Бібліятэчная справа феадальнага Усходу

Па часе ўзнікнення больш раннім, па перыяду існавання найбольш доўгатэрміновым былі феадальныя парадкі ў краінах Усходу.

Кітай. Станаўленне феадалізма ў Кітаі было звязана з распаўсюджваннем буддызму. У VI ст. у Кітаі налічвалася 50 тыс. буддысцкіх манастыроў, да 2 мільёнаў манахаў, якія садзейнічалі ўмацаванню свецкай улады. Бібліятэка як грамадскі інстытут фарміруецца і развіваецца ў першую чаргу ў Кітаі. Менавіта Кітай адыграў у адносінах да краін Паўднёва-Усходняй Азіі тую ролю, якую адыграла ў адносінах да Заходняй цывілізацыі Грэцыя. Таму і Кітай, і Грэцыя – гэта прарадзімы бібліятэк.

Важную ролю ў распаўсюджанні бібліятэк адыграла развіццё пісьменства, а таксма шэраг вынаходніцтваў, звязаных з гэтым. Матэрыялам для пісьма ў Кітаі служылі панцыр з чарапахі – найбольш старажытны матэрыял (прыкладна 1500 г. да н.ч.), а таксама бамбук і шоўк (770 – 476 гг. да н.ч.). Паперу першапачаткова кітайцы выраблялі з бамбукавай масы (бамбака, бамбіцына). У ІІ тысячагоддзі да н.ч. у Кітаі вынайшлі паперу. Дынастыя Хань увайшла ў гісторыю Кітая прымяненнем для пісьма паперы (з 76 г.). Цай Лунь у 105 г. удасканаліў спосаб вытворчасці паперы (з драўлянага луба, пянькі, ануч).

У IV – VI стст. шырокае распаўсюджанне ў Кітаі атрымалі манастырскія бібліятэкі, у фондах якіх асноўнае месца займала буддысцкая літаратура, былі таксама творы па медыцыне, матэматыцы, астраноміі, граматыцы. Некаторыя з вопісаў фондаў гэтых бібліятэк, якія дайшлі да нашага часу, утрымліваюць звесткі аб назвах, імёнах аўтараў, перакладчыкаў, колькасці скруткаў (цзюаней) кожнага твора. Кнігі мелі шыфры. Складаліся вопісы страчаных кніг, рабіліся паметкі аб захаванасці рукапісаў. Былі спецыльныя людзі, якія займаліся ўзнаўленнем страчаных кніг.

Бібліятэкі былі арыентаваны на выкананне асноўнай функцыі – фондаўтварэння. Кнігі беражліва захоўваліся, выносіліся ў пэўны час на прасушку. Іх зберагалі для наступных пакаленняў. Папаўняліся бібліятэкі за кошт перапіскі, ахвяраванняў, перамяшчэння кніг з аднаго манастыра ў другі, пакупкі. Буйнейшым кніжным рынкам у Кітаі быў манастыр у Сянго.

У Кітаі былі багатыя палацавыя кнігасховішчы. Асаблівы інтарэс да збору старажытных прац праяўлялі Суйскія і Танскія імператары. За дастаўку ў імператарскую бібліятэку старажытных класічных твораў было ўстаноўлена ўзнагароджанне шоўкам. Кітайскія бібліятэкі мелі сотні тысяч рукапісаў, ксілаграфічныя (выразаныя на дрэве) выданні. Апошнія ўзніклі і пачалі распаўсюджвацца ў Кітаі пачынаючы з VIII – ІХ стст. Гэта знізіла кошт на кнігі. Першая захаваная друкаваная кітайская кніга – буддыйскі канон “Алмазная сутра” 868 г., створаная майстрам Ван Чы. У Х – ХIV стст. друкаваная кніга пачынае займаць пануючае становішча.

Пры імператары Чэн-дзі (26 г. да н.ч.) быў створаны каталог палацавай бібліятэкі. Яго аўтар захавальнік бібліятэкі Лю Сянь і яго сын Лю Сінь. Назва – “Сем кароткіх каментарыяў”: “Можна чытаць усю”, “Можна чытаць часткова”, “Можна прапанаваць для яго вялікасці”). Першапачаткова кнігі ў каталогу былі падзелены на 7 раздзелаў, многія апісанні кнігі змяшчалі прадмовы з біяграфіямі аўтараў, кароткім зместам кніг і звесткамі аб працэсе перапісвання і рэдагавання.

