Грамадска-палітычнае жыццё ў першай палове ХІХ ст.

Беларусь у вайне 1812 г.

Лекцыя 7. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў канцы ХУІІІ-першай палове ХІХ стст

 

Пытанні

1. Асноўныя напрамкі палітыкі самадзяржаўя на Беларусі

пасля яе далучэння да Расійскай імперыі.

4. Развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю.

Рэформа П. Кісялёва.

5. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

 

1. З канца XVIII ст. пачынаецца новы перыяд у гісторыі Беларусі. У выніку трох падзелаў РП амаль усе беларускія этнічныя землі з насельніцтвам больш за 3 млн чал. увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гэтыя падзеі адбывалiся пры жыццi i прамым удзеле iмператрыцы Кацярыны II (1762-1796). Мерапрыемствамi, звязанымi з “асваеннем” новых зямель займалiся таксама i яе нашчадкi на царскiм троне – сын Павел I і ўнукі Аляксандр I і Мікалай І.

Кацярына ІІ была асабiста ўпэўнена ў тым, што далучэнне Беларусi i Украiны да iмперыi – гэта акт гiстарычнай справядлiвасцi. З гэтай нагоды яна загадала выбiць памятны медаль з надпiсам “Отторженная возвратихъ”. Уся далейшая палітыка Кацярыны ІІ і яе спадкаемцаў на царскім троне ў адносінах беларускіх зямель абапіралася ў асноўным на мірныя, непрымусовыя метады кіравання, з разлікам на супрацоўніцтва са шляхтай і законапаслухменства падатковых пластоў насельніцтва. У ліку першых аб’ектаў гэтай палітыкі паўсталі рэшткі старой дзяржаўнасці. З гэтай нагоды ўсе жыхары Беларусі (за выключэннем сялян) мусілі прысягаць на вернасць імператрыцы. Тыя са шляхты, хто адмаўляўся зрабіць гэта, на працягу трох месяцаў быў вымушаны прадаць маёмасць і выехаць за межы імперыі.

Іншым фактарам, які перашкаджаў грамадзянам былой РП адчуць сябе падданымі новай дзяржавы, быў стары адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на ваяводствы, паветы, староствы і інш. Невыпадкова амаль адразу гэтыя адзінкі набывалі расійскія назвы – намесніцтвы, губерні, паветы і інш. Пры гэтым царскія чыноўнікі пераносілі з польскіх на расійскія карты назвы асобных гарадоў – Брэст, Гродна, Мінск, Навагрудак. У 1796 г. толькі па ім зразумелым матывах Беларусь падзялялася на тры губерні – Беларускую (губернскі цэнтр – Віцебск), Мінскую (губернскі цэнтр – Мінск) (патлумачыць, чаму не Менск) і Літоўскую (губернскі цэнтр – Вільня). У 1801 г., у адпаведнасці з чарговай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай, тут утваралася 5 губерняў – Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская і (крыху пазней) Сма-ленская на чале з цывільнымі губернатарамі. У ваенных адносінах азначаныя губерні групаваліся ў 2 генерал-губернатарствы – Беларускае (штаб-кватэра ў Смаленску) і Літоўскае (штаб-кватэра ў Вільні). Такім чынам, з аднаго боку, тэрміны “Беларусь, беларускі” набывалі афіцыйнае прызнанне, а з другога – у грамадскую думку ўкаранялася памылковае перакананне аб Літве як чужароднай беларусам зямлі.

Адміністратыўныя пераўтварэнні скіроўваліся не толькі на ўсталяванне на Беларусі расійскіх уладных структур, але і на ліквідацыю рудыментаў ранейшага дзяржаўнага ладу. Так, паўсюдна прыпынялася дзейнасць канфедэрацый, а іх вайсковыя фарміраванні раззбройваліся і распускаліся. Для шляхты і мяшчан уводзілася пашпартная сістэма. У 1797 г. для ўсяго насельніцтва скасоўвалася пакаранне смерцю, зносіліся месцы экзекуцый (шыбеніцы, эшафоты і інш.). Разам з тым забаранялася бадзяжніцтва і жабрацтва.

Усталяванне новай сістэмы органаў кіравання і правапарадку ўскладнялася вострым недахопам чыноўнікаў, якія б ведалі спецыфіку мясцовага жыцця. Царскі ўрад даволі лаяльна ставіўся да польскай (і паланізаванай) шляхты, нават да той, якая адмаўлялася прысягаць або ўдзельнічала ў антырасійскіх канфедэрацыях. Тыя са шляхты, якія прысягалі “Яе Вялікасці”, не толькі захоўвалі сваю маёмасць, але маглі разлічваць на набыццё статусу, роўнага з расійскімі дваранамі. Так яно і здарылася. У 1787 г. на гэта саслоўе былі распаўсюджаны “все оному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской», зафіксаваныя ў “Грамаце на правы, вольнасці і перавагі высокароднага дваранства” (1785). За шляхтай захоўвалася прапінацыйнае права (вінная манаполія). Так, у 1796 г. ёй належала 7,5 тыс. бровараў з гадавой вытворчасцю 2 562 тыс. вядзёр гарэлкі.

Акрамя таго, царскі ўрад дазволіў шляхце карыстацца ранейшымі тытуламі (князь, граф, барон) і ганаровымі званнямі (гетман, маршалак, кашталян і інш.). Па-другое, ёй дазвалялася выкарыстанне нацыянальнага касцюму з халоднай зброяй. Нарэшце практычна не абмяжоўвалася іх каталіцкае веравызнанне і выкарыстанне польскай мовы ў справаводстве. Характэрна тое, што на Беларусі захоўваў сваю сілу Статут ВКЛ (1588), а разам з ім сістэма мясцовага кіравання і судовых органаў. Разам з тым, замест колішніх сеймікаў, шляхта мусіла аб’ядноўвацца ў губернскія і павятовыя дваранскія сходы, якія з’яўляліся крыніцай і інструментам вылучэння кадраў на дзяржаўныя пасады – управы, палаты, суды і г. д.

Колькасна шляхецкае саслоўе складала да 12% ад усяго насельніцтва Беларусі, у той час як расійскае дваранства толькі 1-3 %. У выніку ўрад Кацярыны ІІ прыступіўся да так званага “разбору шляхты”. Паводле яго ўказа, шляхцічы былі абавязаны прадставіць пасведчанне свайго высакароднага паходжання ў выглядзе адпаведных дакументаў ці выпісак з вялікакняскіх або каралеўскіх грамат. Тыя, каму не ўдалося даказаць свайго шляхецтва, пазбаўляліся дваранскіх прывілеяў, у тым ліку права валодаць прыгоннымі сялянамі, і пераводзіліся ў падатковыя катэгорыі “ганаровых грамадзян” або “аднадворцаў”. Такім чынам, ураду ўдалося павялічыць колькасць падатковага насельніцтва і, акрамя таго, знізіць антырасійскую актыўнасць дробнай шляхты. Але канчаткова “разбор шляхты” удалося завяршыць долькі напрыканцы жыцця Мікалая І.

Адным з накірункаў царскай палітыкі на Беларусі з’яўлялася насаджэнне рускага памешчыцкага землеўладання. Акрамя таго, былыя дзяржаўныя і касцёльныя землі, маёнткі ўдзельнікаў антырасійскіх паўстанняў і нацыяльна-вызваленчага руху перадаваліся чыноўнікам. \Значныя зямельныя падараванні атрымалі царскія фаварыты – Галіцын у Прапойскім, Зорыч – у Шклоўскім, Сувораў у Кобрынскім староствах i iнш. Усяго за 1772-1801 гг. дваранам было падаравана 250,4 тыс. рэвізскіх душ.

