Дынастычная барацьба ў 70-90-х гадах ХIVст. Крэўская ўнія і яе вынікі. Грунвальдская бітва і яе значэнне

Пытанні для самакантролю

1. Якія прычыны абумовілі утварэнне ВКЛ?

2. У якіх умовах адбывалася станаўленне і развіццё маладой дзяржавы?

3. Якіх князёў можна лічыць заснавальнікамі ВКЛ?


Пасля Гедыміна палітычную ўладу ў ВКЛ узначаліў яго сын Альгерд. У перыяд праўлення Альгерда /1345-1377гг./ ВКЛ пачало ператварацца ў магутную дзяржаву, якая стала цэнтрам палітычнай і ваеннай сілы ў Еўропе. Альгерд абвясціў сваю дзяржаву спадкаемцай Старажытнарускай дзяржавы. На гэтай аснове ён пачаў аб'ядноўваць усе землі, якія ў ІХ-ХІІІ ст. належылі Кіеўскай Русі. У 60-70 гадах ХIV ст. Альгерд захапіў Валынь, Смаленск, Чарнігаў. Каб замацаваць гэтыя тэрыторыі трэба было перамагчы мангола-тарар. У 1362 г. Альгерд разграміў 100 тысячнае войска мангола-татар у бітве на рацэ Сінія Воды. Пасля гэтага ён далучыў Кіеўшчыну. Затым у 1368, 1370 і 1372 гадах Альгерд ваяваў з маскоўскім княствам. У выніку перамог тэрыторыя княства значна пашырылася за кошт новых зямель, якія раней належылі мангола-татарам. Пасля смерці Альгерда ў Вільні пачалася барацьба за ўладу паміж яго сынамі. Спачатку за ўладу змагаліся Кейстут і Ягайла. У 1382 г. Ягайла з дапамогай крыжакоў перамог Кейстута. Потым Ягайла забіў Кейстута. Але барацьба на гэтым не спынілася. За ўладу пачаў змагацца сын Кейстута Вітаўт. Вітаўт атрымаў падтрымку крыжакоў, Жмудзі, Полацка і Віцебска. Ягайла запрасіў дапамогі ў маскоўскага князя Дзмітрыя. Але Дзмітрый запатрабаваў за дапамогу тэрыторыю Полацка і Віцебска. Ягайла адмовіўся ад такой дапамогі і звярнуўся за падтрымкай да Польшчы. У перыяд з 1383 па 1385гг. ішлі сакрэтныя перагаворы аб умовах уніі паміж Польшчай і ВКЛ. У 1385 г. унія была падпісана ў Крэўскім замку, рэзідэнцыі Вялікіх князеў ВКЛ. Умовы гэтай уніі былі наступнымі:

1. Польшча і ВКЛ атрымліваюць адну агульную палітычную ўладу ў асобе Вялікага князя і караля Польшчы. Пры гэтым Вялікі князь абіраецца ў ВКЛ, а затым ён займае пасаду польскага караля.

2. ВКЛ і Польшча захоўваюць дзяржаўную незалежнасць і самастойнасць.

3. Ягайла жэніцца на польскай каралеве Ядвізе, прымае каталіцтва і ўводзіць каталіцтва ў Жамойці.

У 1386г. Ягайла пачаў выконваць умовы Крэўскай уніі. Ён ажаніўся на Ядвізе, прыняў каталіцтва і стаў польскім каралем. 3 дапамогай Рыма 30 тысяч жмудзінаў сталі католікамі. У 1387г. Ягайла выдаў шэраг прывілеяў, згодна з якімі каталіцкія феадалы атрымалі выключныя правы на валоданне зямлей, яны вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўных феадалаў гэты прывілей не распаўсюджваўся.

