Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі.

КУРС ЛЕКЦЫЙ ПА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

 

1. Перыядызацыя старажытнага перыяду гісторыі Беларусі.

2. Каменны век на тэрыторыі Беларусі.

3. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.

4. Ранні жалезны век на тэрыторыі Беларусі.

5. Культура першабытнага грамадства.

 

1. Першабытны лад – самы працяглы перыяд у гісторыі чалавецтва. Сучасныя даследчыкі прапануюць розныя варыянты перыядызацыі старажытнай гісторыі Беларусі. Найбольш пашыранымі сярод перыядызацый з’яўляюцца агульнагістарычная, археалагічная і этнічная.

агульнагістарычная археалагічная этнічная
І. Праабшчына (першабытны чалавечы статак) 100-35 тыс. гадоў назад   І. Каменны век 1. Палеаліт (старажытны каменны век) а) ніжні або ранні палеаліт (3,5 млн. гадоў назад-100 тыс. гадоў назад) б) сярэдні палеаліт або эпоха мусцье (100-35 тыс. гадоў да н.э.) в) верхні або позні палеаліт (35- 10 тыс. да н.э.) 2. Мезаліт (сярэдні каменны век: IX-V тыс. да н.э.) 3. Неаліт (новы каменны век: V – ІІІ тыс. да н.э.) І. Даіндаеўрапейскі перыяд (100 тыс. гадоў назад – ІІІ тыс. да н.э.)
ІІ. Ранняя родавая (мацярынская) абшчына 35 тыс. гадоў назад – ІІІ тыс. да н.э.  
ІІІ. Позняя родавая (бацькоўская) абшчына ІІ тыс. да н.э. – VІІІ - VІІ стст. да н.э. ІІ. Бронзавы век кан. ІІІ (ІІ) тыс. да н.э. – VІІІ - VІІ стст. да н.э. ІІ. Індаеўрапейскі перыяд (балцкі этап) кан. ІІІ (ІІ) тыс. да н.э. – ІV- V стст. н.э.
ΙV. Суседска-родавая (тэрытарыяльная) абшчына VІІІ - VІІ стст. да н.э. – V ст. н.э. ІІІ. Ранні жалезны век VІІІ - VІІ стст. да н.э. – V ст. н.э.

 

2. Доўгі час уся тэрыторыя нашай краіны была пакрыта суцэльным ледавіком. У такіх умовах жыць было немагчыма. Пранікнуць на Беларусь чалавек мог толькі 100 тысяч год назад, калі ледавік адступіў на поўнач і яго максімальная мяжа знаходзілася на лініі сучасных гарадоў Гродна – Орша. Аднак і ў гэты час клімат быў халодным, кароткія летнія адлігі змяняліся працяглымі зімамі. На поўдзень ад ледавіка прасціралася тундра і стэп з беднай расліннасцю. Толькі ў далінах рэк захоўваліся рэдкія пералескі з карлікавай бярозы, вербаў, кустоўя. Найбольш характэрнымі прадстаўнікамі фауны былі шарсцістыя насарогі і маманты.

Доказам таго, што чалавек пранік на Беларусь у сярэднім палеаліце служаць знаходкі прылад працы неандэртальцаў каля вёсак Свяцілавічы, Абідавічы, Падлужжа, Клеевічы. Гэта былі крэмневыя вастраканечнікі, скрэблы, ручныя рубілы.

Неандэртальцы па прапорцыях цела былі блізкія да сучаснага чалавека, але іх чарапы яшчэ захоўвалі шмат прымітыўных рыс: пакаты лоб, вялікія надброўныя валікі, скошаная ніжняя сківіца. На Беларусі неандэртальцы стаянак не заснавалі – рухаліся “ўслед за жывёлай”. Каб лепш супрацьстаяць суровым умовам існавання, яны аб’ядноўваліся ў статкі (праабшчыны), дзе ўсе члены калектыву падначальваліся аўтарытэту і моцы важака.

У верхнім палеаліце на Беларусь праніклі людзі сучаснага тыпу – краманьёнцы. Тут яны заснавалі першыя стаянкі – каля сучасных вёсак Юравічы(Калінкавіцкі раён, 26 тыс. год назад) і Бердыж (Чачэрскі раён, 23 тыс. год назад). Стаянкі размяшчаліся каля рэк і складаліся з 5-8 буданоў – жытлаў юртавай канструкцыі. Каркас буданоў рабіўся з буйных касцей мамантаў, якія звязваліся паміж сабой сухажыллямі. Зверху каркас пакрываўся шкурамі жывёл, а ўнізе для надзейнасці абкладваўся біўнямі і чарапамі маманта. Усяго на кожнай стаянцы магло жыць 20-40 чалавек.