У прыватныя рукi траплялі і тыя сяляне, якiя не ведалі прыгону, жыло на дзяржаўных землях i плацiла чынш. Пры гэтым памешчыкі набылі права прадаваць сялян без зямлі. Былой шляхце і новым памешчыкам належала 87% сялян, большасць якіх выконвала павіннасці, выгадныя гаспадару. Як правіла, гэта былі традыцыйныя паншчына, аброк, згоны, шарваркі, старажоўшчына і інш.

Дзяржаўныя сяляне (7,5 %) былі асабіста вольнымі, плацілі аброк у скарб, маглі запісацца ў іншае саслоўе, змяніць месца жыхарства. Але ў новых умовах іх становішча пагоршылася, паколькі чыноўніцтва атрымала магчымасць арэнды маёнткаў разам з дзяржаўнымі сялянамі. 3, 5 % сялянства належала царкве і выконвала на яе карысць разнастайныя павіннасці. У ліку іншых катэгорый сялянства былі агароднікі і бабылі (кутнікі). Першыя мелі жытло і існавалі за кошт агарода, а другія не мелі нават уласнага прытулку і жылі выпадковымі заробкамі ў памешчыка або заможнага суседа. Вольныя сяляне ўяўлялі сабой “вольных хлебаробаў”, вызваленых памешчыкамі, былых панцырных або путных баяр, якія былі асабіста свабоднымі і плацілі дзяржаўныя падаткі.

У вынiку, у новых умовах Беларусь ператварылася ў самую прыгоннiцкую ўскраiну iмперыi. У к. XVIII – пач. XIX ст. у сувязі з пашырэннем сельскагаспадарчай і мануфактурнай вытворчасці норма эксплуатацыі прыгонных сялян істотна ўзрасла. Праўда, пры Паўле I памешчыкам надавалася магчымасць абмежаваць паншчыну 3 днямі на тыдзень, або як пры Александры I, наогул, вызвалiць сялян ад прыгону, але памешчыкi не спяшалiся выконваць просьбы i парады манархаў. Ды і сам імператар не быў у гэтым пытанні паслядоўным, калі даў дазвол на заснаванне, у тым ліку, у Віцебскай і Магілёўскай губернях, так званых ваенных пасяленняў. У выніку спроба ўрада ўмацаваць абароназдольнасць краіны за кошт прыгонных сялян, якія былі вымушаны спалучаць прыгон з вайсковай службай, толькі пагоршыла іх цяжкое становішча.

Пэўныя змены адчула мяшчанскае саслоўе Беларусі. Па-першае, магдэбургскае права перастала існаваць, а разам з ім – і пэўная незалежнасць ад дзяржавы. Па-другое, паводле расійскага заканадаўства, асноўнымі населенымі пунктамі краіны прызнаваліся горад і сяло (вёска), але ніяк не мястэчкі, таму на Беларусі буйнейшыя з іх былі аднесены да гарадоў, а астатнім надаваўся статус сяла. Пры гэтым іх жыхары, акрамя шляхты і духавенства, маглі быць залічаны ў прыгонны стан. Але трапіўшы ў новыя ўмовы развіцця мястэчкі не заняпалі, а ў сваім развіцці нават прасунуліся наперад, аб чым сведчыць ператварэнне асобных з іх (Бешанковічы, Зельва, Свіслач, Це-ляханы, Шклоў) у вядомыя цэнтры гандлю, дзе існавалі не толькі рынкі, а і кірмашы.

Шэраг прыватных гарадоў і мястэчак, якія зрабіліся адміністрацыйнымі цэнтрамі, былі выкуплены ўрадам, у тым ліку Ашмяны (1843), Слуцк (1846). А Друя, Сянно і Нясвіж заставаліся ў прыватнай уласнасці магнатаў да 50-х гг. ХІХ ст.

Расійскі ўрад не быў паслядоўным у вызначэнні статусу беларускіх гарадоў: Браслаў, Брэст, Мсціслаў і Навагрудак зрабіліся павятовымі цэнтрамі. Полацк і Слонім ў пачатку ХІХ ст. знізілі статус губернскіх гарадоў на павятовыя. Да канца 30-х гг. XIX ст. на Беларусі налічвалася 43 гарады, па нацыянальнай прыкмеце – польскія, яўрэйскія, рускія, але ніяк не беларускія.

Нарэшце, у адпаведнасці з “Граматай на правы і прывілеі гарадам Расійскай імперыі” (1785), у горадзе ствараліся выбарныя органы кіравання: распарадчы – гарадская дума і выканаўчы – шасцігласная дума, у якую выбіраліся прадстаўнікі (“гласныя”) ад кожнага з 6 разрадаў: “ганаровых грамадзян”, “купцоў”, “іншагародніх і замежных гасцей”, “цэхавых”, “абывацеляў” і “пасадскіх”. Пры гэтым, ва ўсіх гарадах зніклі юрыдыкі, і ўсе гараджане падпарадкоўваліся адзінаму заканадаўству. Агульны нагляд за жыццём гарадоў здзяйснялі царскія чыноўнікі – граданачальнікі і паліцмайстры.

Асноўнымі катэгорыямі гараджан былі купцы і мяшчане. Купцы не падлягалі рэкруцкаму набору, плацілі падатак у залежнасці ад абвешчанага капіталу і аб’ядноўваліся ў гільдыі (першую, другую і трэцюю). Мяшчане выконвалі падушную, рэкруцкую, дарожную, пастойную і інш. павіннасці.

Характэрным напрамкам палітыкі царскага ўрада на беларускіх і іншых землях былой РП з’яўляляўся нацыянальна-рэлігійны і сацыяльна-палітычны прыгнёт яўрэйскага насельніцтва. Указам Кацярыны ІІ ад 23 чэрвеня 1794 г. была ўсталявана так званая мяжа яўрэйскай аселасці, у адпаведнасці з якой яўрэям забаранялася выязджаць у вялікарускія губерні. Ім жа забаранялася жыць у вёсках, валодаць зямлёй і займацца земляробствам. Яны былі абавязаны выселіцца ў гарады і мястэчкі, згуртавацца ў адмысловую абшчыну – кагал (існаваў да 1844 г.) і забяспечваць сваё існаванне ва ўмовах жорскага падатковага і паліцэйскага прэсу. Тыя з яўрэяў, хто жадаў запісацца ў мяшчане або купцы, мусіў плаціць за дазвол двайную цану. Але нават ва ўмовах жорсткай дыскрымінацыі ім удавалася пацясніць сваіх канкурэнтаў-іншаверцаў. Так, калі ў 1803 г. у Мін-скай губерні купцоў-хрысціян налічвалася 297, а купцоў яўрэяў – 248, то ў 1857 г., адпаведна 319 і 2 627.

У гарадской эканомiцы захавалася цэхавая арганiзацыя. Рамесная вытворчасць значна пераўзыходзiла мануфактурную. Прычым, вотчынныя мануфактуры ўсё яшчэ значна перабольшвалi колькасць купецкiх (буржуазных)

Шырокае выкарыстанне працы прыгонных сялян на вотчынных прадпрыемствах складалi моцную канкурэнцыю купецкiм. Таму попыт на рабочую сiлу гарадскiх i местачковых рабочых, у сваёй масе - яўрэяў, быў нiзкiм. Адсюль i суцэльнае панаванне ў беларускiх гарадах яўрэйскiх рамеснiкаў, саматужнiкаў, купцоў, асоб “вольных” i iншых прафесiй, што давала шанец яўрэям выжыць

Новае ў аблiччы беларускiх гарадоў выявiлася таксама ў тым, што сюды ўзмацнiўся прыток рускага чыноўнiцтва, дваранства, адстаўнога афiцэрства, праваслаўнага святарства, зацiкаўленых ва ўзбагачэннi.

