Палітычная сістэма ў БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

Завяршэнне Вялікай Айчыннай вайны суправаджалася аднаўленнем таталітарнага палітычнага рэжыму ў БССР. Галоўную ролю ў яго ўмацаванні адыгрывала партыйная вертыкаль улады; ёй падпарадкоўваліся органы дзяржаўнай улады, якія дзейнічалі паралельна з партыйнымі. Рашэнні партыйных арганізацый з’яўляліся абавязковымі не толькі для ніжэйшых арганізацый партыі, але і для ўсіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый.

З 1952 г. ВКП(б) была перайменавана ў Камуністычную партыю Савецкага саюза (КПСС), а КП(б)Б – у Камуністычную партыю Беларусі (КПБ). Адбываўся хуткі колькасны рост шэрагаў КПБ: з 48 тыс. чалавек у 1946 г. да 145 тыс. – у 1956 г. Хуткі рост партыі вызначаўся яе элітарным статусам: партыйнае членства з’яўлялася абавязковай умовай кар’ернага росту на дзяржаўнай службе, а таксама крыніцай некаторых сацыяльных прывілеяў. Унутры партыі ўмацоўваецца жорсткі цэнтралізм, камандна-іерархічны прынцып узаемаадносін паміж партыйнымі арганізацыямі.

Разам з аднаўленнем партыйных арганізацый пасля Вялікай Айчыннай вайны аднаўляецца дзейнасць фармальных органаў улады – Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў. Таксама адбывалася адраджэнне камсамола, прафсаюзаў і іншых афіцыйных грамадскіх арганізацый. У 1948 г. быў створаны Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў, а таксама яго абласныя саветы і галіновыя камітэты. Грамадска-палітычнае жыццё другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. характарызавалася бязмежным узрастаннем культу асобы І. Сталіна. Вялізнымі тыражамі выходзілі працы І. Сталіна, ствараліся тысячы гурткоў па засваенню біяграфіі І. Сталіна, праводзіліся масавыя сходы і мітынгі для ўшанавання І. Сталіна.

Партыйна-дзяржаўныя ўлады ў БССР у разглядаемы перыяд жорстка кантраляваліся ў сваёй дзейнасці саюзным кіраўніцтвам. Яно ажыццяўляла прызначэнне на галоўныя кіруючыя пасады ў рэспубліцы. Пры гэтым перавага аддавалася кадрам з іншых саюзных рэспублік. Першымі сакратарамі ЦК КПБ гэтага перыяду з’яўляліся:

П.К. Панамарэнка (1938-1947);

М.І. Гусараў (1947-1950);

М.С. Патолічаў (1950-1956).

Усе яны да свайго прызначэння на дадзеныя пасады не мелі ніякага дачынення да Беларусі.

У той жа час у гэты перыяд БССР пачынае фармальна выступаць як суб’ект міжнароднай палітыкі. У 1945 г. БССР становіцца адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). БССР была прынятая ў гэтую арганізацыю разам з Украінскай ССР у знак прызнання значных людскіх і матэрыяльных страт, панесеных Беларуссю і Украінай у вайне з фашызмам. У 1944 г. ва ўрадзе БССР быў створаны Народны камісарыят (з 1946 г. Міністэрства) замежных спраў. Членства БССР у ААН адкрыла для яе перпектыву далучэння да дзейнасці шэрагу спецыялізаваных міжнародных устаноў: Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Міжнароднай арганізацыі працы, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) і інш., удзеле ў праграмах ААН. БССР прымала ўдзел у заключэнні мірных дагавораў з краінамі, якія ваявалі з СССР у Другой сусветнай вайне. Яна атрымлівала ў 1946-1947 гг. матэрыяльную дапамогу па праграме Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).

Разам з тым адсутнічала заканадаўчае размежаванне паўнамоцтваў у знешнепалітычнай сферы паміж СССР і саюзнымі рэспублікамі. Фактычна уся міжнародная дзейнасць урада БССР строга кантралявалася саюзнымі органамі ўлады. Адмоўны ўплыў на развіццё міжнародных кантактаў БССР меў пачатак “халоднай вайны” паміж СССР і заходнімі дзяржавамі на чале з ЗША. Фактычна вырашальнай акалічнасцю, якая абумовіла ўвядзенне знешнепалітычных функцый для ўрадаў БССР і іншых саюзных рэспублік, з’яўляўся палітычны разлік кіраўніцтва СССР у выкарыстанні іх для ўмацавання міжнароднага ўплыву.

Значнай з’явай грамадска-палітычнага жыцця БССР другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. было правядзенне масавых рэпатрыяцый насельніцтва. У Беларусь, згодна з міжнароднымі пагадненнямі, вярталіся былыя ваеннапалонныя, асобы, прымусова вывезеныя на працу ў Германію, былыя калабаранты. Многія з іх скіроўваліся ў спецлагеры НКВД і лагеры ГУЛАГ. Паводле пагаднення паміж урадамі БССР і Польшчы 1944 г. праводзілася перасяленне асоб, якія дэкларавалі сябе палякамі, з БССР у Польшчу і асоб беларускай нацыянальнасці – з Польшчы ў БССР. У выніку на працягу 1944-1948 гг. з БССР у Польшчу выехала 274 тыс. чалавек, а ў БССР перасялілася з Польшчы 36 тыс.