Краманьёнцы ў верхнім палеаліце выраблялі разнастайныя крэмневыя прылады працы – кінжалы, нажы, разцы, праколкі, а таксама касцяныя – шылы, іголкі, даўбешкі.

Асноўным заняткам палеалітычнага чалавека было загоннае паляванне на мамантаў. Ужываючы для запалохвання агонь, людзі заганялі жывёлу ў яры, дзе яе потым дабівалі камянямі і дзідамі. Забітага маманта дастаўлялі на месца стаянкі. Мёрзлая зямля дазваляла захоўваць запасы мяса на працягу доўгага часу ў спецыяльных ямах-лядоўнях. Акрамя костак мамантаў на палеалітычных стаянках знойдзены таксама косткі шарсцістага насарога, дзікага каня, бурага мядзведзя, ваўка, пясца. Збіральніцтва і рыбалоўства ў палеалітычны час былі распаўсюджаны менш. Спажыванне было калектыўным, ажыццяўлялася ўраўняльнае размеркаванне прадуктаў.

У верхнім палеаліце, а затым у мезаліце і неаліце асноўным вытворчым калектывам была ранняя родавая абшчына. У яе склад уваходзілі сваякі, якія займалі адно паселішча і сумесна вялі гаспадарку. Тут былі дакладна размеркаваны абавязкі па полу і ўзросту паміж усімі членамі абшчыны. Гэта называецца першым падзелам працы. Мужчыны былі паляўнічымі і выраблялі прылады працы. Жанчыны займаліся збіральніцтвам, даглядалі хатні ачаг, гатавалі ежу, шылі адзенне, выхоўвалі дзяцей. Дзеці дапамагалі дарослым і пераймалі ў старых працоўныя навыкі. Вялікая роля ў жыцці абшчыны належала жанчыне. Пры заключэнні шлюбаў муж пераходзіў у род сваёй жонкі. Лічэнне сваяцтва вялося па мацярынскай лініі. Такія абшчыны называюць мацярынскімі. Сям’я ў гэты час была палігамнай (шматмужаства, шматжонства), дзеці не заўсёды ведалі свайго бацьку. Пазней зарадзіўся новы тып шлюбных адносін: парная сям’я. Аднак і тут саюз мужчыны і жанчыны не быў устойлівым. Сям’я ў гэты час яшчэ не з’яўлялася асноўнай вытворчай адзінкай. У шлюб можна было ўступаць толькі з прадстаўнікамі аднаго племені (эндагамія), разам з тым гэта не павінны былі быць прадстаўнікі аднаго роду (экзагамія). Жанчына, да прыкладу, магла выйсці замуж за прадстаўніка суседняй абшчыны.

Каля 14 тысяч гадоў таму назад з тэрыторыі Беларусі пачаў адступаць ледавік. Вымерлі маманты і шарсцістыя насарогі, асноўным аб’ектам палявання стаў паўночны алень. Да канца Х тыс. да н.э. ледавік заняў тэрыторыю сучаснага вострава Грэнландыя. Прыроднае асяроддзе паступова набывала сучасны выгляд. Тэрыторыя Беларусі пакрылася лясамі, спачатку хвойнымі, потым, па меры пацяплення, – змешанымі. У лясах пачалі вадзіцца сучасныя віды жывёлы: алені, ласі, зубры, дзікі, бабры, мядзведзі. Новую пасляледавіковую эпоху называюць мезалітам.

У мезаліце з розных бакоў адбываецца паступовае засяленне тэрыторыі Беларусі. Так, ва Усходнюю Беларусь да самага Дняпра пранікла насельніцтва з боку Рускай раўніны. Другі паток ішоў па Дняпры з поўдня. Асноўная частка гэтага насельніцтва рассялілася ў Сярэдняй Беларусі. Паўднёва-Заходняя Беларусь апынулася ў зоне рассялення народаў, якія перамясціліся сюды з Паўднёвай Польшчы. Чацвёрты паток распаўсюджваўся праз Польшчу і ахапіў Беларускае Панямонне. Паступова Беларусь была поўнасцю заселена, тут сфарміравалася першае сталае (аўтахтоннае) насельніцтва. З гэтага часу можна лічыць, што Беларусь стала айкуменай чалавецтва.

