Паўстанне 1863-64 гг., яго вынікі і значэнне. К.Каліноўскі

 

Несправядлівасць аграрнай рэформы выклікала шырокі сялянскі незадавол. Сялянства хвалявалася, адмаўлялася падпісваць устаўныя граматы, уздымалася на адкрытую барацьбу з памешчыкамі. Палітычнае становішча ў Расіі рэзка ўскладнілася. У гэтых умовах у Польшчы, Літве і Беларусі пачаў разгортвацца нацыянальна-вызваленчы рух, накіраваны супраць рэшткаў прыгону, супраць самадзяржаўя, за правы чалавека і грамадзяніна.

Традыцыйна вызваленчы рух у Польшчы, Літве і Беларусі падзяляўся на дзве плыні. У 1861-1862 гг. гэта былі «белыя» і «чырвоныя». «Белыя» належылі да арыстакратыі, а «чырвоныя» - да дэмакратычных колаў грамадства. Але мэта ў іх была агульная – адрадзіць незалежнасць Бацькаўшчыны. «Белыя» разлічвалі дамагчыся гэтага шляхам перагавораў з царом, з дапамогай Францыі, іншых краін Захаду, а «чырвоныя» абапіраліся на паўстанне насельніцтва, на свае сілы. Пры гэтым «белыя» пад Бацькаўшчынай разумелі Рэч Паспалітую ў межах 1772 года, а «чырвоныя», асабліва са складу рэвалюцыйнага крыла, прызнавалі права беларусаў, літоўцаў, укараінцаў на самавызначэнне.

Рэвалюцыйна-дэмакратычнае крыло «чырвоных» у Беларусі ўзначальваў К.Каліноўскі, які рыхтаваў паўстанне, выдаваў «Мужыцкую праўду», змагаўся за свабоду народа.

Паўстанне пачалося зімой 1863 г. Для кіраўніцтва паўстаннем былі створаны кіруючыя органы: Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК) у Варшаве і Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК) у Вільні. Узначаліў ЛПК К.Каліноўскі. У кіраўніцтве ЦНК галоўная роля належыла «белым», якія ў лютым 1863 г. адхілілі К.Каліноўскага ад кіраўніцтва ЛПК. К.Каліноўскі ўзначаліў паўстанне ў Гродзенскай губерні.

Летам 1863 г. «белыя» зразумелі, што Францыя і Захад не будуць дапамагаць паўстанню і яны пачалі адыходзіць ад барацьбы. У чэрвені 1863 г. ЛПК зноў узначаліў К.Каліноўскі. Аднак час быў ўжо марна страчаны. Акрамя таго, ЦНК не разлічваў на сялян, зямлю абяцалі толькі тым сялянам, якія змагаліся за перамогу, астатнія нічога не атрымлівалі. Таму паўстанне падтрымала толькі невялікая частка сялянства. Атрады паўстаўшых на 75% складаліся са шляхты і толькі на 18% з сялян. Значны поспех быў у К.Каліноўскага ў Гродзенскай губерні, дзе сяляне складалі каля 33% ад агульнай колькасці паўстанцаў. Усяго ў паўстанні ўдзельнічала да 80 тысяч беларусаў.

Баявыя дзеянні скончыліся ў канцы жніўня 1863 г., калі ЦНК загадаў К.Каліноўскаму спыніць паўстанне і перанесці барацьбу на вясну 1864 г.

Зімой 1864 г. К.Каліноўскі быў арыштаваны. З турмы ён перадаў пісьмо – запавет беларускаму народу. У «Лісце з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскі заклікаў беларусаў да барацьбы за нашу нацыянальную ідэю. «Ваюй, народзе, за свае чалавечае і народнае права, за свае веру, за зямлю сваю родную», - сказаў у апошнюю хвіліну жыцця К.Каліноўскі.

Такім чынам, паўстанне 1863-1864 гг. вызначала далейшыя гістарычныя накірункі вызваленчай барацьбы беларускага народа за незалежнасць і нацыянальную дзяржаўнасць.