Еўрапейская Асвета і яе ідэі

Пытанні для самакантролю

 

1. У чым заключалася сутнасць прамысловай рэвалюцыі ў канцы XVIII – першай палове XIX стст.?

2. Якія вынаходніцтвы адыгралі асноўную ролю ў прамысловым перавароце?

3. У якіх галінах прамысловасці пачалася прамысловая рэвалюцыя і чаму?

 

 

Прамысловая рэвалюцыя змяніла сацыяльнае жыццё грамадства. Будаўніцтва фабрык і заводаў (індустрыялізацыя) стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця гарадоў. У першай палове XIX ст. у Заходняй Еўропе хуткімі тэмпамі будаваліся гарады. Напрыклад, у Англіі ў 1811 г. у гарадах пражывала 65% усяго насельніцтва краіны, а ў 1841 г. у гарадах гэтай краіны пражывала ўжо каля 80% насельніцтва. Цэнтрамі індустрыяльнай цывілізацыі сталі прамысловыя гарады такіх краін, як Францыя, Германія, ЗША, Бельгія, Галандыя, Швейцарыя.

Змены ў сацыяльным жыцці былі звязаны і з такой з’явай, як эпоха Асветы. Асвета - гэта ідэйны і грамадскі рух новага часу, які ахапіў Еўропу і Амерыку. Яго гістарычныя рамкі ахопліваюць 1689 – 1789 гг. Першая дата звязана з пачаткам «славутай рэвалюцыі» у Англіі, а другая – з пачаткам Вялікай французкай рэвалюцыі. Дзеячы эпохі Асветы змагаліся за ўсталяванне «царства розуму», у аснове якога яны бачылі «натуральную роўнасць» грамадзян. З гэтай роўнасці вынікала патрабаванне палітычных правоў і свабод. Грамадская думка Асветы была ўпэўнена ў магутнасці чалавечага розуму, у прагрэсе навукі, што стварала ўмовы для ўсебаковага росквіту грамадства. Аднак у кожнай дзяржаве былі свае асаблівасці і свае асветнікі. У Англіі – гэта Д.Локк, які напісаў сачыненне «Вопыт чалавечага розуму». У гэтым творы Локк сцвярджаў, што неад’ёмным правам чалавека з’яўляецца права на жыццё, свабоду і ўласнасць. Французкая Асвета – гэта Вальтэр, Ж.Ж.Руссо, Д.Дзідро, Ш.Монтэск’е. Гэтыя асобы спачатку былі дысідэнтамі і радыкаламі, яны ўзначалілі грамадска-палітычны рух Францыі, які завяршыўся перамогай Вялікай французкай рэвалюцыі. Разам з тым гэтыя дзеячы паклалі пачатак новай філасофска-палітычнай плыні, якая атрымала назву «навуковай утопіі».

На пытанне – за што трэба змагацца чалавеку?, Вальтэр і Руссо адказалі – за роўнасць, братэрства і свабоду. Але ці ж можна зрабіць такім усё грамадства? Асветнікі адказалі – безумоўна, можна. Утапізм іх вучэння заключаецца ў тым, што яны жадалі стварыць шчаслівае «царства свабоды» для ўсіх і кожнага грамадзяніна. Утапічныя ідэі асветнікаў аказвалі ўплыў на філасофска-палітычную думку і культурнае жыццё індустрыяльнай цывілізацыі ў XVIII – XIX стст.

Прадстаўніком нямецкай асветы быў філосаф Э.Кант. Асабліваю ўвагу дзеячы Асветы надавалі барацьбе з рэлігіяй і царквой. На іх думку, рэлігія была перашкодай на шляху да царства свабоды і роўнасці. Э.Кант у рабоце «Крытыка чыстага розуму» абверг усе магчымыя доказы быцця Бога. Пасля гэтага філосафы абвясцілі свету, што новы чалавек «штурмам» узяў неба, не пакінуўшы там месца Богу. Праз некаторы час другі нямецкі філосаф Ф.Ніцшэ канстатаваў, што ў сацыяльным і духоўным жыцці чалавека індустрыяльнага грамадства «Бог памер». Яму на змену прыйшоў звышчалавек, які сам устанавліваў мараль, правілы і нормы чалавечага жыцця.

Каб хоць неяк наблізіць шчаслівае будучае, у XVIII ст. пачалі будаваць сады і паркі, якія павінны былі злучыць чалавека з прыродай і «новым раем». Гэта былі месцы філасофскіх і палітычных гутарак, месцы прыгажосці і адпачынку. У кампазіцыі паркаў уключаліся галерэі, музеі, тэатры, храмы. Усе гэта павінна было ўвасобіць рэалізацыю мары аб «жыцці ў райскім садзе», аб хуткім наступе шчаслівай будучыні. Ідэі еўрапейскай Асветы аказвалі вялікі ўплыў і на Беларусь. Будаўніцтва ў Беларусі палацава-паркавых ансамбляў у другой палове XVIII ст. сведчыць аб тым, што рэалізацыя асветніцкіх ідэй была сацыяльнай рэчаіснасцю нашай Бацькаўшчыны.