У пошуках дзічыны прадстаўнікі адной абшчыны разыходзіліся дробнымі групамі ў розныя бакі і сяліліся на новых месцах. На значнай тэрыторыі ўзнікалі паселішчы роднасных абшчын. Усе разам такія абшчыны складалі племя. Племя займала даволі вялікую тэрыторыю і абараняла яе і свае паляўнічыя ўгоддзі ад суседзяў, перашкаджала пранікненню на яго землі іншых плямёнаў. Сапляменнікі гаварылі на адной мове, карысталіся падобнымі прыладамі працы і прадметамі хатняга ўжытку. У іх былі аднолькавыя пабудовы, аднолькавае адзенне. Археолагі называюць плямёны археалагічнымі культурамі.

Сярод археалагічных культур эпохі мезаліту вылучаюцца наступныя: грэнская (Падняпроўе), днепра-дзяснінская ці сожская (Усходняе Палессе), Кунда (поўнач Беларусі), нёманская (захад Беларусі). У познім мезаліце на паўднёвы ўсход Беларусі з Украіны пранікла насельніцтва кудлаеўскай культуры. На поўднёвым захадзе Беларусі жыло насельніцтва яніславіцкай культуры.

Змены клімату паўплывалі на ўсе бакі жыццядзейнасці чалавека. Паляванне стала індывідуальным з выкарыстаннем лука і стрэл. З дапамогай гэтай новай зброі можна было паляваць на любога звера і трапляць у яго на вялікай адлегласці. Важнейшым дасягненнем мезалітычнага чалавека было прыручэнне сабакі, які дапамагаў чалавеку на паляванні. У мезаліце рэзка павялічылася роля рыбалоўства. Аб гэтым сведчыць з’яўленне першых спецыялізаваных прылад – гарпуноў, вудаў з касцянымі кручкамі, плеценых з лубяных валокнаў сетак. Па рэках і азёрах людзі перамяшчаліся на чаўнах. Важнымі заняткамі мезалітычнага чавлавека былі збіральніцтва “дароў прыроды” (ягад, грыбоў, арэхаў, дзікай садавіны) і бортніцтва (збор мёду дзікіх пчол). Як бачна, гаспадарка мезаліта была спажывецкай (прысвойваючай). Акрамя здабычы ежы ў лесе ці на вадаёме мезалітычны чалавек меў шмат іншых клопатаў: апрацоўваў скуру і шыў з яе вопратку, вырабляў зброю і хатняе начынне. Прылады працы ў мезаліце сталі састаўнымі: крамянёвае лязо ўстаўлялася ў выразаныя пазы касцяной асновы і замацоўвалася клеем.

Заключным этапам у развіцці грамадства каменнага веку з’яўляецца неаліт. У гэты час у самых спрыяльных рэгіёнах – Месапатаміі і Егіпце – людзі стварылі першыя цывілізацыі. Неалітычнае грамадства Еўропы не стварыла сваёй цывілізацыі, аднак вызначалася такімі дасягненнямі, як з’яўленне земляробства і жывёлагадоўлі, глінянага посуду, шліфаваных каменных вырабаў.

Неаліт на Беларусі пачаўся з факту з’яўлення керамікі. Неалітычны посуд рабіўся з гліны, якую размочвалі і змешвалі з валакністымі расліннымі рэшткамі, пяском, здробненымі ракавінамі. Дзякуючы дамешкам, посуд не трэскаўся пры абпале і быў моцным. Гаршкі былі вастрадоннымі, іх ляпілі з шырокіх гліняных стужак. Усе няроўнасці сценак загладжваліся касцянымі глянцавальнікамі. Перад абпалам наносіўся арнамент, які ў кожнага племені быў асаблівы.

У неаліце на аснове пляцення ўзнікла прадзенне і ткацтва. Людзі навучыліся вырабляць ніткі з валакністых раслін і воўны хатняй жывёлы. Для кручэння ніткі выкарыстоўваліся гліняныя грузікі – прасліцы, якія надзявалі на драўляную аснову – верацяно. У гэты ж час з нітак выраблялі тканіны. Быў вынайдзены просты па сваёй канструкцыі ткацкі станок.

