Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).

У выніку акупацыі тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі былі ліквідаваны ўсе інстытуты ранейшай ўлады і створана новая сістэма органаў улады. Тэрыторыя Беларусі ўключана ў склад некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў:

Беласточчына і Гродзеншчына былі непасрэдна далучаны да “Трэцяга рэйха”;

паўднёвая частка Беларусі разам з гарадамі Брэст, Пінск, Мазыр уключана ў склад рэйхскамісарыята “Украіна”;

цэнтральная і частка заходняй Беларусі ўключаны ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” з цэнтрам у Рызе; гэты рэйхскамісарыят падзяляўся на некалькі генеральных акруг: некаторыя раёны паўночна-заходняй Беларусі далучаны да генеральнай акругі “Літва”; на астатняй тэрыторыі ўтворана генеральная акруга “Беларусь”, якая складала каля 1/3 тэрыторыі БССР і падзялялася на 11 акруг;

усходняя частка Беларусі ўваходзіла ў склад тылу групы армій “Цэнтр”.

На акупіраваных тэрыторыях была створана новая сістэма ўлады. У рэйхскамісарыятах і генеральных акругах утваралася грамадзянская адміністрацыя. Вышэйшым органам улады ў генеральнай акрузе з’яўляўся генеральны камісарыят на чале з гаўляйтэрам (у генеральнай акрузе “Беларусь” гэтую пасаду займалі В. Кубэ (1941-1943), К. фон Готберг (1943-1944). Генеральныя акругі падзяляліся на акругі і раёны, дзе вярхоўная ўлада належала адпаведна гебітскамісарыятам і артскамісарыятам. У гарадах галоўнымі органамі ўлады станавіліся штатскамісарыяты. Адміністрацыйны апарат складаўся ў асноўным з нямецкіх грамадзянскіх служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў ствараліся гарадскія і раённыя ўправы на чале з начальнікам раёна або бургамістрам горада. У воласці прызначаліся валасныя старшыні, а ў вёсцы – старасты. Работу раённых, валасных упраў і стараст вёсак накіроўвалі і кантралявалі спецыяльна прызначаныя германскія чыноўнікі – “камісары”, “каменданты”, “зондэрфюрэры” і г.д.

У тыле армій “Цэнтр” адміністрацыйныя функцыі выконвалі армейскія палявыя і мясцовыя камендатуры, якія надзяляліся ўсёй паўнатой улады ў зоне сваёй дзейнасці. Пры іх дзейнічалі мясцовыя грамадзянскія ўлады.

Узброенай асновай акупацыйнага рэжыму з’яўляліся вайсковыя гарнізоны – ахоўныя дывізіі, а таксама каманды жандармерыі, групы тайнай палявой паліцыі, служба бяспекі СД. Асаблівае месца ў сістэме сілавых органаў нямецка-фашысцкага рэжыму мелі аператыўныя групы СС, якія непасрэдна падпарадкоўваліся ўладам ў Берліне; іх асноўныя функцыі палягалі ў правядзенні карных акцый і знішчэнні яўрэйскага насельніцтва. Дапаможную ролю ў падтрымцы акупацыйнага рэжыму мела паліцыя, створаная з мясцовых жыхароў. Агульная колькасць ваенна-паліцэйскіх сіл на тэрыторыі Беларусі дасягала 160 тыс. чалавек.

Палітыка германскіх улад на тэрыторыі Беларусі была накіравана на максімальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю ў ваенна-гаспадарчых мэтах. Акрамя таго ставілася задача стварэння ўмоў для паступовай германізацыі Беларусі і яе зліцця з “Трэцім рэйхам”. Напярэдадні вайны у Мінітэрстве акупіраваных зямель Германіі быў распрацаваны план “Ост”, у адпаведнасці з якім прадугледжвалася знішчэнне каля 25% насельніцтва Беларусі (перадусім яўрэяў), 25% - павінна было быць пераселена за Урал, астатняе насельніцтва меркавалася выкарыстоўваць у якасці рабочай сілы на месцы або ў Германіі.

