкай улады» у АН БССР. Колькасць аспірантаў скарацілася да 6 са 139. А ў самім Інстытуце гісторыі за перыяд з 1932 па 1937 гг. з 97 запланаваных да публікацыі прац выйшла 10 (прычым 7 з іх канфіскавалі). Рэпрэсіям падвергнуліся Е.І.Рыўлін, С.М.Некрашэвіч, З.Ф.Жылуновіч, І.З.Сурта, С.Ю.Матулайціс, Б.А.Тарашкевіч, В.А.Сербента і інш. Калі штат Інстытута ў 1930 г. складаў 20 чалавек, то ў 1941 г. – толькі 22.

У 20-я гг. вывучэннем гісторыі Беларусі займаліся гістпарты – камісіі па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Камуністычнай партыі, утвораныя згодна пастановы СНК РСФСР ад 21 верасня 1920 г.

Гістпарт меў тры філіялы на тэрыторыі БССР: у Гомелі (з 1920 г.), Мінску (з 1921 г.) і Віцебску (з 1921 г.). Працавала камісія праз упаўнаважаных ва ўездах і праз групы падтрымкі.

Якія функцыі выконвалі камісіі Гістпарта? Па-першае, збор гістарычнага дакументальнага матэрыяла аб падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на мясцовай тэрыторыі. Па-другое, фарміраванне мемуарнага фонда аб гістарычных падзеях. Па-трэцяе, выданне кніг па гісторыі бальшавіцкай партыі ў БССР. Па-чацвёртае, ідэалагічная функцыя, накіраваная на ўсталяванне адзінай марсксісцка-ленінскай метадалогіі ў гістарычных даследаваннях.

Асабліва актыўнай дзейнасцю вылучаўся Мінскі гістпарт, які лічыўся Гістпартам ЦБ КП(б)Б. Першым яго старшынёй быў прызначаны Вільгельм Георгіевіч Кнорын.

Менавіта ён у 1923 г. выдаў першую кнігу па гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі - «5 лет. Краткий конспект истории КП(б)Б». Праца камісіі актывізавалася пры яе новым старшыні З.Жылуновічу, прызначаным на гэтую пасаду ў лістападзе 1923 г. Пры ім вялікая ўвага надавалася фарміраванню архіва КП(б)Б. Многія члены Гістпарта выязджалі ў архівы Масквы, Ленінграда і інш. гарадоў з мэтай збору дакументаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху. Каб сабраць успаміны відавочцаў, праводзілася рэгістрацыя партызан і ўдзельнікаў рэвалюцыйнага руху на Беларусі, а таксама вечары-сустрэчы. Ужо ў 1929 г. пачаў дзейнічаць Адзіны партыйны архіў.

Камісія гітспарта садзейнічала адкрыццю ў Мінску Дома-музея І-га з’езда РСДРП (з 1923 г.) і Музея рэвалюцыі. Апошні меў каля 10 тыс. экспанатаў і раскрываў гістарычныя падзеі на Беларусі ад сялянскіх паўстанняў ХVІІ ст. да перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Гістпарт пры ЦК КП(б)Б адыгрываў ролю цэнзуры. Па яго ініцыятыве быў затрыманы выхад зборніка «Красные листки», які ўжо знаходзіўся ў друку. Гэты зборнік быў падрыхтаваны яўрэйскім аддзелам Інбелкульта. Таму падзеі рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. разглядаліся ў ім з пазіцый Бунда як вядучай сілы рэвалюцыйнага руху на Беларусі.

У 1929 г. Гістпарт, Музей рэвалюцыі, камісія па выданню твораў У.І.Леніна і гістпроф пры Цэнтральным савеце прафсаюзаў Беларусі былі аб’яднаны ў навукова-даследчы інстытут гісторыі КПБ – Інстытут гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б.

Першапачаткова інстытут складаўся з трох кафедраў: гісторыі КП(б)Б, гісторыі рэвалюцыйнага руху, ленінізму, а таксама партыйнага архіва і бібліятэкі. Але ў 1934 г. была праведзена ўнутраная рэарганізацыя. Замест кафедр былі створаны сектары: гісторыі КП(б)Б і Кастрычніцкай рэвалюцыі, гісторыі грамадзянскай вайны ў Беларусі, заходні сектар. Сектар ленінізму перавялі з 1937 г. у склад Партыйнага выдавецтва БССР, у якім акрамя падручнікаў сталі выдаваць творы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, І.В.Сталіна.

