Мініяцюра

Ужо ў XV ст. на мініяцюру і, наогул, знешні выгляд рукапісаў, уздзейнічала агульная эвалюцыя беларускага мастацтва, якое развівалася пад уплывам готыкі і Рэнесанса. Аднак, калі, напрыклад, у беларускім іканапісу ўжо на ранніх этапах яго развіцця адчуваецца ўплыў заходнееўрапейскіх стыляў, у мініяцюры рукапісаў па-ранейшаму дамінуюць візантыйскія традыцыі, галоўным перадатчыкам якога ў рукапісах Беларусі былі, відаць, Балгарыя і Сербія.

Фігурная мініяцюра ў рукапісах XII-XVI ст. сустракаецца рэдка, у іх афармленні дамінуе арнаментыка. Кола тэм і вобразаў зводзіцца ў асноўным да выяў чытырох евангелістаў, якія звычайна даваліся перад пачаткам Чацвёраевангелля. Для рукапісаў характэрна ўпрыгожанні мініяцюрамі, якія прыраўноўваюцца да абразоў (ілюмінацыя).

Аршанскае евангеллі канца XII – пачатку XIII ст. змяшчае дзве мініяцюры, якія паказваюць евангелістаў Мацея і Луку. Абодва сядзяць за нізкімі пюпітрамі і трымаюць у руках аркушы папіруса. Перад імі на пюпітрах – кнігі, якія пісаны золатам. Мастацтвазнавец В. Шматаў мяркуе, што ілюмінатарам гэтага евангелля быў мастак-фрэскіст, аб чым сведчыць, у прыватнасці, шырокая манера жывапісу – стрыманая ў мадэліроўцы твараў, рук, затое энергічная ў трактоўцы антуражу. Мініяцюры з выявамі евангелістаў Мацея, Марка, Лукі і Іаана змешчаны ў Жыровіцкім евангеллі XV – XVI стст. Усе яны сядзяць за невысокімі пюпітрамі і пішуць. Зверху – іх сімвалы: анёл з кнігай над Мацеем, бык – над Лукой, арол – над Маркам, леў – над Іаанам. У гэтых мініяцюрах сустракаюцца рысы заходнееўрапейскага мастацтва (у арнаменце дэкора на рамцы з выявай Мацея, рысы готыкі – у выяве архітэктуры).

З дэкору Анежскага псалтыра XIV ст., вылучаецца малюнак з выявай крылатага льва, барса, мядзведзя і рагатай пачварай з чалавечай галавой паміж рагамі і з доўгім хвастом, які закнчваецца змяінай галавой. Над звярыма зроблены надпісы: над ільвом “царь Римский”, над барсам - “царь Макидонский”, над мядзведзем - “царь Вавилонский ”, над пачварай - “Антихрист”. Пасярэдзіне, паміж імі змешчана фігура жывёлы , верагодна – зайца. Даследчык Анежскага псалтыра Г. К. Бугаслаўскі выказаў думку, што смалянін Лука, стваральнік рукапісу, такім чынам сімвалічна выявіў усю роспач становішча Смаленскага княства, якое было аб’ектам нападу з розных бакоў. На думку іншага даследчыка М. Нікалаева, звяры – гэта пасланцы сатаны, а заяц – сам Лука, які імкнецца пазбегнуць іх лап і пашчы праз цяжкасці працы “списателя богоугодной книги”.

Аднак ужо ў мініяцюрах і тонавых малюнках Лаўрышаўскага евангелля канца XIII – пачатку XIV ст. назіраецца адыход ад візантыйскіх канонаў, матэрыялізацыі выявы, цікавасць да жывапісных сродкаў. Мініяцюра набліжаецца да іллюзіяністычнай карціны з рэальнай асновай. Пашыраецца кола тэм. У мініяцюры сустракаюцца шматлікія элементы гатычнага стылю. З Лаўрышаўскім евангеллем звязана з'яўленне першых ілюстрацый, г. зн. мініяцюр, якія раскрываюць змест напісанага. Такім чынам, напрыклад, праілюстраваны адзін з сюжэтаў пра Варлаама і Іасафата. З пашчы змея расце дрэва – вобраз дрэва жыцця. На дрэве сядзіць чалавек і есць яго плады. Зправа ад дрэва сядзіць адзінарог – вобраз смерці – і чакае, пакуль дзве мышы (дзень і ноч) падточаць дрэва і чалавек зробіцца здабычай адзінарога. Злева ад дрэва на прастоле сядзіць старац Варлаам, які позіркам скіроўвае ўвагу чытача на чалавека, які паквапіўся на “салодкія спакусы гэтага свету” і не прыкмечае небяспеку гэтага свету.