Адным з галоўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі на Беларусі з’яўлялася ўсталяванне дзейснай падатковай сістэмы. Таму, у прыватнасці, спрыялі гарадская рэформа і “разбор шляхты”. У ліку новых падаткаў уводзіліся падушны і земскі зборы. Рэкруцкая павіннасць заключалася ў адпраўцы на пажыццёвую вайсковую службу здольных да яе маладых людзей. І калі ў самой Расіі колькасць іх на 1000 чал. падатковага насельніцтва складала 6-8, то на Беларусі – удвая больш. У адрозненне ад вялiкарускага падатковага насельнiцтва, мясцовыя сяляне, рамеснiкi i купцы плацiлi падаткi не папяровымi рублямi - асiгнацыямi, а срэбранай манетай, што больш узбагачала царскую казну.

Палітыка царскага ўрада на беларускіх землях скіроўвалася на інтэграцыю іх патэнцыялу ў агульнарасійскае эканамічнае, грамадскае, духоўнае і культурнае жыццё, вядома ж, найперш, у інтарэсах пануючага праваслаўна-дваранскага класу. Невыпадкова, значная колькасць шляхты, як польскай, так i беларускай, не пакiдала iдэi адраджэння Рэчы Паспалiтай або ВКЛ. Варта таксама заўважыць, што адносна лiберальная палiтыка Паўла I i Аляксандра I ў адносiнах да тутэйшай шляхты не пазбавiла апошнюю патрыятычных пачуццяў i iмкнення да аднаўлення сваёй дзяржавы, аб чым, у прыватнасцi, cведчаць падзеi 1794 і 1812 года на Беларусi. Аб тым жа сведчыць і той факт, што царызм не шкадаваў сродкаў на ўмацаванне арміі, будаўнiцтва ваенных крэпасцей у Бабруйску, Барысаве, Дынабургу, Мiнску, Рагачове.

Можна сказаць, што палiтыка царызму на далучаных землях - гэта палiтыка “бiзуна i пернiка”. Патрабаваннi манархаў да сваiх губернатараў аб ашчадным стаўленні да простага жыхарства – гэта адно, а зусiм iншае – “разбор шляхты”, канфiскацыя яе маёмасцi, уцiск на унiятаў, барацьба супраць жабракоў i бадзяг, лiквiдацыя маг-дэбургскага права i мястэчак, масавая раздача сялян новым гаспадарам увядзеннем падушнага падатку, рэкруцкай i пастойнай павiннасцяў i г. д. Што датычыць працоўнага насельнiцтва, дробнапамеснай шляхты, яўрэйскага жыхарства, то iх становiшча, безумоўна, значна пагоршылася. Інакш не магло і быць, паколькі асноўным прыярытэтам царскай палiтыкi на Беларусi з’яўляўся не дабрабыт насельнiцтва, а iнтарэсы расiйскага дваранства i праваслаўя.

2. Напрыканцы ХVІІІ – пач. ХІХ стагоддзя ўвага міжнароднай супольнасці была прыцягнута не толькі да падзелаў РП, але і да імклівага росту магутнасці Францыі на чале з Напалеонам Банапартам. Заснавальнік новай імператарскай дынастыі і таленавіты ваеначальнiк Напалеон І здолеў падпарадкаваць сабе ўсю Заходнюю Еўропу, за выключэннем Англii. Паводле Тыльзіцкага міру (1807) Францыя ў абмен на ўдзел Расіі ў блакадзе англічан перадала ёй Беласточчыну.

З польскіх зямель, адваяваных у Прусiі, па загаду Напалеона было створана падпарадкаванае яму Варшаўскае герцагства на чале з саксонскім каралём Фрыдрыхам Аўгустам. Пасля вызвалення польскіх зямель з-пад аўстрыйскай акупацыі тэрыторыя герцагства ўзрасла са 103 да 155 тыс. км², а насельніцтва з 2, 6 да 4, 3 млн чал., а само яно ператварылася ў плацдарм для падрыхтоўкi нападу на Расiю. На гэты шлях Напалеона штурхала польская шляхта, спадзеючыся на аднаўленне РП. У складзе французскай армii палякi сфармiравалi цэлы корпус (60–70 тыс. чал.) на чале з генералам Юзафам Панятоўскiм. Ваяўнічыя настроi шляхты Герцагства Варшаўскага падзялялі Пацы, Радзiвiлы, Сапегі, якія пражывалі на Беларусі.

Са свайго боку Аляксандр І быў прыхільнікам дыпламатычнага шляху вырашэння ўсіх спрэчных пытанняў. Але сумесныя расiйска-французскiя перагаворы не здолелi прадухiлiць наспелага ваеннага сутыкнення. Напалеон здолеў сканцэнтраваць на мяжы з Расіяй 600-тысячнае войска, у якое, акрамя французаў, мабілізаваў салдат з заваяваных ім краін.

10 чэрвеня 1812 г. Францыя аб’явiла вайну Расii, 12 чэрвеня яе армiя ў колькасцi 300 тыс. чал. фарсiравала Неман ў раёне Коўна. Ужо 16 чэрвеня ёю без бою была захоплена Вiльня, праз 10 дзён – Мiнск. Напрамкi магчымага наступлення заваёўнікаў прыкрывалiся трыма рускiмi армiямi. У іх ліку I армiя (120 тыс. чал.) на чале з генералам Барклаем дэ Толi, якая размяшчалася ў Літве; II армiя (каля 50 тыс. чал.) на чале з генералам Баграцiёнам – на Беларусі; ІІІ армiя (44 тыс. чал.) на чале з генералам Тармасавым – на Валыні (Украіна).

Звычайна Напалеон iмкнуўся разбiць варожыя сiлы ў адной, генеральнай або ў некалькiх бiтвах, а затым прад’явіць варагуючаму боку свае ўмовы міру. У выпадку з Расіяй гэтая добра апрабаваная тактыка сябе не апраўдала, бо рускія арміі адступалі ўглыб краіны. Летам да іх далучылася каля 14700 рэкрутаў з Беларусi. На яе тэрыторыi моцныя ар’ергардныя баi адбылiся пад Клясцiцамi, Мiрам, Салтанаўкай. 4-5 жнiўня пад Смаленскам Напалеон выйграў першую буйную бiтву, але войскі рускiх яшчэ ўяўлялі грозную сілу. Іх баявы дух значна ўзрос, калі вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал М. I. Кутузаў.

26 жнiўня 1812 г. адбылася генеральная бітва пад Барадзiно з удзелам 134 тыс. французскіх і 155 тыс. рускiх салдат і афіцэраў. Абодва бакі панеслі велізарныя страты, адпаведна, каля 50 тыс забiтых i параненых французаў, – 46 тыс. рускiх. Гэта была першая бiтва, у якой Напалеон не перамог, але наступальная ініцыятыва заставалася за ім. Рада рускага камандавання, якая адбылася ў сяле Філі, прыняла нялёгкае рашэнне адступіць і здаць ворагу старажытную сталіцу без бою. “Страта Масквы яшчэ не азначае страты Расii” – сказаў М. I. Кутузаў і аддаў загад адвесці войскі ў раён вёскі Таруціна. 2 верасня пачалася французская акупацыя амаль пазбаўленай жыхароў і спаленай Масквы.