Апрацоўка дрэва ў неаліце патрабавала вынаходніцтва новых спецыяльных інструментаў. У выніку ў гэты час з’явіліся сякеры для высечкі дрэва, цясла і долата – для таго, каб выдзеўбаць у ім пазы і адтуліны. Каб зрабіць такія прылады працы, былі патрэбны вялікія кавалкі крэменю. Такія кавалкі рэдка сустракаліся на паверхні, таму крэмень сталі здабываць шахтавым спосабам. Самымі вялікімі шахтамі на Беларусі былі Краснасельскія (у сучасным Ваўкавыскім раёне на рацэ Рось). Пры дапамозе ручной капалкі (кайла) выкопваліся ямы глыбінёй ад 6 да 8 метраў. Чалавек там выбіраў крэмень, а затым у скураных мяшках падымаў яго наверх. У неаліце людзі сталі ўжываць новыя метады апрацоўкі крэмня – навучыліся яго распілоўваць і шліфаваць.

У канцы неаліта на Беларусі з’явіліся земляробства і жывёлагадоўля, а гэта значыць пачалася неалітычная рэвалюцыя (пераход ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі). Аднак, у поўнай меры гэты працэс завяршыўся на Беларусі толькі ў бронзавым веку ў сувязі з пранікненнем індаеўрапейцаў.

Кожная абшчына ў неаліце забяспечвала сябе ўсім неабходным для жыцця сваіх членаў: харчамі, адзеннем, зброяй, прыладамі працы. Аднак некаторыя прадметы маглі набывацца і праз абмен з іншымі плямёнамі. Так, крэмень з Краснасельскіх шахт распаўсюджваўся далёка ад месца яго здабычы. Тое ж можна заўважыць і наконт іншага прадмета гандлю – бурштыну, які трапляў на Беларусь з узбярэжжа Балтыйскага мора.

У неаліце на Беларусь працягвалі перасяляцца новыя народы. У выніку мянялася палітра археалагічных культур, якія адрозніваліся паміж сабой арнаментацыяй посуду. Тэрыторыю Усходняга Палесся ў неаліце засялялі плямёны днепра-данецкай культуры. Усход Беларусі засялялі плямёны верхнедняпроўскай культуры. У басейнах Нёмана і Верхняй Прыпяці жылі плямёны нёманскай культуры. На поўначы Беларусі жылі нарвенскія плямёны. Прыкладна ў другой чвэрці ІІІ тыс. да н.э. у Паўночную Беларусь пачало пранікаць насельніцтва з характэрным посудам, пакрытым “ямачна-грабенчатым” арнаментам (культура тыповай грабенчата-ямкавай керамікі). Прышэльцаў звязваюць са старажытным фіна-ўгорскім насельніцтвам Еўропы. У ІІІ тыс. да н.э. у крайнія заходнія раёны Беларусі з Цэнтральнай Еўропы праніклі плямёны культуры шарападобных амфар. Менавіта з пранікненнем гэтых плямён звязана крэмнездабыча шахтавым спосабам і пачатак неалітычнай рэвалюцыі.

 

3. Бронзавы век на Беларусі навукоўцы звязваюць з пачаткам шырокамаштабнай міграцыі прадстаўнікоў культуры шнуравой керамікі ці культуры баявых секер (індаеўрапейцаў), якая пачалася ў ІІІ тыс. да н.э. Прарадзімай арыяў (так называлі сябе некаторыя індаеўрапейскія народы) была тэрыторыя Пярэдняй Азіі. Індаеўрапейцы былі добрымі жывёлаводамі і земляробамі, таму іх культура была значна вышэйшай і больш развітай у параўнанні з культурай паляўнічых і рыбаловаў, на землі якіх яны праніклі.

Выхад індаеўрапейцаў за межы сваёй прарадзімы прывёў да змешвання іх з рознымі па сваёй культуры і мове народамі. У такіх умовах захаваць першапачатковую культуру і адзіную мову індаеўрапейцы ўжо не маглі. У Заходняй Еўропе фарміравалася супольнасць германцаў, у Цэнтральнай Еўропе – славян, а на Беларусі – балтаў.

У выніку сінтэзу на Беларусі з’явіліся новыя археалагічныя культуры, у якіх заўважаліся рысы шнуравой арнаментацыі керамікі. На поўначы Беларусі сфарміравалася паўночнабеларуская культура, на захадзе – вісла-нёманская, на ўсходзе – сярэднедняпроўская, на паўднёвым захадзе – культура шнуравой керамікі Палесся.

Паняцце “бронзавы век” для Беларусі ўмоўнае. Мясцовай сыравіны для вырабу бронзы (медзі і волава) на Беларусі не было. Усе археалагічныя знаходкі бронзавых прадметаў былі або прывазныя, або створаныя з прывазной сыравіны, якая мае паходжанне з Прыкарпацця ці Закаўказзя. У выніку гэтага бронзавыя прылады працы не змаглі выціснуць каменныя. Лічыцца, што менавіта ў бронзавым веку апрацоўка камня дасягнула сваёй дасканаласці. Так, некаторыя крэмневыя сякеры па сваёй форме дакладна паўтаралі бронзавыя.