Да нашага часу захаваліся значныя зборы бібліятэкі манастыра ў Дуньхуані (IV – пачатак ХІ стст.).

Знешне нязменнымі заставаліся ў Кітаі (аж да пачатку ХХ ст.) і тыпы бібліятэк з тых далёкіх часоў – “Мэн-фу” (“Саюзныя палаты” – кітайскі варыянт палацавых бібліятэк); “Шу юань” (“Кніжныя двары” – аналаг бібліятэкі дзяржаўнага навуковага цэнтра) і прыватныя бібліятэкі. Гэта таксама бібліятэкі, а не архівы, бо развіваецца функцыя даступнасці. Найбольш важную ролю ў жыцці феадальнага Кітая адыгралі дзяржаўныя палацавыя “Саюзныя палаты”, якія ўзначальваў летапісец, напрыклад старажытнакітайскі філосаф Лао-цзы (VI – V стст. да н.э., сучаснік Канфуцыя). Гэты тып бібліятэк заставаўся вядучым да пач. ХХ ст.

У VII – Х стст. у Кітаі ўзнікае навуковая ўстанова – “Кніжны двор”. Дзейнасць гэтай установы будавалася як і мусеона на аснове бібліятэкі, таму дадзеную ўстанову можна разглядаць менавіта як бібліятэку. Функцыі захоўвання, абслугоўвання, гарантавалася атрыманне кніг. На аснове кнігі будавалася сістэма выхавання, адукацыі, самаадукацыі. Росквіт “кніжных двароў” прыходзіцца на 960 – 1279 гг. (дынастыя Сун) і час дынастый Мінь (1368–1644) і Цынь (1644–1911), калі “кніжны двор” стаў месцам падрыхтоўкі да дзяржаўных экзаменаў, якія неабходныя былі, каб атрымаць дзяржаўную службу.

Не менш важную ролю у Кітаі ігралі і прыватныя бібліятэкі. Найбольш актыўны час – перыяд 770–476 гг. да н.ч., перыяд “Вясны і восені”. Прыватнымі бібліятэкамі валодалі: гісторык і дзяржаўны дзеяч Сыма Гуан (1017 або 1019–1086). Сабраў 10 тысяч кніг пераважна па гісторыі. Яго бібліятэка мела назву “Сад самотнай радасці” (у пер. на рускую мову – “Сад уединенной радости”). Аб кнігах, якія захоўваліся ў бібліятэках ніхто не павінен быў ведаць. Доўгі час прыватныя бібліятэкі служылі ў мэтах калекцыяніравання.

Кітайскія бібліятэкі адрозніваліся перш за ўсё тым, што кнігадрукаванне тут атрымала распаўсюджанне значна ранней, і бібліятэка ніколі не выконвала функцыя скрыпторыя. Функцыя даступнасці доўгі час была абмежаванай, або зусім адсутнічала аж да ХІХ ст.

Японія. Кітайскія кнігі вывозіліся ў Карэю, Японію. Да вынаходніцтва складовага пісьменства ў справаводстве Японіі панавала кітайская мова. З Японіі ў Кітай пасылаліся студэнты, святары. Пачынаючы з VII ст. сувязі паміж Кітаем і Японіяй ажывіліся. Фонды японскіх бібліятэк напачатку складаліся адпаведна з кітайскай буддысцкай літаратуры. Карысталіся бібліятэкамі нешматлікія прадстаўнікі знаці, імператарскі двор, зямельная арыстакратыя, буддысцкае духавенства. Захаванне кнігі як і ў Кітаі.