Між тым, на акупіраванай тэрыторыі Беларусі французы ў кантакце з мясцовай шляхтай паспрабавалі ўсталяваць пэўныя ўладныя структуры. Яшчэ ў чэрвені, жыхары Вільні сустракалi Напалеона як вызвалiцеля. За яго абяцанне аднавiць ВКЛ шляхта абавязалася сфармiраваць 100-тысячнае войска, а таксама забяспечваць французаў прадуктамі i фуражом. 1 лiпеня быў абвешчаны загад аб стварэннi ў Вільні Часовага ўрада ВКЛ (на чале маршалкам Солтанам) з падуладнымі яму Вiленскай, Гродзенскай і Мiнcкай губернямі, а таксама Беластоцкай вобласцi. Неўзабаве тут адбыўся адмiнiстрацыйны падзел паводле французскага узору на дэпартаменты, дыстрыкты, кантоны. У гарадах ствараліся мунiцыпалiтэты, у весках — самакiраваннi.

Функцыi палiтычнага кiраўнiка ўрада ўскладалiся на iмперскага камiсара Бiньёна. Ваенная ўлада (а са жнiўня – старшынства ў Часовым ўрадзе) ускладалася на генерал-губернатара Лiтвы Гогендорпа. Яму ж падпарадкоўвалiся губернатары з лiку французскiх генералаў: Лебрэн (Гродзенская губ.), генерал Бранiкоўскi (Мiнcкая губ.). Агульнае ж кiраўнiцва ад iмя Напалеона ўскладалася на мiнiстра замежных спраў Марэ.

У лiпенi вайсковая камiсiя Часовага ўрада на чале з А.Сапегам прыступiла да стварэння мясцовых узброеных сiл. На фармiраванне 5 палкоў пяхоты i 4 палкоў кавалерыi Напалеон загадаў выдаткаваць 500 тыс. франкаў. Пяхота фармiравалася з рэкрутаў, а шляхта забяспечвала iх адзеннем i запасам прадуктаў. З цягам часу у войску ВКЛ было сабрана каля 15 тыс. пяхоты і вершнікаў. У склад войска ўвайшоў лёгкі кавалерыйскі полк са шляхецкай i студэнцкай моладзi, артылерыйская батарэя, эскадрон беларускiх татар Ахматовiча. Князь Д. Радзiвiл за свой кошт сфарміраваў полк уланаў у 3 тыс. чалавек. Ён жа быў прызначаны шэфам мясцовых жандараў для падтрымання парадку. У мэтах аховы парадку ў Магілёве быў створаны атрад стражы з 400 чал.

Галоўнай задачай акупацыйных (ваенных i грамадзянскiх улад) было харчовае i фуражнае забеспячэнне. З цягам часу рэалiзацыя яе набыла гвалтоўныя рабаўнiцкiя формы. У вынiку шматлiкае гарадское насельнiцва (Вiльнi, Вiцебска) сутыкнулася з голадам. У адказ на злоўжыванні французскiх фуражыраў сяляне сталі брацца за зброю. Асаблiвай актыўнасцю вызначылiся сяляне в. Трасцянкі Iгуменскага павета, якiя стварылi партызанскi атрад i ваявалi супраць ворага, а таксама супраць шляхты, якая яму дапамагала. Такiя ж партызанскiя атрады былi створаны сялянамi вёсак Стараселле, Мажаны, Ясмоны Барысаўскага і Жарцы Полацкага паветаў. Размах дзеянняў партызанскiх атрадаў залежаў ад падзей на фронце, але асоба актыўна яны адбывалiся ў час адступлення французаў.

Узяўшы Маскву, Напалеон не дачакаўся прапаноў аб мiры. У той час, як яго армiя галадала і разам з дысцыплінай губляла кіраванне, рускае войска ў Таруцiна папаўнялася сiламi, боезапасамі і прадуктамi. Руская армія не дапусцiла французскага пранiкнення ў паўдневыя раёны краіны, прымушаючы акупантаў адступаць па імі ж разбуранай старой смаленскай дарозе ва ўмовах лютага марозу i голаду. Асобыя часці і групы вайскоўцаў падвяргаліся нападам казацкіх фарміраванняў і партызанскіх атрадаў. Склады харчавання ў Смаленску былі разрабаваны першымі салдатамі, якія дасягнулі горада. Правіянт і фураж, назапашаныя акупантамі і іх наймітамі ў Мінску і Віцебску, былі захоплены войскамі Вітгенштэйна і Чычагава.

Асноўныя баi разгарнулiся на тэрыторыi Беларусi. Спроба рускiх палкаводцаў акружыць рэшткi французаў у раене Мiнска i Барысава поўнасцю не ўдалася, але 14-16 лiстапада пры пераправе праз Бярэзiну французаў спасцігла сапраўдная катастрофа, да 30 тысяч чалавек тут знайшлі сабе магілу. 23 лiстапада ў Смаргонi Напалеон пакінуў войскі і з’ехаў у Парыж.

Пасля Маладзечна супрацiўленне французаў амаль перапынiлася. Беларускае войска неахвотна замагалася на баку Напалеона. Іх спроба спыніць рускіх пад Слонiмам і Вільняй скончыліся вялікімі для сябе людскімі стратамі. Рэшткi ацалелай беларускай пяхоты адыйшлi разам з Ю. Панятоўскiм у Польшчу i Прусiю.

Такім чынам, “Вялікая Французская армія” перастала існаваць. Рускія войскі страцілі каля 200 тыс. салдат і апалчэнцаў. На Беларусі ахвярамі вайны стаў кожны чацвёрты жыхар, асабліва гараджане, колькасць якіх з-за голаду і хвароб зменшылася ўдвая-утрая. Нягледзячы на страты і разбурэнні ў народнай гаспадарцы, царскі ўрад не змяншаў цяжар павіннасцей з сялян. Нямногія з тых, хто вызначыўся ў барацьбе супраць ворага, былі выкуплены ўрадам з прыгону або ўзнагароджаны медалямі. Усе астатнія па-ранейшаму пастаўлялі рэкрутаў, бралі войскі на пастой, плацілі шматлікія падаткі, цяжка працавалі на паноў. Такім чынам, разлік сялян на скасаванне прыгону пасля вайны не спраўдзіўся.

У пач. 1813 г. руская армія перайшла дзяржаўную мяжу і рушыла на Захад. Па агульных падліках на студзень 1813 г. Францыя страціла ў Расіі больш за 550 тыс. дасведчаных байцоў, звыш 1200 гармат і амаль усю гвардыю. Але Напалеону ўдалося ізноў сабраць велізарную армію, каб паспрабаваць узяць рэванш за няўдалую кампанію 1812 г. У выніку вайна ў Еўропе набыла яшчэ больш востры характар. Толькі ў канцы сакавіка 1814 г. рускія войскі разам з саюзнікамі ўступілі ў Парыж. Напалеон быў звергнуты і высланы на востраў Эльба ў Міжземным моры.

1 кастрычніка 1814 г. у Вене адкрыўся кангрэс еўрапейскіх манархаў, каб вызначыць пасляваенныя граніцы на карысць саюзнікаў – пераможцаў напалеонаўскай Францыі. Так, паводле падпісанага 9 чэрвеня 1815 г. “Заключнага акту”, Герцагства Варшаўскае пераходзіла да Расii. Хоць Аляксандр I абвяшчаў сябе “каралем польскім”, палякі набывалі так званую “канстытуцыйную хартыю” і разам з ёй істотную аўтаномію (уласны сейм, паліцыю, суд, мову). Кіраванне Царствам Польскім здзяйсняў Адміністрацыйны савет на чале з братам імператара Канстанцінам. Такім чынам, з разгромам напалеонаўскай Францыі другая пасля паўстання Т. Касцюшкі спроба палякаў аднавіць сваю дзяржаўнасць пацярпела няўдачу. Нягледзячы на адносна спрыяльныя для польскай шляхты ўмовы далейшага ўнутрыпалітычнага існавання, у яе асяроддзі ідэя аднаўлення незалежнай, у межах 1772 г. Рэчы Паспалітай па-ранейшаму працягвала дамінаваць.