У адпаведнасці з тагачаснай палітычнай сітуацыяй ЦК КП(б)Б патрабаваў ад Інстытута гісторыі партыі падрыхтоўкі і выдання манаграфічных работ, зборнікаў дакументаў і матэрыялаў па гісторыі бальшавізму і Кампартыі Беларусі. Перад супрацоўнікамі Інстытута была пастаўлена задача раскрыць «антынародную дзейнасць дробнабуржуазных арганізацый» (Бунда і БСГ), антысавецкія выступленні. Падобная палітычная лінія была вызначана лістом І.В.Сталіна «Аб некаторых пытаннях гісторыі бальшавізму», накіраваным у рэдакцыю часопіса «Пралетарская рэвалюцыя» (лістапад 1931 г.). У сваім лісце лідэр партыі і савецкай краіны патрабаваў пашырыць ужыванне марксісцка-ленінскай метадалогіі ў гістарычных даследаваннях, строга прытрымлівацца прынцыпа партыйнасці і класавага падыходу.

Ліст Сталіна быў абмеркаваны на пасяджэнні партактыва Мінска. З дакладам выступіў першы сакратар ЦК КП(б)Б К.В.Гей. Ён адзначыў, што кнігі па гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі маюць шэраг трацкісцкіх, вялікадзяржаўных і нацыянал-дэмакратычных установак. Крытыцы найперш былі падзвергнуты працы супрацоўнікаў Інстытута яўрэйскай культуры (С.Х.Агурскага, М.А.Поташа, М.Т.Агульніка, Я.А.Эйдэльмана і інш.), якіх абвінавачвалі ў «бундызме» і яўрэйскім нацыяналізме.

З пункту гледжання ЦК КП(б)Б Інстытут гісторыі партыі павінен быў разгарнуць крытыку яўрэйскага і беларускага нацыяналізму ў гістарычнай навуцы БССР. Адказам на партыйны заказ сталі кнігі А.І.Зюзькова «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі» (1931 г.) і І.П.Ашаровіча «Супраць бундаўскага скажэння гісторыі бальшавізма» (1934 г.). Таксама ў 1934 г. выйшаў першы том «КП(б)Б у рэзалюцыях (1919 – 1932)».

Актыўна дзейнічала ў БССР з 1927 г. Таварыства гісторыкаў-марксістаў, арганізаванае па ініцыятыве акадэміка М.М.Пакроўскага. Таварыства адказвала за арганізацыю даследчыцкай работы па гісторыі бальшавіцкай партыі, за папулярызацыю марксісцка-ленінскай метадалогіі, за барацьбу з т.зв. «буржуазнай ідэалогіяй».

Структура таварыства ішла «зверху ўніз»: да 1929 г. філіялы былі адчынены ў 22 гарадах СССР. 6 кастрычніка 1929 г. адбыўся ўстаноўчы сход беларускага аддзялення, дырэктарам якога быў прызначаны В.Г.Кнорын. Першапачаткова ў склад Таварыства ўвайшло 20 чалавек, у асноўным выкладчыкі ВНУ (Сербента, Югаў, Майзель, Зюзькоў, Гурвіч, Поташ, Сосін, Рыўлін, Эпштэйн, Матулайціс, Шчарбакоў, Дудкоў і інш.). Пасяджэнні Таварыства гісторыкаў-марксістаў праводзіліся штомесячна. На іх заслухоўваліся і абмяркоўваліся даклады, напрыклад, «Істмат і гісторыя», «К.Маркс і Ф.Энгельс аб рускай рэвалюцыі», «Аб рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. на Беларусі» і інш. Але з беларускай гісторыяй была звязана меншая палова ўсіх дакладаў.

З 1928 г. Таварыства гісторыкаў-марксістаў было реарганізавана ў Таварыства марксістаў БССР. Колькасць яго членаў дасягнула 35, а ў 1930 г. – 50 чалавек. Праўда, гэта былі ў асноўным маладыя кадры.

У 1930 г. разгарнулася дыскусія па дакладу В.А.Сербенты «Аб становішчы на гістарычным фронце БССР і задачах Таварыства марксістаў», які ім быў зачытаны на Усесаюзнай канферэнцыі Таварыства марксістаў. Па выніках дыскусіі прынялі рашэнне звярнуць увагу на барацьбу з «трацкісцкімі, бундаўскімі і буржуазна-нацыяналістычнымі скажэннямі гісторыі Беларусі і Кампартыі рэспублікі». Справа дайшла да таго, што У.І.Пічэту разам з М.В.Доўнар-Запольскім назвалі «буржуазнымі гісторыкамі».