Перыядызацыя гісторыі Беларусі

УВОДЗІНЫ

Гiсторыя Беларусi

Курс лекцый

 

Гісторыя (ад грэч. historia) – расказ аб прошлым, зведаным. Гісторыя (гістарычная навука) уяўляе сабой комплекс сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць прошлае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. Як комплекс навук гісторыя уключае ў сябе такія спецыяльныя дысцыпліны, як археалогія і этнаграфія, навукі, якія вывучаюць гісторыю розных бакоў навукі і тэхнікі (гісторыя матэматыкі, гісторыя фізікі, гісторыя радыётэхнікі і электронікі і г.д.) і розных галін культуры (гісторыя тэатра, гісторыя архітэктуры, гісторыя музыкі і г.д.). Гісторыя ўваходзіць у групу сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць той ці іншы рэгіён (афрыканістыка, балканістыка і г.д.), народ (беларусазнаўства, русістыка, сіналогія і г.д.) ці групу народаў (славяназнаўства).

Устанаўленне заканамернасцей гістарычнага развіцця дасягаецца шляхам выяўлення і даследавання фактаў, падзей і працэсаў. Канкрэтна-гістарычны, факталагічны матэрыял з’яўляецца базай гістарычнай навукі, а калі яго няма, то і няма гісторыі як навукі. Усілу сваёй спецыфікі гісторыя адказвае на пытанні аб тым, што, калі, дзе, чаму і пры якіх абставінах адбылося, якія этапы прайшло ў сваім развіцці і чым стала сёння з пункту гледжання гістарычнага вопыту. Гісторыя не адказвае на пытанне аб тым, што было б, калі б тая ці іншая падзея (напрыклад, Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г., другая сусветная вайна 1939–1945 гг. і г.д.) не адбылася, бо гэтага ніхто не ведае і гэта не з галіны гістарычнай навукі, а з галіны гаданняў, прадказанняў і таму падобнага, да чаго навука не мае ніякага дачынення. Гісторыя – гэта тое, што было, а не тое, што магло быць.

Гісторыя – складаная, шматгаліновая навука аб прошлым, зведаным, аб тым, калі ўзнікла чалавечая цывілізацыя на нашай Планеце, якія этапы яна прайшла ў сваім развіцці, які агульнацывілізацыйны вопыт набыла і як яна крочыць у будучыню сёння. Калі філасофію па праву называюць “царыцай навук”, то гісторыю можна не з меншымі падставамі назваць адной з найважнейшых навук, бо ў ёй калектыўны розум і вопыт чалавецтва, а важней за гэта нічога ў свеце няма.

Курс “Гісторыя Беларусі” ахоплівае гісторыю Айчыны ад старажытных часоў да нашых дзён. Ён адлюстроўвае гісторыю той часткі чалавецтва, якая на працягу тысячагоддзяў насяляла тэрыторыю сучаснай Беларусі.

Чалавечае грамадства на тэрыторыі Беларусі прайшло наступныя перыяды свайго развіцця.

Старажытнае грамадства. Яго храналагічныя рамкі – 40 тыс. гадоў да н.э. – V ст. н.э. Гэты перыяд падзяляецца на 3 этапы: каменны век (40 тыс. гг. да н.э. – 2 тыс. гг. да н.э.); бронзавы век (каля 2 тыс. гг. да н.э. – пачатак 1 тысячагоддзя да н.э.); жалезны век (пачатак 1 тысячагоддзя да н.э. – V ст. н.э.).

Сярэднявечча – канец V – XV ст. Выдзяляюцца 2 этапы: пачатак пераходу да класавага грамадства і ўзнікненне дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі (канец V – перш. пал. XIII ст.); развіццё феадальнай сістэмы (сярэдзіна ХІІІ – ХV ст.).

Новы час – ХVІ – пачатак ХХ ст. Падзяляецца на 2 этапы: афармленне феадальнай сістэмы і выспяванне яе крызісу (ХVІ – канец ХVІІІ ст.); генезіс і зацвярджэнне капіталізму, выспяванне крызісу буржуазнага грамадства (канец ХVІІІ ст. – 1917 г.).

Навейшы час – з 1917 г. – да нашых дзён.