Што датычыць Расіі, то набытыя ёй новыя тэрыторыі і высокі міжнародны аўтарытэт кампенсавалі шматлікія матэрыяльныя страты, панесеныя ў вайне супраць Напалеона.

3. Падзеі, звязаныя з войнамі Напалеона і ўдзеле ў іх шляхты, надалі значны імпульс грамадска-палітычнаму жыццю ў заходняй ускраіне Расійскай імперыі. Адным з цэнтраў яго заставалася Вільня. Няўдалыя спадзяванні мясцовага насельніцтва на адраджэнне ВКЛ і РП не знізілі яго антырасійскіх настрояў. Студэнцтва універсітэта стварала спрыяльнае асяроддзе для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, вольналюбівых ідэй. У залежнасці ад кола інтарэсаў, якія аб’ядноўвалі маладых людзей, узнікалі таварыствы, як даступныя для ўсіх жадаючых у іх удзельнічаць, так і патаемных (нелегальных).

Да першых належала так званае “Таварыства шубраўцаў (гультаеў). Яго сябры ставілі на мэце з дапамогай сатыры змагацца за прыстойнае маральнае чалавека. Таму служыла газета “Ведамасцi брукавыя” (1815-1822), якая карысталася вялікім поспехам у грамадскасці горада.

1 кастрычніка 1817 г. па ініцыятыве А. Міцкевіча, Ф. Малеўскага, А. Петрашкевіча, Ю. Яжоўскага было створана «Таварыства сяброў карыснай забавы”. Пры ўдзеле Я. Чачота і Т. Зана яно было пераўтворана ў «Таварыства філаматаў» (аматары навук; тыя хто імкнецца да ведаў). Паводле статуту з 272 правіл, мэтаю таварыства была самаадукацыя і самаўдасканаленне яго членаў. Яго ўдзельнікі імкнуліся шляхам адукацыi прынесці карысць Айчыне, якой лічылі РП. Філаматы вывучалі працы французскіх асветнікаў, гісторыю і духоўную культуру роднага краю. Філаматы пісалі творы па навуковых праблемах, літаратурныя сачыненні, вялі дыскусіі аб прачытаных кнігах. Пад уплывам прафесара універсітэта І. Лялевеля члены таварыства захапіліся грамадска-палітычнай тэматыкай. Да іх далучыліся будучыя змагары за незалежную РП І. Дамейка, М. Рукевіч і інш. Нягледзячы на нешматлікасць (каля 20 чал.) філаматаў, іх уплыў распаўсюдзіўся на студэнтаў і гімназістаў, а таксама паспрыяў узнікненню новых – легальных і нелегальных –таварыстваў.

У 1820 г. па ініцыятыве найбольш актыўных філаматаў – Адама Мiцкевiча, Яна Чачота і Тамаша Зана было створана так званае “Таварыства прамянiстых”, у якое ўвайшло 168 чал. Паводле статуту, яно мусіла клапаціцца аб павышэнні маральнага і інтэлектуальнага ўзроўню студэнтаў, але ўвага да яго з боку гарадской моладзі ўзрасла да такой ступені, што будынак універсітэта стаў для “прамяністых” цесным. У выніку частка іх пасяджэнняў была перанесена за горад, на лона прыроды. І прамяністыя, і іх прыхільнікі карысталіся дасягненнямі народнай культуры, папулярызавалі гістарычнае мінулае і г. д. Такім чынам, іх дзейнасць выйшла далёка за межы універсітэта, што паслужыла фармальнай падставай для яе перапынення кіраўніцтвам універсітэта.

Але кіруючае ядро “філаматаў” і “прамянiстых” утварыла новую, на гэта раз тайную суполку – “Таварыства фiларэтаў” (аматараў дабрадзейнасцi) пад старшынствам Т. Зана, якое дзейнічала ва універсітэце з 1820 па 1823 гг. Філарэты выказвалі прыхільнасць ідэі адраджэння РП. На гэтай аснове будавалася ўся іх навукова-асветніцкая праца, прапаганда і агітацыя.

У мэтах канспiрацыi таварыства падзялялася на пяць cекцый, якiя ў сваю складаліся з гурткоў. Кола філарэтаў пашыралася за кошт новых членаў, прычым, не толькі студэнтаў, інтэлігентаў, прагрэсіўнай шляхты і інш. Усяго арганізацыя налічвала 200-300 чал. Такія ж таварыствы ўзніклі ў асяроддзі навучэнцаў Віцебска, Полацка і Беластока.

Яшчэ ў 1822 г. Аляксандр I выдаў указ аб забароне тайных арганізацый на тэрыторыі Царства Польскага і заходніх губерняў. У чэрвені 1823 г. пад кіраўніцтвам сенатара Навасільцава была створана следчая камісія ў Віленскай навучальнай акрузе. У 1823 г. паліцыя Вільні выявіла дзейнасць тайнай арганізацыі і ў выніку працяглага, больш чым год, следства пад суд трапіла 108 чал., з якіх 20 былі прыгавораны да турэмнага зняволення з далейшай ссылкай (Т. Зан, А. Сузін, Я. Чачот) і высылкі ў глыб Расіі (А. Міцкевіч).

Нягледзячы на пэўную нацыянальна-патрыятычную скіраванасць віленскіх тайных таварыстаў, іх дзейнасць уяўляла сабой частку агульнарасійскага руху, скіраванага супраць неабмежаванага самаўладдзя і прыгнёту народу. Так, у асяроддзi рускай элiты, якой з’яўлялася дваранства, узнiк моцны рух за рэфармаванне дзяржаўнага ладу i грамадскага жыцця. У далейшым яго ўдзельнiкi ўвайшлi ў гiсторыю пад назвай “дзекабрыстаў”. На пачатку 1820-х гг. у краiне склалiся два буйнейшыя тайныя таварыствы – Паўночнае ў Пецярбургу на чале з М. Мураўёвым i Паўднёвае – у Тульчыне (Украiна) на чале з П. Пестэлем. Размяшчэнне на тэрыторыi Беларусi расiйскiх ўзброеных сiл (Лiтоўскi корпус) стварала спрыяльную глебу для ўзнiкнення афiцэрскiх тайных суполак, звязаных з Паўночным або Паўднёвым таварыствамi. На Беларусi ў розны час жылi i дзейнiчалi М. Мураўёў, М. Лунiн, Я. Абаленскi i iнш.

Планы дзекабрыстаў мала закраналi нацыянальнае пытанне. Так, кiраўнiк Паўднёвага таварыства прытрымлiваўся iдэi непадзельнай Расii. Для Царства Польскага рабiлася пэўнае выключэнне. Каб прыцягнуць польскую шляхту да сумеснай барацьбы, П. Песцель згаджаўся на перадачу РП Вiленскай, Гродзенскай, часткi Мiнскай губерняў. У распрацаванай ім «Русской правде» было запісана, што беларусы не могуць быць самастойнымі, з-за слабасці сваёй ніколі не змогуць стварыць асобных дзяржаў, а таму, маўляў, «усе яны павінны адмовіцца ад права асобнай народнасці”.

М. Мураўёў у сваёй “Канстытуцыi” прадугледжваў федэратыўны лад Расii ў складзе асобных тэрыторый па ўзору ЗША. Лiтоўска-беларускiя землi планавалася ўключыць у дзве дзяржавы: Заходнюю (сталiца Вiльня) i Дняпроўскую (сталiца Смаленск).