У бронзавым веку было зроблена шмат дасягненняў: вынайдзены свідравальны станок, з’явіўся пласкадонны посуд, а гэта значыць у інтэр’еры жытла ўжо былі дашчаныя паліцы і сталы. Лічыцца, што індаеўрапейцы былі вынаходнікамі кола і колавага транспарту, патрэба ў якім узнікла ў сувязі з пачаткам міграцыі. З індаеўрапецамі звязаны найстаражытнейшыя на Беларусі курганы. Іх часам называюць “валатоўкамі”. Першыя курганы на тэрыторыі нашай краіны знойдзены каля в. Ходасавічы Рагачоўскага раёна.

З прыходам індаеўрапейцаў на Беларусь актывізаваўся працэс пераходу ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі. Завяршылася неалітычная рэвалюцыя. Спачатку пад пасевы займалі ўчасткі ў поймах рэк. Глебу рыхлілі драўлянымі і рагавымі матыкамі (матычнае земляробства). Паколькі большая частка тэрыторыі Беларусі была пакрыта лясамі, то адчуваўся недахоп у свабодных землях. У выніку ў бронзавым веку пачалі выпальваць і высякаць лясы – узнікла падсечна-агнявоеці ляднае земляробства. Для таго, каб падрыхтаваць дзялянку (ляду) пад сяўбу, высякалі лес, давалі ссечаным дрэвам высахнуць, а потым іх спальвалі. Попел угнойваў верхні слой глебы, а агонь знішчаў пустазелле. Для апрацоўкі зямлі выкарыстоўвалі барану-сукаватку. Насельніцтва бронзавага веку гадавала коз, авечак, кароў, коней і свіней. Пільнаваць статак чалавеку дапамагаў сабака.

Жывёлагадоўля і земляробства вылучылі на першы план працу мужчыны. Мужчына пасвіў і ахоўваў статак, высякаў лясы і апрацоўваў зямлю. Мужчына стаў галоўным у абшчыне. Цяпер пры заключэнні шлюбаў не мужчына адыходзіў у род жонкі, а жонка прыходзіла ў род свайго мужа. Такую абшчыну называюць познеродавай ці бацькоўскай. На гэтай стадыі развіцця грамадства ўзнікае маёмасная няроўнасць, рэзка пагаршаецца становішча жанчыны. Парная сям’я ў эпоху бронзавага веку канчаткова змяняецца аднашлюбнай (манагамнай). Аднак, у сувязі з тым, што прылады працы былі неэфектыўнымі, малая сям’я не магла быць асобнай гаспадарчай адзінкай. У выніку патрыярхальная сям’я заставалася вялікай, яна ўключала цэлы клан найбольш блізкіх родзічаў.

 

4. Заключным этапам першабытнасці на тэрыторыі Беларусі стаў ранні жалезны век, які найперш характарызаваўся з’яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі, вырабам з жалеза прылад працы і зброі. Жалеза выплаўлялі з мясцовай сыравіны – балотнай руды. Руду даставалі з балота, змяльчалі, сушылі. Затым старажытныя майстры рабілі глінабітныя доменныя печы. Шахту печы загружалі пластамі дравеснага вугалю і руды. У ніжняй частцы печы меліся адтуліны для ўдзімання паветра. Паветра ўдзімалі ў домніцу праз гліняныя трубкі – соплы і ў камеры гарэння стваралі тэмпературу да 1200 °С. У выніку хімічных пераўтварэнняў жалеза ў выглядзе дробных размякчаных зярнят (крыцы) асядала на дно печы. Калі печ астывала, яе разбуралі, каб узяць порыстую масу чорнага металу на далейшую апрацоўку. Такі спосаб атрымання жалеза называецца сырадутным. Дарэчы, першая домніца на тэрыторыі Беларусі знойдзена каля в. Лабеншчына Мінскага раёна. Старажытныя металургі з’яўляліся адначасова і кавалямі. Атрыманае крычнае жалеза разагравалі на кавальскім горне, а потым пракоўвалі, каб выдаліць з яго шлакі і зрабіць кавалак жалеза больш шчыльным. З жалеза выраблялі асноўныя прылады працы, зброю. Каляровыя металы ў жалезным веку пачалі выкарыстоўваць у асноўным у ювелірнай справе. На ачагах у невялікіх гліняных пасудзінах – тыглях – плавілі бронзу. У спецыяльных гліняных формачках з яе адлівалі разнастайныя ўпрыгожанні.