З Кітая ў ХІ ст. буддыйская літаратура распаўсюдзілася і ў Паган (пазней – Бірма, а зараз М’янма), сталіцу Паганскай дзяржавы. У ХІ ст. падчас ваеннага паходу цара Пагана было захоплена шмат буддысцкіх твораў, для якіх у цэнтры сталіцы было пабудавана спецыяльнае памяшканне “Пітака-тайк” (свяшчэнная бібліятэка). Гэта бібліятэка размяшчалася ў шматярусным будынку, які захаваўся і да нашых дзён. У ХІ ст. было створана бірманскае пісьменства, пачалі з’яўляцца ўласныя кнігі, матэрыялам для якіх служылі пальмавыя лісты, а для пераплёту – дошчачкі з рэдкіх пародаў дрэў. Была пабудавана яшчэ адна буйная бібліятэка на беразе возера Мракаі.

Будынкі бібліятэк захаваліся да нашых дзён у іншых краінах Індакітаю, напрыклад у Камбоджы.

В’етнам. Пасля вызвалення з-пад ярма Танскай імперыі актывізуецца развіццё культуры В’етнама. Самай першай бібліятэкай у В’етнаме лічыцца сховішча Дайхынг, аснову якога складалі таксама буддысцкія кананічныя творы. У гэтым жа сховішчы кнігі друкаваліся і распаўсюджваліся па краіне. У 1070 г. у Ханоі быў закладзены Храм літаратуры. Спачатку гэта гэта было месца багаслужэнняў, школа для заняткаў, цэнтр друкавання кніг ксілаграфічным спосабам, сховішча друкаваных дошчак, а потым пры храме ўзнікла і бібліятэка. Яе чытачамі былі выкладчыкі і навучэнцы школаў. У 1464 г. па каралеўскаму загаду падобныя храмы літаратуры будуюцца і ў правінцыях. У фондах бібліятэк пачынаюць сустракацца ўжо навуковыя, гістарычныя і паэтычныя творы, фальклорныя зборнікі.

У ХІІ ст. ад мангольскага нашэсця гінуць культура і бібліятэкі Кітая, Пагана і іншых краін. Надоўга затрымліваецца іх развіццё ў Японіі, бо краіну раздзіраюць феадальныя войны.

АРАБСКІ ХАЛІФАТ. У VII – VIII стст. арабы Аравійскага паўвострава заваёўваюць тэрыторыі Пярэдняй і Цэнтральнай Азіі, Закаўказзя, Паўночна-Заходняй Індыі, паўночнай Афрыкі і Пірынейскага паўвострава і ўтвараюць адзіную дзяржаву – Халіфат. Арабы, як і візантыйцы, прадоўжылі антычную традыцыю, вывучаючы і перакладаючы на арабскую мову творы Старажытнай Грэцыі і Рыма.

Па ўмовах і часе ўзнікнення, характары дзейнасці арабскія бібліятэкі былі неаднароднымі. Існавалі наступныя бібліятэкі:

– “Дамы мудрасці”;

– “Дамы навукі”;

– далучаныя бібліятэкі: пры школах (медрэсэ); мячэцях, маўзалеях, бальніцах, абсерваторыях.

Дамы мудрасці” – найбольш раннія бібліятэкі Арабскага халіфата. Яны засноўваліся і ўтрымліваліся на сродкі халіфаў і размяшчаліся звычайна ў палацах. Іх чытачы – вучоныя, паэты, правазнаўцы. Яны павінны былі вывучаць Каран, арабскую мову, ствараць новыя паэтычныя і навуковыя работы. Адной з першых бібліятэк гэтага тыпу была заснаваная ў VII ст. бібліятэка халіфаў ў Дамаску, які лічыцца першым навуковым цэнтрам мусульманскага свету. У 689 г. ад бібліятэкі быў аддзелены архіў. У бібліятэку паступалі копіі з розных канцоў свету. Аснова фонда – каранічная літаратура, калекцыі па алхіміі, медыцыне, астраноміі, гісторыі, філасофіі, літаратуры. У VIII ст. бібліятэка была перанесена ў новую сталіцу – Багдад.

