Пытанні для самакантроля

1. Чым вызначалася дзяржаўна -прававое становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай?

2. Якімі прычынамі была выклікана Брэсцкая унія 1596 г.?

3. Чаму палітычная ўлада ў Рэчы Паспалітай належыла алігархіі?

4. Чым быў выкліканы заняпад беларускай дзяржаўнасці ў перыяд Рэчы Паспалітай?
3. Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай у пачатку XVII ст. Узаемаадносіны з Расіяй

 

Пасля Люблінскай ўніі каралем Рэчы Паспалітай быў абраны Стэфан Баторый. С.Баторый быў здольным палітыкам і ваеннаначальнікам. Негледзячы на адсутнасць сродкаў у дзяржавы, ён здолеў стварыць моцную армію, у кароткі тэрмін разграміў войскі Івана ІV і вызваліў тэрыторыю ВКЛ. У 1583 г. Рэч Паспалітая і Маскоўскае царства падпісалі мірную дамову, згодна з якой урад Івана IV страціў тэрыторыю Прыбалтыкі.

У 1584 г. маскоўскі цар Іван IV памер і ў Расіі пачаўся перыяд барацьбы за ўладу, перыяд сялянскіх і казацкіх хваляванняў, якія ахапілі цэлыя рэгіёны. Пашырэнню народнага руху ў Расіі спрыяла і тое, што ў 1597 г. Барыс Гадуноў забараніў сялянам пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога і вызначыў тэрмін пошуку тых сялян, якія кінуліся ва ўцекі. Узмацненне прыгоннага права падштурхнула сялян Расіі да пошуку “справядлівага цара”.

У 1604 г. такі цар з’явіўся. Гэты быў былы манах Грыгорый Атрэп’еў, родам з ВКЛ. Гэты малады манах, які займаў пасаду памочніка маскоўскага патрыярха, абвясціў сябе сынам цара Івана IV – царэвічам Дзмітрыем. Сапраўдны царэвіч Дзмітрый трагічна загінуў, калі яму было чатыры гады. Таямнічая смерць царэвіча і народныя чуткі, а таксама незадавол расіян уладай былі спрытна выкарастаны Атрэп’евым, які сцвярджаў, што ён і ёсць сапраўдны “царэвіч Дзмітрый”. Ілжэдзмітрый І збег ў Рэч Паспалітую, дзе яго прыняў кароль Жыгімонт Ваза. Яны заключылі дамову, згодна з якой Ілжэдзмітрый І атрымаў войска, ажаніўся на палячцы і абяцаў пасля маскоўскай каранацыі прыняць каталіцтва. Пасля гэтага Ілжэдзмітрый І абяцаў заключыць з Рэччу Паспалітай унію па ўзору Люблінскай.

Да распрацоўкі гэтага палітычнага плана мелі адносіны і магнаты ВКЛ, войскі якіх склалі аснову арміі самазванца. У 1605 г. Ілжэдзмітрый І заняў Маскву, але маскоўскае баярства незадаволенае пачаткам польскага панавання, склала змову і забіла самазванца. Пасля гэтага пачалася інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай ў Расію. У 1609 г. войска Рэчы Паспалітай падышло да Масквы. Урад Масквы быў адхілены ад улады і маскоўскім царом быў абвешчаны сын польскага караля Уладзіслаў. Аднак Жыгімонт Ваза не пускаў свайго сына ў Маскву. Ён патрабаваў спачатку падпісаць унію аб аб’яднанні дзяржаў.

Пачатак іншаземнага панавання выклікаў нацыянальна-патрыятычны ўздым сярод простага народа. У 1612 г. грамадзяне Расіі стварылі народную армію і захапілі Маскву. Пасля гэтага ў 1613 г. Земскі сабор Расіі выбраў новым царом Міхаіла Раманава.

Такім чынам, палітыка Рэчы Паспалітай, накіраваная на ўсталяванне панавання ў Расіі, пацярпела крах. Больш таго, з гэтага моманту новая царская дынастыя Расіі пачала праводзіць палітыку, накіраваную на ліквідацыю Рэчы Паспалітай.