Паўднёваславянскі ўплыў і яго ўздзеянне на графіку, арфаграфію, мову і арнамент беларускіх рукапісаў


Дата добавления: 2014-01-03; просмотров: 13; лекция была полезна: 0 студентам(у); не полезна: 1 студентам(у).
Опубликованный материал нарушает авторские права? сообщите нам...

 

З другой чвэрці XV ст. культура Беларусі перажывае паўднёваславянскі уплыў. У канцы XIV ст. пасля падзення ад туркаў Сербіі і Баўгарыі і іх канчатковага падаўлення ў сярэдзіне XV ст., пасля заняцця Канстанцінопаля ў 1453 г. на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку і на тэрыторыю Беларусі перасяляецца вялікая колькасць адукаваных людзей, якія прыносяць сваё пісьмо, правапіс, мову і арнамент. Пад уздзеяннем паўднёваславянскага ўплыву адбываюцца пэўныя змены ў графіцы, арфаграфіі, мове і арнаменце беларускіх рукапісаў.

У графіцы гэты ўплыў праявіўся ў наступным. Пры ранейшых тыпах В з’яўляецца В акруглае. Пачынае выкарыстоўвацца Е, якая падобна да сучаснай рукапіснай вялікай Е. Літара Z паступова выцесняцца З, якая падобна да сучаснай. Замест Е ётаванага і Е якарнага уваходзіць ва ўжытак тып, які адрозніваецца ад простага e большай шырынёй, а ад якарнага – напрамкам не ўверх, а ў права ці ўніз. Замест Т пішацца Т з апушчанамі крыламі, замест Ы з ЪЫ з Ь, замест И, Н, Ю з высокай касой перакладзінай – И, Н, Ю з касой перакладзінай пасярэдзіне. Гэтыя новыя тыпы выцеснілі старыя. Не выцясняючы старыя тыпы, з’яўляюцца Ъ і Ь з падоўжанымі загінамі.

Пад уздзеяннем паўднёваславянскага ўплыву змяняецца і арфаграфія. Замест Ъ стаў выкарыстоўвацца Ь, напрыклад: “намь” (“намъ”), “сынь” (“сынъ”), “Господинь” (“Господинъ”). Ъ і Ь пішуцца пасля плаўных, напрыклад: “оутвръждение”, (“оутверждение”), “дръжавныи” (“державныи”), таксама у сярэдзіне груп зычных (“кгьвалътовъне” і інш.). Замест літары Зямля спарадычна сустракаецца Зело, замест УЮс вялікі. Фіта, Іжыца, Ксі сталі выкарыстоўвацца для абазначэння гукаў.

Замест А ётаванага пасля галоснай сталі выкарыстоўваць А, а перад галоснымі – І, напрыклад: “покааніа” (“покаянія”), “іqдейскаа”. Перад галоснымі сталі пісаць І, а не И. Лічбу 900 сталі абазначаць праз Ц, а не Юс малы. У словах іншамоўнага паходжання з’яўляецца літара Э (Е адваротнае).

Аднак усё гэтыя змены былі больш характэрнымі для арыгінальных і перакладных творах рэлігійных жанраў, помніках свецкай літаратуры, аўтарам і перапісчыкам беларуска-літоўскіх летапісаў.

З паўднёваславянскім уплывам неабходна звязваць з’яўленне двух відаў арнамента: так званага балканскага (ці жгутавага) і неавізантыйскага.

На беларускіх землях балканскі арнамент з’явіўся ў канцы XIV – пачатку XV ст. і з гэтага часу да XVI ст. дамінуе. Па падліках М. Нікалаева кнігі з арнаментам, які выкананы ў балканскім стылі, сустракаецца ў кожнай трэцяй кнізе за перыяд XV – XVI стст. Па асноўных матывах балканскі арнамент можна падзяліць на тры асноўныя групы:

1) выразныя геаметрычныя кругі ў адзін, два, тры і больш ярусаў, якія ўплятаюцца адзін у адзін гарызантальна і вертыкальна, часам туга сцягнутыя рамнямі ці пераплеценымі квадратамі; бясконцая васмёрка;

2) краты, якія ўтвараюцца просталінейнымі рамнямі, і якія па краях закругляюцца ў авал;

3) жгуты і пляценні, якія ўтвараюць складаныя перапляценні (квадраты, прамавугольнікіі, ромбы і г. д.). Дэталі напаўнення як ў застаўцы, так і ў ініцыялах вельмі разнастайныя: пярлінкі, крыжыкі (тонкія, аб’ёмныя, каленчатыя і г. д.), візантыйскі завіток, квадраты, гарадкі, трохвугольнікі, матыў у тры прабелы і г. д. У навершы – пляцёныя вузлы, букеты кветак, глаўкі; па вуглах – візантыйскія галінкі, бутоны, шышкі ў стылізаванай манеры, якія пакрыты рысамі, кратамі, кропкамі. Гама фарбаў розная, але часцей яркая, сакавітая. Контур (за некаторым выключэннем) двайны кінаварны.