Эканоміка беларускіх зямель была цалкам падпарадкавана германскімі ўладамі патрэбам вядзення вайны. Для кіравання эканомікай акупіраваных тэрыторый СССР у Берліне быў створаны спецыяльны штаб “Ост”, які ўяўляў з сябе шматлікія спецыяльныя гаспадарчыя каманды, інспекцыі, атрады для збору сродкаў вытворчасці, а таксама 17 спецыяльных дзяржаўных і прыватных кампаній. Гэтыя арганізацыі праводзілі рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтоўкі сыравіны, кіравалі дзейнасцю прамысловых прадпрыемстваў.

У перыяд германскай акупацыі на тэрыторыі Беларусі працавала каля 60 прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю рабочых звыш 30 чалавек, а таксама значная колькасць дробных і рамесна-саматужных прадпрыемстваў. Большасць асноўных прадпрыемстваў апынулася ў руках германскіх дзяржаўных і акцыянерных арганізацый. Адбывалася пераарыентацыя прамысловых прадпрыемстваў на выпуск прадукцыі ваеннага прызначэння. Аднак прамысловая вытворчасць знаходзілася ў крызіным стане з-за недахопу сыравіны і працоўнай сілы. Акупацыйныя ўлады ўвялі прымусовую працоўную мабілізацыю ў прамысловасці, абавязковы ўлік беспрацоўных на біржах працы. Матэрыяльнае становішча рабочых значна пагоршылася: працоўны дзень складаў 10-12 гадзін у суткі, частай з’явай з’яўляліся звышурочныя работы, зарплата была мізэрнай, адбываўся рост цэн, устанаўліваліся высокія падаткі для насельніцтва. У гарадах уводзілася картачная сістэма; распаўсюджваліся такія з’явы як голад і эпідэміі. Акупацыйныя ўлады дазвалялі дробнае прыватнае прадпрымальніцтва, аднак на практыцы яго рэалізацыя была абмежаванай.

У сельскай гаспадарцы ўсходняй Беларусі былі захаваны калгасы і саўгасы, якія перайменоўваліся ў абшчынныя гаспадаркі і дзяржаўныя маёнткі. Калгасная сістэма ўяўлялася больш прыдатнай для выкарыстання сельскагаспадарчых рэсурсаў. У заходняй частцы Беларусі нешматлікія калгасы, утвораныя ў 1939-1941 гг., былі распушчаны. Вярталіся землі і маёмасць, канфіскаваныя ў 1939-1941 гг., былым уласнікам (аднак на зямельныя ўладанні плошчай звыш 60 га права прыватнай уласнасці не аднаўлялася, былыя гаспадары лічыліся толькі адміністратарамі сваіх маёнткаў). У 1942-1943 гг. выдаваліся распараджэнні аб аднаўленні прыватнай уласнасці на зямлю ва ўсходняй Беларусі. Аднак на практыцы аднаасабных прыватных гаспадарак было створана мала. Сялянскія гападаркі былі абкладзены вялікімі натуральнымі і грашовымі падаткамі. Акупанты ў шырокіх маштабах праводзілі рэквізіцыі і адкрытае рабаванне сельскагаспадарчай прадукцыі. За невыкананне абавязковых паставак прадукцыі прадугледжваліся жорсткія пакаранні. Гэта прывяло да значнага падзення сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі.

У шырокіх маштабах гітлераўскія ўлады прымусова вывозілі мясцовае насельніцтва на рабскую працу ў Германію. У 1941-1944 гг. на прымусовыя работы было вывезена каля 380 тыс. чалавек.