Умацаванне таталітарнага рэжыму суправаджалася працягам палітыкі рэпрэсій. Хваля масавых рэпрэсій пракацілася ў БССР у 1944-1947 гг.: яна была скіравана супраць былых калабарантаў, а таксама тых, хто падазраваўся, часта беспадстаўна, у супрацоўніцтве з германскімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У далейшым рэпрэсіі закранулі розныя слаі насельніцтва, пераважна сялян, якіх абвяшчалі “кулакамі”, інтэлігенцыю, духавенства. На пачатак 1950-х гг. у сістэме ГУЛАГа знаходзілася звыш 100 тыс. жыхароў Беларусі. Рэпрэсіі закранулі і многіх кіруючых работнікаў. З канца 1940-х гг. праводзілася афіцыйная кампанія барацьбы з “касмапалітызмам”, накіраваная перадусім супраць інтэлігенцыі. У краіне панавала атмасфера страху, падазронасці; масавай з’явай сталі даносы.

Палітыка сталінскага рэжыму выклікала супраціўленне з боку розных слаёў насельніцтва, асабліва часткі сялян і інтэлігенцыі. Антыўрадавы рух ажыццяўляўся ў двух формах: узброенай і мірнай.

Узброены антыўрадавы рух уключаў у сябе некалькі плыняў:

- фарміраванні, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы (дзейнічалі пераважна ў заходняй частцы БССР);

- польскае падполле, галоўнай сілай якога выступала Армія Краёва, якое арыентавалася на аднаўленне польскай дзяржавы ў межах 1939 г. (дзейнічала ў заходняй частцы БССР);

- фарміраванні Украінскай паўстанцкай арміі, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы з уваходжаннем у яе склад тэрыторыі Палесся (дзейнічалі на поўдні БССР);

- літоўскія фарміраванні, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай літоўскай дзяржавы з уключэннем у яе склад шэрагу паўночна-заходніх тэрыторый Беларусі (дзейнічалі ў паўночна-заходняй частцы БССР);

- узброеныя фарміраванні без пэўнай палітычнай арыентацыі; нярэдка іх дзейнасць мела паўкрымінальны або чыста крымінальны характар.

Узброеныя антыўрадавыя арганізацыі праводзілі дыверсійныя акцыі, ажыццяўлялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў улады, займаліся антыўрадавай прапагандай, часамі ўступалі ва ўзброеныя сутычкі з міліцыяй. Некаторыя з іх падтрымлівалі сувязь з выведкамі заходніх краін. Аднак у выніку дзеянняў органаў дзяржаўнай бяспекі і міліцыі да сярэдзіны 1950-х гг. узброеныя антыўрадавыя фарміраванні былі цалкам ліквідаваны.

У той жа час у другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі падпольныя арганізацыі, якія арыентаваліся на мірныя формы барацьбы са сталінскім рэжымам. Яны ствараліся амаль выключна прадстаўнікамі студэнцкай і вучнёўскай моладзі. У 1946-1947 гг. дзейнічалі падпольныя арганізацыі ў Баранавічах, Брэсце, Слоніме, Жыровічах, Ганцавічах, якія аб’ядноўваў Цэнтр беларускага вызваленчага руху. У 1946-1947 гг. сярод навучэнцаў педагагічных вучылішчаў Глыбокага і Пастаў існавала падпольная арганізацыя Саюз беларускіх патрыётаў; у 1947 г. у Мінску, Маладзечанскай і Пінскай абласцях дзейнічала група “Свабодная Беларусь” і інш. Дадзеныя арганізацыі, выступалі за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, развіццё беларускай мовы і культуры, дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця. Яны праводзілі антыўрадавую прапаганду сярод насельніцтва, пераважна моладзі, аднак, пры гэтым адмаўлялі ўзброеныя метады барацьбы. Да пачатку 1950-х гг. усе падпольныя арганізацыі былі выкрыты органамі дзяржбяспекі, а іх удзельнікі асуджаны на вялікія тэрміны пазбаўлення волі ў лагерах ГУЛАГ.

Такім чынам, другая палова 1940-х – пачатак 1950-х гг. характарызаваліся ўмацаваннем таталітарнага рэжыму ў БССР. Узмацнялася цэнтралізаваная іерархічная партыйна-дзяржаўная сістэма ўлады, якая шырока выкарыстоўвала палітычныя рэпрэсіі і паспяхова падаўляла антыўрадавы рух. Разам з тым у дадзены перыяд БССР атрымлівае фармальны статус суб’екта міжнародных адносін, пачынае ажыццяўляць у абмежаваных маштабах знешнепалітычную дзейнасць.