У гэтым арнаменце адсутнічаюць выявы пачвар, звяроў і чалавечых фігур. Балканскія ініцыялы уяўляюць сабой літары, якія сцягнуты ў розных месцах вузламі. Выкарыстоўваюцца кантрастныя колеры: сіні, чырвоны, зялёны, жоўты, аранжавы, карычневы, золата.

Ранні балканскі арнамент канца XIV ст. знаходзіўся пад непасрэдным уплывам тэраталогіі. На першы погляд, ранні балканскі арнамент падобны на тэраталогію: тое ж пляценне, але без элементаў хвастоў, пачвараў і чалавечых твараў, ачышчаннае, лёгкае. Контур двайны, яркі, кінаварны. Малюнак аб’ёмны. Фон у асноўным ярка-сіні, без дэталяў напаўнення. Малюнак ад рукі. Балканскі арнамент пазнейшага перыяду – першай паловы XV ст. – выглядае інакш. У гэты час адбываецца запазычанне гэтага стылю з паўднёваславянскіх рукапісаў. Арнамент – выразны, цыркульны. У аснове малюнка – аднароднае аблічча кругоў, якія ўплецены адзін у адзін, вертыкальна ці гарызантальна ў два, тры і больш ярусаў. Дэталі напаўнення: кропкі, пярлінкі; па вуглах – візантыйскія галінкі і стылізаваныя шышкі. Схемы застаўкі балканскага арнамента гэтага перыяду – нескладаныя і даволі аднародныя.

Канец XV – пачатак XVI ст. – час найвышэйшага развіцця гэтага стылю. Малюнак становіцца выразным, геаметрычным (цыркульным), складаным, разнастайным. Контур – двайны, часта выкрэслены золатам. Часам сустракаецца трайны контур. Сярэдняя лінія мае іншую расфарбоўку (сіняя, зялёная, залатая), чым знешняя і ўнутраная. Малюнак раздроблены. Шмат дэталяў напаўнення. Матывы разнастайныя. Гэта не толькі выразныя геаметрычныя кругі, якія размешчаны ў некалькі ярусаў, але і васьмёркі, складаныя шматвугольнікі, раздробленыя квадраты, ромбы, прамавугольнікі, эліпсы, пляцёныя краты.

Помнікамі балканскага стылю з’яўляюцца Тураўскае і Ваўковіцкае евангеллі XV ст., Шарашоўскае, Лемяшэвіцкае, Друйскае евангеллі XVI ст. (апошняе да 1590 г.) і інш. Балканскі арнамент развіваўся яшчэ ў XVII ст.

Знаёмства з неавізантыйскім арнаментам беларускімі афарміцелямі кніг адбылося яшчэ ў XIV – XV стст. Гэты арнамент характэрны для ініцыялаў Мсціжскага евангелля канца XIV – пачатку XV ст., пергаміннага Евангелля першай паловы XV ст. (Бібліятэка АН Літоўскай Рэспублікі), Сінодзіка-памянніка (“Суботніка”) канца XV ст. – 1500 г.

Аднак шырока ён стаў выкарыстоўвацца ў XVI ст. Неавізантыйскі арнамент як бы адраджаў схему класічнай візантыйскай застаўкі, але меў больш дробнае і складанае чляненне застаўкі і іншую колерную гамму. Для яго характэрныя матывы кветкі крын, раструбы і г. д. Фарбы – золата, ружовая, блакітная, зялёная, бялілы.

Да помнікў неавізантыйскага стылю XVI ст. з Беларусі адносяцца Евангелле з Дзяржаўнай Публічнай бібліятэкі імя М. Я. Салтыкова-Шчадрынаі і зборнік перакладаў біблійных кніг Мацея Іванавіча (Дзесятаглаў”). Застаўкі неавізантыйскага стылю вядомы ў Жыровіцкім евангеллі (ці Евангеллі Льва Сапегі) XV – XVI стст.

У рукапісах XV – XVI ст. выкарыстоўваюцца і тэраталагічныя ініцыялы (Ваўковіцкае евангелле XV ст.).

У некаторых беларускіх рукапісах да матываў кветкі крын, раструбаў далучаюцца выявы свабодных, пышных гірлянд, кветак, завітых сцяблін, галінак і іншыя элементаў жывой прыроды. Некаторыя даследчыкі схільны называць такі арнамент своеасаблівым самастойным варыянтам неавізантыйскага арнаменту, іншыя – рэнесансавым ці протарэнесансным.