Асноўнымі відамі гаспадаркі ў раннім жалезным веку былі земляробства і жывёлагадоўля, якія дапаўняліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам. Па-ранейшаму практыкавалася падсечна-агнявая сістэма, аднак прымянялася і ворыва драўляным ралам, якое часам асаджалася жалезным наральнікам. Ворыўнае земляробства звязваецца з прыходам на Беларусь славян. Першае рала на тэрыторыі нашай краіны знойдзена каля в. Капланавічы. Цяглавай сілай былі вол і конь. Вырошчвалі збожжавыя: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, проса, а таксама бабовыя культуры і розную гародніну. Ураджай збіралі сярпамі. Зерне расціралі на муку ў каменных зерняцёрках. Ежу гатавалі на адкрытых ачагах. Печы з’явіліся толькі ў канцы ранняга жалезнага веку. У жывёлагадоўлі найбольшае значэнне мела развядзенне буйной рагатай жывёлы і свіней.

Амаль усё неабходнае для жыцця людзі выраблялі на месцы самі. Такую гаспадарку называюць натуральнай. Разам з тым развіваўся і міжплемянны абмен. На тэрыторыю Беларусі прывозілі бронзу, бурштын, шкляныя каралі (з антычных гарадоў Паўночнага Прычарнамор’я). Жалезным векам датуюцца знойдзеныя на Беларусі грэчаскія і рымскія манеты. У абмен на прывазное багацце жыхары Беларусі прапанавалі футры, мёд, воск, збожжа і рабоў.

Большую частку нашай краіны ў жалезным веку засялялі балты, аб чым сведчаць даныя гідранімікі (Волча, Гайна, Грыўда, Друць, Клёва, Лучоса, Мытва, Нача, Ула, Эса). У паўночных раёнах сучаснай Віцебскай вобласці на некаторых гарадзішчах сумесна з балтамі жылі фіна-угры (гідронім Дзвіна). Напрыканцы жалезнага веку з паўднёвага захаду пачалася славянская міграцыя (гідронімы Стыр, Стубла, Сваратоўка, Рубча).

Вучоныя вызначылі некалькі археалагічных культур ранняга жалезнага веку. Падзвінне засялялі плямёны днепра-дзвінскай археалагічнай культуры. Некаторыя гісторыкі лічаць магчымым звязаць днепра-дзвінцаў з андрафагамі, пра якіх пісаў Герадот. Цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі засялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі. Яе посуд адрознівае знешняя паверхня, пакрытая хаатычна нанесенай штрыхоўкай, што была зроблена пучком травы ці саломы. Гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі добра даследавана каля в. Малышкі (Мінская вобласць). Сярэдняе і Верхняе Падняпроўе з VIІ па ІІІ стст. да н.э. было заселена мілаградскімі плямёнамі. Частка гісторыкаў звязвае гэтае насельніцтва з герадотавымі неўрамі. Без сумнення, усе пералічаныя плямёны з’яўляліся балцкімі. Найбольш даследаваны помнік дадзенай археалагічнай культуры – в. Мілаград Рэчыцкага раёна.

У канцы І тыс. да н.э. на месцы знаходжання мілаградцаў сфарміравалася балта-славянская зарубінецкая культура. У Беларусі найбольш даследаваны комплекс помнікаў знаходзіцца каля в. Чаплін (Гомельская вобласць). Зарубінцы падтрымлівалі сувязь з кельтамі, скіфамі. З грэчаскіх гарадоў Прычарнамор’я да іх траплялі гліняныя амфары і шкляныя пацеркі. Для мілаградцаў і зарубінцаў характэрна будаўніцтва аднапакаёвага жылля. Насельніцтва паморскай культуры займала паўднёвы захад Беларусі. Пытанне аб этнічнай прыналежнасці паморцаў да канца не высветлена. Ёсць меркаванні, што гэтая культура магла быць славянскай. У канцы ранняга жалезнага века (ІІІ-V стст. н.э.) на паўднёвым усходзе Беларусі пражывала насельніцтва кіеўскай археалагічнай культуры. Паселішчы гэтай культуры (пераважна селішчы!) адносяцца да рымскага часу. Найбольш даследаваным з’яўляецца селішча каля в. Адаменка (Магілёўская вобласць). Тут знойдзена больш усяго лунніц, медная манета Геты, якая трапіла з Балгарыі, рэшткі рымскай керамікі, пакрытай лакам. Каля в. Тайманава выяўлены грунтавы могільнік. Многія вучоныя лічаць плямёны кіеўскай культуры славянскімі.

