Антыфашысцкая барацьба на тэрыторіі Беларусі

 

З першых дзён вайны асноўная частка насельніцтва Беларусі стала на шлях барацьбы супраць фашысцкіх акупантаў. Вялася яна ў самых разнастайных формах – ад невыканання мерапрыемстваў акупацыйных улад да ўзброеннага супраціўлення. Найбольш адчувальным для вермахта і паліцэйскіх сіл былі дзеянні ўзброеных партызанскіх атрадаў і груп.

Арганізатарамі партызанскага руху былі дзяржаўныя і партыйныя органы, кіруючыя партработнікі, камандзіры і байцы Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле ворага, радавыя грамадзяне рэспублікі.

У ліку першых, самастойна ўзнікшых, быў Пінскі партызанскі атрад пад камандаваннем В.З.Каржа. У гэты ж час пачаў дзейнічаць атрад пад кіраўніцтвам Ц.П.Бумажкова і Ф.І.Паўлоўскага ў Кастрычніцкім раёне Палесскай вобласці. У ліпені 1941г. рабочыя фабрыкі ў пасёлку Пудаць Суражскага раёна Віцебскай вобласці стварылі атрад, які ўзначаліў дырэктар фабрыкі М.П.Шмыроў (бацька Мінай).

Важную роль ва ўзмацненні партызанскага руху на Беларусі адыгралі падпольныя арганізацыі. У канцы 1941 г. у рэспубліцы ўжо актыўна дзейнічалі Мінская, Асіповіцкая, Брэсцкая, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Пінская і іншыя падпольныя антыфашысцкія арганізацыі.

Важную ролю ва ўмацаванні партызанскага руху на Беларусі мела забеспячэнне партызан зброяй і боепрыпасамі з савецкага тылу. Гэты працэс пачаўся з лютага 1942 г. З савецкага тылу накіроўваліся арганізатары і спецыялісты па вядзенню дыверсій.

Для кіраўніцтва ўсімі парызанскімі сіламі краіны пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР ад 30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначаліў сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. У верасні 1942 г. быў створаны Беларускі штаб партызанскага руху, які ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П.З.Калінін.

З гэтага часу партызанскі рух, увогуле антыфашысцкая барацьба набывае больш шырокі размах. Калі ў снежні 1941 г. у Беларусі змагаліся 50 партызанскіх атрадаў, то ў лістападзе 1942 г. – 352, а ў час бітвы на Курскай дузе ў ліпені 1943 г. – 658 атрадаў. Партызанскі рух на Беларусі стаў сапраўды ўсенародным: летам 1944 г. на тэрыторыі рэспублікі дзейнічала 1255 партызанскіх артадаў, якія былі аб'яднаны ў 213 брыгад. Агульная колькасць партызан дасягнула 370 тыс., а падпольшчыкаў - 70 тыс.

За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г., патрыёты Беларусі знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Імі было пушчана пад адхон 11 128 эшалонаў, падарвана і спалена 18 700 аўтамашын, 939 ваенных складоў, збіта 305 самалётаў, падбіта 1355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў і г.д. Значную каштоўнасць для савецкіх войск уяўляла партызанская разведка – збор інфармацыі аб размяшчэнні, перамяшчэнні і планах ворага.

За мужнасць і адвагу больш за 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 88 з іх, у тым ліку Ц.П.Бумажкову, Ф.І.Паўлоўскаму, М.П,Шмырову, П.М.Машэраву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.