Пачатак Другой сусветнай вайны. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР і БССР.

Выгнанне нямецка-фашысцкіх войск з тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гг.

Антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.

Пачатак Другой сусветнай вайны. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР і БССР.

І Вялікай Айчыннай вайны.

Тэма 21: Беларусь ва ўмовах Другой сусветнай

 

Пасля Першай сусветнай вайны барацьба паміж буйнейшымі дзяржавамі свету за сферы эканамічнага і ваенна-палітычнага ўплыву працягвалася. Асабліва яна абвастрылася пасля сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. Сярод еўрапейскіх дзяржаў найбольш агрэсіўны характар барацьба за геапалітычнае і эканамічнае лідэрства набыла з боку Германіі. З 1933 г. у гэтай дзяржаве складваўся таталітарны палітычны рэжым на чале з Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыяй, якую ўзначальваў Адольф Гітлер. Знешнепалітычнай мэтай дадзенага рэжыму было дасягненне Германіяй геапалітычнага панавання ў Еўропе (“Трэці рэйх”).

Напрыканцы 1930-х гг. у Еўропе склаліся тры асноўныя палітычныя блокі дзяржаў:

Германія, Італія і іх саюзнікі;

Англія, Францыя і іх саюзнікі;

СССР.

Удала выкарыстоўваючы міжнародныя супярэчнасці, нацысцкая Германія здолела на працягу 1938-1939 гг. далучыць да сваёй тэрыторыі Аўстрыю, Чэхію, Клайпедскі край Літвы.

23 жніўня 1939 г. Германія і СССР падпісалі дагавор аб узаемным ненападзенні, вядомы як “пакт Рыбентропа-Молатава”, названы так у адпаведнасці з прозвішчамі міністраў замежных спраў абедзвюх дзяржаў. Дагавор прадугледжваў, што Германія і СССР павінны ўстрымлівацца ад ўзаемных агрэсіўных дзеянняў і не падтрымліваць трэцюю краіну, калі адзін з удзельнікаў дагавора стане “аб'ектам ваенных дзеянняў” з яе боку. Разам з пактам аб ненападзенні быў падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, паводле якога размяжоўваліся сферы ўплыву ў Еўропе. У германскую “сферу інтарэсаў” адыходзілі Францыя, Брытанія і іх афрыканскія калоніі, некаторыя іншыя заходнееўрапейскія краіны, Літва; у савецкую – Фінляндыя, Эстонія, Латвія, частка Румыніі і некаторыя іншыя тэрыторыі. На тэрыторыі Польскай дзяржавы сферы ўплыву размяжоўваліся па лініі рэк Нарэў - Буг - Вісла - Сан. Фактычна дадзены дагавор стаў перадумовай для пачатку вайны Германіі супраць Польшчы.

1 верасня 1939 г. нацысцкая Германія распачала шырокамаштабныя баявыя дзеянні супраць Польшчы. Польскія ўлады разлічвалі на дапамогу Англіі і Францыі, з якімі яна знаходзілася ў ваенна-палітычным саюзе. 3 верасня 1939 г. Англія, Францыя і іх сатэліты аб’явілі вайну Германіі. Так пачалася Другая сусветная вайна 1939-1945 гг. Германскія ўзброеныя сілы мелі вялікую перавагу ў колькасці салдат і баявой тэхнікі, а таму, нягледзячы на ўпартае супраціўленне польскага войска, хутка прасоўваліся па тэрыторыі Польшчы. На працягу верасня 1939 г. яны занялі большую частку польскай тэрыторыі, у тым ліку частку Заходняй Беларусі: 13 верасня быў захоплены Брэст. Найбольш працяглыя баі разгарнуліся каля Варшавы, якая была занята 28 верасня. Англія і Францыя не аказалі Польшчы істотнай дапамогі.

17 верасня 1939 г. з усходу на тэрыторыю Польскай Рэспублікі ўступіла савецкая Чырвоная армія. Афіцыйна СССР не аб’яўляў вайны Польшчы; у дыпламатычнай ноце польскаму паслу было заяўлена, што польскай дзяржавы фактычна ўжо не існуе, а таму Чырвонай арміі аддадзены загад перайсці мяжу з Польшчай, каб “узяць пад апеку беларускае і ўкраінскае насельніцтва”. На тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ўступіла 470-тысячнае савецкае войска (да кастрычніка 1939 г. савецкія сілы налічвалі каля 1 млн. салдат). Прасоўванне Чырвонай арміі адбывалася хутка і амаль бесперашкодна. Паводле загаду Э. Рыдз-Сміглы, часткам польскай арміі прадпісвалася не аказваць супраціўлення савецкім войскам. Тым не менш у некаторых месцах адбыліся баі (найбольш значны каля Гродна). Савецкае войска ўзяла ў палон каля 250 тыс. салдат і афіцэраў. Усяго падчас паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну загінула па афіцыйных звестках 737 савецкіх салдат.

На пачатку кастрычніка 1939 г. польскія войскі канчаткова спынілі супраціўленне пад націскам германскай і савецкай армій. 25 верасня адбыўся сумесны парад савецкіх і германскіх войскаў у Брэсце. 28 верасня 1939 г. быў заключаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж Германіяй і СССР. Паводле яго, мяжа паміж абедзвюма краінамі ўстанаўлівалася па лініі рэк Піса – Нараў – Буг – Сан, г.зн. далей на ўсход ад той, што прадугледжвалася “пактам Рыбентропа – Молатава”. Узамен за гэта у прыкладзеным да дагавора сакрэтным пратаколе Германія адмаўлялася ад прэтэнзій на Літву, якая такім чынам пераходзіла ў савецкую зону ўплыву.