Развіццё прадукцыйных сіл у жалезным веку непазбежна вяло да росту колькасці прадуктаў, здабываемых асобным вытворчым калектывам. Цяпер не ўсе прадукты, што здабываліся, ішлі ў ежу. З’явіліся лішкі, што ў гістарычнай навуцы атрымала назву “прыбавачны прадукт”. Яго можна было выкарыстоўваць для абмену або накаплення.

З ростам прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямён назапашвалася маёмасць, што вяло да войнаў з мэтай рабаўніцтва. Дзеля абароны свайго жыцця і маёмасці людзі пачалі сяліцца ў цяжкадаступных месцах, сярод балот і лясоў, умацоўваючы свае паселішчы равамі з землянымі валамі. Так узніклі ўмацаваныя гарадзішчы, якія сталі асноўным тыпам паселішчаў амаль на працягу ўсёй эпохі жалеза. Зноў жа ў сувязі з пачаткам войнаў у пачатку нашай эры пачалі ўтварацца саюзы плямён.

Асноўнай вытворчай адзінкай ранняга жалезнага веку стала малая сям’я. Паколькі знікла неабходнасць працаваць родавым калектывам, то многія сем’і пачалі выходзіць з абшчыны і перасяляліся на новае месца да новых калектываў. А гэта азначала, што на змену родавай абшчыне паступова прыйшла суседска-родавая ці тэрытарыяльная абшчына. Кіраўніцтва абшчынай знаходзілася ў руках патрыярхальнай знаці. Яна выкарыстоўвала сваё прывеліяванае становішча ў грамадстве і хутка багацела. У сувязі з пачаткам войнаў пачало фарміравацца патрыярхальнае рабства.

 

5. Жыццё першабытных людзей праходзіла ў жорсткай барацьбе за існаванне. Чалавеку не хапала ведаў, каб зразумець і растлумачыць навакольны свет. Многія з’явы і падзеі ўспрымаліся ім у фантастычным выглядзе, вельмі далёкім ад рэчаіснасці. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў такіх ранніх відах рэлігійных уяўленняў, як татэмізм, фетышызм, анімізм і магія.

Татэмізм –сукупнасць фантастычных уяўленняў, звычаяў і абрадаў, заснаваных на веры ў звышнатуральную роднасць паміж групай людзей і так званым “татэмам” – пэўным відам жывёл. Татэмізм пазней адлюстраваўся ў некаторых міфах, казках, абрадах беларусаў, напрыклад у абрадзе пераапранання ў казу ці мядзведзя ў час калядавання.

Фетышызм – культ неадушаўлённых прадметаў, надзеленых звышнатуральнымі ўласцівасцямі. Фетышызм пазней стаў адным з элементаў сусветных рэлігій. У хрысціян, напрыклад, ён знайшоў адлюстраванне ў веры ў звышнатуральныя ўласцівасці крыжа.

Анімізм – вера ў існаванне душ і духаў. Найбольш пашыранымі ўяўленнямі анімізму былі духі прыроды (палявік, вадзянік, лясун) і хатнія духі (дамавік, кутнік).

Магія – вера ў здольнасць чалавека асобным чынам уздзейнічаць на людзей, жывёл, расліны і іншыя з’явы прыроды.

Першабытныя людзі, каб прыцягнуць на свой бок сілы прыроды, выконвалі розныя абрады. Так, на ранніх ступенях развіцця першабытнага грамадства ўзнік культ агню. З пераходам да вытворчай гаспадаркі на першае месца ў земляробаў выходзіць культ сонца, у жывёлаводаў – культ каня і іншай хатняй жывёлы. На стадыі распаду родавага ладу найбольш пашыранымі з культаў першабытных людзей быў культ продкаў, які быў звязаны з анімістычнымі ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду. У гэтым кульце знайшлі адлюстраванне і татэмічныя ўяўленні першабытных людзей, калі ўшаноўваліся татэмы, якія лічыліся першапродкамі чалавека.

Важнае месца ў жыцці першабытных людзей займаў пахавальны абрад, які быў звязаны з верай чалавека ў замагільнае жыццё і страхам перад смерцю. На Беларусі існавалі два асноўныя віды пахавання памерлых. Першы – трупапалажэнне (інгумацыя), калі цела змяшчалася ў неглыбокую яму, закопвалася ў грунт. Другі – трупаспаленне (крэмацыя), калі цела спальвалі на агні, які лічыўся свяшчэннай сілай. На магіле памерлага часам наладжвалася трызна – урачысты абрад у выглядзе гульні ці спаборніцтва.