Члены Паўднёвага таварыства С. Мураўёў-Апостал, М. Бястужаў-Румiн i iнш., якiя служылi ў Бабруйску, распрацавалi план дзяржаўнага перавароту. Пачатак яго звязваўся з арыштам Аляксандра I, яго брата Мiкалая i ўсёй свiты ў час меўшага адбыцца наведвання імі бабруйскай крэпасцi. Меркавалася прымусiць цара адрачыся ад трону i прыняць канстытуцыю. Арышт цара павiнен быў зрабiцца сiгналам для выступленняў у Маскве, Пецярбургу i iнш.

Але “Бабруйскi план” не знайшоў падтрымкi ў змоўшчыкаў і інспекцыя Аляксандрам I бабруйскай крэпасці 13 верасня 1823 прайшла без эксцэсаў.

Свае планы адносна расійскага самаўладдзя будавала і польская шляхта. Так, у 1820-х гадах у Царстве Польскім група афiцэраў стварыла так званае “Патрыятычнае таварыства”, якое мела свой Статут, Цэнтральны камiтэт, а таксама 7 правiнцыяльных аддзелаў, у тым лiку Лiтоўскi з цэнтрам у Вiльнi. Асноўнай мэтай усёй арганiзацыi з’яўлялася адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт уваходзiлi К. Радзiвiл, генерал Вайнiловiч, граф Солтан і інш. Члены таварыства шукалі прыхільнікаў у Лiтоўскiм корпусе, стваралi ар-енал зброi ў Вiльнi, але з-за правалаў у Варшаве былі вымушаны перапыніць сваю дзейнасць. Пасля разгрому паўстання на Сенацкай плошчы 14 снежня 1825 г. следству стала вядома аб кантактах дзекабрыстаў з Патрыятычным таварыствам і асобныя яго члены былі асуджаны.

У 1821-1826 гг. у Беластоцкай i Свiслацкай гiмназiях дзейнiчала тайнае таварыства культурна-асветніцкага накірунку “Заране” ў ліку 50 чал. на чале з Ф. Ляховiчам. Яны ставілі на мэце ўдасканаленне сваіх характараў, фармі-раванне грамадскіх густаў, захаванне польскай мовы, што, на іх думку, магло паспрыяць адраджэнню Рэчы Паспалітай. Каб абуджаць патрыятычныя пачуцці, заране насілі прозвішчы славутых суайчыннікаў (Баляслава Харобрага, Стэфана Баторыя, Юзэфа Понятоўскага).

У 1825 г. Ф. Ляховіч даведаўся аб існаванні ў Беластоку “Таварыства ваенных сяброў” прыняў рашэнне наладзіць з ім сувязі. Гэтае таварыства ў складзе 45 чал. узнікла па iнiцыятыве былога фiламата М. Рукевiча, і афіцэраў асобага (ці асобнага?)Лiтоўскага корпуса капiтана К. Iгельстрома і паручыка А. Вягелiна. Паводле прынятага статута, мэтаю таварыства абвяшчалася “асвета сябе і іншых, узаемная дапамога і агульнае дабро” і г. д. Наогул, асветніцкі характар арганізацыі значна пераважаў над палітычным. Да восені 1825 г. беластоцкія “Заране” дзейнічалі ў складзе “Таварыства ваенных сяброў”, але затым пакінулі яго. Неўзабаве дзейнасць і беластоцкіх і свіслацкіх заран перапынілася.

Адгалоскi паўстання сталічных дзекабрыстаў мелі месца Беласточчыне i ў Бабруйску. Пасля няўдалай спробы сарваць прысягу Мiкалаю I салдат Лiтоўскага пiянернага батальёна 24 снежня 1825 г. у м. Браньск на Беласточчыне былi пакараны кіраўнікі і шэраговыя члены “Таварыства ваенных сяброў” Рукевiч, Вягелiн, Iгельстром.

Такім чынам, тайныя таварыствы на Беларусі былі закрыты ўладамі або перасталі існаваць па іншых прычынах. Тыя веды, духоўныя каштоўнасці і ідэі, якія прапагандаваліся філаматамі, філарэтамі, заранамі і інш., спрыялі ўмацаванню польскай нацыянальнай свядомасці і патрыятызму. Наколькі моцнымі былі наступствы дзейнасці таварыстваў, сведчылі падзеі паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі (1830-1831) пад лозунгам адраджэння РП у межах 1772 г.

4. Феадальнае землеўладанне, якое ўсталявалася на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў часы ВКЛ і ахоплівала амаль 75% ад усіх зямель, набыло далейшае развіццё ў Расійскай імперыі. Па занятасці насельніцтва і аб’ёму прадукцыі сельская гаспадарка адыгрывала вядучую ролю ў эканоміцы Расіі, у тым ліку і Беларусі. Асноўнымі пастаўшчыкамі хлеба на ўнутраны і знешні рынак з’яўляліся памешчыкі. Ім жа належала асноўная частка ворных зямель з працаваўшымі на іх прыгоннымі сялянамі.

Асновай панскай гаспадаркі з’яўлялася ворнае земляробства. Га-лоўную вытворчую сілу складалі прыгонныя, колькасць якіх у 1795 г. дасягала 84,4 % усіх сялян. Пры гэтым у заходніх раёнах больш актыўна выкарыстоўвалася праца парабкаў. Апрацоўка панскіх палёў адбывалася сялянскімі коньмі і інвентаром. У 1840-1850-х гг. у фальварках і маёнтках сталі ўкараняцца новыя метады апрацоўкі глебы, выкарыстоўвацца першыя сельскагаспадарчыя машыны

Са збожжавых культур большае распаўсюджанне мела азімае жыта, яравыя ячмень і авёс. З кожнага пасеянага зерня збіралася 3 або 3,5. У канцы ХІХ да традыцыйных тэхнічных культур – лёну і канопляў далучылася бульба. Вытворчасць збожжа набывала таварны характар. Да канца XVIII ст. буйныя гаспадаркі пастаўлялі на рынак каля 75 % жыта, 45-55 % - ячменю, аўса, гароху, бульбы. У сярэдзіне ХІХ ст. пасевы цукровых буракоў ўзраслі да 2400 дзесяцін, а ўраджайнасць узрасла ў 6 разоў.

Жывёлагадоўля таксама з’яўлялася важнай галіной сельскай гаспадаркі і доля ў ёй пагалоўя кароў, свіней, авечак, якое належала панам, была даволі значнай. Акрамя мяса-малочнай жывёлагадоўлі, у Мінскай і Гродзенскай губ. пашырылася развядзенне мерыносавых авечак у мэтах вытворчасці і нарыхтоўкі танкаруннай воўны для суконных мануфактур.З-за недахопу сродкаў на пакупку адзення, абутку, прамысловых і харчовых прадуктаў сяляне былі вымушаны разводзіць на ўласным падвор’і адпаведныя культуры (лён, каноплі, тытунь, буракі і інш.)

Ураджай збожжавых (сам–2-3) быў горшым, чым у панскай гас-падарцы. Акрамя таго, невялікія памеры зямельных надзелаў (12-15 дзес. – у заходніх паветах Беларусі, і нават 8-12 – у астатніх) пры руціннай тэхніцы і тэхналогіі землеапрацоўкі, высокі ўзровень эксплу-атацыі і іншыя фактары не маглі задаволіць патрэбы вясковых працаў-нікоў у хлебе. Невыпадкова, у другой палове ХІХ ст. найважнейшым харчовым прадуктам сялянскай сям’і зрабілася бульба.

Каб знайсці сродкі на падтрыманне жыццядзейнасці сям’і і выплату падаткаў селянін быў вымушаны ў вольны ад сельскагаспадарчых работ час займацца хатнімі (ткацтва, ганчарства, бандарства і інш.) і адхожымі промысламі. Частка памешчыкаў займалася продажам лесу, што патрабавала рабочых рук. Будаўнічыя, дарожныя і іншыя работы з дазволу пана давалі магчымасць сялянам палепшыць стан сваёй гаспадаркі. Памешчыкі прагрэсіўных поглядаў давалі сялянам магчымасць праявіць ініцыятыву ў пошуку заробку і не душылі іх дадатковымі падаткамі. У выніку хатняе рамяство, адхожыя промыслы, сувязь з рынкам давала магчымасць асобным сялянам забыць пра беднасць.