На іспанскай тэрыторыі Арабскага халіфата славілася бібліятэка, сабраная эмірам Аль-Хакамам ІІ у Кардове. Фонд – 400 тыс. кніг, каталог складаўся з 44 тамоў па 50 лістоў у кожным. У эміра былі свае агенты, якія адшуквалі і дастаўлялі кнігі ў Кардову. Шматлікія пісцы іх перапісвалі. Штогод перапісвалася 60-80 тысяч экземпляраў копій. Толькі ва ўсходнім прадмесці сталіцы працавала 170 жанчын, якія спецыялізаваліся на вырабе копій каранічных кодэксаў. Эмір акрамя таго клапаціўся аб набыцці менавіта першага арыгінальнага экземпляра кнігі ад аўтара, таму і аўтары былі зацікаўлены ў продажы сваіх твораў і шмат пісалі прац, якія праслаўлялі Аль-Хакама ІІ. Пасля ж яго смерці бібліятэку “пачысцілі”, спаліўшы ерэтычныя працы па філасофіі і астралогіі, па рэлігійных спрэчках.

У Пярэдняй Азіі вылучалася бібліятэка “Дома мудрасці” ўладара Адуд ад-Даула. Ёю кіраваў вакіл, быў бібліятэкар – хазін і інспектар – мушрыф. У ёй былі сабраныя ўсе вядомыя на той час кнігі. памяшканне бібліятэкі ўяўляла сабой доўгую залу са шматлікі прыстройкамі з боку, вялікі вестыбюль. Уздоўж сцен стаялі драўляныя шафы з дзверцамі, якія адчыняліся зверху ўніз. Кнігі пэўнай галіны ведаў займалі асобную шафу. Карысталіся бібліятэкай знатныя асобы, вучоныя, паэты, чыноўнікі, прыязджалі вучоныя з розных гарадоў халіфата, якіх забяспечвалі харчаваннем і жыллём.

З канца ІХ ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі “Дамы навукі”, у якіх захоўванне кніг і абслугоўванне чытачоў спалучыліся з выкладаннем і навучаннем. Багдад, Кордава, Каір, Масул, Іерусалім, Халеб, Дамаск і іншыя гарады халіфата мелі такія бібліятэкі, якімі мелі права карыстацца слынныя граматныя мусульмане. “Дом навукі” ў Масуле, заснаваны каля 890 г., быў асабліва багаты рукапісамі па астраноміі і старажытнагрэчаскай філасофіі. Пры “Доме навукі” працавалі навуковыя гурткі. “Дом навукі” ў Багдадзе (з 993 г.) – навуковы цэнтр і першы мусульманскі універсітэт Ірака. У яго фондзе былі кнігі па філасофіі, геаметрыі, астралогіі, медыцыне, літаратуры. Фонд быў адлюстраваны ў сістэматычным каталогу. Кіравалі бібліятэкай вучоныя, а абслугоўвалі вучоных, пісьменнікаў і філосафаў з розных гарадоў – бібліятэкары. У 1059 г. бібліятэка была спалена перасамі.

Каля палаца халіфаў ў Каіры (з 1005 г.) знаходзілася яшчэ адна бібліятэка падобнага тыпу, якую шчодра фінансавалі ўладары. Спачатку гэта была палацавая бібліятэка, якую заснаваў другі халіф дынастыі аль-Азіз у канцы Х ст. У фондах бібліятэкі налічвалася акрамя значнай часткі рэлігійнай літаратуры і 18 тыс. навуковых прац. Бібліятэкар Алі бен Мухамад аль-Шабушці сачыў за расстаноўкай і забеспячэннем захаванасці фонда, які размяшчаўся ў 40 памяшканнях. Пры наступным пераемніку халіфа бібліятэка значна павялічылася і змянілася яе роля. Яна стала асновай цэнтра “Дар аль-ільм”. Асноўнай задачай арабскіх цэнтраў “дар аль-ільма” было распаўсюджванне рэлігійных ідэй, але ён першапачаткова быў і цэнтрам навуковых дыскусій. Сюды запрашаліся разам з мусульманамі і іудзеі, і хрысціяне, а бібліятэка была адкрыта для ўсіх жадаючых. Акрамя шматлікіх чытальных залаў, у бібліятэцы былі памяшканні для збораў вучоных. Па прыкладу каірскага “Дома навукі” былі пазней створаны аналагічныя цэнтры ў Іерусаліме, Масуле, Трыпалі і іншых гарадах арабскага свету.