Для застрашэння мясцовага насельніцтва і барацьбы з антыфашысцкім рухам акупацыйны рэжым праводзіў палітыку масавых рэпрэсій. На тэрыторыі Беларусі было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў, у якіх без суда і вызначэння тэрмінаў зняволення знаходзіліся дзесяткі тысяч чалавек. Яны падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі) і для цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, жаночыя лагеры, штрафныя лагеры). Яўрэйскае насельніцтва змяшчалася ў асобыя лагеры – гета. Найбольш цяжкім злачынствам нацызму стаў Халакост – масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва ў канцэнтрацыйных лагерах. Буйнейшым лагерам на тэрыторыі Беларусі з’яўляўся Трасцянец каля Мінска, у якім падчас акупацыі было знішчана 206,5 тыс. чалавек. Вялікія лагеры смерці былі створаны паблізу станцый Лясная і Бронная гара на Брэстчыне, Грэбенеўскі ў Магілёве, Баравуха каля Полацка.

У зонах актыўнага партызанскага руху нацысты праводзілі карныя экспедыцыі, якія суправаджаліся масавым знішчэннем насельніцтва і населеных пунктаў. На працягу 1941-1944 гг. было ажыццёўлена 140 карных экспедыцый, падчас якіх спалена разам з жыхарамі 628 вёсак. Усяго падчас акупацыі на тэрыторыі БССР загінула звыш 1 млн. 400 тыс. цывільнага насельніцтва і каля 810 тыс. ваеннапалонных.

У той жа час германскія цывільныя ўлады імкнуліся прыцягнуць на свой бок частку мясцовага насельніцтва. З гэтай мэтай заахвочвалася прыцягненне мясцовых жыхароў у адміністрацыйныя органы, аднаўлялася дзейнасць рэлігійных культавых устаноў, дазвалялася навуковая і культурная дзейнасць, арганізоўваліся беларускамоўныя школы (у генеральнай акрузе “Беларусь”).

Супрацоўніцтва насельніцтва акупіраваных тэрыторый з нямецка-фашысцкімі ўладамі атрымала назву калабарацыя. У яе межах існавалі розныя плыні. На тэрыторыі Беларусі найбольш значнай плынню з’яўлялася беларуская нацыянальная калабарацыя. Яна была прадстаўлена такімі арганізацыямі як Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі і інш. У іх удзельнічалі пераважна прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху, якія разлічвалі на стварэнне беларускай дзяржаўнасці пад пратэктаратам Германіі. У снежні 1943 г. з дазволу германскіх улад была створана Белаурская цэнтральная рада (БЦР) – прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый пры адміністрацыі генеральнай акругі “Беларусь” на чале з Радаславам Астроўскім. Беларускія калабаранты актыўна ўдзельнічалі ў фарміраванні паліцэйскіх батальёнаў і іншых вайсковых адзінак. У сакавіку 1944 г. па ініцыятыве БЦР была абвешчана прымусовая мабілізацыя насельніцтва ў генеральнай акрузе “Беларусь” у Беларускую краёвую абарону, якая выкарыстоўвалася германскімі ўладамі як дапаможнае войска. Усяго ў Беларускую краёвую абарону было прыцягнута каля 25 тыс. чалавек. Напярэдадні выгнання германскіх акупантаў беларускія калабаранты пад кантролем нямецкай адміністрацыі 27 чэрвеня 1944 г. правялі ў Мінску т.зв. “Другі Усебеларускі кангрэс”, які прыняў рэзалюцыі аб непрызнанні БССР і неправамоцнасці савецка-польскіх дагавораў, якія датычылі Беларусі.

Істотнай плынню ў межах калабарацыі з’яўлялася дзейнасць расійскіх прафашысцкіх арганізацый, якія ўтваралі вайсковыя адзінкі пераважна з ліку ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі: Руская вызваленчая народная армія, Руская нацыянальная народная армія і інш. Таксама на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі ўкраінскія, літоўскія, латышскія, казацкія, татарскія і іншыя калабаранцкія ваенна-паліцэйскія фарміраванні.

Такім чынам, на працягу 1941-1944 гг. на тэрыторыі Беларусі быў усталяваны нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым. Яго спецыфічнымі рысамі з’яўляліся скіраванасць на татальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю на патрэбы вядзення вайны, а таксама правядзенне масавых рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва, якія мелі характар генацыду.