У выніку падзелу тэрыторыі Польскай дзяржавы Заходняя Беларусь апынулася пад кантролем Чырвонай арміі. Значная частка мясцовага насельніцтва прыхільна сустрэла яе прыход, як вызваленне ад польскай улады. У некаторых месцах, асабліва на Палессі, Чырвонай арміі дапамагалі партызанскія атрады, якія фарміраваліся з мясцовых жыхароў.

22 кастрычніка 1939 г. былі праведзены выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў вызначыць будучы дзяржаўна-палітычны лад краю. Выбары праходзілі на савецкі ўзор, з удзелам загадзя вылучаных безальтэрнатыўных кандыдатаў пад кантролем Чырвонай арміі. 28-30 кастрычніка 1939 г. гэты сход адбыўся ў Беластоку з удзелам 926 дэлегатаў. Народны сход прыняў дэкларацыі, у якіх абвяшчалася аб устанаўленні Савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і канфіскацыі памешчыцкіх зямель.

Сесіі Вярхоўных Саветаў СССР і БССР у лістападзе 1939 г. канчаткова замацавалі юрыдычнае ўваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР і СССР. 10 кастрычніка 1940 г. кіраўніцтва СССР прыняла рашэнне аб перадачы Вільні і прылеглай да яе тэрыторыі Літве у абмен на ўвядзенне на савецкіх войскаў на тэрыторыю гэтай дзяржавы. У канцы 1939 г. у Заходняй Беларусі было ўведзена савецкае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне і створана пяць абласцей (Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая). У выніку тэрыторыя БССР павялічылася са 125,5 да 225,7 тыс. кв.км, а насельніцтва – з 5 млн. 562 тыс. чалавек да 10 млн. 239 тыс.

Да канца 1940 г. у асноўным завяршылася фарміраванне органаў новай улады ў Заходняй Беларусі. Кіруючыя пасады займалі пераважна партыйныя работнікі з усходніх абласцей БССР і РСФСР. На працягу 1939-1941 гг. іх прыбыла ў Заходнюю Беларусь звыш 14 тыс. чалавек. Мясцовым кадрам, у тым ліку былым членам КПЗБ, аказваўся недавер. Да 1941 г. захоўвалася дэмаркацыйная лінія паміж усходняй і заходняй часткамі БССР. Станаўленне органаў новай улады суправаджалася складваннем у Заходняй Беларусі тых рыс таталітарнага рэжыму, які сфарміраваўся у СССР. Былі ліквідаваны ўсе некамуністычныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, незалежныя друкваныя выданні.

Палітыка бальшавіцкай улады ўключала ў сябе наступныя мерапрыемствы ў сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-культурнай галінах:

- нацыяналізацыя банкаў, буйной, сярэдняй і часткова дробнай прамысловасці;

- пачатак правядзення індустрыялізацыі савецкага ўзору (у 1940 г. аб’ём прамысловай прадукцыі Заходняй Беларусі павялічыўся у два разы ў параўнанні з 1938 г.);

- амаль поўная ліквідацыя беспрацоўя у выніку паскарэння прамысловага развіцця і накіравання часткі беспрацоўных на фабрыкі ўсходняй часткі БССР;

- канфіскацыя памешчыцкіх і асадніцкіх зямель і іх размеркаванне сярод бяднейшых сялян; пачатак стварэння калгасаў – на 1941 г. у калгасы было ўключана каля 7% сялянскіх гаспадарак;

- развіццё адукацыйнай і культурна-асветніцкай сферы (узрасла колькасць агульнаадукацыйных школ, адчынена 25 сярэдніх спецыяльных устаноў, 4 інстытуты, 5 драматычных тэатраў, 100 кінатэатраў і г.д.), барацьба з непісьменнасцю, беларусізацыя адукацыі.

Дадзеныя мерапрыемствы былі накіраваны ў значнай ступені на стварэнне значнай сацыяльнай базы бальшавіцкай улады сярод насельніцтва далучаных да БССР зямель. У той жа час таталітарныя метады кіравання выклікалі незадаволенасць часткі насельніцтва. На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі польскія падпольныя арганізацыі, якія не прызнавалі далучэння Заходняй Беларусі да СССР і падпарадкоўваліся эмігранцкаму польскаму ўраду ў Лондане.

Для барацьбы з антыўрадавай дзейнасцю і ўмацавання сваёй улады бальшавікі праводзілі палітыку рэпрэсій. Адбываліся частыя арышты былых дзяржаўных і палітычных дзеячаў, у тым ліку прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху. На працягу 1939-1941 гг. па палітычных матывах было рэпрэсіравана каля 42 тыс. чалавек. У сакавіку 1940 і чэрвені 1941 гг. былі праведзены масавыя расстрэлы палітзняволеных. У красавіку-маі 1940 гг. у лясным масіве Катынь каля Смаленска было расстраляна каля 4,4 тыс. ваеннапалонных польскіх афіцэраў; падобныя расстрэлы адбываліся і ў некаторых іншых мясцовасцях Расіі і Украіны.

У 1940-1941 гг. бальшавіцкія ўлады правялі 4 прымусовыя дэпартацыі пэўных груп заходнебеларускага насельніцтва ва ўсходнія рэгіёны СССР (Сібір, Казахстан, Далёкі Усход). Сярод выселеных былі пераважна былыя дзяржаўныя служачыя, памешчыкі, асаднікі, духавенства, “буржуазныя элементы”, заможныя сяляне. Усяго было дэпартавана звыш 100 тыс. чалавек.

Такім чынам, у выніку пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 г. землі Заходняй Беларусі былі далучаны да БССР і СССР. Фактычна ўся этнічная тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе аднаго дзяржаўнага ўтварэння. Заходняя Беларусь была ўключана ў савецкую дзяржаўна-палітычную і сацыяльна-эканамічную сістэму.