Самым вялікім фондам ў канцы ХІ ст. валодала бібліятэка “Дома навукі” ў Трыпалі. Яе фонд – 3 мільёны кніг, у іх ліку 50 тыс. экз. Карана. Працавала 180 супрацоўнікаў. Загінула ад пажару ў час нашэсця крыжаносцаў.

У ІХ – ХІ стст. у Арабскім халіфаце бібліятэку мела кожная больш менш значная мячэць. У ХІ ст. амаль усе школы (мердрэсэ), маўзалеі і бальніцы таксама мелі бібліятэкі. Адзін з буйнейшых кніжных збораў склаўся ў Багдадзе пры медрэсэ Нідамійя (1064 г.). У Нацыянальным музеі ў Дамаску захоўваецца частка фонду сярэднявечнай бібліятэкі мячэці Ан-Нуры, заснавальнікам якой быў султан Нуры-і-Дзін Занкі. Вядомай па сваім часе была бібліятэка медрэсэ Мустансірыйя (з 1233 г.). Быў штат бібліятэкі, у які ўваходзілі дырэктар, памочнікі бібліятэкара, падносчыкі кніг. Чытачы – прафесары, студэнты, якія слухалі лекцыі. Прафесары і студэнты, супрацоўнікі бібліятэкі забяспечваліся харчаваннем і штомесячнай стыпендыяй.

Набыццё кніг ў Халіфаце стала пэўнай модай, а наяўнасць прыватнай бібліятэкі – знакам высокага сацыяльнага статуса, што напамінала адносіны да кніг і кніжнага калекцыяніравання ў Рымскай імперыі. Арабскія бібліяфілы валодалі калекцыямі кніг, якія налічвалі тысячы тамоў. Арабскія пісьменнікі апісвалі прыватныя бібліятэкі, якія змяшчалі нібыта больш за 5 тыс. тамоў, а для іх перавозкі патрабавалася 700 вярблюдаў. З часам гэтыя бібліятэкі паступова развіваліся і пераўтвараліся ў самастойныя. Некаторыя з іх сталі нацыянальнымі.

У ХІ – ХІІІ стст. большасць бібліятэк Арабскага халіфата загінула – падчас барацьбы арабаў з хрысціянамі-крыжаносцамі, так і ў выніку разрабавання мангольскімі заваёўнікамі. У 1236 г. па загаду кардынала Хіменеса была датла спалена Кардоўская бібліятэка. Бібліятэка Багдада была разбурана падчас захопу яе манголамі ў 1258 г.

КАЎКАЗ. Першыя звесткі аб з’яўленні бібліятэк на тэрыторыі Каўказа адносяцца да ІІІ – VII стст. У Арменіі ўжо на пачатку V ст. уводзіцца армянскі алфавіт, ствараецца філасофская, багаслоўская, гістарычная і геаграфічная літаратура на роднай мове. Адкрываюцца першыя школы пры манастырах і бібліятэкі пры школах. Ствараюцца кніжныя калекцыі феадалаў і духавенства.

У Грузіі ў ІІІ – VII стст. складваецца літаратура на роднай мове, ствараюцца арыгінальныя філасофскія і гістарычныя творы, распаўсюджваецца перакладная літаратура. Асноўнымі культурн-асветнымі цэнтрамі ў Грузіі былі манастыры, пры якіх таксама адкрываліся школы і майстэрні па перапісванні кніг. Найбольш буйным з іх можна назваць кнігасховішча ў Мцхецскім патрыяршым падвор’і, Гарэджскім і іншых манастырах. У пачатку ХІІ ст. пры Гелацкім манастыры паблізу Кутаісі адкрываецца акадэмія і бібліятэка, якая змяшчала вучэбную літаратуру, працы па філасофіі, багаслоўі, астраноміі, матэматыцы і праву. Багатую бібліятэку меў грузінскі цар Давід Будаўнік (1089-1125 гг.), які браў кнігі ў ваенныя паходы.

Пачынаючы з V ст. адкрываюцца бібліятэкі і ў старажытным Азербайджане.