Такім чынам, нават у асяроддзі прыгонных сталі з’яўляцца заможныя гаспадары-сяляне, які мелі магчымасць браць у арэнду памешчыцкую або дзяржаўную зямлю, і нават выкарыстоўваць наёмную працу сваіх аднавяскоўцаў. Але ў цэлым па прычыне поўнай залежнасці селяніна ад памешчыкаў яго ўцягненне ў працэс фарміравання капіталістычных адносін адбываўся значна павольней.

Узрастанне эксплуатацыі працы парабкаў было звязана з інтэнсіфікацыяй працэсу абеззямельвання прыгонных сялян. Па меры ўцягнення паноў у рынак, доля сялянскіх зямель у іх маёнтках (фальварках) скарацілася з 2/3 да 1/3 і нават менш, а колькасць агароднікаў, халупнікаў і бабылёў, наадварот, стала ўзрастаць.

Гэты працэс стаў няспынным і разбуральным у сувязі з павелічэннем памешчыцкай вытворчасці таварнага хлеба, што патрабавала ўключэння ў сева-зварот дадатковых, за кошт сялян, пасяўных плошчаў. Адпаведна ў паноў узрастала патрэба ў павелічэнні адпрацовачнай павіннасці, што выклікала перавод аброчных прыгонных у паншчынныя, і неўзабаве, да сярэдзіны ХІХ ст. іх колькасць узрасла з 77 да 97%. Селянін павінен быў адпраўляць 6 разоў на тыдзень аднаго з членаў сваёй сям’і на панскія палеткі. Захоўваліся ўсе ранейшыя формы павіннасцяў (праца ў маёнтку, аброк і інш.). Асобныя паны пасля сельскагаспадарчых работ адпраўлялі сваіх прыгонных на заробкі ў горад, на будаўніцтва, на рубку і сплаў лесу і г. д.

Акрамя павіннасцей на карысць сваіх гаспадароў, сяляне былі абавязаны выплочваць дзяржаве падушны падатак і земскі збор (5-7 руб. з двара), пастаўляць у войска рэкрутаў (1 селяніна з 200 двароў), даваць прытулак і харчаванне прысланым на пастой салдатам, перавозіць ваенныя грузы і інш.

Збядненне і разбурэнне сялянскіх гаспадарак вяло да ўзрастання сацыяльнай напружанасці на вёсцы. Так, з 1800 па 1839 г. адбылося 160 выступ-ленняў сялян 200 паселішчаў Беларусі. Пры гэтым у 37 выпадках выкарыстоўваліся войскі. Асноўная маса выступленняў насіла негвалтоўны характар і адбывалася ў форме падачы скаргаў на свавольства памешчыкаў або царскай адміністрацыі, на цяжар павіннасцей і інш.

Былі выпадкі, калі сяляне тысячамі ўцякалі ад сваіх гаспадароў у суседнія губерні. Так, у пачатку 1840-х гг. пад уздзеяннем чутак аб магчымасці пазбавіцца ад прыгону сяляне цэлымі вёскамі рухаліся на неабжытыя землі Крыму, Бесарабіі, на Каўказ. Царскім войскам даводзілася выкарыстоўваць цялесныя пакаранні ўцекачоў. У 1847 г. сяляне Віцебскай губерні, паддаўшыся чуткам аб вызваленні ад прыгону будаўнікоў Мікалаеўскай чыгункі, тысячамі рушылі ў раён Пецярбурга. Для спынення стыхійнага руху і пакарання яго ўдзельнікаў былі выкліканы войскі. У выніку звыш 4 тыс. сялян былі высечаны розгамі, а звыш 100 асуджана ваенна-палявым судом да турэмнага зняволення.

Прыкметай узнікнення новых, капіталістычных адносін можа лічыцца павелічэнне долі вольнанаёмных рабочых. Але ўладальнікамі мануфактур, як правіла, з’яўляліся памешчыкі. Значны прыбытак панам давала вінакурства, прадукцыя якога на 90% спажывалася на ўнутраным рынку. Акрамя бровараў, занятых вытворчасцю гарэлкі, у маёнтках засноўваліся ткацкія, шкляныя і іншыя прадпрыемствы, на якіх выкарыстоўвалася праца прыгонных сялян. З 1796 па 1860 г. на Беларусі іх колькасць узрасла з 51 да 70, а іх валавая прадукцыя - у 2,1 раза. Колькасць фабрык таксама павялічылася з 2 да 12 пры ўзрастанні валавой прадукцыі ў 5,6 раза, але сярод рабочых былі як вольнанаёмныя, так і прыгонныя. Тым не менш выкарыстанне паравых рухавікоў і наёмнай працы ў панскай гаспадарцы сведчыў аб пачатку фарміравання капіталістычнага ўкладу ў нетрах феадалізму. У гэты час наёмная праца толькі спадарожнічала прыгоннай. Да часу купецкая (капіталістычная) мануфактура, размешчаная ў горадзе, не магла канкурыраваць з вотчыннай, якія існавалі ў маёнтках паноў-прадпрымальнікаў. На прадпрыемствах скарыстоўвалася як паншчынная праца прыгонных, так і наёмная праца (сваіх сялян і пабочных асоб).

У першай палове ХІХ ст. у выніку адмысловай палітыкі царызма ў дачыненні яўрэяў насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак узрасло ў 4 разы і дасягнула 320 тыс. чал. Вялікая колькасць таннай рабочай сілы стымулявала павелічэнне колькасці рамесных майстэрань і мануфактур, актывізавала гандлёвыя сувязі паміж горадам і вёскай. Характэрна, што ў гэты час беларускія рамяство і гандаль пачалі імкліва выцясняцца яўрэйскім.

У гарадах з’явіўся штодзённы лавачны гандаль харчовымі прадуктамі і прамысловымі таварамі, а таксама ўтвараліся штотыднёвыя кірмашы. Прадукты сельскай гаспадаркі, а таксама лён, пянька, лес з’яўляліся асноўным таварам, які вывозіўся купцамі за межы Беларусі.

Такім чынам, умовы рынку выводзяць на першыя ролi ў гаспадарчым жыццi тых, хто меў грошы, але не схаваныя ў куфэрак або скарбонку, а змешчаныя ў банк пад пэўны працэнт прыбытку або ў вытворчасць і продаж пэўнай прадукцыі. Уладальнiкi банкаў, як правiла, былыя купцы, крэдытавалі тых, хто гарантаваў вяртанне пазыкі з працэнтамi. У лiку апошніх была частка памешчыкаў, якiя iмкнулiся пераўтварэння сваіх натуральных гаспадарак у таварныя. Тыя з іх, якiя патрацiлi грошы на мадэрнiзацыю гаспадаркi, мелi шанец атрымаць прыбытак i надалей павялічваць абаротныя сродкі. Такім чынам, капiтал гэта – каштоўнасць (грошы, аблігацыі, акцыі), якая не спажываецца, не трацiцца, а шляхам абарачэння прыносiць прыбытак у тым цi iншым эквiваленце. Больш актыўна капітал дзейнiчае ў галiне прамысловасцi, там, дзе ёсць прадпрыймальнiкi i рынак наёмнай рабочай сiлы, дзе памiж работадаўцамi i работнiкамi існуе эканамiчная зацікаўленасць. Нягледзячы на розную колькасць даходу, атрыманага прадпрымальнікам і наёмным рабочым у выніку сумеснай вытворчай дзейнасці, новая сістэма з’яўлялася больш прагрэсіўнай у параўнанні з феадальна-прыгонніцкай.