Разам са з’яўленнем рэлігійных уяўленняў чалавека ўзнікла і першабытнае мастацтва. Некаторыя вучоныя лічаць, што мастацтва ўзнікла з магічных абрадаў, якія былі звязаны найперш з паляваннем. Так, мужчыны перад паляваннем на зямлі малявалі выяву жывёлы, якую хацелі забіць, цэліліся ў яе і выконвалі вакол малюнка рытуальны танец, імітуючы ў ім рухі паляўнічага. Усе гэтыя дзеянні, на думку першабытных людзей, павінны былі забяспечыць ім удалае паляванне. Так ці інакш у помніках мастацтва адлюстроўваліся старажытныя ўяўленні людзей аб навакольным асяроддзі.

Самыя раннія помнікі мастацтва ўзніклі яшчэ ў палеаліце. Шырока вядомыя на многіх палеалітычных стаянках Еўропы вырабленыя з косці фігуркі жанчын – палеалітычныя Венеры. Адна такая змайстраваная з біўня маманта статуэтка знойдзена непадалёку ад тэрыторыі Беларусі на стаянцы Елісеевічы ў Бранскай вобласці. Статуэтка жанчыны – гэта выява мацярынскіх продкаў, сімвал адзінства і кроўнай сувязі членаў рода. Старажытныя жыхары тых жа Елісеевіч у магічных мэтах выкарыстоўвалі так званыя чурынгі – пласціны з біўняў маманта, аздобленыя геаметрычным арнаментам. На жаль, у самой Беларусі палеалітычнае мастацтва прадстаўлена слаба. У Юравічах знойдзена пласціна з біўня маманта, на якой каменным разцом нанесены арнамент, які нагадвае рыбную луску. На мезалітычных стаянках Беларусі амаль не маецца знаходак з камня і косці. Толькі пад Смаргонню знойдзены масіўны выраб з рогу, пакрыты нарэзкавым і кропкавым узорам.

У неалітычную эпоху змест мастацтва становіцца больш шырэйшы, а формы больш разнастайныя. Мяркуючы па касцяных фігурках, у эпоху неаліта ўшаноўваліся лось, качка, чапля, змяя. У неаліце пашыраюцца выявы антрапаморфных істот. Такая выява знойдзена на адной пасудзіне з паселішча Юравічы – кампазіцыя “мужчына з качкай”. Майстэрства старажытных скульптараў выявілася ў антрапаморфных выявах з Асаўца (драўляны і касцяны ідалы). Калі ў мастацтве палеаліту антрапаморфныя выявы прысвечаны пераважна жанчынам, то ў неаліце сустракаюцца толькі мужчынскія выявы.

Важным элементам першабытнага мастацтва з’яўляецца арнаментацыя посуду – адбіткі грабенчатага і лінейнага штампа, наколы, насечкі, ямкі. З распаўсюджаннем земляробства і жывёлагадоўлі ўзнікла сонечная сімволіка – так званыя салярныя знакі (круг, крыж, зорка).

Значную ўвагу першабытныя людзі ўдзялялі аздабленню сваёй вопраткі і цела. Для гэтага служылі каралі-падвескі з зубоў жывёл, касцяныя пласцінкі, трубачкі, хрыбеты рыб. Асабліва звяртаюць увагу бурштынавыя ўпрыгожанні, якія на Беларусі пачалі распаўсюджвацца з канца неаліту. Новым крокам у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве быў выраб упрыгожанняў з медзі і бронзы. Сярод іх трэба назваць шыйныя грыўні, фібулы (шпількі). Прыгожа выглядалі бронзавыя жаночыя падвескі-лунніцы, якія нагадвалі сярпок Месяца. Найбольшую колькасць такіх упрыгожанняў археолагі знайшлі каля в. Адаменка ў Быхаўскім раёне. З музычных інструментаў вядомы свістулькі з птушыных костак, казіныя ражкі, бубны. На паасобных гарадзішчах Беларусі знойдзены гліняныя прасліцы, пакрытыя знакамі, якія не адносяцца да арнаментаў. Магчыма, у дадзеным выпадку прадстаўлены нейкія зачаткавыя формы пісьма.

Такім чынам, мастацтва ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, адначасова з рэлігійнымі ўяўленнямі. У такім выпадку гісторыкі гавораць аб сінкрэтычнасці першабытнай культуры.