У выніку ў ВКЛ утварылася моцная апазіцыя, якая не прымала Крэўскую унію. Узначаліў апазіцыю Вітаўт. У пошуках саюзнікаў Вітаўт заключыў пагадненне з ханам Залатой Арды Тахтамышам. Па ўмовах пагаднення Вітаўт абяцаў дапамагчы Тахтамышу ў вайне супраць заваёўніка Азіі Цімура Тамерлана. Тахтамыш абавязаўся ў выпадку перамогі аддаць Вітаўту ўсе рускія княствы, якімі валодала Залатая Арда. Аднак у 1399г. войска Вітаўта было разбіта арміяй Тамерлана. Бітва адбылася на рацэ Ворскле.

Пасля паражэння на Ворскле ў 1401г. Вітаўт быў вымушаны прызнаць умовы Крэўскай уніі. У гэты момант узмацнілася крыжацкая агрэсія супраць Польшчы. Крыжакі сабралі вельмі моцную і добра ўзброенную 30 тысячную армію. Над Польшчай навісла смяротная пагроза. Рашаючая бітва паміж крыжакамі і аб'яднаным войскам Польшчы і ВКЛ адбылася ў 1410г. пад Грунвальдам. Войскам саюзнікаў кіравалі Ягайла і Вітаўт. У гэтай бітве беларуска-літоўскія харугвы змагаліся з вялікім гераізмам. У выніку крыжакі былі разгромлены. Нямецкі націск на Усход быў спынены на 500 гадоў. У гэтым была вялікая гістарычная роля перамогі пад Грунвальдам.

Перамога пад Грунвальдам яшчэ больш узмацніла ўплыў Польшчы на ВКЛ. У 1413 г. гэта было замацавана прыняццем Гарадзельскай пастановы. Гарадзельская пастанова замацавала і пашырыла прывілеі каталіцкага насельніцтва на тэрыторыі ВКЛ. Феадальная эліта каталіцкага веравызнання атрымала выключныя правы на дзяржаўнае, палітычнае і ваеннае кіраванне ў ВКЛ, на зямельную і іншую маёмасць. У той жа час праваслаўныя феадалы не атрымалі нічога. Больш таго, праваслаўнае насельніцтва трапіла ў стан сацыяльна-палітычнага нераўнапраўя і дыскрымінацыі. Праваслаўныя князі не ўдзельнічалі ў выбарах Вялікага князя, не мелі права на вышэйшыя дзяржаўныя пасады міністэрскага тыпу. У 1430 г. Вітаўт памер, не дачакаўшыся каралеўскай кароны, якую яму накіраваў папа Рымскі і якую захапілі палякі. Пасля гэтага Вялікім князем ВКЛ быў абраны брат Ягайлы Свідрыгайла. Гэты палітык таксама не пагаджаўся з Крэўскай ўніяй і Гарадзельскай пастановай. У выніку каталіцкае насельніцтва ВКЛ абрала сабе новага караля- Жыгімонта Кейстутавіча. Пачалася грамадзянская вайна /1432-1436 гг./. Свідрыгайла пацярпеў паражэнне, а Жыгімонт пасля перамогі выдаў шэраг прывілеяў на карысць праваслаўных феадалаў. Праваслаўныя паны атрымалі спадчыннае права на валоданне зямлей, права на гербы і знакі шляхецтва, на вызваленне ад дзяржаўных падаткаў і павіннасцей. Але галоўнага права - на выбары Вялікага князя, яны не атрымалі. Канчаткова Гарадзельская пастанова была ліквідавана толькі ў 1563 г.

Такім чынам, Крэўская унія і грамадзянская вайна ХV ст. у ВКЛ былі выкліканы палітычным, эканамічным і сацыяльным саперніцтвам паміж кіруючай феадальнай групоўкай. Гэтае саперніцтва завяршылася поўнай кансалідацыяй феадальнай эліты ў ХVI ст., пасля чаго гэты клас уяўляў адну сацыяльную групу з агульнымі інтарэсамі і агульнай Айчынай. Гэта паклала пачатак развіццю палітычнай згоды і талерантнасці ў асяроддзі беларусаў.