Царскі ўрад усведамляў важнасць удасканалення гаспадарчага і сацыяльнага становішча сялян. Так, мiнiстр дзяржаўных маёмасцяў П. Кiсялёў выказаў клопат аб тых беларускіх сялянах, якія належалі казне. У вынiку у 1839 г. выйшла распрацаванае ім “Палажэнне аб кiраваннi дзяржаўнымi маёнткамi ў заходнiх губернях i Беластоцкай вобласцi”, паводле якой стваралася ўстойлівая сістэма кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Па-другое, у адпаведнасці з “люстрацыяй (апісаннем) дзяржаўных уладанняў” з 1844 г. сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк, для іх усталёўваўся сярэдні памер зямельнага надзелу і ўчастка лесу, засноўваліся бальніцы і хлебныя склады. Па-трэцяе, арандатары не мелі права чыніць суд над дзяржаўнымі сялянамі. Такім чынам, становішча апошніх мусіла палепшыцца.

Што датычыць становішча прыватнаўласніцкіх сялян, то аб іх лёсе павінны былі паклапаціцца іх непасрэдныя гаспадары. Для пачатку памешчыкам было пастаўлена ў абавязак скласці інвентары – гаспадарчыя апісанні сваіх маёнткаў. У 1840 г. Камітэт па справах заходніх губерняў прыступіўся да выпрацоўкі ўмоў рэформы, якая прадугледжвала памер сялянскіх надзелаў і аб’ём павіннасцей. На падставе закона ад 15 красавіка 1844 г. ажыццяўленне рэформы пачалося пры ўдзеле інвентарных камітэтаў і да 1848 г. абавязковыя нормы (інвентары) былі ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках Беларусі (за выключэннем яе усходніх губерняў).

У 1855 г. Дзяржаўны Савет пастанавiў, каб памешчык вылучыў на кожную рэвiзскую душу па 3,75 дзесяцiны зямлi. Памер паншчыны з цяглага двара вызначаўся 3 мужчынскiмi i 3 жаночымi днямi на тыдзень. Усе іншыя адпрацоўкi скасоўвалiся. Тым не менш, новыя правiлы ўводзiлiся толькi ў дзесятай частцы ўсiх памешчыцкіх маёнткаў, ды і то вялікай карысці сялянам не прыносілі. Памешчыкі непрыхільна сустрэлі рэформу, яе ажыццяўленне зацягнулася да 1857 г. і фактычна не закранула асноў феадальнай сістэмы.

 

5. На месцах частка памешчыкаў пачынала ўсведамляць, што існаваўшая прыгонніцка-паншчынная сістэма гаспадарання з’яўляецца перашкодай. Яны лічылі, што экстэнсіўныя метады гаспадарання (пашырэнне пасяўных плошчаў, у тым ліку за кошт абшчынных, павелічэнне падаткаў і павіннасцей) сітуацыі не палепшаць, што патрэбны іншыя спосабы развіцця эканомікі, найперш, па заходнееўрапейскаму тыпу, калі адбываецца выкарыстанне зацікаўленых у выніках сваёй працы наёмных рабочых, новых агратэхналогіі і машын. У мэтах пошуку і прапаганды прагрэсіўных спосабаў гаспадарання асобныя памешчыкі аб’ядналіся ў Беларускае вольнае эканамічнае таварыства.

Але аднаго жадання асобных, нават перадавых памешчыкаў, якія станавіліся на шлях капіталістычных метадаў гаспадарання, было мала. Агульныя тэндэнцыі развіцця сельскай гаспадаркі абумоўлівала буйное землеўладанне. Вялікая колькасць прыгоннага сялянства дазваляла весці гаспадарку па-старому, не баючыся разарэння. У 1859 г. на Беларусі 4,4 % шляхты валодалі 44, 2 % ад усёй панскай зямлі. Сярэдняя шляхта (23, 3 % ад агульнай колькасці), якой належала па 100 - 500 душ прыгонных, мела 39 % зямлі; ва ўласнасці дробнай шляхты з колькасцю прыгонных менш за 100 душ) – знаходзілася 16,8% панскіх зямель.

Найбольш цяжкое становішча адчувалі сяляне дробнай шляхты, якая не мела іншых спосабаў павысіць таварнасць сваіх гаспадарак, акрамя ўмацавання падатковага і адпрацовачнага прыгнёту сваіх прыгонных, а таксама скарачэння іх зямельных надзелаў. Невыпадкова, у другой палове 50-х гг. XIX ст. у маёнтках Беларусі было звыш 200 тыс. беззямельных сялян-бабылёў і агароднікаў. Удзельная вага прыгонных сялян за палову стагоддзя скарацілася з 84,8 да 70, 9 % і працягвала скарачацца далей.

Да канца 1850-х гг. адсталасць пануючых феадальна-прыгонніцкіх адносін адмоўна адбілася на скарачэнні пасеваў збожжа ў 1,4 раза, зніжэнні агульнай ўраджайнасці збожжавых культур (да сам–2,8). Так, калі ў першым дзесяцігоддзі XIX ст. іх збор дасягаў 16 млн чвэртак (1 чвэртка = 209,91 літра), то ў канцы 1850-х - 9 млн чвэртак.

Да сярэдзіны ХІХ ст. прыкметы крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы выявіліся ў скарачэнні прыросту насельніцтва вёскі, зніжэнні прадукцыйнасці працы, павышэнні сацыяльнай напружанасці на вёсцы. Памешчыцкiя гаспадаркі, заснаваныя на бясплатнай працы прыгонных, вялiкага прыбытку не давалі, траплялі ў залежнасць ад крэдытораў і разбураліся. Для памешчыкаў iснавалі два спосабы палепшыць свае справы – павялiчыць падаткi і паншчыну; пашырыць сваю пасяўную плошчу за кошт сялянскіх надзелаў або зацікавіць сваіх прыгонных у выніках іх працы. Часцей ажыццяўляўся першы спосаб. У вынiку падрывалася сама феадальна-прыгонніцкая сiстэма.

Такім чынам, феадальна-прыгонніцкія адносіны, якія да гэтага часу панавалі ў эканоміцы і сацыяльным жыцці Расійскай імперыі, набылі прыкметы разлажэння. Разам з тым у іх нетрах сталі з’яўляцца парасткі новага, больш прагрэсіўнага капіталістычнага укладу, заснаванага на эксплуатацыі працы вольнанаёмных рабочых як у горадзе, так і вёсцы, актывізацыі ўнутранага і знешняга рынку, росце таварнасці сельскай гаспадаркі. І перадавой грамадскасці, і уладам было відавочна, што прыгоннае права ператварылася ў сапраўдны тормаз на шляху развіцця краіны.

У Бельгii i Англii ўжо будавалася метро, а ў Расii толькi праектавалася чыгунка. Нарэшце, няздольнасць рускiх паруснiкаў процiстаяць англа-французскiм параходам, агульная тэхнiчная адсталасць абумовiла катастрафiчны для Расii ход Крымскай вайны.

Такiм чынам, наспела патрэба ў лiквiдацыi прыгоннага права i ператварэння сялян у свабодных вытворцаў. Вiдавочна, што гэтая неабходнасць узмацнялася патрэбай карэннага рэфармавання сацыяльна-эканамічнага жыцця ўсё Расii, каб назаўсёды не застацца на задворках Еўропы. Якім мог быць шлях выхаду з гэтага крызісу – рэфармацыйным або рэвалюцыйным – у многім залежала ад новага цара – Аляксандра ІІ.