Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Адукацыя, навука, культура ў 1990-2000-я гг.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё РБ у 1990-2000-я гг.

Знешняя палітыка РБ у 1990-2000-я гг.

Унутрыпалітычнае жыццё ў РБ у 1990-2000-я гг.

Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Тэма 24: Рэспубліка Беларусь на сучасным этапе развіцця

 

Распад СССР абумовіў пытанне нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі. Ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага крызісу ў 1990-1991 гг. большасць прадстаўнікоў палітычнай эліты ў БССР выступала за забеспячэнне рэальнага суверэнітэту Беларусі. Рознагалоссі ўзнікалі па пытанню аб ступені рэалізацыі суверэнітэту: урад БССР, парламенцкая большасць у Вярхоўным Савеце, кіраўніцтва КПБ выступалі пашырэнне самастойнасці БССР у межах абноўленага Саюза; апазіцыя БНФ і блізкія да яе сілы з 1990 г. выступалі за поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі і яе выхад са складу СССР.

Праблема дзяржаўнага самавызначэння абвасрылася пасля т.зв. “параду суверэнітэтаў” – абвяшчэння самастойнасці з патрабаваннем рэфармавання СССР (Расія, Украіна і г.д.) або абвяшчэннем поўнага выхаду з яго складу (Літва, Латвія, Эстонія, Грузія) шэрагам саюзных рэспублік вясной – летам 1990 г.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР урачыста прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Згодна з Дэкларацыяй, на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Разам з тым абвяшчалася імкненне да захавання Саюза на новай аснове, з большай самастойнасцю асобных рэспублік, шляхам падпісання новага саюзнага дагавору.

У канцы 1990 – першай палове 1991 гг. кіраўніцтва СССР і шэрагу саюзных рэспублік, уключаючы БССР, праводзілі падрыхтоўку для заключэння новага саюзнага дагавору. Былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве Беларусі ў розных сферах з іншымі саюзнымі рэспублікамі. Па ініцыятыве М. Гарбачова ў сакавіку 1991 г. у 9 з 15 рэспублік СССР, у тым ліку БССР, быў праведзены рэферэндум, на якім большасць грамадзян выказалася за захаванне Саюза ў абноўленым выглядзе.

Жнівеньскі путч 1991 г. у Маскве і яго правал паскорылі працэс распаду СССР і адначасова садзейнічалі да больш рашучых крокаў у накірунку абвяшчэння незалежнасці кіраўніцтва асобных саюзных рэспублік. Рэвалюцыйныя падзеі ў Расіі і іншых саюзных рэспубліках абумовілі правядзенне радыкальных дзяржаўных пераўтварэнняў з боку ўладаў Беларусі.

25 жніўня 1991 г. пятая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” і пастанову “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР”. Фактычна Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай. Ва ўласнасць рэспублікі перайшла агульнасаюзная маёмасць на тэрыторыі БССР.

26 жніўня 1991 г. была прыпынена дзейнасць КПСС-КПБ. Усе міністры ўрада на чале з В. Кебічам заявілі аб сваім выхадзе з партыі. Быў прыняты адпаведны закон аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў, арганізацый, нацыяналізацыі маёмасці КПБ-КПСС.

19 верасня 1991 г. на 6-й нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета дэпутаты прынялі рашэнне перайменаваць БССР у Рэспубліку Беларусь (РБ). Тады ж былі абвешчаны ўхвалены новыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь – бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. 18 кастрычніка 1991 г. прыняты Закон аб грамадзянстве РБ.

Саюзныя ўлады на чале з М. Гарбачовым восенню 1991 г. рабілі некаторыя крокі, накіраваныя на захаванне СССР у выглядзе т.зв. Саюза суверэнных дзяржаў з ліку некалькіх саюзных рэспублік. Аднак яны не мелі поспеху. 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі “Віскулі” (пад Брэстам) кіраўнікі Беларусі (С. Шушкевіч), Расійскай Федэрацыі (Б. Ельцын), Украіны (Л. Краўчук) падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У ім абвяшчалася, што СССР як суб'ект міжнароднага права спыніў сваё існаванне. Тры дзяржавы аб'ядналіся ў СНД і запрасілі ўступаць у Садружнасць іншыя дзяржавы былога СССР. Да канца 1991 г. да СНД далучыліся яшчэ 8 рэспублік былога СССР (Арменія, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Туркменістан, Таджыкістан, Малдова). 25 снежня 1991 г. СССР афіцыйна спыніў сваё існаванне.

У канцы 1991 – пачатку 1992 гг. быў нададзены статус дзяржаўных рэспубліканскім міністэрствам і ведамствам. Была ствоарана самастойная беларуская армія. Міністэрства замежных спраў Беларусі распачало працу па ўстанаўленні дыпламатычных адносін з іншымі краінамі свету. На працягу кароткага часу Рэспубліка Беларусь была прызнана большасцю дзяржаў свету, у Мінску з’явіліся пасольсты і дыпламатычныя прадстаўніцтвы шэрагу дзяржаў; Беларусь падпісала шэраг найважнейшых міжнародных дамоў, якія гарантавалi далейшае развіццё Беларусі як незалежнай нейтральнай дзяржавы.

Такім чынам, у выніку палітычнага крызісу і распаду СССР у 1990-1991 гг. на аснове БССР сфарміравалася незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь. За кароткі час выключна мірным шляхам яна набыла ўсе асноўныя атрыбуты суверэннай дзяржаўнасці і набыла ўсеагульнае міжнароднае прызнанне.