СЯРЭДНЯЯ АЗІЯ.Прыкладна ў ІІ – І стст. да н.э. у Харэзме было створана пісьменства. Вялікі збор помнікаў старажытнага пісьменства, якія адносяцца да ІІІ – IV стст. н.э., быў знойдзены пры раскопках гарадзішча Тапрак-Кала. У гэтым архіве налічвалася 116 дакументаў на скуры і дрэве. Распаўсюджанне асветы ў Сярэдняй Азіі ў IV – VI стст. спрыяла ўзнікненню школ і палацавых бібліятэк. Праўда, ужо ў VII – VIII стст. большасць з бібліятэк былі разбураны арабскімі заваёўнікамі.

У ІХ – ХІ стст. культура і асвета Сярэдняй Азіі перажываюць новы ўздым. У Бухары, Самаркандзе, Харэзме і іншых гарадах распаўсюджваецца не толькі пісьменства, але і навука, мастацтва, ажыўляецца гандаль кнігамі. Ствараюцца вялікія кнігасховішчы рэлігійнай і навуковай літаратуры. У Бухары існавалі бібліятэкі пры мячэцях, медрэсэ (школах) і палацах эміра і знатных феадалаў. Найбольшую знакамітасць мела бібліятэка бухарскіх эміраў і медрэсэ Фараджэк. Знакаміты вучоны Ібн-Сіна (Авіцэнна), які наведаў гэтую бібліятэку ў канцы Х – пачатку ХІ ст., пісаў, што яна размяшчалася ў асобным доме, у пакоях якога кнігі размяркоўваліся па навуках. Быў каталог.

У ХІ – ХІІ стст. бібліятэкі адкрываюцца ў Ургенчы, Мерве, Хаджэнце і інш. У Мерве было дзесяць кнігасховішч пры мячэцях, медрэсэ і інш. Самай буйнай была бібліятэка саборнай мячэці Азізійе, налічвала каля 12 тыс. кніг і рукапісаў. Пазней з’яўляюцца бібліятэкі ў Хіве і іншых гарадах Сярэдняй Азіі.

Такім чынам, асноўныя здабыткі ў развіцці бібліятэк сярэднявечча:

1. Фармуюцца такія тыпы бібліятэк, як манастырскія, пры адукацыйных і навуковых цэнтрах (арабскія “Дамы навукі”, кітайскія “Кніжныя двары”), палацавыя бібліятэкі (арабскія “Дамы мудрасці”, кітайскія “Саюзныя палаты”); бібліятэкі універсітэтаў; прыватныя бібліятэкі.

2. Асноўная функцыя бібліятэк – фондаўтварэнне. Большую частку фондаў складае рэлігійная літаратура. Кнігі і бібліятэкі служаць для распаўсюджання рэлігіі (хрысціянства, буддызм, іслам).

3. Паступова склад фондаў бібліятэк папаўняецца літаратурай на шматлікіх еўрапейскіх мовах, становіцца разнастайным іх змест; што прыводзіць да ўзнікнення інтарэсу па распрацоўцы тэарэтычных пытанняў рацыянальнага размяшчэння кніг у кнігасховішчы, групіроўкі ў каталогах.

4. Што тычыцца функцыі абслугоўвання, то бібліятэка дае доступ да дакументаў усім свабодным грамадзянам (выключэнне складае Кітай, Паўднёва-Усходняя Азія, дзе функцыя абслугоўвання не развіваецца).

5. Адбываюцца змены ў матэрыяле пісьма (з’яўляецца і распаўсюджваецца папера) і форме кніг (з’яўляецца кодэкс).

6. Бібліятэка пачынае служыць навуцы і адукацыі.

7. Бібліятэка ўступае ў зносіны з іншымі ўстановамі і становіцца іх складовай часткай.

8. Бібліятэка канчаткова перастае быць архівам, становіцца самастойнай установай.

9. З’ўляюцца першыя спісы забароненых, ерэтычных твораў.

10. У асноўным у якасці каталогаў выступаюць інвентарныя вопісы.

11. Асноўныя бібліятэказнаўчыя працы, створаныя ў сярэднявеччы тычыліся арганізацыі бібліятэк, камплектавання, распрацоўкі правіл карыстання бібліятэкай, значэння чытання і кнігі.